Пра беларускіх нацыянальных партызанаў і дзяцей нямецкіх салдат




Частка архіўных дакумэнтаў па гісторыі Другой усясьветнай вайны застаецца закрытай для навуковых дасьледаваньняў і праз 68 гадоў па яе заканчэньні. Гісторыкі таксама заяўляюць пра замоўчваньне і скажэньне шэрагу гістарычных фактаў апошняй вайны, нявыгадных для савецкай гістарыяграфіі.

Пра трагедыю вёскі Дражна Старадароскага раёну на Меншчыне шырокая грамадзкасьць даведалася з кнігі "Кроў і попел Дражна" беларускага краязнаўцы Віктара Хурсіка. На падставе сьведчаньняў мясцовых жыхароў аўтар сьцьвярджаў, што вёску спалілі ня немцы, а савецкія партызаны. Аўтара зьвінавацілі ў скажэньні фактаў і ў спробе перапісаць гісторыю. У сваю чаргу гісторыкі заяўляюць, што партызанка — толькі адна з шэрагу самых засакрэчаных і забароненых тэмаў, якія тычацца апошняй вайны. Гаворыць кандыдат гістарычных навук Ігар Кузьняцоў:

— Да тэмаў, якія фактычна зьяўляюцца забароненымі ў беларускай гісторыі, адносіцца пэрыяд пачатку вайны і акружэньне савецкіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. Да прыкладу, колькасьць Заходняй вайсковай акругі была 672 тысячы чалавек. За два тыдні баёў загінула каля 300 тысяч, і больш за 450 тысяч, а паводле некаторых зьвестак — каля паўмільёна, трапілі ў палон. Другая тэма — калябарацыя, і трэцяя — жыцьцё на акупаванай тэрыторыі. А менавіта, што людзі заставаліся пад падвойным ударам: з аднаго боку — акупацыйныя ўлады, а з другога — партызаны, якія прыходзілі ноччу, забіралі харчаваньне, адзеньне і гэтай далей. Гэта самыя табуяваныя тэмы — дастаткова разгарнуць падручнікі, паводле якіх вывучаецца гісторыя вайны ў школах і ВНУ, і можна пабачыць, што гэтая гісторыя адсутнічае цалкам.

У працяг тэмы партызанкі доктар гістарычных навук Эмануіл Ёфэ — аўтар шэрагу выданьняў па гісторыі апошняй вайны — у сваіх дасьледаваньнях сьцьвярджае, што на тэрыторыі сучаснай Беларусі на пачатку вайны колькасьць цывільных грамадзян, якія пайшлі служыць у паліцыю, перавышала колькасьць партызан, што змаганьне з фашызмам так званых народных мсьціўцаў істотна перабольшанае, а барацьбу з акупантамі на тэрыторыі Беларусі нельга назваць усенароднай. Шэраг фактаў апошняй вайны замоўчаны цалкам, кажа Эмануіл Ёфэ:

— Такі боль беларускага народу, пра які ніколі нідзе ня пішуць, які ні разу нідзе ня згадваўся: паводле неафіцыйных зьвестак, падчас Другой усясьветнай вайны на тэрыторыі Эўропы ад нямецкіх салдат і афіцэраў нарадзілася каля 3 мільёнаў дзяцей. У Беларусі такіх дзяцей — каля 300 тысяч, пра якіх ніколі нідзе не гаворыцца. Мала пішацца пра беларускіх нацыяналістычных партызан. Гэта ня польская "Армія краёва", не ўкраінскія АУН-УПА, не савецкія партызаны, якія падпарадкоўваліся Маскве. Гэта беларускія нацыяналістычныя партызаны, якіх было няшмат — 3-5 тысяч, але яны былі. Усенароднай партызанскай вайны, фактычна, не было, бо партызанскім рухам кіравалі органы НКВД - НКДБ і ваенныя саветы франтоў. Гэта вельмі многім непрыемна, а таму імкнуцца гэтыя факты замаўчаць.

Паводле Эмануіла Ёфэ, апошнімі гадамі, акрамя таго, зьяўляюцца публікацыі, у якіх афіцыйныя гісторыкі спрабуюць занізіць колькасьць загінулых беларусаў і зьняпраўдзіць сам факт спальваньня беларускіх вёсак, а іх было спалена 439. Гэткім чынам, барацьба ідэалёгій, якой была Другая ўсясьветная вайна на тэрыторыі Беларусі, працягваецца і па сёньняшні дзень, кажа гісторык Алесь Смалянчук:

— Тое, што мы шмат ня ведаем пра гэтую вайну, то гэта абсалютна відавочна. Доўгі час яна была моцна ідэалягізаваная. Падавалася так, што вайна — гэта Вялікая Айчынная вайна савецкага народу. У выніку сёньня беларуская гістарыяграфія мае праблему і з факталёгіяй гэтай вайны, і зь яе пераасэнсаваньнем. У свой час Яўген Мірановіч вельмі добра напісаў у сваёй кнізе "Найноўшая гісторыя Беларусі", што галоўная праблема Беларусі — у тым, што яна стала пляцоўкай для змаганьня двух таталітарызмаў: сталінскага і гітлераўскага. Шмат што трэба рабіць гісторыкам, але гэта надзвычай складана ва ўмовах зачыненых архіваў і ў выглядзе ідэалёгіі, якая вярнулася з савецкіх часоў.


Галіна Абакунчык

"Радыё Свабода", 8 траўня 2013 г.



Создан 08 мая 2013



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter