Хапун

Гісторыя Беларусі ў масавых затрыманьнях



За апошні месяц каля 200 чалавек прыцягнулі да адказнасьці за "Маршы недармаедаў". Акцыі пратэсту супраць дэкрэту дыктатара №3 прывялі да самых масавых затрыманьняў за апошнія шэсьць рокаў. "Свабода" прыгадала гісторыю беларускага хапуна.


1996 рок — каля 200 чалавек


Першы хапун адбыўся ў 1996 роке. 24 сакавіка ў Менску прайшоў шматтысячны Дзень Волі, 2 красавіка — шэсьце супраць дамовы аб садружнасьці Беларусі і Масковіі. А 26 красавіка на "Чарнобыльскі шлях" выйшла ад 30 да 60 тысяч чалавек.

Падчас маршу было некалькі сур?ёзных сутычак паміж пратэстоўцамі і міліцыянтамі. Пацярпелі каля ста чалавек. Яшчэ каля 200 удзельнікаў "Чарнобыльскага шляху" былі затрыманыя. Каб адсочваць інфармацыю пра ўсіх затрыманых і суды над імі, была ўтвораная праваабарончая арганізацыя "Вясна".


1999 рок — больш за 80 чалавек


Паводле Канстытуцыі 1994 року прэзыдэнцкі тэрмін Лука-кі павінен быў скончыцца ў 1999-м. Аднак Лука-ка стаў лічыць пачаткам свайго "рэзыдэнцтва"1996 рок, калі была зьмененая Канстытуцыя. Кіраўнікі дэмакратычных сілаў, нязгодныя з такой трактоўкай закону, рыхтавалі ў 1999 роке масавыя акцыі.

Фіналам усіх пратэстаў стаў "Марш Свабоды". Ён прайшоў 17 лістапада. Каля 30 тысяч чалавек выйшлі ў цэнтар Менску. Улады не дазволілі марш апазыцыі, і міліцыя пачала хапаць людзей ужо на месцы збору — на плошчы Якуба Коласа. Агулам затрымалі ня менш за 80 чалавек.


2000 рок — больш за 400 чалавек


Гарачы на падзеі 1999 рок справакаваў масавыя выступленьні ў 2000-м. У 1999 роке апазыцыя чакала правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў і рыхтавала ўласныя альтэрнатыўныя. У той рок зьніклі лідэры апазыцыі Ганчар, Красоўскі і Захаранка. Нечакана памёр Генадзь Карпенка. Быў арыштаваны Юры Бандажэўскі, заведзеная справа на Міхаіла Чыгіра.

Апазыцыя мабілізавала сілы да Дня Волі — 2000. Таксама рыхтаваліся да яго і ўлады. 25 сакавіка салдаты ўнутраных войскаў затрымалі 35 замежных і беларускіх журналістаў. Іх адвезьлі ў ангар на тэрыторыі вайсковай часткі. Шмат каму разьбілі камэры і дыктафоны. А падчас самога шэсьця затрымалі каля чатырохсот яго ўдзельнікаў.


2004 рок — 130 чалавек


21 ліпеня 2004 року ў цэнтры Менску затрымалі больш за 70 чалавек. На плошчы Якуба Коласа зьбіраўся мітынг з нагоды 10-ці рочча "прэзыдэнцтва" Лука-кі. Аднак ён так і не пачаўся. АМАП атачыў сабраных на плошчы і пачаў хапун.

Наступнае масавае затрыманьне здарылася праз тры месяцы. З 18 па 25 кастрычніка ў Менску пратэставалі супраць вынікаў "рэфэрэндуму". Новая рэдакцыя Канстытуцыі зьняла абмежаваньні з колькасьці прэзыдэнцкіх тэрмінаў для адной асобы.

Акцыі пратэсту былі спыненыя супрацоўнікамі АМАП. Яны затрымалі больш за 60 удзельнікаў, перадаваў "БелПАН". Пратэстоўцаў абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых мерапрыемствах, прысудзілі ім арышты ад 3 да 15 сутак і штрафы.


2006 рок — больш за 500 чалавек


Увечары 19 сакавіка 2006 року на Кастрычніцкай плошчы ў Менску сабралася каля 30 тысяч чалавек. Кандыдаты ў прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін прапанавалі сабрацца на плошчы і на наступны дзень.

20 сакавіка некалькі тысяч чалавек ізноў прыйшлі на Кастрычніцкую плошчу. Тут паставілі намёты, якія прастаялі да 24 сакавіка. Увесь гэты час затрымлівалі і пратэстоўцаў на плошчы, і людзей, якія прыносілі ежу ў намётавы лягер. У ноч з 24 на 25 сакавіка ўсіх, хто начаваў на Кастрычніцкай плошчы, забралі міліцыянты.

Усяго за тыдзень пратэстаў у Менску былі затрыманыя больш за 500 чалавек, у тым ліку 21 замежны грамадзянін і 44 журналісты.


2010 рок — 780 чалавек


За адзін вечар 19 сьнежня 2010 року ў Менску за кратамі апынуліся прынамсі 780 чалавек. Тысячы пратэстоўцаў сабраліся ў апошні дзень выбараў прэзыдэнта на Кастрычніцкай плошчы. Калі яны перасунуліся на плошчу Незалежнасьці, правакатары разьбілі шкло і дзьверы ў Доме ўраду. Пасьля гэтага АМАП жорстка разагнаў дэманстрантаў. Затрыманьні праходзілі па ўсім цэнтры гораду. Былі паведамленьні пра выпадковых мінакоў, якіх міліцыянты забіралі з прыпынкаў грамадзкага транспарту.

Як паведаміў на наступны дзень Лука-ка, увечары 19 сьнежня ў Менску затрымалі 639 чалавек. Дэманстрацыю на плошчы Незалежнасьці назвалі спробай дзяржаўнага перавароту. Гэтым і абумовілі жорсткія паводзіны АМАПу. Большасьці прысудзілі штрафы і 15-дзённае зьняволеньне.


2011 рок — больш за 1200 чалавек


Пратэсты ў 2011 роке не былі зьвязаныя з выбарамі. Яны сталі рэакцыяй на рэзкую дэвальвацыю рубля і рост цэнаў. Спачатку ў Менску прайшла акцыя "Стоп-бэнзін".

Затым праз суполку "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" ў чэрвені, ліпені і жніўні 2011 року былі арганізаваныя акцыі пратэсту на цэнтральных плошчах больш як двух дзясяткаў гарадоў. Яны атрымалі назву "маўклівых акцыяў", бо людзі зьбіраліся на плошчах і не скандавалі ніякіх лёзунгаў. Час ад часу яны толькі пляскалі ў далоні.

Цягам трох месяцаў ва ўсіх местах Беларусі затрымалі прынамсі 1200 чалавек (падлік на падставе паведамленьняў у СМІ. — "РС") за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Большасьць гэтых людзей пакаралі штрафамі ці зьняволеньнем да 15 содняў. Упершыню затрыманьні праводзілі супрацоўнікі ўнутраных органаў у цывільным.


2017 рок — каля 200 чалавек


З канца 2016 року падатковыя інспэкцыі пачалі спаганяць так званы "падатак на дармаедзтва". Пад дэкрэт дыктатара №3 падпалі больш за 400 тысяч чалавек. Ад дзьвюх да трох тысяч чалавек выйшлі на акцыю пратэсту ў Менску 17 лютага 2017 року. Праз два дні ня менш за тысячу чалавек выйшлі на "Марш недармаедаў" у Гомлі. Агулам за месяц у 12 местах прайшло 20 акцыяў пратэсту.

Першыя два тыдні міліцыя ня ўмешвалася ў "Маршы недармаедаў". Але пасьля 5 сакавіка пачаліся кропкавыя затрыманьні арганізатараў і найбольш актыўных удзельнікаў пратэстаў. Найбольш масавымі былі хапуны пасьля пратэсту ў Воршы 12 сакавіка (каля 20 чалавек) і ў Менску 15 сакавіка (каля 40 чалавек). Затрыманьні і суды за ўдзел у ранейшых акцыях пратэсту працягваюцца. На сёньня вядома амаль пра 200 чалавек, якіх затрымлівала міліцыя.


Антон Трафімовіч

"Радыё Свабода", 17 сакавіка 2017 р.



Создан 20 мар 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter