Рыцарскія турніры ў ВКЛ збіралі больш гледачоў, чым сучасны беларускі футбол

(Ведай сваю гісторыю)



Гісторык Уладзімір Арлоў распавёў Тарасу Шчыраму пра спорт, якім захаплялася заможная беларуская шляхта.

Рыцарскія турніры — адно з галоўных спартыўных захапленняў эўрапейскай шляхты ў Сярэднявеччы. Што цікава, у гэтых спаборніцтвах нашыя продкі былі не апошнімі на кантыненце і маглі нядрэнна папрэсаваць сапернікаў. Тарас Шчыры пагутарыў з гісторыкам, пісьменнікам Уладзімірам Арловым і даведаўся пра адважных рыцараў-ліцвінаў, дзе праходзілі рыцарскія чэмпіянаты Эўропы, і пачуў гісторыю пра Зоську Доўгую, якую можна лічыць першай спартсменкай у нашай гісторыі.

— Спадар Уладзімір, ці былі нашы продкі спартыўнымі?

— З часоў князя Усяслава Чарадзея яны, як сведчаць летапісы і хронікі, вызначаліся моцай, спрытам, трывучасцю. Калісьці гэтыя якасці былі патрэбныя ў бітвах, на паляваннях, а праз стагоддзі спатрэбіліся беларусам у спорце. Між іншым, аналагі сённяшніх спартыўных спаборніцтваў праводзіліся паміж нашымі продкамі яшчэ ў Полацкім княстве. З дапамогай лука, які даставаў на 300-350 крокаў, не толькі ваявалі, хадзілі на паляванне (стралой маглі зрэзаць гуся, качку, чаплю, лебедзя), але і вызначалі лепшага ў турнірах сярод лучнікаў. Стралялі, відаць, па правобразах сучасных мішэняў. Спачатку з лукаў, пасля перайшлі на арбалет, а праз пэўны час — на вогнепальную зброю. Вялі агонь з рушніц, тагачасных аналагаў найноўшай зброі, якой карыстаюцца спартоўцы-стралкі. Але найбліжэй да сучасных спартыўных спаборніцтваў паводле правілаў, колькасці гледачоў, былі рыцарскія турніры, вельмі папулярныя ў Вялікім княстве Літоўскім.

У часы Вітаўта і Жыгімонта Аўгуста існаваў інстытут рыцарства. Не ў сэнсе навучальнай ўстановы, а ў сэнсе з’явы. Нашы рыцары вандравалі па дарогах Эўропы, здзяйснялі подзвігі ў гонар дам свайго сэрца і Айчыны. Іх дэвізам былі словы: “Сэрца — Айчыне, гонар — нікому!”.

— Гучыць даволі патрыятычна. А кім наогул былі рыцары?

— На нашай тэрыторыі яны не складалі асобнага саслоўя. Рыцарамі былі найобльш заможная частка шляхты, якая магла сабе дазволіць і ўзбраенне, і вандроўкі па эўрапейскіх дарогах, і удзел у турнірах. Іх правы і абавязкі рэгламентаваліся строгімі законамі. Па-першае, рыцары павінны былі клапаціцца пра сваё ўзбраенне, па-другое, рыцар меў дазвол выехаць у любую краіну, апрача непрыяцельскай, “дзеля прымнажэння славы сваёй і айчыны”.

У рыцарскім кодэксе былі прапісаныя ідэалы духоўнасці, узаемадапамогі. Там таксама былі пазначаны патрабаванні падтрымліваць царкву, бараніць слабых, шанаваць жанчыну, дэманстраваць асабістую мужнасць, клапаціцца пра сваю адукацыю і навуку. Рыцарскія правілы не дазвалялі забіваць праціўніка ззаду. Пячатка ганьбы клалася на конніка, які забіў у двубоі пешага, альбо на ўзброенага, які пакінуў без жыцця бязбройнага. Найгалоўнейшымі з рытуалаў былі цырымонія рыцарскага пасвячэння і турніры.

Рыцары былі даволі папулярныя. Яны часта рабіліся аб’ектамі ўсхвалення літаратараў. Узгадайма хаця б Вальтэра Скота, які жыў у пазнейшыя часы, але напісаў раман “Айвенга”. Пра рыцараў караля Артура таксама пісалі праз стагоддзі. Знакаміты беларускі паэт эпохі Рэнесансу Мікола Гусоўскі ў паэме “Песня пра зубра” пакінуў вельмі падрабязнае апісанне нашых рыцараў, ваяроў у мірныя часы. Вось як ён апісаў рыцарскую падрыхтоўку:

Князь наш загадваў ствараць у сваіх уладаннях
Лагер ваенны пры кожным паселішчы ў пушчах…
Выган пры вёсцы, і там ад відна да сутоння
Носяцца коннікі з гіканнем цугам па кругу,
Шабляй і стрэлам цэляць у вешкі…
Звычай у коннікаў быў свае лукі ды стрэлы
Укручваць у клунак з адзежай і гэтак сухімі
Потым выносіць на бераг… Вось рынулі коні,
Пырханне чуеш адно, бачыш вушы ды храпы,
А на стырне, упіліўшыся ў грывы, мільгаюць
Конных галовы. Свабоднай левай рукою
Кожны грабе, памагае каню выбірацца…

— Калі рыцарскія турніры з’явіліся на нашых абшарах?

— У 1387 роке тагачасны вялікі князь Ягайла паставіў свой подпіс пад прывілеем, у якім упершыню ўзгадваліся “рыцары і баяры”. Гэтую дату можна лічыць пачаткам пашырэння рыцарскіх традыцый у нашай дзяржаве. Паколькі княства было часткай агульнаеўрапейскай цывілізацыі, правілы былі аднолькавымі для ўсіх і на тэрыторыі ВКЛ. Гэтыя турніры збіралі ўдзельнікаў з розных краін. Нашы рыцары ездзілі на спаборніцтвы нават у далёкія краіны — Партугалію і Гішпанію. На турніры рыцары прыязджалі загадзя — за чатыры дні да пачатку. Першы вечар адводзіўся святочнай вячэры і танцам, на наступны дзень суддзі абмяркоўвалі ўдзельнікаў. Для гэтага на ўсеагульны агляд выстаўляліся баявыя шаломы і сцягі рыцараў. Пасля агучвалі імя ўдзельніка, і кожны з прысутных мог выступіць са сваім словам. Калі пра кандыдата даведваліся, што ён,напрыклад, парушаў рыцарскія правілы альбо біў саперніка, які ляжаў, нападаў са спіны, яго адхілялі ад удзелу ў спаборніцтвах. На трэці дзень рыцары ўрачыста прысягалі выконваць усе правілы турніру. Гэтым часам уздоўж рысталішча, дзе адбываліся спаборніцтвы, ладзілі трыбуну для гледачоў.

— А дзе найчасцей адбываліся турніры?

— Гісторыя ведае выпадкі, калі яны праходзілі ў вялікіх залах палацаў і замкаў, але звычайна турніры адбываліся на мескім пляцы. З-за гэтага за паядынкамі рыцараў можна было назіраць не толькі з трыбунаў, але і з вокнаў бліжэйшых дамоў. Аднак за гэта плацілі грошы. І былі адпаведныя людзі, якія сачылі за тым, каб ніхто бясплатна з вокнаў не сачыў за відовішчам.

Турніры адбываліся пераважна ў сталічных местах. Я не выключаю магчымасці, што лакальныя спаборніцтвы праходзілі ў ваяводскіх сталіцах, буйных населеных пунктах, але яны не мелі такога розгаласу, менш захаваліся ў гістарычных крыніцах. Іншая рэч — вайна. У 1579 роке войскі Стэфана Баторыя трымалі Полацк у аблозе, які дагэтуль быў захоплены Іванам Жахлівым. Акупацыя цягнулася 16 рокаў. У княскім войску былі угорцы, палякі, немцы. І цалкам верагодна, што ў іх лагеры адбываліся лакальныя турніры. Аблога была доўгай, цяжкай, і ў вольны час яны маглі мерыцца сіламі.

Але найчасцей спаборніцтвы праходзілі ў Вільні. Большая частка турніраў прыпала на XVI стагоддзе, калі валадарыў вялікі князь Жыгімонт Аўгуст, вядомы многім сваім трагічным каханнем да Барбары Радзівіл. У 1546 роке ў Вільні некалькі тысяч гледачоў назіралі за боем, у якім сышліся ліцвін Габрыэль Тарла і рыцар з Прусіі Лягендорф. Наш спартовец быў паранены, але ўсё роўна перамог у гэтым адзінаборстве. Праз рок на турнір у Вільню з’ехаліся рыцары з дзесяці эўрапейскіх краін: з Францыі, Чэхіі, Італіі, Нямеччаны, Угоршчыны, Англіі. Удзельнікі бралі прыступам спецыяльна пабудаваны драўляны замак. На тым турніры на рысталішча выйшаў сам Жыгімонт Аўгуст і перамог у сваім баі. Але турнір гледачам і гасцям запомніўся другім эпізодам. У жартоўным паядынку ўдзельнічала, змагаючыся адразу з двума рыцарамі, ліцвінка Зоська Доўгая, якую ўся Вільня ведала як спрытную, вясёлую жанчынку. Магчыма, гэта першы прыклад, калі мы можам казаць у нашай гісторыі пра спартоўку. На турнірах паміж сабой спаборнічалі выключна мужчыны. А тут на рысталішча выйшла Зоська, якая добра валодала і дзідай, і мячом. Пад рогат прысутных яе абвясцілі пераможцай.

Падобныя турніры можна называць, калі хочаце, своеасаблівымі чэмпіянатамі Эўропы. Яны былі вельмі прадстаўнічымі. Усё пачыналася з урачыстага параду ўдзельнікаў у рыцарскіх панцырах. Пры гэтым суддзі сачылі, каб ніхто не меў перавагі, а дзіды рыцараў былі аднолькавай якасці і даўжыні. Тое самае тычылася і коней. Яны мусілі быць аднаго росту. Перамога павінна была залежыць толькі ад майстэрства, а не ад дадатковых акалічнасцяў.

— Паводле якіх правілаў спаборнічалі рыцары?

— Спаборніцтвы былі індывідуальныя і камандныя. У індывідуальных, каб перамагчы, неабходна было збіць на дол саперніка разам з канём. Пры гэтым забаранялася калечыць чужога каня, біць саперніка ззаду і ніжэй за пояс, нападаць на рыцара са збітым шаломам.

Як зараз спаборніцтвы могуць зацягвацца надоўга (напрыклад, у тэнісе), так і рыцарскія баі маглі працягвацца да позняга вечара. Ледзь не ў поўнай цемры трубачы гралі адбой і пераможцаў, калі нехта не паспеў атрымаць чыстую вікторыю, кажучы сучаснай мовай, вызначалі па балах. Што тычыцца ўзнагарод, спачатку пераможца забіраў сабе каня і зброю саперніка. Але з часам з’явіліся і іншыя ўзнагароды, якія сталі традыцыйнымі для ўсёй Эўропы. Гэта быў срэбны панцыр, меч з залатой рукаяццю, залаты рыцарскі пояс, шпоры, якія на старабеларускай мове называліся астрогамі. Асаблівым чынам суддзі адзначалі і тых, хто больш за астатніх пратрымаўся на арэне і захаваў свае пёры на шаломе некранутымі. Таксама ўзнагароджвалі за самы трапны ўдар, давалі прыз за найбольшую колькасць скрышаных дзідаў саперніка. Некаторыя рыцары маглі за паядынак зламаць каля тузіна пік. На турнірах узнагароджвалі і тых, хто прыехаў з самай далёкай краіны. Але галоўны прыз пераможцу чэмпіянату ўручала жанчына, якую выбіралі на турніры каралевай любові.

— Тагачасныя рыцары вызначаліся фізічнай сілай і падрыхтоўкай?

— Галоўную ролю адыгрываў не целасклад, а майстэрства валодання зброяй, коннай яздой. Што тычыцца знешнасці, дадзеныя археолагаў і антраполагаў сведчаць аб тым, што нашы продкі мелі меншы рост. Я асабіста ў гэтым пераканаўся, калі наведаў цяперашні Кедайняй (гістарычная назва Кейданы), дзе ў кальвінскім зборы ёсць пахаванне Радзівілаў. У тамтэйшых галерэях такія нізкія аркі, што кожны раз прымушалі мяне прыгнуць галаву. І гэты пры тым, што я не такі ўжо і высокі — мой рост 183 см. Але Радзівілы, для якіх будавалі гэты храм, былі яўна ніжэйшыя. І рыцары, калі іх параўноваць з сучаснымі спартсменамі, напрыклад, з баскетбалістамі, былі меншага росту.

Дарэчы, вось прыклад, які сведчыць пра мужнасць тых людзей. Па некаторых звестках, не Ягайла, а наш вялікі князь Вітаўт кіраваў агульным войскам падчас бітвы пад Грунвальдам. Пакуль Ягайла доўга маліўся, не даваў загад польскім войскам уступаць у бітву, Вітаўт у сваім баявым панцыры ўдзельнічаў у бітве. Мы не ведаем, ці ад самага пачатку, ці ўступаў у яе эпізадычна, каб натхніць ваяроў, але вядома, што ягоны панцыр быў так пагнуты, што каб вызваліць князя, яго прыйшлося разразаць нажоўкамі. А яму на той момант было 60 рокаў.


***


— Спаборніцтвы праходзілі па алімпійскай сістэме?

— Так, на турнірах таксама дзейнічала падобная сістэма, паводле якой у фінальным двубоі вызначалі пераможцу ўсяго турніру. Але, што цікава, турніры не завяршаліся на рысталішчы. Яны працягваліся пасля за агульным сталом падчас узаемных застольных жартаў. Гэта была сапраўдная традыцыя. Жарты маглі быць вясёлымі, колкімі, а часам маглі і абразіць. Прывяду прыклад. На адным з рыцарскіх турніраў у Вене ў XVI стагоддзі нямецкія рыцары пачалі пасміхацца з ліцвінаў і палякаў. Чаму? Таму што ў тых было нібыта горшае ўзбраенне. Тады нехта з ліцвінскіх рыцараў запытаўся ў іх: “Дык чаму ж вы з добрай зброяй нам прайгралі бітву пад Грунвальдам?” Бойкі не было, але ў адказ немцы, каб пакрыўдзіць нашых продкаў, прапанавалі ліцвінам купіць у іх за 100 злотых самага старога і маларослага каня. На дзіва немцам, нашы продкі пагадзіліся і аддалі ім тыя грошы, а на наступны дзень запрасілі тых на абед, каб пачаставаць свежай алянінай. Наеліся яны таго мяса, пілі келіх за келіхам, весяліліся, а напрыканцы абеда немцам на вялікім падносе прынеслі галаву і ногі так званага аленя. Ім быў якраз той стары конь.

Немцы схапіліся за мячы, але правілы рыцарскіх спаборніцтваў прымусілі іх сесці на месца і запіць сваю крыўду яшчэ адным келіхам.

— Спадар Уладзімір, ці гінулі падчас турніраў рыцары?

— Такое здаралася, але падобныя выпадкі былі даволі рэдкія. Суддзі ўважліва сачылі, каб справа да гэтага не даходзіла. Ды і самі рыцарскія кодэксы не дазвалялі завяршаць бой забойствам.

— Нашы рыцары каціраваліся за мяжой?

— У 1581 роке тырольскі герцаг Фердынанд вырашыў стварыць у сваім фамільным замку музей эўрапейскай славы. І ён звярнуўся з лістамі да самых знакамітых рыцараў з розных краін з просьбай даслаць сваю зброю. У гэты пералік патрапілі нашы суайчыннікі Радзівілы — Мікалай “Руды” і Мікалай “Чорны”. У выніку іх панцыры экспанавалася ў музеі тырольскага герцага, а цяпер іх можна пабачыць у Венскім гістарычным музеі. Акрамя таго, ліцвіны траплялі ў рыцарскія кнігі, своеасаблівыя даведнікі, у якіх расказвалі пра знакамітых прадстаўнікоў рыцарства. Дарэчы, сёння ўяўленне пра рыцараў ВКЛ дае сармацкі партрэт, асобны жанр жывапісу, у якім героя адлюстроўвалі ў поўны рост у парадным адзенні. Нашы шляхцічы лічылі сябе нашчадкамі сарматаў, ваяўнічага і паспяховага народа, які жыў за тысячу рокаў да нашых рыцараў у прычарнаморскіх стэпах. Яны былі валадарамі велізарных эўрапейскіх абшараў і кідалі выклік самому Рыму.

— Хто быў самым вядомым рыцарам-ліцвінам?

— Двух Радзівілаў мы ўжо згадалі. Да іх можна дадаць князя Юрыя Радзівіла, які застаўся ў беларускай гісторыі пад мянушкай “Літоўскі геркулес” і атрымаў перамогу ў 30 бітвах. Варта ўзгадаць і Багуслава Радзівіла, пра якога можна напісаць не менш цікавы раман, чым “Тры мушкецёры”. Багуслаў шмат вандраваў па Эўропе. Фехтаваў, біўся на дуэлях і з-за гэтага на некалькі дзён нават патрапіў у Бастылію. А дапамагло яму выйсці на волю далёкае сваяцтва з каралём Францыі, у войску якога ён служыў падпалкоўнікам. Што яшчэ пра яго сказаць? Аднойчы выратаваў жыццё шведскаму каралю, а англельскі манарх з нагоды яго прыезду зладзіў у Лёндане баль і вялікае паляванне. Багуслаў захапляўся мастацтвам і пісаў рэлігійныя спевы, пакінуў апісанне свайго жыцця, якое колькі рокаў таму было выдадзена па-беларуску.

Ён не толькі калекцыянаваў творы мастацтва, але і сам добра маляваў. А аднойчы нават стварыў план мескіх умацаванняў Слуцка, які яму належаў. Пасля ажыццяўлення гэтага праекта яго сталі называць “Бастыёнам Літвы”, бо Слуцак сапраўды стаў магутным местам. Увогуле Багуслаў Радзівіл быў авантурнікам, а без іх не абыходзілася гісторыя ніводнага народа. Аднойчы ён патрапіў у палон да татараў, але прыкінуўся збяднелым шляхцічам і здолеў адкупіцца за самыя дробныя грошы.

— Рыцары з якіх краін былі галоўнымі апанентамі для нашых продкаў?

— Сярод адных жыла памяць пра вялікія перамогі, сярод другіх — пра паражэнні. І найбольш красамоўнай падзеяй для гэтага была Грунвальдская бітва, калі ўвечары 15 ліпеня 1410 рока войска Тэўтонскага ордэна, якое лічылася наймацнейшым у Эўропе, было разбіта. Многія памяталі аб гэтым, што накладала адбітак на рыцарскія турніры, калі хтосьці хацеў хаця б у асабістым баі атрымаць перамогу. Такое суперніцтва праявілася ў гісторыі са старым канём, пра якога я ўжо расказваў.

— Маскоўскае княства выбівалася з кантэкста ў рыцарскіх турніраў?

— Безумоўна. Трагедыяй нашых усходніх суседзяў было тое, што яны трапілі на 250 рокаў пад мангольскі прыгнёт. І гэты час там існаваў Маскоўскі ўлус Залатой Арды. Менавіта так у Ардзе называлі Масковію. Вялікія маскоўскія князі прыязджалі туды і на каленях паўзлі, праяўляючы ўсе знакі пашаны хану, каб атрымаць ярлык на вялікае княжанне. Усё гэта доўжылася да канца XV стагоддзя. Гэтыя падзеі вырвалі і перакрэслілі ўсе вечавыя традыцыі ўсходніх рускіх княстваў. Вызваленне ад Арды было чыста знешнім. Маскавіты ў спадчыну атрымалі і пабудову дзяржаўнай піраміды, і ідэю панавання над усім светам, і тактыку выпаленай зямлі. Карацей, на ўсход ад Вялікага княства пачынаўся іншы свет — эўразійскі. Там сапраўды не існавала ні рыцарства, ні Магдэбургскае права ў местах, ні эпохі Адраджэння і Рэфармацыі, якія былі ў дзяржаве нашых продкаў. А гэтыя дзве з’явы, між іншым, на стагоддзі прадвызначылі агульнаэўрапейскі рух цывілізацыі.

З часам папулярнасць рыцарскіх турніраў пачала спадаць. Надышлі другія часы, з’явілася новая зброя (у XVII стагоддзі яны амаль у Эўропе не праводзіліся — Tribuna.com). Але зараз у Беларусі дзейнічаюць шмат рыцарскіх клуюаў, якія займаюцца рэканструкцыяй турніраў. Толькі ў Менску іх каля 15, а па ўсёй краіне — дзясяткі. Нашы клубы даволі часта заваёўваюць узнагароды на святкаванні Грунвальдскай бітвы, на другіх турнірах. Шторок у Беларусі ладзіўся фестываль “Белы замак”, які быў вядомы па ўсёй Эўропе. Жывыя рыцарскія традыцыі лішні раз сведчаць пра тое, што мы, беларусы, з’яўляемся эўрапейцамі не толькі геаграфічна, але і культурна, і ментальна, і гістарычна.

Р.S. Яшчэ больш даведацца пра рыцараў можна з кніг Юрыя Бохана “Турнірныя традыцыі ў Вялікім княстве Літоўскім у XIV-XVI стагоддзях” і Уладзіміра Арлова, Змітра Герасімовіча “Краіна Беларусь. Вялікае княства Літоўскае”.


ФОТА: maystra

Тарас Шчыры

2012—2016 © Tribuna.com



Создан 01 мар 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter