Цар Мікалай ІІ будзе праводзіць экскурсіі па Магілёве




"Магілёўаблтурыст" распрацаваў для гасцей абласнога цэнтра новы турыстычны маршрут "Шпацыр з Мікалаем ІІ па Магілёве". 

Выбар гістарычнай асобы абумоўлены тым, што за часамі першай сусветнай вайны ў горадзе пэўны час знаходзілася стаўка Мікалая ІІ.

У ролі апошняга маскалёўскага імператара выступае пераапрануты экскурсавод, які мусіць вадзіць турыстычныя групы, глядзець з імі ваенную хроніку тых рокаў ды іншае.

Разлік зроблены перадусім на маскалёўскіх турыстаў — першая група на экскурсіі ўжо пабывала. 

"Ідэя стварэння такога маршруту ўзнікла не выпадкова, — цытуе БелТА дырэктарку турыстычнага прадпрыемства Алену Карпенку. — У жыцці апошняга расейскага імператара горад адыграў фатальную ролю. Гэта першая апрабацыя тура з элементамі анімацыі і спроба ўбачыць горад Магілёў і яго гісторыю праз прызму ўспрымання цара і святога (імператар і яго сям'я кананізаваныя праваслаўнай царквой)".

Выбар гістарычнай асобы ўжо выклікаў здзіўленне ў колах гісторыкаў. 

— Гэта звядзенне вялікай гісторыі горада да ўбогасці, — кажа "Нашай Ніве" доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч. — Першая сусветная — гэта імперыялістычная вайна, развязаная ў тым ліку Расеяй, у тым ліку Мікалаем ІІ. Ад яе нічога добрага беларусы не мелі, а толькі гінулі. Няма тут чым хваліцца. І я б сказаў, што само нараджэнне такой ідэі — нават не русіфікацыя, а ўжо наступствы русіфікацыі мясцовага чынавенства.

Краўцэвіч кажа, што па Магілёве можна скласці дзясяткі найцікавейшых маршрутаў, якія б раскрывалі ўсю веліч гісторыі места.

— Што казаць, калі ў гэтага горада была нават уласная архітэктурная школа ў XVII стагоддзі — магілёўскае барока, калі заходнееўрапейская культурная плыня прымала праваслаўную форму. Такога нідзе ў свеце не было! І гэта ж толькі адзін узор, які сведчыць пра ўнікальнасць месца, — сказаў Краўцэвіч. 

Прыкладна такога меркавання прытрымліваецца і Алег Трусаў — кандыдат гістарычных навук і археолаг. 

— Як гавораць расейскія навукоўцы, у Магілёве Мікалай ІІ прайграў лютаўскую рэвалюцыю, але для нашай краіны такая постаць няўдалая — усе гэтыя расстрэлы беларусаў, крывавая нядзеля… Гэта адмоўны персанаж, я супраць. Мне здаецца, гэта чарговая праява "рускага свету". Атрымліваецца, рускія турысты будуць ехаць сюды, але замест мясцовай гісторыі і каларыту ім суюць тэзу, што Магілёў — гэта рускі горад. Вунь, маўляў, тут жа імператар жыў, амаль два гады была неафіцыйная сталіца, тут амаль Расея. Я гэта так бачу, — сказаў Трусаў і іранічна дадаў, што калі экскурсію вырашаць пакінуць, то для раўнавагі трэба пераапрануць іншага экскурсавода ў касцюм Левановіча.

[Язэп Пара-Левановіч — магілёўскі бургамістр, які ў 1661 роке падняў места на паўстанне супраць маскалёўскіх акупантаў, у выніку чаго за адзін дзень месьцічы забілі 7 тысяч стральцоў — за гэты ўчынак места атрымала сучасны герб ад Вялікага Князя Яна Казіміра — "НН"].

— У Магілёве процьма ўнікальных людзей: гэта і друкары, і мастакі. Пры гэтым шмат асоб, не звязаных з палітыкай. Вашчанка, Шміт, Бялыніцкі-Біруля — хай апранаюць простага мастака, ды той расказвае пра людзей, якія пакінулі значны ўнёсак у нашым і расійскім мастацтве, — падсумаваў Трусаў. 

Сама ж дырэктарка "Магілёўаблтурыста" Алена Карпенка ў каментары "Нашай Ніве" сказала, што выбар асобы прадыктаваны перадусім прагматыкай. 

— Летась толькі расейскія турысты прынеслі прыбытак у 40 тысяч даляраў — а гэта большая частка. Я зарыентавалася на расейскага турыста, выбіраючы асобу. Ім цікава тое, што звязана з Мікалаем Раманавым — ён у нас амаль два гады пражыў, ёсць што паказаць: і хроніка, і экспазіцыя ў музеі. Трэба, каб было займальна і цікава для турыстаў. Што да беларускіх турыстаў — то яны ездзяць асобна, не праз нас, — сказала дырэктарка. 

Але мы адкрытыя для прапаноў, — працягнула яна. — Каго вы нам прапануеце яшчэ пераадзець у касцюмы? Мы прыслухаемся і да гісторыкаў. Я буду радая ідэям — гэта ж самае дарагое ў нашай справе. 

Алена Карпенка пакінула свой мэйл, на які ахвотныя могуць дасылаць свае ідэі турыстычных маршрутаў па Магілёве: intourist@mail.ru


Арцём Гарбацэвіч

"Наша Ніва", 5 студзеня 2017 р.



Создан 05 янв 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter