Дойлідства і гісторыя Глыбокага




Магчымыя варыянты

 

Глыбокае Глубокое Glebokie Hlybokaje Glubokoje Glebokie Glebokoye Glubokoye Hlybokaye Glybokaje Glebokie

 

 

***


Глыбокае — места ў Беларусі, сярод азёраў Кагальнае і Вялікае (з апошняга выцякае рэчка Бярозаўка). Адміністрацыйны цэнтар Глыбоцкага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва 19,4 тыс. чалавек (2009 г.). Знаходзіцца за 200 км ад Віцебску, на аўтамабільнай дарозе Полацак — Вільня. Чыгуначная станцыя на лініі Каралеўшчына — Варапаева.

Глыбокае — даўняе мястэчка на мяжы гістарычных Ашмяншчыны (частка Віленшчыны) і Полаччыны. Да нашага часу тут захаваўся колішні касьцёл кармэлітаў, выдатны ўзор дойлідства віленскага барока. Іншую пэрліну гэтага стылю — царкву Сьвятых Апосталаў Пятра й Паўла пры грэка-каталіцкім манастыры ў Беразьвеччы — па апошняй вайне злачынна зруйнавалі савецкія ўлады.

На думку беларускага географа В. Жучкевіча, тапонім "Глыбокае" мае зьвязак зь мясцовым возерам[1].

Згодна з сучаснымі энцыкляпэдычнымі даведнікамі[2][3] першы пісьмовы ўспамін пра Глыбокае (двор, цэнтар маёнтку Зяновічаў) зьмяшчаецца ў Мэтрыцы Вялікага Княства Літоўскага і датуецца 1514 г. Аднак афіцыйна[4] паселішча вядзе сваю гісторыю ад 1414 г., калі яно згадваецца як зямля, што належала Зяновію Братошычу. Апошні атрымаў ад вялікага князя Вітаўта дазвол на права валоданьня спадчынай свайго бацькі.

Станам на 1556 г. Глыбокае мела статус мястэчка. Рэчка Бярозаўка падзяляла яго на 2 часткі: паўднёва-заходняя належала Зяновічам і ўваходзіла ў склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва; паўночна-ўсходняя — Корсакам і ўваходзіла ў склад Полацкага ваяводзтва. Цэнтрам паўднёва-заходняй часткі быў гандлёвы пляц з крамамі, сьвірнамі, грэка-каталіцкай царквой з плябаніяй, шпіталем; тут знаходзіўся Глыбоцкі замак. Паўночна-ўсходняя частка таксама мела ў цэнтры гандлёвы пляц, ад якога пачыналіся шляхі на Дзісну, Полацак і мястэчка Беразьвечча.

У Інфлянцкую вайну (1563—1579 гг.) маскоўскія захопнікі ўчынілі ў Глыбокім і ваколіцах значную шкоду[2]. У канцы вайны празь мястэчка праходзіла войска Стэфана Баторыя ў часе яго вызваленчых выправаў на Полацак і Пскоў.

 

У канцы XVI ст. у Глыбокім заснавалі кальвінскі збор, бібліятэку і школу; аднак у пачатку XVІI ст. на месцы збора збудавалі касьцёл Сьвятога Міхала (праіснаваў да 1650 г.). У 1628 г. пачаў дзейнічаць Траецкі касьцёл, а ў 1636 г. ваявода амсьціслаўскі і староста дзісенскі Язэп Корсак заснаваў на сваёй частцы Глыбокага касьцёл і кляштар ордэна кармэлітаў; пры кляштары дзейнічала вучэльня. У сярэдзіне XVІI ст. у мястэчку збудавалі царкву Сьвятой Тройцы (па пажары ў 1838 г. адноўленая, зноў згарэла ў 1880 г.).

З пачаткам Трынаццацігадовай вайны (1654—1667 гг.) Глыбокае захапілі маскоўскія войскі. Яны збудавалі тут невялікую драўляную фартэцыю — "острог", у якой разьмяшчалася залога. У студзені 1659 г. мястэчка вызваліў аддзел войска Вялікага Княства Літоўскага. 6 лістапада 1661 г. каля Глыбокага войскі Рэчы Паспалітай на чале з С. Чарнецкім разьбілі маскоўскіх захопнікаў пад камандай І. Хаванскага (больш за 18 тыс. чалавек), захапіўшы 6 гарматаў, вялікі запас пораху, больш за 6 тыс. павозак з правіянтам. У бітве загінула больш за 6 тыс. маскавітаў, ацалелыя ўцяклі ў Полацак[2].

У 1668 г. паўднёва-заходняя частка Глыбокага перайшла да Радзівілаў. Станам на 1702 г., паводле інвэнтару, сядзібны комплекс Радзівілаў улучаў галоўны аднапавярховы драўляны будынак, флігель, пякарню, двухпавярховы лямус з галерэямі, сьвірны, стайні, вазоўні, сажалку, ставок з вадзяным млынам, іншыя гаспадарчыя будынкі; у маёнтку налічвалася 263 двары. У XVІІI ст. у Глыбокім было 2 гандлёвыя пляцы з крамамі; пераважала драўляная аднапавярховая жылая забудова. У 1742 г. у мястэчку збудавалі сынагогу. На 1775 г. тут было 310 дамоў, у Корсакавай частцы — 100 двароў[2]. Цягам XVІІI—XІХ стст. пры кляштары кармэлітаў працавалі школа, бібліятэка, фізычны кабінет, аптэка, шпіталь; мелася 40 музыкаў. У канцы XVІІI ст. на мясцовых могілках збудавалі Ільлінскую капліцу і мэмарыяльную калёну ў гонар Канстытуцыі 3 траўня.

 

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) Глыбокае апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Дзісенскім павеце. У вайну 1812 г. году мястэчка займалі францускія войскі; тут стварылі этапны пункт, буйныя харчовыя склады. З 18 ліпеня на працягу 6 дзён у мястэчку знаходзіўся Напалеон.

За часамі вызвольнага паўстаньня ў красавіку—траўні 1831 гг. каля Глыбокага адбыліся баі з царскімі войскамі. Станам на 1861 г. у мястэчку было 212 двароў. На 1886 г. — працавалі народнае вучэльня, бровары, цагельны завод; было некалькі складоў з таварамі і прыватных крамаў; у нядзелю зьбіраліся рынкі, рэгулярна — 2 кірмашы.

З пачаткам Першай Сусьветнай вайны да Глыбокага праклалі чыгунку. На 1917 г. у выніку ваенных спусташэньняў у мястэчку засталося толькі 111 двароў. У лютым—сьнежні 1918 г. Глыбокае займалі нямецкія, а ў жніўні 1919 г. — ліпені, кастрычніку 1920 г. — польскія войскі. 5 ліпеня 1920 г. у ваколіцах мястэчка адбыліся баі савецкіх і польскіх войскаў, у якіх загінула 1,5 тыс. чалавек.Згодна з умовамі Рыскай дамовы (1921 г.) Глыбокае апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабілася цэнтрам Дзісенскага павету Віленскага ваяводзтва. Станам на 1939 г. у мястэчку працавалі цукерачная фабрыка, гарбарны завод, млын, павятовая ўправа, польская гімназія, прыватныя крамы, склады тавараў; кожны чацьвер праводзіліся базары, рэгулярна — 4 кірмашы.

У 1939 г. Глыбокае ўвайшло ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 г. атрымала статус места і зрабілася цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 2 ліпеня 1941 г. да 3 ліпеня 1944 г. места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй і было цэнтрам акругі рэйхскамісарыяту "Остлянд". Тут разьмяшчаліся ўправа акругі, нямецкі гарнізон, вайсковыя склады. Нацысты зьнішчылі ў Глыбокім і раёне 10 133 чал., у 3 лягерах сьмерці — больш за 37 тыс. чалавек.

Згодна з генэральным плянам (1967 г.) ва ўсходняй частцы Глыбокага ўтварыўся мікрараён, у заходняй сканцэнтраваліся прамысловыя прадпрыемствы. Места захавала радыяльнае плянаваньне, што склалася ў XVІІ-XVІІI стст.



Вуліцы і пляцы

Цяперашняя назва - Гістарычная назва

17 верасьня плошча - Рынак пляц
3 ліпеня вуліца - Маставая вуліца
Гагарына вуліца - Нізкая вуліца
Леніна вуліца - Віленская вуліца (частка) / Замкавая вуліца (частка)
Максіма Горкага вуліца - Генрыка Сянкевіча вуліца
Маскоўская вуліца - Докшыцкая вуліца
Піянэрская вуліца - Сялянская вуліца
Чапаева вуліца - Вярхнянская вуліца
Энгельса вуліца - Друйская вуліца[8]


Глыбокае — цэнтар турызму дзяржаўнага значэньня. З пачатку ХХ ст. зьяўляецца цэнтрам ганчарнага рамяства, г.зв. "глыбоцкай керамікі"[9].

Дзейнічае Глыбоцкі гістарычна-этнаграфічны музэй. У музэі экспануюцца матэрыялы з гісторыі краю, пра ягоных знакамітых землякоў (авіяканструктара П. Сухога, мастака Я. Драздовіча, заснавальніка беларускага тэатру І. Буйніцкага, палітыка і гісторыка В. Ластоўскага і інш.). Дзейнічае дом паляўнічага. Спыніцца можна ў мескай гасьцініцы.

 


Выдатныя мясьціны


Гаспадарчы двор Вітгенштэйнаў (XIX ст.)
Гістарычная забудова (канец ХІХ — пачатак ХХ стст.; фрагмэнты)
Забудова ў "Закапанскім" стылю (1920—1930-я гады)
Калёна ў гонар Канстытуцыі 3 траўня (канец XVІІI ст.)
Капліца могілкавая (канец XVІІI ст.)
Касьцёл і кляштар кармэлітаў (1639—1654 гг., цяпер сабор Раства Прасьвятой Багародзіцы)
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (1764—1782 г.)
Манастыр базылянаў Беразьвецкі (1756—1763 г.)
Могілкі: польскія вайсковыя, габрэйскія, "Капцёўка" (брама, калічкі — XVІІI ст.)



Страчаная спадчына


Кальвiнскi збор
Каплiца Сьвятога Язафата
Мячэт
Палац Радзівілаў (XVІІI ст.; рэшткі будынка зьнішчылі ў 2005 г.)
Сынагога (XVІІI ст.)
Царква Сьвятых Апосталаў Пятра й Паўла Беразьвецкая (1756—1763 гг.; грэка-каталіцкая)
Царква Сьвятога Мiхала (XVІІI ст.; грэка-каталіцкая)
Царква Сьвятой Тройцы (XVII ст.)



Крыніцы:


1). Жучкевич В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 72.
2). a b c d Бунто Я. Глыбокае // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г.П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 539.
3). Бунто Я. Глыбокае // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. С. 51.
4). История на Глубокский районный исполнительный комитет
5). Glebokie // Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego i innych krajow slowianskich. Tom II: Derenek — Gzack. — Warszawa, 1881. S. 600.
6). Глубокое // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В.П. Шишков. — М.: НИ "Большая Российская энциклопедия", 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
7). На Віцебшчыне зьнікла апошняя беларускамоўная гарадзкая школа // "Наша Ніва", 27 жніўня 2007.
8). Шыталь К. Тапанімічная спадчына Глыбокага. Весткі.info. Праверана 1 верасьня 2012 г.
9). Глубокое // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г.П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И.И. Пирожника. — Мн., 2007.



Літаратура:


Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г.П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.


Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Глыбоцкага раёна / Гал. рэд. Б.І. Сачанка і інш.; Маст. А.М. Хількевіч. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 1995. — 454 с.


Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.


Glebokie // Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego i innych krajow slowianskich. Tom II: Derenek — Gzack. — Warszawa, 1881. S. 599—600.


Вікіпедыя

 

 

***


Глыбокае — горад, цэнтр Глыбоцкага раёна. За 187 км на захад ад Віцебска. Чыгуначная станцыя на лініі Крулеўшчына—Варапаева, на скрыжаванні аўтадарог Полацак—Вільня і Докшыцы—Шаркаўшчына. У межах Глыбокага азёры Качальнае і Вялікае, з якога выцякае р. Бярозаўка (Беразвеч).

Па апошнім звесткам даследчыкаў гісторыі Глыбокага горад ўпершыню ўзгадваецца ў 1414 г. Раней лічыўся 1514 год, калі Глыбокае ўпаміналася ў Метрыцы ВКЛ як двор, цэнтр маёнтка Зяновічаў. Рака Бярозаўка падзяляла Глыбокае на дзве часткі: паўднёва-заходняя належала Зяновічам і ўваходзіла ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства, паўночна-ўсходняя — Корсакам і ўваходзіла ў склад Полацкага ваяводства. Цэнтрам паўднёва-заходняй часткі была гандлевая плошча з крамамі, свірнамі, уніяцкай царквой з плябаніяй, шпіталем. Тут быў пабудаваны Глыбоцкі замак. Паўночна-ўсходняя частка Глыбокага таксама мела ў цэнтры гандлёвую плошчу, ад якой пачыналіся шляхі на Дзісну, Полацк і мястэчка Беразвечча.

З XVI ст. Глыбокае — мястэчка. У 1563—79 гг. у перыяд Інфлянцкай вайны 1558—83 гг. Глыбокаму і наваколлю прычынены значныя страты маскоўскімі войскамі. У канцы вайны праз мястэчка праходзілі войскі Стафана Баторыя ў час яго паходаў на Полацак і Пскоў. У канцы XVI ст. ў Глыбокім заснаваны кальвінскі збор (у пачатку XVII ст. на яго месцы пабудаваны касцёл Святога Міхала, які праіснаваў да 1650 г.), бібліятэка і школа. З 1628 г. пачаў дзейнічаць Траецкі касцёл. У 1636 г. ваявода мсціслаўскі і староста дзісенскі І.Л. Корсак заснаваў на сваёй частцы Глыбокага касцёл і кляштар ордэна кармелітаў; пры кляштары дзейнічала вучылішча. У сярэдзіне XVII ст. пабудавана царква Святой Тройцы (пасля пажару ў 1838 г. адноўлена, зноў згарэла ў 1880 г.).

У перыяд вайны Маскоўскага царства з Рэччу Паспалітай 1654—67 гг. Глыбокае займалі маскоўскія войскі. Яны пабудавалі тут невялікую драўляную фартэцыю — "острог", у якой размяшчаўся гарнізон. У студзені 1659 г. мястэчка заняў атрад войска ВКЛ. 6.11.1661 г. каля Глыбокага войска ВКЛ на чале з С. Чарнецкім разбіла маскоўскія войскі пад камандаваннем І.А. Хаванскага (больш за 18 тыс. чалавек), захапіўшы 6 гармат, вялікі запас пораху, больш за 6 тыс. павозак з правіянтам. У бітве загінула больш за 6 тыс. маскалёў, ацалелыя ўцяклі ў Полацак. Жыхары Глыбокага мелі сваю вайсковую арганізацыю. Мяшчане былі ўзброены халоднай і агнястрэльнай зброяй. 24.7.1667 г. апалчэнне глыбачан у некалькі соцень чалавек дало адпор марадзёрам венгерскай харугвы літоўскага польнага гетмана В. Валовіча, якія не вытрымалі атакі і адступілі ад Глыбокага, страціўшы трох забітых і шмат параненых. Абаронцы Глыбокага захапілі многа мушкетаў, шабель, рознай амуніцыі і ротную казну. Мястэчка моцна пацярпела ад пажараў у 1661 г. і 1700 г. У 1668 г. паўднёва-заходняя частка Глыбокага перайшла да Радзівілаў, у XIX ст. — да Вітгенштэйнаў. Паводле інвентара 1702 г., сядзібны комплекс Радзівілаў у Глыбокім уключаў галоўны аднапавярховы драўляны будынак, флігель, пякарню, двухпавярховы лямус з галерэямі, свірны, стайні, вазоўні, сажалку, ставок з вадзяным млынам, іншыя гаспадарчыя будынкі. У маёнтку налічвалася 263 двары.

У XVIII ст. ў мястэчку дзве гандлёвыя плошчы з крамамі; пераважала драўляная аднапавярховая жыллёвая забудова (у 1775 г. налічвалася 310 дамоў, у Корсакавай частцы — 100 двароў). У 1742 г. у Глыбокім пабудаваная сінагога, у канцы XVIII ст. — Ільінская капліца на могілках. Пры кляштары кармелітаў у XVIII—XIX ст. працавалі школа, бібліятэка, фізічны кабінет, аптэка, шпіталь. Кляштар меў 40 музыкаў.

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) мястэчка Глыбокае ў складзе Дзісенскага павета. Падчас вайны 1812 г. з ліпеня да снежня Глыбокае занятае французкімі войскамі. З 18 ліпеня на працягу 6 дзён тут знаходзіўся Напалеон. Былі створаны этапны пункт, буйныя харчовыя склады. У час паўстання 1830—31 гг. у красавіку-траўні 1831 г. каля Глыбокага адбыліся баі паўстанцаў з карніцкімі войскамі. З 1842 г. паўнёва-ўсходняя частка мястэчка знаходзілася ў валоданні дзяржавы, паўднёва-заходняя заставалася прыватнаўласніцкай; Глыбокае было цэнтрам Глыбоцкай воласці. 212 двароў, 2161 жыхар (1861 г.). У 1886 г. у Глыбокім дзейнічалі народнае вучылішча, бровары, цагельны завод; было некалькі складоў з таварамі і прыватных крам; у нядзелю збіраліся базары, штогод — 2 кірмашы. Паводле перапісу 1897 г., у мястэчку 5564 жыхары. У I сусветную вайну да Глыбокага пракладзена чыгунка.

У 1917 г. тут 111 двароў, 589 жыхароў. У лістападзе 1917 г. арганізаваныя першыя саветы. У лютым—снежні 1918 г. Глыбокае акупавана германскімі войскамі. З сакавіка 1918 г. Глыбокае ў складзе БНР. У жніўні 1919 г. — ліпені 1920 г. і кастрычніку 1920 г. Глыбокае было занятае войскамі Польшчы. 5.7.1920 г. ў ваколіцах Глыбокага адбыліся баі савецкіх і польскіх войскаў, у якіх загінула 1,5 тыс. чалавек. У 1921—39 гг. мястэчка ў складзе Польшчы; цэнтр Дзісенскага павета Віленскага ваяводства. Да 1939 г. Глыбокае — мястэчка, ў якім было 9,7 тыс. жыхароў, цукерачная фабрыка, гарбарны завод, млын, павятовая ўправа, польская гімназія, прыватныя крамы, склады тавараў. Кожны чацвер праводзіліся базары, штогод — 4 кірмашы. З канца 1939 г. у складзе БССР, з 15.1.1940 г. горад, цэнтр Глыбоцкага раёна. У II сусветную вайну з 2.7.1941 г. Глыбокае акупавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Горад быў ператвораны ў цэнтр акругі рэйхскамісарыята "Остланд". Тут размяшчаліся ўправа акругі, нямецкі гарнізон, вайсковыя склады. Акупанты знішчылі ў Глыбокім і раёне 10 133 чалавек, у 3 лагерах смерці — больш за 37 тыс. чалавек, у т.л. ў Беразвецкім лагеры смерці звыш 27 тыс. савецкіх і італьянскіх ваеннапалонных. Горад вызвалены 3.7.1944 г. 

7,3 тыс. жыхароў у 1959 г., 11,9 тыс. жыхароў у 1970 г. 17,9 тыс. жыхароў у 1992 г.

Горад захаваў радыяльную планіроўку са свабодным унутрыквартальным размяшчэннем вуліц, якая склалася ў XVII—XVIII ст. Зберагліся будынкі XVIII—XIX ст.: буйнейшыя дойлідскія комплексы — касцёл і кляштар кармелітаў (1639—54 гг.), Траецкі касцёл (1764—82 гг., перабудаваны ў 1902—08 гг.), фрагменты забудовы XIX — пачатак XX ст. На могілках Капцёўка знаходзяцца Ільінская капліца і мемарыяльная калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 г. (абедзве канца XVIII ст.). У межы сучаснага Глыбокага ўвайшоў комплекс Беразвецкага базыльянскага манастыра (XVIII ст.), у карпусах якога размяшчаецца турма.


Крыніца:


Яззп Бунто
Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.3.
Менск, "Беларуская Энцыклапедыя", 1996

 

 

Забудова ў "Закапанскім" стылю


Гістарычная і культурная спадчына Глыбокага не абмяжоўваецца касцёлам Святой Тройцы, Кафедральным саборам, Беразвецкім манастыром і вежай у гонар Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 3 траўня 1791 г. На вуліцах Вольнай, Камсамольскай, Камуністычнай, Менскай і ў Беразвеччы існуюць цэлыя кварталы, якія забудаваны ў 1920-30-ыя гады у гэтак званым "закапанскім стылі". 

Мы часта забываем, што багатую гісторыю Глыбокага, якая за свае амаль 600 гадоў пісанай гісторыі знаходзілася ў складзе розных дзяржаў, стварала не адно пакаленне яго жыхароў. Тэма нашага апавядання — таксама частка гісторыі горада. 

Пачатак другога дзесяцігоддзя ХХ ст. стаўся вырашальным у лёсе Глыбокага і Дзісны. Па Рыжскай мірнай дамове мяжа паміж адроджанай Польскай дзяржавай і Савецкім Саюзам прайшлася па Дзвіне. Палякі не сталі рызыкаваць. Суседства — надта ж небяспечнае. Пакінуўшы былую назву павету — Дзісенскі — сталіцу перанеслі ў Глыбокае. Як пісаў Міхась Машара: "... Дзісна пачала глохнуць і занепадаць, на яе брукаваных вуліцах пачаў расці падарожнік і трыпутнік. А Глыбокае стала буйным гандлёвым пунктам на Усходніх Крэсах..." Вось так Дзісна, горад, гісторыі якога ў шматлікіх выданнях заўсёды надавалася некалькі старонак, а Глыбокаму — дзесятак радкоў, стаўся заштатным. І, здаецца, канчаткова, бо і сёння Дзісна ўсяго — невялікае паселішча са статусам горада ў Мёрскім раёне. Але размова не аб гэтым. 

Былое валасное мястэчка Глыбокае, якое раптам стала сталіцай разлеглага павету, прыхапіўшы сабе тэрыторыі сённяшніх Глыбоцкага, Докшыцкага (без Бягомля), Шаркоўшчынскага і Мёрскага раёнаў ды і саму Дзісну, адчула недахоп жылога фонду для новай польскай адміністрацыі. Для староства падыйшлі былыя кармеліцкія муры (руіны кляштара, якія сёння можна бачыць побач з царквой), жыллё ж прыйшлося будаваць. 

У Глыбокім і да сёння захавалася каля трох дзесяткаў дамоў, якія ўзведзены ў 1926—30-ыя гг. у гэтак званым "закапанскім стылі". Іх можна сустрэць на вул. Вольнай, Камсамольскай, Камуністычнай, Менскай, Маякоўскага і ў Беразвеччы. І тут будзе да месца згадаць перадгісторыю з’яўлення гэтага стылю ў Глыбокім. 

У 1896—97 гг. на стромым схіле над Закапанэ была пабудавана віла для Яна Гвалбэрта Паўлікоўскага. Творцам праекту быў Станіслаў Віткевіч (1851—1915 гг.), пісьменнік, мастак, тэарэтык мастацтва. Ён быў стала звязаны з Закапанэ, спрычыніўся да яго прамоцыі ў свеце артыстычным. У яго літаратурнай творчасці пераважалі прыродныя матывы. Маляваў сцэны паўстанняў, партрэты і краявіды, галоўным чынам — татраньскія. Прапагандыст рэалізму, са схільнасцямі да імпрэсіянізму. 

Месца для будовы вілы С. Віткевіч выбіраў асабіста. З пабудовай гэтай вілы і бярэ пачатак "закапанскі стыль". Будынак атрымаў у гістарычнай літаратуры назву "Дом пад Піхтамі" ("Dom pod Jedlami"). Імя паходзіць ад вялікіх піхтаў, якія колісь раслі ля месца будоўлі ў заходняй частцы саду. Дзякуючы высокаму падмурку (у самай высокай частцы — да 4 м.) віла набыла выгляд мініяцюрнага замка і да сёння лічыцца прыгажэйшым будынкам у "закапанскім стылі". Зараз, як і раней, дом належыць роду Паўлікоўскіх. "Закапанскі стыль" стаўся папулярным у Польшчы. Былі пабудаваны не толькі вілы, жылыя дамы, але касцёлы і капліцы. 

Вернемся ў 1920-ыя гг. Стаўшы сталіцай павету, Глыбокае пачало значна расці, з’явілася шмат новых вуліц. Аднак, якім было мястэчка Глыбокае да прыходу польскай адміністрацыі? Некалькі двухпавярховых жыдоўскіх камянічак у цэнтры паселішча і два велічных храмы ў стылі "віленскага барока". У астатнім — сотні звычайных, сціплых дамоў з традыцыйнымі двухсхільнымі дахамі, якія накрыты гонтай. Тое, што звычайна клічуць "шэраговай забудовай". Тысячы вёсак, малых гарадоў і мястэчак мелі і маюць сёння такі аднастайны і пануры выгляд. І вось на новых вуліцах з’яўляецца нешта незвычайнае, "татраньскае" — вялікія дамы на высокіх падмурках з чэсанага камення, спічастыя стрэхі, пакрытыя металадахоўкай, на франтонах — стылізаваная выява сонца, вялікія вокны з аканіцамі. Побач з’яўляюцца пасадкі з ўжо надта экзатычнымі ў тутэйшым краі дрэвамі — лістоўніцамі, піхтамі і блакітнымі ялінамі. Чым не татраньскі краявід? На Кракаўскай вуліцы (цяпер Савецкая, дамы № 57, 59) у 1922 г. была ўзведзена адмысловая пабудова — "прыстань на возеры Беразвецкім". Яна сталася адным з сюжэтаў для глыбоцкіх паштовак выдання 1920—30-ых гг. Гэта была, фактычна, лодачная станцыя з пляжам, спартыўнымі пляцоўкамі, у святочныя і выходныя дні там граў духавы аркестр, адбываўся ўрачысты провад юнакоў у войска. Да сённяшняга дня захаваліся цокальныя паверхі (вышынёй да 4 м) з чэсанага камення і арачнымі ваконнымі ліштвамі з чырвонай цэглы. Верхняя частка будынкаў, са шпілем над дахам, была разабрана ў сярэдзіне 1950-ых гадоў, і цяпер на іх месцы знаходзяцца пазнейшыя жылыя пабудовы з белай цэглы. 

Аўтар гэтага матэрыялу прыйшоў да высновы, што папулізатарам "закапанскага стылю" ў Глыбокім быў Юлюш Клос (1881—1933 гг.), дойлід, прафесар Віленскага універсітэта, даследчык помнікаў дойлідства. Ю. Клос неаднаразова наведваў Глыбокае, паводле яго фотаздымкаў выдадзена некалькі паштовак з відарысамі Глыбокага і Беразвечча. Пахаваны ў Вільні на цвінтары Роса. 

Па яго праектах у 1920-ыя гг. забудоўваўся Браслаў ("калёнія для ўраднікаў", 1926 г.), яму належыць праект касцёла ў "закапанскім стылі" Маці Божае Анёльскай у Мяжанах (Браслаўскі раён, 1928 г.). (На жаль, драўляны касцёл нядаўна згарэў і адноўлены ў іншых формах.). Браслаўскія дамы Клоса ідэнтычныя глыбоцкім па вул. Вольнай і Камсамольскай, што дзве кроплі вады. Гэта, як прынята цяпер казаць, прыклад "тыповага будаўніцтва". 

Дамы ў "закапанскім стылі" можна сустрэць па ўсёй паўночна-заходняй Беларусі. Гэта той абшар, які колісь называлі Віленшчынай. Акрамя Браслава і Глыбокага, дамы ў "закапанскім стылі" можна сустрэць яшчэ ў Шаркоўшчыне, Падсвіллі, нават у лясах Пастаўшчыны, як тая леснічоўка на возеры Баравым. 

Наколькі меў адносіны да праектавання і ўзвядзення ўсіх гэтых, вышэй згаданых аб’ектаў, непасрэдна Юлюш Клос, сказаць, на адлегласці часу, цяжка. Гэта маглі быць і яго паслядоўнікі. Аднак на працягу доўгіх часоў кварталы дамоў у "закапанскім стылі" надавалі вуліцам Глыбокага і Браслава своеасаблівы рамантызм. Гэта цяпер у Глыбокім пад 150 вуліц, а не два дзесяткі, як восем дзесяцігоддзяў таму. Яны сёння проста "растварыліся", згубіліся у гэтым моры. Час прынёс свае карэктывы. У апошнюю вайну Глыбокае моцна пацярпела ад пажараў. Засталіся некранутымі дамы на ўскраінах. Сярод іх і тыя, якія пабудаваў Клос. Па словах старажылаў, гэты жылы фонд дастаўся чыноўнікам савецкай адміністрацыі Глыбокага, якую складалі ў асноўным ураджэнцы з глыбіннай Расеі. Зразумела, у 1944 годзе, праз 5 гадоў пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР, адносіны да нядаўняй польскай спадчыны былі адпаведныя. Ды і не маглі гэтыя дамы за такі кароткі час быць прызнаныя як помнікі дойлідства. Было праведзена ўнутранае перапланаванне будынкаў: дамы, якія былі разлічаны на пражыванне дзвюх сем’яў (вул. Вольная, Камсамольская), ператварыліся ў васьмікватэрныя. Значныя перабудовы, якія працягваліся да апошніх часоў, моцна змянілі знешні выгляд будынкаў. Няма газонаў з кветнікамі, дзе раслі ружы — іхняе месца занялі хлявы, гаражы, цяпліцы і гароды. Шалёўку дамоў абклалі муроўкай з сілікатнай цэглы, металадахоўку замянілі на шыфер, знішчаны шматлікія элементы дэкору. 

Квартал дамоў па вул Вольнай і Камсамольскай у Глыбокім у 1930-ыя гг. па аповядах сталых жыхароў меў нават свой лакальны вадаправод і каналізацыю. Была праведзена меліярацыя тэрыторыі, што дазваляла мець сухія падвалы пад будынкамі. За апошнія дзесяцігоддзі ў сувязі з правядзеннем розных будаўнічых работ, якія былі звязаны з капаннем траншэй, дрэнажная сістэма аказалася парушанай і ўзніклі праблемы з утрыманнем падвалаў у сухім выглядзе. Мне часта трапляюцца ў рукі розныя польскія турыстычныя даведнікі. Помнікі дойлідства ў "закапанскім стылі" там сустракаюцца не рэдка. Ствараецца ўражанне, што палякі ганарацца гэтым стылем не менш, чым беларусы клёцкамі і дранікамі, а ўкраінцы салам. Зрэшты, ганарыцца ёсць чым. У адроджанай польскай дзяржаве, свядома ці не, "закапанскі стыль" стаўся тым злучнікам, які нівіліраваў "ад мора да мора" розныя па прыродзе, ландшафту, гісторыі, культуры і мове тэрыторыі: Татраньскія горы, раўніны сярэдняй Польшчы, балоты Палесся і азёрна-пагоркавыя абшары Глыбоччыны, Пастаўшчыны і Браслаўшчыны ў нейкі новы агульны вобраз дзяржавы канца ХІХ — першай траціны ХХ ст. 

Сёння, як ніколі, расце цікавасць да мінулага нашай краіны. Штотыдзень у Глыбокім можна сустрэць экскурсійныя аўтобусы. Вельмі шмат моладзі. Едуць, звычайна з Менска, Віцебска, Полацка і Наваполацка... Часам я выконваю іх просьбы — пабыць у ролі гіда. Што цікавіць турыстаў у Глыбокім? Дом рамёстваў, гісторыка-этнаграфічны музей, дэндрасад, касцёл Святой Тройцы, касцёл і кляштар кармелітаў босых, калона ў гонар Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 3 траўня 1791 г. , затым — паездка ў Мосар. Асобныя групы едуць яшчэ ў Задарожжа, дзе ў тутэйшым касцёле хрышчоны Вацлаў Ластоўскі, ды Празарокі, да помніка і ў школьны музей бацькі беларускага тэатра Ігната Буйніцкага. Пабудовы Ю. Клоса пакуль што не ўключаны ў ніводны турыстычны маршрут. Не маюць яны таго рэпрэзентатыўнага выгляду. 

Шкада, што часовыя цяжкасці эканамічнага плану ў краіне не дазваляюць яшчэ ўзяцца на поўніцу за развіццё турыстычнага бізнесу. Глыбокае магло б стацца своеасаблівым беларускім Казіміжам-Дольным (папулярны ў турыстаў польскі гарадок), ці тым жа Глыбокім над Влтавай (Чэхія). Дамы, пабудаваныя Ю. Клосам у "закапанскім стылі", маглі б заняць сваё адметнае месца ў турыстычных маршрутах па Глыбоччыне. Верыцца: яно так некалі і будзе.


Уладзімір Скрабатун
"Вольнае Глыбокае", 2004 г.



Сабор Нараджэння Прасвятой Багародзіцы


Касцёл пры кляштары кармелітаў босых у мястэчку Глыбокае вядомы тым, што пасля перабудовы ў 1735 г. ён стаў адным з першых узораў новай дойлідска-стылявой плыні — віленскага барока. Але ў сваім аўтэнтычным варыянце ён з’яўляецца адным з найбольш цікавых узораў "сармацкага" барока. 

Фундацыі кляштара кармелітаў босых і касцёла Сэрца Езуса ў Глыбокім ажыццёўлены ў 1636, 1639, 1640 і 1642 гг. тагачасным уладальнікам часткі мястэчка ваяводам мсціслаўскім і старастай дзісенскім Язэпам Корсакам, які ў завяшчанні (1643 г.) перадаў ордэну сваю ўласнасць. Вядома, што касцёл пачалі будаваць яшчэ пры жыцці фундатара (пахаваны ў яго крыпце, у адной з ніш надпіс на лацінскай мове: "Тут спяць у міры косці вяльможнага фундатара, душа яго — на небе"), а завяршылі, як лічаць, да 1654 г. 

Падчас маскоўскай навалы ў сярэдзіне XVII ст. Глыбокае доўгі час было занятае маскалёўскім войскам. У 1661 г. пад ім адбылася грандыёзная бітва паміж літоўска-польскім войскам на чале з С. Чарнецкім і маскалямі — на чале з І. Хаванскім, і мястэчка было спаленае. Яно моцна пацярпела таксама ад пажару ў 1700 г. Усе гэтыя калізіі адбіліся на часе пабудовы касцёла і яго дойлідскай стылістыцы. 

Глыбоцкі касцёл кармелітаў уяўляе сабою трохнефавую базіліку з трансептам, прастакутным прэсбітэрыем і сіметрычнымі сакрыстыямі, дзе ўсе аб’ёмна-прасторавыя часткі дакладна ўкампанаваныя ў строга прастакутную планавую схему, як і ў храмабудаўніцтве дамініканцаў. Да плоскай алтарнай сцяны прылягае адзін з карпусоў кляштара, які, безумоўна, будаваўся адначасова з касцёлам, бо над ім узведзеныя прызматычныя чацверыковыя вежы з пакатымі шатрамі, якія фланкіруюць алтарную частку касцёла, завершаную трохкутным франтонам. Стылістыка алтарнай часткі цалкам адпавядае "сармацкаму" барока. Такія ж вежы першапачаткова фланкіравалі і галоўны фасад касцёла, ствараючы агульную чатырохвежавую кампазіцыю збудавання, якую звычайна генетычна звязваюць з абарончымі храмамі беларускай царкоўнай готыкі. Мы ж бачым тут свядомую імітацыю сярэднявечнага рыцарскага замка. 

Каля 1735 г. галоўны фасад касцёла перабудаваны ў стылі позняга барока (дойлід І.К. Глаўбіц?). Ніжні ярус акцэнтаваны багата дэкарыраваным уваходным парталам з драўлянымі разнымі дзвярамі і бакавымі нішамі, завершанымі конхамі. Гэты ярус аддзелены ад другога антаблементам, над ім шырокі крапаваны франтон. У разрыве франтона знаходзіцца акно, дэкарыраванае пластычным парталам, які значна выступае з плоскасці фасада. Другі ярус рэльефна раскрапавапы пілястрамі, бакавыя часткі скругленыя. Трэці ярус — атыкавы франтон са складаным завяршэннем. Над масіўнымі ніжнімі чацверыкамі старых вежаў узвялі некалькі ярусаў, якія скарачаюцца ўгору па вышыні і па памерах плана. Такая "тэлескапічная" структура візуальна надае вежам асаблівую стромкасць і ўзнёсласць. Формы вежаў і франтоны паміж імі набылі пластычнасць і ажурнасць, дзякуючы фігурным абрысам праёмаў, шматлікім раскрапоўкам, слаістым пілястрам, разарваным і хвалістым карнізам. У 1735 г. перад храмам пастаўлена барочная трохарачная двухярусная мураваная брама. Касцёл нанава кансекраваны суфраганам віленскім Мацеем Анцутам. 

Інтэр’ер храма захаваў аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю з XVII ст. Над бабінцам — хоры. Скляпенні цыліндрычныя з распалубкамі. У 1735 г. інтэр’ер атрымаў новае, адзінае з галоўным фасадам ордэрнае афармленне. Сцены і слупы нефаў раскрапаваны пілястрамі і шырокімі карнізнымі паясамі, якія багата дэкарыраваны раслінным арнаментам з матывамі стылізаваных лістоў аканта, гарэльефнымі выявамі галовак анёлаў. Скляпенні дэкарыраваны ляпным геаметрычным арнаментам (плафоны і абрамленні рэбраў распалубак). На скляпеннях і часткова на сценах былі фрэскавыя размалёўкі (пакрыты пластом тынкоўкі дры пераабсталяванні касцёла ў царкву). Над антаблементам па ўсім перыметры будынка праходзіць галерэя, абнесеная металічнай рашоткай з арнаментам. 

Двухпавярховы кляштар кармелітаў, "у квадрат мурованы", акрамя манаскіх келляў меў канвікт, школу "свецкую", бібліятэку на 2500 тамоў, шпіталь, аптэку са складам лекаў, лабараторыю і комплекс гаспадарчых памяшканняў. 

Кляштар зачынены ў 1865 г., а ў 1892 г. разабраныя два яго крыла. Пераасвячоны епіскапам Ковенскім праасвяшчэнным Уладзімірам 3.9.1878 г. ў праваслаўную Свята-Раства-Багародзіцкую царкву, кляштарны корпус перададзены гарадской паліцэйскай управе. Асвяшчэнню царквы папярэднічала перабудова былога касцёла адразу пасля 1863 г. на асігнаваную ўрадам суму ў 27 тыс. рублёў срэбрам. Над дахам на перакрыжаванні цэнтральнага нефа з трансептам узвялі несапраўдны купал з цыбулепадобнай галоўкай (згарэў у 1944 г. разам з верхнімі ярусамі вежаў). 

Дарэчы, глыбоцкі касцёл — адзіны з помнікаў "сармацкага" барока, які мае трансепт. Цікава, што ён размешчаны дакладна пасярэдзіне вонкавай кампазіцыі збудавання, што пры наяўнасці чатырох аднолькавых вежаў па кутах надавала люстэркавую сіметрыю не толькі тарцовым, але і бакавым фасадам. Папарна роўнаканцовы крыж у верхнім сячэнні храма адзначаны ў інтэр’еры купалам на сяродкрыжжы, "схаваным" звонку перакрыжаванымі дахамі. У 1921 г. касцёл вернуты каталікам. У 1932 г. рэканструяваны. Зараз у ім праваслаўная царква Раства Багародзіцы. 

Мастацтвазнаўчы аналіз паказвае, што ў архітэктоніцы касцёла, безумоўна, закладзеная эстэтычная канцэпцыя барока, але перапрацаваная ў кантэксце сарматызму. Акрамя дэкаратыўна-знакавай сістэмы, уласцівай ідэалогіі тагачаснага грамадства, саслоўнай атрыбутыкі, выяўленай у данатарскіх партрэтах, гербах, надпісах, пэўнаму колу помнікаў каталіцкага храмабудаўніцтва характэрны эмблематызм кампазіцыйных схем, традыцыяналізм дойлідска-мастацкіх прыёмаў. Храм эпохі "сармацкага" барока пераўтвараецца ў сімвал хрысціянскага рыцарства яго фундатара, матэрыяльным увасабленнем яго заслуг перад Богам і Айчынай.


Крыніцы:

Т.В. Габрусь
Мураваныя харалы
Менск, "Ураджай", 2001

А.М. Кулагін
Каталіцкія храмы на Беларусі
Менск, Беларуская Энцыклапедыя, 2000

С.Г. Багласаў
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобл.
Менск, 1985

 

 

***

 

Кармелитский храм в Глубоком (XVII—XVIII вв.) не укладывается в обычные типы построек: первоначально он строился в виде двухбашенной трехнефной базилики, затем был значительно расширен и получил в углах противоположного фасада ещё две башни (архитектор Ян Крнстоф Глаубиц, 1735 г.). Он превратился в симметричную композицию с развитым силуэтом, рассчитанным на восприятие со многих точек. Замысел достройки двух башен, возможно, берёт своё начало от четырехбашенных храмов Беларуси и Литвы XV—XVII вв. Однако новая постройка только условно перекликается со старыми храмами, в которых башни выполняли прежде всего оборонные функции. Глубокский костёл представляет собой весьма своеобразный тип культового здания, так как четырехбашенные храмы даже в общеевропейском масштабе встречаются в период барокко очень редко.


Крыніца:
В.А. Чантурия
История архитектуры Беларуси. Том 1 (дооктябрьский период)
Издание третье, переработанное и дополненное
Менск, "Вышэйшая школа", 1985

 

 

Наполеон был очарован


...Наполеон поправил треуголку и, ещё раз оглянувшись на покидаемое им временное пристанище, вздохнул: "Сожалею, что не могу взять его с собою в Париж. Нотр-Дам не стыдился бы такого соседства!.."

Слова эти были сказаны Бонапартом у нас, в Беларуси, в местечке Глубокое, где французский император провел несколько дней летом 1812 года. А такое восхищение вызвал у него Собор Рождества Пресвятой Богородицы, который, впрочем, в то время назывался совсем по-другому. Сегодня Глубокский собор — один из крупнейших православных храмов нашей страны (вмещает до трех тысяч человек) и самый ранний памятник виленского барокко в Беларуси.

История его восходит к 1639 году. В то время местечко было разделено рекой Березовкой на две части. Одна из них принадлежала роду Зеновичей, второй владели Корсаки. И именно последним мы обязаны тем, что и сегодня можем любоваться великолепными архитектурными памятниками Глубокого. Иосиф Корсак, воевода Мстиславльский и староста Дисенский, основал здесь Троицкий костёл и костёл Успения Богородицы с монастырем ордена кармелитов (основные достопримечательности города, стоящие на одной площади "лицом" друг к другу).Судьба Троицкого костёла довольно проста: во второй половине XVIII века на месте старого деревянного здания появилось новое, а в начале XX столетия оно было ещё раз перестроено. Второму храму повезло меньше — за свое долгое существование он успел побывать костёлом Успения Богородицы, церковью Рождества Богородицы, а сегодняшний день встречает собором Рождества Пресвятой Богородицы. Монастырь кармелитов был закрыт после подавления восстания 1863-1864 годов, в котором монахи-кармелиты принимали активное участие — укрывали повстанцев и лечили раненых, хранили в подземельях оружие.

Костёл, который так поразил воображение Бонапарта, в 1878 году надстроен центральным куполом, внутри были уничтожены уникальные фрески. Два из трех жилых крыла монастыря были проданы за 390 рублей на кирпич. Вместе с обителью закрылись существовавшие при ней школа, аптека, госпиталь. В память о первых владельцах собора нам осталась только известная всей Беларуси глубокская сгущёнка — именно монахи-кармелиты придумали увеличивать срок хранения молока, добавляя в него сахар и обрабатывая по определенной технологии.


"ВаБанк" № 80, 11.10.2012



Касцёл Святой Тройцы

 

Каталіцкая парафія была заснавана ў мястэчку Глыбокае ваяводам мсціслаўскім Язэпам Корсакам у 1642 г., адначасова з кармеліцкім кляштарам, пабудаваным ў стылі "сармацкага" барока і перабудаваным (адным з першых) у стылі віленскага да 1735 г. 

Парафіяльны Троіцкі касцёл у Глыбокім быў закладзены насупраць касцёла кармелітаў босых ў 1764 г. і кансекраваны ў 1783 г. біскупам Пятром Тачылоўскім. Першапачаткова касьцёл меў аднанефавую структуру з хвалістым дзвюхвежавым фасадам. Франтальная выява аўтэнтычнага галоўнага фасада гэтай познебарочнай святыні адлюстравана на фотаздымку пачатку XX ст. 

Пластычнае вырашэнне яго ніжняй часткі дастаткова тыповае ў параўнанні з іншымі святынямі таго часу. Адметным было завяршэнне фасада ў выглядзе роўнавысокіх атыкавага франтона і бакавых вежаў, накрытых пукатымі купаламі. Вежы мелі ўсяго адзін ярус вышэй цягі антаблемента, што надавала прапорцыям фасада пэўную прысадзістасць. Аднак па яго паверхні струменіўся сапраўдны дождж вертыкальных ліній, нагадваючы тэатральную заслону, за якой хаваўся аднанефавы храм невялікіх памераў. 

Калі ў 1878 г. суседні касцёл кармелітаў быў пераасвячоны ў праваслаўную царкву Раства Багародзіцы, узнікла патрэба пашырыць парафіяльны касцёл Святой Тройцы. Пасля яго рэканструкцыі ў 1902-1908 гг., ажыццёўленай дойлідам Ю. Заро, застаўся толькі прыгожы барочны фасад папярэдняй святыні, над якім узведзены верхнія ярусы вежаў тэлескапічнай будовы (удала карэкціруе яго аптычнае ўспрыманне). 

За вузкай пласцінай фасада-нартэкса цалкам нанава ўзведзена трохнефавая крыжовая базіліка са "свабодным" трансептам і выцягнутай апсідай прэсбітэрыя, завершанай фігурным франтонам над паўкруглай алтарнай сцяной. У верхнім сячэнні збудаванне мае форму лацінскага крыжа і ўвасабляе ідэю "ўзорнай" каталіцкай святыні часоў Рэчы Паспалітай, надзвычай прафесійна імітуючы стылістыку віленскага барока. 

Са старога касцёла ў новы перанесены тры познебарочныя драўляныя алтары. Архітэктанічная кампазіцыя галоўнага з іх вырашана ў ніжнім ярусе дынамічна згрупаванымі калонамі карынфскага ордэра з інтэнсіўна раскрапаваным антаблементам, упрыгожана велічнымі рухавымі скульптурамі апосталаў Пятра і Паўла і завершана "Глорыяй". У той жа час мастацкае вырашэнне арганаў мае рысы неаготыкі.


Крыніца:

Т.В. Габрусь
Мураваныя харалы
Менск, "Ураджай", 2001



Обновлен 17 окт 2012. Создан 16 окт 2012



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter