Камандзір слуцкіх паўстанцаў Антон Сокал-Кутылоўскі

Ведай сваіх герояў!



Беларускі вайсковы і грамадскі дзеяч, удзельнік Слуцкага збройнага чыну, праваслаўны святар Антон Сокал-Кутылоўскі нарадзіўся 7 лютага 1892 року на хутары Красная Горка ў Пінскім павеце. Паходзіў з сям'і беларускага шляхціча Андрэя Сокала-Кутылоўскага, якая жыла на хутары Перавалокі-Дарагішча (пазней Красная Горка), на левым беразе ракі Лань недалёка ад вёскі Чудзін (сёння Ганцавіцкі раён). У 1910 роке скончыў настаўніцкую семінарыю ў Панявежы. Працаваў настаўнікам на землях сучаснай Літвы. З 1913-га навучаўся ў Петраградзе на політэхнічных курсах, дзе атрымаў спецыяльнасць "тэхнік сельскага вогнестойкага будаўніцтва". Пасля скончыў геаграфічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэту. У 1915-ым прызваны ў маскалёўскую армію. Пасля Казанскай вайсковай вучэльні накіраваны на фронт. Удзельнічаў у баях пад Вільняю і ў Галіцыі, атрымаў чын капітана. Узнагароджаны Георгіеўскім крыжам.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917-га жыў на сваім хутары. У жніўні 1918-га накіраваўся ў войска генерала Дзянікіна ў Растоў-на-Доне, ваяваў у ягоных частках. Пасля ізноў вярнуўся дахаты. Прызваны ў Чырвоную армію ў Слуцку, адкуль праз 2 месяцы збег. У красавіку 1919-га накіраваўся ў Эстонію ў Пскоўскую белую армію Юдзеніча. Камандаваў ротай пад Петраградам. Пасля паразы Юдзеніча жыў у Эстоніі без працы і грошай. Улетку 1920-га прыехаў у Гарадзею, дзе жыла жонка.

Удзельнічаў у Слуцкім збройным чыне. Камандаваў 2-ім батальёнам у 1-ым Слуцкім палку, быў камандзірам 1-й Слуцкае брыгады з наданнем яму "часова дыктатарскіх паўнамоцтваў". Пасля ліквідацыі збройнага чыну перайшоў разам з жаўнерамі савецка-польскую мяжу і да траўня 1921-га быў у лагеры інтэрнаваных. Захоўваў архіў Слуцкай брыгады. Пасля перавёз яго ў Вільню і перадаў Браніславу Тарашкевічу. Таксама зберагаў Сцяг Першага Слуцкага палка. Гэты сцяг у Сокал-Кутылоўскага канфіскавала польская паліцыя ў 1931-ым у час ператрусу.

У 1921-ым быў высвечаны япіскапам Панцялеймонам (Ражноўскім) на праваслаўнага святара. У міжваенны час працаваў у парафіях Наваградскага і Слонімскага паветаў (вёска Вострава), настаўнічаў. Выказваўся за беларускую мову ў набажэнствах. Спрычыніўся да пабудовы храму ў мястэчку Лыскава. Супрацаў з Часовай беларускай Радай, якая стаяла на антыкамуністычных пазіцыях. Пасля 1939-га спыніў святарскае служэнне і працаваў тэхнікам на будоўлі ў Баранавічах. Арыштаваны НКВД у чэрвені 1941-га, сядзеў у камеры смяротнікаў. Пасля нападу немцаў на СССР здолеў ўцячы з падпаленай турмы. Жонка і дзеці былі высланыя раней з Беларусі. Пры немцах працаваў у Баранавічах у мескай управе, з кастрычніка 1941-га да лета 1944-га быў інспектарам беларускіх школаў у Ганцавічах, кіраваў там Беларускаю самапомаччу. Удзельнік 2-га Ўсебеларускага кангрэсу. Пасля з'ехаў у Прагу, затым — Нямеччыну. Выкладаў у школе афіцэраў БКА. Разам з дывізіяй "Беларусь" на заходнім фронце здаўся амерыканцам. 30 красавіка 1945-га арыштаваны савецкай контарвыведкай СМЕРШ, вывезены ў СССР. Два з паловай рока быў у Паўночнапячэрскім канцлагеры, пазней засуджаны яшчэ да 25 рокаў. Амніставаны ў 1957-ым. Нейкі час жыў у стрыечнай сястры ў Ганцавічах пад наглядам спецслужбаў. Выехаў на сталае жыхарства ў Шчэцін, дзе жыла дачка. Памёр 7 сакавіка 1983 року, пахаваны на Цэнтральных шчэцінскіх могілках. Пакінуў ўспаміны пра Слуцкае паўстанне.


"harodniaspring.org", 7 лютага 2017 р.



Создан 07 фев 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter