Няўлоўны Каліноўскі: у кроку ад арышту

Ведай сваіх герояў!



Праз вёску Шэйпякі Слонімскага павета па паштовым тракце са Слоніма ў Ваўкавыск 7 кастрычніка 1862 рока ў 17 гадзін праехала кібітка, з якой невядомы падарожны раскідваў скруткі папер.

Непісьменныя тутэйшыя сяляне Марцін Мікуцін, Антон Агіевіч і Міхаіл Лукашэвіч сабралі іх і адправіліся да сваіх адукаваных вяскоўцаў. У хуткім часе змест напісанага на лістках ведалі ўсе Шэйнякі, а затым некалькі падабраных экземпляраў былі перададзеныя і ў суседнія вёскі. У гэты ж дзень адзін са скруткаў у канаве каля Вострава знайшоў селянін Кіпрыян, але ў яго вёсцы не было пісьменных, каб прачытаць улёткі.


“Дзецюкі!”


“Дзецюкі! Жывучы пад рондам маскоўскім, кожны ведае, што ён нас абдзірае і глуміць…” — менавіта так пачынаўся знойдзены сялянамі дакумент, у якім да іх звяртаўся нейкі “Яська-Гаспадар з-пад Вільні”, які тлумачыў грабежніцкі характар аграрнай рэформы, праведзенай 19 лютага 1861 рока.

Весткі пра невядомыя брашуры, з якіх “сяляне, чытаючы паміж сабою, здабываюць разнастайную думку”, дайшлі да ведама прыстава Слонімскага павета Л. Агаціна. Ён пачаў шукаць крыніцу агідных ідэяў, якія распаўсюджваліся сярод сялян. 

У выніку Агацін паехаў па ваўкавыскаму тракту ад вёскі да вёскі і 27 кастрычніка дабраўся да Шэйнякаў. Тут мясцовы стараста Людвіг Ляўсковіч паведаміў царскаму службоўцу вестку, якая ўжо на наступны дзень рапартам была дасланая да гродзенскага генерал-губернатара Івана Уладзіміравіча фон Галера: сярод сялян распаўсюджваецца забароненае выданне, якім аказаўся трэці нумар “Мужыцкай праўды”.


Невядомы пад № 16668


Пагражаючы арыштам, Агацін атрымаў два асобнікі “Мужыцкай праўды” і апісанне невядомага падарожнага: апрануты ў авечы кажух з каўнярам ад адной доўгай скуры чорнага баранчыка, на галаве фуражка з зоркай грамадзянскага ведамства, на выгляд гадоў 36-ці, сярэдняга росту, брунет з чорнымі вусамі. Сяляне таксама апісалі светлавалосага з русымі вачамі фурмана з Ружанскай паштовай станцыі. Менавіта гэта стала зачэпкай для далейшых росшукаў.

Агацін неадкладна накіраваўся на Ружанскую паштовую станцыю, дзе здабыў наступны запіс з кнігі: 5 кастрычніка за № 16668 быў запісаны шляхціц, які вяртаўся са Слоніма ў Ваўкавыск. Яго імя — Вікенцій Каліноўскі.

Ад фурмана Талая, які суправаджаў Каліноўскага, Агацін даведаўся: падазраваны ў раскідванні “Мужыцкай праўды” працуе ў адным з прысутных месцаў Ваўкавыска, а з Ружанскай станцыі ён ездзіў у Падароск. Далей Агацін 30 кастрычніка накіраваўся ў Слонім, каб высветліць, калі Каліноўскі прыбыў у горад і пры якіх абставінах з яго выбыў.

Каліноўскі меў падарожную ад гарадзенскага віцэ-губернатара, выдадзеную для асабістых патрэбаў 5 кастрычніка. Аднак, што ён рабіў у Слоніме, з якога выбыў 7 кастрычніка ў 11 гадзін, так і засталося для прыстава не вядомым.


Наладжванне паўстанцкай арганізацыі ў Слоніме


Каліноўскі ў Слоніме сустракаўся з некалькімі афіцэрамі 3-й артылерыйскай батарэі, сярод салдат якой пазней пачала распаўсюджвацца адозва “Что надо делать войску”. Менавіта да гэтага кола належаў харунжы батарэі Міхал Цюндзявіцкі, імя якога стаіць першым у доўгім спісе пакараных смерцю ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 рокаў у Беларусі, асуджанага за распаўсюджванне “Мужыцкай праўды” ў Барысаўскім павеце Менскай губерні.

Другая сустрэча адбылася дзеля арганізацыі працы мясцовай паўстанцкай суполкі, для прыкрыцця таемных сходаў якой выкарыстоўваліся грамадская публічная бібліятэка на чале з бібліятэкарам Цэзарыем Казігродскім і самадзейны тэатр гарадскога доктара Антона Макржэцкага.

Усё гэта засталося невядомым уладам, але Агацін высветліў, што са Слоніма Каліноўскі спачатку накіраваўся да Міжэвічаў на трох конях з фурманам Васюкевічам. Адтуль жа ён дабраўся да Ружанаў, дзе і наняў Талая, каб ехаць у Ваўкавыск. 6 лістапада гэтая інфармацыя паступіла ў Гародню. Яшчэ 1 лістапада губернатар Галер загадаў жандарскаму штаб-афіцэру маёру М.А. Лелякову расследаваць справу пра распаўсюджванне “Мужыцкай праўды” ў Шайняках і адшукаць Каліноўскага. Лелякоў перадаручыў заданне свайму ад’ютанту капітану Вітэ.

Уся гарадзенская жандармерыя накіравалася на пошукі Каліноўскага. Як вынік — 8 лістапада стала вядома пра яго прыезд у Вялікую Бераставіцу да ксяндза Ігната Казлоўскага. Вітэ неадкладна скіраваўся туды. Але на месцы нікога не аказалася. Давялося чакаць Казлоўскага, які толькі ў 9 гадзін вечара 8 лістапада вярнуўся дахаты.


“Не Вікенцій, а Канстанцін Каліноўскі”


З’яўленне жандараў не было для ксяндза нечаканасцю. Таму на пытанні Вітэ адносна Вікенція Каліноўскага, святар спакойна патлумачыў, “што не Вікенцій, а Канстанцін Каліноўскі, будучы даўно знаёмым, заехаў у хату яго, ксяндза, 4 дня ўвечары, г.зн. у нядзелю, і прасіў дазволіць яму, Каліноўскаму, пераначаваць. Але як ксёндз Казлоўскі быў выкліканы дэканам Гінтаўтам у Гародню для атрымання жалавання, то Каліноўскі разам з ім на другі дзень паехаў з нанятым парабкам ад жыхара м. Бржэставіцы Старжынскага, пераначаваўшы ў м. Індура ў заезджай хаце, але не ведае, як гаспадара клічуць.

А 6 лістапада адправіліся ў Гародню, дзе сустрэлі цяжкасці ў пераправе праз раку Нёман, пакінуўшы рэчы і коней з чалавекам на занёманскім фарштаце ў заезджай чырвонай драўлянай габрэйскай хаце па мянушцы невядомай, размешчанай пры спуску ў горы, па правым баку. А самі адправіліся ў места, дзе ксёндз Казлоўскі за атрыманнем ад дэкана Гінтаўта жалавання дзве ночы начаваў у ксяндза Шмігера без Каліноўскага, дзе ж Каліноўскі ў месте кватараваў, адклікаўся няведаннем.

Прычым растлумачыў, што гэтага дня, а менавіта 8 лістапада, перад ад’ездам сустрэўся з Каліноўскім пры варотах хаты ксяндза Шмігера. Рэчы ж свае Каліноўскі забраў з кватэры ў адсутнасці яго, ксяндза Казлоўскага, бо ключ ад пакоя знаходзіўся ў вышэйсказанага парабка. Прычым дадаў, што Каліноўскі застаўся ў Гародне, і намякнуў, што мае намер ехаць у Вільню для адшукання службы”.

У Вітэ не было часу на далейшыя допыты ні ксяндза Ігната Казлоўскага, ні парабка Міхаіла Чывеля, якія суправаджалі Каліноўскага ў Гродне. І пасля праведзенага беспаспяховага ператрусу ў хаце святара, жандар вымушаны быў працягнуць далейшыя пошукі, на падставе якіх 13 лістапада гарадзенскі губернатар падпісаў наступную рэзалюцыю:

“Паведаміць варшаўскаму обер-паліцмайстру і пану начальніку Віленскай губерні, а таксама гарадскім і земскім паліцыям у губерні. Пра ўсё данесці пану міністру ўнутраных спраў і пану генерал-губернатару. Вельмі патрэбнае”.


Пад пастаянным сакрэтным наглядам


Ваўкавыскі земскі іспраўнік Алішэўскі ўстанавіў пастаянны сакрэтны нагляд за Якушоўкай, дзе жыла сям’я Каліноўскіх, якая 25 кастрычніка страціла старэйшага брата Канстанціна — Віктара, памерлага ад сухотаў. І ўсё ж, нягледзячы на рызыку, у сярэдзіне лістапада Каліноўскі прабраўся ў бацькоўскі маёнтак, каб наведаць магілу брата.

У Якушоўцы ён правёў усяго адзін дзень. Яго бацька, Сымон Каліноўскі, пазней паведамляў паліцэйскім: “За ім па пятах ехалі, аднак яны былі на гэтым баку Нёмана, а Канстанцін як дабраўся да Гродна, дык ужо не маглі знайсці”.

Паліцыя прыехала ў Якушоўку амаль адразу ж пасля ад’езду Каліноўскага, але так і не здолела яго злавіць. У выніку 30 лістапада ваўкавыскі земскі іспраўнік Алішэўскі паведамляў гродзенскаму губернатару, што “Каліноўскі да гэтага часу ў павеце не знойдзены, а між тым даходзяць да мяне чуткі, што ён ужо пайманы”. Адказам на яго запыт, ці варта далей шукаць падазраванага ў палітычных злачынствах, было: “Абавязкова. Чуткам верыць няма чаго”.

Аднак жандар маёр Лелякоў, нягледзячы на тое, што ўся жандармерыя губерні стаяла на вушах, вымушаны быў паведамляць губернатару: “Па атрыманым жа сведчаннях, ён быццам бы выправіўся па чыгуначнай дарозе ў. Вільню, але ці знаходзіцца ён цяпер там, ці выехаў далей, невядома”. І гэта ў той час, як Сымон Каліноўскі, атрымаў ад сына ліст, адпраўлены 5 снежня са сталіцы імперыі — Пецярбурга.


З Гародні ў Вільню і Пецярбург


17 снежня Вітэ, каб самому высветліць абставіны “аб следаванні Вікенція, ён жа Канстанцін, Каліноўскага з Ваўкавыска ў м. Слонім і назад”, накіраваўся ў Ружаны. Капітан жандараў паўторна правёў допыт Івана Талочкі, які вазіў Каліноўскага з Ружанаў на Падароскую станцыю.

Але на дзіва фурман адмовіўся пацвярджаць, што Каліноўскі раскідваў сялянам якія-небудзь паперы. Наадварот, Талочка патлумачыў, што скруткі дакументаў раскідваў невядомы, які ехаў на чацвёрцы рудых коней з Падароскай станцыі праз Шэйнякі. Фурманам у таго быў Салата, які выправіўся з Ружанаў раней, чым Каліноўскі.

Да таго ж Каліноўскі не мог фізічна гэтага зрабіць, полькі ўжо ў 16 гадзін 7 кастрычніка быў дастаўлены ў Падароск. Аднак Вітэ, як дасведчаны жандар, зразумеў у гэтых словах спробу заблытаць следства. Паведаміўшы пра тое свайму кіраўніцтву, ён працягнуў працу і высветліў, што з Падароска Каліноўскі адправіўся ў Ваўкавыск з нейкім Бегічам, які ў месте заехаў на сваю кватэру, а сам Каліноўскі ў заезджы двор габрэя Мартхілевіча, адкуль 10 кастрычніка накіраваўся ў Гародню.

У кастрычніку-снежні 1862 рока жандары на Гарадзеншчыне некалькі разоў мелі магчымасць схапіць Каліноўскага, але кожны раз ён выбіраўся з расстаўленых на яго пастак. У выніку здолеў паспяхова дабрацца да Вільні. Тут ён у Літоўскім правінцыйным камітэце адхіліў ад улады стаўленіка Варшавы Нестара Дзюлерана, намагаючыся дабіцца ад польскага Цэнтральнага нацыянальнага камітэта прызнання роўных правоў.

А ў канцы лістапада выехаў у Пецярбург, дзе вяліся перамовы з прадстаўнікамі рускай арганізацыі “Зямля і воля”, а таксама Камітэтам рускіх афіцэраў у Польшчы аб будучым іх удзеле ў сумесным паўстанні. Да таго ж на працягу чатырох месяцаў былі выдадзеныя тры нумары “Мужыцкай праўды” (№ 3, 4, 5)! Нягледзячы на ўсе далейшыя спробы высветліць месцазнаходжанне Кастуся Каліноўскага, расійскім уладам гэта не ўдавалася ажно да студзеня 1864 рока, калі яму здрадзіў Вітольд Парфіяновіч.


Васіль Герасімчык

“Новы Час”, 2 лютага 2017 р.



Создан 27 фев 2017



  Комментарии       
Всего 1, последний 7 мес назад
zippo-1 28 фев 2017 ответить
А как произносится эта буква ў?
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter