Дзіда ліцвінская стаяла ля Масквы

(Ведай сваю гісторыю)



У Калядны пост 1370 рока вялікі князь Альгерд здзейсніў свой другі паход на Маскву.


Увосень 1370 маскоўскія князь Дзмітрый Іванавіч зноў нападаў на Цвер, што стала прычынай другога паходу князя Альгерда на Маскву. Разам са старым князем у паход рушыў ягоны брат Кейстут, Міхаіл Цвярскі, смаленскі князь Святаслаў са сваім войскам.


На пачатку зімы аб'яднаныя харугвы прыйшлі да Масквы. Восем дзён доўжылася асада Крамля, пасля якой быў заключаны мір.


Згодна з “Хронікай Быхаўца”, князь Дзмітрый падарыў Альгерду золата, срэбра, футры собалю ды іншыя каштоўнасці.


Вялікі Князь Літоўскі, прыняўшы багатыя дарункі на знак прымірэння, сказаў вялікаму князю маскоўскаму: “Хоць мы з табой замірыліся, але мне інакш зрабіць нельга, і павінен я да твайго града Масквы сваю дзіду прыхінуць, і тое адзначыць, што князь вялікі літоўскі і рускі і жамойцкі Альгерд дзіду сваю да Масквы прыхінуў”.


І сеўшы на каня ды ўзяўшы ў рукі дзіду, пад'ехаў да места, і дзіду сваю да сцяны прыхінуў, і, ад'язджаючы назад, сказаў гучным голасам так: “Князь вялікі маскоўскі, памятай пра тое, што літоўская дзіда стаяла ля Масквы!”.

 

“Хартыя’97”, 18 сьнежня 2016 р.

 

 

Як трапіла “кап’ё ліцвінскае” пад Маскву?

 

Гэтая перамога, вядома ж, не Грунвальд, але ведаць пра яе трэба.

 

21 лістапада 1368 року войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з Альгердам практычна знішчыла перадавы полк Маскоўскага княства пад Троснай і крыху пазней падышло да самай Масквы. З тых часоў фраза “Кап’ё ліцвінскае стаяла пад Масквой” мільгае ў інтэрнэце рэгулярна, што, зрэшты, не дадае ведаў пра канфлікт, падчас якога гэтае “стаянне” адбылося. Вядома, гэта далёка не Грунвальд, але ведаць пра яго не зашкодзіць.

 

У другой палове XIV стагоддзя на ўсходзе Эўропы вырасталі і мацнелі дзве дзяржавы, якім наканавана будзе ў будучыні вызначаць палітыку ўсяго рэгіёна, — Вялікія Княствы Літоўскае і Маскоўскае. Супрацьстаянне паміж імі яшчэ не было настолькі крытычным, як праз стагоддзе, але ўжыцца двум патэнцыйным гегемонам было нялёгка. Свае перавагі былі ў абодвух — Вільня была незалежная ад Арды і не абавязаная плаціць ёй даніну, сілы Масквы не знясільвала бясконцая вайна з Тэўтонскім ордэнам. У сярэдзіне стагоддзя паміж бакамі ўсталяваўся кампраміс: князь Альгерд ажаніўся з сястрой маскоўскага князя Ульянай, яго браты Любарт і Карыят таксама заключылі шлюб з князёўнамі з “маскоўскай” партыі.

 

Але час няўмольна расстаўляе ўсё па сваіх месцах — “звышдзяржава” Еўразіі Залатая Арда губляла пазіцыі, і ў яе паслабленні бачылі шанец для ўласнага ўзмацнення і Альгерд, і Іван Красны, які кіраваў тады ў Маскве. Калі маскоўскі князь усё больш актыўна ціснуў на Смаленск, імкнучыся падпарадкаваць яго сваёй уладзе, то, Альгерд у 1355 роке далучыў да дзяржавы Ржэў, праз рок у склад ВКЛ увайшлі бранскія землі. Крохкі мір паміж вялікімі княствамі быў практычна парушаны — ужо у 1358 роке паміж бакамі пралілася кроў, калі атрад ВКЛ быў выбіты з Ржэва.

 

Калі Альгерд быў больш паспяховы ў тэрытарыяльных захопах, то апаненты яго бралі царкоўнай палітыкай: князя Дзмітрыя (будучага Данскога), які ўступіў на пасад у 1359 роке ва ўзросце ледзь за дзесяць рокаў, у яго дзеяннях падтрымліваў і накіроўваў мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі Аляксій. З Альгердам ён быў не ў найлепшых адносінах, мабыць, не разумеючы, чаму вялікі князь упарта застаецца паганцам, калі ёсць такі раскошны шанец выратаваць сваю душу. У цэлым Альгерд супраць хрышчэння не пярэчыў, але хацеў за гэта істотных прэферэнцый, у прыватнасці падкантрольнай мітраполіі. У адзін час ён яе нават атрымаў, але так і не хрысціўся ў праваслаўе, мабыць, вырашыўшы дабіцца яшчэ большых саступак. Праваслаўныя іерархі не ацанілі, і пасля смерці мітрапаліта Рамана ў 1361 роке князю проста “не працягнулі” мітраполію.

 

Уплыў малалетняга Дзмітрыя і Масквы рос і на іншых “франтах”. Спачатку суздальскі князь Дзмітрый саступіў свайму маскоўскаму цёзку ў спрэчцы за ўладзімірскае вялікае княжанне — на той момант самае прэстыжнае ў паўночна-ўсходняй Русі. Затым той жа Дзмітрый аддаў за маскоўскага князя дачку і адабраў Ніжні Ноўгарад у Барыса, зяця Альгерда — з гэтага часу ў Масквы не было моцных супернікаў на ўсходзе. Наступным крокам была Цвер.

 

Супрацьстаянне Маскоўскага і Цвярскога княстваў заняло большую частку XIV стагоддзя — ад гэтага “дэрбі” залежала, хто будзе ў выніку збіральнікам зямель паўночна-ўсходняе Русі. ВКЛ, зразумела, не магло застацца ўбаку і актыўна падтрымлівала тое з княстваў, якое было ў дадзены момант зручнейшым для Вільні. У 60-я рокі гэта была Цвер. Масква актыўна ціснула, умацаваўшы сваё становішча ў 1367 роке (“умацаваўшы” ў самым літаральным сэнсе — замест драўлянага Крамля быў пабудаваны мураваны), у тым жа годзе Дзмітрый і мітрапаліт Алексій падтрымалі непакорлівых васалаў цвярскога князя Міхаіла — Васіля і Ерамію. У апошніх атрымалася заняць Цвер, і князь вымушаны быў бегчы да Альгерда. Вялікі князь Літоўскі дапамог калегу вярнуцца ў Цвер, але праз рок на гэтае места пайшоў вайною ужо сам Дзмітрый Маскоўскі, і Міхаіл зноў аказаўся каля Альгерда на становішчы выгнанца.

 

Для Альгерда гэта было ўжо занадта. Час міру з Масквой застаўся ў мінулым, вялікі князь пачаў збіраць войскі для паўнамаштабнай вайны. У лістападзе 1368 року армія ВКЛ, падтрыманая войскамі Цверы і Смаленска, перасекла маскоўскую мяжу. Значнага супраціву Дзмітрый аказаць не змог — атака была раптоўнай. 21 лістапада дарогу Альгерду заступіў на рацэ Тросне перадавы полк Масквы з ваяводамі Дзмітрыем Мініным і Акінфам Шубам. Бітва на Тросне скончылася поўным разгромам, маскоўская конніца была знішчаная, абодва ваяводы збітыя. Ёсць імавернасць, што менавіта ў гэтай бітве атрымаў баявое хрышчэнне юны сын князя Кейстута, васямнаццацігадовы Вітаўт.

 

Так і не здолеўшы сабраць войскі, Дзмітрый Маскоўскі быў вымушаны, каб выратавацца, замкнуцца ў нядаўна пабудаваным Крамлі — пакуль воіны Альгерда трое сутак рабавалі яго наваколлі. Штурмаваць крэпасць князь нават не стаў спрабаваць — пры тагачасным узроўні аблогавых тэхналогій гэта было рызыкоўна.

 

Поспех Альгерда быў поўны, нягледзячы на тое, што ў выніку войскі ВКЛ вымушаныя былі сысці з межаў Маскоўскага княства, Дзмітрыю давялося пайсці на сур’ёзныя саступкі. Міхаіл Цвярскі зноў зацараваў на сваіх уладаннях, яго мяцежны васал Ерамія быў выдадзены на суд, а Масква паабяцала не ўмешвацца больш у справы Цверы. Альгерду і Кейстуту гэтае перамір’е таксама было патрэбнае — “усходні фронт” быў не адзіным для Княства, з захаду моцна ціснулі крыжакі.

 

Абяцанняў Дзмітрый не стрымаў. Ужо з 1370 року маскоўскія аддзелы атакавалі Бранск і Цвер, і Міхаіл зноў збег да Альгерда. Апошні разам з Кейстутам у лістападзе 1370 року зноў выступіў на Маскву, зноў разграміў перадавыя атрады ворага, гэтым разам пад Валакаламскам, і зноў падступіў да самой сталіцы. Аблога Масквы цягнулася восем дзён, і толькі весткі аб тым, што ў тыле арміі збіраецца кааліцыя з маскоўскіх, суздальскіх і разанскіх атрадаў, змусіла адступіць. Бакі заключылі перамір’е да сярэдзіны лета 1371 року. Далейшыя ваенныя дзеянні не далі асаблівага плёну ні аднаму боку, і быў заключаны мір, у чарговы раз змацаваны шлюбным саюзам — стрыечны брат Дзмітрыя Уладзімір ажаніўся з князёўнай Аленай Альгердаўнай.

 

Вынікі вайны, якія скончылі ў 1372 роке, цяжка назваць адназначнымі. З аднаго боку, воіны ВКЛ двойчы аблажылі Маскву, а праціўнік ні разу не ўварваўся глыбока ў землі княства. З іншага — аказаць паўнавартасную дапамогу цвярскому князю Міхаілу так і не ўдалося, і сваё кіраванне ён завяршаў ужо ў ролі малодшага партнёра ўладароў Масквы. Магчыма, калі б Дзмітрый Маскоўскі быў адзіным супернікам Альгерда, гісторыя пайшла б па-іншаму…

 

Дзяніс Буркоўскі, budzma.by

 



Обновлен 29 ноя 2017. Создан 18 дек 2016



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter