Беларусь у малюнках Напалеона Орды

Частка 4



032 - Руіны замка Гаштольдаў, касцёл св. Мікалая і палац Мілеўскіх
в. Геранёны, Іўеўскі раён, Гродзенская вобласць


Літаграфія з малюнка 1875 - 1877 гг., на якім надпіс: "Геранёны 16 мая. Замак і маёнтак належаць да Артылерыі Нарадовай пад кам(андаваннем) Ю.Х. Сапегі. Касцёл 1529. Замак разбураны ў 1720 г. Геранёны паводле даўніх хронік былі набыты пры В.Х. Эрдзівіле мужным камандуючым Грумпія, сын якога Гаштольд з'яўляецца нашчадкам знакамітай фаміліі Гаштольдаў, згаслай ў 1542 г. Тут жыла Барбара Радзівіл, жонка Станіслава Гаштольда з 1538 г. Зараз маёмасць фаміліі Мілеўскіх".


033 - Палац
в. Геранімава, Гродзенская вобласць


Выгляд з боку параднага ўваходу. Пабудаваны ў 1-й палове XIX стагоддзя, калі маёнтак каля 1820 г. набыў Геранім Казімір Дзяконьскі — удзельнік напалеонаўскага паходу. Уяўляў сабой арыгінальны твор позняга, нават авангарднага класіцызму, цэнтральную частку палаца вылучаў незвычайна далёка вынесены чатырохкалонны порцік з цыліндрычным скляпеннем. Палац спалены ў 1943 г.

Літаграфія з малюнка 1868 г.


034 - Касцёл св. Міхала
в. Гнезна, Ваўкавыскі раён, Гродзенская вобласць


Выгляд з боку пад'язной дарогі. Мураваны храм пабудаваны ў гатычным стылі з элементамі рэнесансу ў 1524 (1527) г. Аднанефавы аб'ём з трохграннай алтарнай апсідай. Да фасада далучана чатырохгранная двух'ярусная вежа-званіца. Касцёл захаваўся.

На алоўкавым, падмаляваным акварэллю малюнку надпіс: "Гнезна 6 чэрвеня 1877 г. Губ. Гродзенская. Касцёл вельмі старажытны, у вонкавай сцяне выціснута 1121, невядома ці то год узнікнення".




035 - Палац Паскевічаў
г. Гомель


Выгляд з боку парка. Палац пабудаваны ў 1777—1805 гг. у стылі класіцызму генерал-фельдмаршалам П.А. Румянцавым, а потым князем І.Ф. Паскевічам (архітэктары Я.М. Аляксееў, К.І. Бланк, Дж. Кларк, А. Ідзкоўскі). Палац захаваўся.

Літаграфія з акварэльнага малюнка 1877 г., на якім надпіс: "Тут перад палацам стаіць помнік Юзэфу Панятоўскаму, твор Тарвальдсана, выкананы коштам вайсковых унёскаў па пяць грошаў, прадназначоны для Варшавы".




036 - Новы замак
г. Гродна


Выгляд з боку пад'езда праз браму. Пабудаваны ў 1734—1751 гг. паводле праекта нямецкага архітэктара К.Ф. Пёпельмана з удзелам І.Х. Яўха, І.Ф. Кнобеля, Дж. Сака ў барочна-ракайльным стылі як рэзідэнція польскага караля Ст.А. Панятоўскага. У 1944 г. замак значна разбураны. Адноўлены ў 1952 г.

Літаграфія з акварэлі 1861—1869 гг.






037 - Барыса-Глебская (Каложская) царква
г. Гродна


Барыса-Глебская (Каложская) царква — помнік старажытнарускага дойлідства 2-й паловы ХІІ стагоддзя. З левага боку драўляная чатырохгранная званіца; далей вежа касцёла бернардзінцаў. Царква часткова разбурана ў 1853 г. у выніку апоўзня высокага берага ракі Нёман, абвалілася ў 1889г. Знаходзіцца ў стане рэстаўрацыі, дзейнічае.

Літаграфія з малюнка, на якім надпіс: "4 красавік 1869. Каложа пад Гродна".





038 - Дом Макавельскай
г. Гродна


Аднапавярховы, пад паўвальмавым дахам дом з чатырохкалонным атыкавым ганкам з боку падворра; з правага боку ўязная брама; з левага — драўляны флігель. Дом пабудаваны ў 1-й палове ХІХ стагоддзя з элементамі стылю ампір па тыпу правінцыяльнай панскай сядзібы. Не захаваўся.
На алоўкавым, падмаляваным сепіяй малюнку надпіс: "10 ліпеня 1867. Гродна. Дом Макавельскай. Вуліца Скалманоўская".







039 - Дамініканская вуліца з гатэлем Ромера
г. Гродна


Выгляд вулічнай жылой забудовы з выявай гатэля эклектычнай архітэктуры сярэдзіны ХІХ стагоддзя:працяглы ўздоўж вуліцы (суч. Савецкая) трохпавярховы будынак з трыма рызалітамі, завершанымі атыкамі з вазамі і балконамі на другім паверсе. Гатэль не захаваўся.

На алоўкавым малюнку надпіс: "1 ліпеня 1867. Гродна. Вуліца Дамініканская — гатэль Ромера".







040 - Езуіцкі кляштар і касцёл св. Францыска
г. Гродна


Выгляд манументальнага двухвежавага трохнефавага крыжова-купальнага храма з боку рыначнай плошчы, злева ад якога будынак аптэкі, справа — былы палац Баторыя. Мураваны храм пабудаваны ў 1678 г. у стылі барока па фундацыі Самуэля і Канстанцыі Лозаў. Захаваўся амаль у нязменным выглядзе з багацейшым высокамастацкім аздабленнем інтэр'ера.
Літаграфія з малюнка 1861—1869 гг.







041 - Сядзіба Рэйтанаў
в. Грушаўка, Ляхавіцкі раён, Брэсцкая вобласць


Выгляд з боку пад'езда. Дом пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя ў стылі класіцызму — аднапавярховы з калонным портыкам, з левага боку аднапавярховы флігель. Не захаваўся, на яго месцы пабудаваны драўляны дом у стылі мадэрн.

На алоўкавым, падмаляваным акварэллю малюнку 1864—1876 гг. надпіс: "Грушаўка. 1 верасня. Маёмасць Юзафа Рэйтана; тут нарадзіўся Тадэвуш Рэйтан 20 жніўня 1742 г. Губ. Менская"



Обновлен 27 авг 2012. Создан 15 янв 2006



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter