Вядомы з 1-й паловы XVI ст. як населены пункт Вялікага княства Літоўскага. Належаў Слушкам, Радзівілам, Чартарыйскім.
Стоўбцы — горад, цэнтр раёну, на р. Нёман. За 78 км на паўднёвы захад ад Менску. Вядомы з 1-й паловы XVI ст. як населены пункт Вялікага княства Літоўскага. Належаў Слушкам, Радзівілам, Чартарыйскім. У 1621 г. пабудаваны касцёл Святога Казіміра. У 1729 г. Стоўбцы атрымалі магдэбургскае права. З 1793 г. у складзе Расейскай імеперыі, мястэчка, цэнтр воласці Менскага павету. У XIX ст. адзін з галоўных портаў на Нёмане; развітыя рамесніцтва і гандаль, вываз збожжа, пянькі, лесаматэрыялаў, смалы, будаўніцтва рачных суднаў, здабыча мелу, вапны. З 1871 г. станцыя Берасцейска-Маскоўскай чыгункі. У 1897 г. мелася 3,8 тыс. жыхароў, запалкавая фабрыка, лесапільны завод і млын, смалакурня, паромная пераправа, пачатковае вучылішча, паштовая станцыя. У 1882 г. непадалёку ад Стоўбцаў у в. Акінчыцы (цяпер у межах гораду) нарадзіўся Я. Колас. З 1921 г. ў складзе Польшчы, горад, цэнтр павету Наваградскага ваяводства, пагранічная чыгуначная станцыя. З 1939 г. у складзе БССР, 7,5 тыс. жыхароў. З 1940 г. цэнтр раёну.
В.А. Крайко
Царква Сьвятой Ганны пабудаваная ў 1825 г. з цэглы па фундацыі ўладальніка маёнтку князя А. Чартарыйскага. Абнесеная бутавай агароджай з двух’яруснай брамай-званіцай.
Помнік дойлідства класіцызму. Вырашаная цэльным прастакутным у плане аб’ёмам пад двухсхільным дахам. Галоўны фасад завершаны двух’ярусным фігурным франтонам з увагнутымі бакавымі гранямі і цэнтральнай арачнай нішай, фланкіраванай дзвюма парамі пілястраў. Яркім дэкаратыўным элементам фасаду з’яўляецца рама, размешчаная над цэнтральным уваходам і вырашанаяя паслядоўна ўпісанымі геаметрычнымі фігурамі — квадрата з раскрайаванымі кутамі і квадрата з васьмікутнікам. Бакавыя аконныя праёмы фасаду акаймоўваюць простыя ліштвы з несапраўднымі замковымі камянямі і архівольтамі. Фасады рытмічна расчлянёныя арачнымі аконнымі праёмамі ў пластычных ліштвах і пілястрамі дарычнага ордэру ў прасценках, апяразаныя спрошчаным антаблементам.
Унутры малітоўная зала перакрытая люстравым скляпеннем з падугамі; сцены апяразаны антаблементам, крапаваныя пілястрамі. Над уваходам зробленыя хоры, падтрыманыя чатырма драўлянымі калонкамі. Алтарная частка вылучаная іканастасам чатырохяруснай сямічасткавай кампазіцыі, расчлянёным канеліраванымі пілястрамі. Завяршаюць кампазіцыю пяць фігурных франтонаў з бакавымі валютамі. Арнаментальна-дэкаратыўны акцэнт іканастасу — разная царская брама. Абразы іканастасу размежаваныя на два ярусы антаблементам з трыгліфным фрызам.
А.М. Кулагін
Праваслаўныя храмы на Беларусі
Менск, Беларуская Энцыклапедыя, 2001
__________