Сяргей Пясэцкі — Трактат пра урку




Вялікі урка нарадзіўся даўно і добра быў вядомы ў нізах грамадзтва. Лічыў сябе за “блатнога”, за злодзея-майстра, але быў хутчэй хуліганам ды паразытам пры зладзеях, якім яны пагарджалі, хоць і прызнавалі за свайго.

Урэшце, калі Расею захлынулі мутныя хвалі другой рэвалюцыі, урка выплыў на паверхню й апынуўся ў сваёй стыхіі – у брудзе, крыві ды ўладзе панурых вылюдкаў. Пачаў дваіцца, траіцца, множыцца й размножыўся ў мільёны. Стварыў сваю ідэалёгію, этыку і эстэтыку. Заняўся палітыкай. Панаваў на вяршынях, цараваў у нізах.

Галоўная рыса уркі — пагарда. Пагарда да дабрыні, да праўды, да гонару. Мэта ягоная — выгодна жыць з працы іншых людзей і спажываць столькі, колькі ўлезе. Дзеля гэтага заўжды імкнецца ён дарвацца да ўлады альбо да добрага становішча, атачыць сябе штабам іншых уркаў і зьдзекавацца зь людзей незарганізаваных. Урка не абавязкова мусіць займаць высокую пасаду. Можа ён распанавацца ў калгасе, у лягеры, нават у вязьніцы. Галоўнае для яго — жывучы нават у нястачы, сярод галечы, мець магчымасьць глуміцца са сваіх таварышаў ды існаваць на вышэйшым ад іх матэрыяльным узроўні.

Урка ня брыдзіцца здрадаю, даносам. Ахвотна імі карыстаецца, калі справа ідзе пра ягоны інтэрас. Ахвотна таксама слугуе ён і падлізваецца да тых, ад каго залежыць. Урка — вялікі актор: умее маскавацца, удаваць зычлівасьць і чакаць магчымасьці ўзяць за горла тых, каму служыць.

У імкненьні дасягнуць сваіх мэтаў урка ня лічыцца зь іншымі людзьмі. Калі ж сваіх мэтаў дасягне, не пашкадуе нават тых, хто яму нядаўна дапамагаў. У кожным урку жыве інстынкт садыста. Мае ён шмат хваравітых комплексаў. Зь ягонага комплексу непаўнавартасьці паўстае манія велічы, якою маскуе ён сваю нікчэмнасьць і бесхарактарнасьць.

Уркі прабіваюцца праз жыцьцё ня тое што “локцямі”, але нават ботамі. Лёгка дасягаюць высокіх становішчаў, але заўсёды і ўсюды застаюцца толькі уркамі. Часам уркі маюць добрае выхаваньне й манеры; бывае, паходзяць зь вядомых сем’яў; аднак псыхіка іхная заўсёды аднолькавая: гэта халодныя дрэні, якія шануюць толькі сілу, спрыт і багацьце.

У кожнай арганізацыі, у кожным згуртаваньні, у кожнай групе людзей могуць знайсьціся уркі, якія пільнуюць выпадак, каб заняць лепшыя месцы, асабліва калі месцы тыя прыбытковыя. Уркі любяць падпісваць пакты й дамовы: на словах — для дабра ці бясьпекі групы, да якой належаць, але па сутнасьці — дзеля сваёй карысьці. Дзе ёсьць “братва”, “карашы”, “дружбаны” — там заўсёды знойдуцца і уркі. Прыслоўе “рука руку мые, нага нагу падпірае” прыдумалі уркі. Палітыка — улюбёная галіна іхнай дзейнасьці, і да яе яны праяўляюць вялікія здольнасьці. Але уркі — стварэньні ўнівэрсальныя й лёгка апаноўваюць розныя сфэры чалавечага жыцьця. Знойдзеце урку і ў вайсковым мундзіры, і ў строі дыплямата. У такіх выпадках ён сьпявае як салавей, а думае й дзейнічае як кракадзіл. Узьнёслыя словы для яго — толькі сродак дасягненьня мэты: затуманіць іншым людзям вочы і атрымаць прыбытак.

Прыглядайцеся, выяўляйце вакол сябе уркаў ды старайцеся перашкаджаць ім. Бо, калі апануюць уркі ўсе сфэры жыцьця чалавечага, пазбавяць яго ўсялякай вартасьці.


Першая публікацыя: Wiadomości, Londyn, 1958, nr 44.

Пераклаў Вацлаў Арэшка



Обновлен 27 авг 2012. Создан 07 янв 2006



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter