У Кіеве знойдзеныя матэрыялы пра паўстаньне сялянаў 1933 року ў Беларусі




У адкрытым для грамадзкасьці архіве СБУ Ўкраіны карэспандэнтка Свабоды знайшла матэрыялы справы (абвінаваўчы акт) пра беларускае сялянскае паўстаньне 1933 року, якое не адбылося. У справе ёсьць дэталі пра зброю і мэты мітычных паўстанцаў, ёсьць прозьвішчы ахвяраў і сьледчых. Няма толькі выраку, які верагодна, захоўваецца недзе ў архівах КДБ Беларусі (закрытых, у адрозьненьне ад архіваў СБУ).

 

Абвінаваўчы акт падпісаў Герман Лупекін, кіяўлянін паводле нараджэньня

 

Як і чаму гэты дакумэнт трапіў ва Ўкраіну? Дырэктар архіву СБУ Андрэй Когут апавядае пра распаўсюджаную практыку рэпрэсіўных органаў, калі з цэнтру ў рэгіёны накіроўваліся “ўзорныя дакумэнты” для вядзеньня аналягічных спраў.

— Гэты абвінаваўчы акт хутчэй за ўсё ёсьць копіяй, якая накіроўвалася па розных упраўленьнях як узорная або паказальная праца, з вучэбна-практычнай мэтай, — патлумачыў Андрэй Когут.


Антыкалгаснае паўстаньне


У Беларусі, як і ў іншых савецкіх рэспубліках, у 30-я рокі інтэнсіўна ствараліся калгасы. Барацьба з адзінаасобнымі сельскімі гаспадаркамі праводзілася пад лёзунгамі неабходнасьці зьнішчэньня носьбітаў “буржуазнай ідэалёгіі” на сяле. І тое, зь якім гвалтам і рэпрэсіямі ў дачыненьні да сялянства стваралася новая сацыялістычная вёска, сьведчыць пра глыбокі страх савецкай улады перад магчымасьцю арганізаванай барацьбы за зямлю тых, каго пазбавілі ўласнасьці і справы ўсяго жыцьця.

Зьнішчэньне асабістых гаспадарак прымушала сялян пераяжджаць у іншыя месцы, мяняць прозьвішчы і пачынаць новае, несялянскае жыцьцё, але іх знаходзілі, арыштоўвалі і асуджалі: традыцыйна для таго часу — “тройкамі”, а не судамі. Колькі такіх было спраў, немагчыма дакладна вызначыць, бо архівы беларускага КДБ застаюцца закрытымі для грамадзкасьці. Але пра маштабы рэпрэсіяў супраць заможнага сялянства ў Беларусі можна меркаваць па адной зь іх — пра “контррэвалюцыйную кулацка-паўстанчую арганізацыю ў Лагойскім памежным, Менскім прыгарадным раёнах і ў Менску”.


Агентурная справа “Ўцекачы”


Як вынікае з абвінаваўчага акту, гэтая справа стала працягам ліквідацыі ў 1928-1930 роках органамі ГПУ Беларусі 115 удзельнікаў “контррэвалюцыйных паўстанцкіх арганізацый”, якія кіраваліся нібыта з Польшчы. Адзін зь яе ўдзельнікаў — кулак Ігнат Ціхановіч, які абвінавачваўся ў “цеснай дзелавой сувязі” з расстраляным польскім шпіёнам і дывэрсантам Пятром Сяргеевым — уцёк і пачаў фармаваць новыя структуры з галоўнай мэтай — падрыхтаваць “узброенае паўстаньне для зьвяржэньня савецкай улады вясной 1933 року ў пэрыяд пасяўной кампаніі”.

Цэнтральны штаб паўстаньня знаходзіўся ў Менску, а ў ягоны склад уваходзілі былыя афіцэры царскай арміі ды дваране. Але кіраўнік штабу ў справе не называецца. На момант выяўленьня “мазгавога цэнтру” ў Лагойскім, Пухавіцкім, Дубровенскім, Краснапольскім ды Бешанковіцкім раёнах ужо былі нібыта створаныя 31 ячэйка пры мэханізаваных тэхнічных станцыях і 57 — у калгасах, якія яны абслугоўвалі.

“Сацыяльнай базай контррэвалюцыйнай арганізацыі ў асноўным былі кулакі”, — адзначаецца ў дакумэнце.


“Зрыў хлебанарыхтоўкі і тэракты”


З усіх 48 затрыманых толькі 14 чалавек прызналі сваю віну. У сваіх паказаньнях яны паведамлялі таксама пра падрыхтоўку зрыву хлебанарыхтоўкі, арганізацыю тэрарыстычных актаў у дачыненьні да савецкіх працаўнікоў і камуністаў.

“Савецкая ўлада зьнішчыла маю гаспадарку, раскулачыла мяне, мяне павінны былі выселіць за межы Беларусі. Да майго ўступленьня ў контррэвалюцыйную арганізацыю я жыў з мараю, што хутка мае прыйсьці канец савецкай улады, што так доўга ня можа трываць. Я яшчэ больш пераконваўся, што супраць савецкай улады трэба нешта рабіць, і я вырашыў цьвёрда — для таго, каб зрынуць існуючы лад, трэба арганізаваць такіх жа незадаволеных палітыкаю савецкай улады, контррэвалюцыйна настроеных людзей і весьці падрыхтоўку да ўзброенага паўстаньня. Я думаў, што паўстаньне зручна будзе падняць у момант ускладненьня дыпляматычных дачыненьняў імпэрыялістычных дзяржаў з Савецкім Саюзам і кіраваць Расеяю будуць памешчыкі ды капіталісты, якія вернуць да мінулага жыцьця высланых ды раскулачаных кулакоў”, — запісана ў пратаколе допыту Ігната Ціхановіча.

У матэрыялах справы адзначаецца, што арганізатар “узброенага паўстаньня супраць савецкай улады” паходзіў з пісьменных сялянаў, меў батракоў, адслужыў два гады ў Чырвонай Арміі і вярнуўся ў сваю гаспадарку. Тры гады з 1926 року спраўна плаціў індывідуальныя падаткі, пакуль яго ў 1931 роке не раскулачылі і не пазбавілі права голасу. Яго зьбіраліся выселіць, але ён уцёк з Лагойскага ў Пухавіцкі раён, дзе працаваў сьлесарам у райкамбінаце. Там жа яго і арыштавалі.

“Наша арганізацыя мела сваёй мэтай узброенае выступленьне ў момант вайны. Для гэтага арганізацыя вяла працу па вярбоўцы людзей, набывала зброю, праводзіла контррэвалюцыйную агітацыю за байкатаваньне дзяржаўных плянаў нарыхтоўкі”, — цытуюцца ў абвінаваўчым акце сьведчаньні Ціхановіча.

А ў часе затрыманьня ўдзельнікаў ягонай арганізацыі выявілі “51 камплект баявой зброі і яшчэ 317 адзінак — у раёне дзейнасьці арганізацыі”.


Адзіная жанчына сярод “паўстанцаў”


За ўдзел у падрыхтоўцы ўзброенага кулацкага паўстаньня арыштаваная і родная сястра Ціхановіча Ганна — “малапісьменная, несудзімая, беспартыйная, паводле саслоўя — кулачка, раскулачаная, пазбаўленая голасу”. Адзіная жанчына сярод затрыманых, яна не прызнала сваёй віны, але для савецкага правасудзьдзя гэта ня мела ўжо ніякага значэньня, бо яе брат — контррэвалюцыянэр, які прызнаўся ў падрыхтоўцы зьвяржэньня ўлады.

Сярод антысавецкіх “баевікоў” у гэтай справе праходзілі 10 мужчын на адно прозьвішча — Грынь. Ці былі яны родзічамі паміж сабой, у абвінаваўчым акце не адзначаецца, але паходжаньне затрыманых аднолькавае — сяляне-сераднякі ды кулакі. У тым жа сьпісе Дарафей Савасьцей, Васіль Міцько, Марцін Мароз, Піліп Мякто, Лука Хавалка, Казімір Аляхновіч і яшчэ дзясяткі іншых.


Судзіла “тройка”


Першыя затрыманьні ў гэтай справе пачаліся ў сьнежні 1932 року і завяршыліся ў лютым 1933 року; у красавіку сьледзтва было завершанае і перададзенае на разгляд “тройкі”. Абвінаваўчы акт падпісалі кіраўнік сакрэтна-палітычнага аддзелу ГПУ па БССР Лупекін, кіраўнік 2-га аддзелу СПА ПП Чарнышоў ды ўпаўнаважаны 2-га аддзелу СПА Левін.

Усе фігуранты справы пра кулацкае паўстаньне абвінавачваліся паводле артыкулаў 64, 72, 74 і 76 Крымінальнага кодэксу БССР ад 1928 року і адразу ж паводле аналягічных артыкулаў Крымінальнага кодэксу РСФСР. Усе яны прадугледжвалі найвышэйшую меру — расстрэл або абвяшчэньне ворагам народу з канфіскацыяй маёмасьці і пазбаўленьнем грамадзянства БССР ці іншай саюзнай рэспублікі, а тым самым — і грамадзянства СССР з выгнаньнем за ягоныя межы. Пры наяўнасьці зьмякчальных абставінаў абвінавачаныя маглі атрымаць тры гады пазбаўленьня волі з канфіскацыяй усёй або часткі маёмасьці.

 

Абвінаваўчы акт падпісаў Герман Лупекін, кіяўлянін паводле нараджэньня


Меры пакараньня гэтых раскулачаных сялян за падрыхтоўку “узброенага паўстаньня супраць савецкай улады” вызначаныя ўжо ў прысудзе. Але ён, відаць, захоўваецца ў іншых архівах — цяперашняга КДБ Беларусі ці Расеі, недаступных для дасьледнікаў, у адрозьненьне ад архіваў КДБ ва Ўкраіне.


Сумны фінал галоўнага абвінаваўцы


Цалкам магчыма, што гэтая справа была адной з частак яшчэ адной, якую ў 1933 роке таксама вёў вышэй згаданы Герман Лупекін (Новікаў) — пра “Беларускі нацыянальны цэнтар”, створаны беларускімі эмігрантамі з Польшчы таксама для “зьвяржэньня савецкай улады”. Лупекін нарадзіўся ў Кіеве ў сям?і грузчыкаў, меў пачатковую адукацыю і прафэсію сьлесара. Пасьля ўдзелу ў грамадзянскай вайне (ваяваў і на тэрыторыі Беларусі) працаваў у органах НКВД, а ў сярэдзіне 1938 року трапіў пад жорны сваёй жа сыстэмы — быў арыштаваны як удзельнік антысавецкай змоўніцкай арганізацыі ў НКВД ды праз паўгода расстраляны ў Маскве на прысуд Ваеннай калегіі Вярхоўнага Суду СССР. Праз “грубыя парушэньні законнасьці ў пэрыяд працы ў органах НКВД у пераглядзе ягонай справы і рэабілітацыі адмоўлена”.

 

Ці была сялянская змова?


Гісторык, намесьнік старшыні Ўкраінскага інстытуту нацыянальнай памяці Ўладзімер Тылішчак не выключае, што ў Беларусі ў 30-я рокі мінулага стагодзьдзя маглі рэальна існаваць такія “кулацкія” арганізацыі.

— Напрыклад, на тэрыторыі Ўкраіны, на Сумшчыне, такія групы дзейнічалі якраз у сярэдзіне трыццатых гадоў. Але зь другога боку, АГПУ, пачынаючы з 1930 року, актыўна займалася фабрыкацыяй такіх спраў. Відавочна, што трэба глядзець матэрыялы справы. І калі мы пабачым, што пратаколы допытаў ці абвінаваўчыя акты напісаны ўсе як пад капірку, то можна меркаваць, што гэтая справа сапраўды была сфабрыкаванай, а калі там ёсьць нейкія рэальныя рэчы, то цалкам верагодна і рэальнае існаваньне такога падпольля. Аднак часьцей чэкісты, спрабуючы апраўдаць сваю актыўнасьць, фабрыкавалі справы супраць сялян, якія выказвалі незадаволенасьць. Кожная такая справа патрабуе сур'ёзнай праверкі, але зусім не выключана магчымасьць існаваньня такой групы, — кажа гісторык.


Алена Літвінава

“Радыё Свабода”, 5 траўня 2017 р.



Создан 05 мая 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter