Маніфест беларуса

Мы — унікальная і непаўторная нідзе на Зямлі сумесь генаў, культур, моў і народаў



Рух гісторыі — гэта бесперапынны працэс, які разбіваецца на адрэзкі рознай працягласці існаваннем розных дзяржаўных утварэнняў, але гэта не значыць, што паміж гэтымі перыядамі разрываецца і сувязь чалавечых пакаленняў. З часоў масавага перасялення славянскіх плямёнаў (да VII-IX стст.) на нашай зямлі не было ніякіх іншых масавых перасяленняў.

А гэта значыць, што мы — беларусы — нашчадкі балцкіх плямёнаў, тых якія жылі да прыходу славян на гэтыя землі, якія не стварылі сваіх дзяржаў, былі часткова асіміляваны, а часткова захавалі свае "выспы" сярод славянскага насельніцтва аж да канца Сярэднявечча і пасля.

Мы — беларусы — нашчадкі людзей, якія жылі ў Полацкім (места упершыню згадваецца ў 862 роке!), Тураўскім, Пінскім, Менскім, Гарадзенскім, Смаленскім, Слуцкім, Мсціслаўскім і іншых княствах, размешчаных на нашай зямлі, якія ўвайшлі ў сусветную гісторыю і культуру арыгінальнымі помнікамі дойлідства, пісьменства і рэлігійна-духоўнага жыцця.

Мы — беларусы — нашчадкі людзей, якія жылі ў створаным намі Вялікім Княстве Літоўскім, адной з найбуйнейшых эўрапейскіх дзяржаў з больш чым 500-рочнай гісторыяй, што ўвайшло ў склад канфедэратыўнай дзяржавы Рэчы Паспалітай абодвух народаў. Тых, хто не толькі пакрыў сябе вечнай славай на полі бою, атрымаўшы перамогі над наймацнейшымі войскамі крыжакоў, турак, татараў і маскавітаў, але былі першымі ці аднымі з першых сярод суседзяў і ў свеце ў кнігадрукаванні, перакладзе Бібліі на нацыянальную (старабеларускую) мову, у законатворчасці, праве, паэзіі, навуцы, рамёствах і іншых сферах чалавечага жыцця.

Нашчадкі тых, хто пасля падзелаў і акупацыі жыў у Менскай, Магілёўскай, Віцебскай, Гарадзенскай і Віленскай губернях, якія пад 150 рокаў уваходзілі у склад Расейскай імперыі, насельніцтва якіх падвяргалася ўсеагульнай русіфікацыі, але па дадзеных перапісу 1897 рока на 80% размаўляла на беларускай мове. Тых, хто даў свету дзесяткі геніяў літаратуры (на жаль, часцей на іншых мовах), музыкі, жывапісу, навукі і ваеннага мастацтва.

Мы — беларусы — нашчадкі людзей, якія ў 1918 роке зрабілі спробу стварэння нашай нацыянальнай дзяржавы — Беларускай Народнай Рэспублікі, але тады нашая мара была растаптаная больш магутнымі суседзямі, а народ падзелены.

Мы — беларусы — нашчадкі людзей, якія жылі ў БССР (што 70 рокоў уваходзіла ў склад СССР) і Польскай Рэчы Паспалітай (1921-1939 рр.), дзе падвяргаліся нацыянальнай дыскрымінацыі: русіфікацыі, саветызацыі і паланізацыі, а таксама рэпрэсіям, якія забралі жыцці сотняў тысяч беларусаў. З-за злачынных планаў Гітлера і Сталіна па дасягненні сусветнага панавання наш край стаў арэнай самай кровапралітнай у зямной гісторыі вайны, якая забрала жыцці ад 2,5 да 3 мільёнаў жыхароў Беларусі, і ў 1945 роке БССР стала адной з краін заснавальніц ААН.

Нашыя продкі маглі называць сябе ці быць названымі суседзямі: літва, яцвягі, крывічы, дрыгавічы, радзімічы, ліцвіны, тутэйшыя, беларусы, а маглі і зусім ніяк не называцца. Акупанты ці суседзі, якія мелі планы на нашую зямлю, называлі нашых продкаў рускімі або палякамі, або ў сваіх шавіністычных ідэалогіях зусім адмаўлялі нашае існаванне як народа. Але мы — тыя, хто ў 1991 роке пасля нашага непаўторнага 1000-рочнага шляху дасягнулі вяршыні развіцця любой нацыі, таго, за што дзясяткі народаў стагоддзямі вядуць барацьбу — стварэння сваёй Незалежнай дзяржавы — Рэспублікі Беларусь.

Мы — унікальная і непаўторная нідзе на Зямлі сумесь генаў, культур, моў і народаў — нашых продкаў, але мы — не яны. Мы жывём тут і цяпер, і па гэтым шляху мы можам рухацца толькі наперад. Мы не можам адкруціць час назад і стаць тымі, хто жыў тут 1000 або 500 рокаў таму, стаць крывічамі або ліцвінамі. І любая падобная спроба, тым больш, такая, што суправаджаецца абразлівымі і недапушчальнымі метадамі, мае прымусіць нас працаваць замест стварэння рэальнай моцнай дзяржавы над утапічнымі пражэктамі, выгаднымі толькі ворагам Беларусі.

Мы павінны разумець, што існаванне нашай дзяржавы — гэта не рэчаіснасць, дадзеная раз і назаўсёды, што былі і будуць сталіны, напалеоны і гітлеры, якія будуць разглядаць нашу зямлю, як сваю "спрадвечную вотчыну". Мы павінны зрабіць усё, каб спыніць нават думкі аб магчымасці анексіі ці падзеле нашай краіны па "крымскім", "данецка-луганскім" або любым іншым сцэнары. Патрэбна кожны дзень працаваць на тое, каб наша дзяржава заставалася незалежнай і суверэннай, не дапускаць ніякіх ідэй аб перадзеле свету і межаў. Не дазваляць нікому вырашаць за нас, вызначаць нашае мінулае (стварэннем і навязваннем нам сваіх кропак гледжання на нашую гісторыю), сучаснасць і будучыню, тым больш, абражаць нашу нацыянальную годнасць.

Беларусы — гэта народ з непаўторнай тысячагадовай гісторыяй, Беларусь — гэта наша нацыянальная дзяржава, і толькі ў ёй мы зможам дасягнуць максімальнай рэалізацыі, свабоды, культурнага і эканамічнага развіцця ўсіх разам і кожнага паасобку, а таксама нашых дзяцей і нашчадкаў. Страта дзяржаўнасці або ўваходжанне ў склад іншай дзяржавы — гэта крок на стагоддзі назад, гэта б зноў стала вымушаным падпарадкаваннем рашэнню чужых мэтаў, працай на чужую эканоміку, культуру, навуку, рэалізацыю чужых геапалітычных праектаў па перадзелу свету, што заўсёды каштавала нам — беларусам — сотняў тысяч жыццяў лепшых сыноў і дачок нашай Радзімы. Толькі незалежная Беларусь — гарантыя існавання нашага асабістага і нашых нашчадкаў.

Жыве Беларусь!


Зміцер Дрозд, bydc.info

“Наша Слова”, №2 (1309), 11 студзеня 2017 р.

 



Создан 01 мар 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter