Затрыманы "бацюшка са свастыкай" Канстанцін Бурыкін




Як стала вядома "Нашай Ніве", некалькі дзён таму быў затрыманы праваслаўны "святар" з Гатава Канстанцін Бурыкін.

Затрыманне, па непацверджанай інфармацыі, адбылося ў пятніцу, па ягоным прылёце з ЗША, дзе ён знаходзіўся па лініі Федэрацыі паўэрліфтынгу. Затрымлівала яго, імаверна, ГУБАЗіК Міністэрства ўнутраных спраў.

Бурыкін быў вядомы з часоў сваёй актыўнасці ў неанацысцкай арганізацыі "Рускае нацыянальнае адзінства", або "РНЕ".

У 2014 роке стаўся скандал, калі раскрылася, што ў "святара" з тых часоў на плячы застаецца свастыка. Тады Бурыкін у інтэрв'ю СМІ адрокся сваіх былых захапленняў.

Пры гэтым ён захоўваў кантакты з прамаскалёўскай арганізацыяй "Румол", на базе ягонага прыходу гэтая суполка праводзіла спаборніцтвы.

Бурыкін родам з Омска, але ягоныя сястра і бацькі таксама жывуць у Менску.

Грамадзянства беларускага Бурыкін не меў. Што цікава, не меў ён і духоўнай адукацыі, а святарскі сан атрымаў разам з абяцаннем збудаваць храм у Гатаве — рабочым прыгарадзе Менска.

Акрамя святарскай дзейнасці, ён быў першым намеснікам старшыні Беларускай федэрацыі паўэрліфтынгу, якой кіраваў Генадзь Калеснік, старшыня БФСТ "Дынама". Па нашай інфармацыі, усімі фінансавымі справамі федэрацыі займаўся Бурыкін, роля Калесніка там была сімвалічная. Праз федэрацыю Бурыкіну ўдавалася наладжваць сувязі са структурамі МУС. 

У храме, настаяцелем якога працуе Бурыкін, "Нашай Ніве" сказалі, што ўжо некалькі дзён "святара" не бачылі.

— Пра міліцыю нічога не чуў. Але Бурыкін, здаецца, кудысьці з'ехаў — ці то за мяжу, ці то яшчэ куды, — паведаміў нам адзін з ахоўнікаў царквы.

Асабісты нумар Бурыкіна недаступны. "УКантакт" ён апошні раз заходзіў у пятніцу.

Былая цешча Бурыкіна, Таісія, пра затрыманне свайго былога зяця чула ад унучкі Аляксандры, дачкі Бурыкіна. Але падрабязнасцей, кажа, не ведае.

— Напэўна, не хочуць мяне засмучаць, — мяркуе Таісія.

Асабістая гісторыя ў Бурыкіна незвычайная. Ягоная першая жонка памерла 9 рокаў таму, пакінуўшы чацвёра дзяцей.

Пасля гэтага Бурыкін ажаніўся з сядзелкай — дзяўчынай, якая дапамагала глядзець жонку ў часе яе хваробы.

"Наша Ніва" знайшла былога прыёмнага сына Бурыкіна. Як аказалася, у яго быў вялікі канфлікт з бацькам. Ён сцвярджае, што бацька яго выгнаў. (Больш інфармацыі чытайце на NN.BY пазней.)

Цікава, што беларускім РНЕ доўгі час кіраваў Андрэй Саковіч — стрыечны брат Бурыкіна і хросны бацька таго сына Бурыкіна, якога ён пасля адрокся.

Таксама цікава, што блізкі сваяк першай жонкі Бурыкіна служыць на высокай пасадзе ў брыгадзе спецназа 3214.

У Беларускай праваслаўнай царкве факт затрымання святара пацвердзілі.

— Але каментаваць нічога пакуль не магу, — паведаміў "Нашай Ніве" протаіерэй Сяргей Лепін, старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела БПЦ. — Не ведаем пакуль ані за што яго затрымалі, ані калі дакладна. Здаецца, ці то дзень таму, ці то два. Калі атрымаем нейкую інфармацыю ад следчых, тады і пракаментуем падрабязней.

Сілавыя структуры пакуль не адказалі, за што быў затрыманы Бурыкін. Таму мы не будзем публікаваць тое, што нам вядома з неафіцыйных крыніц. Можна толькі сказаць, што падазрэнні сур'ёзныя. Сярод іх знаёмыя са справай называюць захоўванне зброі. 

Больш пра справу Бурыкіна чытайце на NN.BY пазней.


Улад Швядовіч, Арцём Гарбацэвіч


"Наша Ніва", 21 лістападу 2016 р.

 

 

“Святара са свастыкай” абвінавацілі ў незаконным захоўванні боепрыпасаў


“Святару” Канстанціну Бурыкіну з Гатава пагражае да сямі рокаў пазбаўлення волі.

Супрацоўнікі Галоўнай управы ў барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй некалькі дзён таму затрымалі кіраўніка прыхода храма Святога Духа ў Гатаве іерэя Канстанціна Бурыкіна. Яго падазраюць у незаконных дзеяннях у дачыненні да боепрыпасаў (ч.2 арт.295 КК), паведаміла tut.by афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова.

Крымінальная справа распачатая ўправай Следчага камітэта Менску. Калі віна падазраванага будзе даведзеная, то яму пагражаюць выпраўленчыя работы на тэрмін да двух рокаў, арышт або абмежаванне волі на тэрмін да пяці рокаў, або пазбаўленне волі на тэрмін да сямі рокаў з магчымай канфіскацыяй маёмасці. На час следства “святара” ўзялі пад варту.

— Следчыя аналізуюць іншыя матэрыялы, якія паступілі з Міністэрства ўнутраных спраў у дачыненні да Канстанціна Бурыкіна. Праводзяцца следчыя дзеянні, — удакладніла Юлія Ганчарова.

Факт затрымання святара пацвердзілі і ў БПЦ. Канстанцін Бурыкін часова пазбаўлены царкоўнага сану. Яму таксама забаронена праводзіць службы. У самой парафіі кажуць, што не бачылі свайго “святара” ўжо некалькі дзён, але дзе ён і што з ім, у храме не ведаюць.

Дачка “святара”, спартоўка Аляксандра Бурыкіна, якая падарыла Арнольду Шварцэнэгеру цішотку з партрэтам Лука-кі, каментаваць сітуацыю адмовілася.

Бурыкін быў вядомы з часоў сваёй актыўнасці ў неанацысцкай арганізацыі “Рускае нацыянальнае адзінства”, ці “РНА”.

У 2014 роке здарыўся скандал, калі высветлілася, што ў “святара” з тых часоў на плячы застаецца свастыка.

Айцец Канстанцін тлумачыў нацысцкія татуіроўкі на целе памылкамі маладосці. У 90-я Бурыкін жыў у Маскве і там уступіў у шэрагі “Рускага нацыянальнага адзінства” (“РНА”). У інтэрв'ю “Еўрарадыё” ён сцвярджаў, што цяпер памяняў свае погляды, але свастыку з цела наважыў не зводзіць.

— Пакінуў усё, як ёсць, і думаю з гэтым жыць. Затое сёння я магу кожнаму маладзёну, які паддасца на неанацысцкую агітацыю, прывесці грунтоўныя аргументы супраць. Я магу такіх хлопцаў пераканаць, адгаварыць на асабістым прыкладзе, — казаў айцец Канстанцін у гутарцы з “Еўрарадыё”.

Пры гэтым ён захоўваў кантакты з прамаскалёўскай арганізацыяй “Румол”, на базе ягонага прыходу гэтая групоўка праводзіла спаборніцтвы.


“Хартыя'97”, 23 лістападу 2016 р.

 


Як “бацюшка са свастыкай” распараджаўся бюджэтнымі мільярдамі


У аўторак стала вядома, што 18 лістапада ў Менску быў затрыманы “святар” праваслаўнага прыхода ў Гатаве Канстанцін Бурыкін.

Яго падазраюць у захоўванні боепрыпасаў.

Так супала, што цягам некалькіх тыдняў перад затрыманнем “Наша Ніва” расследавала іншыя аспекты дзейнасці гэтага “святара”, у мінулым цесна звязанага з неанацысцкімі коламі.

Пры падрыхтоўцы матэрыялу большасць нашых суразмоўцаў прасілі не згадваць іх імён праз боязь помсты з боку Бурыкіна і яго атачэння. Але ўсе працытаваныя словы нашыя крыніцы гатовыя пры патрэбе пацвердзіць у судзе.


Шлях у Беларусь


Пачнем з таго, хто такі гэты Бурыкін.

Канстанцін нарадзіўся ў кастрычніку 1977 рока ў Омску. Ён любіў расказваць сябрам і сямейным, што яго дзяцінства было цяжкім. Хлопец насіў акуляры, за што яго дражнілі аднагодкі. Праз гэта Бурыкін пачаў займацца адзінаборствамі, навучыўся біцца, адпомсціў сваім ворагам. Але школьныя крыўды запомніў на ўсё жыццё і пасля неаднойчы расказваў пра гэта сваім сябрам і сямейным, матывуючы іх такім чынам займацца сілавымі відамі спорту ці баямі. Нават сваіх дачок Бурыкін прымушаў біць па “лапах”, часам даводзячы да слёз.

У Беларусь Бурыкін прыехаў, калі яму было недзе 17 рокаў. Тут на той момант ужо асела ягоная сястра з мужам, у якой хлопец і жыў першы час. Неўзабаве перабраліся і бацькі — сёння яны жывуць у Менску.

Цікава, што Бурыкін дагэтуль так і не атрымаў беларускага грамадзянства — ён грамадзянін Масковіі.

Канстанцін марыў стаць святаром, але з паступленнем у семінарыю не склалася, і ён пайшоў на завочку ў фізкультурны на настаўніка бокса, паралельна працуючы ахоўнікам у праваслаўным храме.

У гэты момант ён знайшоў у Менску сваё каханне — першую жонку Алену, спявачку царкоўнага хора. Гэтае знаёмства і нечаканая смерць жанчыны моцна адаб'ецца на наступных паводзінах Бурыкіна. Дачка Аляксандра, адзін у адзін падобная да памерлай маці, стане аддушынай у жыцці “святара”.

“Святаром”, дарэчы, Бурыкін стаў незвычайна. Ён не скончыў семінарыі, але яму далі сан за абяцанне ўзвесці храм у Гатаве — рабочым прыгарадзе Менска.

Яму дапамагло прыроджанае ўменне “круціцца” — храм урэшце быў збудаваны.

Вышэйшае праваслаўнае духавенства скрозь пальцы глядзела на неанацысцкія захапленні Канстанціна, хаця той не вельмі і шыфраваўся. Вось фота з 90-х — аддзел экстрэмісцкай арганізацыі “РНЕ” (“Русское національное едінство”), і Бурыкін як духаўнік.

У “РНЕ” яго прывёў ягоны стрыечны брат — так, прынамсі, Бурыкін яго прэзентаваў знаёмым — Андрэй Саковіч, кіраўнік беларускага “РНЕ” пасля забойства Глеба Самойлава.

У “РНЕ” Бурыкін набіў сабе вялікую свастыку на грудзях і арла Трэцяга Рэйха на плячы.

З цягам часу “РНЕ” было разгромлена беларускім КДБ, дый паўстала пытанне пра ўласнае жыллё і грошы, таму Бурыкін заняўся іншымі справамі.


Рашэнне кватэрнага пытання і ўцягванне ў беларускі спорт


Для разумення асобы Бурыкіна варта прывесці гісторыю куплі ім чатырохпакаёвай кватэры на вуліцы Матусевіча ў Менску.

Набыў яе праваслаўны “святар” на льготных умовах у 2009 роке як шматдзетны бацька. Двух дзяцей, якіх не “хапала” для гэтага статусу, ён узяў у доме-інтэрнаце, крэдыт на $60 тысяч у эквіваленце выдаў Беларусбанк.

У гісторыі не было б нічога дзіўнага, каб жылі і цяпер тыя дзеці з ім. Але старэйшага — Аляксея — “святар” выгнаў з дому праз некалькі рокаў, апраўдваючы такі ўчынак у вачах знаёмых чуткамі пра сэксуальную арыентацыю сына.

— Ды ён гомік, ён у жаночую вопратку пераадзяваецца, з мужчынамі гуляе, стрынгі носіць, — так Бурыкін патлумачыў адрачэнне сына адной нашай крыніцы.

Мы адшукалі хлопца. Аказалася, гэта ўсё паклёпы. Аляксей жыве з дзяўчынай, мае тату з яе імем на грудзях і сёлета збіраецца ажаніцца.

— Так, ён выгнаў мяне. Мне тады было 17 рокаў. Пра ўсіх маіх сяброў Косця казаў, што яны альбо шлюхі, альбо підарасы, — сказаў нам Аляксей.

Па ягоных словах, адбылося гэта пасля таго, як ён вярнуўся з чэмпіянату свету па паўэрліфтынгу (дзе заняў другое месца) і адсвяткаваў вынік ў начным клубе.

Фармальна прычынай стала тое, што Аляксей кепска ўплывае на іншых дзяцей.

— У мяне жыццё было школа-трэніроўкі-дом. Я хацеў трохі расслабіцца, хацеў меў права на ўласныя думкі, а не жыць ягонай галавой. Трохі пагуляў… Слова за слова, і ён сказаў мне “валі”, толькі матам. Аддаў пашпарт і грошай мінімальна. Ну, а што мне рабіць?

Я паехаў, праз чатыры месяцы даведаўся, што ён падаў у суд на адмову ад усынаўлення, мне было ўжо 18, — распавёў таксама Аляксей.

Пасля быў суд, пазоў Бурыкіна задаволілі, бо і Аляксей быў не супраць.

Адзінае, у чым прайграў хлопец, гэта ў квадратах.

Бо калі яго ўсынавілі, ён страціў права на жыллё ад дзяржавы, а свае метры ў кватэры на Матусевіча прадаць не можа, пакуль у той кватэры прапісаны хаця б адзін непаўналетні — а там з чатырох дзяцей Бурыкіна такія ўсе.

Нават зайсці ў кватэру Аляксей цяпер не можа — Бурыкін проста не пускаў яго, забараніў сваім гаварыць з хлопцам.

Што да тэмы гейства, Аляксей тлумачыць гэта проста.

— А ён увесь час ужывае такія знявагі — “гомік” і “дзіравы”. Я не здзіўлены, што ён такое сябрам казаў. Але справа тут не толькі ў гэтым. Так, у мяне было шмат фотак з маім сябрам-цыганом. Ён майго сябра не любіў і гэта рэтранслявалася на мяне, — расказаў Аляксей і дадаў падрабязнасці выхавання ў сям'і Бурыкіна.

— Пачнем з таго, што ў Косці свастыка набітая на грудзях. Калі ён у нейкіх інтэрв'ю расказваў, што адрокся старых поглядаў, — гэта хлусня. Мяне хрысціў Андрэй Саковіч, калі мне было 9 рокаў. Ён часта прыязджаў да нас, таксама са свастыкай. Сядзелі яны на кухні, і ўсё адзін адному “брат-брат”. Роке ў 2010 ці пазней, магу блытаць, калі мы пераехалі на Матусевіча і зрабілі там рамонт, Косця аформіў люстру ў вялікім пакоі ў выглядзе свастыкі — там такое чырвонае кола, і калі лямпачкі запальваеш, то яны гараць ў форме свастыкі, — расказаў Аляксей. — Таксама ён карціну намаляваў, дзе ўся нашая сям'я, яшчэ маці жывая… Мы разам стаім усе ў такім стылі, як у Германіі быў.

— У форме часоў Трэцяга Рэйха? — перапыталі мы.

— Напэўна. У яго яшчэ на руцэ чырвоная павязка са свастыкай была…

Хлопец не бярэцца тлумачыць ідэалагічныя захапленні былога бацькі — кажа, што не разбіраецца і яму абыякава.


Саша і “Белая Русь”


Пасля выгнання Аляксея Бурыкін узяўся рабіць новую зорку паўэрліфтынга са сваёй дачкі Сашы.

Дачка Бурыкіна Аляксандра выглядае як копія сваёй заўчасна памерлай маці. З гэтай прычыны бацькоўская любоў да яе не мела межаў.

Саша, як і некалі Аляксей, стала паўэрліфтарам. Гэта від спорту, у якім трэба падымаць як мага большую вагу ў трох дысцыплінах: прысяд, станавая цяга і ціск ад грудзей.

Каб спрыяць дачцэ ў яе новым хобі, Бурыкін стварыў на базе свайго прыхода спартовы клуб “Белая Русь”, за які клікаў выступаць найлепшых спартоўцаў краіны — ціснуў на веру.

— Мне як праваслаўнаму чалавеку было за гонар выступаць за праваслаўны клуб. Ідэя была такая — спалучыць веру і спорт, мы былі толькі за. Жылі ў розных гарадах, але на спаборніцтвах запісваліся як прадстаўнікі “Белай Русі”, — расказаў пра вытокі клуба Бурыкіна чалавек, вельмі вядомы ў сілавым асяродку Беларусі.

Энергічны Бурыкін сабраў пад дахам свайго прыхода амаль увесь склад беларускай зборнай па паўэрліфтынгу — тых, хто рэальна прывозіў медалі.

— Пасля паўстала пытанне нейкай легалізацыі і дапамогі, — расказалі нам крыніцы. — У Косці быў план — ажывіць федэрацыю паўэрліфтынга. Тут такая справа, што гэты спорт у нас не вельмі развіваецца. Спартоўцы ёсць, функцыянераў няма. Маскалі і ўкраінцы рванулі рокаў 10 таму, а мы ўсё спалі — у кіраўніцтве федэрацыі былі людзі, якіх ніхто не бачыў рокамі. Нікому не заміналі, але нічога й не рабілі. Таму Косця сабраў неяк нас усіх і выступіў з такой палымянай прамовай… Папрасіў падтрымаць яго, мы паверылі. Спачатку ўсё ішло добра.

Паходамі па кабінетах ён знайшоў каля $10 тысяч на выезд зборнай на чэмпіянат свету ў Афрыцы. Пасля спаборніцтваў у міністэрстве сказалі — так, давайце з чыстай паперчыны, вечна фінансаваць вас мы не можам. Ну і патрэбная была дакументацыя, справаводства. Вырашылі перазапусціць, так бы мовіць, федэрацыю. Спачатку Косця заручыўся падтрымкай лукашэнкаўскай “Белай Русі”. Прыйшоў да іх са словамі “вось, у нас назвы аднолькавыя, жыццёвыя ідэалы аднолькавыя, давайце неяк супрацоўнічаць”. Далей была ідэя перавесці федэрацыю пад фармальнае кіраўніцтва высокага сілавіка, як гэта ў барацьбе робіцца.

І такім стаў Генадзь Калеснік — палкоўнік міліцыі, старшыня БФСТ “Дынама”.

Такім чынам, з 2015 рока ўсімі справамі федэрацыі дэ-факта кіраваў Бурыкін, дэ-юрэ быўшы намеснікам Калесніка.

— Так, спачатку ён нам падабаўся. Вельмі добры псіхолаг, умее хадзіць па кабінетах. Але чым глыбей мы знаёміліся — пачыналіся пытанні. Так, мы даведаліся пра ягоныя татуіроўкі і погляды. Спачатку ён казаў, што свастыкі — гэта ягоны крыж, які ён нясе, а погляды памяняліся. Але мы ж шчыльна сябравалі, бывалі ў гасцях адзін у аднаго.

Мяне ўразіла ягоная люстра. Я з першага разу не зразумеў нават, мо з трэцяга дайшло — там, калі лямпачкі ўключаеш, то яны ў форме свастыкі гараць. “Ну як так, Косця? Тут жа ўсё крывёю паліта ў Беларусі”, — а ён паказваў фота на кампе, дзе святары ў строях са свастыкамі, казаў, што ў Маскве ў храме Хрыста Збаўцы падлога са свастыкамі. Абразы ў яго дома таксама ў аздабленні такім — кіёт са свастыкай, — дадала крыніца.

Але справа была не ў адных толькі нацысцкіх поглядах.

Бурыкін як мог піярыў сваю дачку, чым выклікаў рэўнасць іншых спартоўцаў.

Так, нават на сайце федэрацыі з сямі заставачных фота на пяці — Саша Бурыкіна.

Усё гэта пачало выклікаць нараканні калег.

— У нашай краіне ёсць сусветная зорка спорту — Аляксандр Грынкевіч-Суднік, шматразовы чэмпіён свету. Ягоныя вучаніцы Таня Дамашына і Сняжана Зубко таксама чэмпіёнкі, гонар спорту. Дык Бурыкін увесь час ганяў іх фоткацца са сваёй дачкой, выстаўляючы яе ў кампаніі лепшых. З нас ужо людзі смяяліся. Саша была паўсюль — здымала відэа пра сябе, фоткалася. Пасля нам рассылаліся рэкамендацыі ці патрабаванні пісаць да гэтага ўсяго ўхвальныя каментары. Калі Таня Дамашына выйграла чэмпіянат свету ў саб-юніорах — упершыню ў гісторыі краіны, Бурыкіна напісала ў нашай суполцы ў Інтэрнэце, што Таня — малайцом, але я ўсё адно лепшая.

Бурыкіна не здавала экзаменаў за 9 і 11 класы, без экзаменаў паступіла і ва ўніверсітэт. Пра гэта яна сама расказвала ў адным са сваіх відэа, называючы прычынай такой удачы членства ў бацькавай федэрацыі.

Бурыкін прыдумаў геніяльны піяр-ход для дачкі, вырабіўшы ёй майку з Лука-кай. Дзякуючы гэтаму Аляксандра не раз засвяцілася на тэлебачанні побач з такімі людзьмі, як Гігін і Казіятка.

Адзіная са спартоўцаў-саб-юніёраў яна атрымлівала і прэзідэнцкую стыпендыю.

Але рэўнасць калег прывяла да таго, што ад Бурыкіна пачалі сыходзіць спартоўцы, утварыўшы альтэрнатыўную федэрацыю.


Дэбаты на мяжы фолу


Сваіх канкурэнтаў Бурыкін называў “дзіравымі вычварэнцамі”. Тую самую лексіку пераймала дачка.

— Вось я каля Лобнага месца, тут раней каралі смерцю зняволеных, прысуджаных да смерці. І сюды я б з вялікім задавальненнем адправіла ўсіх нашых дзіравых з абэвэгэдэек [так Бурыкіны называлі праціўнікаў у федэрацыі паўэрліфтынгу], не ўсіх, канечне, бо ёсць і нармальныя хлопцы, але ў нас у Беларусі такіх няма, там усе дзіравыя, таму вось запомніце, дзе вашае месца, з любоўю, Аляксандра Бурыкіна.

Гэтыя спрэчкі стамілі тых людзей, што заставаліся ў федэрацыі Бурыкіна.

Апошняй кропляй стала тое, што ад недахопу людзей на спаборніцтвах ён прывёў у праваслаўную каманду “Белая Русь” даўняга сябра Андрэя Саковіча, колішняга кіраўніка беларускага “РНЕ”.

— Ён паказаў нам гэтага мужыка з забітымі вазелінам кулакамі, назваў сваім стрыечным братам і сказаў, каб мы не палохаліся. Маўляў, Андрэй сядзеў, у яго свастыкі на целе, але ён нармальны хлопец. Мы прагуглілі, хто такі наш новы паплечнік, і жахнуліся — тут вылезла ўсё і пра РНЕ, і пра Саковіча, і пра самога Бурыкіна, — расказала нам крыніца.

Калегі вырашылі адхіліць “святара” ад кіраўніцтва федэрацыі.

Спартоўцы напісалі калектыўны зварот у “Дынама” і НАК з патрабаваннем адхіліць Бурыкіна ад пасады.

Адначасова былі сабраныя некалькі соцень подпісаў праваслаўных вернікаў да мітрапаліта Паўла з просьбай пазбавіць сана “айца” Канстанціна.

Тут накіпела ўсё — і непрыманне людзьмі ідэалогіі неанацызму, і эксцэнтрычнасць — Бурыкін змясціў на лагатыпе клуба Ісуса са штангай на плячах, і парушэнне канонаў — Бурыкін ажаніўся другі раз, афіцыйна распісаўшыся. Па правілах, святарам другі шлюб забараняецца.

Кіраўнік федэрацыі, палкоўнік міліцыі Генадзь Калеснік, не спяшаўся ўмешвацца.

Тым часам федэрацыю чарговы раз зачысцілі ад праціўнікаў Бурыкіна. Нават чатырохразовага чэмпіёна свету Аляксандра Грынкевіча-Судніка выкінулі з федэрацыі, аддаўшы пасаду трэнера жаночай зборнай чалавеку, які лаяльны да Бурыкіна.

У прэзідыум, між тым, уваходзілі асобы, далёкія ад спорту, але блізкія да Бурыкіна. Напрыклад, вартаўнік царквы ў Гатаве, былы супрацоўнік МУС.

Многія бачылі ў нежаданні Калесніка ўмешвацца боязь сарваць рэалізацыю вялікіх праектаў.

Рэч у тым, што Беларусь вызвалася прыняць у 2017 роке чэмпіянат свету па паўэрліфтынгу. Чакаюцца сотні ўдзельнікаў, мерапрыемства і адказныя за яго ўхваленыя “на версе”, накіраваныя грошы, прычым немалыя. Па нашай інфармацыі, толькі Нацыянальны алімпійскі камітэт выдзеліў федэрацыі Бурыкіна каля 2 мільярдаў старых рублёў. Бурыкін казаў сваім былым калегам, што сродкі паступаюць яшчэ і ад “Дынама”, і ад Мінспорту, іншых спонсараў. 

Частка тых мільярдаў пайшла на закуп дарагога абсталявання фірмы Eleiko — грыфаў, бліноў, насцілаў. 

Eleiko лічыцца найлепшай фірмай, яе абсталяванне выкарыстоўваецца на алімпіядах. 

Толькі вось неспадзяванка — як сцвярджаюць былыя калегі па федэрацыі, абсталяванне закупленае ржавае або няспраўнае.

На прапановы калег звярнуцца на завод Eleiko па гарантыі і замяніць неякаснае абсталяванне, што выглядала як патрыманае, Бурыкін рэагаваў нервова. 

Шведская кампанія, якую Бурыкін называў пастаўшчыком дадзенага абсталявання, пакуль не адказала на запыт “Нашай Нівы” адносна таго, ці сапраўды яно закуплялася наўпрост у вытворцаў.

Тым часам, па словах праціўнікаў Бурыкіна, 19 з 23 топавых беларускіх спартоўцаў адмовіліся супрацоўнічаць з Бурыкіным у любой форме і чэмпіянат аказаўся пад пагрозай зрыву, а гэта — сур'ёзны скандал.

У мінулы панядзелак “Наша Ніва” прасіла кіраўніка федэрацыі Генадзя Калесніка пра інтэрв'ю і выклала сутнасць узніклых пытанняў. Ён адмовіўся з прычыны адсутнасці ў краіне Бурыкіна. Прапанаваў сустрэцца ў прысутнасці Бурыкіна.

Бурыкін вярнуўся ў пятніцу. І яго адразу па вяртанні затрымалі.

 

Яшчэ і змагар з педафіламі. Спецыфічным спосабам


За што ж затрымалі Бурыкіна? 

Нагодай для затрымання стала падазрэнне ў захоўванні боепрыпасаў. Па гэтым артыкуле Канстанціну Бурыкіну пагражаюць папраўчыя работы тэрмінам да двух рокаў, або арышт тэрмінам да шасці месяцаў, або абмежаванне волі тэрмінам да пяці рокаў, або пазбаўленне волі тэрмінам да сямі рокаў з канфіскацыяй ці без канфіскацыі маёмасці.

Паводле інфармацыі “Нашай Нівы”, праваахоўнікі таксама вывучаюць змесціва носьбітаў інфармацыі, выяўленых у “святара”. Былыя сябры Бурыкіна не выключаюць наяўнасці там экстрэмісцкіх, неанацысцкіх матэрыялаў.

Пытанні могуць выклікаць і іншыя моманты. Як расказалі нам былыя сябры Бурыкіна, “бацюшка са свастыкай” захапляўся таксама “лоўляй педафілаў на жыўца”. З аднадумцамі ён стварыў адпаведную суполку ў “ВК”. Аматараў гарачага выхоўвалі ну вельмі спецыфічным спосабам, усё гэта здымалі на відэа.

Гэта толькі тая інфармацыя, якую “Наша Ніва” паспела сабраць. Мы мелі намер працягваць расследаванне, але пасля затрымання Бурыкіна вырашылі апублікаваць тую інфармацыю, якую маем на сёння. Мы будзем збіраць факты далей.

На пытанне, ці ўсё ў дзейнасці Бурыкіна было ў рамках закона, адкажа следства. Але той факт, што чалавек з такімі схільнасцямі стаў і заставаўся святаром, а пасля — яшчэ і спартовым функцыянерам, прымушае задумацца.


Арцём Гарбацэвіч

“Наша Ніва”, 23 лістападу 2016 р.

 

 

Актывісты-хрысціяне будуць змагацца з нацызмам ды імперыялізмам РПЦ


“Святар” з паселішча Гатава Канстанцін Бурыкін, больш вядомы як “бацюшка са свастыкамі”, — гэта толькі сімптом вялікіх праблемаў, з якімі сутыкнулася праваслаўная царква ў Беларусі, мяркуе сустаршыня Беларускай Хрысціянская Дэмакратыі Павал Севярынец.

— Трэба падымаць кампанію і пытацца: хто сапраўды адказны за тое, што святар у праваслаўнай царкве прапагандаваў нацызм, — кажа ён.


Зорка дзяржаўных беларускіх медыяў


Нарадзінец Омску і грамадзянін Расеі Канстанцін Бурыкін да нядаўняга часу быў зоркаю беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў ды газетаў. Па-першае, як “святар” без духоўнай адукацыі, які ўзначаліў царкву ў паселішчы Гатава каля Менску.

— Я вельмі гарэў пабудаваць царкву. Вельмі ўнутрана жадаў пабудаваць храм з нуля, — узгадваў спадар Бурыкін, “святар” Расейскай праваслаўнай царквы.

Па-другое, Бурыкін зарганізаваў пры царкве спартовы клуб і фактычна ўзначаліў Беларускую федэрацыю паўэрліфтынгу, зрабіўшыся намеснікам намінальнага старшыні палкоўніка міліцыі Генадзя Калесніка. Бурыкін прапагандаваў сямейныя каштоўнасці і здаровы лад жыцця.


Махляр, нацыст, імперыяліст


Але ў лістападзе беларусы даведаліся пра іншыя каштоўнасці “бацюшкі” Канстанціна. Бурыкіна арыштаваў Следчы камітэт паводле абвінавачання ў незаконным абароце боепрыпасаў. З расследаванняў незалежных журналістаў стала вядома, што Бурыкін праводзіў махінацыі з вялікімі бюджэтнымі сумамі, вылучанымі на спорт, і не кінуў сваіх нацысцкіх поглядаў. Раней ён быў “святаром” пры беларускім аддзяленні “РНЕ” — неанацысцкай арганізацыі “Русское национальное единство”. На целе Бурыкіна дасюль застаюцца свастыкі. Праваслаўны “бацюшка” падтрымліваў шчыльныя кантакты з пракрамлёўскімі праімперскімі арганізацыямі, беспасярэдне з гатаўскае царквы.


Прыхаджане Бурыкіна дасюль у стане шоку


Удома ў праваслаўнага “бацюшкі” знайшлася і лямпа-свастыка, і карціна аўтарства Бурыкіна ў стылістыцы Трэцяга Райху.

Мяркуюць жыхары Гатава:

— Вой-вой, гэта ж страшна нават.

— А мы там дзіцёнка хрысцілі. Дык а што цяпер будзе?

— Нават падазрэнняў ніколі не было. Ён такі заўжды культурны, заўжды ветлівы, заўжды распавядзе, калі хаджу на споведзі.

— Святар такімі справамі займацца не мусіць. Па-першае, гэта духоўная асоба. Гэта несумяшчальна. Зброя і святар.


РПЦ прапагандуе варожасць да беларускай мовы і незалежнасці


Паводле Паўла Севярынца, такое здараецца ў некаторых епархіях Расейскай праваслаўнай царквы, дзе квітнее гэтак званы “русскій мір” і прапагандуецца варожасць да беларускае мовы ды незалежнасці.

— Менавіта такія бацюшкі могуць стаць спрыяльным асяроддзем для розных ваяроў ДНР/ЛНР, якія прыязджаюць сюды і паказваюць пальцам у каго страляць. Вешаюць на беларускую моладзь “каларадскую” стужку і загадваюць рыхтавацца да вайны, — даводзіць палітык.

У вёсцы Вялікае Сціклева, што ля Менскай кальцавой, на царкоўнай тэрыторыі ладзіць трэнавальныя лагеры прамаскалёўскі цэнтр “Казачий спас”. Удзельнікі — падлеткі ад 14-ці да 18-ці рокаў вучацца страляць, працаваць з мінамі і нажамі.


Святар царквы дапамагае ідэалагічна апрацоўваць моладзь


— Дыякан нашага храму распавядаў аб жыццях святых, і ў нас у храме на сценах ёсць іконы ваяроў, святых ваяроў-пакутнікаў, — тлумачыць дырэктар цэнтру “Казачий спас” Пётр Шапко.

Падобным чынам пры ўдзеле дыяканаў РПЦ маскалёўскія неанацысты — баевікі “ЛНР” і “ДНР” — ладзілі трэнавальныя лагеры для беларускіх падлеткаў у Віцебскай вобласці.


Яраслаў Сцешык

“Белсат”, 6 сьнежня 2016 р.

 

 

“Бацюшку са свастыкай” выстаўлене абвінавачанне — да дзесяці рокаў з канфіскацыяй маёмасці

 

Як паведамілі “Нашай Ніве” у Следчым камітэце, Канстанціну Бурыкіну, вядомаму як “бацюшка са свастыкай” выстаўлена абвінавачанне па другой частцы 295 артыкула Крымінальнага кодэкса Беларусі — “незаконнае набыццё, захоўванне, перавозка, выраб ці нашэнне агнястрэльнай збоі”, а таксама па трэцяй частцы таго ж артыкула: “дзеянні, прадугледжаныя другой часткай артыкула, якія учыненыя паўторна, альбо групай асобаў па папярэдняй змове”.

 

Максімальная адказнасць — да 10 рокаў пазбаўлення волі з кафінскацыяй маёмасці.

 

Справа перададзеная ў пракуратуру для скіравання ў суд.

 

Канстанціна Бурыкіна затрымалі прыканцы лістапада 2016 року, тады ён яшчэ дэ-факта ўзначальваў Федэрацыю паўэрліфтынга Беларусі і быў бацюшкам у праваслаўным прыходзе вёскі Гатава пад Менскам.

 

Напярэдадні затрымання “Наша Ніва” рабіла дэталёвае расследаванне жыцця і дзейнасці гэтага чалавека.

 

“Наша Ніва”, 29 траўня 2017 р.

 



Обновлен сегодня. Создан 23 ноя 2016



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter