Беларусь у малюнках Напалеона Орды

Частка 5



042 - Палац Жукоўскіх
в. Дашкаўка, Магілёўскі раён


Пабудаваны ў 1-й палове ХІХ стагоддзя ў стылі класіцызму. Трохпавярховы палац з лоджыямі з паркавага фасада; на першым плане двухпавярховы драўляны будынак і млын. Палац не захаваўся.

На алоўкавым, падмаляваным акварэллю малюнку надпіс: "15 жніўня 1877. Дашкаўка; Эдвард Жукоўскі Вітальд, сын; жонка Эмілія Цеханавецкая. Губ. Магілёўская. Маёмасць Эдварда Жукоўскага".


043 - Палац Шлізняў
в. Дзевяткавічы, Слонімскі раён, Гродзенская вобласць


Выгляд з паркавага фасада. Палац трохпавярховы асіметрычнай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі з прамавугольнай у плане высотннай і чатырохграннай вуглавой вежамі, якія завершаны крэмальерамі. З левага боку далучана аранжарэя. Пабудаваны ў сяредзіне ХІХ стагоддзя ў стылі рэтраготыкі. Палац не захаваўся.

На алоўкавым, падмаляваным акварэллю малюнку 1861—1877 гг. надпіс: "Дзевяткавічы Альфрэда Шлізня. Губ. Гродзенская".


044 - Кальвінскі збор
г. Дзяржынск (былое Койданава), Мінская вобласць


Агульны выгляд з боку ракі Няцеча. Мураваны храм з пяціграннай алтарнай апсідай і чатырох'яруснай вежай-званіцай пабудаваны ў 1613 г. у стылі готыкі Крыштофам Мікалаем Радзівілам. Тэрыторыя збору была умацавана мураванай сцяной і дзевяццю круглымі двух'яруснымі абарончымі вежамі. Збор не захаваўся.

На малюнку надпіс: "13 ліпеня 1876 г. Касцёл кальвініскі ў Койданаве закладзены пры князю Радзівіле Рудым. Губ. Менская".





045 - Касцёл і кляштар дамініканцаў
в. Дзярэчын, Зэльвенскі раён, Гродзенская вобласць


Пабудаваны касцёл у 1690 г. у стылі барока (згарэў у 1866 г.). Перад касцёлам знаходзілася высокая вежа-званіца; у глыбіні фрагмент кляштарнага корпуса; абкружаны пейзажным паркам і агароджай з брамай. Не захаваўся.

На алоўкавым малюнку падмаляваным акварэллю, надпіс: "21 траўня 1877 г. Дзярэчын, губ. Гродзенская. Касцёл і труны князёў Сапегаў варварскі зшчачаны і разабраны на цэглу — унутры бачны цудоўныя фрэскі".





046 - Палац
г.п. Дзятлава, Гродзенская вобласць


Пабудаваны ў 1751 г. у барочна-ракайльным стылі князем Мікалаем Радзівілам на беразе р. Дзятлаўка, на месцы замка Астрожскіх пачатку XVI стагоддзя. 3 канца XVIII ст. належаў Солтанам, у якіх канфіскаваны царскіамі ўладамі ў казну за ўдзел у паўстанні 1831 г. Захаваўся ў змененым выглядзе.

Акварэльны малюнак анатаваны: "Здзіцел. Палац князя Радзівіла, у наступным уласнасць палкоўніка Адама Солтана. Губ. Гродзенская". Гравюра з малюнка 1861—1877 гг.






047 - Сядзіба
в. Дубае, Пінскі раён, Брэсцкая вобласць


Выгляд з боку пад'езда. Аднапавярховы палац з бакавымі вежамі-алькежамі і двухпавярховай цэнтральнай часткай, аформленай чатырохкалонным порцікам з балконам; з правага боку капліца, з левага — флігель. Сядзібна-паркавы ансамбль створаны ў 2-й палове XVIII стагоддзя ў стылі барока. Належаў Кужанецкім, да якіх перайшоў ад пінскіх езуітаў. Захаваўся рэгулярны парк з капліцай.

Літаграфія з малюнка Н. Орды.


048 - Палац Ашторпаў
в. Дукора, Пухавіцкі раён, Мінская вобласць


Выгляд галоўнага фасада двухпавярховага палаца з чатырохкалонным портыкам; да бакавога фасада далучана аранжарэя. Пабудаваны на мяжы XVIII—XIX стагоддзяў у стылі класіцызму ўладальнікам Францішкам Ашторпам (ці яго сынам Лявонам). Не захаваўся.
На акварэльным малюнку надпіс: "Дукора 4 ліпеня 1876. Дукора над ракой Свіслач — калісьці маёмасць князёў Агінскіх — потым фаміліі Ашторпаў".






049 - Палац Умястоўскіх
в. Жамыслаўль, Іўеўскі раён, Гродзенская вобласць


Выгляд з боку пад'езда. Пабудаваны ў 1863—1877 гг. па аналогіі з каралеўскай рэзідэнцыяй XVIII стагоддзя "Лазенкі" у Варшаве, верагодна, паводле праекта Л. Марконі; з левага боку класічная двухпавярховая афіцына 1828 г. з высокім калонным порцікам. Акружаны пейзажным паркам, які высаджаны французскім садоўнікам Джэймсам. Палац захавауся.

Алоўкавы малюнак, падмаляваны акварэллю, выкананы ў 1875—1877 гг.






050 - Палац Умястоўскіх
в. Жамыслаўль, Іўеўскі раён, Гродзенская вобласць


Выгляд з боку пад'езда. Пабудаваны ў 1863—1877 гг. па аналогіі з каралеўскай рэзідэнцыяй XVIII стагоддзя "Лазенкі" у Варшаве, верагодна, паводле праекта Л. Марконі; з левага боку класічная двухпавярховая афіцына 1828 г. з высокім калонным порцікам. Акружаны пейзажным паркам, які высаджаны французскім садоўнікам Джэймсам. Палац захавауся.

Літаграфія з малюнка 1875-1877 гг.





051 - Краявід вёскі
в. .Жукаў Барок, Стаўбцоўскі раён, Мінская вобласць


Агульны выгляд з боку ракі Нёман, з драўлянай царквой Апекі Прасвятой Дзевы Марыі, панскай сядзібай з калонным ганкам. На першым плане, верагодна, старажытнае паселішча.

На алоўкавым, падмаляваным акварэллю малюнку надпіс: "Жукаў Барок 15 жніўня 1876. Тут правёў дзіцячыя гады Антоній Пількевіч (Адам Плуг—вядомы апавядальнік, які нарадзіўся ў Замосці)".



Обновлен 27 авг 2012. Создан 15 янв 2006



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter