Вайсковыя лагеры, дзе рыхтуюць баевікоў

Міфічныя і рэальныя



У Беларусі зноў загаварылі пра лагеры баевікоў-экстрэмістаў, якія нібыта існуюць, у тым ліку і ва Украіне. Пра гэта заявіў Лука-ка. У заяве фігураваў класічны шпіёнскі набор: грошы з Польшчы і Літвы, падрыхтоўка экстрэмістаў да крывавага сцэнару і неназваная, але вельмі сумленная патрыётка з Эўразвяза, якая нібыта папярэдзіла ўлады пра варожыя правакацыі.

Чаму напярэдадні кожнага Дня Волі афіцыйны Менск палохае беларусаў “украінскімі лагерамі” і “ўкраінскімі баевікамі”? Ці ёсць насамрэч такія лагеры ва Украіне? А можа, лагеры па падрыхтоўцы баевікоў існуюць не на поўдзень ад Беларусі, а за яе ўсходняй мяжою? У сітуацыі разбіраўся наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Аляксандр Ясянчук — кіраўнік чарнігаўскай “Самаабароны Майдана”:

— Дагэтуль не магу ўцяміць: чаму па маскалёўскіх тэлеканалах не распавядаюць пра арміі зомбі, якія паўсталі з магілаў і лезуць з Украіны праз беларускую мяжу? Ці пра крыважэрных цмокаў, якіх злосныя бандэраўцы выгадавалі дзесь у Карпацкіх гарах ці ў львоўскім метро і запускаюць у Беларусь напярэдадні кожнага Дня Волі? Паводле маіх дадзеных, нічога падобнага няма. Усе гэтыя размовы пра лагеры — нейкі самадзейны тэатр, разлічаны на самую прымітыўную публіку.

На маю думку, тыя людзі, якія знаходзяцца на зарплаце Крамля, распачалі неякую ўласную гульню. Падрабязнасці магу толькі прагназаваць, але ж звяртае ўвагу падабенства з сітуацыяй у нас напярэдадні Рэвалюцыі Годнасці, калі Януковічу таксама падсоўвалі розныя страшылкі пра замежных баевікоў. Лука-ку, як і Януковічу, могуць проста падаваць сфальшаваную інфармацыю. І тут у галаве чалавека з аўтарытарным мысленнем, да таго ж цалкам адарванага ад рэчаіснасці, з’яўляюцца фантасмагарычныя карцінкі, на падставе якіх ён і прымае рашэнні.

— Адна са страшылак, якую запусцілі ў праўладных беларускіх медыя напярэдадні Дня Волі — “Вы што, хочаце, каб было так, як ва Украіне?” Чаму, на ваш погляд, беларусаў сістэмна палохаюць менавіта Украінай?

— Ва Украіне ідзе вайна. Расейскія медыя сістэмна прадстаўляюць Украіну як дзяржаву, якая не адбылася. Не адстаюць і беларускія праўладныя медыя, якія падаюць пра Украіну дэзінфармацыю і брахню. А ў Белерусі, паводле афіцыйнай дактрыны, галоўнае — “абы каб была стабільнасць”…

За апошнія месяцы на парадак пабольшала грамадзян Украіны, у тым ліку і этнічных беларусаў, якім забаронены ўезд у Беларусь. Можа, яны таксама праходзілі падрыхтоўку ў міфічных лагерах баевікоў?

Сваім бачаннем сітуацыі дзеліцца Аляксандр Краўчанка — кіраўнік грамадскага фармавання па ахове дзяржаўнай мяжы Рэпкінскага раёна Чарнігаўскай вобласці:

— Шмат каму з нашых пабрацімаў, якія бралі ўдзел у Антытэрарыстычнай аперацыі, на ўкраінска-беларускай мяжы ставілі штамп у пашпарце “адмоўлена ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь”. Але ж зразумейце: гэта патрыёты Украіны! Чаму яны павінны ехаць у Беларусь і там нешта рабіць недазволенае?

— А чаму, на ваш погляд, іх так баяцца беларускія сілавікі?

— Беларускія сілавікі, як па мне, баяцца не іх. Беларускія сілавікі баяцца найперш сваіх гаспадароў у Крамлі, адкуль і ідуць каманды. Ва ўсіх у нас ёсць сваякі і крэўныя ў Беларусі, на той жа Гомельшчыне, і беларусаў мы ўспрымаем як сяброў. Але ж разам з тым мы не забываем, што цяперашні беларускі рэжым хаўрусны з Расеяй, то бок з краінай-агрэсарам, якая вядзе супраць Украіны вайну.

Але ж вайсковыя лагеры, дзе рыхтуюць баевікоў супраць незалежнай Беларусі, насамрэч існуюць. Толькі не ва Украіне, а ў Расейскай Федэрацыі. Працуюць яны пад шыльдамі шматлікіх вайскова-патрыятычных клубаў, а таксама “казацкіх” арганізацый. Беларускія КДБ і МУС ніяк не рэагуюць на масавую вярбоўку моладзі ў гэтыя лагеры, дзе беларускіх дзетак інструктуюць спрактыкаваныя садысты і забойцы з непрызнаных “лнр” і “днр”.

Затое беларускую прысутнасць у гэтых лагерах дбайна фіксуюць ва Украіне. Пра небяспеку падобных вайсковых вышкалаў распавядае Дзмітрый Плугін — супрацоўнік Луганскай вайскова-цывільнай адміністрацыі:

— Што такое “лагер “казацкай” падрыхтоўкі”? Зборы, стрэльбы, інтруктары, тактычная падрыхтоўка…

— А які ідэалагічны складнік падрыхтоўкі ў такіх лагерах?

— “Русский мир”, “збіральніцтва расейскіх земляў”, “вялікая расейская цывілізацыя”… Між іншым, у тых лагерах ёсць нават ваенізаваныя структуры, дзе рыхтуюць і падлеткаў ад 12 да 14 рокаў. У Беларусі падобнае практыкуецца таксама, і сцэнар у вас такі ж самы, як быў і ва Украіне. Казакі — “пятая калона” ўсярэдзіне Беларусі. І не проста “пятая калона”, а агрэсіўнае ўзброенае фармаванне, якое каардынуецца з Масквы. На добры розум, і арганізатараў такіх вышкалаў, і ўсе гэтыя “казацкія” фармаванні ў Беларусі трэба разглядаць як частку акупацыйнай арміі і судзіць іх паводле дзейснага заканадаўства… — кажа Дзмітрый Плугін.

Словамі Лука-кі пра “лагеры баявікоў ва Украіне” зацікавіліся і ў СБУ. Праўда, там да заяваў беларускага кіраўніка паставіліся вельмі скептычна. Кіраўнік апарату старшыні Службы Бяспекі Украіны Аляксандр Ткачук заявіў наступнае:

— Пакуль ніякай дадатковай, дэталёвай інфармацыі, акрамя той, што была агучаная “прэзідэнтам” Рэспублікі Беларусь, у нас няма.

На фотаздымках: Вайсковы вышкал беларускіх дзетак у лагеры маскалёўскіх “казакаў”-баевікоў.


Марцін Война

“Беларускае Радыё Рацыя”, 23 сакавіка 2017 р.

 



Создан 23 мар 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter