У Берасце затрымалі групу неапаганцаў са “Славянскага адраджэння” і “Белага фронта”




Супрацоўнікамі 6-га ўпраўлення (па Берасцейкай вобласці) ГУБАЗіК МУС спынена дзейнасць злачыннай групы, якая арганізавала канал кантрабанднай пастаўкі з Украіны ў Беларусь боепрыпасаў і састаўных частак для агнястрэльнай зброі, паведамляе дзяржаўнае агенцтва “БелТА” са спасылкай на ўпраўленне.

У злачынную групу ўваходзілі тры жыхары Берасця, мужчыны 1988 і 1990 рокаў нараджэння, якія нідзе не працуюць. Яны займаліся збытам агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, наркатычных сродкаў і псіхатропаў. Падазраваныя затрыманыя на месцы злачынства 11 студзеня падчас збыту пнеўматычнага газабалонны пісталета, пераробленага саматужным спосабам у ручную наразную агнястрэльную зброю, прызначаную для стральбы пісталетнымі патронамі калібру 9 мм. Пры затрыманні таксама канфіскавана 56 пісталетных патронаў калібру 9х18ПМ і выбуховае рэчыва тратыл масай большай за 1 кг. Акрамя таго, канфіскавана 25 г асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва амфетамін.

Адзначаецца таксама, што падчас вобыскаў у падазраваных канфіскавана больш за 100 патронаў рознага калібру часоў Другой сусветнай вайны, порах, боепрыпасы да ручнога супрацьтанкавага гранатамёта, узрыўпакеты і гукавыя ракеты, якія змяшчаюць у сваім складзе выбуховыя рэчывы, складовыя часткі да агнястрэльнай зброі, металічныя нарыхтоўкі для ручак-пісталетаў пад малакаліберны патрон, паражаючыя элементы для выкарыстання ў самаробным выбуховым прыстасаванні, прылады для вырабу наразных ствалоў да агнястрэльнай зброі, амфетамін, а таксама літаратура, што прапагандуе сатанізм, і дапаможнік па працы з хімічнымі рэчывамі.

“Падазраваныя з'яўляюцца прыхільнікамі паганскага руху “Белы фронт” і “Славянскае адраджэнне”, прыхільнікамі ўкраінскага экстрэмісцкага руху “Правы сектар”. Адзін з удзельнікаў групы спавядаў і прапагандаваў радыкальную форму паганскага веравызнання “рускае наваслаўе” з элементамі сатанізму. Пры гэтым ён меў навыкі ўзрыватэхніка, сам вырабляў і выпрабоўваў самаробныя выбуховыя прылады. Мужчына эпізадычна ўжываў псіхатропныя рэчывы і марыхуану”, — паведамілі праваахоўнікі.

Па гэтых фактах Следчым камітэтам распачаты справы па ч. 3 арт. 295 КК (незаконны абарот зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў групай асоб) і ч. 3 арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў).

 

Юрка з-пад Менску:

 

"З'яўляліся прыхільнікамі "Славянскага адраджэння", "рускага наваслаўя" ўкраінскага экстрэмісцкага руху "Правы сектар". Нешта тут нашыя нешаноўныя "праваахоўнічкі", як кажуць, боб з гарохам намяшалі. Вось прыхільнікамі "Славянскага адраджэння", "рускага наваслаўя" ды "рускага сьвету" — у гэта я паверу, а "Правы сектар" ужо тут аніякім бокам..."


“Наша Ніва”, 12 студзеня 2017 р.

 

 

Радыкалы-кантрабандысты “з элемэнтамі сатанізму”. Каго насамрэч затрымалі ў Берасьці?


Супрацоўнікі Берасьцейскага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) паведамілі пра затрыманьне 11 студзеня групы з трох кантрабандыстаў. Да абвінавачаньня па крымінальных артыкулах за абарачэньне зброі і наркотыкаў дададзена, што затрыманыя — прыхільнікі “Правага сэктару” і паганскіх рухаў “Белы фронт” і “Славянскае адраджэньне”. Пры гэтым “Правы сэктар” і названыя рухі маюць палярна процілеглую ідэалёгію.

Раней прэс-сакратар “Правага сэктару” Арцём Скарападзкі ў інтэрвію “Свабодзе” абверг датычнасьць затрыманых да гэтага руху. Ён назваў затрыманьне “правакацыяй з боку беларускіх уладаў” і дадаў, што “зброі не хапае на фронце, таму цяжка ўявіць, каб нехта вывез яе ў Беларусь”.

— Цалкам немагчыма, каб прыхільнікі “Правага сэктару” былі адначасова ў паганскіх, імпэрскіх, прамаскалёўскіх рухах кшталту “Славянскага адраджэньня”, — падкрэсьліў Скарападзкі.

Карэспандэнтка “Свабоды” зьвязалася з начальнікам аддзелу 6-га ўпраўленьня ГУБАЗіК па Берасьцейскай вобласьці Аляксандрам Лаўруковічам. Той сказаў, што асабіста праводзіў размову з затрыманымі.

— Найбольш актыўны ўдзельнік групы, зь якім я гутарыў, актыўна прапагандаваў “наваслаўе” — паганства з элемэнтамі сатанізму. Гэты чалавек — прыхільнік радыкальных рухаў. У ягоным разуменьні неўзабаве павінна пачацца вайна, а значыць, трэба рэалізоўваць актыўныя дзеяньні.

— Але якім чынам “Правы сэктар” зьвязаны з маскалёўскім “Славянскім адраджэньнем”?

— Па-першае, усе названыя рухі — радыкальныя. “Наваслаўе”, якое вызнаюць чальцы “Славянскага адраджэньня” — гэта форма паганства і патрабуе радыкальных актаў. Такія ж мэтады прасоўвае і “Правы сэктар”. То бок людзі ня тое каб падтрымлівалі Русь, Расею... Асноўная ідэя там — славянізм.

— Якое канкрэтна дачыненьне да ўкраінскага “Правага сэктару” мелі затрыманыя?

— Адзін зь іх сьцьвярджаў, што сам ваяваў на Данбасе. Насамрэч нідзе ён не ваяваў, доказаў няма. Але яны вялі перапіску з удзельнікамі баявых дзеяньняў, мелі кантакт.

— Зь беларусамі?

— Мы гэтага ня можам сьцьвярджаць, бо ня ведаем прозьвішчаў іхніх суразмоўцаў, толькі мянушкі, пазыўныя.

— “Правы сэктар” не занесены ў афіцыйны рэестар экстрэмісцкіх арганізацый на тэрыторыі Беларусі. Чаму ў паведамленьні “БелТА” гучыць менавіта такая фармулёўка?

— Мы можам апэраваць юрыдычнымі паняцьцямі, а можам агульначалавечымі. У “БелТА” не юрысты сядзяць, вось і напісалі такім чынам. У любым выпадку, экстрэмізм — гэта супрацьпастаўленьне сябе існаму дзяржаўнаму ладу. Дзеяньні, накіраваныя на падрыў улады. Паняцьце экстрэмізму — новае для постсавецкіх краінаў, таму мы яшчэ толькі распрацоўваем мэтады змаганьня зь ім.

— Адкуль падазраваныя вазілі зброю?

— Ёсьць падставы меркаваць, што з тэрыторыі Ўкраіны. Мы ведаем гэта, але канчатковая вэрсія сьледзтва, натуральна, прагучыць у судзе.

— Наколькі актыўныя сёньня ў Берасьці рухі “Славянскае адраджэньне” і “Белы фронт”? Ці шмат прыхільнікаў яны маюць і ці сыходзіць ад іх рэальная пагроза для грамадзтва?

— Пэўная пагроза сыходзіць ад любога руху са зброяй, неадэкватнымі паводзінамі і адрозным ад большасьці веравызнаньнем. Мы вывучаем пытаньне, наколькі ўзгаданыя рухі распаўсюджаныя ў Берасьці, адказаць на пытаньне пакуль не магу. Прыхільнікі сьпісваюцца праз сацыяльныя сеткі, сустракаюцца і прымаюць нейкія калектыўныя рашэньні. Рана казаць пра тое, што мы ведаем увесь склад групы.

Акрамя таго, Лаўруковіч сказаў, што спадзяецца на супрацоўніцтва і дапамогу ў расьсьледаваньні з боку ўкраінскіх калегаў.

У перадачы “Зона Ікс” на тэлеканале “Беларусь-1” ад 12 студзеня дэманструецца затрыманьне мужчыны на ровары і паведамляецца, што меркаваных злачынцаў затрымалі падчас збыту пнэўматычнага пісталета для стральбы патронамі калібру 9 мм. У кантрабандыстаў канфіскавалі 65 патронаў пад пісталет Макарава, 1 кг тратылу і 25 г амфэтаміну. На відэа прадстаўнік сілавых структураў трымае маленькую шклянку з шэрымі крышталямі.

Таксама ў ходзе ператрусу знайшлі 100 патронаў розных калібраў часоў Другой усясьветнай вайны, порах, амуніцыю да процітанкавага гранатамёта, выбухоўку, гукавыя ракеты, дэталі агнястрэльнай зброі, загатоўкі пад “шпіёнскія” пісталеты-асадкі, інструмэнты для вырабу ствалоў агнястрэльнай зброі, амфэтамін, літаратуру “з прапагандай сатанізму” і кнігу “Юный химик”.

Сярод канфіскаваных боепрыпасаў можна ўбачыць зялёную панаму з украінскім сьцягам і шаўрон з “трызубам” — абедзьве рэчы ў адным экзэмпляры. Патроны меркаваныя “экстрэмісты” захоўвалі, як відаць, проста ў плястыкавых паўпразрыстых торбах — менавіта ў такой тары яны фігуруюць на кадрах апэратыўнікаў.

“Славянскае адраджэньне” ўяўляе сабой адгалінаваньне нацыянал-сацыялістычнага руху. Як вынікае зь іхняй старонкі ў сацсетцы, філіі дзейнічаюць у Масковіі, Беларусі і Ўкраіне. Погляды ўдзельнікаў — ультраправыя, расісцкія, з ухілам у імпэрскасьць. Яны заклікаюць да “белай перамогі” і фактычна вынішчэньня “ўсіх нябелых”, публікуюць свастыкі і хроніку Трэцяга рэйху.

Каб высьветліць, ці дзейнічае рух па-за межамі Інтэрнэту, карэспандэнтка “Свабоды” зьвязалася з жыхаром Берасьця Зьмітром Ш., які сам называе сябе “правым славянінам”.

— Я нічога ня чуў пра дзейнасьць канкрэтна гэтай арганізацыі. Так, я маю правыя погляды, выступаю за адраджэньне славянскага роду, займаюся ў страйкбольным клюбе з паплечнікамі-аднадумцамі. Калі б затрымалі каго-небудзь з “нашых” — усе б даведаліся. Таму я разглядаю ўсё гэта як дыскрэдытацыю плыні. Атрымліваецца, да любога могуць зайсьці ў хату, убачыць лёгкую пнэўматыку, падкінуць візытоўку “Правага сэктару” і пасадзіць пацаноў?! Поўны трэш! — кажа Зьміцер.

— Ці рэальна для вас і вашых паплечнікаў сымпатызаваць “Праваму сэктару”?

— Адназначна не. Мы за адраджэньне славянаў як адзінай расы, а тыя — за высмактаную з пальца нацыянальную ідэю асобнай краіны.

Мсьціслаў Х. падтрымлівае “вязьняў-нацыяналістаў”: зьбірае грошы для Максіма Марцінкевіча, больш вядомага пад мянушкай “Цясак”, і іншых асуджаных, у тым ліку — за жорсткія забойствы:

— “Славянскае адраджэньне” і “Белы фронт” сапраўды існуюць, але пра іхніх беларускіх кіраўнікоў я нічога ня чуў. І яшчэ: ідэйныя правыя ніколі б не гандлявалі зброяй.

Прыхільнікі згаданага ў афіцыйнай інфармацыі “наваслаўя”, паводле інфармацыі з тэматычных рэсурсаў у Інтэрнэце, вызнаюць акультызм, славянскае паганства, захапляюцца творамі Кастанеды, але не заклікаюць да адкрытай агрэсіі. Не відаць, якое дачыненьне іхняе вучэньне мае да сатанізму.

Паводле прадстаўнікоў улады, сьледзтва па справе затрыманых працягнецца як мінімум 4 месяцы. На дадзены момант усе трое ўтрымліваюцца ў сьледчым ізалятары ў Берасьці.

“Правы сэктар” — правая ўкраінская нацыяналістычная арганізацыя, а пазьней палітычная партыя. “Правы сэктар” узьнік у лістападзе 2013 року як ваенізаванае аб'яднаньне падчас Эўрамайдану ў Кіеве, калі вулічныя байцы гэтай арганізацыі змагаліся супраць спэцназу. Гэтая арганізацыя стала палітычнай партыяй 22 сакавіка 2014 року і сабрала Добраахвотны корпус байцоў для ўдзелу ў баях на Данбасе за тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.


“Радыё Свабода”, 13 студзеня 2017 р.

 

 

Беларускім аўтарам "Регнума" выстаўленае абвінавачаннее

 

Следчым камітэтам Беларусі выстаўленае абвінавачанне на падставе ч. 1 арт. 130 КК (наўмысныя дзеянні, скіраваныя на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці або розні, на прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці) Сяргею Шыпценку, Юрыю Паўлаўцу і Дзімітрыю Алімкіну, беларускім аўтарам "Регнума", якія пісалі таксама для іншых маскалёўскіх інтэрнэт-рэсурсаў, паведаміў "БелаПАН" начальнік аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю СК Сяргей Кабаковіч.

Мера стрымання ў дачыненні да абвінавачаных застаецца ранейшай — яны знаходзяцца пад вартай.

Максімальная санкцыя ч. 1 арт. 130 КК — пяць рокаў пазбаўлення волі.Шыпценка, Паўлавец і Алімкін былі затрыманыя ў пачатку снежня мінулага рока. Як вынікае з інфармацыі пракуратуры Менска, як мінімум аднаму з фігурантаў, Шыпценку, ставілі ў віну ч. 3 арт. 130 КК (здзяйсненне злачынства ў групе), максімальнае пакаранне — 12 рокаў пазбаўлення волі.

Спачатку былі затрыманыя і заключаныя пад варту два аўтары "Регнума", а таксама сайтаў "Лента.ру" і "ЕАДэйли": выкладчык БДУІР Юрый Паўлавец (публікаваўся пад псеўданімамі Павел Юрынцаў і Мікалай Радаў) і вартаўнік з Берасця Дзмітрый Алімкін (псеўданім Ала Бронь). Затым з'явілася інфармацыя аб затрыманні менчука Сяргея Шыпценкі (псеўданім Артур Грыгор'еў).

"Падчас праведзеных вобыскаў атрыманыя звесткі аб дачыненні названых асоб да супрацьпраўнай дзейнасці і атрыманні імі грашовых узнагароджанняў за падрыхтоўку замоўленых публікацый ад грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які пастаянна жыве ў Маскве. Следства мяркуе, што асноўным матывам іх супрацьпраўнай дзейнасці з'яўлялася матэрыяльная зацікаўленасць", — паведаміў 8 снежня Следчы камітэт.

Пасля затрымання Шыпценкі Регнум выступіў з заявай "у сувязі з рэпрэсіямі супраць журналістаў у Беларусі". "Рэдакцыя <…> катэгарычна адхіляе выстаўленыя аўтарам агенцтва абвінавачанні, лічачы іх нядобрасумленнымі і надуманымі. Рэдакцыя <…> пацвярджае сваё нязменнае асуджэнне праяў шавінізму, неанацызму і русафобіі ў Беларусі. Рэдакцыя <…> лічыць сваіх затрыманых у Беларусі аўтараў палітычнымі вязнямі, якія зведваюць рэпрэсіі за сваю прынцыповую пазіцыю супраць фактычнага супрацоўніцтва ўладаў Беларусі з шавіністычнай, русафобскай і неанацысцкай часткай беларускай апазіцыі", — гаварылася ў заяве


"БелаПАН"  ("belapan"), 10 лютага 2017 р.



Обновлен 11 фев 2017. Создан 12 янв 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter