У Вільне знайшлі магілу Кастуся Каліноўскага?




У Вільне археолагі, магчыма, знайшлі магілу Кастуся Каліноўскага, кіраўніка паўстання ў Беларусі і Літве ў 1863-1864 роках, нацыянальнага героя. Як піша Delfi, на пагорку Гедыміна адкапалі парэшткі пяці чалавек. У іх звязаня за спіною рукі, целы былі засыпаня вапнаю. Цалкам даследаваня ўжо два пахаваньні. У адным з іх парэшткі аднаго чалавека, у іншым — трох.

Побач з парэшткамі аднаго з пахаваных знайшлі срэбны медальён, выраблены ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя. Адмыслоўцы сьцвярджаюць, што гэтыя пахаваньні ўжо знаходзілі падчас Першае сусьветнае вайны.

Не выключана, што на пагорку Гедыміна ляжаць удзельнікі паўстаньня 1863-1864 рокаў, пакараныя ў Вільні на Лукішскім пляцы. Як вядома, там маскалёўскія ўлады павесілі ці расстралялі 21 паўстанца, у тым ліку і лідараў вызваленчага паўстаньня Кастуся Каліноўскага і Жыгімонта Серакоўскага. 26-рочны Каліноўскі быў пакараны на Лукішскім пляцы 22 сакавіка 1864 року.


"Хартыя'97" (пераклад — J.K.), 6 лютага 2017 р.

 

 

Знойдзеныя парэшткі Кастуся Каліноўскага?


Сёлета ад 2 да 25 студзеня ў Вільні на пляцоўцы Гедымінавай гары падчас добраўпарадкаваньня тэрыторыі група археолягаў Літоўскага нацыянальнага музэю (ЛНМ) знайшла парэшткі чатырох чалавек. Археолягі высунулі гіпотэзу, што гэта могуць быць пахаваньні паўстанцаў 1863-1864 рокаў. Пра гэта паведамляецца на сайце музэю.


Памерлыя былі пахаваныя не паводле традыцыі


— Падчас дасьледаваньня мы выявілі пяць пахаваньняў, але поўнасьцю раскрылі і дасьледавалі два. У першай магіле мы знайшлі парэшткі аднаго чалавека, другая магіла была групавая, у ёй былі знойдзеныя парэшткі трох чалавек, — сказаў старэйшы навуковы супрацоўнік аддзелу сярэднявечча і новага часу ЛНМ, археоляг Арунас Калеюс.

Як цьвердзіць археоляг, памерлы быў пахаваны без труны і абсыпаны вапнай.

— Мужчына, знойдзены ў першай магіле, быў пахаваны ў вопратцы і ў скураным абутку з даўгімі халявамі да кален. Вопратка і абутак струхлелі. Лепш захаваліся толькі дэталі адзеньня — гузікі, спражка рэменя - вырабленыя зь неарганічных матэрыялаў. Памерлы пахаваны на сьпіне, з выцягнутымі нагамі, мяркуючы па стане касьцей — зь зьвязанымі за сьпінай рукамі, — расказвае Калеюс.

У другой магіле знойдзеныя парэшткі трох мужчын, памерлыя таксама пахаваныя бяз трунаў, абсыпаныя вапнай.

— Двое памерлых пахаваныя на сьпіне, адзін побач з другім. Адзін зь іх, паводле стану касьцей, пахаваны зь зьвязанымі за сьпінай рукамі. Трэці памерлы ляжыць на жываце, упоперак паверх двух першых. Гэта кажа пра тое, што памерлыя не былі пахаваныя належным чынам, — расказаў археоляг.

Прычына сьмерці памерлых пакуль што застаецца неўсталяваная. У дасьледаваных магілах кулі ня знойдзеныя.


Знойдзены мэдальён дазваляе высунуць гіпотэзу


— У архівах Літоўскага нацыянальнага музэю мы маем малюнак Уладзіслава Загорскага, на якім намаляваныя кветкі браткі, пасаджаныя паміж двума дрэвамі ў форме крыжа. Вакол кустоўе, а за ім вежа Гедымінавага замку. Археалягічных знаходак, якія б пацьвярджалі, што на гары былі пахаваныя людзі, мы дагэтуль ня мелі. Існавала легенда пра патаемна пахаваных паўстанцаў і пастаўлены ім крыж, — сказала дырэктарка ЛМН Біруце Кульніце.

Побач з парэшткамі аднаго з памерлых знойдзены срэбны мэдальён, выраблены ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя. Гэтая знаходка дазваляе археолягам высунуць гіпотэзу, што памерлыя былі пахаваныя не раней за другую палову ХІХ стагодзьдзя. Паводле архіўных дадзеных, гэтыя парэшткі ўжо былі знойдзеныя ў 1915-1916 рр.

Таму выказваецца меркаваньне, што знойдзеныя парэшткі могуць належаць удзельнікам паўстаньня 1863-1864 рр., пакараным сьмерцю на Лукіскім пляцы ў Вільні.

Цяпер археалягічныя дадзеныя аналізуюцца. Нешматлікія знаходкі, выяўленыя падчас дасьледаваньня, кансэрвуюцца. Парэшткі перададзеныя спэцыялістам-антраполягам Мэдычнага факультэту Віленскага ўнівэрсытэту. Толькі пасьля дасьледаваньняў з удзелам навукоўцаў розных галінаў можна будзе адказаць на пытаньне, ці знойдзеныя парэшткі маюць дачыненьне да ўдзельнікаў паўстаньня 1863-1864 рр.


Гістарычныя зьвесткі


У 1863-1864 рр. На Лукіскім пляцы былі павешаныя або расстраляныя 21 удзельнік паўстаньня, у тым ліку яго правадыры — Зыгмунт Серакоўскі і Кастусь Каліноўскі. Рашэньне закапаць целы паўстанцаў пасьля экзэкуцыі на Гедымінавай гары было б невыпадковае — так маглі спрабаваць схаваць месца іх пахаваньня ад іх блізкіх і ад грамадзкасьці. Пасьля паўстаньня 1831 року на загад імпэратара Мікалая І на тэрыторыі Віленскага замку была абсталяваная фартэцыя. Яна была закрытая і недаступная для грамадзтва аж да самага канца ХІХ стагодзьдзя.

Вэрсію, што на Гедымінавай гары пахаваныя паўстанцы 1863 року, высунуў яшчэ ў 1904 роке віленскі краязнавец Ўладзіслаў Загорскі. Пазьней у выданьні "Przewodnik po Wilnie" ён сьцьвярджаў, што на Гедымінавай гары пахаваны правадыр паўстаньня 1863 року Зыгмунт Серакоўскі, а таксама ксёндз Станіслаў Ішора і Баляслаў Калышка.

17 жніўня 1917 року быў усталяваны крыж для ўвекавечаньня памяці С. Ішоры і З. Серакоўскага, аднак нямецкія ўлады ў той самы дзень крыж прыбралі.

Адноўлены ён быў толькі ў 1921 роке. А ў 1925 роке побач з крыжам былі ўсталяваныя дзьве табліцы: адна з надпісам па-польску "Невядомаму жаўнеру", а другая з прозьвішчамі паўстанцаў 1863 року, пакараных сьмерцю на Лукіскім пляцы.

У чэрвені 1940 року крыж памяці паўстанцаў 1863 рокк, які стаяў на Гедымінавай гары, быў прыбраны.

 

 

З дакладнасьцю 100% мы ніколі не даведаемся, чые парэшткі знайшлі на Гедымінавай гары


Сёлета ад 2 да 25 студзеня ў Вільні на Гедымінавай гары падчас добраўпарадкаваньня тэрыторыі група археолягаў Літоўскага нацыянальнага музэю знайшла парэшткі чатырох чалавек. Археолягі высунулі гіпотэзу, што гэта могуць быць пахаваньні паўстанцаў 1863–1864 рокаў.

Пракамэнтаваць падзею “Свабода” папрасіла доктара гістарычных навук Алеся Смаленчука:

— Я ўспрыняў навіну дастаткова асьцярожна, — адказаў ён, — таму што ня хочацца нейкіх сэнсацыяў пустых, зьвязаных зь імем Каліноўскага. А наагул, вядома, вельмі цікава. Калі ў дзяржавы не даходзяць рукі да раскопак на Замкавай гары ў Вільні, то сама прырода дапамагае. Усё пачалося выпадкова: абсыпаўся схіл гары, убачылі косткі і былі вымушаныя запрасіць археолягаў і пачаць раскопкі.

Алесь Смалянчук паразмаўляў сёньня з калегамі, якія працуюць у Нацыянальным мастацкім музэі Літвы.

— Знайшлі спачатку парэшткі аднаго чалавека, потым пад ім аказаліся яшчэ тры разам, — кажа Смалянчук. — Знайшлі некаторыя рэчы — мэдальён, гузікі не раней як зь сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя. Значыць, цалкам магчыма, што гэта паўстанцы ляжаць. І я пацікавіўся гэтымі трыма. Ёсьць сьпіс, складзены ў свой час яшчэ польскім дасьледчыкам Студніцкім. Сьпіс тых, хто быў пакараны сьмерцю ў Вільні. 28 жніўня 1863 року пакаралі сьмерцю, расстралялі траіх. Яны былі кінутыя ў яму на Замкавай гары. А пазьней магілу раскрылі і кінулі яшчэ аднаго. Па датах атрымліваецца, што пасьля гэтых трох загінулі яшчэ шэсьць чалавек, у тым ліку і Каліноўскі. Яшчэ там ёсьць вядомае імя Тытуса Далеўскага, сябра Каліноўскага і начальніка паўстаньня ў Вільні. Іншыя імёны нам мала што кажуць. І сяляне там, і жаўнеры. Серакоўскага расстралялі яшчэ ў чэрвені 1863 року. Да тых траіх. Гэта мая гіпотэза — я зьвязваю гэтую магілу з тымі трыма.

Смалянчук назваў прозьвішчы гэтых трох: Ян Бянькоўскі, сын Тамаша, селянін, фэльчар, з Варшаўскай губэрні; Эдвард Чаплінскі, шляхціц, з Панявескага павету; Ян Марчэўскі, мешчанін. Пра апошняга нічога не напісана, невядома, адкуль ён, кажа Алесь Смалянчук і ўдакладняе:

— Але гэта толькі гіпотэза. Сьцьвярджаць так адназначна немагчыма, нават з улікам таго, што разам ляжаць. Але гэта досыць верагодная гіпотэза, можна сказаць.

Ну, і атрымліваецца, што потым пакаралі сьмерцю яшчэ шасьцярых, Каліноўскі быў апошнім. Тытуса Далеўскага расстралялі 30 сьнежня 1863 року.

На пытаньне, наколькі рэальна высьветліць, ці сапраўды парэшткі Кастуся Каліноўскага маглі быць у раскапанай магіле, Алесь Смалянчук адказаў:

— Парэшткі, наколькі я ведаю, перадалі ў лябараторыю, іх паспрабуюць ідэнтыфікаваць. Захаваліся здымкі амаль усіх паўстанцаў. Можна на іх арыентавацца. Бо што да генэтычнага аналізу, мы ня ведаем прамых нашчадкаў Каліноўскага. Толькі што ёсьць здымкі яго, Далеўскага, і можна з пэўнай доляй верагоднасьці нешта ўстанавіць. Ня ведаю, як будзе зь іншымі, ці знойдуцца іхнія здымкі. Але нейкую працу праводзяць ужо ў мэдычным унівэрсытэце ў Вільні. І ёсьць шанцы, што празь некаторы час нешта даведаемся. Але з дакладнасьцю сто працэнтаў не даведаемся ніколі.

Цяпер існуе мноства праграмаў, якія дазваляюць наблізіцца да ісьціны. І потым, са слоў маіх калегаў з музэю, яны казалі, што раскопкі сёлета адновяць. Яны ўпэўненыя, што там значна больш людзей ляжыць.

Алесь Смалянчук не выключае, што на Гедымінавай гары маглі хаваць усіх паўстанцаў, пакараных сьмерцю на Лукіскім пляцы:

— Пасьля таго як першыя парэшткі былі знойдзеныя там яшчэ ў 1916 роке, лічылася, што гэтае месца верагоднага пахаваньня іншых паўстанцаў. Але раскопак пасьля таго не праводзілася.


Алесь Смалянчук

 

Фотаздымкі з сайту Літоўскага нацыянальнага музэю


"Радыё Свабода", 7 лютага 2017 р.

 

 

Яшчэ пра магілу Каліноўскага — кампетэнтна

 

На тым тыдні ў Вільні на гары Гедыміна археолагі адкрылі пахаванні — меркавана пакараных смерцю паўстанцаў 1864 рока. Містычны момант: гэта адбылося 2 лютага, у дзень нараджэння Каліноўскага. Ці ёсць сярод знойдзеных костак парэшткі самога Каліноўскага? І дзе менавіта тая магіла? Пра гэта мы пагутарылі з мастацтвазнаўцам Сяргеем Харэўскім.


Ён у 2001-м апублікаваў у "Нашай Ніве" артыкул-версію пра месца пахавання начальніка паўстання, якая цяпер можа знайсці пацверджанне.

— Раскопкі на гары Гедыміна, — расказвае Харэўскі, — пачаліся, калі пасля навагодняй адлігі ссунуўся грунт і адкрыліся чалавечыя косткі. 

Дзе менавіта гэтая магіла? Як падымаешся сцежкай на гару, абыходзячы яе па спіралі, пры самым уваходзе ў нізкія замкавыя сцены, з боку ракі, з правага боку ад сцежкі.

Мяркуючы па пад'ёмным матэрыяле — гузіках, цвічках і г.д., тыя людзі, што ляжаць у магіле, памерлі ў 1860—70-я.

Яшчэ, паводле археолагаў, можна вызначыць, што яны былі расстраляныя. Таксама пры іх знайшліся каталіцкія крыжыкі і медальён. То бок гэта маглі быць афіцэры маскалёўскага войска тутэйшага паходжання, якія прымкнулі да паўстання. Бо расстрэльвалі вайскоўцаў, а паўстанцаў-цывільных — вешалі, як Каліноўскага.

Значыць, цалкам магчыма, што навагодняя адліга адкрыла тую самую братнюю магілу 15 паўстанцаў, у раскопках якой у 1915-м удзельнічаў Іван Луцкевіч. І, цалкам магчыма, што, пры далейшых раскопках, будуць знойдзеныя і парэшткі самога Каліноўскага.

Тады, у пачатку ХХ стагоддзя, іх "пазналі" па скураным абутку — пасталах (польскія крыніцы напісалі "макасіны") — тады яшчэ жылі сведкі, якія памяталі, у чым быў Каліноўскі ў дзень страты.

Але ні тады, ні цяпер, кажа Харэўскі, даследчыкі не мелі пэўнасці, што менавіта ў гэтай магіле пахавалі Каліноўскага. А сведчанні праз 50 рокаў — досыць няпэўная крыніца.

— Паўстае і іншае пытанне: каму гэта трэба? — кажа Харэўскі. — Далейшыя раскопкі, магчымая генетычная экспертыза — усё гэта каштуе грошай. Ці мусіць за гэта плаціць літоўская дзяржава?

Для літоўцаў Каліноўскі — шараговы гістарычны дзяяч. Гэта для беларусаў ён першы публіцыст, аўтар двух вершаў на мове, нацыянальны сімвал.

І нават калі ўдасца выявіць парэшткі Каліноўскага. Што з імі рабіць? Перазахоўваць у Беларусі?

Гэта нейкая манія: усіх перазахаваць. Некалі хацелі Багдановіча, цяпер ідуць пагалоскі, што выправяцца ў Прагу шукаць Скарыну…

Што зменіцца ад перазахавання?

Нам перш трэба дасягнуць грамадскага кансэнсусу па ўспрыманні гэтых асоб, дасягнуць сітуацыі, калі б усё грамадства прыняло беларусацэнтрычную версію гісторыі.

Таму для мяне гэтая знаходка на гары Гедыміна — нагода падумаць не пра косткі, а пра след чалавека на зямлі. А косткі чапаць — гэта нават неяк не па-хрысціянску.

 

 

Магіла Каліноўскага
(Артыкул, апублікаваны ў "Нашай Ніве" у 2001-м)


Кастусь Каліноўскі — першае імя нашага гістарычнага пантэону, якое адгукаецца на словы "нацыянальны герой Беларусі". Вялізная колькасьць вершаў і цэлых раманаў, тэатральных спэктакляў і мастацкіх палотнаў прысьвечаная гэтаму чалавеку — герою, што заслужыў сабе імя Справядлівага.

Але нідзе я не знаходзіў зьвестак пра ягоны апошні спачын.

І вось на Дзяды, дзякуючы дапамозе найбольш аўтарытэтнага ў Літве дасьледчыка паўстаньня Каліноўскага, гісторыка й журналіста Ўладзіслава Бікуліча, журналісту НН удалося расшукаць ягоную магілу.

"Пасьля таго як кіраўнік антымаскалёўскага паўстаньня 26-рочны Кастусь Каліноўскі быў схоплены на кансьпіратыўнай кватэры ў Вільні, яго засадзілі ў Дамініканскі кляштар, дзе тады была зробленая турма. Адсюль 10 сакавіка яго прывялі на Лукішкі — знакаміты віленскі пляц. Тут Каліноўскага як "дзяржаўнага злачынца" павесілі. За часамі паўстаньня 1863 р. маскалёўскія акупацыйныя ўлады на чале з графам Мураўёвым баяліся паўтарыць сваю памылку 1839 р., калі яны пасьля экзэкуцыі аддалі цела расстралянага імі паўстанца Сымона Канарскага віленчукам. Магіла Канарскага адразу стала месцам паломніцтва і ўся патанала ў жывых кветках і сьвечках. А зь ягоных кайданоў патрыёты парабілі сабе "чорную біжутэрыю" — пярсьцёнкі й бранзалеты.

Пакараных сьмерцю паўстанцаў 1863 р., у тым ліку Каліноўскага, Серакоўскага ды іншых, вырашана было хаваць патаемна. Пасьля страты на шыбеніцы іх целы звозілі на Замкавую гару, дзе тады стаяў маскалёўскі гарнізон. Тут іх і закопвалі пад старадаўнімі мурамі, у братняй магіле. Увесь час магілу вартавалі маскалі, і ніводзін цывільны вілянчук цягам паўстагодзьдзя ня меў права туды зайсьці. Больш за тое, маскалі зрабілі на магіле паўстанцаў пляцоўку для гульні ў крыкет, пра што сьведчаць тагачасныя фатаздымкі.

Калі ж у 1915 р. маскалі пакінулі Вільню, тутэйшая грамадзкасьць адразу пачала пошук славутае магілы. І праўда, археолягам, сярод якіх быў і беларус Іван Луцкевіч, пашчасьціла знайсьці дакладнае месца пахаваньня. Балазе, жывы быў яшчэ дворнік, што працаваў колісь у маскалёўскім форце на гары. Падчас раскопак былі зной-дзеныя людзкія парэшткі, фрагмэнты паўстанцкіх чамарак, спражкі, абутак. Самы выбітны тагачасны віленскі дойлід Антон Вівульскі вырабіў велізарны адмысловы крыж, у народным кшталце, зь вялікіх брусоў дрэва. Але неўзабаве маскалёўскіх акупантаў зьмянілі нямецкія. На загад камэнданта Вільні графа Інстэнбурга фон Бэрнштэйна немцы зламілі крыж і закапалі яго тамсама.

Калі ж у 1921 р. Вільня адышла да Польшчы, мэмарыял быў адноўлены. Гэтым разам ён складаўся з крыжоў і прыгожай мармуровай шыльды, на якой былі высечаныя імёны паўстанцаў, якія знайшлі тут свой вечны спачын, — Каліноўскага, Серакоўскага, Браніслава Калышкі, ксяндза Станіслава Ішоры. Усяго каля пятнаццаці чалавек. Але пасьля таго, як Сталін перадаў Вільню Літве, у 1940 р. крыжы былі спаленыя, а шыльда зьнікла бязь сьледу.

Віленскі журналіст і літаратар Войцех Пятровіч распавядаў:

— Драўляны крыж, разьбяны крыж, складзены зь некалькіх частак, быў трохі падобны на жмудзка-літоўскія крыжы (справа ў тым, што сям’я Вівульскіх паходзіць са Жмудзі, таму ён, пэўна, і меў сэнтымэнт да жмудзкіх крыжоў). Ён стаяў акурат там, дзе цяпер ляжыць камень, прысьвечаны Грунвальдзкай бітве, роўна пасярэдзіне, наверсе, на Замкавай гары.

Генрык Сасноўскі, супрацоўнік тутэйшай Фундацыі польскай культуры імя Мантвіла, падае і іншыя падрабязнасьці:

— Калі польскія археолягі вывучалі тыя магілы, дык знайшлі макасыны Каліноўскага й іншыя рэчы… І Каліноўскі, і Серакоўскі былі пахаваныя менавіта там. Іх пазналі па ботах, гузіках… Літоўцы ставяцца да гэтай гары як індусы да сьвятой каровы. Маўляў, гэта гара Гедыміна й нічога там не павінна болей быць… Перад вайною крыж звалілі, падпалілі… Там цяпер няма згадак пра паўстанцаў 1863 р. А некалі ж людзі зрабілі там пляцык, у 1923 р. нават узьнесьлі маленькі фантанчык, была прыгожая мармуровая табліца з імёнамі пахаваных там герояў.

Ідэя аднавіць мэмарыял над магілаю паўстанцаў раз-пораз узьнікала па вайне. Эскіз помніка стварыў будучы акадэмік Канстанцінас Богданас. Але ўлады гэтай справы не падтрымалі. Цяпер гэтая скульптурная кампазыцыя стаіць у Мастацкім музэі — зробленая вельмі традыцыйным, рамантычным кшталтам, у духу Антакольскага. Супраць мэмарыялу паўстанцам Каліноўскага на Замкавай гары рэзка запярэчыў Антанас Жугжда, намесьнік прэзыдэнта літоўскай Акадэміі навук, дырэктар Інстытуту гісторыі. Падставу прыдумалі простую: на тым месцы стаіць камень, прысьвечаны бітве пад Грунвальдам. Вежа стаіць, камень ляжыць. Яшчэ адзін помнік ня "ўпішацца" ў гару. Яшчэ адна вэртыкаль для гары будзе залішняю. Сышліся на тым, што Тры крыжы ёсьць агульным помнікам усім паўстанцам (бо хавалі паўстанцаў і на Трохкрыжовай гары, дзе стаяла іншая маскалёўская фартэцыя)", — пісаў Сяргей Харэўскі.


Гутарыў СМ

"Наша Ніва", 8 лютага 2017 р.

 

 

Беларускія гісторыкі плануюць даследаваць інфармацыю пра магчымае пахаваньне Каліноўскага


Знаходка літоўскіх археолагаў на гора Гедыміна рэштак паўстанцаў паўстання 1863-1864 рокаў не засталася без увагі беларускіх навукоўцаў.

Беларускія гісторыкі плануюць даследаваць інфармацыю пра магчымае месца пахаваньня Кастуся Каліноўскага, паведаміў “БЕЛТА” дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вячаслаў Данілавіч.

Па яго словах, інфармацыя што з'явілася ў прэсе пра знаходку літоўскіх археолагаў на горы Гедыміна парэштак, як мяркуецца, паўстанцаў паўстання 1863-1864 рокаў, а пэўна Кастуся Каліноўскага і Жыгімонта Сераковского, не засталася без увагі беларускіх навукоўцаў. Аднак даваць каментары на гэты конт рана, паколькі высунутая вэрсія — толькі здагадка. Неабходна правесьці даследаваньні, перш чым рабіць высновы. Беларускія адмыслоўцы будуць цікавіцца ходам справы ў літоўскіх калегаў, сказаў Вячаслаў Данілавіч.

Днямі СМІ паведамілі пра знаходку літоўскімі адмыслоўцамі ў выніку сходу грунта на горы Гедыміна дзвюх магіл з рэшткамі пяці целаў са зьвязанымі рукамі. Быў знойдзены таксама срэбны мэдальён, які можа датавацца сярэдзінаю XIX стагодзьдзя. Гэта паслужыла асновай для здагадкі пра магчымае пахаваньне паўстанцаў 1863-1864 рокаў на горы Гедыміна. Кастусь Каліноўскі быў пакараны на Лукішскім пляцы ў Вільні. Месца пахаваньня невядома.


“Хартыя'97” (пераклад — J.K.), 20 лютага 2017 р.



Обновлен 20 фев 2017. Создан 08 фев 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter