Стары салдат Ян Кароль Хадкевіч

(Ведай сваю гісторыю)



Ён пачаў ваенную кар'еру на паўночным захадзе Эўропы, у Нідэрландах. А скончыў яе разам з жыццём на паўднёвым усходзе Эўропы, каля межаў Асманскай імперыі. Ваяваў з Маскоўскім царствам, шведамі, асманамі, татарамі, інсургентамі — казакамі і нідэрландцамі-гёзамі. Быў гетманам літоўскім — спачатку польным, потым вялікім. У сваёй апошняй бітве ён перамог, але на момант перамогі быў ужо мёртвы — амаль як Нэльсан пры Трафальгары. Усё жыццё ён падстаўляў галаву шаблям, а сканаў ад хваробы ва ўзросце 61 рока. 394 рока таму, 24 верасня 1621 рока, пад Хацінам памёр Ян Караль Хадкевіч.

Род Хадкевічаў не такі вядомы, як больш славутыя Радзівілы, Сапегі або Пацы. Але ў XVI-XVII стст. Хадкевічы, калі і саступалі гэтым фаміліям ва ўплыве, багацці і шляхетнасці, то зусім няшмат. Так, бацька Яна Караля, Ян Геранім, быў віленскім кашталянам, адміністратарам Лівоніі, па палітычнай пазіцыі — адным з асноўных праціўнікаў Люблінскай уніі, пазней лабістам Генрыха Валуа на першых выбарах караля Рэчы Паспалітай. Дзед нашага героя, Геранім Хадкевіч, — таксама кашталян Віленскі і ўдзельнік паноў-рады ВКЛ. Яго брат Рыгор Хадкевіч — гетман вялікі літоўскі. Па матчынай лініі арыстакратаў таксама хапала, бацька Хадкевіча быў жанаты з Крысцінай Збароўскай, дачкой ваяводы пазнанскага і сястры гетмана надворнага польскага. Карацей кажучы, Ян Караль па паходжанні быў ніяк не з дынастыі менеджараў сярэдняга звяна — "белая костка" і "блакітная кроў" у адным флаконе.

Нарадзіўся будучы палкаводзец у 1560 роке. Час быў неспакойны, большасць юнакоў шляхетнага паходжання літаральна ў падлеткавым узросце садзілася на коней і станавілася ваярамі. Ян Караль Хадкевіч пачынаў зусім інакш — настолькі інакш, што ў першыя 20-25 рокаў жыцця маладога магната западозрыць ў ім будучага Астрожскага было цяжка. Для пачатку Хадкевіч скончыў Віленскую акадэмію, потым накіраваўся за мяжу, дзе за 1586 па 1589 рок вывучаў права і філасофію ў Інгальштацкай езуіцкай акадэміі (цяпер Баварыя). Нядрэнна вывучыўшы "мірныя" навукі, перайшоў да навук ваенных — у Італіі, на Мальце, нарэшце ў Нідэрландах, дзе і атрымаў баявое хрышчэнне. Трэба адзначыць, што на нідэрландскай зямлі Хадкевіч, як верны вучань езуітаў, ваяваў не за "прагрэсіўны" бок, не за гёзаў, а на баку іспанскай арміі, якая сплывала крывёй у непакорных правінцыях ажно 80 гадоў і нарэшце вымушаная была сысці.

Дарэчы, падчас свайго нідэрландскага ваяжу Ян Караль пазнаёміўся з асобай, якую інакш як легендарнай не назавеш — штатгальтарам Галандыі прынцам Морыцам Аранскім. Апошняга свет ведае як чалавека, які здзейсніў рэвалюцыю ў ваеннай справе, стаў бацькам лінейнай тактыкі, якая панавала на палях бітваў ажно да Суворава і Напалеона, і ўвогуле змяніў твар вайны назаўсёды. Невядома, як паўплываў вялікі галандзец на ваеннае майстэрства Хадкевіча. Хутчэй за ўсё, Ян Караль Хадкевіч як таленавіты военачальнік, не схільны дзейнічаць па шаблоне, нядрэнна вывучыў новую тактыку, але выкарыстоўваў яе, абапіраючыся на нацыянальныя асаблівасці сваёй арміі — цяжка было б чакаць ад польска-літоўскага войска, галоўную моц якога заўсёды складала шляхецкая конніца, што яно ўсё раптам злезе з коней, пачне маршыраваць па 8 гадзін у дзень і "зменіць піку на лапату", як зрабілі наёмнікі Аранскага.

Так ці інакш, у 1590 роке трыццацігадовы Хадкевіч вярнуўся ў ВКЛ ужо сталым і адукаваным чалавекам, заставалася выкарыстаць веды на практыцы. Выпадак прадставіўся хутка, пасля вяртання Яна Караля ён паспеў ажаніцца з Соф'яй Мялецкай і пражыць у адносным спакоі чатыры гады. А ў 1594 роке выбухнула казацкае паўстанне Севярына Налівайкі. Апошняе не стала паспяховым, як Хмяльніччына, але маштаб паўстання ўражвае — казакі ад Сечы дайшлі аж да беларускіх зямель, занялі Магілёў і разбілі каронныя войскі пад Белай Царквой. На дапамогу апошнім і быў накіраваны аддзел Хадкевіча, у баях пад Кіевам і Лубнамі ён упершыню падняў шаблю за сваю краіну (нягледзячы на тое, што падаўленне казацкага паўстання "айчыннай вайной" назвць было цяжка).

Пасля разгрому Налівайкі жыццё праходзіла адносна спакойна, кар'ера Хадкевіча ішла ўгару — у 1596 роке ён ужо падчашы ВКЛ, у 1599 — генеральны стараста жамойцкі.

Наступны раз паваяваць Яну Каралю давялося на Дунаі — у канцы XVI ст. вялікі гетман каронны Ян Замойскі задумаў маштабны экспансійны праект поўнага падпарадкавання Малдавіі шляхам узвядзення на трон княства прадстаўнікоў роду Магілы. У 1600 роке Хадкевіч на чале ўласнай коннай роты ідзе ў Малдавію, удзельнічае ў баі пад Плаешці. Малдаўская кампанія праходзіла бліскуча, галоўны вораг — валашскі гаспадар Міхай Храбры — быў разбіты, Малдавія захопленая, гаспадаром Малдавіі стаў пакорны Рэчы Паспалітай Ерамія Магіла. Узнагародай за паспяховыя дзеянні для Хадкевіча стала пасада польнага гетмана літоўскага. Але трэба заўважыць, што ўрэшце малдаўскі праект праваліўся, асманы хутка ўсталявалі свой уплыў у рэгіёне, і ахвяры літоўскіх і польскіх жаўнераў сталіся дарэмнымі. І цягам наступных дзесяціроччаў такая ж сітуацыя пастаянна вісела дамоклавым мячом над усімі перамогамі гетмана — ён амаль заўсёды перамагаў на поле бою, але адсутнасць падтрымкі і фінансавання "зверху", недальнабачная палітыка ўладаў часта зводзілі вынікі перамог да нуля.

Пачыналася новая вайна — ужо на поўначы, у Інфлянтах. Гэтым разам не з Рускім царствам, як чвэрць стагоддзя таму, ворагам была Швецыя, якая імкліва набірала моц. Армія скандынаўскай дзяржавы яшчэ не была "машынай смерці", якой яе зробіць паўночны леў Густаў-Адольф, але гэта было першакласнае эўрапейскае войска, моцны сапернік для любога. Прычына вайны была старая як свет — барацьба за ўладу. Кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт III Ваза паходзіў са шведскай дынастыі і жадаў кіраваць абедзвюма дзяржавамі разам. Зразумела, улічваючы, што пастаянна знаходзіўся кароль у Варшаве, шведскія землі траплялі ў пэўную залежнасць ад польскіх. У выніку арыстакратыя Швецыі вырашыла: калі кароль не хоча кіраваць Рэспублікай, хай кіруе. Але ў Швецыі свой шлях. Спачатку была нядоўгая вайна, якая так і звалася — "вайна супраць Жыгімонта", у 1600 роке пачаўся ўжо сапраўды сур'ёзны канфлікт. У пачатку баявых дзеянняў армія Кшыштафа "Перуна" Радзівіла  паспяхова дзейнічала ў Інфлянтах, але большасць войск Літвы і Польшчы, як мы памятаем, была на той час у Малдавіі — Перуна шведы выдушылі з Лівоніі адной колькаснай перавагай. Прыйшоў час накіроўваць асноўную армію Рэчы Паспалітай у Прыбалтыку.

Тут і праявіўся ў поўнай меры ваенны геній Хадкевіча, яго вопыт і веды. Ужо ў пачатку канфлікту польны гетман адыграў вялікую ролю ў перамозе пад Какенгаўзенам пад кіраўніцтвам таго ж Радзівіла "Перуна" ў 1601 роке. 25 верасня 1604 рока — першая самастойная перамога над шведамі пад Пайдэ, альбо Белым Камнем (колькасная перавага шведскіх войскаў — тры да аднаго, 7000 супраць 2300. У далейшым перамогі над ворагамі, што колькасна пераважалі ў разы, стануць візітнай карткай Яна Караля). Узнагародай за трыумф стала булава вялікага гетмана літоўскага.

Шведы намёку не зразумелі, і ў верасні 1605 рока ў Лівоніі апынулася новая армія скандынаваў. А Рэчы Паспалітай перамогі ішлі ці не на шкоду — пасля чарговага трыумфу ўлады ўпэўніваліся, што на фронце ўсё добра, і слаць дапамогу, грошы і падмацаванне неабавязкова. У выніку недалёка ад Рыгі супраць 11-12 000 шведаў была літоўска-польская армія прыблізна ў 3500 чалавек. Але з імі быў Хадкевіч. Сілы сышліся пры Кіргхольме.

З аднаго боку, войска ВКЛ (а у Хадкевіча амаль не было палякаў, амаль уся армія была набрана з земляў Княства) было конным, добра падрыхтаваным і ўключала 2500 крылатых гусараў, танкаў прарыву Новага часу. З іншага — у шведаў было амаль 9000 падрыхтаванай пяхоты з пікамі і мушкетамі. А супраць баталій пікінераў, як паказала безліч бітваў да таго, цяжкая кавалерыя, нават рыцары позняга Сярэднявечча і ідэальна навучаныя жандармы, мала што маглі зрабіць. То бок Ян Караль Хадкевіч выходзіў на бой з арміяй, якая пераўзыходзіла ягоную ў тры разы і лепш за ўсё магла супрацьстаяць конніцы. Больш нявыгаднага становішча цяжка было і ўявіць.

Але гусары і іх тактыкі недарма елі свой хлеб. Доўгі, выдзеўбаны знутры ланс (піка) гусара пераўзыходзіў па даўжыні пікі пяхоты і ўвогуле быў высокаэфектыўнай тэхналагічнай зброяй, якая каштавала ці не месячнага заробку гусара. А лавіна вершнікаў у яркім адзенні, леапардавых скурах, з крыламі за плячыма, што на вялікай хуткасці скача на шыхты пяхоты, можа выклікаць панічны жах у каго заўгодна. І пікінеры, стоячы ў вонкава непрыступным карэ, адчувалі як губляюць смеласць перад гэтай лавінай. Тым больш што першыя шэрагі разумелі, што пры любым выніку бітвы яны не выжывуць — шасціметровыя лансы знойдуць цэлі, і пяхотныя пікі ім у гэтым не перашкодзяць (уважліва глядзім на малюнак  ніжэй).

Праблема была ў тым каб максімальна эфектыўна выкарыстаць таран гусарыі — бо простым лабавым наскокам на ўмацаванні саперніка перамагчы было цяжка. І Хадкевіч скарыстаўся пры Кіргхольме старой як свет тактыкай фаьшывага адступлення.

Бітва пры Кіргхольме пачалася з атакі конніцы на левым флангу, якім кіраваў Дуброва, потым быццам разбітая конніца пачала адступаць. Шведы кінулі сваю кавалерыю (значна горшую за літоўскую) у пагоню і ў выніку нарваліся на мушкетны агонь нешматлікай пяхоты вялікага гетмана. Гусары Дубровы контратакавалі, разбілі кавалерыю Карла IX, адправілі лёгкіх вершнікаў пераследаваць уцекачоў, а самі абышлі аголены правы фланг шведаў. Адначасова гусарыя Вінцэнта Войны ўдарыла проста ў фронт — вонкава самагубная атака была патрэбная, каб скаваць шведскую пяхоту ў цэнтры і не даць магчымасці разгарнуць фронт налева і направа.

Прыблізна ў той час Хадкевіч накіраваў гусараў Сапегі на левы фланг шведскай арміі. Карл парыраваў рэйтарамі, але гэта быў апошні рэзерв скандынаваў — а ў вялікага гетмана стаялі яшчэ свежыя харугвы гусараў Ляцкога. Гусарыя абрынулася на рэшткі конніцы шведскага левага фланга — і вораг застаўся без кавалерыі, акружаны з трох бакоў. Шлях быў адзін — бегчы, і шведы ім скарысталіся. Кароль Карл IX быў паранены і таксама збег з поля бою. Страты бакоў былі прыблізна 1 да 20 — 300 забітых і параненых у Хадкевіча, каля 6000 забітых, параненых і палонных у шведаў. Трыумф быў абсалютны, свае віншаванні Хадкевічу даслалі папа Рымскі, каталіцкія манархі Еўропы Рудольф II Аўстрыйскі і Якаў I Ангельскі, нават персідскі шах Абас І і асманскі султан Ахмед І.

Вонкава простая стратэгія патрабавала ідэальнай каардынацыі аддзелаў — варта было адной частцы войска спазніцца, і астатнія былі б знішчаныя ворагам без праблем. Хадкевіч менавіта таму вялікі, што мог выкарыстоўваць свой выдатны інструмент — гусарыю — максімальна эфектыўна. Гісторыя ведае не адзін прыклад, калі тая ж бліскучая гусарыя гінула без карысці пад кіраўніцтвам бяздарнага военачальніка.

Далейшы ход вайны для Рэчы Паспалітай быў няўдалым. Хадкевіч перамагаў, Сейм не даваў яму падмацаванняў, перамогі аказваліся дарэмнымі. Пачаўшыся ў 1605 роке, Сандамірскі рокаш супраць караля моцна аслабіў дзяржаву і не даў паспяхова скончыць вайну. У 1611 роке бакі падпісалі перамір'е.

Падчас Сандамірскага рокашу Хадкевічу яшчэ раз давялося падняць шаблю супраць суайчыннікаў. 6 ліпеня 1607 рока каралеўскае войска пад яго кіраўніцтвам перамагло ракашан пад Гузавым у Мазовіі. Ясна, што такой перамогай вялікі гетман ганарыцца не мог.

Наступная вайна Хадкевіча была з Масквой, у 1609 роке кароль Жыгімонт падтрымаў інтэрвенцыю Мнішкаў у Маскоўскае царства і іх удзел у Смуце, а ў красавіку 1611 року вялікі гетман літоўскі выступіў на Пскоў. Аблога Пскова-Пячэрскага манастыра была няўдалай, войска ў выніку адступіла. Затым Хадкевіч стаў на чале войска, якое павіннае было дэблакаваць польска-літоўскія аддзелы ў Маскоўскім Крамлі і даставіць ім правіянт. Першая спроба правалілася, адбітая 1-м апалчэннем Дзмітрыя Трубяцкога. 18 снежня Хадкевіч здолеў даставіць прыпасы крамлёўскаму гарнізону, потым гетман зрабіў яшчэ два паходы на Маскву, але ўрэшце пацярпеў паражэнне пад Масквой 3 верасня 1612 рока. У 1618 роке гетман пайшоў на Маскву апошні раз, і ўсё скончылася Дэулінскім перамір'ем — падрабязней чытайце ў адпаведным артыкуле.

Апошняя вайна Яна Караля Хадкевіча палыхнула на паўднёвых межах дзяржавы. Малдаўскія праекты Яна Замойскага не маглі не выклікаць у султана незадаволенасці. Скарыстаўшыся выдатнай знешнепалітычнай сітуацыяй — большая частка эўрапейскіх дзяржаў счапілася ў смяротнай бойцы, якую пазней назавуць Трыццацірочнай вайной — султан вёў табары на Эўропу, шчытом якой была Рэч Паспалітая. Пачатак вайны быў катастрафічны, польска-літоўскае войска было разбітае пад Цэцорай, вялікі гетман каронны Станіслаў Жалкеўскі загінуў, польны гетман каронны Станіслаў Каняцпольскі трапіў у палон. Прыйшоў час садзіцца на каня ўжо хвораму Хадкевічу…

Вырашальная бітва адбылася пад Хацінам. Гэтым разам геній наступу Ян Караль Хадкевіч разыграў бітву ад абароны. Літоўска-польскае войска ўмацавалася і адбіла на валах шэсць штурмаў асманскай арміі. Бітва пачалася 1-га і скончылася 28 верасня 1621 рока. Але палкаводзец не дажыў да перамогі — ужо 23 верасня цяжка хворы вялікі гетман перадаў кіраўніцтва кароннаму падчашаму Станіславу Любамірскаму, а 24 верасня жыццё вялікага ваяра Княства абарвалася.

Пасля смерці Яна Караля Хадкевіча высветлілася, што яго асабістыя даўгі складаюць каля 100 000 злотых, на той час гіганцкая сума. Не, пры жыцці ён не быў сібарытам, не даваў балі на тысячы персон і не пасыпаў дарогі дарагой соллю, каб летам катацца на санках — увогуле, вобраз жыцця старога ваяра быў досыць сціплым. Хадкевіч траціў грошы прасцей - калі з Варшавы чарговы раз не прысылалі сродкаў на аплату войска, ён плаціў жаўнерам сам.


Дзяніс Буркоўскі

"Будзьма Беларусамі!", 28.09.2015 р.

 



Создан 11 мар 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter