Беларускі баявік “лнр” расказаў, як баевікі абстрэльвалі Луганск




— Адкуль мне ведаць, колькі я забіў? — сказаў вайсковы выведнік "лнр" з Бабруйску ў інтэрвію "Свабодзе", прыехаўшы на пабыўку ў роднае места.

Баец "лнр" з Бабруйску, 43-рочны камандзір узводу выведкі Сяргей Бондар расказаў "Свабодзе", хто абстрэльваў Луганск, як ставяцца да яго беларускія спэцслужбы і чаму ён свабодна прыяжджае ў Беларусь, нягледзячы на пагрозы Лука-кі перасьледаваць удзельнікаў баявых дзеяньняў на Данбасе, незалежна ад таго, за каго яны ваююць.

Свабода знайшла старонку Сяргея Бондара ў сацыяльных сетках — там было шмат фатаздымкаў з Данбасу. У верасьні Бондар пацьвердзіў у перапісцы, што ён баец так званай "лнр" і цяпер на Данбасе. Праз два месяцы Бондар сам выйшаў на сувязь — напісаў, што мае прыехаць у Беларусь на тыдзень у адпачынак і гатовы даць інтэрвію. Сустрэча адбылася ў кавярні на бабруйскім аўтавакзале.


"Адкуль мне ведаць, колькі я забіў?"


Гэта ня першы прыезд баевіка "лнр" у Беларусь. Мінулым разам, у жніўні 2016-га, ён нават прыяжджаў на радзіму аднаўляць пашпарт, які выпадкова страціў у Маскве. Дакумэнты Бондара, як можна зразумець з аповеду баевіка, маскалёўскія праваахоўнікі перадалі сваім беларускім калегам, якія, у сваю чаргу, ведалі, чым займаецца ўраджэнец Бабруйску на Данбасе.

— Мяне ў жніўні і КДБ дапытваў, і МУС, — кажа Бондар. — Я ехаў у адпачынак і страціў пашпарт разам з пасьведчаньнем (маецца на ўвазе пасьведчаньне баевіка "лнр". — "Р.С."). Страціў у Маскве. Ну што рабіць? Трэба ехаць у Беларусь аднаўляць пашпарт. Я прыехаў сюды, прыходжу ў пашпартны стол. Пашпартыстка паглядзела на мяне і кажа: ой, пачакайце. Хвілін праз 10 заходзіць чалавечак у цывільным — пройдзем, кажа, трэба пагаварыць.

— Гэта быў супрацоўнік КДБ?

— Так. Карацей, пашпарт мой знайшлі ў Маскве. Як мне сказалі, пасьведчаньне адно наша МУС спаліла, а другое пасьведчаньне — ГБРаўскае (пасьведчаньне так званай групы хуткага рэагаваньня (ГБР) "Бэтмэн", дзе раней на Данбасе служыў Бондар. — "Р.С.") "аддалі ў музэй МУС Беларусі". Ну, і дапытвалі мяне ў КДБ.

— А што казалі вам на допыце?

— У асноўным іх цікавіла — за грошы я ваюю ці не за грошы. Я кажу — не, што вы, я за ідэю. Пыталіся, ці ўдзельнічаў у кантактным баі, ці забіваў. Я гляджу на яго і думаю: ну ты што, дурань? Я ж камандзір выведнага ўзводу!

— А вы можаце сказаць, колькі ўкраінцаў вы забілі на вайне?

— Ды я не лічыў. Адкуль мне ведаць, колькі я забіў? Гэта снайпэр можа дакладна сказаць: адзін стрэл — адзін труп. А аўтаматнай чаргой можна адразу пяцярых забіць. Ідзе бой — ты страляеш.

— Вы ж і да жніўня прыяжджалі ў Беларусь на пабыўку?

— Так. Першы раз я прыехаў у траўні 2015 року, тыдзень пабыў і зьехаў. У жніўні я паехаў у Маскву, дзе і страціў пашпарт.


"Самі гэбэшнікі з сымпатыяй ставяцца да нас"


— Вы чулі, што Лука-ка абяцаў разабрацца зь беларусамі, якія ваявалі на Данбасе? Ці не баяліся, што вас адразу і арыштуюць?

— Не, не баяўся. Я ж ведаю, што ваюю за справядлівасьць. Я пытаўся ў гэбэшнікаў: як жа так, Аляксандар Рыгоравіч жа таксама супраць фашызму. А яны — ну дык мы ж цябе ня садзім. Мы цябе дапыталі — і едзь куды хочаш. Самі гэбэшнікі хутчэй з сымпатыяй ставяцца да нас. Мне казалі: ну ты ж усё роўна туды паедзеш. Ну так, кажу, паеду. Толькі, кажуць, ва Ўкраіну ня трэба ехаць (маецца на ўвазе неакупаваная тэрыторыя Ўкраіны. — "Р.С.") — табе туды ўезд закрыты дакладна.

— А вы чулі, каб у каго-небудзь з "апалчэнцаў" былі ў Беларусі праблемы з праваахоўнымі органамі?

— Я ня чуў, каб каго-небудзь з нашых саджалі. Ну, некаторыя пачынаюць казкі складаць — вось, гэбэшнікі мяне пастаянна пасуць, прэсуюць. Той жа Ігар Каток казаў мне нешта такое (ён цяпер, дарэчы, таксама ў Беларусі). Я кажу — ды супакойся. Ну вось, дапыталі мяне, і я паехаў назад. Нічога ж ня здарылася. Ну, зь ператрусам прыходзілі... але нават ня столькі там шукалі, колькі апытвалі.

— То бок вы мяркуеце, што ўлады ў Беларусі падтрымліваюць "апалчэнцаў"?

— Ну так. Нават у міліцыі відаць стаўленьне — па-сяброўску ставяцца ў цэлым. А вось тых, што з процілеглага боку, я так разумею, адразу садзяць.


"Людзі Платніцкага абстрэльвалі Луганск, каб пасеяць паніку"


Калі на Данбасе пачалася вайна, Бондар працаваў у Масковіі ў службе бясьпекі сеткі крамаў. Зарабляў, сьцьвярджае, добра — 45–50 тысяч рублёў (паводле курсу на пачатак 2014 року — гэта больш за тысячу даляраў). Аднак рэпартажы маскалёўскага тэлебачаньня пра падзеі ва Ўкраіне так уразілі Бондара, што ў чэрвені 2014 року ён вырашыў паехаць на Данбас "ваяваць супраць фашыстаў".

Да Луганску Бондар дабіраўся праз Харкаўскую вобласьць аўтаспынам — пад легендай, быццам бы ён дальнабойшчык, у якога ў Луганску засталася пабітая фура. Легенда выйшла пераканаўчая: і памежнікі на пункце пропуску Бачэўск, і ўкраінскія добраахвотнікі на блёкпастах паблізу Луганску паверылі будучаму баевіку "лнр".

Спачатку ў "ЛНР" Бондар трапіў у батальён "Заря", атрымаўшы пад сваё кіраўніцтва ўзвод выведкі. Там ён амаль адразу сутыкнуўся з тым, што самі сэпаратысты ўдзельнічаюць у абстрэлах Луганску:

— Проста на нашых вачах зь "зялёнкі" (на вайсковым жаргоне — лясістая мясцовасьць, густыя зарасьнікі. — "Р.С.") ідуць два стрэлы зь мінамёта. Я з групай якраз быў побач, і мы сталі прачэсваць "зялёнку". Двое мінамётчыкаў якраз выходзяць на нас. Яны бегчы — мы страляем з усіх ствалоў. Тут мне званок. Тэлефануе асабіста Ігар Платніцкі — ён тады быў міністрам абароны. Пытаецца: вы цяпер дзе? Кажу — накрываем мінамётчыкаў у "зялёнцы". А ён загадвае: тэрмінова сыходзьце, тэрмінова на базу. Я кажу, ды вы чаго? Мы вось-вось іх возьмем! А ён крычыць: гэта загад, вяртайцеся! Мы здымаемся. Прыяжджаем на базу, Платніцкі шыхтуе наш узвод і пачынае крычаць: на чорта мне такі камандзір, здаць зброю! Я аддаю пісталет, аўтамат... Я ўвогуле не разумею, у чым справа, узвод таксама нічога не разумее.

Ужо да таго было падазрэньне, што мінамётчыкі — гэта людзі Платніцкага, — працягвае Бондар. — Гэта трэба было, каб пасеяць паніку. Мінамётчыкі ўсе былі былыя міліцыянты з Луганску. Іх адмыслова навучалі мінамётнай справе, а горад яны ведалі як свае пяць пальцаў. Перамяшчаліся на "хуткай", на вадавозцы, на чым заўгодна. Нават бабуля да нас неяк прыходзіла і распавядала: яны проста каля пажарнай часткі тачку выкочваюць, страляюць два разы зь мінамёта і сыходзяць.

Пасьля выпадку ў "зялёнцы" Бондар перайшоў у так званую групу хуткага рэагаваньня "Бэтмэн", якую ўзначальваў былы ўкраінскі міліцыянт Аляксандар Бядноў (пазыўны "Бэтмэн"). Там ён атрымаў новыя доказы таго, што да абстрэлаў Луганску маюць дачыненьне кіраўнікі "лнр":

— Аднойчы ўзяў аднаго карэкціроўшчыка асабіста. Мы яго забралі, закінулі ў падвал, я склаў рапарт. Праз тры дні мне кажуць, што прыехалі людзі Платніцкага і яго забралі — ён ужо ходзіць, гуляе па Луганску. Я іду да Бяднова, расказваю ўсё — а ён толькі рукой махнуў.

— То бок байцы ведалі, што тыя рабілі?

— Ды нічога. А што ты зробіш Платніцкаму?


"Захацелася — пайшоў "отжимать" кватэры, машыны, грошы"


Бядноў нават пасьпеў пабыць міністрам абароны "лнр", але 1 студзеня 2015 року калёна гэтага палявога камандзіра трапіла ў засаду і была зьнішчаная. Так званая "генпракуратура "ЛНР" заявіла, што праваахоўнікі сэпаратыстаў спрабавалі затрымаць Бяднова, але той чыніў супраціў. Палявога камандзіра абвінавацілі ў выкраданьнях, катаваньнях і рабунках мірных жыхароў.

Сяргей Бондар сьцьвярджае, што справа была зусім не ў рабунках і выкраданьнях, а ў тым, што Платніцкі хацеў зьвесьці зь Бядновым свае рахункі.

— У 2014 роке было вельмі шмат падразьдзяленьняў самастойных, — успамінае Бондар. — Ну вось, да прыкладу, хочаш ты стварыць падразьдзяленьне — бярэш і ствараеш. Захацелася табе — пайшоў "отжимать" кватэры, машыны, грошы. Дый у "Бэтмэна" былі такія выпадкі. Няма роду без выроду, як той казаў. Але ўсё было ня так, як потым расьпісалі.... Так, падвал (месца, дзе трымалі і катавалі арыштаваных. — "Р.С.") быў. Была камэра сьмяротнікаў. Гэтага хаваць ня буду. Але хто там сядзеў? Карэкціроўшчыкі, "укропы" — ну, тыя, якія сапраўды шкодзілі.

"Бэтмэна" прыбраў Платніцкі. Працавалі ЧВК-шнікі. Вагнэраўцы. Мы тады такія злыя на іх былі. Ня дай бог нам бы трапіўся тады хоць адзін вагнэравэц — жывы б пэўна не сышоў, — кажа ён.

Неўзабаве пасьля ліквідацыі Бяднова Сяргей Бондар перайшоў у 11-ты казацкі батальён, камандзірам якога быў "Чачэн".

Цяпер ураджэнец Бабруйску служыць у Першамайску. Званьне Сяргея Бондара ў "ЛНР" — прапаршчык, атрымлівае ён 25 тысяч маскалёўскіх рублёў у месяц. Пад яго камандай група выведкі з 14 чалавек.


Пра сувязі з ГРУ


— Калі ўсё гэта пачалося ва Ўкраіне, я ўвесь час глядзеў навіны. А я ж нядаўна з Дагестану прыехаў. Жонка мне кажа: слухай, ты зноў на вайну хочаш? Кажа, я цябе два гады з Дагестану чакала, больш чакаць ня буду.

— А што вы рабілі ў Дагестане?

— Бегаў па гарах, лавіў вахабітаў. У 2011–2013-м. За Масковію. Да гэтага ў Чачні быў. Але давай гэта апусьцім...

Сяргей Бондар упершыню ў ходзе гутаркі просіць карэспандэнта "Свабоды" выключыць дыктафон. Дэталі свайго знаходжаньня ў Дагестане і Чачні ён расказваць адмаўляецца — інфармацыя, кажа, закрытая. Але сёе-тое неафіцыйна распавесьці ўсё-ткі пагаджаецца.

У 1991–1993 роках Сяргей Бондар служыў у беларускім войску — спачатку пад Слуцкам, потым у спэцназе ў Мар'інай Горцы. Пасьля дэмабілізацыі паўтара рока адслужыў у бабруйскай міліцыі — у патрульна-паставой службе. Потым працаваў кіроўцам, перабіваўся часовымі заробкамі.

З пачаткам Другой чачэнскай вайны сябар прапанаваў Бондару паехаць на вайну — і той пагадзіўся.

— У вас жа беларускі пашпарт. Як жа вы маглі ў маскалёўскую армію трапіць?

— Ну, па сутнасьці, гэта найміцтва.

Непасрэдна ў маскалёўскай арміі Бондар прабыў усяго некалькі месяцаў, пасьля чаго, па яго ўласным выразе, "пайшоў пад ГРУ". З ГРУшнікамі ён нібыта служыў і ў Дагестане — змагаўся з так званым вахабіцкім падпольлем.

Бондар кажа, што першапачаткова летам 2014-га была магчымасьць паехаць на Данбас менавіта па лініі ГРУ. Прапаноўваліся, сьцьвярджае ён, добрыя грошы.

— Але я не хацеў зьвязвацца з "канторай". Яны ж ледзь што якое — кінуць, адмовяцца. Маўляў, ня наш, ня ведаем, — кажа ён.


Пра "апалчэнцаў" і маскалёўскую армію


Сяргей Бондар кажа, што ў падразьдзяленьнях "лнр" баевікоў родам з Данбасу меньшасьць. Пры гэтым нярэдка ішлі ў "апалчэньне" людзі з крымінальным мінулым.

— А што з судзімага можна ўзяць? Вось у мяне ва ўзводзе быў маскаль — чалавек 20 гадоў адседзеў. Ён кажа — я прыйшоў адстойваць гэтую зямлю, а тое, што было раней — гэта было раней. Так, кажа, я бомж у Масковіі. Мне няма куды падзецца. Але сюды я прыйшоў ваяваць. Дарэчы, выдатны снайпэр быў. Але потым моцна запіў, і яго выгналі з падразьдзяленьня, ён зьехаў у Масковію.

— А каго больш сярод апалчэнцаў — мясцовых або прыежджых?

— Больш прыежджых. У 2014 роке асабліва.

— А што за людзі звычайна ехалі ваяваць у "апалчэньне" з Масковіі?

— У большасьці выпадкаў — былыя вайскоўцы. Або Чачню прайшлі, ці хаця б проста тэрміновую службу. Былі такія, якія хаваліся ад міліцыі. Ён тут служыць — а ў Масковіі ён у вышуку. За адным, памятаю, ФСБ-шнікі прыехалі — проста на пазыцыі прыехалі, закруцілі рукі і павезьлі. Забойства на ім вісела.

— Маскалёўская армія на Данбасе ёсьць?

— Не. Няма і не было.

Пасьля гэтых слоў Бондар робіць жэст, каб карэспандэнт "Свабоды" выключыў дыктафон. Пераканаўшыся, што запіс не ідзе, баявік пачынае казаць зусім іншае:

— Хто дапамог адстаяць Луганск у 2014-м? Маскалёўская армія. Зайшлі "Грады", "Сьмерчы", нават "Точки-У"... І яны нават ня ведалі, што мяжу перасеклі — ім казалі, што яны ідуць на вучэньні. Дык вось яны зайшлі, адстраляліся — аэрапорт, Новасьветлаўка... Адстраляліся, трэба сказаць, на пяць. Там увогуле нічога не засталося.

Цяпер, кажа, маскалёўкай арміі на Данбасе няма, затое ёсьць так званыя "камандзіровачныя" — кадравыя маскалёўскія афіцэры, якіх часова адпраўляюць у "лнр-днр" у камандзіроўку.


Пра Майдан і "крымскі сцэнар" у Беларусі


— Чаго цяпер хочуць жыхары на Данбасе?

— Ну як чаго. Заробкаў як такіх там няма — людзі жывуць на 1,5 тысячы рублёў у месяц. А хтосьці наагул тысячу атрымлівае. Гэта жах. Самы вялікі заробак — у нас, вайскоўцаў. Таму цывільныя хочуць, каб хутчэй усё скончылася. Ёсьць і тыя, хто хоча, каб Украіна вярнулася. Але ў асноўным хочуць у склад Масковіі. Беларусь, мяркую, таксама павінна аб'яднацца з Масковіяй. Каб тут рубель маскалёўскі быў, каб адна дзяржава была. Няхай тут будзе губэрнатар — цалкам нармальна было б. Адна краіна ўсё-ткі. Дапамога б ішла.

— Калі ў Беларусі адбудзецца Майдан, вы прыедзеце ваяваць супраць яго?

— Канечне. Калі ўжо я туды паехаў, то за сваю зямлю тым больш паеду.

— Вам не прыходзіла ў галаву, што вось такое ляяльнае, як вы самі казалі, стаўленьне беларускіх сілавікоў зьвязанае з тым, што на беларусаў-апалчэнцаў тут разьлічваюць — у выпадку Майдана вы можаце спатрэбіцца?

— Так, такая думка была. Па Мар'інай Горцы ў мяне быў знаёмы камандзір (ён цяпер на пэнсію сышоў). Я зь ім у жніўні бачыўся. Ён кажа — у выпадку чаго, у выпадку нейкага шухеру вы будзеце незаменныя. Маўляў, гэта мы тут праседзелі ў тыле, а ў вас ёсьць досьвед вайны. Я кажу — усё ясна, канечне, але ці дадуць мне тут аўтамат? Вядома, дадуць, — кажа.


"Радыё Свабода", 29 лістападу 2016 р.



Обновлен 23 авг 2017. Создан 30 ноя 2016



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter