Адкуль бярэ вытокі гісторыя Менска?

Падзеі 950-рочнае даўніны паклалі пачатак афіцыйнай гісторыі Менска. Карэспандэнт агенцтва “Менск-Навіны” зазірнуў у гістарычныя хронікі.



І быў снег вялікі


У гістарычнай навуцы днём заснавання места прынята браць дату, пад якой ён упершыню згаданы ў пісьмовых крыніцах. Такой датай для Менска стала тая, што адзначана ў летапісе “Аповесць мінулых рокаў” у сувязі з апісаннем бітвы на рацэ Нямізе, якая адбылася 3 сакавіка 1067 рока.

Пра гэтую важную гістарычную падзею ў летапісе сказана: “У рок 6575 (паводле новага стылю 1067-ы. — Заўвага). Падняў раць у Полацку Усяслаў, сын Брачыслава, і заняў Ноўгарад. Тры ж Яраславічы, Ізяслаў, Святаслаў, Усевалад, сабраўшы воінаў, пайшлі на Усяслава ў моцны мароз. І падышлі да Менска, і мяняне зачыніліся ў месте. Браты ж гэтыя ўзялі Менеск і перабілі ўсіх мужоў, а жонак і дзяцей захапілі ў палон і пайшлі да Нямігі, і Усяслаў пайшоў супроць іх. І сустрэліся праціўнікі на Нямізе месяца сакавіка ў трэці дзень; і быў снег вялікі, і пайшлі адзін на аднаго. І была сеча жорсткая, і многія ўпалі ў ёй, і адолелі Ізяслаў, Святаслаў, Усевалад, Усяслаў жа ўцёк. Потым месяца ліпеня ў 10-ы дзень Ізяслаў, Святаслаў і Усевалад, пацалаваўшы крыж пачэсны Усяславу, сказалі яму: “Прыйдзі да нас, ня створым табе зла”. Ён жа, спадзеючыся на іх крыжацалаванне, пераехаў да іх у ладдзі праз Дняпро. Калі ж Ізяслаў першым увайшоў у намёт, схапілі тут Усяслава, на Ршы ля Смаленска, пераступіўшы крыжацалаванне. Ізяслаў жа, прывёўшы Усяслава ў Кіеў, пасадзіў яго ў вязніцы разам з двума сынамі”.

Няцяжка зрабіць выснову, што першая летапісная згадка Менска — наўпросты доказ таго, што нашае места старэйшае, чым мы ведаем. Бо Яраславічы напалі на ўжо абжытае і ўмацаванае места.


Скуль будзеш?


Паход сыноў Яраслава Мудрага ў 1067 роке быў накіраваны на паслабленне моцы Полацкага княства, паўднёвым фарпостам якога і з'яўляўся Менск. Але дзе ж размяшчалася места? Сёння ў беларускай гістарычнай навуцы на гэты конт ёсць дзве версіі. Найбольш праўдападобная — умацаванае паселішча першапачаткова размяшчалася ў вярхоўях ракі Пціч, на рэчцы Менцы, ад якой і атрымала назву. А на месца зліцця Нямігі і Свіслачы было перанесенае пасля таго, як яго знішчылі браты Яраславічы. Паводле іншай версіі, места стаяла на Свіслачы з самага пачатку свайго існавання і быў адноўлены на старым месцы. Кропку ў гэтай спрэчцы калі-небудзь паставяць археолагі.

А цяпер уявіце: Менск разбураны, трэба ўзвесці яго нанова. А для гэтага патрабаваліся значныя матэрыяльныя і людскія рэсурсы. Імі ў тыя рокі ў нашых краях валодаў толькі полацкі князь Усяслаў Брачыславіч, які кіраваў у 1044—1101 роках. Толькі ён пасля свайго вызвалення з чатырнаццацімесячнага кіеўскага зняволення быў у стане наняць інжынераў-местабудаўнікоў і мабілізаваць сялянаў і жыхароў местаў Полацкай зямлі на пабудову фартэцыі. Не абышлося і без палітыкі.

Першапачаткова Менск знаходзіўся ў залежнасці ад кіеўскага пасаду. Узвядзенне новага местаа на месцы зліцця Нямігі і Свіслачы паказвала, што гэта полацкае валоданне, якое належыць князю Глебу і ягонаму бацьку князю полацкаму Усяславу Брачыславічу.


Моцны гарэшак


Грандыёзная будоўля разгарнулася ў канцы XI — пачатку XII стагоддзя. Пачалася яна, хутчэй за ўсё, пасля таго як у 1085 роке Глеб Усяславіч ажаніўся з князёўнай Настассяй, дачкой уладзіміра-валынскага князя Яраполка Ізяславіча, і яму быў вылучаны княскі надзел. Умацаванае места ўзвялі з нуля. Сёння многія мяркуюць, што менскае замчышча размяшчалася на месцы цяперашняй станцыі метро “Няміга” — паміж праспектам Пераможцаў і набярэжнай Свіслачы.

Але гэта не зусім так. Тэрыторыя старажытнага паселішча падзеленая праспектам практычна на дзве паловы.

У гарадзішча можна было трапіць праз уязную браму шырынёй больш за 7 м і вышынёй 12 м. Яна размяшчалася каля таго месца, дзе цяпер знаходзіцца ўваход на станцыю метро “Няміга” на праспекце Пераможцаў. Менская брама складалася з двух аб'ёмаў — вялікага і вынесенага наперад малога. Невялікая вежа, якая выступала наперад, дазваляла абстрэльваць з лукаў супраціўніка, які выйшаў на схіл абарончага вала.

Менск з моманту свайго заснавання з'яўляўся не проста абарончай фартэцыяю. Жыццё замчышча як цэнтра княжацкай улады цесна перапляталася з жыццём навакольных паселішчаў. Места вырасла на скрыжаванні гандлёвых шляхоў. Пад абаронай масіўных умацаванняў дзяцінца паступова разрастаўся пасад на двух берагах Свіслачы. І менавіта падзеі 950-рочнае даўніны сталі кропкай адліку шматвяковай гісторыі нашай сталіцы.


Дзмітры Ісайчук

“Менск-Навіны” (пераклад — “Хартыя'97”), 2 сакавіка 2017 р.



Создан 02 мар 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter