Прафесійны паўстанец Ільдэфонс Анцыпа

Ведай сваіх герояў!



Сярод удзельнікаў паўстання 1863–1864 рокаў была вялікая колькасць тых, хто ўсё жыццё прысвяціў барацьбе ў імя ідэалаў. Да іх ліку належаў ураджэнец вёскі Мілавань Ільдэфонс Анцыпа, удзельнік паўстання 1830 рока і “Вясны народаў” 1848 рока.


У змаганні за волю


Ільдэфонс Анцыпа нарадзіўся на Гродзеншчыне каля 1815 рока, атрымліваў адукацыю ў Слонімскай павятовай вучэльні, але ў сувязі з удзелам у паўстанні 1830–1831 рокаў быў вымушаны выправіцца ў эміграцыю ў Францыю і зарабляць кавалак хлеба рознымі падпрацоўкамі. У выніку пасля доўгіх пошукаў, ён стаў пісаць артыкулы на паўстанцкую тэматыку, закранаючы як гісторыю, так і тактыку партызанскай барацьбы. Таму, калі ў 1848 роке Эўропа скаланулася “Вясною народаў”, 33-грочны Ільдэфонс перабраўся ў Прусію, дзе на землях колішняга Каралеўства Польскага намагаўся скарыстацца сваім досведам як у тэарэтычных, так і ў практычных пытаннях.

У выніку ён узначаліў атрад з ліку сялян на Познаньшчыне, што ставіў на мэце вырашэнне праблем, узнятых у свой час Міхалам Валовічам, Францам Савічам і Шымонам Канарскім, якія выступалі ў падтрымку правоў прыгнечанага вясковага насельніцтва. Але Анцыпа чарговы раз стаў сведкам паразы паўстанцкіх атрадаў у змаганні з рэгулярнымі войскамі і вымушаны быў зноў выправіцца ў Францыю.


Вяртанне на Радзіму


Пасля ўзыходжання на маскалёўскі трон імператара Аляксандра ІІ для былых паўстанцаў была абвешчана амністыя і дазвол вярнуцца на радзіму, чым і скарыстаўся Ільдэфонс Анцыпа. У 1859 роке ён знайшоў прытулак у фальварку Вялікія Бяловічы Быхаўскага павета, якім валодаў яго брат Іясафат.

За былымі паўстанцамі ўсталёўваўся паліцэйскі нагляд, які, аднак, не перашкодзіў Ільдэфонсу здзяйсняць падарожжы па Магілёўскай губерні і стаць адным з актыўнейшых дзеячаў таемнай рэвалюцыйнай арганізацыі, якая рыхтавала чарговае паўстанне на землях былой Рэчы Паспалітай. Гэтым разам яго збіраліся пашырыць да Волгі: праз Смаленскую губерню ахапіць усю Цэнтральную Масковію. 

Для ўцягвання сялян у барацьбу меркавалася павесіць некалькі землеўладальнікаў, якія найбольш прыгняталі сялян, а таксама выказаць павагу праваслаўнаму духавенству, як адбывалася падчас захопу атрадам Звяждоўскага мястэчка Горкі. Менавіта на гэтыя пункты была звернута пільная ўвага кіраўнікоў атрадаў Магілёўшчыны, якія сабраліся 12 красавіка 1863 рока ў фальварку Здзіслава Міткевіча Ліцвінава Горацкага павета.


Паўстанне ад Віслы да Волгі


Выступленне пачалося ў ноч на 24 красавіка. На чале паўстанцаў стаяў капітан Людвік Звяждоўскі, які меў намер аб’яднаць шэсць ініцыятыўных групаў Віцебскай і Магілёўскай губерняў у адзін кулак, што павінен быў за кошт мясцовых сялян вырасці да 15 тысяч чалавек і затым накіравацца ў цэнтральныя раёны Імперыі. Удзельнік атрада Здзіслаў Міткевіч у сваіх паказаннях адзначаў, што паўстанцы збіраліся пры пашырэнні барацьбы “сбросить все носящее на себе даже тень польского происхождения” і не абмяжоўвацца нацыянальным і сацыяльным становішчам удзельнікаў.

Амаль ва ўсіх паветах Магілёўскай губерні, за выключэннем Чавускага, Гомельскага і Клімавіцкага, былі арганізаваныя паўстанцкія атрады: у Горацкім — Звяждоўскага, у Мсціслаўскім — памешчыка Ігната Цеханавецкага, у Магілёўскім — памешчыка Міхала Макавецкага, у Аршанскім — падпаручніка Ігната Будзіловіча, у Рагачоўскім — Тамаша Грыневіча, у Сенненскім — падпаручніка артылерыі Канстанціна Жаброўскага, у Крычаўскім — падпаручніка артылерыі Яна Алаізія Жукоўскага, а ў Быхаўскім — Ільдэфонса Анцыпы. Ваенным кіраўніком падраздзялення Анцыпы быў Ян Манцэвіч, прапаршчык 3-й зводнай артылерыйскай брыгады, які пайшоў у паўстанцы разам з братам.

Аснову атраду склалі 12 чалавек з маёнтка Закупленне памешчыка Антонія Манкевіча, адзін са сваякоў якога — Іван Восіпавіч Манкевіч, быў арыштаваны незадоўга да выступлення, 20 красавіка, як “агент Літоўска-Беларускага цэнтральнага камітэта”, прыкрыццём для якога стала было, што “Господин же Киркор обязал меня ездить в Могил. губ. именно потому, что здесь находятся мои родственники и что Белоруссия моя родина”. Яшчэ ў 1860 роке Манкевіч, які актыўна займаўся перакладамі на “белорусское наречие” басняў Крылова, быў сасланы ў Сібір.


Правакацыі і “інфармацыйная вайна”


Вялікай праблемай паўстанцаў стала неўлічванне становішча, якое было ў Магілёўскай губерні, і адносінаў сялян да паўстанцаў. З першага ж дня выступлення сярод вяскоўцаў распаўсюджваліся плёткі і чуткі пра жахі, якія нібыта чынілі ўдзельнікі антыцарскага выступу з мясцовым насельніцтвам. Моцна паўплывала на магілёўскіх сялян вестка пра тое, што паўстанцы выразалі жыхароў і спалілі вёску Цёплае — што было суцэльнай выдумкай. Аднак яна актыўна распаўсюджвалася праваслаўнымі святарамі, кшталту святара Даўгамохаўскай царквы Быхаўскага павета Паўла Крупскага. Да таго ж сяляне адразу зразумелі магчымасць атрымання грошай за злоўленых паўстанцаў, чым актыўна скарысталіся.

У Магілёўскай і Віцебскай губернях пачаліся падпалы і знішчэнні шляхецкіх маёнткаў. У Дзінабургскім павеце была спалена сядзіба памешчыка Станіслава Моля, а жаночая частка яго сям’і была згвалтаваная. Пазней у маскалёўскіх афіцыйных выданнях гэтае здарэнне выкарыстоўвалі ў прапагандысцкіх мэтах, каб паказаць стаўленне мясцовых жыхароў, у першую чаргу сялян, да ўдзельнікаў паўстання і спачуваючых ім. Але насамрэч сярод дзевяці арыштаваных па той справе сялянамі былі толькі тры чалавекі. І ўсе яны былі вызваленыя генералам Длатоўскім з-пад адказнасці.

Ні абвешчанае вызваленне сялян ад павіннасцяў, ні бясплатнае карыстанне памешчыцкай зямлёй не атрымалі падтрымкі сярод сялян Усходняй Беларусі.

Супраць атрада Анцыпы, які не перавысіў колькасць у 24 чалавекі, 27 красавіка па наводцы быхаўскага павятовага спраўніка ў фальварак Балонаў-Сялец прыбыла 15-я рота 4-га рэзервовага батальёна Смаленскага пяхотнага палка штабс-капітана Кусонскага. Тут ён даведаўся, што ў ваколіцах вёскі Сялец знаходзяцца два атрады паўстанцаў: адзін у накірунку маёнтка памешчыкаў Славінскіх у лесе паблізу вёскі Залатва, а другі непадалёк фальварка, дзе знаходзілася станавая канцылярыя, якую паўстанцы мелі намер падпаліць. У 11 гадзін ночы Кусаноўскі з 35 салдатамі накіраваўся пераследаваць паўстанцкі атрад да Залатвы, другую ж частку свайго падраздзялення ў колькасці 36 чалавек пакінуў у фальварку пад камандай падпаручніка Ліпінскага.


Бой каля фальварка Неапалітанскі


Пераадолеўшы каля 60 вёрстаў, 28 красавіка аддзел Кусонскага нарэшце напаткаў у лесе каля вёскі Язвы, паблізу фальварка Неапалітанскі памешчыкаў Славінскіх атрад Анцыпы. Завязаўся бой, але паўстанцы былі дрэнна ўзброеныя і не мелі магчымасці супрацьстаяць арганізаванай баявой адзінцы. Адступленне ператварылася ў бегства, па выніках якога паўстанцы пакінулі на полі бою 11 ружжаў і 2 кані.

Пры гэтай перастрэлцы быў паранены маскаль Гаўрыла Нечытайлаў “дробиною в нос против левого глаза”, а адзін з сялянаў вёскі Залатва Восіп Іваноў, які выступіў на баку маскалёўскіх войскаў, быў смяротна паранены шляхціцам з Троцкага павета Блажэем Мацкевічам у жывот.

Пазней Мацкевіч быў пазбаўлены дваранства з канфіскацыяй маёмасці і сасланы на 12 рокаў катаргі. А маскалёўскія ўлады выплацілі жонцы Восіпа Іванова 160 рублёў срэбрам.

Кусаноўскі адмовіўся ад пераследу паўстанцаў па моцна забалочанай мясцовасці і лесе, маючы пагрозу з боку іншага паўстанцкага атрада. Сяляне ваколічных вёсак актыўна адлоўлівалі паўстанцаў, сярод якіх апынуўся і Ільдэфонс Анцыпа.

Падчас допытаў ён прызнаўся, што дзейнічаў ад імя паўстанцкага Цэнтральнага камітэта. Яму інкрымінавалася спаленне ўрадавых дакументаў і папер, пашкоджанне тэлеграфа. Трэцяга чэрвеня ён быў аддадзены ў Магілёве пад ваенны суд, які ўжо 5 чэрвеня вынес смяротны прысуд, падпісаны камандуючым войскамі Магілёўскай губерні, генерал-маёрам Яшвілям.

На наступны дзень, 6 чэрвеня 1863 рока, Ільдэфонс Анцыпа быў расстраляны ў Магілёве, разам з трыма іншымі паўстанцамі. Усе яны спрабавалі ўзняць паўстанне ў рэгіёне, дзе адным з таемных пароляў было: “Каго любіш? — Люблю Беларусь! — Так узаемна!”.


Васіль Герасімчык

“Новы Час”, 27 лютага 2017 р.



Создан 27 фев 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter