Беларусь у малюнках Напалеона Орды

Частка 13 + Біяграфія



122 - Палац Шчытаў
в. Юстыянава, Верхнядзвінскі раён, Віцебская вобласць


Выгляд з боку ракі Заходняя Дзвіна. Палац пабудаваны ў 1-й палове ХІХ стагоддзя паводле праекта архітэктара К. Спамналі ў стылі класіцызму. Двухпавярховы будынак з тэрасай, абапёртай на калонах пры сярэднім рызаліце. З правага боку капліца, з левага — купал вежы касцёла прасвятой Тройцы. Вакол палаца пейзажны парк. Палац не захаваўся.

На алоўкавым, падмаляваным акварэллю малюнку 1875 — 1876гг. надпіс: "24 чэрвеня. Юстыніянаў. Шчыт Юстыніян жанаты на багамолец; Станіслава Шадзерская".


123 - Свята-Духаўскі касцёл
в. Язвіны, Драгічынскі раён, Брэсцкая вобласць


Барочны мураваны храм пабудаваны ў 1750г. Аднанефавы з паўкруглай апсідай, пад двухсхільным гонтавым дахам і чатырохгранным барабанам з цыбулепадобным купалам па центры (зроблены пры перабудове храма пад праваслаўную царкву), фасад завершаны ўвагнута-выпуклым франтонам, сцены крапаваны пілястрамі, расчлянёны арачнымі вокнамі. Касцёл захаваўся.

На алоўкавым малюнку надпіс: "8 чэрвеня 1861. Дзяды 1772".


124 Грушaўкa


ТАЛЕНТ, АДДАДЗЕНЫ РАДЗІМЕ

Напалеон Орда на шматлікіх сваіх малюнках адлюстраваў непаўторную жывапісную панараму Беларусі з яе прыгожымі архітэктурна-ландшафтнымі краявідамі, творамі дойлідства — гарадской, местачковай і вясковай забудовай, храмамі і палацамі. Мастацкая спадчына Орды уяўляе сабой абагульнены вобраз Радзімы, ілюстраваную энцыклапедыю матэрыяльнай культуры.

Нарадзіўся Напалеон Орда 11 лютага 1807 г. у радавым маёнтку Варацэвічы Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер вёска ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці) у сям'і маршалка шляхты Кобрынскага павета, інжынера-фартыфікатара Міхаіла Орды.

Атрымаўшы пачатковую адукацыю дома ад бацькоў, Орда далейшую вучобу працягваў у Свіслацкай гімназіі, якую паспяхова скончыў у 1823 г.

У тыя часы буйнейшым адукацыйным цэнтрам, асяродкам вольнай дэмакратычнай думкі з'яўляўся славуты Віленскі універсітэт, куды адразу пасля гімназіі паступае Орда на фізіка-матэматычны факультэт. Навучанне давалася лёгка, выкладчыкі адзначалі яго выдатныя здольнасці. Але універсітэт здольны студэнт не скончыў — у 1827 г. быў адлічаны за прыналежнасць да тайнага студэнцкага таварыства «Заране», члены якога марылі аб незалежнасці Рэчы Паспалітай, і тым самым падзяліў лёс з Адамам Міцкевічам, Томашам Занам, Янам Чачотам, Ігнатам Дамейкам. Пасля арышту і 15-месячнага турэмнага зняволення вяртаецца ў родныя Варацэвічы, але застаецца пад наглядам паліцыі і самастойна завяршае сваю адукацыю.

Сфарміраваная ва універсітэце рэвалюцыйна-вызваленчая палітычная арыентацыя Орды да аднаўлення Рэчы Паспалітай рэалізавалася ў час паўстання 1830-1831 гг. Ён прымае ў ім актыўны ўдзел як стралок чацвёртага палка коннай гвардыі Літоўскага корпуса ў Каралеўстве Польскім і нават вызначаецца ў бітве пад Коцкем і атрымлівае вышэйшую ўзнагароду — ордэн Залатога крыжа (Virtuti Militari) і чын капітана паўстанцкай арміі. Пасля падаўлення паўстання ў 1831 г. вымушаны эмігрыраваць і накіроўваецца праз Аўстрыю і Швейцарыю ў Італію. У 1833 г. пераязджае ў Парыж — тагачасны цэнтр рэвалюцыйна-дэмакратычнай эміграцыі.

Атмасфера Парыжа з яго бурлівым культурным жыццём, мастацкай і навуковай багемай паўплывала на развіццё шматбаковых здольнасцей творчай натуры Напалеона Орды, які ўжо вызначыў для сябе прафесійную цікавасць і арыентацыю да музыкі і жывапісу. Музычнае майстэрства ўдасканальваў у Фрэдэрыка Шапэна. Дасягнуў у гэтай галіне грунтоўных поспехаў. Яго музычныя творы (паланэзы, вальсы, серэнады, мазуркі), якія вызначаюцца меладычнасцю, драматызмам, віртуозным стылем, багаццем фактуры, лірычнасцю, былі ўхвалены Ф. Шапэнам, Ф. Лістам і С. Манюшкам. Н. Орда ствараў рамансы і песні на словы С. Вітніцкага і А. Плуга, выдаў «Альбом твораў польскіх кампазітараў» (1838), «Граматыку музыкі» (Варшава, 1873).У сярэдзіне 1840-х гг. быў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы.

Вызначыўся Орда і ў галіне літаратурнай дзейнасці: пісаў артыкулы пра выдатных людзей і цікавыя мясціны, у 1856 г. выдаў польска-французскі падручнік. У 1839 г. Н. Орда прыняты членам Польскага гістарычна-літаратурнага таварыства.

У Парыжы Орда атрымоўвае мастацкую адукацыю ў студыі вядомага майстра архітэктурнага пейзажа П'ера Жэрара, які і вызначыў яго мастацкі жанр. Сферай яго мастацкай зацікаўленасці становіцца археалогія і архітэктура. Малюнак для Орды з'яўляецца не толькі творам мастацтва, але і гістарычным дакументам, у якім фіксуюцца каштоўныя архітэктурныя помнікі. Таму свае малюнкі суправаджае гістарычнай анатацыяй, імкнецца зафіксаваць уладальнікаў сядзіб і палацаў, прыналежнасць культавых будынкаў адпаведнай канфесіі, гады будаўніцтва, фундацыі і інш. У яго творах яскрава прасочваецца жаданне данесці свае знаходкі і ўражанні ад вандраванняў да гледача.

У 1856г. пасля абвяшчэння царскім урадам амністыі палітычным эмігрантам, Напалеон Орда ў 49-гадовым узросце вяртаецца ў родныя Варацэвічы. У 1862-1863 гг. жыве ў Гродне, потым на некаторы час пасяляецца ў Пінску. Каб забяспечыць сваё матэрыяльнае становішча, працуе хатнім настаўнікам музыкі ў генерала Адама Ржавускага на Валыні.

У вольныя ад працы месяцы Н. Орда шмат падарожнічае па Беларусі, Літве, Польшчы і Украіне. У час сваіх вандровак робіць замалёўкі архітэктурных і гістарычных помнікаў, гарадоў і мястэчак, славутых мясцін, звязаных з жыццём і дзейнасцю знакамітых людзей. Вынікам гэтых вандраванняў з'явіўся аграмадны збор мастацкіх твораў, гэта больш за 1150 малюнкаў, з якіх каля 200 прысвечаны менавіта Беларусі.

Для сваёй творчасці Н. Орда выбраў тэхніку алоўкавага малюнка, падмаляванага акварэллю, гуашшу ці сепіяй, якой дасканала валодаў. Менавіта гэта тэхніка малявання дазваляла аператыўна і найбольш дакладна адлюстраваць натурны архітэктурны краявід ва ўмовах падарожжа. Краязнаўцам быў выбраны адзіны фармат паперы (даўжыня каля 30 см), наклеенай на планшэтку.

Асаблівую ўвагу Орда надае адлюстраванню на сваіх малюнках шэрагу сядзіб і памятных мясцін, якія звязаны з імёнамі славутых дзеячоў культуры: А. Міцкевіча (сядзібы ў Завоссі, Туганавічах), М. Агінскага (палац у Рэтавасе на Літве), С. Манюшкі (сядзіба ў в. Убель), I. Ходзькі (сядзіба ў в. Дзевятня на Літве), У. Сыракомлі (сядзіба ў Смольгаве), А, Плуга (сядзіба ў в. Жукаў Барок) і інш.

Двойчы ў 1860 г. замаляваў Орда і месца свайго нараджэння, родную сядзібу Варацэвічы. На малюнках адлюстраваны аднапавярховы прамавугольны ў плане драўляны дом на дзве палавіны, з традыцыйным чатырохкалонным порцікам-ганкам па цэнтры франтальнага фасада, невялікай мансардай над ім. Перад домам парадны двор, за ім пейзажны парк. Такая сядзіба дробнапамеснага шляхціца была тыповай і найбольш распаўсюджанай на Беларусі, пра што зноў-такі сведчаць і іншыя малюнкі Орды. Здаецца, што сэрцу мастака бліжэй менавіта гэтыя ўтульныя фальваркі са сціплым жыллём, паркавымі прысадамі, гаспадарчымі пабудовамі.

Серыя малюнкаў Н. Орды з'яўляецца абагульненай ілюстрацыяй беларускай вёскі сярэдзіны XIX ст., на якой народнае драўлянае дойлідства перададзена мастаком з вялікай трапнасцю і захаваннем нацыянальнага каларыту. Перад намі паўстаюць маляўніча раскінутыя ўздоўж рэк і азёр беларускія паселішчы з хатамі, накрытымі саламянымі страхамі, з драўлянымі храмамі і званіцамі, млынамі і ветракамі, калодзежамі-жураўлямі і іншымі вясковымі збудаваннямі.

Але найбольш шырока ў творчасці мастака прадстаўлена гарадская архітэктура (больш за 30 малюнкаў). Па шэрагу гарадоў створана шырокая панарама шматстылёвай мураванай забудовы XIX ст. У гэтай серыі малюнкі гарадоў Гродна, Віцебска, Мінска, Магілёва, Полацка, Пінска, Навагрудка, Нясвіжа, Турава, Свіслачы і інш. На малюнках Орда амаль ніколі не абагульняў гарадскую забудову — кожны будынак надзелены вызначанай індывідуальнай характарыстыкай, вулічныя панарамы пададзены з вострых ракурсаў з вылучэннем архітэктурных дамінант.

3 асаблівым замілаваннем перад сівой мінуўшчынай Орда замалёўвае старажытныя замкі, многія з якіх ужо ў той час ляжалі ў руінах. На двух малюнках зафіксаваны сусветна вядомы помнік абарончнага дойлідства — Камянецкая вежа ў сваім першапачатковым выглядзе без пазнейшай рэстаўрацыіі атынкоўкі. 3 рамантычнай настальгіяй мастак адлюстроўвае Стары і Новы замкі ў Гродна, замкавую рэзідэнцыю Ільінічаў у Міры. На малюнках Орды мы бачым старажытныя беларускія замкі ў Крэве, Геранёнах, Лідзе, Навагрудку, Караліне пад Пінскам і іншыя.

3 эстэтычным пачуццём і некаторым рамантызмам замалёўвае Орда шматлікія магнацкія палацы і шляхецкія сядзібы з іх знешнім лоскам, раскошай і рэпрэзентацыйнасцю. Зацікаўленае дахіленне мастака да старасвецкіх маёнткаў тлумачыцца і тым, што яны з'яўляліся ў свой час культурнымі асяродкамі са шматлікімі зборамі твораў мастацтва, кнігазборамі, архіўнымі сховішчамі, археалагічнымі і зброевымі калекцыямі. На малюнках Орда адлюстраваў асноўную годнасць гэтай галіны будаўнічага мастацтва — арганічную сувязь манументальнага будынка з прыродным і паркавым асяроддзем, без якога малюнкі страцілі б свой мастацкі сэнс. У шматпланавы краявід уключаюцца рэкі, азёры, сажалкі, пад'язныя дарогі і алеі. Такой падачай выдатных мясцін вызначаюцца віды сядзіб і палацаў у Буйнавічах, Вялікім Мажэйкаве, Дзятлаве, Альбярціне, Дзярэчыне, Высокім, Гарадзеі, Дашкоўцы, Гародні, Бешанковічах і інш.

Серыя малюнкаў Орды ахоплівае шырокі арэал культавай архітэктуры Беларусі ад глыбокай старажытнасці да сярэдзіны XIX ст., ад магутных касцельных манументаў у Нясвіжы, Гродне, Віцебску да сціплых вясковых драўляных храмаў і каплічак у Бездзежы, Беражніцы, Брашэвічах, Моладаве, Анопалі.

Мастацкая спадчына Напалеона Орды — выдатная ілюстрацыя стылявога развіцця архітэктуры Беларусі. Сярэдневяковую готыку да нас даносяць малюнкі Фарнага касцёла ў Гродне, Барыса-Глебскай царквы ў Навагрудку, касцёлаў у Гнезна, Ішкальдзі, Койданаве. Дойлідства старажытнарускага перыяду прадстаўлена малюнкамі Барыса-Глебскай царквы ў Гродне, Сафійскага сабора і Спаса-Ефрасіннеўскай царквы ў Полацку.

Маладаследаваная архітэктура рэнесансу прадстаўлена домам-крэпасцю ў Гайцюнішках, замкам у Міры.

Барока і ракако адлюстравана на малюнках помнікаў палацава-сядзібнай архітэктуры ў Ружанах, Дзятлаве, Станіславове. Іх архітэктура вылучаецца скульптурнай пластычнасцю з выкарыстаннем ламаных дахаў, узвышаных гранёных рызалітаў з балконамі і фігурнымі франтонамі, пілястравай крапоўкай фасадаў высокімі вокнамі ў пластычных ліштвах. Шэдэўры культавай архітэктуры барока мастак-вандроўнік знаходзіць у Смілавічах (кляштар місіянераў), Полацку (касцёл езуітаў), Нясвіжы (кляштар бенедыкцінак), Слуцку (Троіцкі манастыр базыльян у Трайчанах), Дзярэчыне (дамініканскі касцёл) і ў шмат іншых беларускіх мясцінах.

Найбольш ярка Орда праілюстраваў стыль класіцызму і ампіру ў архітэктуры Беларусі — палацы ў Альбярціне пад Слонімам з ампірнымі скульптурамі львоў пры ганку-порціку, Дзярэчыне, Грушаўцы, Паланечцы, Снове, Жылічах.

Не менш цікавымі лічыць мастак і тагачасныя будынкі, вырашаныя ў стылі гістарызму ці эклектыкі. Палацы і сядзібы гэтага часу вылучаліся індывідуальнасцю і непаўторнасцю, рэтраспектыўным выкарыстаннем стыляў мінулых гістарычных эпох. Так званы «замкавы стыль», у якім выкарыстоўваліся ў якасці дэкору формы крапасной архітэктуры — крэмальеры, вокны-байніцы, гранёныя і цыліндрычныя вежы — дэманструюць сядзібы ў Масалянах, Дзевяткавічах, Астрашыцкім Гарадку. Мастак праз малюнкі нагадвае нам, што ў той час распаўсюджваецца стварэнне пры гасподскім доме зімовага сада, зашклёнае памяшканне якога прыбудоўваецца да дома (сядзібы ў Дукорах, Панямуні), ці ствараецца ў асобным збудаванні (Туганавічы). Звяртанне да форм готыкі назіраем на малюнку сядзібы ў Прылуках.

Свае малюнкі Н. Орда сістэматызаваў і расклаў па папках, у якіх сабраны творы за перыяд 1840—1880 гг. Беларускі матэрыял змешчаны ў папках па Гродзенскай губерні (1860— 1877 гг., 144 планшэты), Мінскай губерні (1864—1876 гг., 64 планшэты), Віцебскай губерні (1875—1876 гг., 35 планшэтаў), Віленскай губерні (1875—1877 гг., 50 планшэтаў), Магілёўскай губерні (1877 г., 15 планшэтаў). Акрамя гэтага мастак вылучыў «парцфелі» з малюнкамі па Валынскай, Кіеўскай, Падольскай, Ковенскай губернях, Княству Познаньскаму, Заходняй Прусіі і Галіцыі, Францыі і Германіі, Іспаніі і Партугаліі. Найбольш гістарычна каштоўныя малюнкі Орды тыражыруюцца ў гравюрах шматлікіх перыядычных гісторыка-краязнаўчых выданняў (у польскім часопісе «Тыгоднік ілюстраваны» пад рубрыкай «3 папкі Напалеона Орды»).

3 1873 г. Напалеон Орда распачаў не менш манументальную справу — выданне ўласным коштам «Альбома відаў гістарычных польскіх» («Album Widokow Historycznych Polski»). Аднак было выдадзена толькі 260 малюнкаў-літаграфій у васьмі серыях (каля 120 па беларускіх губернях), гравіраваных на камені Алаізам Місеровічам у літаграфічным камбінаце Максімільяна Фаянса ў Варшаве. Прычынамі няпоўнага выдання творчай спадчыны мастака з'явіліся недахоп фінансавых сродкаў у збяднелага роду Ордаў і перашкоды, якія рабіла цэнзура (малюнкі адзначаны дазволам на друк пячаткай цэнзара).

Большасць малюнкаў Орды (977 планшэтаў) знаходзіцца ў Народным музеі ў Кракаве, куды яны трапілі ў 1886 г. як ахвяраванне родных памёршага мастака (1883). Частка малюнкаў маецца ў Народным музеі ў Варшаве, альбом акварэляў захоўваецца ў бібліятэцы імя В. Стэфаніка ў Львове. Вялікая калекцыя літаграфій з малюнкаў Н. Орды захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. У гэтым альбоме акрамя малюнкаў, якія друкаваліся ў розных выданнях, выкарыстаны ў асноўным усе літаграфіі па Беларусі з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі. У падборы іх вялікую дапамогу аказалі супрацоўнікі аддзела рукапісаў рэдкай кнігі і старадрукаў Нацыянальнай бібліятэкі Т. У. Рошчына і В.У. Лісянкова, за што аўтары-ўкладальнікі шчыра дзякуюць ім.

Малюнкі Н. Орды з'яўляюцца не толькі мастацка значнымі творамі, але і каштоўнай крыніцай па гісторыі архітэктуры Беларусі. Дзякуючы гэтым малюнкам Орды мы і цяпер уяўляем, як выглядалі многія архітэктурныя помнікі і мясціны, што знішчыліся або непазнавальна змяніліся. Няма ўжо цудоўных старасвецкіх сядзіб і палацаў у Моладаве, Асвеі, Беніцы, Варончы, Закозелі, Дзярэчыне, Лагойску, Дубаі, зруйнаваны кляштары і касцёлы — шэдэўры архітэктуры барока — картэзіянцаў у Бярозе, базыльян у Беразвеччы, кармелітаў у Бялынічах, дамініканцаў у Валынцах і шмат іншых. Беларусь у малюнках Напалеона Орды паўстае як фенікс з попелу, вырастае светлымі абрысамі архітэктурных святыняў.

Жыццё і творчая дзейнасць Напалеона Орды - яскравая старонка гісторыі нацыянальнай культуры. Сціпласць і бескарыслівасць, разнастайнасць высакародных інтарэсаў, незвычайная шматгранная таленавітасць, няспынная цікавасць да лёсу роднага краю — усё гэта якасці чалавечай постаці буйнога асветніка і мысліцеля Беларусі XIX ст. I толькі на рубяжы XXI ст. мы пачынаем усведамляць, чаго варты наш суайчыннік Напалеон Орда.

У1997 г. у г. Іванава яму ўстаноўлены помнік, выкананы скульптарам I. Голубевым.

Выданне гэтага альбома няхай з'явіцца своеасаблівай данінай павагі і ўдзячнасці Напалеону Ордзе за яго нястомную і вялікую працу на карысць беларускай культуры.

А.М. Кулагін

© Укладанне і тэкст Кулагін А.М., Герасімовіч У.А.
© Афармленне Хількевіч А.М.

ISBN 985-04-0497-3
Мінск "Ураджай" 2001 год


АЛЬБОМ НА ПАМЯЦЬ
Napaleon Orda (11.02.1807 - 26.04.1883)


Нарадзіўся ў в. Варацэвічы Пінскага павета Мінскай губерні, піяніст, кампазітар, мастак. Творчасць звязана з мастацкім жыццём Беларусі і Польшы. Вучыўся ў Віленскім універсытэце, належаў да тайнага студэнскага таварыства "Заране". Удзельнік паўстання 1830-31гг., пасля эміграваў у Францыю. У сярэдзіне 1840-х гадах - дырэктар Італьянскай оперы ў Парыжы. З 1856 г. жыў у Варацэвічах, у 1862-63 гг. у Гародне, потым на Валыні. Лепшыя музычныя творы Орды, асабліва паланэзы, вылучаюцца маштабнасцю і вітруозным стылем. Аўтар "Граматыкі музыкі" (Варшава, 1873 г.), высока ацэненай С.Манюшкам. Орда шмат падарожнічаў па Беларусі, Украіне, Польшчы і Літве, рабіў замалёўкі мясцін, звязаных з жыццём вядомых людзей і археалагічнымі помнікамі, у тым ліку больш за 200 у Беларусі. Малюнкі вызначаюцца строгай дакументальнасцю, маюць вялікую каштоўнасць для гісторыі. Наша галерэя змяшчае 197 малюнкаў помнікаў архітэктуры Беларусі, Літвы, Жмуді, Інфлянтаў, Польшы, Украіны.

Паўстанцкі камандзір 1831 году, літаратар і кампазытар Напалеон Орда пад час паўстаньня Каліноўскага нечакана для ўсіх заняўся, як тады здавалася, недарэчнай справаю - пачаў маляваць памятныя мясьціны й шэдэўры беларускага дойлідзтва...

Пасьля ўдзелу ў папярэднім паўстаньні ён ледзь пасьпеў эміграваць, і ў Францыі цалкам прысьвяціў сябе музыцы. Настаўнікам стаў ягоны сябра - Шапэн. Эўрапейская вядомасць прыйшла да кампазытара Орды хутка. Слава, грошы й спакойнае жыцьцё ў вясёлай францускай сталіцы былі гарантаваныя. Тады Орда заняўся і літаратурай. Тут ягоным настаўнікам стаў другі сябра - Адам Міцкевіч. Напэўна, і ў гэтай справе Орду чакаў посьпех.

Аднак, усё вырашылася па-іншаму. Напачатку паўстаньня Каліноўскага ён нелегальна вяртаецца на радзіму. І ня з тым, каб наноў узяць у рукі стрэльбу, ня з тым, каб заняцца палымянай публіцыстыкай. І нават ня дзеля таго, каб пісаць маршы ды паўстанцкія гімны. Ён абірае сабе ролю мастака, каб намаляваць усе помнікі, якія ёсьць у краіне, каб захаваць памяць пра іх на вякі. Орда становіцца мастаком у 49 гадоў! У часе паўстаньня 1863 году і пасьля яго ён, нібы нічога вакол не адбываецца, аб'яжджае ўсю Беларусь ад Асьвеі да Кобрыня, ад Сапоцкіна да Турава. У выніку зьяўляюцца тысячы графічных твораў.

Чаму ён ня браў чыну ў паўстаньні Каліноўскага? Прадчуваў, чым яно скончыцца? А стаўшы мастаком, зьбярог для нашчадкаў тую Беларусь, яшчэ не апаганеную, не расейскую. Літаральна сьлед у сьлед за ім ішлі акупанты й зьнішчалі ды ганьбавалі тыя сьвятыні, якія толькі што зафіксаваў Орда. Большай часткі іх цяпер не йснуе наогул.

Два дзясяткі гадоў ён вандраваў, ня маючы свайго дому, цалкам аддаўшыся мастацтву. Але прыйшоў час, калі заробленыя колісь у Парыжы грошы скончыліся. Скончылася й жыцьцё. Першы альбом зь літаграфіямі Орды выйшаў пасьля ягонае сьмерці, у Аўстрыі. Пасьля былі наступныя альбомы. Ён здабыў сабе новую, пасьмяротную славу. Ні да яго, ні пасьля ніводзін мастак не рабіў гэткае тытанічнае работы. Да сёньня ягоная спадчына яшчэ не сабраная цалкам. Ніхто пэўна ня ведае нават колькасьці ягоных гравюраў, літаграфіяў ды акварэляў. Часам здаецца, што ім няма канца - выявам беларускіх гарадоў, мястэчак, замкаў, цэркваў ды маёнткаў...

Сяргей Харэўскі
Наша Ніва №14 (135) 12 ліпеня 1999 г.

Крыніцы:

1. "Album widokow historycznych Polski poswiecony rodakom. Zrysowany z natury przez Napoleona Orde". Wstepem opatrzyl Tadeusz Chrzanowski. JMJ Oficyna Wydawnicza Gdansk, 1991.
2. Roman Aftanazy. "Materialy do dziejow rezydencji" , tom II b, ІІІb, IVb. Warszawa 1986.
3. "Беларусь у малюнках Напалеона Орды. Другая палова 19 ст." Мінск, 2001.

Интэрнет-версія: Ю. Бондараў
© Менск 2004 год, © Менск 2006 год (З дадаткамі)
http://szlachta.io.ua


ТАЛЕНТ САМААХВЯРНЫ І СВЕТЛЫ

Пачынаўся трывожны 1807 год. Францыя задыхалася ад патэтычнага захаплення сваім імперскім кумірам Напалеонам, які зусім нядаўна каранаваўся і разам з устрашальным войскам не ўпускаў з рук перамогу, разграміўшы праціўнікаў пад Аўстэрліц, Йенай. Уся Заходняя Еўропа амаль што была ім скорана, заліта крывёю, слязьмі роспачы мноства ахвяраў шавіністычнай палітыкі. Але на гэтым людскім горы нараджаўся і міф пра ўсемагутнасць, выключную абранасць фартунай чалавека, дзеля амбіцый і ўладарнай хцівасці якога патрыятычныя французы фанатычна кідаліся ў бойкі, уцягваючы ў войны і гвалт іншыя народы. Цяжка было не паддацца ілюзіям пра хуткую свабоду, што прынясе геройскі Напалеон, і падняволеным патрыётам былой Рэчы Паспалітай, якія ўжо адчулі прагу пераможцы рушыць на Усход і схапіцца з прыгнятальніцай Еўропы Расейскай імперыяй. Хтосьці рыхтаваўся да сустрэчы, седзячы ў родным гняздоўі, а хтосьці кідаў усе свае справы, сям'ю і прабіраўся насустрач "вызваліцелям", прагнучы ўступіць у іх шэрагі і вярнуцца на Радзіму на белым кані. "Віват!", "Вядзі нас у бойку!", "Жыве перамога!" - такімі воклічамі скаланалася паветра над легіёнамі вайскоўцаў, сярод якіх былі і валанцёры з Беларусі.

А ў гэты самы час на нашай зямлі нарадзіўся хлопчык, якога бацькі, не вагаючыся, назвалі прыцягальным і нязвыклым імем - Напалеон. Не, дзень 11 лютага 1807 г. ніхто ў прыгнечаным краі не адзначаў як нейкае свята хуткага звароту Незалежнасці. Але ў маёнтку Варацэвічы Пінскага павету (цяпер Іванаўскі раён) шчаслівыя бацькі з ласкавымі ўсмешкамі хіліліся да калыскі немаўляткі, спрабуючы ўявіць, які лёс будзе мець іх сын, ці наканавана яму сапраўды стаць героем свайго народу і наводзіць жах на прыгнятальнікаў, як гэта рабіў ужо легендарны карсіканец?

У сям'і не мелі звычкі хавацца ў кусты, калі трэба было ісці на ворагаў. Продкі маленькага Напалеона з шляхетнага роду Орда, якія спавядалі уніяцтва, праваслаўе, а з ХVІІ ст. прынялі каталіцтва, заваявалі сабе славу ў бойках з казакамі, як, напрыклад, пінскі харонжы Базыль Орда ў жорсткіх войнах ХVІІ ст. Меў ваярскую мужнасць і дзяржаўны розум і Станіслаў Орда, які ў 1680-х гг. быў кашталянам жмудскім, троцкім.

Бацька будучага мастака і кампазітара быў інжынерам-фартыфікатарам, маршалкам шляхты Кобрынскага павету, што характэрызуе яго як чалавека адукаванага і аўтарытэтнага. Маці хлопчыка Юзэфа (дачка пінскага старосты Матэвуша Бутрымовіча, пасла на апошнім Сейме ў Гродне ў 1795 г.) выхавала ў сына пачуццё шляхетнай годнасці і абавязку перад Бацькаўшчынай.

Пачатковую адукацыю маленькі Напалеон атрымаў у родным доме, а потым ў Свіслацкай гімназіі. З 1823 года Напалеон Орда - студэнт фізіка-матэматычнага факультэта Віленскага універсітэта. Ён хутка становіцца актыўным удзельнікам тайнага таварыства студэнтаў "Заране". Яны марылі пра дэмакратычныя перамены ў час нарастання мікалаеўскага дэспатызму яшчэ небывалага казарменна-паліцэйскага тыпу. Іх галоўнай зброяй была малітва аб вернасці Бацькаўшчыне, і ўжо за гэта яны лічыліся "дзяржаўнымі злачынцамі". Толькі чатыры курсы універсітэта ўдалося закончыць высакароднаму юнаку, які правёў год і тры месяцы ў турэмным зняволенні. Шлях да далейшай адукацыі быў забаронены, сувязі з лепшымі сябрамі-аднадумцамі парушаны. Пра многае перадумаў Напалеон Орда...

Вяртанне ў бацькоўскі дом не затрымала яго на Палессі. У якасці шарагоўца-кавалерыста расейскай коннай гвардыі Літоўскага корпусу ён быў прызваны ў войска. Перамогшы непрыхільныя пачуцці да імперскай ваеншчыны, ён вучыўся быць ваяром-прафесіяналам. Імперыя зрабіла яму выклік, асудзіла яго, пасягнула на яго волю, і ён рыхтаваўся да змагання. Паўстанне 1830 г. прывяло Напалеона Орду ў штаб змагароў за Незалежнасць у Варшаве. У бойцы пад Коцкем у траўні 1831 г. ён праявіў надзвычайную мужнасць, за якую атрымаў высокую ўзнагароду - Залаты Крыж "Віртуці Мілітары". Орду быў прысуджаны ранг капітана. Яго імя пачало атаясамлівацца з вялікай вайсковай будучыняй, бо, сапраўды, адважны малады шляхціц-літвін меў да гэтага прыроджаныя здольнасці. Годны дух продкаў даваў яму моц у самых небяспечных сітуацыях, калі трэба было рызыкаваць жыццём. Але якраз на той час раптам абудзіліся і творчыя здольнасці. Напалеон напісаў тады палымяны верш пад назваю "Літвін да палякаў", поўны рамантычных зваротаў і шчырых спадзяванняў на баявое братэрства, у якім будзе здабыта Свабода. І літвіны, і палякі праяўлялі цуды гераізма, пра якія дагэтуль памятаюць і не павінны забывацца ні сучасныя беларусы, ні "браты з-за Віслы". Але паўстанне было жорстка, бязлітасна задушана. Царская махіна імперскага мілітарызму не шкадавала "гарматнага мяса", каб і надалей цягнуліся нявольніцтва і адчай на бяскрайніх абсягах "турмы народаў". Тыя са змагароў, хто ацалеў, трапілі ў Сібір або здолелі вырвацца за мяжу.

Напалеон Орда апынуўся сярод эмігрантаў. Цяжкім быў шлях 24-гадовага юнака-героя, калі ён з болем у душы крочыў праз Аўстрыю, Швейцарыю, Італію. Яго мэтай было дасягнуць Парыжа, знайсці там прытулак. Тагачасная Францыя з разуменнем прымала выгнаннікаў з былой Рэчы Паспалітай, людзей годных, няскораных духам, у незлічонай грамадзе якіх былі лепшыя музыканты, паэты, палітычныя дзеячы. З 1831 года Напалеон упершыню і надоўга пасяліўся ў Парыжы. Ён знайшоў тут свой другі дом, шчырых сяброў і з небывалай хуткасцю і зайздроснымі вынікамі развіў у сабе новыя здольнасці, найперш творчыя. Увогуле ён быў асобай, якая ў складаных жыццёвых сітуацыях супрацьстаіць адчаю і песімізму праз актыўную дзейнасць.

Напалеон Орда цудоўна валодаў французскай мовай і не быў ізаляваны ад новага для сябе асяроддзя. У Парыжы ён не мог не стаць творцам. Тут ужо панавалі рамантычныя творчыя кірункі, і гэта было яму па душы. Яго вабіў свет прыроды, гістарычных помнікаў, нязвыклых мясцінаў, ахутаных легендамі. У прыцемках, калі над Сенай падымаўся туман, яму мроілася, што ён у горадзе над Вілляй, і гатычныя вежы капліцы маглі нагадваць яму ўзнёслыя абрысы Касцёла святой Ганны.

Напалеон Орда пачынае вучыцца мастацтву пейзажнага жанра ў студыі П'ера Жэрара і хутка засвойвае законы жывапісу, графікі і нават скульптуры. Яго тонкая назіральнасць і высокі мастацкі густ дазвалялі перадаваць у акварэльнай тэхніцы, малюнку алоўкам ці пастэлі з натуры самае прыгожае, прыкметнае і запамінальнае. І не толькі горад з вялікай гістарычнай спадчынай і непаўторным маляўнічым каларытам натхняў яго. Напалеон Орда адчуў вялікую прагу да творчых падарожжаў у новыя для сябе краіны, балазе што вандраваць з альбомам для замалёвак азначала неверагодна больш, глыбей адчуць хараство і багацце свету. Разам з сваім сябрам Т.Плоньскім Напалеон наведаў у летнія месяцы Англію, Шатландыю, Галандыю, Партугалію і нават экзатычны Алжыр. Мастак з захапленнем працаваў з натуры, выбіраючы для адлюстравання мясціны, напоўненыя рамантычнымі чарамі прыроды, якая несла ў сабе гэтулькі навізны: горы, бязмежныя даліны, паўразбураныя замкі, утульныя вясковыя сядзібы, мястэчкі. Ён вучыўся аб'ядноўваць звычайнае і рамантычнае. Яго ўпэўненая рука артыстычна, лёгка, дакладна і праўдзіва назаўжды пакінула ўсё гэта на паперы. Пасля перыяду вучобы падарожжы былі для Орды сапраўдным творчым святам. Ён адчуваў сябе першаадкрывальнікам, калі адлюстроўваў тое, што да яго не прыкмячаў ніводны іншы пейзажыст.

Але на гэтым не скончыліся яго пошукі новага творчага самасцвярджэння. Душу Орды перапаўнялі чароўныя гукі, якія таксама патрабавалі свайго вобразнага ўвасаблення. І мастак пачаў браць урокі музыкі ў вялікага кампазітара Фрэдэрыка Шапэна, з якім яго аб'ядноўвала незабыўная туга па Радзіме. У абодвух з Варшавай было звязана шмат успамінаў. Яны адчувалі сябе адарванымі ад свету, дзе прайшло іх дзяцінства і сталенне. З гэтым светам яны былі звязаны не менш, чым з рэальным, у якім існавалі, тварылі, і такая асаблівасць у пачуццях надавала іх зносінам глыбокую лучнасць. Настаўнік і вучань сталі шчырымі сябрамі. Ф.Шапэн часта дарыў Напалеону свае першыя друкаваныя творы з подпісамі, малюнкамі. Ужо праз такія стасункі з славутай асобай беларускі патрыёт мог увайсці ў гісторыю музыкі і праз стагоддзі быць цікавым для даследчыкаў. Аднак ён і сам пачаў не толькі ўпэўнена граць на музычных інструментах, але і пісаць паланэзы, вальсы, серэнады, калыханкі, песні на словы С.Вітвіцкага, А.Плуга ды іншых. Вось так, змяніўшы зброю вайскоўца на пэндзаль мастака і нотны сшытак кампазітара, Напалеон Орда зрабіўся прыкметнай асобаю у тым згуртаваным эмігранцкім асяроддзі, якое стварала вельмі асаблівы, блізкі нашаму беларускаму краю Парыж, дзе амаль кожны дзень думалі, марылі і тварылі ў гонар пакінутай і па-ранейшаму зняволенай Радзімы.

Не забываў Напалеон і свайго ваенна-палітычнага статуту. Ён кантактаваў з А.Чартарыйскім - прэзідэнтам і кіраўніком Часовага ўраду Рэчы Паспалітай, які таксама атрымаў парыжскую прапіску. Праз гэта Напалеон Орда далучаўся да ўсіх падзей, што адбываліся ў доме Чартарыйскіх, ведаў усіх знакамітых палітычных і культурных дзеячаў, што трымаліся ў Парыжы як адна міні-дзяржава з духоўным статутам незалежнасці. У духу калектывізму разгортвалася і арганізацыйная дзейнасць самога Н.Орды. У 1838 г. ён выдаў "Альбом твораў польскіх кампазітараў" і сродкі ад яго перадаў на рахунак землякоў, што цярпелі нястачу ў эміграцыі. Гэты факт яскрава сведчыць пра тое, што Н.Орда жыў не толькі сваімі творчымі інтарэсамі, але рупіўся пра іншых: падтрымліваў слабых, дапамагаў вялікім, з якімі яго аб'ядноўвалі высокія патрыятычныя ідэі. Нельга было не захапляцца Напалеонам, чалавекам рашучым, але вельмі сціплым, які ніколі не спрабаваў узвышацца над іншымі.

У 1839 г. ён стаў сябрам гісторыка-літаратурнага таварыства, што дазволіла яму бліжэй пазнаёміцца з Адамам Міцкевічам і таксама стаць сябрам яго сям'і. Разам з жонкай паэта Цэлінай Н.Орда наладжваў у доме Міцкевіча цудоўныя музычныя вечары. Ён выдаткаваў сродкі, каб у свет выйшлі зборнікі лекцый
А.Міцкевіча для французскамоўных чытачоў.

У 36-гадовым узросце сэрца Напалеона Орды загарэлася каханнем да мадмуазэль Ірэны Бугле, якая стала яго жонкай і нарадзіла шчасліваму мужу сына Вітаўта. Орда прысвяціў ёй бадай адзін з самых урачыстых і вытанчаных паланэзаў "Ля Цэлюль". Сямейства Орды цешыла іншых сваёй еднасцю. Неўзабаве і жонка пачала размаўляць па-польску (мабыць, і калыханку свайму сыночку магла праспяваць на словы таго палескага краю, скуль паходзіў яе каханы Напалеон). Яго ж сябра Фрэдэрык Шапэн і на гэты раз праявіў цеплыню. У лісце да Орды ён пісаў: "Пан Бог выпестуе табе выдатнага хлопца-літвіна, а спадарыне Орда дасць сто гадоў здароўя!"

У гэтых словах далёка не выпадкова падкрэслівалася нацыянальная прыналежнасць дзіцяці. У 1845 годзе ў Парыжы ўбачыў свет вялікі эпічны твор Адама Міцкевіча "Пан Тадэвуш", праз які Літва і літвіны зрабіліся блізкімі для ўсёй культурнай Еўропы. Літва была ўжо не толькі настальгіяй, але і будучыняй, да якой трэба было імкнуцца, імкнуцца з новымі спадзяваннямі. Напалеон Орда ўскладаў надзеі не толькі на будучыню сына, але і сам чуўся як бы адным з герояў А.Міцкевіча, якому належыць вярнуцца на Радзіму...

У сярэдзіне 1840-х гадоў ён быў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы. (Пазней, у 1873 г., выйдзе яго "Граматыка музыкі", высока ацэненая С.Манюшкам.) Орду ведалі як выдатнага тэарэтыка і настаўніка музычнага мастацтва, аўтара падручніка польскай мовы для французаў. Яго музычныя творы, асабліва паланэзы, прыцягвалі ўвагу разнастайнасцю, багаццем фактуры, меладычнасцю.

Наступіў 1856 год. У выніку Крымскай вайны Расейская імперыя пад націскам сваіх заходнееўрапейскіх праціўнікаў падпісала шмат дамоў, у тым ліку абвясціла амністыю палітычным эмігрантам, якія доўгія гады не маглі вярнуцца на Беларусь як завочна асуджаныя "ворагі". У 49-гадовым узросце Напалеон Орда вырашыў часова пакінуць сям'ю і здзейсніць сваю вялікую творчую задуму - вяртанне на Радзіму. Спачатку Орда жыў у Варацэвічах, а ў 1862-63 гадах - у Гродне. Ступіўшы на зямлю продкаў, ён адчуў, што тут нарастае новы ўздым змагання за волю і па-свойму плённа далучыўся да нацыянальна-вызваленчага руху як яго творчы натхняльнік. На яго "ваўкамі" пазіралі царскія калабаранты і жандары. Не было нават думкі ўладкаваць на дзяржаўную пасаду прышэльца з Парыжа. Ён працаваў хатнім настаўнікам сына генерала Ржавускага, а ў вольныя ад працы месяцы вандраваў з альбомам малявальшчыка (1875-77 гг.) па Гродзенскай, Віцебскай, Мінскай губернях, падарожнічаў у Вільню, Кіеўскую, Падольскую губерні. Далей - у Польшчу, дзе ён праліваў кроў за свабоду ў маладыя гады: у Варшаву, а потым у Познань, Люблін, Петркув, Радом, Кельцэ, Плоцк, Куявы. Гэта была вялікая творчая прастора, сагрэтая яго натхненнем і ўвекапомненая ў незлічонай колькасці малюнкаў. Для нас яна стала "адваяванай" у нябыту гісторыяй, замацаванай у велічных помніках архітэктуры, у выявах запаветных мясцінаў, звязаных з імёнамі А.Міцкевіча, Т.Касцюшкі, Ф.Шапэна, іншых слынных асобаў, што калісьці жылі на нашай зямлі. Напалеон Орда пабудаваў сваю вялікую, духоўна незалежную краіну, не праліўшы кроплі чалавечай крыві. І кожнаму яго земляку і жыхару іншых дзяржаваў доступ туды быў вольны, бо яна існавала ў выглядзе шэрагу альбомаў з замалёўкамі шматлікіх беларускіх гарадоў і мястэчкаў. Толькі на Беларусі было зроблена больш як 200 такіх малюнкаў, дзе кожны мог бачыць помнікі мінуўшчыны, адчуць жывы подых прыроды і нават пачуццёва персаніфікавацца ў падарожніка (выявы якіх часта існуюць на малюнках), як бы ўвачавідкі трапіць туды, дзе пабываў мастак, малюючы з натуры плошчы Менска, цэнтр Віцебска, Мірскі і Крэўскі замкі і многае інаше, чым быў багаты край яго натхнення.

Неўзабаве Варшава зноў становіцца "штабам" яго культурнай дзейнасці. Тут ён выдаў ажно 7 альбомных серый (1873-83), дзе ў кожнай было па тры сшыткі з малюнкамі (планаваў яшчэ 8-10-ыя серыі, але не паспеў). Дапаможцамі Н.Орды былі мастак А.Місеровіч, які вельмі дакладна пераводзіў яго арыгінальныя творы на літаграфскую тэхніку, каб потым друкаваць у шматлікіх асобніках, і выдавец М.Фаянс, які арганізоўваў і фінансаваў гэты незвычайны творчы праект. У самога ж Напалеона Орды ніколі не было грошай. Ён звычайна пешкі ішоў у новыя падарожжы і ў самых розных мясцінах быў носьбітам цікавай і патрэбнай людзям інфармацыі. Часта наладжваў канцэрты, сродкі ад якіх перадаваў беднякам.

Напалеон Орда ахвяраваў свой талент Радзіме. Дзякуючы гэтаму нястомнаму тытану творчасці, які з дакументальнай дакладнасцю і рамантычнай узнёсласцю маляваў нашу зямлю, мы і цяпер уяўляем, як выглядалі многія архітэктурныя помнікі і мясціны, што знішчыліся або непазнавальна змяніліся. Беларусь Напалеона Орды як фенікс з попелу праступае праз абезаблічаны бетон сучасных гарадоў, вырастае светлымі абрысамі святыняў, сцертых вандаламі ХХ ст. з твару зямлі. А калі на плошчы Свабоды ў Мінску ізноў быў адноўлены Катэдральны сабор і яго вежы высока ўзняліся над Верхнім горадам, наша сапраўдная Радзіма, якую ўвекапомніў Напалеон Орда, як бы стала зусім блізкай да нас, ці, дакладней, мы, якія так даўно ўжо "забылі яе, адракліся, прадалі і аддалі ў палон", зноў вярнуліся да яе.

...Калі разглядаеш малюнкі з альбомаў Напалеона Орды, як бы адчуваеш вытанчаную мелодыю ліній, рытмаў, светлых і цёмных штрыхоў, далікатна нанесеных на чыстую паверхню паперы. Што ж гэта за музыка агучвае яго пейзажы Радзімы? Ды тая, якую мы не аднойчы чулі ў ціхім павеве ветрыка, лёгкім цурчанні ручая, ласкавых словах калыханкі. Менавіта гэтыя гукі блізкія да панарамы малюнкава-музычных серый, якую пакінуў нам у спадчыну сціплы і бескарыслівы творца. Ён не пісаў буйных музычных твораў, але ў мастацтве дасягнуў гэтага дасканалага сінтэтычнага вырашэння. І калі ў Мінску ў 1997 г. з'явіўся нотны зборнік Напалеона Орды "Творы для фартэпіяна", гэтае гучанне малюнкаў яшчэ больш узмацнілася.

Між тым, углядаючыся ў "люстэрка нацыянальнага хараства і велічы", што ўяўляе сабою кожны з творах згаданых серый, вернемся яшчэ раз у 1870-я гады, калі ўжо старэнькі маэстра пешкі вандраваў па сцяжынах роднага краю, каб як мага больш паспець, увекопомніць, пакінуць для будучыні. На зіму ён вяртаўся ў гасцінны дом сваёй сястры Гартэнзіі, якая пасля замужжа насіла прозвішча Скірмунт. Бачыўся і з дарослым сынам, што прымаў удзел як абаронца Францыі ў вайне з Прусіяй, а потым вырашыў звязаць свой лёс з Радзімай бацькі. Напалеон Орда цяжка хварэў, але не хацеў змяніць жыццё падарожніка на цёплы пакойчык у фамільным маёнтку. У 1883 г. ён у апошні раз выбраўся ў Варшаву, горад сваёй маладосці. Там 26 красавіка спыніўся яго жыццёвы шлях. Згодна з тэстамэнтам Н.Орду пахавалі ў Янаве, у фамільнай усыпальніцы.

Такім быў жыццёвы і творчы лёс вялікага літвіна, непаўторнага рамантыка, самаахвярнага патрыёта нашай духоўна незалежнай будучыні.

Толькі напрыканцы ХХ ст. мы пачынаем усведамляць, чаго варты наш Напалеон Орда. Ужо гучыць яго музыка на канцэртах, мастакі Берасцейшчыны ладзяць пленэры па мясцінах, якія захоўваюць яго творчую прысутнасць. У Іванаве (былым Янаве) у 1997 г. пастаўлены помнік слыннаму мастаку-вандроўніку (скульптар Ігар Голубеў). Але трэба шчыра прызнацца, што нам яшчэ доўга давядзецца вяртацца на Радзіму, скідаючы цяжар невуцтва, эгаізму і бязвер'я. І няхай з намі будзе сябрам і настаўнікам у гэтым працяглым шляху Напалеон Орда.

Яўген ШУНЕЙКА
Часопіс "НАША ВЕРА" 1-1998 г.



Обновлен 27 авг 2012. Создан 15 янв 2006



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter