Лугандонская зараза зьвіла кубло пад самым Менскам




У Сеніцкім доме культуры вісіць сцяг “днр” і партрэт Пуціна


Спявачка Жанэт, якая выпадкова сфатаграфавалася з сімволікай “днр”, наракае на Сеніцкі дом культуры. Гэта там яна пабачыла расцяжку непрызнанага ўтварэння.

 

Дырэктарка Сеніцкага дома культуры Наталля Цярэнцьева не бачыць праблемы ў сітуацыі.

— Які гэта можа выклікаць скандал? Там вісіць яно і вісіць. Гэта расцяжка гурту “СССР”, яны выступалі ў Данецкай рэспубліцы з канцэртамі і прывезлі сабе як сувенір. Нічога жахлівага не здарылася. Яны проста павесілі гэту сімволіку.

Аматарскі гурт “СССР” — два мужчыны ў камуфляжы, якія працуюць на базе Сеніцкага дома культуры. Яны блізкія да маскалёўскага Саюза ветэранаў Афганістана.

— На Данбасе мы пабывалі ўжо сем разоў, з самых першых абстрэлаў, — казалі яны ў нядаўнім інтэрв'ю. Ляталі і ў Сірыю, павіншаваць маскалёўскіх вайскоўцаў.Калі б нейкі гурт прывёз з сабой сімволіку “Правага сектара”, ці дазволіла б яе павесіць дырэктарка? "Вы мне такія пытанні не задавайце, — адказвае яна. — Мала хто дзе штосьці паклаў? Гэта ж іх асабістыя рэчы". Але запэўнівае, што хаця б сцяг фашысцкай Германіі ў Доме культуры не вісіць.

— А што вас бянтэжыць? — перапытвае Наталля Цярэнцьева. — Мы нідзе нічога не прапагандуем. У нас вісіць і партрэт прэзідэнта, і партрэт прэзідэнта Расеі, нічога дрэннага ў гэтым няма".

Напрыканцы размовы Наталля Цярэнцьева параіла звяртацца з пытаннямі да свайго наймальніка — у Менскі райвыканкам.


“Наша Ніва”, 22 красавіка 2017 р.

 

 

“Хто нас крытыкуе, той на баку фашыстаў”

 

Шал у беларускім інтэрнэце выклікалі здымкі з Сеніцкага дома культуры, што пад Менскам, у грымёрцы якога салісты мясцовага гурту “СССР” развесілі сцягі фэйкавых “рэспублік” гэтакзванае “Наваросіі”.

 

На фоне гэтай сімволікі мела неспадзяванку сфоткацца нават спявачка Жанэт, а кіраўніцтва клуба ў гэтым ніякай праблемы не ўбачыла.

 

“Наша Ніва” звязалася з гуртам “СССР”, каб высветліць, чым яны кіраваліся, прывозячы ў Беларусь сімволіку “днр”.

 

На нашыя пытанні адказаў саліст гурту Аляксандр Жадан — калегі сказалі, што ён умее “правільна гаварыць”.

 

Спявак пачаў з сустрэчнай крытыкі тых, хто пляжыў гурт “СССР” у Інтэрнэце.

 

— Нас крытыкавалі людзі, якія не ведаюць, што такое вайна. Як сабачкі: усе брэшуць і мы пабяжым-пабрэшам. Тыя, хто нас крытыкуюць — яны стаяць на баку фашыстаў. А гэтыя клерыкалы, якія пачынаюць ім падпяваць… Людзі, кажу вам, паехалі са мной — у мяне месца ў аўтобусе знойдзецца для двух-трох чалавек. Паглядзіце, як там жывуць, — сказаў ён і патлумачыў, чаму павесіў у грымёрцы (і не толькі) сцяг “днр”.

 

— Чаму сцяг “днр”? Найперш, я адтуль родам. Гэта мая радзіма. Нарадзіўся я ў Луганску, пасля жыў нейкі час у Крыме, пасля бацькі атрымалі кватэру ў Данецку. Далей я вучыўся ў Разані, ваяваў у Афганістане, пасля перавёз бацькоў у Беларусь, даслужваў тут у Віцебскай дывізіі.

 

Я чалавек у мінулым вайсковы, прайшоў дзве вайны, двойчы быў паранены, атрымаў тры кантузіі, пайшоў па творчай лініі. А што да назвы гурта, то я — жыхар Савецкага Саюза, ён у душы ў мяне жыве. Не тое, што хачу вярнуць усё, а менавіта адносіны — якія раней былі. І калі гінуць жанчыны і дзеці… Мы ў “Наваросіі” амаль 200 канцэртаў далі з 2014 рока — ездзілі там, дзе ніхто не ездзіў. У людзей вочы гараць пасля нашых канцэртаў, — расказвае Аляксандр.

 

Спявак таксама дадаў, што адразу пасля публікацыі ў СМІ яму пазванілі “з адміністрацыі” і загадалі зняць сцягі, але ён, маўляў, адмовіў.

 

— Мне спадабалася, як яны хутка пазванілі, не разабраўшыся ў сітуацыі: “Так, хутка паздымайце ўсе сцягі”. Пачакайце, чаму я ў сваёй студыі павінен здымаць сімволіку “Данецкай рэспублікі”? У мяне на адной сцяне сцяг “Металурга” жоўта-блакітны, на другой — “лдр”. Нашая адміністрацыя, не разабраўшыся… Я пазваніў у ідэалагічны аддзел Менскай вобласці, я з імі вельмі добра сябрую. Вось, Таццяна Мікалаеўна (Хмель — намесніца начальніка аддзела ідэалогіі — Рэд.), Галіна Тадэвушаўна, людзі выдатныя — сапраўдныя ідэолагі. Я так, чыста з боку як бы пацікавіўся, як вы ставіцеся да такой сітуацыі? Яны кажуць — негатыўна, мы не хочам, каб у нас тут дома было такое, усё залежыць ад нас. Таму нашыя патрыятычныя песні і тое, што нас паўсюль запрашаюць — гэта доказ слушнай пазіцыі, — перакананы Аляксандр Жадан.

 

Як сказаў саліст гурта “СССР”, у Беларусі ім арганізоўвае туры губернатар Менскай вобласці Сямён Шапіра.

 

— У Беларусі ў нас цяпер вялікі тур арганізоўваецца, зноў жа, дзякуючы адміністрацыі — губернатару. Па яго запрашэнні, па прапанове, зараз будзе ў нас 26 канцэртаў па гарадах Мінскай вобласці. Першы — у Слуцку, пачынаючы з 1 мая. Прымаюць нас выдатна ў Беларусі. А Расія проста на кавалкі рве. Мы вось зараз збіраемся: Калыма, Магадан, Якуція з вялікімі гастролямі. Пасля ва Уладзімір. У вайсковыя часці на Данбас запрашаюць. А на той бок (ва Украіну) я не паеду, каб мяне пасля сябры з турмы не даставалі. Не тое, каб яны нас як ворагаў успрымаюць, але я ж і ў Крыме быў. Памятаю, у 2014-м роке, разам з “Любэ”. Званок нам з упраўлення справамі расійскага прэзідэнта. Кажуць, хлопцы, заўтра а восьмай раніцы вы мусіце быць на ўрадавай стаянцы ва “Унукава”. Прыязджаем на сваім бусе, там “Любэ”. А куды ляцім, кажу? “А ляцім у Крым, ён стаў нашым”, — адказваюць. Для мяне гэта як бальзам — я там жыў, для мяне гэта таксама радзіма. І мы ў Севастопалі далі шыкоўны канцэрт. Гэтая дзяўчынка-інвалідка Юлія Самойлава — яна таксама з намі была ў Крыме, а яе цяпер на Эўрабачанне не пускаюць. Таму я кажу — не трэба артыстаў мяшаць з палітыкай, — выказаўся Аляксандр і перайшоў да таго, што бачыў на Данбасе.

 

— Я пісаў песню “Данбас у агні”. Яны ж там (украінцы) жудаснае робяць. Выставілі на лініі судакранання паходныя крэматорыі і, каб не казаць маці, проста спальваюць іх там, а пасля пішуць, што салдат знік без вестак. А крэматорыі працуюць і ўдзень і ўначы, — падзяліўся ўбачаным Аляксандр і прызнаўся, што праз ягоную пазіцыю шмат хто абарваў з ім стасункі.

 

Пры гэтым лідар “СССР” шчыра кажа, што корміць іх Расея.

 

— У нас 90% гастроляў па Расеі. Смаленскі губернатар аўтобус нам падарыў, апаратура… Ёсць людзі, якія дапамагаюць. Франц Клінцэвіч, напрыклад, — наш зямляк з Ашмянаў, мой баявы таварыш. Ён правобраз капітана Аляксея Серабракова з фільма “9 рота”, калі глядзелі. Запрашэнні ён часта нам дасылае, вядома, не бясплатна, нам за гэта добрыя ганарары плоцяць. Ну і ў мяне вайсковая пенсія, расейская — я перавёў туды. Каля тысячы даляраў у мяне пенсія. Спадзяюся, што і ў іншых афіцэраў хутка будуць высокія пенсіі, — выказаў надзею Жадан.

 

Пры гэтым пераязджаць у Расею ён не хоча:

 

— Ні за што не пераеду, хаця пашпарт маю расійскі. Нам жа асаблівым прэзідэнцкім указам выдалі пашпарты! Усіх Уладзімір Уладзіміравіч узнагароджвае медалямі і ордэнамі, а нас — прапіскай смаленскай і пашпартамі. Ведаеце, гэта не забаронена. Камітэт (КДБ) запрашаў, пытаюцца, а я кажу — госпадзі, ну задайце гэтае пытанне Уладзіміру Уладзіміравічу, чаму ён нам зрабіў такі падарунак. Мы ж з Беларусі ўсё роўна не з'язджаем і не з'едзем — у нас тут сем'і. У мяне трое дзяцей тут.

 

Толькі аднойчы мяне абурыла ў адным беларускім месте на 9 Траўня: прыехалі мы, а нам кажуць: давайце ў вайсковай форме не будзем выступаць, у вас шмат лірыкі, давайце яе, хай людзі патанцуюць, свята ўсё ж. А я кажу — гэта нашая гісторыя. Народ, які забывае гісторыю, пераўтвараецца ў статак, прыклад — мае землякі.

 

Арцём Гарбацэвіч

 

“Наша Ніва”, 27 красавіка 2017 р.

 



Создан 28 апр 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter