Сяргей Пясэцкі — Аўтаданос (Autodenuncjacja)

Біяграфія, якую напісаў пра сябе Сяргей Пясэцкі



Па загадзе свайго выдаўцы я мусіў неадкладна паслухмяна і з пашанай напісаць гэтую біяграфію. Так як у мяне выпрацавалася хранічная антыпатыя да выдаўцоў і кракадзілаў - яны розняцца толькі колькасцю, чысцінёй і відам зубоў, але не апетытам, - то напішу так, каб ён не меў вялікага пажытку. Зрэшты, такому матэрыялісту як я нават міргнуць задарма не хочацца. Стоп.

Нарадзіўся я даволі даўно. Як гэта адбывалася, не памятаю, таму хлусіць не буду. А да ніводных дакументаў - пасля асваення спосабаў практычнай і мастацкай іх падробкі - не маю даверу. Магчыма, што гэта сталася 1 чэрвеня 1899 году (насамрэч 1901). Гэтак прынамсі сцвярджалі суддзі і пракуроры, нясціпла разглядаючы мае добрыя якасці і недахопы на даволі шматлікіх судовых разбіральніцтвах, чым чынілі мне вялікую прыкрасць, бо я вельмі скромны і не люблю рэкламавання. Калі гэта так, дык на дадзены момант мне 48 год, выглядаю я на 38, пачуваюся на 28, а паводжу сябе, быццам мне 8. Стоп.

Вучыўся я вельмі дрэнна. Бадай што зусім не вучыўся. Паводзіў сябе яшчэ горш. Тата заўсёды сцвярджаў, што скончу я дрэнна. А так як таты і старыя цёткі не могуць не мець рацыі, дык сталася так, як прадракалі: я зрабіўся пісьменнікам. А гэта, верагодна, невылечна. Мараль адсюль вынікае наступная: не звяртаў увагі на кнігі ў школе - цяпер у пакаранне мушу сам іх пісаць. Адзінае, што ратуе мяне ад ганьбавання старымі сябрамі, гэта тое, што раблю я гэта, жадаючы зарабіць. Стоп.

Характар у мяне надзвычай зменлівы. Неахвотна і з сорамам прызнаюся ў гэтай хібе. Напрыклад: у дзяцінстве я вельмі не любіў гарэлку і дзяўчатак. Гарэлка была для мяне нясмачнай, а дзяўчаты раздражнялі мяне своеасаблівай фігурай - як каты, сабакі. Пазней я ўпадабаў і тое, і другое, хоць абодва гэтыя ласункі ўчынялі мне неаднойчы шмат клопату. Стоп.

Мой тата меў вельмі дзіўную прафесію: высылаў чужыя лісты і тэлеграмы - як начальнік паштовага аддзялення. Гэта быў надта нудны занятак, і я як добры сыночак - каб гэта ўраўнаважыць - учыняў розныя авантуры. Калі яны былі асабліва цікавыя, судовыя і паліцэйскія ўлады садзілі мяне ў вязніцу, і там я мог адпачываць, не клапоцячыся ні аб чым. Гэтая забава так падабалася суддзям, што ў 1926 годзе мяне пасадзілі ў турму на 15 год. Я лічыў гэта надмернай велікадушнасцю і некалькі разоў спрабаваў сціпла ўхіліцца ад гэтага і звольніць турму ад цяжару майго ўтрымання. Урэшце мяне паслалі для ўнясення разнастайнасці ў асабліва цікавую турму на Святы Крыж, якая стаіць на вяршыні Лысай Гары і лунае ў аблоках. Там, каб яшчэ больш надакучыць сабе, я напісаў аповесць, якая невядома чаму набыла вялікую папулярнасць, таксама была перакладзена на шмат моваў. Гэта было ўжо зашмат і 2 жніўня 1937 году начальнік турмы загадаў мне ісці прэч, хоць - калі б я аповесці не напісаў - мог бы жыць там бесклапотна яшчэ 4 гады. Гэта адбылося праз 11 год знаходжання там, калі я ўжо да ўсяго прызвычаіўся. Для арыентацыі пазначу, што цяжэй за ўсё правесці ў вязніцы першыя 10 год. Я мусіў пакінуць турму і зноў пачаць турбавацца пра сваё існаванне. Стоп.

Мае палітычныя погляды былі калісьці наступнымі: біць белых, пакуль не пачырванеюць, а чырвоных - пакуль не пабялеюць. Але аказалася, што чырвоныя былі заўсёды чорнымі, а белыя - ружовымі. Таму я лічыў, што трэба чырвоных пабяліць. Я рабіў гэта заўсёды даволі старанна, бо не зношу чыйсьці хвальбы... дастаткова з мяне маёй. Стоп.

Я ўмею рабіць шмат прыдатных рэчаў: жангліраваць, хадзіць на руках, варушыць вушамі, языком даставаць да носа - і гэтым надзвычай ганаруся. З менш цікавых: шпіёніць, займацца кантрабандай і шмат іншых, якіх не хачу з-за прыроднай сціпласці ўспамінаць. Не займаюся зараз гэтым, бо судовыя ўлады ў адносінах да мяне праявілі адсутнасць пачуцця гумару. У пакаранне я пазбавіў іх добрага кліента. Раней маёй асобай цікавіліся: паліцыя, разведчыкі, суддзі, пракуроры, пагранічнікі. А цяпер толькі выдаўцы і рэпарцёры. Выдаўцы існуюць дзеля таго, каб стрыгчы аўтара і чытача. Робяць гэта беспакарана - калі не чытаюць таго, што выдаюць. А рэпарцёры існуюць дзеля таго, каб задаваць дурныя пытанні. Адзін, напрыклад, спытаў мяне падчас інтэрв'ю: "Што б Вы, спадар, зрабілі, каб Вас заставілі на ноч у банку, дзе б была адчынена незгаральная шафа, поўная грошай?". Я яго ўважліва агледзеў і адказаў абсалютна сур'ёзна: "Я б цэлую ноч не спаў і пільнаваў, каб Вы, спадар, не прабраліся ў банк". Стоп.

Аповесці я пішу з агідай да гэтай нуднай справы. Не прачытаў яшчэ ніводнай з іх - праз ляноту. Крытыкі адзінадушна называюць мае кнігі "немаральнымі". Таму я лічу, што кнігі мае могуць чытаць не крытыкі, а людзі з моцнымі маральнымі прынцыпамі альбо тыя, якія не маюць аніякіх. Лістоў пісаць таксама не люблю... з выняткам "любоўных". Гэтыя пішу пад кальку: у дзесяці экземплярах, а потым - па меры патрэбы - стаўлю даты і адрасую. Таму бібліёграфы пасля маёй смерці не будуць мець вялікай пацехі з майго "сардэчнага" пісьменства. Стоп.

Я паляк, гэта значыць: грамадзянін краіны, якая спрадвеку змагалася за вольнасць шматлікіх народаў і таму на працягу вякоў яе раздзіралі, прадавалі, выдавалі і нішчылі. Зараз яна пад уладай дзяржавы, якую яшчэ Ленін назваў "вязніцай народаў", якая імкнецца і зараз, каб муры гэтай вязніцы ахапілі ўвесь свет. Стоп.

Зараз я жыву ў горадзе, у якім жыве ў купе столькі людзей, колькі ў Літве, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі і Нарвегіі разам. Таму тут цесна і нудна. Горад гэты называецца Лондан. Жывуць тут: англічане, паліцыянты і я. Англічане праўдападобна размаўляюць па-ангельску, бо я іх зусім не разумею і падазраю, што і яны сябе не разумеюць. Напрыклад, з адным з іх я "размаўляў" дзве гадзіны, выкарыстоўваючы толькі тыя - вядомымі мне - выразы: так... не... і ох! Гэтага мне хапіла. Дзеелася то, праўда, у "публічным доме" - не ўсміхайцеся: у размоўнай мове гэта БАР. Мы паціснулі рукі на развітанне - што англічане робяць у якасці выключэння - і абмяняліся адрасамі. Праз два дні я атрымаў ліст, у якім сцвярджалася, што я надзвычай прыемны суразмоўца і распавядаю вельмі цікавыя "story". Лічу гэта найвялікшым камплементам, які я калі-небудзь атрымліваў. Паліцыя замест таго, каб канкурыраваць альбо супрацоўнічаць са злачынцамі і атручваць жыццё грамадзянам - як гэта дзеецца ў іншым месцы - апякае іх, ахоўвае дзяцей ад здарэнняў і вельмі паслухмяна, дакладна і ахвотна інфармуе тых, хто аб гэтым просіць. А я... пішу аповесці, узбагачаю выдаўцоў і чакаю: калі д'ябал - усё роўна якога колеру - перадушыць нарэшце бальшавікоў, каб магчы вярнуцца ў Польшчу, якую люблю больш за ўсё. Стоп.

Аповесцяў маіх выдадзена шэсць. Адна з жыцця кантрабандыстаў. Дзве з жыцця прафесійных шпіёнаў. Тры з жыцця прафесійных злачынцаў. Напішу яшчэ шмат. Скончу цыклам: "Крывавыя Дзеі Прафесійных Выдаўцоў". Стоп! Стоп! Стоп!

Да пабачэння, Чытачы: падрабязнасці ў кнігах!
Да пабачэння, Выдавец: загад выканаў!

17 ліпеня 1947г.
Лондан

Пераклад з польскай - Кацярына Бондарава

Крыніца арыгінальнага тэксту: Sergiusz Piasecki. Autodenuncjacja: teksty autobiograficzne, wywiady, wspomnienia, publicystyka. Warszawa 2002.



Обновлен 27 авг 2012. Создан 07 янв 2006



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter