Як збудавалі Трактарагорад

Якія таямніцы і легенды Трактарагораду можа зьнішчыць бульдозэр?



Рассунуўшы сосны
Плячамі, што волат,
Пад Мінскам ўздымаецца
Трактарагорад.

Высока кавальскія цэхі
Пасталі
На месцы, дзе немцаў
Ў кацёл заціскалі.

На новай будове
Працуюць заўзята
Са ўсёй Беларусі
Хлапцы і дзяўчаты.

Хоць многія зь іх
Маладыя гадамі,
Але ўжо выдатнымі
Сталі майстрамі.

Слухмяна ім кельма,
І цесьля, І молат...
Тут будзе збудованы
Трактарагорад.

Узьнімецца горад
У працы няспыннай,
І трактары пойдуць
Шляхамі краіны.


І будуць на полі
Калгасным гадамі
Ад Мінска-сталіцы
Яны пасланцамі.

Так у 1947 роке вітаў будаўніцтва пасёлку трактарабудаўнікоў у прымесьці Менску народны паэт Беларусі Пятрусь Броўка. Трактарагорад быў збудаваны. Ён стаў адным зь мікрараёнаў беларускай сталіцы. І, як лічаць гісторыкі, дойлідства, мастацтвазнаўцы, зноў жа паэты і пісьменьнікі, — адным з помнікаў яшчэ ня вельмі аддаленай ад нас эпохі. І вось праз 70 рокаў славуты Трактарагорад улады хочуць зьнесьці. Ці насамрэч пасёлак ля Менскага трактарнага заводу варта лічыць помнікам? Як будаваўся ён, якую гістарычную памяць захоўвае і якога лёсу варты?

Гутарка з культуролягам Раманам Абрамчуком.

— Раман, для абазначэньня раёну Менску ў ваколіцах Менскага трактарнага заводу вы ўжываеце словаўтварэньне “трактарагорад”. Гэты тэрмін прыдуманы паэтам, гэта вобразнае азначэньне менскага мікрараёну, ці так яго афіцыйна або ў народзе называлі? Ці прыжылася гэтая назва? І чаму менавіта “трактарагорад”? Ці будаваўся ён адмыслова як месца жыхарства трактарабудаўнікоў?

— Так, менавіта. Пасёлак задумваўся, праектаваўся і будаваўся менавіта для працоўных трактарнага заводу — простых рабочых і начальніцкага складу. І ў гэтым — адзін са складнікаў яго канцэптуальнасьці. Часткова ён нават будаваўся самімі завадчанамі. Пасьля працоўных зьменаў на заводзе рабочыя будавалі самі сабе свае будучыя дамы. Будавалі сваё жыцьцё. Мажліва, і ў гэтым — прычына “душэўнасьці”, “атмасфэрнасьці” гэтага месца.

А што да назвы, дык яна, наколькі мне вядома, нарадзілася і існавала збольшага ў вершах, мастацкіх творах. А сёньня яна замацавалася ў асяродзьдзі прыхільнікаў гэтага раёну. Аднак я ня чуў, каб пасёлак так масава называлі яго жыхары ці каб яго так называлі ў афіцыйных дакумэнтах.

— Калі пачалася будоўля гэтага раёну? З чаго яна пачыналася? Што там было раней?

— Пачалі будаваць яго яшчэ ў канцы 1930-х рокаў. Але тады побач плянаваўся авіязавод цяжкіх бамбавікоў, адпаведна, і першыя дамы ў пасёлку (два зь іх захаваліся да сёньня, з элемэнтамі канструктывізму, характэрнага для таго часу) павінны былі стаць жыльлём для афіцэраў, лётчыкаў і супрацоўнікаў таго заводу.

Тая будоўля ішла вельмі цяжка, прыпала на халодную зіму, тысячы будаўнікоў, у тым ліку савецкіх зэкаў, не давалі рады сталінскім плянам, колькасьць працоўных была значна павялічана, было шмат хворых з прычыны кепскіх умоваў працы.

Але тую будоўлю спыніла вайна. Будынкі незавершанага авіязаводу выкарыстоўваліся немцамі для рамонту сваіх летакоў.

Пасьля вайны вырашылі зьмяніць прызначэньне будучага заводу, пачалі дабудоўваць ужо як МТЗ. І жыльлё, адпаведна, будавалася для яго супрацоўнікаў.

— Быў нейкі адмысловы праект з адмысловай ідэалёгіяй будучага жыльлёвага мікрараёну Менску?

— Мэтай будаўніцтва такога цэльнага, утульнага, канцэптуальна распрацаванага раёну было паказаць, што просты савецкі чалавек, рабочы мае права на годныя жыльлёвыя ўмовы. З урадавых трыбунаў дэкляравалася, што савецкі народ павінен жыць пасьля пераможнай вайны ня толькі ня горш, як да вайны, а адназначна лепш.

Таксама ў афіцыйных крыніцах заўсёды спасылаліся на кепскі прыклад “трушчобаў” якога-небудзь Лёндану, дзе жыве тамтэйшы пралетарыят — і, вядома ж, дэкляравалася, што савецкі рабочы будзе жыць у кардынальна іншых умовах.

Вось на гэтым патасе і будаваўся Трактарагорад.

Дзеля іроніі варта дадаць, што ідэя аддаленых ад места, але набліжаных да прадпрыемства рабочых пасёлкаў, цалкам забясьпечаных усёй неабходнай інфраструктурай, узьнікла менавіта ў Англіі ў XVIII стагодзьдзі.

— Як я разумею, гэта была неардынарная будоўля. Ставіліся грандыёзныя задачы, натуральна ж, як звычайна было ў камуністаў, вызначаліся і дакладныя тэрміны здачы аб’ектаў. Хто будаваў гэтак званы Трактарагорад? Дзе ўзялі столькі будаўнікоў? Як спраўляліся яны з плянамі партыі?

— Самі будынкі ў пасёлку будаваліся ў тым ліку і працоўнымі трактарнага заводу, які будаваўся паралельна і які вельмі хутка стаў вырабляць прадукцыю. Збольшага гэта былі вяскоўцы, пакліканыя сюды на працу. Спачатку яны жылі ў зямлянках, часовым жытле, бараках на гэтай жа тэрыторыі. І таму пераезд у новыя дамы быў чымсьці вельмі значным для іх: з шалашоў яны перасяляліся ў сапраўдны рай, якім ім падаваліся дамы, пабудаваныя часта сваімі рукамі.

Так, сапраўды, у параўнаньні з тымі месцамі, дзе рабочыя жылі да засяленьня, гэтыя дамы былі раем. Тое ж самае, дарэчы, будуць казаць і пра хрушчоўкі пазьней. Усё спазнаецца ў параўнаньні. Дамы і кварталы Трактарагораду — сапраўды ўтульныя, гэта аб’ектыўна.

— Хто распрацоўваў праект гэтага гарадку?

— Пачнём з таго, што гэты мікрараён распрацоўвалі два прафэсійныя дойліды з Украіны — Сямён Маркавіч Разэнфельд (дарэчы, да нядаўняга часу аўтарам праекту лічылі Зіновія Разэнфэльда, але дзякуючы дасьледаваньню архівіста і літаратара Віктара Жыбуля зьвесткі былі ўдакладненыя) і вядомы дойлід Веніямін Паўлавіч Кастэнка з Харкава.

Дарэчы, праект забудовы авіязаводу таксама замаўлялі харкаўскаму праектнаму бюро, натуральна, з удзелам іншых дойлідаў, аўтараў праектаў некаторых асобных дамоў. Напрыклад, дом па вуліцы Стаханаўскай, які нагадвае старадаўнюю шляхецкую сядзібу, праектаваў маскоўска-ленінградзкі дойлід Аляксандар Пятровіч Веліканаў, а праект цяперашняга Дому культуры дапрацоўваў знакаміты Георгі Бенядыктаў.

— Давайце абазначым межы таго Трактарагораду, пра які мы вядзём размову.

— Тут варта сказаць, што ёсьць межы таго пасёлку, які паўстаў у 1940–50-х роках, і ён быў канцэптуальна расплянаваны. Мяжа гэтага “ядра” праходзіць па вуліцах Даўгабродзкай, Будзённага, Шчарбакова, Клумава. Натуральна, што сам завод — неад’емная частка ансамбля.

А ёсьць і кварталы, якія прымыкаюць да гэтага “ядра”, збудаваныя пазьней, складаюцца з мноства хрушчовак і ўжо ня маюць той чароўнай атмасфэры, хоць і задумваліся, і часткова служаць жытлом для рабочых МТЗ, і месцамі там таксама можна сустрэць сякія-такія цікавосткі.

— Вы кажаце, што людзі былі шчасьлівыя атрымаць там жытло. Чым яно ім падабалася? Гэтыя дамы, пляніроўка вуліц насамрэч былі новым словам у горадабудаўніцтве? Гэта ня быў пасёлак, складзены з інтэрнатаў?

— Мікрараён сапраўды славіўся сваёй прасторнасьцю, прадуманасьцю. Двары ў ім — закрытыя ад вулічнага шуму, але разам з тым утульныя. Часьцяком выхады з пад’ездаў накіраваныя ўсярэдзіну двароў, каб утваралася штосьці накшталт лякальных грамадзкіх форумаў. І гэта спрыяла таму, што жыхары двароў жылі супольна.

— Паводле ідэі жыць камунай?

— У тую эпоху, наколькі я ведаю, такія радыкальныя формы сужыхарства ў СССР ужо не прапагандаваліся. Але ад прапаганды калектывізму ніхто не адмаўляўся. Сьвяты, паводле ўспамінаў старажылаў, адзначаліся разам, застольлі ладзіліся ўнутры двароў. Зразумела, гэтаму спрыяла і вясковая псыхалёгія, якую прынесьлі з сабой будаўнікі заводу.

Разам з тым вуліцы і двары прадумваліся так, каб іх максымальна асьвятляла сонца. Часта прымяняўся мэтад адступленьня супрацьлеглых адзін аднаму будынкаў (якія стаяць па розныя бакі вуліцы) ад чырвонай лініі забудовы. І, такім чынам, паміж гэтымі дамамі коштам шырыні вуліц утвараліся вялікія прасторы, што значна дадавала “дыханьня” ўсёй забудове.

Асабліва тут варта адзначыць “прастрэл” ад вуліцы Шчарбакова да знакамітага фантана зь медзьведзяняткамі за кошт утварэньня праезду паміж дамамі, далучэньня да яго вялікага прадаўгаватага сквэру, які праз вуліцу пераходзіць у вялікі двор з фантанам, пастаўленым на ўзвышэньні. Такім чынам, утвараецца глыбокая пэрспэктыва агляду ўжо ад самага краю гэтай прасторавай кампазыцыі.

Натуральна, што пры такіх “вэрсальскіх” дойлідска-паркавых пэрспэктывах жыхары адчувалі сябе вельмі ўтульна ў сваім пасёлку.

Дадамо, што і згаданы сквэр, і фантан, і асноўная вуліца пасёлку — імя Алега Кашавога, і бульвар Трактарабудаўнікоў, якім адкрываецца пасёлак, былі аздобленыя скульптурнымі кампазыцыямі на тэмы дзяцінства, спорту, вялікімі вазамі-клюмбамі. Зразумела, тут быў і элемэнт прапаганды здаровага ладу жыцьця, шчасьлівага дзяцінства ў СССР, піянэрыі. Але да нашых дзён дайшлі толькі медзьведзяняткі, якія ўжо больш за паўстагодзьдзя дзеляць бочачку зь мёдам, дзяўчынка на самакаце і сякія-такія парэшткі вазаў.

На вялікі жаль, вельмі многае з гэтай спадчыны ўжо страчанае. У згаданым сквэры, які называўся Піянерскім, пабудаваная царква, якая цалкам разбурыла задуманую дойлідамі пэрспэктыву.

— Як вызначыць стыль дойлідста гэтага Трактарагораду? Як аздабляліся дамы?

— Асноўны іх дойлідскі стыль — маскалёўскі нэаклясыцызм. Пасьля 1930-х рокаў зь іхнім канструктывізмам, які ня быў прыняты сталінскім урадам, у савецкім дойлідстве запанаваў стыль нэаклясыцызму. Дойлідства вярнулася на пачатак стагодзьдзя, адмовіўшыся ад прагрэсіўнага шляху, які прапанавалі маладыя крэатыўныя дойліды-канструктывісты.

І аздоба трактаразаводзкага пасёлку цалкам адпавядае духу нэаклясыцызму: акрамя згаданых скульптураў, фасады дамоў, нават унутраныя, дваровыя, нябачныя з цэнтральных вуліц, шчодра аздабляліся рэльефнай ляпнінай, дэкаратыўнымі гзымсамі, пілястрамі, лоджыямі-эркерамі, вежачкамі са шпілямі, што выступаюць з рогу на асноўных скрыжаваньнях, і г.д.

Цікава, што адзін з самых яркіх дэкораў на гэтак званым “Доме з русалкамі” па вуліцы Стаханаўскай (у 1990-я яго ўпрыгожылі рэльефнай выявай Пасэйдона і сырэнаў) цалкам упісаўся ў дойлідскі стыль пасёлку, збудаванага пры канцы 1940-х рокаў. У тым ліку і таму, што карані нэаклясыцызму так ці іначай, але ж сягаюць у антычнасьць.

— Я ня часта бываю ў тым мікрараёне, але калі бываў, няшмат бачыў з таго, пра што вы расказваеце. Вынік вандалізму? Зьнішчана часам, людзьмі, уладамі?

— Шмат што з гэтай аздобы насамрэч страчана, але нямала і захавалася. Больш за тое, апошнімі ракамі мясцовыя жыхары актыўна змагаюцца за тое, каб пры рамонце дамоў гэтая ляпніна не зьбівалася, як раней, а захоўвалася, аднаўлялася. І ёсьць добрыя прыклады, калі дамы пасьля сучаснага муніцыпальнага рамонту захавалі сваю аздобу.

Дарэчы, і скульптура медзьведзянятак таксама захаваная дзякуючы настойліваму змаганьню за яе мясцовых жыхароў. Бо, на жаль, мескім уладам значна прасьцей зьнесьці ўсё гэта і зрабіць рамонт больш танна.

— А інфраструктура? Ці дбалі пра яе, калі будавалі? А мо не зьвярталі на яе ўвагі, абы даць людзям дах над галавою?

— Адзначу, што і ў пляне інфраструктуры пасёлак забясьпечваў жыхароў усім неабходным. Там было мноства спартовых пляцовак, прычым, зноў жа, разьмешчаных у грамадзкай прасторы, каб спартовыя спаборніцтвы станавіліся грамадзкай зьявай.

Цікава, што менавіта тут захавалася адна з апошніх пляцовак для гульні ў гарадкі — папулярнай у СССР гульні, якая нават стала відам спорту.

Былі пабудаваныя садкі і школы, мноства разнастайных крамаў, харчовых і прамтаварных, аздараўленчы цэнтар, міліцэйскі пастарунак, мясцовы невялікі кірмаш. Усё разьмясьцілася на адносна невялікай, кампактнай прасторы, уздоўж асноўных вуліц, якія выдатна зьвязваліся транспартам.

 

***

 

Адразу ж пасьля завяршэньня Другой сусьветнай вайны, калі Менск яшчэ ляжаў у руінах, аднавілася будаўніцтва Менскага трактарнага заводу і побач зь ім пасёлку для трактарабудаўнікоў. У прыярытэтную будоўлю са статусам усесаюзнай укладаліся максымальныя сродкі і сілы. Яе нават услаўлялі паэты, назваўшы ў сваіх вершах будучы мікрараён Менску — Трактарагорадам. Хто і як будаваў яго, якую гістарычную памяць ён захоўвае і якога лёсу варты? Увогуле — што зьнішчаць бульдозэры на загад менскіх уладаў? Працяг гутаркі з культуролягам Раманам Абрамчуком.

— Сяргей, чаму вельмі вялікую ўвагу аддавалі ўлады будоўлі Трактарагораду? Чым ён заслужыў яе? Ведаем жа, што іншыя раёны беларускай сталіцы і раней, і пазьней будаваліся без асаблівага клопату пра дойлідскую ансамблевасьць, пра камфортнасьць жытла, інфраструктуру. Жыхары іншых раёнаў Менску, засяліўшыся ў новыя дамы, рокамі чакалі, калі пабудуюць крамы, паліклінікі, дзіцячыя садкі. А тут усё разам і ў першую чаргу...

— Па-першае, сам Менскі трактарны завод задумваўся і будаваўся як горадаўтваральнае сталічнае прадпрыемства. Больш за тое, завод павінен быў мець усесаюзнае значэньне. Адсюль і высокі статус пасёлку для яго працаўнікоў.

А акрамя таго, ён будаваўся першым у пасьляваенным Менску. Амаль усе працоўныя сілы былі кінутыя на яго будаўніцтва. Нават працы на цэнтральным праспэкце вяліся больш марудна, бо на будоўлю заводу была кінутая найлепшая тэхніка. Усе рэсурсы адначасна былі задзейнічаныя і на будоўлі Трактарагораду.

— Гэта была паваенная будоўля. Мы ведаем, што і жылы цэнтар Менску, і будынкі важных дзяржаўных установаў будаваліся ў тым ліку і ваеннапалоннымі немцамі. Яны таксама працавалі на будоўлі Трактарагораду?

— Так, і гэта важная старонка гісторыі пасёлку. Можам нават назваць яе “нямецкай”. На будоўлі МТЗ і яго пасёлку працавалі некалькі тысяч ваеннапалонных немцаў. Магчыма, менавіта таму многія з дамоў пабудаваныя вельмі якасна. Прынамсі, я сам жыў у доме ў Вучнёўскім завулку — сухім, цёплым.

Больш за тое, вулачкі і двары пасёлку нагадваюць нямецкія прадмесьці. Існуе меркаваньне, у тым ліку і ў прафэсійным дойлідскім асяродзьдзі, што да праектаваньня пасёлку маглі далучыць нямецкіх ваеннапалонных афіцэраў-дойліаў. Зразумела, у той час пра гэта забаранялася казаць публічна, як забаранялася казаць публічна і пра тых нямецкіх бедалагаў, што гарбаціліся тут пяць рокаў.

Так, яны сапраўды адкуплялі віну (можа, гэта і ёсьць прычынаю, чаму дамы выйшлі такія якасныя), і спачатку стаўленьне мясцовых людзей да немцаў было даволі варожае. Але, убачыўшы іх бядацкі стан, беларусы пачалі шкадаваць палонных, падкормліваць іх. Старэйшыя жыхары Менску згадваюць, як немцы выразалі з дрэва і дарылі цацкі малым, а бацькі давалі ім за гэта нейкую ежу, або як немцы гатавалі ў казанках ежу і частавалі дзяцей.

Паціху адносіны набывалі больш людзкі характар, ідэалягічныя ўстаноўкі адступалі. Мясцовым дазволілі ў нейкі момант нават наймаць немцаў на гаспадарчыя працы. Вядома, што ў выніку такога суседзтва ўтвараліся нават сем’і. У выніку некаторыя немцы засталіся тут назаўжды, прыняўшы савецкае грамадзянства.

Але згадаем і пра тых, хто застаўся тут не празь сямейнае шчасьце, а празь сьмерць. Шмат ваеннапалонных памерла ад вельмі цяжкіх умоваў працы, пошасьцяў, недаяданьня. Многія скончылі жыцьцё самагубствам. Многія спрабавалі ўцячы, часам нават вялікімі групамі. Але толькі адзінкавыя спробы ўцёкаў былі пасьпяховымі. Я чуў нават ад мясцовых людзей байку пра аднаго немца, які на аб’екце цішком капаў падземны лаз з будаўнічай пляцоўкі, каб уцячы. І аднойчы ягоныя таварышы, перад тым як пакінуць пляцоўку, зацэмэнтавалі той лаз, дзе якраз быў бедалага. Гэтая гісторыя падобная да сярэднявечных легендаў. Такія таямніцы дадаюць яшчэ болей цікавасьці і рамантыкі Трактарагораду.

— Як паўплывала будаўніцтва Трактарагораду на Менск, краіну, на разьвіцьцё айчыннага дойлідства? Увогуле — якія наступствы мела гэтая будоўля?

— Гісторыя трактаразаводзкага пасёлку мае выключнае значэньне для Менску. Пачнём з таго, што будаваць пасёлак разам з МТЗ пачалі згодна з асабістым рашэньнем Сталіна. Яно было прынята, калі Сталін сустрэўся з Панамарэнкам на менскім вакзале ў 1945 роке. Сам МТЗ задумваўся як горадаўтваральнае прадпрыемства, прадпрыемства ўсесаюзнага значэньня, і такім ён і стаў. Тысячы беларусаў зь вёсак, малых местаў зьяжджаліся сюды на працу, і многія зь іх сталі жыхарамі пасёлку. Менавіта пасёлак МТЗ будаваўся першым у пасьляваенным Менску, і таму гэта сымбаль аднаўленьня разбуранай вайной сталіцы. Разам з тым гэта сымбаль аднаўленьня беларусамі свайго “гараджанства”. Пасьля Другой усясьветнай вайны абязьлюджанае места чакала новых жыхароў, і імі сталі найперш прыежджыя зь вёсак беларусы.

— Ці лёгка вяскоўцы прыжываліся ў Менску? Так, дзякуючы ім Менск станавіўся больш беларускім. Але ці не разбуралі вяскоўцы мескую культуру? З вашага гледзішча, працэс перасяленьня вяскоўцаў у сталіцу меў у сабе больш станоўчага ці адмоўнага?

— Дзякуючы гэтаму места стала этнічна беларускім, і пачалося фармаваньне новай беларускай мескай культуры. Сучасныя нямецкія навукоўцы Томас Бон і Фэлікс Акерман у сваіх працах паказалі сацыякультурныя зьмены, якія адбываліся з гэтымі людзьмі.

Вяскоўцы, каб стаць “гарадзкімі”, адмаўляліся ад роднай мовы, старанна пазбаўляліся беларускага вымаўленьня, але пры гэтым захоўвалі вясковы лад жыцьця і мэнталітэт. Захаваліся зьвесткі, што ў клецях у дварах мескіх дамоў яны трымалі курэй, дробную жывёлу. Я думаю, менавіта гэтыя людзі былі першымі ворагамі беларушчыны ў кепскія для мовы 1960-я рокі.

Але ўжо іх дзеці, наступнае пакаленьне, як даводзяць нямецкія дасьледчыкі, вяртаюцца да каранёў. Моладзь, народжаная ў масте, у 1980-я цікавіцца народнымі сьвятамі, фальклёрам, мовай. Хай і паступова, але Менск вяртае сабе сваю беларушчыну, і працяг гэтай тэндэнцыі, яе ўзмацненьне мы бачым у нашы дні.

І пачатак ёй паклала менавіта пасьляваенная міграцыя зь вёсак на менскія будоўлі, і найперш — на будоўлю МТЗ і яго пасёлку. Таму гэты пасёлак можна назваць помнікам эпосе аднаўленьня Менску, яго пасьляваеннаму адраджэньню.

— Колькі я сябе памятаю, да раёну Трактарнага заводу вялікай сымпатыі не было ў жыхароў цэнтру Менску ці новых мікрараёнаў, якія засяляліся людзьмі розных прафэсіяў, а мо і пераважна навукоўцамі, настаўнікамі, лекарамі, інжынэрамі. А там — рабочая ўскраіна, якая была ў большай ступені, чым іншыя раёны места, крымінальнай. А сёньня чым і як жыве былы Трактарагорад?

— Думаю, што крымінальную славу ўсё ж нікому не аддасьць Грушаўка... А сёньня трактаразаводзкі пасёлак вабіць маладзёнаў сваёй атмасфэрай, аўтэнтыкай, утульнасьцю. Вядома, што тут нарадзіліся, часова ці стала жылі ці жывуць і вядомыя пісьменьнікі, музыкі, дзеячы культуры. Ад часоў яго будаўніцтва і па сёньняшні час пасёлку прысьвячалі дакумэнтальныя кіназамалёўкі, вершы, карціны прафэсійныя паэты, пісьменьнікі, мастакі, рэжысэры — Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Аляксей Кулакоўскі, Васіль Сумараў, Альгерд Бахарэвіч, які, дарэчы, працаваў у рэдакцыі шматтыражнай газэты МТЗ, ды многія іншыя. Гэты мікрараён папулярны ў кінавытворцаў. Тут зьнята нямала кінафільмаў, як айчынных, гэтак і маскалёўскіх, на самыя розныя сюжэты: і пра сланоў, і пра зомбі, і пра морг, і шмат яшчэ пра што. Дзякуючы дасьледаваньням Віктара Жыбуля існуе ўжо цэлая калекцыя фактаў, дакумэнтаў, нават мясцовых легендаў. Усё гэта разам — важны ўнёсак у культуру Беларусі.

— Сёньня пасёлку пагражае знос. Ці варта гэта рабіць? Ці варта ратаваць яго?

— У плянах мескіх уладаў — зьнесьці ўсю двухпавярховую забудову (а яна і складае асноўную частку пасёлку) дзеля будаўніцтва шматпавярховых жылых дамоў.

Адразу выклікае пытаньне экалягічнасьць такой забудовы — побач дагэтуль чадзіць трактарны завод. Тут і без таго заўжды было няпроста з паветрам, а што будзе, калі колькасьць жыхароў рэзка вырасьце ў некалькі разоў? Больш за тое, тыя шыкоўныя зялёныя зоны — паркі, сквэры — ужо паціху высякаюць, аддаюць пад паркоўкі ці нават пад царкву. А гэта ж усё было створана, каб зьмякчыць кепскі ўплыў заводзкіх трубаў на экалёгію! Для мяне дагэтуль загадка, як новы праект прайшоў працэдуру ўзгадненьня з адпаведнымі дзяржаўнымі ўстановамі.

Але для мяне асабіста самае важнае — гісторыка-культурная каштоўнасьць пасёлку. Я думаю, пасьля ўсяго сказанага можна зразумець, чаму я лічу яго вартым захаваньня. Нават пры параўнаньні з ужо вядомай Асмолаўкай, у нечым падобным раёнам каля Опэрнага тэатру, які таксама ў падобным стане, Трактарагорад мае значна больш вартасьцяў, як эстэтычных, гэтак і гістарычных. Я маю на ўвазе разнастайнасьць дойлідскіх формаў, гістарычныя ўмовы, у якіх ён будаваўся і г.д.

Але жыхары Асмолаўкі — гэта нашчадкі афіцэраў, опэрных сьпевакоў, якім і прызначаліся тыя дамы. І, відаць, яны значна больш цямяць у культуры і таму значна больш актыўна абараняюць свой пасёлак. А вось у Трактарагорадзе такіх актывістаў няшмат, і пры вялікай колькасьці галасоў за захаваньне можна пачуць і моцны голас тых, хто рады будзе зносу пасёлку і пабудове на яго месцы чарговай прымітыўнай “Каменнай горкі”.

Сёньня Трактарагорад — гэта ўжо цэласны тэкст культуры зь яго дойлідскай спадчынай, гісторыяй будаўніцтва і разьвіцьця, біяграфіямі звычайных жыхароў і знакамітасьцяў, савецкімі назвамі вуліцаў, старым ладам жыцьця, побытам, усімі творамі мастацтва, яму прысьвечанымі, і ўсімі байкамі ды легендамі, што нарадзіліся ў гэтых дварах. Гэта сапраўдны помнік эпосе.

Было б вялізнай дурасьцю яго страціць менавіта цяпер — ва ўмовах усё большай цікавасьці замежных турыстаў да Беларусі, ва ўмовах адмены візаў, у час, калі пра савецкае дойлідства Менску пішуць навуковыя працы замежныя дасьледчыкі і гэтым папулярызуюць наш горад у сьвеце.

— Усё страчана, шанцаў захаваць Трактарагорад няма?

— Я шчыра зьдзіўляюся, чаму нашы чыноўнікі, якім зьверху пастаўленая задача выціскаць грошы зь любой дзіркі, любой цаной, самі закопваюць у зямлю рэсурсы, якія нават пры невялікім укладаньні маглі б стаць крыніцай неблагога прыбытку.

Я шчыра спадзяюся, што знос пасёлку не адбудзецца. Тут павінны сваё слова сказаць найперш жыхары пасёлку, якія павінны зразумець, ува што ператворыцца пасёлак пасьля рэзкага павелічэньня колькасьці жыхароў.

Сваё слова павінны сказаць і грамадзкія актывісты, і дзеячы культуры. Зрэшты, за захаваньне пасёлку ўжо ў адкрытым лісьце выказаліся дзясяткі знакамітых дзеячоў культуры. Сярод іх — Захар Шыбека, Вальмен Аладаў, Юры Чантурыя, Армэн Сардараў, Вячаслаў Чарнатаў, Уладзімер Цэсьлер, Рыгор Сітніца, Сяргей Плыткевіч, Артур Клінаў, нямецкі гісторык Томас Бон ды многія іншыя.

Дай Божа менскаму мэру Андрэю Шорцу і ягоным калегам вочы, каб бачыць. Бо, на вялікі жаль, менавіта ад гэтых людзей збольшага сёньня залежыць, якім быць нашаму месту.

А калі гэтыя чыноўнікі, улучна з дойлідамі, публічна называюць дамы Трактарагораду “баракам”і, паказваючы тым самым сваю непісьменнасьць (таму што барак, паводле азначэньня, — гэта часовае, некапітальнае, часьцей за ўсё драўлянае жытло), — тады страшна становіцца за лёс сталіцы.

Я лічу, што шанец на захаваньне Трактарагораду — у грамадзкай актыўнасьці.

Вячаслаў Ракіцкі — беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар “Радыё Свабода” з 1997 року.

Вячаслаў Ракіцкі

“Радыё Свабода” 8, 15 лютага 2017 р.

 

 

Менчукі сталі на абарону Трактарнага паселішча


Гараджане збіраюць подпісы пад патрабаваннем не руйнаваць Трактарнае паселішча.

Менчукі пачалі збор подпісаў пад петыцыяй супраць руйнавання Трактарнага паселішча і надання яму статусу гістарычна-культурнай каштоўнасці. Петыцыю плануюць перадаць у Менгарвыканкам і адміністрацыю Лука-кі.

У тэксце петыцыі аўтары патрабуюць перагледзець пастанову Менгарвыканкама аб руйнаванні двухпавярховых жылых дамоў у селішчы Трактарнага завода.

“Пастанова аб руйнаванні была прынятая ва ўмовах адсутнасці ў паселішча статусу помніка дойлідства, але звяртаем вашую ўвагу на тое, што меркаванні чыноўнікаў і грамадскасці (у тым ліку экспэртаў і вялікай часткі тутэйшых жыхароў) у гэтым пытанні кардынальна разышліся. Экспэрты (слынныя дойліды, гісторыкі, дзеячы культуры, турызму) сцвярджаюць, што селішча Трактарнага завода, збудаванае ў канцы 1940-х — пачатку 1950-х рокаў, з'яўляецца ўнікальным узорам савецкага прадуманага местабудаўнічага падыходу, сімвалізуе клопат дзяржавы аб працаўніках завода. Усе збудаванні паселішча ў комплексе — дбайна складзены ансамбль, у якім улічана ўсё: ад упрыгожанняў дамоў ды павярховасці кожнага з будынкаў, што стварае ўтульныя, арыентаваныя на чалавека варункі для бытавання”, — гаворыцца ў петыцыі.

Аўтары ўпэўнены, што калі разбурыць паселішча, то места страціць адзін з самых цікавых, як з гістарычнага, так і з эстэтычнага пункта гледжання, куткоў.

“Заклікаем перагледзець пытаннк аб наданні паселішчу Трактарнага завода (ці асобнай яго частцы) статусу дойлідскага/гістарычнага помніка, што спрыяла б захаванню дойлідскага аблічча места і яго развіццю як турыстычнае зоны”, — патрабуюць аўтары петыцыі.

Нагадаем, пытанне руйнавання квартала двухпавярховых дамоў, размешчанага ў межах вуліц Клумава, Шчарбакова і Чабатарова, некалькі рокаў абмяркоўвалася мескімі дойлідамі, праект мянялі або адкладалі на час праз адсутнасць фінансавання. У выніку пастанова была прынятая, і руйнаваць дамы пачнуць ужо найбліжэйшым часам. На месцы двухпавярховікаў маюць з'явіцца новыя жылыя дамы не вышэйшыя за 7 паверхаў. Мескія актывісты наважылі прывабіць да гэтага пытання ўвагу праз бясплатныя экскурсіі па селішчы, якія сабралі некалькі соцень менчукоў.


“Хартыя’97”, 22 лютага 2017 р.

 

 

Галоўны дойлід Менска пра Трактарны пасёлак і Асмалоўку:

“Ці каштоўнасць гэта — вялікае пытанне”


Зносіць дамы ў Трактарным пасёлку адміністрацыя Партызанскага раёна абяцала пачаць у лютым. Але да работ да гэтага часу не прыступілі. На прэс-канферэнцыі ў Менгарвыканкаме інфармацыю пра даты пачатку зносу ніяк не пракаментавалі, але галоўны дойлід Менска выказаў сваё стаўленне да пытання захавання і надання пасёлку статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці.

— Мая асабістая пазіцыя па Асмалоўцы і Трактарным пасёлку (і яна падтрымліваецца значнай часткай прафесійнай архітэктурнай грамадскасці) у тым, што тэма досыць надуманая, — сказаў старшыня Камітэта дойлідства і местабудаўніцтва Менгарвыканкама Павел Лучыновіч. — Мы гаворым аб захаванні не высокай забудовы, а барачных дамоў, якія раскіданыя па ўсім былым Савецкім саюзе. Так, гэта моцныя тыпавыя праекты, але ці з'яўляецца гэта каштоўнасцю — для мяне вялікае пытанне. Гэтую тэму абмяркоўвалі і на Радзе ў Мінкульце, і вырашылі пазней вярнуцца да гэтага пытання яшчэ раз.

Нагадаем, пытанне зносу квартала двухпавярховых дамоў, размешчанага ў межах вуліц Клумава, Шчарбакова і Чабатарова, некалькі рокаў абмяркоўвалася мескімі дойлідамі, праект мянялі або адкладалі на час з-за адсутнасці фінансавання. У выніку рашэнне было прынятае і зносіць дамы пачнуць у бліжэйшы час. На месцы двухпавярховікаў павінны з'явіцца новыя жылыя дамы не вышэй за сем паверхаў. Мескія актывісты вырашылі прыцягнуць да гэтага пытання ўвагу праз бясплатныя экскурсіі па пасёлку, якія сабралі некалькі сотняў мінчукоў. А галоўны архітэктар УП “Менскграда” Аляксандр Акенцьеў нядаўна выказаўся за захаванне “найлепшых дасягненняў савецкай местабудаўнічай школы” ў пасёлку.


“Наша Ніва”, 2 сакавіка 2017 р.

 

 

Пачаўся знос дамоў у Трактарным пасёлку Менску

 

У Трактарным пасёлку ў Менску пачалі зносіць малапавярховую забудову. Замест 2-павярховых дамоў у квартале вуліц Стаханаўскай, Клумава, Шчарбакова, Чабатарова маюцца ўзьвесьці панэльныя дамы “новага пакаленьня”.

 

 

Раней мясцовыя жыхары накіравалі ў адміністрацыю Партызанскага раёну і прэзыдэнцкую адміністрацыю зварот са 176 подпісамі. Просьба была адна — адмяніць рашэньне аб зносе іх дамоў.

 

Аўтары адзначаюць, што праект забудовы тэрыторыі 5-7-павярховымі дамамі быў зацьверджаны 10 рокаў таму. Паступова ён састарэў і быў скарэктаваны, а гэта азначае неабходнасьць новага грамадзкага абмеркаваньня ўсяго праекту.

 

 

Актывісты і неабыякавая грамадзкасьць спадзяваліся, што іх шматлікія просьбы і пэтыцыі будуць пачутыя ўладамі, а горад пазьбегне чарговага канфлікту і супрацьстаяньня.

 

Аднак публічнае абмеркаваньне канфліктнай сытуацыі адміністрацыя Партызанскага раёну Менску прызначыла толькі на сёньняшні вечар — фактычна пасьля таго, як цяжкая тэхніка прыступіла да руйнаваньня мясцовай забудовы.

 

 

Дарэчы, у звароце падпісанты просяць кіраўніцтва адміністрацыі пасадзейнічаць усталяваньню памятнага знаку, прысьвечанага заснаваньню пасёлку, які адным зь першых паўстаў у разбураным вайной Менску.

 

“Радыё Свабода”, 29 чэрвеня 2017 р.



Обновлен 28 авг 2017. Создан 09 фев 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter