Беларусь у малюнках Напалеона Орды

Частка 10



092 - Петра-Паўлаўскі касцёл
в. Ражанка, Шчучанскі раён, Гродзенская вобласць


Мураваны храм з асіметрычна прыбудаванай вежай-званіцай, крыламі трансепта, пяціграннай апсідай. На першым плане чатырохслуповая званічка, злева — плябанія. Пабудаваны касцёл у 1674 г. Перабудаваны ў 1924—1925 гг. у неагатычным стылі. Касцёл дзейшчае.

На алоўкавым, падмаляваным акварэллю малюнку 1861—1877 гг. надпіс: "Ражанка фаміліі Пацаў. Губ. Гродзенская".


093 - Сядзіба Патоцкіх
г.п. Рось, Ваўкавыскі раён, Гродзенская вобласць


Выгляд з боку пад'езда. Сядзібны дом пабудаваны ў пачатку XIX стагоддзя ў стылі класіцызму. Драўляны аднапавярховы будынак з калонным порцікам у двухпавярховай сярэдняи частцы, крыты ламаным дахам; па абодва бакі аднапавярховыя афіцыны. Да сядзібы прылягае пейзажны парк. Не захаваўся.

На алоўкавым, падмаляваным акварэллю малюнку надпіс: "Рось 7 чэрвеня 1877. Граф Стэфан Патоцкі. Губ. Гродзенская. Маёмасць графа Стэфана Патоцкага".



094 - Палац Сапегаў
г.п. Ружаны, Пружанскі раён, Брэсцкая вобласць


Уласнасць і рэзідэнцыя князёў Сапегаў. Пабудаваны ў 1784—1786 гг. у пераходным стылі ад барока да класіцызму архітэктарам Я.С. Бекерам на аснове муроў папярэдняга палаца пачатку XVII стагоддзя. Малюнак не адпавядае рэальнаму стану палацавага комплексу, які пададзены мастаком абагульнена пад уплывам рамантычнага жывапісу XIX стагоддзя. Зруйнаваны падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Літаграфія з малюнка 1863 г.




095 - Палац Агінскіх
в. Ручыца, Вілейскі раён, Мінская вобласць


Пабудаваны ў маёнтку Ганута ў 1765 г. у стылі ракако паводле праекта архітэктара Т. Жаброўскага (магчыма, А. Гену, Я. Фантаны ці Русселя) трокскім ваяводам Т. Агінскім. У глыбіні малюнка палац, з левага боку "турэцкі" павільён, справа афіцына, вакол рэгулярны парк на беразе лукавіны р. Вілія. Палац не захаваўся.

Акварэльны малюнак зроблены ў 1875—1877 гг., калі сядзіба належала Валенсу Ржавуцкаму.




096 - Палац Вайніловічаў
в. Савічы, Капыльскі раён, Мінская вобласць


Выгляд з боку пад'езда. Мураваны палац пабудаваны ў 1826 г. у стылі класіцызму. Двухпавярховы будынак пад вальмавым дахам, з рызалітам. Першы паверх рызаліту меў выгляд галерэі, другі паверх вырашаны як лоджыя з трыма арачнымі праймамі і трохвугольным франтонам. На другім плане пейзажны парк. Палац не захаваўся.

На алоўкавым, падмаляваным акварэллю малюнку 1864—1876 гг. надпіс: "31 ліпеня. Савічы. Эдвард Вайніловіч. Губ. Менская".




097 - Касцёл
в. Сар'я, Верхнядзвінскі раён, Віцебская вобласць


Храм пабудаваны ў 1852—1857 гг. паводле праекта архітэктара Г. Шахта ў стылі рэтраготыкі ўладальнікам маёнтка дрысенскім маршалкам І. Лапацінскім як родавая пахавальня. У 1865 г. канфіскаваны "па прычыне прыгажосці". Вызначаецца інтэрпрэтацыяй сярэдневечнай архітэктуры так званай «палымянай готыкі». Касцёл захаваўся. На другім плане пейзажны парк панскай сядзібы.

Літаграфія канца XIX ст.





098 - Палац Незабытоўскіх
в. Сваротва, Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць


Выгляд з боку пад'езда. Мураваны палац пабудаваны ў пачатку XIX стагоддзя ў стылі ампір. Двухпавярховы будынак пад вальмавым дахам з бельведэрам. Сцены першага паверха былі аздоблены рустам. 3 правага боку двухпавярховы флігель-аранжарэя ў стылі ампір. На другім плане пейзажны парк. Палац не захаваўся.

Акварэльны малюнак зроблены ў 1876 г., калі палац належаў графіне Патоцкай.






099 - Краявід мястэчка
г.п. Свіслач, Гродзенская вобласць


Агульны выгляд Гімназічнай плошчы. На першым плане фарны касцёл, заснаваны ў 1666 г., у 2-й палове XVIII стагоддзя пабудаваны драўляны храм з рысамі стылю барока (не захаваўся). Перад храмам гадзіннікавая вежа (не захавалася). На другім плане будынак гімназіі, узведзены ў 1806 г. архітэктарам М. Шульцам (захаваўся), якую Н. Орда скончыў у 1823 г. У глыбіні алея, якая вяла да сядзібы графа В. Тышкевіча (захаваліся фрагменты парку).

Літаграфія з малюнка 1868 г.




100 - Вуліца Брэсцкая
г.п. Свіслач, Гродзенская вобласць


Агульны выгляд вуліцы з рэгулярнай сядзібнай драўлянай забудовай. У глыбіні дзве мураваныя брамы, паміж якімі капліца св. Анёлаў-ахоўнікаў — парадны ўезд у мястэчка з боку Брэста. Буйнейшая вуліца мястэчка адыходзіла ад цэнтральнай Рыначнай плошчы, трасіравана і забудавана пры графе В. Тышкевічы ў канцы XVIII стагоддзя. Забудова і капліца-брама не захаваліся.

На алоўкавым малюнку 1868 г. надпіс: "Брэсцкая вуліца ў Свіслачы".






101 - Сядзіба Чацвярцінскіх
г.п. Скідаль, Гродзенскі раён


Выгляд з боку пад'езда. Класічны дом 1-й паловы XIX стагоддзя, які належаў стацкім саветнікам князям Канстанціну і Густаву Антонавічам Чацвярцінскім. Аднапавярховы П-падобны ў плане будынак пад вальмавым дахам з чатырохслуповым порцікам па цэнтры і бакавымі крыламі. Захаваўся пейзажны парк з капліцай-пахавальняй.

Алоўкавы малюнак з акварэльнай падмалёўкай 1861—1877 гг.



Обновлен 27 авг 2012. Создан 15 янв 2006



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter