Беларусь у малюнках Напалеона Орды

Частка 11



102 - Сядзіба Нямцэвічаў
в. Скокі, Брэсцкі раён

Сядзібны комплекс уключаў палац і парк. Палац з бакавымі флігелямі (афіцына і стайня) і плотам з брамай пабудаваны каля 1770 г. у стылі барока на месцы папярэдняга драўлянага дома бацькоў пісьменніка Ю.У. Нямцэвіча, Марцэля Нямцэвіча і Ядзвігі з Сухадольскіх. За палацам парк рэгулярнай планіроўкі. Сядзібны комплекс захаваўся без флігеляў.

Літаграфія з малюнка 1861—1877 гг.


103 - Троіцкі манастыр
г. Слуцк, Мінская вобласць


Існаваў у XVII — пачатку XX стагоддзя ў прадмесці Трайчаны. На першым плане двухвежавая царква. Пабудавана ў 1655—1660 гг. у стылі барока, у сярэдзіне XVIII стагоддзя разбурана, у 1786—1789 гг. адбудавана. На другім плане двухпавярховы манастырскі корпус у стылі ампір. Манастыр зруйнаваны ў 1930-х гадах.

На малюнку 1864—1876 гг. надпіс: "Трайчаны. Манастыр закладзены пры князёўне Сафіі Алелькаўне Слуцкай, жонцы Януша Радзівіла".



104 - Касцёл і місіянерскі кляштар
г.п. Смілавічы, Чэрвеньскі раён, Мінская вобласць


Кляштар заснаваны ў 1767 г., касцёл пабудаваны ў 1791 г. на сродкі памешчыцы М. Агінскай і гетмана М.К Агінскага ў стылі барока, у 1867 г. перароблены на Троіцкую царкву. Двухвежавая, трохнефавая базіліка. 3 правага боку П-падобны ў плане двухпавярховы з бакавымі трохпавярховымі рызалітамі кляштарны будынак у стылі барока. Комплекс не захаваўся.

Алоўкавы малюнак з акварэльнай падмалёўкай 1864—1876 гг.




105 - Сядзіба Кандратовічаў
в. Смольгава, Любанскі раён, Мінская вобласць


Сядзіба пабудавана ў пачатку XIX стагоддзя пад уплывам стылю класіцызму: драўляны аднапавярховы дом з калонным ганкам, з левага боку гаспадарчыя пабудовы. Не захавалася.

Літаграфія з малюнка 1864—1876 гг., на якім надпіс: "Смольгава. Губ. Менская. Месца нараджэння паэта Людзвіка Кандратовіча, вядомага пад псеўданімам Уладзіслава Сыракомлі. Нарадзіўся 17 верасня 1822. Памёр у Вільні 15 верасня 1862 г.".




106 - Палац Рдултоўскіх-Харцінгаў
в. Сноў, Нясвіжскі раён, Мінская вобласць


Выгляд з боку пад'езда. Палац пабудаваны ў 1827 г. па праекту архітэктара Б. Тычэцкага ў стылі класіцызму. Аднапавярховы будынак з двухпавярховай сярэдняй часткай і высокім чатырохкалонным порцікам; па абодва бакі павільёны, аб'яднаныя з корпусам галерэямі-каланадамі. Палац захаваўся.

На алоўкавым, падмаляваным акварэллю малюнку 1864—1876 гг. надпіс: "Сноў. Палац Рдултоўскіх; маёмасць Густава Харцінга. Палац збудаваны пры Рдултоўскіх".





107 - Сядзіба Любецкіх
в. Станіславова, зараз вул. Ціміразева г. Гродна


Выгляд з боку пад'езда. Палац пабудаваны ў 1760—1770-я гг. у стылі барока паводле праекта італьянскага архітэктара Дж. Сака. Аднапавярховы мураваны будынак з двухпавярховым цэнтральным рызалітам; па абодва бакі дзядзінца аднапавярховыя флігелі; вакол пейзажны парк. Сядзіба захавалася.

На алоўкавым, падмаляваным акварэллю малюнку 1861—1877 гг. надпіс: "28 ліпеня. Станіславова князя Любецкага. Гродна".






108 - Сядзіба Андрэйкавічаў
в. Старынкі, Ваўкавыскі раён, Гродзенская вобласць


Выгляд з боку пад'езда. Драўляны аднапавярховы дом з чатырохкалонным порцікм. Пабудаваны ў пачатку XIX стагоддзя ў стылі класіцызму. 3 левага боку аднапавярховая афіцына з калонным ганкам. Вакол пейзажны парк. Сядзіба не захавалася.

На алоўкавым, падмаляваным акварэллю малюнку 1861—1877 гг. надпіс: "Старынкі. Аляксандра Андрэйкавіча жонка Клатыльда".





109 - Сядзіба
в. Старыя Пескі, Бярозаўскі раён, Брэсцкая вобласць


Выгляд з боку возера Чорнае. Дом пабудаваны на мяжы XVIII—XIX стагоддзяў у стылі класіцызму ў маёнтку графаў Пуслоўскіх. Аднапавярховы будынак з чатырохкалонным ганкам; з правага боку фрагмент двухпавярховай афіцыны з купалам і дабудаванай аранжарэяй ("павільён руж"), з левага боку вятрак. Вакол пейзажны парк, які захаваўся.

На алоўкавым, падмаляваным сепіяй і акварэллю малюнку надпіс: "Пескі 8 сакавіка 1865. Губ. Гродзенская. Сядзіба".



110 - Сядзіба Корсакаў
в. Страла, Дзятлаўскі раён, Гродзенская вобласць


Выгляд з боку пад'езда. Дом пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя ў стылі класіцызму для каралеўскага камергера Яна Корсака і яго жонкі Караліны з Аскеркаў. Аднапавярховы будынак з калонным ганкам; з правага боку драўляны аднапавярховы флігель. Сядзіба не захавалася.

На алоўкавым, падмаляваным акварэллю малюнку надпіс: "Страла 19 траўня 1871. Маёмасць Юліяна Корсака, паэта, тут ён нарадзіўся і памёр, жонка Маскевіч».






111 - Сядзіба
в. Туганавічы (цяпер в. Карчова), Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць


Выгляд з боку пад'езда. Аднапавярховы сядзібны дом з мансардай і тэрасай на чатырох калонах і флігель з мураваным ганкам пабудаваны ў 1-й палове ХІХ стагоддзя ў стылі класіцызму. Сядзіба не захавалася.

На алоўкавым, падмаляваным акварэллю малюнку надпіс: "Туганавічы 24 ліпеня 1876. Тут жыў Міцкевіч, дзе пісаў для Марылі. Калісьці маёмасць фаміліі Верашчакаў. Зараз належыць роду Туганоўскіх".



Обновлен 27 авг 2012. Создан 15 янв 2006



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter