Гісторыя першага канцлагера ў цэнтры Менска




У гэтым роке, які ўжо ідзе на спад, сваё 95-рочча мог бы "святкаваць" першы Менскі канцэнтрацыйны лагер. Пра гэту карную ўстанову саромеліся пісаць гісторыкі, бо шараговы грамадзянін само слова "канцлагер" асацыюе з гітлераўскімі жахамі. Аднак не пра падзеі Другой сусветнай вайны пойдзе гаворка. За 20 рокаў да яе пачатку ў сталіцы Савецкай Беларусі запрацавала адна з "эфектыўных" вынаходак ХХ стагоддзя для "перавыхавання" грамадзян арганізацыі прымусовай працы і ўмацавання ўлады.

 

Звяртаючыся да гісторыі палітычных рэпрэсій, грамадскасць традыцыйна засяроджвае ўвагу на трагедыі 1930-х. У наступным, 2017 роке, акрамя 100-гадовых рэвалюцыйных юбілеяў, — 80-рочча велізарнай трагедыі народаў былога СССР, пік рэпрэсій, якія загубілі мільёны жыццяў. Аднак у цені крывавых 30-х засталіся малавядомымі, дрэнна вывучанымі 20-я рокі, калі быў запушчаны карны механізм. Рэпрэсіўная сістэма бальшавізму — гэта тая аснова, на якой у кароткі тэрмін вырасла і ўмацавалася савецкая ўлада.

 

Установы "новага тыпу" ствараліся ВЧК ужо ў самым пачатку грамадзянскай вайны. Канцэнтрацыйныя лагеры для ваеннапалонных існавалі падчас вайны ў ваюючых дзяржавах, але лагеры для цывільных - вынаходніцтва бальшавікоў. Савецкая ўлада практыкавала стварэнне лагераў на закрытых тэрыторыях кляштараў, вялікіх маёнткаў, колішніх фабрык і заводаў.

 

Канцлагер у кляштарных сценах

 

Менскі канцлагер быў арганізаваны ў цэнтры места, у былым кляштары бернардынцаў і касцёле Святога Язэпа. Цяпер там, адразу за Ратушай, размешчаны архіў і гатэльны комплекс "Манастырскі".

 

Будынак добра пасаваў для канцэнтрацыі несавецкіх элементаў. Ад жніўня да снежня 1920 року тут размяшчаўся перасыльны лагер для польскіх ваеннапалонных, з ліку якіх бальшавікі спрабавалі фармаваць чырвонаармейскія часткі. Задума правалілася. Як сведчаць зводкі ЧК, койданаўскія хлопцы Тадэвуш Станоўскі і Жорж Главацкі вывелі з канцлагера 200 палонных "палякаў" з 1-га кавалерыйскага палка "польскай чырвонай арміі", якія проста разышліся па хатах.

 

У канцы лістапада 1920 року на нарадзе прадстаўнікоў ЧК Беларусі, ваенных уладаў і Рэўваенсавета Заходняга фронту было вырашана пачаць канцлагернае будаўніцтва ў Менску. Для гэтага трэба было тэрмінова вызваліць будынак кляштара і перадаць памяшканне выключна лагеру.

 

Манахаў там, вядома, ужо не было, але іншыя пастаяльцы кляштара — харчовыя часткі 14-й брыгады 2-й дывізіі, павятовы менскі ваенкамат — не спяшаліся з перасяленнем. Пісьмовы загад начальніка гарадской міліцыі Станіслава Мертэнса (ён больш вядомы як муж Веры Харужай, які ў 1936 роке напісаў на яе данос) паскорыў працэс. У дакуменце было асобна адзначана, што ў Беларусі "…ёсць вялікі кантынгент прысуджаных да лагернага зняволення, і іх працу можна неадкладна выкарыстоўваць".

 

 

Разлік на тысячу зняволеных

 

Пасля атрымання дырэктываў праца па арганізацыі лагера закіпела. Ужо 2 лютага загадчык Мінканцлагера, нехта Восіпаў В.Ф., просіць "у тэрміновым парадку адпусціць 400 сажняў калючага дроту для ўладкавання вакол двара лагера калючай агароджы", рассылае патрабаванні на бляшаныя бакі і бляшаныя кубкі для вады на 1000 чалавек (!), бочкі, чарпакі і іншы посуд. У гаспадарцы патрэбныя былі сякеры, лямпы, сані і г.д. З усяго горада збіралі водаправодчыкаў, шкляроў, печнікоў. Лагернаму кіраўніцтву прыйшлося звяртацца ў Рабкрын (рабоча-сялянская інспекцыя) па дазвол наняць майстроў па свабоднай цане. Рынак наогул, як і рынак рабочай сілы, быў забаронены. Не прайшло і месяца, як на ўваходзе ў лагер была пастаўленая каравульная будка. Запрацавала лазня, неабходная ў барацьбе з тыфознымі вошамі.

 

Пакуль ішлі работы па ўладкаванні тэрыторыі, канцылярыю лагера і першых зняволеных вырашана было размясціць у былой пажарнай каланчы. Камісія ў складзе прадстаўнікоў "аддзела прымусработ Восіпава, наркамата ўнутраных спраў Келера, камітэта па дзяржаўных збудаваннях Тагера, рабоча-сялянскай інспекцыі Фадзімана агледзелі будынак былой каланчы на рагу Петрапаўлаўскай і Хрышчэнскай вуліц на прадмет прыстасавання яго для размяшчэння першай партыі асуджаных для адбыцця пакарання ў канцэнтрацыйным лагеры". Яшчэ да наваселля ў будынку было вырашана паставіць новыя дзверы, абсталяваць пякарню, скласці лазневую печ на 30 чалавек, мыльную забяспечыць начоўкамі і распачаць выраб тапчаноў.

 

Лагер пачаў функцыянаваць 2 сакавіка. Ужо ў маі там налічвалася 125 чалавек. На 4 ліпеня — 155; 8 ліпеня — 170, 21 жніўня — ужо 356 чалавек. На 17 снежня 1921 року — 155 мужчын і 32 жанчыны. Колькасць так рэзка зменшылася, бо ўвосень 1921 рок адбыўся масавы вываз асуджаных у маскалёўскія лагеры, першапачаткова ў наўгародскі.

 

Скора лагер стаў месцам утрымання закладнікаў, якіх пераводзілі з маскалёўскіх канцэнтрацыйных лагераў і рыхтавалі для абмену на актывістаў камуністычных і левых партый на Захадзе. Прыдатныя кандыдатуры падбіралі і ў Беларусі — прадстаўнікі дваранства, каталіцкага духавенства, польскіх грамадскіх арганізацый, афіцэры і агенты польскіх спецслужбаў. З Яраслаўскага палітычнага ізалятара, Бутырскай турмы ў Менскі канцлагер везлі групы асоб, прызначаных для абмену. Ксёндз Іосіф Александровіч адкрываў яраслаўскі спіс.

 

Жаночае аддзяленне

 

У кастрычніку 1921 року ў лагеры з'явілася спецыяльнае жаночае аддзяленне. Хоць жанчыны паступалі з самага адкрыцця лагера, з лета нярэдкімі былі зняволеныя з дзецьмі. Яшчэ ў сакавіку было прынята рашэнне збудаваць "жаночы рэтырад у двары на 4 ачкі". Па "ачках" можна здагадацца, якое збудаванне запланавала камісія. Яма пад "рэтырад" была ўжо гатовая.

 

Склад жанчын-зняволеных у менскіх турмах да пачатку 1920-х кардынальна памяняўся. Калі раней гэта былі ў большасці зладзейкі, прастытуткі, гаспадыні прытонаў, дык цяпер, па сведчанні наглядчыка, "дамы пайшлі культурныя". Усе гэтыя "дамы" апынуліся ў лагеры па палітычных матывах. У перыяд, які разглядаецца, хваля арыштаў жанчын была на ўздыме. Арышт жанчыны, па сутнасці, азначаў разгром сям'і…

 

Пабудова канцлагернага сацыялізму

 

У рапарце на імя наркама ўнутраных спраў камендант канцлагера наракаў на цяжкасці з уладкаваннем гаспадаркі падпарадкаванай яму ўстановы. Дэфіцыт цвікоў, электраправодкі, лямпачак і іншых неабходных рэчаў прымушаў Восіпава абіваць парогі ЧК у надзеі атрымаць што-небудзь з рэквізаванага ў грамадзян дабра, стукацца ў вайсковыя кабінеты, асабліва забеспячэнскія, самыя багатыя на той момант. Усе выдаткі і інвестыцыі акупяцца і абяцаюць немалыя выгады, запэўніваў начальства высокіх кабінетаў Восіпаў. "Паралельна з клопатамі аб хутчэйшым абсталяванні лагера, — маляваў ён прывабную карціну будучыні, - я пачаў рыхтаваць глебу для арганізацыі майстэрняў: 1) кравецкай, 2) шавецкай, 3) кравецка-рамонтнай. Майстэрні гэтыя я планую выкарыстоўваць выключна на забеспячэнне Чырвонай Арміі", — абяцаў камендант, вылучыўшы апошнюю фразу рапарта вялікімі літарамі.

 

Відаць па ўсім, Восіпаў быў на сваім месцы і відавочна не без арганізатарскіх талентаў. Не прайшло і двух тыдняў, як часткова былі вырашаныя праблемы з транспартам: у лагер паступіла сем "карослівых коней", спісаных з вайсковых частак і ветлазарэта. Вайсковае начальства таксама адчула свой інтарэс. Надзвычайны ўпаўнаважаны Савета абароны дамовіўся з камендантам на пашыў абмундзіравання і выраб абутку для голых і разутых чырвонаармейцаў. Для лагернай майстэрні вайсковыя забеспячэнцы вылучылі 20 швейных машын і сёе-тое з шавецкага рыштунку. Акрамя таго, упаўнаважаны не пашкадаваў 2 тысячы пудоў "рыззя-адзення", якое пасля "дэзынфекцыі і дбайнага сартавання павінна паступіць у папраўку". Восіпаў паціраў рукі перад захапляльнай перспектывай лагернай вытворчасці "з велічэзнай прадукцыйнасцю" жаночай, у асноўным, працы. "Падрабязны план выкарыстання рабсілы ў майстэрнях будзе падрыхтаваны пасля арганізацыі такіх", — запэўнівала яго тлумачальная запіска на палях рапарта. Аб нормах выпрацоўкі і "тэхналогіях вытворчасці" адміністрацыя лагера запытвалася ў адпаведных наркаматах. Лагерных тэхнолагаў кансультавалі спецыялісты з аб'яднанняў Белскура і Беладзенне. Краўчыха-зняволеная павінна была пашыць за дзень (8 гадзін) 4 камплекты летняга абмундзіравання або сподняй бялізны 3 з паловай камплекты.

 

Малая Сляпянка - маёнтак ЧК

 

Нявольнікі лагера дзяліліся на групы: з правам вываду на знешнія працы і без права выхаду за калючы дрот. Асуджаныя па палітычных артыкулах у асноўным былі пазбаўленыя магчымасці працаваць за межамі лагера і занятыя былі ў майстэрнях. Тыя ж, хто выходзіў пад канвоем за тэрыторыю ў вялікіх і малых групах, давалі падпіску пра кругавую паруку. За ўцёкі аднаго з групы каралі ўсіх.

 

Больш як траціна зняволеных была занятая на сельгасработах у маёнтку Малая Сляпянка. Дамова аб арэндзе маёнтка была падпісаная з павятовым зямельным аддзелам 11 сакавіка 1921 року на тры рока. Для наркамата ўнутраных спраў арганізатары лагера падрыхтавалі грунтоўны даклад аб неабходнасці выдзялення кавалка зямлі для вытворчасці сельгаспрадукцыі ў першую чаргу для сваіх патрэб. Падбіраліся надзелы недалёка ад места па прычыне недахопу канваіраў. Маёнтак знаходзіўся за 3 кіламетры ад тагачаснай мяжы Менска (паблізу цяперашняй Нацыянальнай бібліятэкі), пры Волменскім і Барысаўскім гасцінцах. 14 сакавіка Менскі ўземаддзел выдзеліў канцлагеру ў апрацоўку 150 дзесяцін зямлі з маёнтка Малая Сляпянка і Хітрова.

 

Дакумент перадае тое пачуццё глыбокага задавальнення, з якім новыя гаспадары апісвалі былыя ўладанні памешчыка Паўла Хітрова. Малая Сляпянка прыцягнула ўвагу сілавікоў "добрым абсталяваннем, …шырокімі жылымі і нежылымі памяшканнямі…", два флігелі і пяць драўляных дамоў былі ў нядрэнным стане, іх вырашана было выкарыстоўваць пад кватэры арыштаваных і канвою. "Фруктовы сад (400 дрэў) вельмі закінуты, — адзначыла камісія. — Панскі дом размешчаны вельмі маляўніча на вяршыні пагорка сярод запушчанага саду і парку, ён мае патрэбу ў капітальным рамонце", — апісваў прыгажосць і праблемы маёнтка новы кіраўнік, нехта Ткачэвіч. Было вырашана часу не губляць, "25-30 чалавек арыштаваных канцлагера пачнуць працы пад наглядам спецыяліста". Асноўныя кірункі сельгасвытворчасці былі вызначаны адразу: агародніцтва, птушкагадоўля, свінагадоўля, жывёлагадоўля і трусагадоўля.

 

У жніўні 1921 г. на палях і агародах маёнтка працавала 679 чалавек.

 

Энкавэдыстаў прэміравалі бульбай

 

Восенню ў маёнтку Менскага канцлагера сабралі добры ўраджай. Каб падзяліць агуркі, капусту і іншую гародніну, вырашчаную працаю зняволеных, 26 верасня засядала спецыяльная камісія з прадстаўнікоў аддзела прымусовых работ, міліцыі, наркамата харчавання, арміі. Палічылі — і "пусцілі слязу": пасля абавязковых паставак і кампенсацыі харчовага падатку заставалася зусім няшмат. Затое ў вялікай колькасці сабралі бульбы. Бульбай было вырашана прэміраваць супрацоўнікаў НКВД, якія, як абвяшчае пратакол, "панеслі асаблівыя працы па арганізацыі і апрацоўцы маёнтка". Яшчэ адна спецыяльная камісія павінна была размеркаваць 200 пудоў бульбы. Да пратакола прыклалі спіс тых, хто асабліва адзначыўся на гэтых "сельгаспрацах". Наглядчыкі таксама галадалі і прасілі выдзеліць ім пайкі.

 

Адміністрацыя лагера адзначыла "выдатную працу зняволеных", хоць некаторыя "зусім голыя і босыя". І галодныя. Норма харчавання зняволенага лагера на ліпень 1921 року складала: хлеба — 1 фунт (0,4 кг), крупаў — 32 залатнікі (1 залатнік — 4,25 г), мукі падкалотнай 1 і 3/5 фунта, тлушчу — 4 і 4 / 5 залатніка, цукру — 1 фунт, гарбаты — 1/5 залатніка. Нормы былі і на соль, перац, лаўровы ліст. Усё ў разліку на месяц! Няцяжка палічыць, што гэта вельмі мала. Досвед лагернага перавыхавання сведчыць, што пры наяўнасці адпаведных умоў ператварэнне ўчорашняга мяцежніка ў раба адбываецца вельмі хутка.

 

У верасні кіраўніцтва лагера падвяло некаторыя вынікі кіпучай працы. На прадпрыемствах і ўстановах лагера, у маёнтку М. Сляпянка было занята 13730 чалавек. (Зняволеныя Менскай турмы таксама прыцягваліся.) У лагеры былі арганізаваны цяслярная, кравецкая, кавальская, шавецкая майстэрні і асобна пры маёнтку — рымарская, кавальская, бляшаная. Частку ўраджаю вырашана было абмяняць на неабходныя інструменты. За пераносны горан і кавадла грамадзяніну Пазняку аддалі 28 пудоў бульбы, 10 пудоў капусты, 5 пудоў бручкі і пуд морквы.

 

Да надыходу халадоў планавалі абнесці плотам маёнтак, зашкліць памяшканні, перанесці катлы, прызначаныя для гатавання ежы вязням, у адрамантаваныя дамы, перакласці печы. Уладкоўваліся надоўга, патрэба ў дармавой працоўнай сіле была велізарнай.

 

…і сумачка жонкі наркама

 

Менск імкліва бюракратызаваўся. Па разнарадцы зняволеных на працы можна скласці спіс устаноў места, колькасць якіх здзіўляе. Практычна ўсе ўстановы рэспубліканскай улады падавалі заяўкі: у першую чаргу ўсе аддзелы Цэнтральнага дома камунальнай гаспадаркі (Камгаса), усе партыйныя структуры ад Цэнтральнага Бюро да раённых аддзелаў, Саўнаркам, галіновыя наркаматы, вядома, ЧК і НКВД, штаб асаблівага прызначэння Рэсбел, Працоўна-сялянская інспекцыя.

 

Доўгім быў спіс гарадскіх устаноў і прадпрыемстваў: гарвыканкам, працоўная арцель "Ластаўка", серабранскі раённы клуб, Дом адпачынку №1, дзіцячы дом-камуна №2, Меская камісія дапамогі галадаючым, электрастанцыя, Белторф, Белкустпрам, 1-я бел. працоўная арцель, маскалёўска-ўкраінская мірная дэлегацыя і інш.

 

Ва ўстановах адзначаліся выпадкі крадзяжу вязнямі, якія працавалі там па разнарадцы. Асабліва кіраўніцтва лагера адзначыла крадзеж сумачкі ў канцылярыі Жансавета. Радыкюля пазбавілася (страшна сказаць!) пракурор Соф'я Шамардзіна, жонка наркама ўнутраных спраў Язэпа Адамовіча, перад якім дрыжала лагернае начальства.

 

"Рабін Капялевіч ладзіць бурныя малебны"

 

Хто сядзеў? У лагер траплялі як за канкрэтную "віну" перад новай уладай, так і проста "падазроныя". Так, "Іваноўская Марыя Іосіфаўна, паступіла ў лагер 13 ліпеня 1921 рока., 23 рока, дваранка, паходзіць з вёскі Суднікі Койданаўскай воласці. Беларуска, каталічка, мае хатнюю адукацыю. Арыштаваная як падазроная. Выпіска з прысуду рэўтрыбунала ад 7 ліпеня 1921 рока. Заключыць у канцлагер як падазроную на 1 рок".

 

Заклапаціўшыся "рацыянальным выкарыстаннем працы зняволеных" (цытата з рапарта), камендант Восіпаў прапанаваў наркаму ўнутраных спраў ССРБ, згаданаму Адамовічу, сваю кваліфікацыю працоўнай сілы нявольнікаў, структураваўшы іх па артыкулах КК. "…Зняволеных, — з энтузіязмам рапартаваў ён, — можна смела падзяліць на 4 асноўныя групы: 1) прафспекулянтаў, бандытаў, к/р (контррэвалюцыянераў — аўт.) і закладнікаў, 2) савсупрацоўнікаў, асуджаных за сабатаж, злачынства па пасадзе і інш., 3) кваліфікаваных рабочых і 4) работнікаў зямлі". Першую групу начальнік лагера прапаноўваў "кінуць усю цалкам на цяжкія фізічныя працы", каб не заставалася ні часу, ні сіл на барацьбу з рэжымам. Другая — па абставінах (свае ўсё-такі). Трэцяй групе прадпісвалася праца ў майстэрнях. Чацвёртую "я меркаваў бы выкарыстоўваць у яе звыклай абстаноўцы" — па-гаспадарску распараджаўся новымі рабамі начальнік. Пазней лагерны кантынгент папоўніўся "нэпманамі", крымінальнікамі-рэцыдывістамі, савецкімі апаратчыкамі, асуджанымі за растрату, вайскоўцамі і нават службоўцамі асобых частак ЧК, якія прадавалі "сакрэты" замежным шпіёнам.

 

Восіпаў забыўся згадаць маленькую групу святароў. Слуцкія праваслаўныя, ігуменскія каталіцкія служкі Бога, прадстаўнікі іншых канфесій перыядычна аказваліся ў былым кляштары. "Рабін Капялевіч, — скардзіліся наглядчыкі, — збірае цэлы натоўп зняволеных і ладзіць бурныя малебны". Пасля чаго з'явілася забарона маліцца каму б там ні было.

 

Паўстанцы і іх укрывальнікі

 

Лагерны кантынгент у Менску меў сваю спецыфіку. Контррэвалюцыянеры — балахоўцы, зеленадубцы, савінкаўцы, партызаны шматлікіх антысавецкіх атрадаў Караткевіча, Моніча, Хвядашчэні і іншых сялянскіх важакоў — засялілі былыя манаскія келлі. Шарагоўцы арміі Булак-Балаховіча (напрыклад, 40-рочны Сямён Тушынскі з Мазыршчыны), маладыя хлопцы з Прусінава Менскага павета Міхаіл Каралецкі і Іосіф Луцэвіч ужо ў ліпені паступілі ў лагер. Паўгода балахоўцаў дапытвалі ў падвалах ЧК.

 

У канцы жніўня 1921 року абрынуліся планы антысавецкіх арганізацый на ўсеагульнае паўстанне. Тэрыторыяй, дзе павінны былі разгарнуцца баі, меркавалася Меншчына. Ігуменскі павет разглядаўся як калідор для паходу на Маскву. У верасні 1921 року дзясяткі зеленадубцаў і савінкаўцаў, арыштаваных у Менску пасля правалу менскага антысавецкага падполля, папоўнілі шэрагі зняволеных як у турме, так і ў лагеры. Прадстаўнікі літаральна ўсіх мескіх слаёў, творчай інтэлігенцыі вымушаныя былі працаваць у майстэрнях, на фермах і гародах лагера.

 

Практычна ўся Ігуменская арганізацыя Народнага саюза абароны Радзімы і Свабоды (НСЗР ІС), у большасці служачыя мескіх устаноў, таксама апынулася ў менскіх месцах зняволення. Памешчыца Алена Іётка была зняволена ў келлі кляштара "за ўкрывальніцтва бандытаў" у сваім маёнтку ў вёсцы Волма. Асноўныя фігуры ігуменскага падполля, камандзіры Паўночна-Менскай паўстанцкай партызанскай брыгады і іх сваякі, паступілі ў лагер пасля шматмесячнага знаходжання ў падвалах ЧК і на турэмных нарах. Іван Урбановіч быў арыштаваны за арганізацыю ўцёкаў дачкі Вольгі і зяця, вядомага арганізатара партызанскіх аддзелаў Міхаіла Жылінскага. У лагеры апынулася жонка кіраўніка партызанскага аб'яднання каравокая рабаціністая (дае яе партрэт турэмная анкета) сялянка з вёскі Курганы Ігуменскага павета Антаніна Лабукова. Яе муж, Гаўрыла Кіруцін, хлопец іх Ардатаўскага павета Ніжагародскай губерні, вядомы баявік, узяў прозвішча жонкі ў якасці атаманскага псеўданіма. Маленькая малапісьменная 28-рочная сялянка была асуджаная выязной сесіяй рэвваентрыбуналу 4-й Смаленскай дывізіі. "За дапамогу" агенту НСЗРіС Лабукову пацярпела і мінчанка Аляксандра Сакалова. 52-рочная ўдава, сівая, у зморшчынах, як апісвае бедную жанчыну архіўная турэмная справа, паступіла ў лагер, больш за год адмучыўшыся ў ЧК і турме. Рэвтрыбунал "знайшоў, што Сакалова ў жніўні 1921 року прыняла і схавала ў сябе на кватэры агента, ён жа начальнік Паўночна-Менскай групы партызанскіх аддзелаў Лабукоў-Кіруцін, ведаючы аб прыналежнасці яго да гэтай арганізацыі".

 

Як у турме, так і ў лагеры назіралася вялікая канцэнтрацыя жыхароў Случчыны. Складаецца ўражанне, што ўлада актыўна зачышчала мяцежны павет пасля паўстання 1920 рока.

 

Большасць арыштантаў выклікала пэўную цікавасць як адукаваныя кампетэнтныя спецыялісты. У справах зняволеных была нават графа "майстэрства". Людзі пісалі пра сябе рознае: краўчыха, электрык, шавец і нават "універсал", як вызначыў свае таленты Ян Валійскі, асуджаны за ўкрывальніцтва разведчыцы "Зялёнага дуба" Ганны Доўгерд.

 

Пасля вынясення прысуду доктару, вядомаму ў Менску псіхіятру Сямёну Валачковічу, наркамат аховы здароўя закідаў ЧК просьбамі дазволіць лекару выходзіць на працы за межы лагера, у мескую лякарню. На тую акалічнасць, што Валачковіч быў сваяком атамана Дзергача і жыў у доме Адамовічаў пасля ад'езду іх у Польшчу, уладам давялося заплюшчыць вочы.

 

Паабяцаў намаляваць Троцкага і ўцёк

 

За ўцёкі ў першы раз уводзілася павелічэнне тэрміну зняволення ў дзесяць разоў, а за другія Рэвалюцыйны трыбунал меў права ўжыць расстрэл. Але з лагера беглі ўсё адно. Лягчэй за ўсё было арганізаваць уцёкі, калі група зняволеных выводзілася на працы ў места. Канваір па вяртанні мог саступіць просьбам пастаянна галодных арыштантаў і дазволіць схадзіць на базар купіць ежы. У прыцемках часта вярталіся 9 чалавек з 10.

 

Цікавая гісторыя апісваецца ў рапарце каменданта лагера ад 3 ліпеня 1921 року. Малады менчук-зняволены Самуіл Міндлін падахвоціўся намаляваць партрэты Леніна і Троцкага для лагернага клуба. Па дарозе ў Культкамісію па пэндзлі і фарбы "мастак" збег. Пасля ўцёкаў Міндліна ў лагеры рэжым стаў больш жорсткім: увялі праверку перапіскі, ператрусы пасля вываду на працу і вяртання ў лагер. Па прычыне малой колькасці аховы, вязняў, схільных да ўцёкаў, перавялі ў ДОПР. Камендант лагера звярнуўся ў НКВД з просьбай памяняць вартавую каманду канцлагера, бо паміж наглядчыкамі і зняволенымі нарадзіліся "амаль роднасныя адносіны", таму пачасціліся ўцёкі. Беглі і жанчыны, асабліва тыя, хто воляю лёсу з маскалёўскіх губерняў апынуўся ў Беларусі. Беглі ў стане крайняга адчаю, псіхічнага засмучэння. Лёс жанчын у лагеры быў вельмі незайздросным, вельмі ўразлівым. Суцяшала толькі тая акалічнасць, што тэрміны былі параўнальна невялікімі. Цяжарных "за адсутнасцю належных гігіенічных умоваў" адпускалі дадому. Амністыя да 8 Сакавіка давала надзею многім жанчынам датэрмінова апынуцца на волі.

 

Сістэма прымусовай працы ў 1918-1922 рр. стала, па сутнасці, адной з асноў новага савецкага грамадства. Ленінскі ўрад планамерна насаджае сістэму прымусовай працы. Менскі лагер — толькі адзін у павуцінні дагулагаўскай прымусовай сістэмы працы. У працах Леніна дастаткова выказванняў "аб карысці" канцлагераў. Канцлагер з 1922 рока называўся ўжо лагерам прымусовай працы. Ён не быў такім жудасным, як гулагаўскія лагеры, аднак падобныя ўстановы — іх родапачынальнікі.

 

Паўстанцы і людзі з вышэйшай адукацыяй

 

Пра кантынгент вязняў можна меркаваць з пратакола пасяджэння Калегіі ЧК Беларусі ад 30 кастрычніка 1921 рока, у якім ёсць спіс асуджаных на год канцлагера.

 

• Сцяпан Тэраўскі, Менск, 55 рокаў

• Зінаіда Кароль, Слуцк, 20 рокаў

• Марыя Ківула, Слуцк, 20 рокаў

• Рыгор Канстанцінаў, Херсонская губ., 45 рокаў

• Андрэй Бялевіч, Петраград, былы дваранін, прапаршчык старой арміі, 29 рокаў

• Леанід Вячорка, Слуцк, 28 рокаў, сын святара, адукацыя вышэйшая

• Васіль Тышкевіч, Слуцк, 26 рокаў, электрамеханік

• Пятро Багдашын, Слуцк, 32 рока, скончыў універсітэт у Кіеве

• Аляксандр Дзятловіч, Какорычы (Случчына), паручнік старой арміі, 27 рокаў

• Надзея Белагаловік, Слуцк, 34 рокаў а, абвінавачана за ўдзел у падпольнай антысавецкай арганізацыі і шпіянаж

 

Лагерныя могілкі

 

Паводле ўскосных звестак, пры сценах цяперашняй гасцініцы "Манастырская" знаходзяцца шматлікія пахаванні вязняў. У дакументах сустракаецца назва месца апошняга іх прытулку — могілкі "Брацкія", шматзначная назва.

 

Ніна Стужынская

 

"Наша Ніва", 24 сьнежня 2016 р.

У гэтым роке, які ўжо ідзе на спад, сваё 95-рочча мог бы "святкаваць" першы Менскі канцэнтрацыйны лагер. Пра гэту карную ўстанову саромеліся пісаць гісторыкі, бо шараговы грамадзянін само слова "канцлагер" асацыюе з гітлераўскімі жахамі. Аднак не пра падзеі Другой сусветнай вайны пойдзе гаворка. За 20 рокаў да яе пачатку ў сталіцы Савецкай Беларусі запрацавала адна з "эфектыўных" вынаходак ХХ стагоддзя для "перавыхавання" грамадзян арганізацыі прымусовай працы і ўмацавання ўлады.
Звяртаючыся да гісторыі палітычных рэпрэсій, грамадскасць традыцыйна засяроджвае ўвагу на трагедыі 1930-х. У наступным, 2017 роке, акрамя 100-гадовых рэвалюцыйных юбілеяў, — 80-рочча велізарнай трагедыі народаў былога СССР, пік рэпрэсій, якія загубілі мільёны жыццяў. Аднак у цені крывавых 30-х засталіся малавядомымі, дрэнна вывучанымі 20-я рокі, калі быў запушчаны карны механізм. Рэпрэсіўная сістэма бальшавізму — гэта тая аснова, на якой у кароткі тэрмін вырасла і ўмацавалася савецкая ўлада.
Установы "новага тыпу" ствараліся ВЧК ужо ў самым пачатку грамадзянскай вайны. Канцэнтрацыйныя лагеры для ваеннапалонных існавалі падчас вайны ў ваюючых дзяржавах, але лагеры для цывільных - вынаходніцтва бальшавікоў. Савецкая ўлада практыкавала стварэнне лагераў на закрытых тэрыторыях кляштараў, вялікіх маёнткаў, колішніх фабрык і заводаў.
Канцлагер у кляштарных сценах
Менскі канцлагер быў арганізаваны ў цэнтры места, у былым кляштары бернардынцаў і касцёле Святога Язэпа. Цяпер там, адразу за Ратушай, размешчаны архіў і гатэльны комплекс "Манастырскі".
Будынак добра пасаваў для канцэнтрацыі несавецкіх элементаў. Ад жніўня да снежня 1920 року тут размяшчаўся перасыльны лагер для польскіх ваеннапалонных, з ліку якіх бальшавікі спрабавалі фармаваць чырвонаармейскія часткі. Задума правалілася. Як сведчаць зводкі ЧК, койданаўскія хлопцы Тадэвуш Станоўскі і Жорж Главацкі вывелі з канцлагера 200 палонных "палякаў" з 1-га кавалерыйскага палка "польскай чырвонай арміі", якія проста разышліся па хатах.
У канцы лістапада 1920 року на нарадзе прадстаўнікоў ЧК Беларусі, ваенных уладаў і Рэўваенсавета Заходняга фронту было вырашана пачаць канцлагернае будаўніцтва ў Менску. Для гэтага трэба было тэрмінова вызваліць будынак кляштара і перадаць памяшканне выключна лагеру.
Манахаў там, вядома, ужо не было, але іншыя пастаяльцы кляштара — харчовыя часткі 14-й брыгады 2-й дывізіі, павятовы менскі ваенкамат — не спяшаліся з перасяленнем. Пісьмовы загад начальніка гарадской міліцыі Станіслава Мертэнса (ён больш вядомы як муж Веры Харужай, які ў 1936 роке напісаў на яе данос) паскорыў працэс. У дакуменце было асобна адзначана, што ў Беларусі "…ёсць вялікі кантынгент прысуджаных да лагернага зняволення, і іх працу можна неадкладна выкарыстоўваць".
Разлік на тысячу зняволеных
Пасля атрымання дырэктываў праца па арганізацыі лагера закіпела. Ужо 2 лютага загадчык Мінканцлагера, нехта Восіпаў В.Ф., просіць "у тэрміновым парадку адпусціць 400 сажняў калючага дроту для ўладкавання вакол двара лагера калючай агароджы", рассылае патрабаванні на бляшаныя бакі і бляшаныя кубкі для вады на 1000 чалавек (!), бочкі, чарпакі і іншы посуд. У гаспадарцы патрэбныя былі сякеры, лямпы, сані і г.д. З усяго горада збіралі водаправодчыкаў, шкляроў, печнікоў. Лагернаму кіраўніцтву прыйшлося звяртацца ў Рабкрын (рабоча-сялянская інспекцыя) па дазвол наняць майстроў па свабоднай цане. Рынак наогул, як і рынак рабочай сілы, быў забаронены. Не прайшло і месяца, як на ўваходзе ў лагер была пастаўленая каравульная будка. Запрацавала лазня, неабходная ў барацьбе з тыфознымі вошамі.
Пакуль ішлі работы па ўладкаванні тэрыторыі, канцылярыю лагера і першых зняволеных вырашана было размясціць у былой пажарнай каланчы. Камісія ў складзе прадстаўнікоў "аддзела прымусработ Восіпава, наркамата ўнутраных спраў Келера, камітэта па дзяржаўных збудаваннях Тагера, рабоча-сялянскай інспекцыі Фадзімана агледзелі будынак былой каланчы на рагу Петрапаўлаўскай і Хрышчэнскай вуліц на прадмет прыстасавання яго для размяшчэння першай партыі асуджаных для адбыцця пакарання ў канцэнтрацыйным лагеры". Яшчэ да наваселля ў будынку было вырашана паставіць новыя дзверы, абсталяваць пякарню, скласці лазневую печ на 30 чалавек, мыльную забяспечыць начоўкамі і распачаць выраб тапчаноў.
Лагер пачаў функцыянаваць 2 сакавіка. Ужо ў маі там налічвалася 125 чалавек. На 4 ліпеня - 155; 8 ліпеня - 170, 21 жніўня - ужо 356 чалавек. На 17 снежня 1921 року - 155 мужчын і 32 жанчыны. Колькасць так рэзка зменшылася, бо ўвосень 1921 рок адбыўся масавы вываз асуджаных у маскалёўскія лагеры, першапачаткова ў наўгародскі.
Скора лагер стаў месцам утрымання закладнікаў, якіх пераводзілі з маскалёўскіх канцэнтрацыйных лагераў і рыхтавалі для абмену на актывістаў камуністычных і левых партый на Захадзе. Прыдатныя кандыдатуры падбіралі і ў Беларусі - прадстаўнікі дваранства, каталіцкага духавенства, польскіх грамадскіх арганізацый, афіцэры і агенты польскіх спецслужбаў. З Яраслаўскага палітычнага ізалятара, Бутырскай турмы ў Менскі канцлагер везлі групы асоб, прызначаных для абмену. Ксёндз Іосіф Александровіч адкрываў яраслаўскі спіс.
Жаночае аддзяленне
У кастрычніку 1921 року ў лагеры з'явілася спецыяльнае жаночае аддзяленне. Хоць жанчыны паступалі з самага адкрыцця лагера, з лета нярэдкімі былі зняволеныя з дзецьмі. Яшчэ ў сакавіку было прынята рашэнне збудаваць "жаночы рэтырад у двары на 4 ачкі". Па "ачках" можна здагадацца, якое збудаванне запланавала камісія. Яма пад "рэтырад" была ўжо гатовая.
Склад жанчын-зняволеных у менскіх турмах да пачатку 1920-х кардынальна памяняўся. Калі раней гэта былі ў большасці зладзейкі, прастытуткі, гаспадыні прытонаў, дык цяпер, па сведчанні наглядчыка, "дамы пайшлі культурныя". Усе гэтыя "дамы" апынуліся ў лагеры па палітычных матывах. У перыяд, які разглядаецца, хваля арыштаў жанчын была на ўздыме. Арышт жанчыны, па сутнасці, азначаў разгром сям'і…
Пабудова канцлагернага сацыялізму
У рапарце на імя наркама ўнутраных спраў камендант канцлагера наракаў на цяжкасці з уладкаваннем гаспадаркі падпарадкаванай яму ўстановы. Дэфіцыт цвікоў, электраправодкі, лямпачак і іншых неабходных рэчаў прымушаў Восіпава абіваць парогі ЧК у надзеі атрымаць што-небудзь з рэквізаванага ў грамадзян дабра, стукацца ў вайсковыя кабінеты, асабліва забеспячэнскія, самыя багатыя на той момант. Усе выдаткі і інвестыцыі акупяцца і абяцаюць немалыя выгады, запэўніваў начальства высокіх кабінетаў Восіпаў. "Паралельна з клопатамі аб хутчэйшым абсталяванні лагера, - маляваў ён прывабную карціну будучыні, - я пачаў рыхтаваць глебу для арганізацыі майстэрняў: 1) кравецкай, 2) шавецкай, 3) кравецка-рамонтнай. Майстэрні гэтыя я планую выкарыстоўваць выключна на забеспячэнне Чырвонай Арміі", - абяцаў камендант, вылучыўшы апошнюю фразу рапарта вялікімі літарамі.
Відаць па ўсім, Восіпаў быў на сваім месцы і відавочна не без арганізатарскіх талентаў. Не прайшло і двух тыдняў, як часткова былі вырашаныя праблемы з транспартам: у лагер паступіла сем "карослівых коней", спісаных з вайсковых частак і ветлазарэта. Вайсковае начальства таксама адчула свой інтарэс. Надзвычайны ўпаўнаважаны Савета абароны дамовіўся з камендантам на пашыў абмундзіравання і выраб абутку для голых і разутых чырвонаармейцаў. Для лагернай майстэрні вайсковыя забеспячэнцы вылучылі 20 швейных машын і сёе-тое з шавецкага рыштунку. Акрамя таго, упаўнаважаны не пашкадаваў 2 тысячы пудоў "рыззя-адзення", якое пасля "дэзынфекцыі і дбайнага сартавання павінна паступіць у папраўку". Восіпаў паціраў рукі перад захапляльнай перспектывай лагернай вытворчасці "з велічэзнай прадукцыйнасцю" жаночай, у асноўным, працы. "Падрабязны план выкарыстання рабсілы ў майстэрнях будзе падрыхтаваны пасля арганізацыі такіх", - запэўнівала яго тлумачальная запіска на палях рапарта. Аб нормах выпрацоўкі і "тэхналогіях вытворчасці" адміністрацыя лагера запытвалася ў адпаведных наркаматах. Лагерных тэхнолагаў кансультавалі спецыялісты з аб'яднанняў Белскура і Беладзенне. Краўчыха-зняволеная павінна была пашыць за дзень (8 гадзін) 4 камплекты летняга абмундзіравання або сподняй бялізны 3 з паловай камплекты.
Малая Сляпянка - маёнтак ЧК
Нявольнікі лагера дзяліліся на групы: з правам вываду на знешнія працы і без права выхаду за калючы дрот. Асуджаныя па палітычных артыкулах у асноўным былі пазбаўленыя магчымасці працаваць за межамі лагера і занятыя былі ў майстэрнях. Тыя ж, хто выходзіў пад канвоем за тэрыторыю ў вялікіх і малых групах, давалі падпіску пра кругавую паруку. За ўцёкі аднаго з групы каралі ўсіх.
Больш як траціна зняволеных была занятая на сельгасработах у маёнтку Малая Сляпянка. Дамова аб арэндзе маёнтка была падпісаная з павятовым зямельным аддзелам 11 сакавіка 1921 року на тры рока. Для наркамата ўнутраных спраў арганізатары лагера падрыхтавалі грунтоўны даклад аб неабходнасці выдзялення кавалка зямлі для вытворчасці сельгаспрадукцыі ў першую чаргу для сваіх патрэб. Падбіраліся надзелы недалёка ад места па прычыне недахопу канваіраў. Маёнтак знаходзіўся за 3 кіламетры ад тагачаснай мяжы Менска (паблізу цяперашняй Нацыянальнай бібліятэкі), пры Волменскім і Барысаўскім гасцінцах. 14 сакавіка Менскі ўземаддзел выдзеліў канцлагеру ў апрацоўку 150 дзесяцін зямлі з маёнтка Малая Сляпянка і Хітрова.
Дакумент перадае тое пачуццё глыбокага задавальнення, з якім новыя гаспадары апісвалі былыя ўладанні памешчыка Паўла Хітрова. Малая Сляпянка прыцягнула ўвагу сілавікоў "добрым абсталяваннем, …шырокімі жылымі і нежылымі памяшканнямі…", два флігелі і пяць драўляных дамоў былі ў нядрэнным стане, іх вырашана было выкарыстоўваць пад кватэры арыштаваных і канвою. "Фруктовы сад (400 дрэў) вельмі закінуты, - адзначыла камісія. - Панскі дом размешчаны вельмі маляўніча на вяршыні пагорка сярод запушчанага саду і парку, ён мае патрэбу ў капітальным рамонце", - апісваў прыгажосць і праблемы маёнтка новы кіраўнік, нехта Ткачэвіч. Было вырашана часу не губляць, "25-30 чалавек арыштаваных канцлагера пачнуць працы пад наглядам спецыяліста". Асноўныя кірункі сельгасвытворчасці былі вызначаны адразу: агародніцтва, птушкагадоўля, свінагадоўля, жывёлагадоўля і трусагадоўля.
У жніўні 1921 г. на палях і агародах маёнтка працавала 679 чалавек.
Энкавэдыстаў прэміравалі бульбай
Восенню ў маёнтку Менскага канцлагера сабралі добры ўраджай. Каб падзяліць агуркі, капусту і іншую гародніну, вырашчаную працаю зняволеных, 26 верасня засядала спецыяльная камісія з прадстаўнікоў аддзела прымусовых работ, міліцыі, наркамата харчавання, арміі. Палічылі - і "пусцілі слязу": пасля абавязковых паставак і кампенсацыі харчовага падатку заставалася зусім няшмат. Затое ў вялікай колькасці сабралі бульбы. Бульбай было вырашана прэміраваць супрацоўнікаў НКВД, якія, як абвяшчае пратакол, "панеслі асаблівыя працы па арганізацыі і апрацоўцы маёнтка". Яшчэ адна спецыяльная камісія павінна была размеркаваць 200 пудоў бульбы. Да пратакола прыклалі спіс тых, хто асабліва адзначыўся на гэтых "сельгаспрацах". Наглядчыкі таксама галадалі і прасілі выдзеліць ім пайкі.
Адміністрацыя лагера адзначыла "выдатную працу зняволеных", хоць некаторыя "зусім голыя і босыя". І галодныя. Норма харчавання зняволенага лагера на ліпень 1921 року складала: хлеба - 1 фунт (0,4 кг), крупаў - 32 залатнікі (1 залатнік - 4,25 г), мукі падкалотнай 1 і 3/5 фунта, тлушчу - 4 і 4 / 5 залатніка, цукру - 1 фунт, чаю - 1/5 залатніка. Нормы былі і на соль, перац, лаўровы ліст. Усё ў разліку на месяц! Няцяжка палічыць, што гэта вельмі мала. Досвед лагернага перавыхавання сведчыць, што пры наяўнасці адпаведных умоў ператварэнне ўчорашняга мяцежніка ў раба адбываецца вельмі хутка.
У верасні кіраўніцтва лагера падвяло некаторыя вынікі кіпучай працы. На прадпрыемствах і ўстановах лагера, у маёнтку М. Сляпянка было занята 13730 чалавек. (Зняволеныя Менскай турмы таксама прыцягваліся.) У лагеры былі арганізаваны цяслярная, кравецкая, кавальская, шавецкая майстэрні і асобна пры маёнтку - рымарская, кавальская, бляшаная. Частку ўраджаю вырашана было абмяняць на неабходныя інструменты. За пераносны горан і кавадла грамадзяніну Пазняку аддалі 28 пудоў бульбы, 10 пудоў капусты, 5 пудоў бручкі і пуд морквы.
Да надыходу халадоў планавалі абнесці плотам маёнтак, зашкліць памяшканні, перанесці катлы, прызначаныя для гатавання ежы вязням, у адрамантаваныя дамы, перакласці печы. Уладкоўваліся надоўга, патрэба ў дармавой працоўнай сіле была велізарнай.
…і сумачка жонкі наркама
Менск імкліва бюракратызаваўся. Па разнарадцы зняволеных на працы можна скласці спіс устаноў места, колькасць якіх здзіўляе. Практычна ўсе ўстановы рэспубліканскай улады падавалі заяўкі: у першую чаргу ўсе аддзелы Цэнтральнага дома камунальнай гаспадаркі (Камгаса), усе партыйныя структуры ад Цэнтральнага Бюро да раённых аддзелаў, Саўнаркам, галіновыя наркаматы, вядома, ЧК і НКВД, штаб асаблівага прызначэння Рэсбел, Працоўна-сялянская інспекцыя.
Доўгім быў спіс гарадскіх устаноў і прадпрыемстваў: гарвыканкам, працоўная арцель "Ластаўка", серабранскі раённы клуб, Дом адпачынку №1, дзіцячы дом-камуна №2, Меская камісія дапамогі галадаючым, электрастанцыя, Белторф, Белкустпрам, 1-я бел. працоўная арцель, маскалёўска-ўкраінская мірная дэлегацыя і інш.
Ва ўстановах адзначаліся выпадкі крадзяжу вязнямі, якія працавалі там па разнарадцы. Асабліва кіраўніцтва лагера адзначыла крадзеж сумачкі ў канцылярыі Жансавета. Радыкюля пазбавілася (страшна сказаць!) пракурор Соф'я Шамардзіна, жонка наркама ўнутраных спраў Язэпа Адамовіча, перад якім дрыжала лагернае начальства.
"Рабін Капялевіч ладзіць бурныя малебны"
Хто сядзеў? У лагер траплялі як за канкрэтную "віну" перад новай уладай, так і проста "падазроныя". Так, "Іваноўская Марыя Іосіфаўна, паступіла ў лагер 13 ліпеня 1921 рока., 23 рока, дваранка, паходзіць з вёскі Суднікі Койданаўскай воласці. Беларуска, каталічка, мае хатнюю адукацыю. Арыштаваная як падазроная. Выпіска з прысуду рэўтрыбунала ад 7 ліпеня 1921 рока. Заключыць у канцлагер як падазроную на 1 рок".
Заклапаціўшыся "рацыянальным выкарыстаннем працы зняволеных" (цытата з рапарта), камендант Восіпаў прапанаваў наркаму ўнутраных спраў ССРБ, згаданаму Адамовічу, сваю кваліфікацыю працоўнай сілы нявольнікаў, структураваўшы іх па артыкулах КК. "…Зняволеных, - з энтузіязмам рапартаваў ён, - можна смела падзяліць на 4 асноўныя групы: 1) прафспекулянтаў, бандытаў, к/р (контррэвалюцыянераў - аўт.) і закладнікаў, 2) савсупрацоўнікаў, асуджаных за сабатаж, злачынства па пасадзе і інш., 3) кваліфікаваных рабочых і 4) работнікаў зямлі". Першую групу начальнік лагера прапаноўваў "кінуць усю цалкам на цяжкія фізічныя працы", каб не заставалася ні часу, ні сіл на барацьбу з рэжымам. Другая - па абставінах (свае ўсё-такі). Трэцяй групе прадпісвалася праца ў майстэрнях. Чацвёртую "я меркаваў бы выкарыстоўваць у яе звыклай абстаноўцы" - па-гаспадарску распараджаўся новымі рабамі начальнік. Пазней лагерны кантынгент папоўніўся "нэпманамі", крымінальнікамі-рэцыдывістамі, савецкімі апаратчыкамі, асуджанымі за растрату, вайскоўцамі і нават службоўцамі асобых частак ЧК, якія прадавалі "сакрэты" замежным шпіёнам.
Восіпаў забыўся згадаць маленькую групу святароў. Слуцкія праваслаўныя, ігуменскія каталіцкія служкі Бога, прадстаўнікі іншых канфесій перыядычна аказваліся ў былым кляштары. "Рабін Капялевіч, - скардзіліся наглядчыкі, - збірае цэлы натоўп зняволеных і ладзіць бурныя малебны". Пасля чаго з'явілася забарона маліцца каму б там ні было.
Паўстанцы і іх укрывальнікі
Лагерны кантынгент у Менску меў сваю спецыфіку. Контррэвалюцыянеры - балахоўцы, зеленадубцы, савінкаўцы, партызаны шматлікіх антысавецкіх атрадаў Караткевіча, Моніча, Хвядашчэні і іншых сялянскіх важакоў - засялілі былыя манаскія келлі. Шарагоўцы арміі Булак-Балаховіча (напрыклад, 40-рочны Сямён Тушынскі з Мазыршчыны), маладыя хлопцы з Прусінава Менскага павета Міхаіл Каралецкі і Іосіф Луцэвіч ужо ў ліпені паступілі ў лагер. Паўгода балахоўцаў дапытвалі ў падвалах ЧК.
У канцы жніўня 1921 року абрынуліся планы антысавецкіх арганізацый на ўсеагульнае паўстанне. Тэрыторыяй, дзе павінны былі разгарнуцца баі, меркавалася Меншчына. Ігуменскі павет разглядаўся як калідор для паходу на Маскву. У верасні 1921 року дзясяткі зеленадубцаў і савінкаўцаў, арыштаваных у Менску пасля правалу менскага антысавецкага падполля, папоўнілі шэрагі зняволеных як у турме, так і ў лагеры. Прадстаўнікі літаральна ўсіх мескіх слаёў, творчай інтэлігенцыі вымушаныя былі працаваць у майстэрнях, на фермах і гародах лагера.
Практычна ўся Ігуменская арганізацыя Народнага саюза абароны Радзімы і Свабоды (НСЗР ІС), у большасці служачыя мескіх устаноў, таксама апынулася ў менскіх месцах зняволення. Памешчыца Алена Іётка была зняволена ў келлі кляштара "за ўкрывальніцтва бандытаў" у сваім маёнтку ў вёсцы Волма. Асноўныя фігуры ігуменскага падполля, камандзіры Паўночна-Менскай паўстанцкай партызанскай брыгады і іх сваякі, паступілі ў лагер пасля шматмесячнага знаходжання ў падвалах ЧК і на турэмных нарах. Іван Урбановіч быў арыштаваны за арганізацыю ўцёкаў дачкі Вольгі і зяця, вядомага арганізатара партызанскіх аддзелаў Міхаіла Жылінскага. У лагеры апынулася жонка кіраўніка партызанскага аб'яднання каравокая рабаціністая (дае яе партрэт турэмная анкета) сялянка з вёскі Курганы Ігуменскага павета Антаніна Лабукова. Яе муж, Гаўрыла Кіруцін, хлопец іх Ардатаўскага павета Ніжагародскай губерні, вядомы баявік, узяў прозвішча жонкі ў якасці атаманскага псеўданіма. Маленькая малапісьменная 28-рочная сялянка была асуджаная выязной сесіяй рэвваентрыбуналу 4-й Смаленскай дывізіі. "За дапамогу" агенту НСЗРіС Лабукову пацярпела і мінчанка Аляксандра Сакалова. 52-рочная ўдава, сівая, у зморшчынах, як апісвае бедную жанчыну архіўная турэмная справа, паступіла ў лагер, больш за год адмучыўшыся ў ЧК і турме. Рэвтрыбунал "знайшоў, што Сакалова ў жніўні 1921 року прыняла і схавала ў сябе на кватэры агента, ён жа начальнік Паўночна-Менскай групы партызанскіх аддзелаў Лабукоў-Кіруцін, ведаючы аб прыналежнасці яго да гэтай арганізацыі".
Як у турме, так і ў лагеры назіралася вялікая канцэнтрацыя жыхароў Случчыны. Складаецца ўражанне, што ўлада актыўна зачышчала мяцежны павет пасля паўстання 1920 рока.
Большасць арыштантаў выклікала пэўную цікавасць як адукаваныя кампетэнтныя спецыялісты. У справах зняволеных была нават графа "майстэрства". Людзі пісалі пра сябе рознае: краўчыха, электрык, шавец і нават "універсал", як вызначыў свае таленты Ян Валійскі, асуджаны за ўкрывальніцтва разведчыцы "Зялёнага дуба" Ганны Доўгерд.
Пасля вынясення прысуду доктару, вядомаму ў Менску псіхіятру Сямёну Валачковічу, наркамат аховы здароўя закідаў ЧК просьбамі дазволіць лекару выходзіць на працы за межы лагера, у мескую лякарню. На тую акалічнасць, што Валачковіч быў сваяком атамана Дзергача і жыў у доме Адамовічаў пасля ад'езду іх у Польшчу, уладам давялося заплюшчыць вочы.
Паабяцаў намаляваць Троцкага і ўцёк
За ўцёкі ў першы раз уводзілася павелічэнне тэрміну зняволення ў дзесяць разоў, а за другія Рэвалюцыйны трыбунал меў права ўжыць расстрэл. Але з лагера беглі ўсё адно. Лягчэй за ўсё было арганізаваць уцёкі, калі група зняволеных выводзілася на працы ў места. Канваір па вяртанні мог саступіць просьбам пастаянна галодных арыштантаў і дазволіць схадзіць на базар купіць ежы. У прыцемках часта вярталіся 9 чалавек з 10.
Цікавая гісторыя апісваецца ў рапарце каменданта лагера ад 3 ліпеня 1921 року. Малады менчук-зняволены Самуіл Міндлін падахвоціўся намаляваць партрэты Леніна і Троцкага для лагернага клуба. Па дарозе ў Культкамісію па пэндзлі і фарбы "мастак" збег. Пасля ўцёкаў Міндліна ў лагеры рэжым стаў больш жорсткім: увялі праверку перапіскі, ператрусы пасля вываду на працу і вяртання ў лагер. Па прычыне малой колькасці аховы, вязняў, схільных да ўцёкаў, перавялі ў ДОПР. Камендант лагера звярнуўся ў НКВД з просьбай памяняць вартавую каманду канцлагера, бо паміж наглядчыкамі і зняволенымі нарадзіліся "амаль роднасныя адносіны", таму пачасціліся ўцёкі. Беглі і жанчыны, асабліва тыя, хто воляю лёсу з маскалёўскіх губерняў апынуўся ў Беларусі. Беглі ў стане крайняга адчаю, псіхічнага засмучэння. Лёс жанчын у лагеры быў вельмі незайздросным, вельмі ўразлівым. Суцяшала толькі тая акалічнасць, што тэрміны былі параўнальна невялікімі. Цяжарных "за адсутнасцю належных гігіенічных умоваў" адпускалі дадому. Амністыя да 8 Сакавіка давала надзею многім жанчынам датэрмінова апынуцца на волі.
Сістэма прымусовай працы ў 1918-1922 рр. стала, па сутнасці, адной з асноў новага савецкага грамадства. Ленінскі ўрад планамерна насаджае сістэму прымусовай працы. Менскі лагер - толькі адзін у павуцінні дагулагаўскай прымусовай сістэмы працы. У працах Леніна дастаткова выказванняў "аб карысці" канцлагераў. Канцлагер з 1922 рока называўся ўжо лагерам прымусовай працы. Ён не быў такім жудасным, як гулагаўскія лагеры, аднак падобныя ўстановы - іх родапачынальнікі.
Паўстанцы і людзі з вышэйшай адукацыяй
Пра кантынгент вязняў можна меркаваць з пратакола пасяджэння Калегіі ЧК Беларусі ад 30 кастрычніка 1921 рока, у якім ёсць спіс асуджаных на год канцлагера.
• Сцяпан Тэраўскі, Менск, 55 рокаў
• Зінаіда Кароль, Слуцк, 20 рокаў
• Марыя Ківула, Слуцк, 20 рокаў
• Рыгор Канстанцінаў, Херсонская губ., 45 рокаў
• Андрэй Бялевіч, Петраград, былы дваранін, прапаршчык старой арміі, 29 рокаў
• Леанід Вячорка, Слуцк, 28 рокаў, сын святара, адукацыя вышэйшая
• Васіль Тышкевіч, Слуцк, 26 рокаў, электрамеханік
• Пятро Багдашын, Слуцк, 32 рока, скончыў універсітэт у Кіеве
• Аляксандр Дзятловіч, Какорычы (Случчына), паручнік старой арміі, 27 рокаў
• Надзея Белагаловік, Слуцк, 34 рокаў а, абвінавачана за ўдзел у падпольнай антысавецкай арганізацыі і шпіянаж
Лагерныя могілкі
Паводле ўскосных звестак, пры сценах цяперашняй гасцініцы "Манастырская" знаходзяцца шматлікія пахаванні вязняў. У дакументах сустракаецца назва месца апошняга іх прытулку - могілкі "Брацкія", шматзначная назва.
Ніна Стужынская
"Наша Ніва", 24 сьнежня 2016 р.


Создан 25 дек 2016



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter