"Несвядомая" гісторыя "Белай Русі"

Ведай, што кніжыца гэтая — МАСКАЛЁЎСКАЕ ЛАЙНО, то ж і чытаць яе ня трэба!



Летась у лістападзе ў маскоўскім выдавецтве "Кніжны свет" выйшла кніга "Несвядомая" гісторыя "Белай Русі". Наклад — 1000 асобнікаў. Яе аўтар нехта Усяслаў Зінькевіч. Ёсць падставы меркаваць, што адным з аўтараў стаў вядомы публіцыст беларускага паходжання Кірыл Авяр'янаў-Мінскі.

Прэзентацыя кнігі свабодна праходзіць у местах Беларусі. У іх удзельнічае былы першы намеснік Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта Леў Крыштаповіч.

А распаўсюдам кнігі займаецца праваслаўная кніжная інтэрнэт-крама "Святло Фавора". Наколькі нам вядома, многія праваслаўныя святары выступілі супраць продажу гэтага выдання. "Святло Фавора" было вымушанае зняць "Несвядомую гісторыю" з каталогаў на сайце, аднак прададуць, калі вы патэлефануеце па пазначаным на сайце нумары.

На дадзены момант лёс выдання вырашае мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел. Па нашых звестках, пакуль ён не прыняў канчатковае рашэнне.

У рэдакцыю "Нашай Нівы" трапіў адзін асобнік выдання Усяслава Зінькевіча. Мы падабралі найбольш адыёзныя выказванні аўтара (ці аўтараў).

Калі казаць у цэлым, ВКЛ, Рэч Паспалітая, БССР ранняга перыяду разглядаюцца як выключнае зло. А дабром быў толькі перыяд знаходжання ў Расейскай імперыі, а таксама пасляваенны час. Аўтар нават намякае, што ўзбуйненне БССР у 1920-я праходзіла незаконна і людзі былі супраць станавіцца не рускімі, а беларусамі. Прапануем вашай увазе некалькі цытатаў.


***


"У нашы дні вобраз Еўфрасінні Полацкай прыбралі да сваіх рук местачковыя нацыяналісты, у тым ліку вельмі радыкальныя. Так, крыж з дзвюма перакладзінамі рознай даўжыні, які сімвалізуе выяву напрастольнага крыжа, які быў выраблены па заказу Еўфрасінні, з'яўляецца цэнтральным элементам эмблемы крайне русафобскага руху "Малады фронт". "Свядомы" гісторык Уладзімір Арлоў у адной са сваіх кніг называе гэты крыж сімвалам "старажытнай дзяржаўнасці беларусаў". Між тым, напрастольны крыж Еўфрасінні Полацкай заўсёды быў святыняй агульнарускага значэння. […] Крыж Еўфрасінні Полацкай з'яўляецца святым сімвалам для тых прыхільнікаў адзінства Вялікай, Малой і Белай Русі, але зусім ніяк не местачковых нацыяналістаў, якія ненавідзяць агульнарускую спадчыну беларусаў".


***


"Няма ніякіх падставаў меркаваць, што вышэйшы пласт Заходняй Русі граў значную ролю ў фармаванні літоўскай дзяржавы ці прымушаў літоўскіх князёў лічыцца са сваімі інтарэсамі. […] Выклікае сумнеў і сцвярджэнне аб тым, што першай сталіцай ВКЛ быў Наваградак і вакол яго адбывалася фармаванне дзяржавы. Крыніцы сведчаць, што Міндоўг не асабліва даражыў Наваградкам, успрымаў землі Чорнай Русі як правінцыі, а часам як разменную манету".


***


"Войны паміж Маскоўскай дзяржавай і Літвой з'яўляліся барацьбой за аб'яднанне ўсіх рускіх земляў пад адной уладай. ВКЛ не з'яўлялася выключна літоўскай дзяржавай: да пачатку XVII стагоддзя справаводства ў краіне вялося на заходнерускай літаратурнай мове, большасць шляхецкіх родаў былі са старажытных рускіх фамілій (Астрожскія, Сапегі, Агінскія, Хадкевічы), і да паланізацыі і акаталічвання яны з'яўляліся носьбітамі рускай свядомасці і спавядалі праваслаўе. Асноўную масу насельніцтва складалі рускія (продкі беларусаў і украінцаў)".


***


"Калі вялікія князі і большая частка эліты ВКЛ — літоўцы, а большасць насельніцтва — рускія, то чыя гэта дзяржава? Відавочна, літоўская, створаная шляхам заваявання рускіх земляў. Сапраўды, рускі культурны ўплыў быў высокі, паколькі літоўцы стаялі на больш нізкай прыступцы развіцця, чым продкі беларусаў і ўкраінцаў: у адрозненні ад літоўцаў, рускія былі хрышчоныя, мелі пісьмовасць, высокую культуру, развітыя месты. Аднак гэта быў уплыў падуладных на ўладу".


***


"Двухсотрочнае знаходжанне беларускіх земляў у складзе Рэчы Паспалітай з'яўляецца, мабыць, самай сумнай старонкай у гісторыі Беларусі. Да моманта раздзелаў ад (бела)рускай культуры не засталося нічога. Калі б Рэч Паспалітая не была ліквідаваная, то пра беларусаў стагоддзямі пасля нагадвалі толькі б музейныя экспанаты. Такая доля спасцігла германізаваных палабскіх славян".


***


"Падчас паўстання Касцюшкі сімпатыі падаўляльнай большасці беларускіх сялян былі на баку Расеі. […] Разам са стварэннем вобраза "беларускага героя Касцюшкі", местачковыя нацыяналісты пільна працуюць над ачарненнем найвялікшага рускага палкаводца Аляксандра Васільевіча Суворава, які атрымаў перамогу над польскімі паўстанцамі. І з артыкула ў артыкул, з кнігі ў кнігу качуе байка "аб зверствах Суворава" і яго "крывавым следзе на беларускай зямлі". Сувораў адрозніваўся прыстойным стаўленнем да мірнага насельніцтва, жорстка патрабаваў ад падначаленных не чапаць цывільных і не адбіраць у іх маёмасць. У адрозненні ад расейскіх уладаў, паўстанец Касцюшка не праяўляў джэнтльменскага стаўлення да праціўніка і мірнага насельніцтва. У дачыненні да няўгодных жыхароў Рэчы Паспалітай касцюшкаўцы развярнулі жахлівы тэрор".


***


"У 1648—1654 роках Беларусь, як і Украіну, закранула нацыянальна-вызвольнае паўстанне пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага. Падтрымка казакоў беларускім насельніцтвам была паўсюдная. У гісторыю нацыянальна-вызвольнай вайны рускага народа супраць польскага іга залатымі літарамі ўпісана гераічная абарона беларускага места Пінска ад польска-літоўскіх войскаў Януша Радзівіла. […] Надзею на дапамогу беларусы і маларосы ўскладалі на сваіх адзінакроўных і адзінаверных братоў - велікаросаў. Барацьба за народнае шчасце — гэта барацьба супраць Радзівілаў, а не на іх баку".


*** 


"Уніяты лютавалі па ўсёй Беларусі. У местах яны не дапускалі праваслаўных на мескія пасады. У Полацку прымушалі пераходзіць ва ўнію пад пагрозай кайданкоў ці выгнання з места. У Менску царкоўную зямлю аддалі пад пабудову татарскай мячэці. […] Рана ўніяцтва на целе Белай Русі загаілася толькі ў XIX стагоддзі, калі беларускія землі ўвайшлі ў склад Расейскай імперыі".


***


"У Беларусі ў 1812 роке склалася наступная сітуацыя: мясцовыя палякі — за Напалеона, беларусы з габрэямі — на баку Расеі. Здавалася б, перамога ў Айчыннай вайне не можа інтэрпрэтавацца інакш як агульнаруская гістарычная падзея, значнае як для Вялікаросіі, гэтак і для Беларусіі і пры гэтым, безумоўна, трагічнае для Польшчы. Аднак местачковыя нацыяналісты абвяшчаюць палякаў беларусамі і атрымліваецца ў выніку нешта падобнае да братазабойчай вайны, дзе іх сімпатыі, вядома, на баку ворага Расеі — Напалеона. Такія дзеянні цяжка расцаніць інакш як крадзеж чужой гісторыі".


***


"Лічачы польскі мяцеж 1863 рока прагрэсіўнай з'явай, местачковыя нацыяналісты ўсімі фібрамі душы ненавідзяць яго ўсмірыцеля — графа Міхаіла Мікалаевіча Мураўёва-Віленскага. Пры гэтым польскі рэвалюцыянер і правадыр паўстання на тэрыторыі Беларусі і Літвы Вінцэнт Канстанты Каліноўскі кананізаваны самасційнай інтэлігенцыяй ў ліку "беларускага мучаніка" і барацьбіта з "маскоўскімі акупантамі". […] Банды Каліноўскага развярнулі тэрор супраць мірнага насельніцтва Беларусі, бязлітасна забівалі, вешалі сялян, праваслаўных святароў. У сувязі з гэтым правільным было б называць "вешальнікам" менавіта Каліноўскага. Ва ўсякім выпадку, для беларусаў "вешальнік" — менавіта Каліноўскі. Палякі ж, калі хочуць, могуць лічыць свайго суайчынніка барацьбітом за свабоду".


***


"У складзе Расейскай імперыі Белая Русь зусім не была "расейскай калоніяй", як пішуць "свядомыя" аўтары. У гэты перыяд беларусы знаходзіліся з адзінакроўнымі велікарусамі і маларосамі ў адной магутнай дзяржаве, дзеля інтарэсаў якой яны былі гатовыя ахвяраваць сваімі жыццямі. З нашага гледзішча, імперскі перыяд з'яўляецца для народа Беларусі "залатым векам", то бок эпохай, на ўспамінах аб якой варта будаваць гістарычную самасвядомасць і нацыянальную ідэнтычнасць. Не ВКЛ, не Рэч Паспалітая, а менавіта Расейская імперыя, успрымаецца як пераемніца Старажытнай Русі, павінна стаць тым ідэнтытарным люстэркам, гледзячы ў якое беларусы ўбачаць, хто яны ёсць".


***


"БНР, у адрозненне ад шэрагу іншых палітычных фантомаў таго часу, афіцыйна не прызнала ніводная дзяржава ў свеце. Беларускія сепаратысты найперш разлічвалі на дапамогу Германіі. Аднак Германія, якая была гатовая цярпець на захопленай тэрыторыі пацешны ўрад, заахвочваць гульні ў "незалежнасць" не збіралася".


***


"У 1930-х многія местачковыя нацыяналісты былі рэпрэсаваныя, яны паплаціліся за сваё супрацоўніцтва з бальшавікамі, аднак ідэі местачковага нацыяналізму працягвалі развівацца на працягу ўсяго часу існавання БССР. Раскол трыадзінай рускага народа шляхам сепаравання беларусаў і маларосаў ад велікаросаў быў адным з пунктаў бальшавіцкай палітычнай праграмы. Таварыш Сталін можа лічыцца адным з бацькоў-заснавальнікаў свядомых беларусаў".


Зміцер Панкавец


"Наша Ніва", 7 сакавіка 2017 р.

 



Создан 07 мар 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter