Беларусь у малюнках Напалеона Орды

Частка 9



082 - Базыльянскі манастыр у прадмесці Лешча
г. Пінск, Брэсцкая вобласць


Выгляд з боку ракі Піны. Найстаражытнейшы на Беларусі праваслаўны манастыр, вядомы з 1262 г., з XVII стагоддзя ўніяцкі. Па цэнтры драўляная Успенская царква, пабудаваная ў стылі барока ў 1746 г. Манастыр не захаваўся.

Літаграфія з малюнка 1868 г., на якім надпіс: "Лешча пад Пінскам. Стары кляштар, у якім хаваўся Войшалк — сын вялікага князя літоўскага Міндоўга, праследуемы сваім дзядзькам Трайнатам".


083 - Руіны замка ў прадмесці Каралін
г. Пінск, Брэсцкая вобласць


Замак узведзены на беразе ракі Піна ў канцы XVI стагоддзя ў традыцыях новаітальянскай фартыфікацыйнай сістэмы. У 2-й палове XVII стагоддзя ім валодаў маршалак Вялікага княства Літоўскага Ян Дольскі, потым — князі Вішнявецкія. У ліпені 1660 г. у час аблогі разбураны рускімі войскамі, у 1704 г. — войскамі шведскага караля Карла XII. Знік у пачатку XIX стагоддзя ў працэсе пашырэння забудовы Пінска.

Літаграфія з малюнка 1868 г.


084 - Сафійскі сабор і базыліянскі манастыр
г. Полацк, Віцебская вобласць


Выгляд з боку ракі Заходняя Дзвіна. На высокім беразе будынак манастыра базыльян (не захаваўся) і Сафійскі сабор, пабудаваны ў 1738—1750 гг. у стылі ракако архітэктарам І.К. Глаўбіцам на рэштках старажытнага храма 1044(50)—1066(60) гг. Сабор захаваўся.

Літаграфія з малюнка 1875—1876 гг., на якім надпіс: "Палата і Дзвіна; Царква св. Сафіі; Полацк на Старым Замку — касцёл базыльян".





085 - Касцёл і кляштар езуітаў
г. Полацк, віцебская вобласць


Барочны касцёл св. Стафана пабудаваны ў 1738 г. італьянкімі дойлідамі і адноўлены пасля пажару 1871 г. — трохнефавая крыжова-купальная базіліка з двухвежавым фасадам. На другім плане будынкі калегіума (з 1812 г. ператвораны ў езуіцкую акадэмю). Захаваліся кляштарныя будынкі.

Алоўкавы малюнак з акварэльнай падмалёўкай выкананы ў 1875—1876 гг.







086 - Сядзіба Швыкоўскіх
г. Пружаны, Брэсцкая вобласць


Выгляд з боку пад'езда. Мураваны дом уяўляе складаную асіметрычную аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю з рызалітамі, чатырохграннай вежай, тэрасамі і аранжарэяй. На другім плане пейзажны парк. Пабудаваны ў 1854—1875 гг. паводле праекта архітэктара Ф.М. Ланці ў стылі
неарэнесанса. Сядзіба захавалася.

На алоўкавым, падмаляваным акварэллю малюнку 1861—1877 гг. надпіс: "Пружаны. Губ. Гродзенская. Маёмасць Валенція Швыкоўскага".



087 - Палац
в. Прылукі, Мінскі раён


Двухпавярховы палац у стылі рэтраготыкі, фланкіраваны чатырма гранёнымі вежачкамі з крэмальерамі, з рызалітам са стрэльчатымі аркадамі і вонкавымі сходамі; з правага боку вежа з галерэяй і стрэльчатымі праёмамі, пастаўленая на высокую тэрасу. Пабудаваны ў першай палове XIX стагоддзя ўладаром маёнтка вядомым аграномам О. Горватам. 3 1872 г. належыць Г.Э. Чапскаму. Палац захавауся.

На алоўкавым, падмаляваным акварэллю малюнку надпіс: "1876 19 ліпеня. Прылукі. Рака Пціч. Губ. Менская".



088 - Сядзіба
в. Пянюга, Зэльвенскі раён, Гродзенская вобласць


Выгляд з боку пад'езда. Драўляны і атынкаваны сядзібны дом пабудаваны на мяжы XVIII—XIX стагоддзяў пад уплывам стылю барока. Аднапавярховы будынак пад гонтавым ламаным вальмавым дахам са слуповым з трыльяжнай агароджай ганкам па цэнтры франтальнага фасада, з левага боку флігель, вакол пейзажны парк. Сядзіба не захавалася.

На алоўкавым, падмаляваным акварэллю малюнку надпіс: "Пянюга 1 чэрвеня 1861 г. Сядзіба".



089 - Сядзібны парк
в. Пянюга, Зэльвенскі раён, Гродзенская вобласць


Выгляд пейзажнага парку з сажалкай і плотам на першым плане, аднапавярховага свірна пад двухсхільным гонтавым дахам, з падсеннем — твора драулянага дойлідства. 3 правага боку праглядаецца капліца са слуповым порцікам, з левага — фрагмент сядзібнага дома. Парк не захаваўся.

На алоўкавым, падмаляваным акварэллю малюнку надпіс: "Пянюга 4 чэрвеня 1861".




090 - Сядзіба Дзяконьскіх
в. Пятровічы, Жабінкаўскі раён, Брэсцкая вобласць


Выгляд з боку р. Мухавец. Драўляны сядзібны дом пабудаваны ў 1830-я гг. у стылі класіцызму. Аднапавярховы будынак з цэнтральнай мансардай і калонным ганкам, з левага боку аднапавярховы флігель пад вальмавым дахам, драўляны свіран пад паўвальмавым дахам, вакол пейзажны парк. Сядзіба не захавалася.

На алоўкавым, падмаляваным сепіяй і гуашшу малюнку надпіс: "Пятровічы 11 лютага 1870. Губ. Гродзенская".





091 - Сядзіба Дзяконьскіх
в. Пятровічы, Жабінкаўскі раён, Брэсцкая вобласць


Выгляд з боку р. Мухавец. Драўляны дом пабудаваны ў 1830-я гг. у стылі позняга класіцызму. Аднапавярховы будынак з калонным ганкам і мансардай над ім; з левага боку аднапавярховая афіцына і гаспадарчыя пабудовы, вакол пейзажны парк. Сядзіба не захавалася.

На алоўкавым, падмаляваным сепіяй і акварэллю малюнку надпіс: "Пятровічы 11 лютага 1870. Рака Мухавец. Губ. Гродзенская. Сядзіба".



Обновлен 27 авг 2012. Создан 15 янв 2006



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter