12 бітваў нашай гісторыі — айчынная вайсковая слава

“Беларускае Радыё Рацыя” прапануе ў храналагічным парадку сваю версію 12-ці найбольш значных перамог у нашай гісторыі, якія складаюць айчынную вайсковую славу.



Восень 1362 року (паводле Хронікі Быхаўца 1351 рок). Бітва на рацэ Сінія Воды (цяпер Сінюха). Скончылася перамогай войска Літоўскага каралеўства пад кіраваннем вялікага князя Альгерда над войскамі трох татарскіх кіраўнікоў Падольскай зямлі — Крымскай, Перакопскай і Ямбалуцкай ордамі. Пасля гэтай бітвы Падолле, а ў стратэгічным выніку Кіеўшчына і іншыя землі былі ўлучаныя ў склад ВКЛ, яго ўладанні значна пашырыліся на поўдзень у кірунку Чорнага мора.

 

15 ліпеня 1410 — Грунвальдcкая бітва. Разгром Тэўтонскага ордэну войскам ВКЛ. Трыумфальны поспех злучаных сілаў Княства і Кароны меў велізарнае палітычнае значанне. Паводле ўмоваў Торуньскага міру 1411 року, крыжацкі Ордэн мусіў вызваліць усе захопленыя землі і заплаціць пераможцам 300 тысяч дукатаў. Была спынена 200-рочная агрэсія нямецкіх рыцараў на ўсход.

 

5 жніўня 1506 — Бітва пад Клецкам. Разгром войскамі ВКЛ на чале з Міхалам Глінскім войска Крымскага ханства на чале з сынамі Менглі-Гірэя Біці і Бурнашом. Клецкая бітва была найбольш значнай паразай татараў на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Яна паклала канец іх буйным набегам за Прыпяць. Хан Менглі-Гірэй пад уражаннем вынікаў бітвы на пэўны час стаў хаўруснікам ВКЛ.

 

8 верасня 1514 — Бітва пад Воршай на рацэ Крапіўна. Разгром войскамі ВКЛ на чале з Канстанцінам Астрожскім маскалёўскага войска. Адна з найбуйнейшых бітваў у гісторыі Эўропы XVI стагоддзя. Дзень беларускай вайсковай славы. Ініцыятыва ў шматгадовай вайне трывала перайшла да ВКЛ. Усе захопленыя Масквой месты, апрача Смаленску, былі вызваленыя. Пачаў развальвацца скіраваны супраць нашай краіны таемны альянс Масковіі і эўрапейскіх дзяржаў.

 

27 студзеня 1527 — Бітва ля ракі Альшаніца (30 кіламетраў ад Кіева) паміж войскам ВКЛ на чале з вялікім гетманам Канстанцінам Астрожскім, палявым гетманам Янушам Радзівілам і войскам крымскіх татараў. Войска Крымскага ханства было разбіта. Было вызвалена 80 тысяч палонных, вернутая нарабаваная маёмасць. Крымскія татары спынілі значныя набегі на землі ВКЛ.

 

27 верасня 1605 — Кірхгольмская бітва (сучасная тэрыторыя Латвіі — Саласпілс) паміж войскамі ВКЛ на чале з Янам Хадкевічам і Швецыі. Перамога войска ВКЛ. Адна з найбуйнейшых бітваў вайны Рэчы Паспалітай з Швецыяй 1600—1611 рокаў. Уваходзіць у лік поўных перамог над супернікам меншымі сіламі. Пасля паразы шведскі кароль быў змушаны зняць аблогу Рыгі і адмовіцца ад кантролю над Паўночнай Латвіяй і Эстоніяй.

 

2 верасьня — 9 кастрычніка 1621 — Бітва пад Хоцінам (тэрыторыя сучаснай Малдовы). У ёй зышліся з аднаго боку войска Рэчы Паспалітай і ўкраінскага казацтва (камандавалі адпаведна, Ян Хадкевіч, а пасля яго смерці Станіслаў Любамірскі, і Пётр Сагайдачны каля 58 тысяч чалавек) і Атаманскай імперыі (камандаваў султан Асман II, каля 200 тысяч чалавек). Войска Рэчы Паспалітай, значна меншае колькасна, трымала абарону ва ўмацаваным табары і змусіла ўрэшце туркаў падпісаць перамір’е і спыніць вайну).

 

28 чэрвеня 1660 — Палонкаўская бітва. Пераможная бітва войскаў Рэчы Паспалітай над маскалёўскім войскам ваяводы Хаванскага ля вёскі Палонка (Слонімскі павет, паблізу Ляхавічаў). Адна з пераломных бітваў Трынаццацірочнай вайны (1654—1667 рр.). Палонкаўская бітва — першая буйная перамога Рэчы Паспалітай на канцавым этапе вайны, якая спыніла маскоўскую аблогу Ляхавіцкага замка і прывяла да вызвалення земляў Вялікага Княства Літоўскага па Дняпро на ўсходзе і Дзьвіну на поўначы.

 

12 верасня 1683 — Бітва пад Венай. Перамога саюзнага войска (баварцы, саксонцы, аўстрыякі, конныя палкі Польшчы і ВКЛ — разам 65 тысяч пад камандаваннем Яна Сабескага) над турэцкім войскам (200 тысяч пад камандаваннем візіра Кары Мустафы). Пасля паразы Турэччына ўжо не ўяўляла пагрозы хрысціянскай Эўропе. З Венскай бітвы пачаўся павольны заняпад турэцкай магутнасці на кантыненце.

 

4 красавіка 1794 — Рацлавіцкая бітва (пад Кракавам). Першая буйная бітва ў час паўстання Тадэвуша Касьцюшкі. Паўстанцы пад камандаваннем Касьцюшкі (4100 чалавек рэгулярнага войска з 12 гарматамі і 2 тысяч сялян-касінераў) перамаглі маскалёўскае войска пад камандаваннем генерала Аляксандра Тармасава (каля 3 тысяч чалавек з 12 гарматамі). У бітве Касцюшка ўпершыню ў паўстанні паспяхова выкарыстаў у змаганні з рэгулярным войскам атрады касінераў — сялян, узброеных косамі. Перамога ў бітве спрыяла разгортванню паўстання на іншай тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

 

19 чэрвеня 1831 — Панарская бітва (пад Вільняй) паміж паўстанцкімі аддзеламі і маскалёўскім войскам. Акупанты зазналі значныя страты — 364 чалавекі. Колькасць загінуўшых інсургентаў невядомая. Найбуйнейшая бітва за ўвесь час вызвольнага паўстання 1830—31 рокаў.

 

3 чэрвеня 1863 — Бітва пад Мілавідамі (сучасны Баранавіцкі р-н), у якой перамаглі паўстанцы. Аб’яднаныя сілы інсурґентаў, каля 800 ваяроў са Слонімскага, Ваўкавыскага, Пружанскага, Наваградскага і Гарадзенскага паветаў, на чале з Францішкам Юндзілам, Ісідарам Лукашэвічам, Аляксандрам Лянкевічам, пад агульным кіраваннем Кастуся Каліноўскага, далі вялікую бітву маскалёўскім карнікам і войскам імперыі, якія прыйшлі карнікам на дапамогу.

 

“Беларускае Радыё Рацыя”

 

 

Бітва пад Воршай

 

Бі́тва пад Во́ршай, Арша́нская бітва (8 верасьня 1514 р.) — найбуйнейшая бітва вайны Маскалёўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім 1512—1522 рокаў паміж літоўскім і маскалёўскім войскамі на рэчцы Крапіўне, за 5 км ад Воршы.

 

Аршанская бітва — адна з найбуйнейшых бітваў на тэрыторыі Эўропы ў пач. XVI ст.[3] Перамога ў ёй дала Вялікаму Княству Літоўскаму магчымасьць вярнуць захопленыя супраціўнікам Дуброўна, Амсьціслаў і Крычаў[3][16]. Пасьля бітвы да 1518 року не адбывалася ўварваньня на Беларусь маскоўскіх войскаў (за выняткам асобных набегаў)[3].

 

У наш час перамога пад Воршай разглядаецца як адна зь першых у шэрагу трыюмфаў беларускае зброі — Сінія Воды, Грунвальд, Кірхгольм, бітва пад Клецкам[1].

 

Увосень 1512 року Маскоўская дзяржава распачала новую вайну за землі, якія лічыла “спрадвеку сваімі” (па-маскалёўску: “исконно русские земли”) — сучасныя Беларусь і Ўкраіну, хоць яны ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага й пад уладаю Масквы ніколі не былі[17].

 

Фарпостам Вялікага Княства Літоўскага на ўсходзе быў адміністрацыйны цэнтар аднайменнага ваяводзтва горад Смаленск. Двойчы з пачатку вайны (у 1512 р. і 1513 р.) ён вытрымаў маскалёўскія атакі. У трэці раз велізарнае 80-тысячнае войска маскавітаў, папоўненае наймітамі з заходнеэўрапейскіх краінаў, узяло яго ў аблогу ў ліпені 1514 р.[17]. Па месцкіх умацаваньнях амаль бесьперапынна білі трыста гарматаў. 1 жніўня ваявода Юры Салагуб капітуляваў пасьля месячнае аблогі і абстрэлу[17].

 

Натхнёны посьпехам маскоўскі князь Васіль ІІІ кінуў свае войскі ўглыб Літвы. Неўзабаве ўсьлед за Смаленскам захопнікі ўзялі Крычаў, Амсьціслаў і Дуброўну. Пра ўпэўненасьць маскалёўскага валадара ў перамозе сьведчыць ягоны загад сваім ваяводам ў часе адной з застоліцаў: “войскі літоўскія й польскія з каралём да Масквы як быдла пугамі гнаць”[17].

 

Такім чынам зьявілася небясьпека існаваньню Вялікага Княства Літоўскага[17].

 

Вялікі князь Жыгімонт Стары здолеў сабраць пад свае сьцягі ў Менску крыху болей за 35 тысячаў ваяроў. Тут былі 16 тысячаў коньнікаў паспалітага рушаньня Вялікага Княства пад камандаваньнем славутага гетмана Канстантына Астроскага, 14 тысячаў польскіх конных жаўнераў, 3000 найманай пяхоты й 2500 шляхцічаў-добраахвотнікаў з Польшчы[3][4]. Жыгімонт з чатырохтысячным войскам застаўся ў Барысаве, а асноўныя сілы (больш за 30 тыс. чал.[2][4]) на чале з К. Астроскім рушылі насустрач маскалёўскім захопнікам. Атрадамі войскаў камандавалі Ю. Радзівіл, Ю.С. Алелькавіч, Я. Сьвярчоўскі і інш., значную яго колькасьць складалі літоўскія ваяры[3][4].

 

Агульная колькасьць маскалёўскага коннага войска пад камандаваньнем ваяводы баярына Івана Андрэевіча Чалядніна складала 80 тысячаў чалавек[3][4][5][9][10][11][18]. Баярын князь Міхаіл Іванавіч Булгакаў-Голіца, фармальна падпарадкаваны яму, самастойна камандаваў сваімі палкамі. Войска цалкам складалася з коньніцы фэўдальнага апалчэньня. Мелася артылерыя нявызначанага складу і колькасьці, але безь цяжкіх гармат[19].

 

Пасьля некалькіх паразаў (пры канцы жніўня адбыліся сутычкі на рэках Бярэзіне, Бабры і Друці[3]) маскалёўскія военачальнікі адвялі войскі на левы бераг Дняпра і спыніліся паміж Воршай і Дуброўнай на ўзгорках каля вёсак Пугайлава і Рукліна, на рэчцы Крапіўне. Такім чынам, для рухаў свайго непрыяцеля маскалёўскія ваяводы пакідалі прастору ў лукавіне Дняпра каля Воршы і спадзяваліся ў вальнай бітве разьбіць колькасна слабейшае войска ВКЛ і скончыць вайну.

 

Войска ВКЛ падышло да Дняпра 7 верасьня каля Воршы, і Астроскі, не зважаючы на сілы бакоў, таксама пастанавіў даць вальную бітву. Каб не перапраўляцца пад абстрэлам, Астроскі правёў дэманстрацыйны манэўр зь пераправай цераз Дняпро на вачах маскалёў некалькіх тысячаў коньнікаў[17]. Тым часам асноўная частка войска ўвечары была перасунутая віцебскай дарогай на поўнач, а ўночы на 8 верасьня ўпотай пераправілася на левы бераг двума пантоннымі мастамі і бродам аршанскай фартэцыі[3]. Пасьля гэтага войска сканцэнтравалася каля вёскі Пашына. Тут і адбылася вырашальная бітва.

 

Чаляднін даведаўся пра пераправу са спазьненьнем і не згадзіўся з прапановай сваіх ваяводаў атакаваць ужо перапраўленую частку войска ВКЛ. Лічыцца, што Чаляднін спадзяваўся на вялікую колькасную перавагу і жадаў бітвы адразу з усім войскам Астроскага.

 

Ваявода Іван Чаляднін вырашыў адным ударам пакончыць зь літоўскім войскам і ў сваёй перамозе не сумняваўся[1]:

 

“Пачакаем, пакуль не пераправіцца ўсё войска, бо нашыя сілы настолькі вялікія, што без сумненьня і вялікіх намаганьняў мы зможам ці разьбіць гэтае войска, ці абкружыць яго ды гнаць, як быдла, аж да Масквы. Нарэшце, адзінае, што нам застанецца, — заняць усю Літву”.

 

Палкі Канстантына Астроскага пачалі шыхтавацца насупраць стану маскавітаў уначы з 7 на 8 верасьня. Яны занялі пазыцыі абапал яру, які ішоў ад вёскі Пугайлава да пераправы праз Дняпро. Наперадзе свайго войска гетман паставіў два конныя гуфы (палкі), свой і каронны В. Сампаліньскага, паміж якімі разьмяшчалася ўзброеная пальнай зброяй (стрэльбамі і пішчалямі) пяхота. Вершнікі стаялі і ў другой лініі: літоўскі полк Ю. Радзівіла і польскі Я. Сьвярчоўскага. Флангі трымалі па тры дапаможныя (рэзэрвовыя) палкі (харугвы) коньніцы зь лягчэйшым узбраеньнем. Акурат на правым краі на ўзьлеску гетман прыхаваў пад заслонаю пяхоты артылерыю (рушніцы і самапалы)[1].

 

Войска Маскоўскай дзяржавы было пастаўлена ў тры лініі. Наперадзе стаў полк перадавой варты, у цэнтры — вялікі полк (на фронце шырынёй 5 км), на правым флянгу — полк правай рукі, на левым, каля в. Рукліна — полк левай рукі. На пагорку ў цэнтры за вялікім палком стаяў полк тылавой стражы (рэзэрв). Баявыя парадкі маскалёўскага войска былі расьцягнутымі ў спадзяваньні на ахоп і акружэньне больш малалікага войска ВКЛ.

 

Бітва распачалася ў полі на беразе Дняпра ў тры кілямэтры ўздоўж ракі, за 200—400 мэтраў ад берага ў першай фазе бою і за тры з паловай кілямэтры ў другой ягонай фазе, за пяць вёрстаў ад Воршы а 9 гадзіне раніцай 8 верасьня 1514 року. Углыбкі абодвух франтоў поле бою таксама складала прыблізна тры кілямэтры, пры гэтым ня ўсе войскі займалі гэтую прастору — частка іх уводзілася ў бой паступова[1].

 

На досьвітку маскоўскія ваяводы Чаляднін і Булгакаў-Голіца павялі палкі ў першую атаку. К. Астроскі зьвярнуўся да сваіх ваяроў з кароткай прамовай: «Мужныя рыцары! Няхай доблесьць і мужнасьць вашы будуць вартыя слаўных бацькаў!..»[17] — і загадаў конным палкам павольна рухацца наперад. Гэты рух маскоўскія ваяводы палічылі за сыгнал да атакі і ў сваю чаргу перайшлі ў агульны наступ. Маскоўскі полк правай рукі князя Голіцы ўдарыў на левае крыло войска ВКЛ. Полк левай рукі наступаў на правае крыло войска ВКЛ, але безь вялікага імпэту, што дазволіла Астроскаму вызваліць там частку сіл. Іншыя палкі былі пасланыя ў абыход.

 

Войска ВКЛ на сваім левым крыле адбіла атаку і перайшло ў контратаку, атрымаўшы падмацаваньне. Полк цяжкіх латнікаў Сампаліньскага прайшоў перад фронтам і ўдарыў на маскоўскі полк правай рукі з флянгу.

 

Няўдача першай атакі ня надта зьбянтэжыла Чалядніна й Голіцу: у іх была амаль трохразовая перавага — 80 тысячаў супроць 30[17]. Такая самаўпэўненасьць саслужыла ваяводам дрэнную службу. Яны кепска ўзаемадзейнічалі й нават не лічылі патрэбным дапамагаць адзін аднаму[17]. Калі ваяры Астроскага ўдарылі па палкох Булгакава-Голіцы, Чаляднін ад бою ўхіліўся, а калі ўдар абрынуўся на ягоных ваяроў, Голіца адплаціў тым самым[17].

 

Спроба абысьці войска Вялікага Княства Літоўскага і наляцець з тылу не ўдалася, і пасьля паўдня маскоўскія ваяводы кінулі на супраціўніка галоўныя сілы. Сеча дасягнула найвышэйшага напалу. Гетман быў сярод сваіх жаўнераў[17].

 

Удалым манэўрам пад выглядам адступленьня К. Астроскі ўцягнуў супраціўніка ў пагоню і вывеў яго пад агонь сваіх замаскаваных гарматаў. Чаляднін кінуў у перасьледаваньне ўсе свае сілы. Але выявілася, што ўцёкі коньніцы ВКЛ былі загадзя ўмоўленай хітрасьцю, якая вывела пагоню маскалёўскага войска на стралкова-артылерыйскую засаду. Шматразовыя залпы гармат і пішчаляў нанесьлі ўдары па палкох Булгакава-Голіцы і ўшчэнт разьбілі іх, частка ваяроў трапіла ў палон, рэшта кінулася наўцёкі. Таксама былі разгромленыя і палкі Чалядзіна[3].

 

У маскалёўскім войску пачалася паніка, многія з уцекачоў загінулі ў Дняпры і Крапіўне[3]. Зацятае перасьледаваньне і жорсткае вынішчэньне ўцекачоў цягнулася да заходу сонца, а часам і назаўтра. За некаторымі з уцекачоў гналіся на 8 літоўскіх міль (каля 60 км). Адныя ўцякалі ў лясы, другія — у балоты. Вада ў Крапіўне пачырванела ад крыві ды, паводле паданьня, выйшла зь берагоў, бо целы мноства забітых загацілі раку[17].

 

Страты войска Вялікага Княства Літоўскага падаюцца заходнімі гісторыкамі як “невялікія” — 4 вялікія паны, каля 500 рыцараў (або 400 рыцараў і простых жаўнераў[20]), невядомая колькасьць простых жаўнераў[21].

 

Летапісы й хронікі паведамляюць, што маскалёўская раць страціла забітымі блізу 40 тысячаў[3]. Вялікі князь Жыгімонт Стары у сваіх лістах да эўрапейскіх удадароў, у тым ліку да лівонскага ляндмайстра Тэўтонскага ордэну пра Аршанскую перамогу, пісаў, што літоўцы ўзялі ў палон 8 (з 11) вярхоўных ваяводаў (у тым ліку Чаляднін і Булгакаў-Голіца), 37 другарадных кіраўнікоў і 1,5 тысячы баяраў, усяго забітых і паланёных маскалёў, было 30 тысячаў з 80-тысячнага войску[22].

 

У рукі пераможцаў трапіў маскалёўскі абоз, пальная зброя, баявыя сьцягі. Захопленых коней і палову вайсковага абозу Канстантын Астроскі раздаў сваім ваярам у падзяку за мужнасьць. Сярод трафэяў знайшлі і тысячы кайданоў, якія Васіль ІІІ падрыхтаваў для ліцьвінаў[1].

 

Прыгаломшаны весткаю пра поўны разгром свайго войска Васіль ІІІ абвясьціў, што для яго “той, хто трапіў у палон, — мёртвы”, і кінуў іх на вырак лёсу[3]. Булгакаў-Голіца вярнуўся ў Масковію толькі ў 1552 роке.

 

Як пісаў вядомы гісторык М. Карамзін у сваёй працы “История государства Российского”[1][23]:

 

“Ліцьвіны ніколі не атрымоўвалі такой славутай перамогі над маскавітамі: гналі, рэзалі, тапілі іх у Дняпры і Крапіўне; целамі ўсеялі палі паміж Воршай і Дуброўнай… адным словам яны поўнасьцю адпомсьцілі нам за Ведраскую бітву”.

 

“Хроніка літоўская і жамойцкая” апісвае бітву пад Воршай наступным чынам:

 

“Литовское войско вЂдаючи, иж не могут иначей Днепра перебыти, тылко в том мЂстцу, где москва обозом стала, зараз починили мосты з плытов и з шугалЂев, през которые мосты дЂла и гаковницы в цЂлости перепровадили. Комонник зас литовский, котрого было 16 000, тыи просто през ДнЂпр в брод А под Оршею порадным шиком з веселым серцем охотне переправилися всЂ в цЂлости, тылко з них еден утонул. Видячи теж и полское войско над которым был гетман Ян Свирщевский, за литвою сщасливе ДнЂпр перебыли, а москва в трубы и бубны свои ударили, прапорцы и корогви свои бучне роспустивши, скочили на литву… А Константин Острозский зараз им дал отпор, мужне сам стоячи на чолЂ, напоминаючи своих до бою, же сором утЂкати, бо маете ли гинути по лЂсах и дорогах, то лЂпше на пляцу лечи з несмертелною славою. А тая война была в пяток на Рожесто Пресвятыя Богородицы и была война великая, бо москвы было пятькрот болш, ниж поляков, руси и литвы. И помогл бог войску полскому и литовскому, иж всю москву наголову побили и настарших воевод их поимали… а дЂтей боярских живых приведено личбою 596; тых всЂх послано по замках литовских до вязеня, а иншии москалЂ вси побиты, и сам гетман их Иван АндрЂевичь Челядин зостал на пляцу забитый есть”.

 

 

Аршанская бітва была адной з найбуйнейшых у Эўропе ў пачатку ХVІ стагодзьдзя. У Нюрнбэргу гэтай падзеі быў прысьвечаны асобны друкаваны аркуш[24]. Пасьля гэтай перамогі літоўскае войска пачало вяртаць занятыя маскавітамі гарады: Друцак, Дуброўну, Крычаў, Амсьціслаў.

 

Дзякуючы ўдалай дыпляматычнай палітыцы Вялікага Княства Літоўскага пачаў развальвацца накіраваны супраць Польшчы й ВКЛ таемны альянс Масковіі ды эўрапейскіх дзяржаваў. На Венскім зьезьдзе 1515 году Ягелоны і Габсбургі дасягнулі поўнага ўзаемаразуменьня, Лівонская канфэдэрацыя трапіла пад уплыў Вялікага Княства Літоўскага. У Эўропе пачаў складацца нэгатыўны выгляд Маскоўскае дзяржавы[25]. Крымскія татары, уражаныя перамогаю пад Воршай, на два гады спынілі набегі на Вялікае Княства і павярнулі сваіх коней у бок Масковіі.

 

Аднак асноўная мэта кампаніі — вяртаньне ў склад Вялікага Княства Літоўскага Смаленску — засталася недасяжнай з шэрагу прычынаў[1]:

 

•  Кепскае надвор’е запаволіла рушаньне вялікалітоўскага войска, па дарозе захварэла шмат ваяроў.

 

•  Смаленскі ваявода В. Шуйскі выкрыў змову месьцічаў на чале з уладыкам Варсанофіем, што прагнулі вяртаньня ў склад Вялікага Княства Літоўскага; уладыка Варсанофі апынуўся ў вязьніцы, а астатніх змоўцаў Шуйскі павесіў на месцкіх мурах.

 

•  Маскавіты спустошылі смаленскія прадмесьці, таму не было чым карміць войска.

У выніку аблога была беспасьпяховай, і Смаленск разам з шэрагам іншых тэрыторыяў (агулам 23 тысячы км²) паводле дамовы 1522 року застаўся ў складзе Маскоўскае дзяржавы.

 

У сьнежні 1514 року вялікі гетман Канстантын Астроскі трыюмфальна ўступіў у сталіцу дзяржавы Вільню. У гонар перамогі на ягоныя сродкі там збудавалі праваслаўныя храмы Сьвятой Тройцы й Сьвятога Мікалая, якія захаваліся дагэтуль.

 

У гонар Аршанскага трыюмфу выйшлі брашуры лацінскаю і нямецкаю мовамі, у якіх кароль Жыгімонт І і папскі нунцы Пізо апавядалі пра бітву Папу Рымскаму Льву Х. У самой апостальскай сталіцы Рыме прайшло ўдзячнае набажэнства за аршанскі трыюмф[1]. У другой палове 1514 року ў Нюрнбэргу выйшаў адмысловы лісток з апісаньнем бітвы, перавыдадзены ў 1515 роке.

 

Пра славутую перамогу апавядалі маскалёўска-літоўскія і, асабліва, польскія хронікі, найперш Б. Вапоўскага, М. Бельскага, М. Стрыйкоўскага, Ю. Дэцыя. У іх Аршанская бітва параўноўвалася зь перамогаю рымскага вайскавода Сцыпіёна Афрыканскага над славутым картагенскім вайскаводам Ганібалам пры Замі (202 рок да нашай эры), называлі князя Канстантына І “Сцыпіёнам руськім”. Бітву занатавалі таксама маскоўскія і наўгародзкія летапісы.

 

Аршанская бітва пакінула глыбокі сьлед у тагачаснай беларускай, украінскай і польскай літаратуры. У Валынскім кароткім летапісе зьмяшчаецца “Пахвала князю Астроскаму” — сапраўдны літаратурны твор, узбагачаны прыкладамі і цытатамі з Бібліі і старажытнай гісторыі. К. Астроскі параўноўваецца зь біблейскім героем Авіем, сынам Раваама, які ваяваў зь дзесяцьцю каленамі Ізраільскімі і за адзін дзень забіў 500 000 дужых людзей. Пахвала заканчваецца ўслаўленьнем караля Жыгімонта і князя К. Астроскага[1]:

 

“Великославному господарю Жигимонту Казимировичу буди честь и слава на векы, победившему недруга своего великого князя Василиа московского, а гетману его, вдатному князю Костянтину Ивановичу Острозскому дай Боже здоровье и щастье вперед лепшее как ныне, побил силу великую московскую, абы так побивал силную рать татарскую, проливаючы кров их бесурменскую”.

 

Празь некалькі рокаў пасьля перамогі невядомы майстар (хутчэй за ўсё ўдзельнік бітвы, вучань вядомага мастака Люкаса Кранаха Старэйшага[1]) стварыў жывапіснае батальнае палатно, на якім у характэрнай для сярэднявечнага жывапісу кантынуацыйнай манеры адлюстроўваюцца ўсе эпізоды сечы, якія быццам адбываюцца адначасна[26]. На карціне, што захоўваецца цяпер у Нацыянальным музэі ў Варшаве, на коп’ях літоўскай кавалерыі можна ўбачыць дзяржаўны сьцяг Вялікага Княства Літоўскага з выявай Пагоні і баявыя флюгеры з чырвонай паласой на белым тле, перакрыжаванай каля тронка другой чырвонай паласой[3]. Гэта — сьцяг Сьвятога Юрыя, які, хутчэй за ўсё, зрабіўся прататыпам бел-чырвона-белага сьцяга[27].

 

Аршанская бітва ўвайшла ў эўрапейскія хрэстаматыі з ваеннай гісторыі як узор удалай тактыкі змаганьня з намнога перасяжнымі сіламі ворага, як прыклад вырашальнага ўплыву таленту і майстэрства вайсковага начальніка на вынік баталіі[28].

 

Бітва пад Воршай вывучалася ў вайсковых вучэльнях дарэвалюцыйнай Расеі. Як узор баявога майстэрства яна разглядаецца ў Расейскай ваеннай энцыкляпэдыі 1914 року[29]. Першым у беларускіх падручніках інфармацыю пра бітву напісаў Вацлаў Ластоўскі. У БССР пра бітву пад Воршай у сваіх падручніках пісалі Ўсевалад Ігнатоўскі і Мітрафан Доўнар-Запольскі. “Кароткі нарыс гісторыі Беларусі” Ігнатоўскага меў чатыры выданьні ў 20-я рокі ХХ ст. (1-е выд. — 1919 р.; 2-е і 3-е выд. — 1921 р. і 4-е выд. — 1926 р.). Пасьля сталінскіх рэпрэсіяў бітва ў падручніках ня згадвалася, і пісаць пра яе пачалі толькі пасьля распаду СССР[30].

 

Вацлавам Ластоўскім была запісаная народная песьня пра бітву, упершыню надрукаваная ў 1918 роке ў кнізе "Выпісы зь беларускай літаратуры" разам зь некаторымі іншымі фальклёрнымі творамі. Аднак гістарычнасьць і народнасьць песьні сучаснымі гісторыкамі ставіцца пад сумнеў, бо ніякіх спасылак на крыніцу Ластоўскі не прывёў, таксама не было пазначанае месца, дзе была запісаная песьня[31]. Гэтая песьня адсутнічае ў шматлікіх фальклёрных зборніках XIX—XX ст. Гісторыкі Яўхім Карскі й Канстантын Кабашнікаў адзначаюць, што беларускаму фальклёру не ўласьцівыя гераічныя песьні з дэталізаваным апісаньнем гістарычных падзеяў[31]. Песьня пашырылася ў друку за часамі беларусізацыі ў БССР, яна была надрукаваная ў кнізе Максіма Гарэцкага "Гісторыя беларускай літаратуры" ў разьдзеле "Гістарычныя песьні", якая мела статус вучэбнага дапаможніка. Пасьля згортваньня беларусізацыі й пачатку сталінскіх рэпрэсіяў песьня перастала друкавацца. У 1944 роке песьня была перадрукаваная ў кнізе Язэпа Найдзюка "Беларусь учора і сяньня", якая прызначалася нацысцкімі ўладамі ў якасьці школьнага падручніка для акупаваных беларускіх тэрыторыяў. Пасьля распаду СССР песьня як "беларуская народная" друкавалася ў навукова-папулярных працах Уладзімера Арлова, Генадзя Сагановіча, Вітаўта Чаропкі[31].

 

Ой, у нядзельку параненько

Узышло сонейко хмарненько,

Узышло сонейко над борам,

Панад Селецкім таборам.

А ў таборы трубы граюць,

Да ваяцкае парады зазываюць,

Сталі рады адбываці,

Аткуль Воршы дабываці:

А ці с поля, а ці зь лесу,

А ці з рэчкі невялічкі?

Ані з поля, а ні зь лесу,

Толькі з рэчкі невялічкі!

А ў нядзельку параненьку

Сталі хлопцы-пятыгорцы,

Каля рэчкі на прыгорцы:

Гучаць разам з самапалоў,

Зь сяміпадых ад запалоў;

Б’юць паўсоткаю з гарматоў…

Масква стала нарэкаці,

Место Воршу пакідаці;

А як з Воршы ўцекалі,

Рэчку невялічку пракліналі:

"Бадай ты, рэчка, сто лет высыхала,

Як нашая слава тутка прапала;

Бадай высыхала да сканчэньня сьвету,

Што нашай славанькі ўжо нету!".

Слава Воршы ўжо ня горша

Слаўся, пан Астрожскі![31]

 

Творы мастацкай літаратуры, прысьвечаныя Аршанскай бітве:

 

• Верш "Балада а перемозе"[32] (Алег Грушэцкі, 1994 р.).

• Верш "Шляхецкая"[33] (Андрэй Мельнікаў, 1992 р.).

 

У Беларусі 8 верасьня ў якасьці Дня беларускае вайсковае славы пачалі адзначаць яшчэ за часамі Перабудовы[34]. А ў гадавіну вялікай перамогі ў 1992 роке на плошчы Незалежнасьці ў Менску 12 беларускіх афіцэраў і каля 3000 жаўнераў запасу ўрачыста прысягнулі на вернасьць свайму народу і Айчыне[17][35]. Удзельнікі гэтай прысягі адчувалі пэўны ціск з боку ўладаў, аднак празь непрацяглы час прысягу на вернасьць Беларусі прынялі ўсе вайсковыя часткі[36].

 

Пад Воршай, на гістарычным месцы Аршанскае бітвы 1514 року — левым беразе Дняпра, штогод адбываецца фэст "Аршанская бітва", у якім бяруць удзел вядомыя беларускія пісьменьнікі, мастакі, барды, музычныя выканаўцы, рыцарскія клюбы[37].

 

Крыніцы:

 

1). Віталь Гарматны. Аршанская бітва 8 верасня 1514 г. // “ARCHE” №7—8 (70—71), ліпень-жнівень 2008.

2). Расейскі гісторык Лобін называе лічбу 12—13 тыс. (4 тыс. літоўскіх і 9 тыс. польскіх ваяроў) — Крыніца: Лобин А.Н. К вопросу о численности и составе польско-литовской армии в битве под Оршей в 1514 г. // Праблемы інтэграцыі і інкарпарацыі ў развіцці Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў перыяд ранняга Новага часу. Мінск, 2010. С. 18—42.

3). А.П. Грыцкевіч. Аршанская бітва 1514 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / “Беларуская Энцыклапедыя”; Рэдкал.: М.В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э.Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. С. 187.

4). Анатоль Грыцкевіч. Аршанская бітва 1514 // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г.П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 249.

5). Rainer Lindner. Historiker und Herrschaft: Nationsbildung und Geschichtspolitik im Weißrußland im 19. und 20. Jahrhundert. — München, 1999. S. 89.

6). Волков В. Войны и войска Московской Руси. — М., 2004. С. 57.

7). Zarys dziejów wojskowości Polski do roku 1864. T. I: Do roku 1648. — Warszawa, 1965. S. 331—336.

8). Соловьев С.М. История России с древнейших времен. Т. V. Ч. 2. — М., 1959. С. 246.

9). Philipp Carl Strahl, Ernst Herrmann. Geschichte des russischen Staates. Ausgabe 3. — Hamburg, 1846. S. 22.

10). Stryjkowski, Maciej. Kronika polska, litewska, żmódzka i wszystkiéj Rusi. Volume 2. — Warszawa, 1846. S. 381.

11). Расейскі гісторык Лобін на падставе ўскосных падлікаў спрабуе аспрэчыць гэтыя зьвесткі і называе лічбу 12 тыс. — Крыніца: Лобин А.Н. К вопросу о численности вооружённых сил Российского государства в XVI в. // “Studia Slavica et Balcanica Petropolitana” № 1-2, 2009. С. 66.

12). Анатоль Грыцкевіч. Аршанская бітва 1514 // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г.П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: “Беларуская Энцыклапедыя”, 2005. С. 250.

13). Jerzy Samuel Bandtkie. Dzieje narodu polskiego. — Wrocław, 1835. S. 92

14). Alexander von Bronikowski. Die Geschichte Polens. Bd. 2. — Dresden, 1827, S. 50

15). Stryjkowski, Maciej. Kronika polska, litewska, żmódzka i wszystkiéj Rusi. Volume 2. — Warszawa, 1846. S. 386.

16). Анатоль Грыцкевіч. Аршанская бітва 1514 // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г.П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 251.

17). Уладзімір Арлоў. 8 верасня 1514. Бітва пад Воршай // Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Менск, 1997.

18). З гэтымі лічбамі згаджаюцца М. Стрыйкоўскі, А. Гваньіні, рускія летапісы, С. Салаўёў, вайсковыя гісторыкі XX ст.

19). Паводле сьведчаньня М. Карамзіна.

20). Паводле М. Бельскага.

21). Паводле М. Стрыйкоўскага.

22). Acta Tomiciana III, № 232, 288, 289, 293, 295, 298, 301.

23). Карамзин Н.М. История государства Российского. Т. VII. — СПб., 1819. С. 69—70.

24). Александр Погорелый. 500 лет битве под Оршей. Сможет ли чистое поле стать центром туризма? (рас.) // Аргументы и факты. — 30 красавіка 2014. — № 18.

25). Граля И. Мотивы “Оршанского триумфа” в Ягеллонской пропаганде // Проблемы отечественной истории и культуры периода феодализма: Чтения памяти В. Б. Кобрина. — М., 1992. С. 46—50.

26). З. Жигульский-мл. “Битва под Оршей” — структура картины // Rocznik Historii Sztuki. t. XII. — Wroclaw-Warszawa-Krakow-Gdansk, 1981. S. 85-132.

27). М. Ткачев. Национальные символы: народ и история. // “Гербовед” №9 (21), 1997.

28). 37. Хто такі Кастусь Астрожскі? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.

29). Военная энциклопедия. Т. XVII. Петроград, 1914. — С. 186—187.

30). Трусаў, Алег (3 верасьня 2014) Адлюстраванне Аршанскай бітвы на старонках беларускіх падручнікаў. pawet.net.

31). Алег Ліцкевіч (сакавік 2009) “Слава Воршы ўжо не горша...” Гісторыя адной містыфікацыі. Беларуская Думка.

32). http://vershy.ru/content/balada-peremoze

33). http://vershy.ru/content/shlyakhetskaya

34). 8 верасьня — Дзень беларускай вайсковай славы // “Наша Ніва”, 8 верасьня 2007.

35). Івашкевіч, Стась (8.09.2003) Аршанская бітва: гісторыкі ваююць і па сёньня. “Naviny.by”.

36). Сёння Дзень беларускай вайсковай славы. “Хартыя’97” (8.09.2008).

37). Заўтра — Бітва пад Воршай. Horki.info (04.09.2009).

 

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

 

 

Бітва пад Рацлавіцамі


4 красавіка 1794 року войска нацыянальнага героя Беларусі Тадэвуша Касцюшкі разграміла маскалёўскіх акупантаў.

Бой пад Рацлавіцамі — адна з першых бітваў падчас Паўстання Касцюшкі супраць Расейскай імперыі. Адбылася 4 красавіка 1794 року каля вёскі Рацлавіцэ Малапольскага ваяводства.

Акрамя таго, Малапольскае ваяводства выставіла 11 гармат і 2000 ўзброеных косамі сялян (т.зв. касінераў), якія і мелі вырашальную ролю ў бітве.

Генерал Тормасаў з большымі сіламі атакаваў польскія войскі з фронту. Маскалёўскія войскі наступалі традыцыйным шчыльным мушкетным строем: плячо да пляча, у некалькі шэрагаў. Гэты лад забяспечваў гушчыню і бесперапыннасць вядзення агню, аднак не дазваляў манеўраваць. Касцюшка, які ўдзельнічаў у Амерыканскай вайне за Незалежнасць 1775—1783 рр., засвоіў больш перадавую тактыку, якую і ўжыў на поле бою: войска Касцюшкі вяло агонь праз натуральныя хованкі, выкарыстоўваючы перавагі ландшафту. Аддзелы касінераў пад асабістым кіраўніцтвам Касцюшкі, тым часам, незаўважна абышлі маскалёўскі аддзел і праніклі яму ў тыл. У выніку паспяховай і маланкавай атакі касінеры захапілі маскалёўскія гарматы і прымусілі маскалёўскія войскі да ўцёкаў.

Перамога пад Рацлавіцамі была тактычным поспехам, аднак падняла маральны дух паўстання, да яго далучыліся новыя вобласці: большасць польскіх зямель, Літва, Беларусь. Перамога таксама стала сігналам да Варшаўскага паўстання, што змусіла маскалёўскія войскі пакінуць сталіцу Рэчы Паспалітай 17 красавіка. У гонар атрыманай перамогі, Касцюшка прысвоіў некаторым сялянам-добраахвотнікам, што асабліва вызначыліся, званне харунжых, а ў гонар іх доблесці, на парадзе прайшоў перад войскамі ў нацыянальным малапольскім адзенні: сукмане — даматканым сялянскім каптане. Адным з прыгонных сялян, якія ўдзельнічалі ў бітве, быў Барташ Главацкі, які стаў пасля нацыянальным героем Польшчы.

Сцэны бітвы адлюстраваны на панараме "Рацлавіцкая бітва".


"Хартыя'97", 4 красавіка 2017 р.



Создан 04 апр 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter