Аўтар кнігі распавёў пра людзей, якія стварылі першае нефармальнае аб’яднанне беларускай моладзі ў Менску
5 кастрычніка распачаўся другі сэзон публічных лекцыяў "Urbi et Orbi". Які ўплыў аказала "Беларуская майстроўня" на фармаваньне культурнай прасторы Беларусі? Як і чаму сталася так, што мы пачалі "жыць у спыненым часе"? Што ў актуальнай сытуацыі можа стаць падмуркам, пачаткам новага этапу культурнага развіцьця краіны? Адказы на гэтыя пытаньні разам зь Сяргеем Дубаўцом шукалі ўдзельнікі публічнай лекцыі.
Адчуваньне, што час пачынае спыняцца, прыйшло ў 2006-м. У тры гадзіны ночы нам у Вільню затэлефанаваў з Бэрліну сябра мастак і, рыдаючы ў слухаўку, сказаў, што лягер моладзі на Плошчы разганяюць...
Канчаткова стала зразумела, што час спыніўся, у 2010-м. Успомнілася атмасфэра 1980-га і нават сярэдзіны 1970-х гадоў, эпохі застою, беспрасьветнасьці і таго, што нічога не адбываецца.
Спынены час — як дом без гаспадара, як стаячая вада. Ён выклікае ў душы паныласьць, гасіць творчыя інтэнцыі. Тут сапраўды ніхто не жыве.
І вось у такім спыненым часе ў 1980 годзе ўзьнікла Майстроўня — першае беларускае нефармальнае аб'яднаньне моладзі. Я назваў сваю кніжку "Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду", таму што відавочнай і адназначнай прычыны яе ўзьнікненьня так і не знайшоў. Гэта быў вынік дзясяткаў розных зьбегаў абставінаў. У кнізе прадстаўленыя больш за 50 чалавек, і кожны зь іх апынуўся ў Майстроўні неяк па-свойму. Але ўсіх гэтых тлумачэньняў мне недастаткова, таму я і назваў гэтую зьяву цудам...
Я ня ведаю, калі зноў зрушаць зь месца стрэлкі гадзіньніка. Я толькі канстатую, што сёньня яны спыніліся. Магчыма, гэта будзе як у Майстроўні, калі 20-гадовыя творцы зьбяруцца рабіць справу разам. Адно ведаю дакладна: час немагчыма запусьціць у сфэры палітыкі, бо палітыка абмежаваная сваім часам — ці то спыненым, ці то зрушаным. А зрушваецца час у сфэры нефармальнай культуры, тады, калі яна становіцца масавай зьявай.