Чаму беларусы — эўрапейская нацыя




Вядомы гісторык расклаў гэтае пытанне па палічках.

— Мы ўвесь час хістаемся: адной нагой у Расеі, другой у Эўропе. І ўзнікае пытанне — ці доўга мы яшчэ будзем так стаяць у раскараку?

Доктар гістарычных навук, аўтар і вядоўца цыклу праграмаў на "Белсаце" "Загадкі беларускай гісторыі" Алесь Краўцэвіч мяркуе, што для беларусаў надышоў час рабіць выбар.

Курс вядомага гарадзенскага гісторыка "Беларусь у эўрапейскім кантэксце" стаў даступным кожнаму гарадзенцу. Першая лекцыя была прысвечана вандроўкам народаў і пачаткам Беларусі.

Гэты цыкл — спроба факталагічна паказаць, што эўрапейская гісторыя з'яўляецца неад'емнаю часткаю гісторыі Беларусі, што фундамент беларускай ментальнасці будаваўся на эўрапейскім індывідуалізме і пашане да правоў чалавека.

— Я вагаю лодку ў бок Эўропы і ўвесь час паказваю, што мы стагоддзямі былі Эўропай, па ментальнасці мы — эўрапейцы, што расейская дзяржаўнасць нам чужая, што мы індывідуалісты. Расейская дзяржаўнасць — гэта дзяржаўнасць азіяцкага тыпу, якая апяруе масамі. Традыцыя расейскай дзяржаўнасці — гэта "чалавек — цаглінка" для пабудовы дзяржавы, а традыцыя заходне-эўрапейскай дзяржаўнасці — чалавек мае правы. Асоба.

У гэтым вялікая розніца. Напрыклад, мы жылі паводле Статута Літоўскага, аднаго з лепшых кодэксаў права ў Эўропе, у нас было магдэбургскае самакіраванне. А ў Расеі самакіраванне гарадоў з'явілася толькі ў другой палове ХІХ-га ст. Расейскія гарады кіраваліся дэспатам і зараз нават з навінаў, якія нам навязваюць праз расейскае тэлебачанне, можна пабачыць, што жыццё ў Расеі каштуе вельмі танна. Гэта іх традыцыя. Нашая — эўрапейская. Павага да індывідуальнасці, павага да правоў чалавека, самастойнасць чалавека.

Калі яшчэ расейцы далучылі нас, то здзіўляліся, што яны прывыклі жыць вялікімі абшчынамі, 3-4 пакаленні, калі дзед кіруе сям'ёй у 40 чалавек, а беларусы — як толькі сын падрасце, адразу да бацькі — давай дзяліцца, хачу мець уласную гаспадарку. Гэта эўрапейскі індывідуалізм, — лічыць гісторык.


Паварот "тварам да Эўропы"


"Арыентацыя на Эўропу" — так будзе называцца адна з лекцый цыклу, якая ахопіць час з сярэдзіны ХІІІ ст., калі ВКЛ адварочваецца ад Візантыйскай цывілізацыі і паварочваецца "тварам да Эўропы". У сваёй лекцыі гісторык раскрые, як гэта праяўлялася.

— Найперш пачалі з'яўляцца матэрыяльныя прыкметы, побытавыя рэчы. З'явіліся першыя гатычныя помнікі. Камянецкая вежа — адзіны ацалелы помнік гатычны з XIII ст. Новыя катэгорыі матэрыяльнай культуры, узбраення. Цэгла, дахоўка, кафля, шкляныя начынні. Прыёмы будаўніцтва — тыя самыя Лідскі замак, Крэўскі замак, Гарадзенскі замак Вітаўта. Гэта была Эўропа. Потым прыйшла ментальнасць. Нашыя хлопцы паехалі ў эўрапейскія ўніверсітэты вучыцца і адзін з іх так доўга вучыўся, што выдаў кніжку першую ва ўсходне-славянскім свеце. Францішак Скарына яго клікалі. Другое выданне бібліі на нацыянальнай мове — гэта выданне беларускай бібліі. Ці другая, ці трэцяя — спрачаюцца, — распавядае гісторык.

Пазіцыя жанчыны ў ВКЛ, таксама з'яўляецца выдатным сведчаннем эўрапейскай ментальнасці, а часам нават лепшым у пытанні законаў і правоў, чымся ў некаторых заходнеэўрапейскіх краін.

— Жанчыны ў нас паводле статута, асабліва жанчыны шляхцянкі, былі суб'ектам права, мелі права атрымліваць спадчыну. Напрыклад удава магла атрымаць у спадчыну маёмасць мужа, У нас не было з жанчынамі, як у Расеі, што яна сядзела зачыненая. Гэта прыблізна, як цяпер у некаторых мусульманскіх краінах, дзе жанчына не можа сама без мужчыны выходзіць на вуліцу.

"Живет моя зазноба в высоком терему, а в терем тот высойкий нет хода никому". Яны трымалі жанчын усё жыццё ў гэтых церамах. А калі мы чытаем асабліва шляхецкія тэстамэнты, відаць, як гэтыя жанчыны распараджаліся маёмасцю, якія гэта былі жанчыны. Гэта праяўляецца нават у тым, як шляхцічы пісалі пра сваіх жонак: малжонцы дарагой, каштоўнай, пакідаю ўсю сваю маёмасць, за тое дабро, што яна мне ўсё жыццё рабіла.

Такія замалёўкі ўвесь час сустракаюцца, — распавядае выкладчык.


Калі Масква стала "беларускай"


— Падчас няспынных войнаў з Масквой у ХVII ст. Расея была тады краінай адсталай і маскоўскія жаўнеры сотнямі тысяч вывозілі з ВКЛ рамеснікаў. Нават адзін гісторык пісаў, што пасля адной з гэтых войнаў "Москва на некоторе время стала беларускай". І ў зброевай палаце там большая палова працавала беларускіх рамеснікаў. Беларусы навучылі рабіць іх пячную кафлю. Расейцам гэтая кафля так падабалася, што яны ўстаўлялі яе ў сцены цэркваў, — кажа спадар Алесь.

А ў чым мы былі лепшыя за заходніх эўрапейцаў?

На гэтае пытанне Алесь Краўчэвіч таксама мае падрыхтаваны адказ.

— Нам ёсць чым ганарыцца! У плане, канешне, эканамічным і палітычным мы былі перыферыяй Эўропы. Але наш гонар — гэта небывалая для Эўропы сітуацыя рэлігійнай і духоўнай талерантнасці. У нас ужываліся шмат вераў. Гэта XV-XVI стагоддзі асабліва. Пратэстантызм, праваслаўе, каталіцызм, мусульманства ў татараў, іудзейства ў габрэяў.

Калі нас спытаюць, чым мы лепшыя за заходніх суседзяў, то можна смела адразу адказваць: у нас ніколі не было інквізіцыі, — канстатуе беларускі гісторык.

— У нас ніколі не палілі людзей за рэлігійныя погляды. Хоць і былі сутыкненні, але ў асноўным у нас былі дыспуты. Да прыкладу — Сымон Будны, каторы быў бы спалены стоадсоткава, таму што ён не верыў у боскасць Хрыста. Ён жыў спакойна ў Нясвіжы, друкаваў кніжкі. І мы ведалі як ён выглядаў, дзякуючы карыкатуры, якую на яго намалявалі езуіты. Яго не спалілі, а малявалі на яго карыкатуры. Розніцу адчуваеце?


Двума нагамі ў Эўропу


Першая лекцыя гісторыя ўжо адбылася ў "Цэнтры гарадскога жыцця" і была прысвечаная вандроўкам народаў і пачаткам Беларусі. Гісторыя гэтага перыяду, гэта акурат доказ таго, што фармаванне беларускага народа адбывалася ў рэчышчы агульнаэўрапейскіх працэсаў, — каментуе гісторык.

— Мы ўзніклі ў выніку працэсу, які агарнуў усю Эўропу. І мы адразу ў гэтым удзельнічалі. У нас ёсць кніжкі, у кнігарню любую зайдзі. Беларусь у кантэксце сусветнай цывілізацыі, у кантэксце эўрапейскай цывілізавцыі. А калі пачынаеш чытаць, то бачыш, што ніякага кантэксту там няма. Там ідзе гісторыя Беларусі ў той або іншай інтэрпрэтацыі. Мы далучыліся да Заходняй Эўропы пасля мангола-татарскага нашэсця і агрэсіі Тэўтонскага ордэна. Мы прысутнічалі ў гэтай Эўропе, былі фарпостам у Эўропе на мяжы з Расеяй. Шчытом Эўропы былі. Не Польшча была, а Беларусь была шчытом Эўропы. Потым у канцы XVII стагоддзя, калі нас захапіла Расейская імперыя, нас гвалтам змусілі пераарыентавацца на Расею. Калі ў XIV стагоддзі ў нас быў выбар, то ў канцы XVIII ў нас выбару не было. І вось нас так доўга цягнулі на Усход, а мы сваёй ментальнасцю заставаліся на Захадзе. І цяпер мы стаім, як у тым анекдоце, адной нагой у камунізме, другой нагой у сацыялізме, так мы адной нагой у Эўропе, адной нагой у Расеі.

Гісторык асабіста лічыць, што ў гэтым хістанні трэба "станавіцца двума нагамі" ў Эўропу.

Курс лекцый Алеся Краўцэвіча "Беларусь у эўрапейскім кантэксце" раней чыталі ў Лятучым універсітэце ў Менску, а цяпер гэты курс выкладаецца таксама ў Варшаўскім універсітэце. Сваю другую лекцыю ў Горадні гісторык прачытае 2-га сакавіка ў "Цэнтры гарадскога жыцця".


"Хартыя'97", 17 лютага 2017 р.



Создан 17 фев 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter