Пад Клічавам КДБ вывез школьнікаў у лес на дзіўную “экскурсію”




З чэкістамі паехаў і кіраўнік вайсковага аддзела Магілеўскай епархіі РПЦ.

Не заўсёды мясцовая раёнка, публікуючы фатаграфіі з якога-небудзь мерапрыемства, рэтушуе твары галоўных герояў да поўнай непазнавальнасці. Прычына ў тым, што дзейныя супрацоўнікі спецслужбы павінны быць невядомымі. Сёлета яны святкуюць 100-рочче з дня заснавання сваіх дзяржорганаў з неадназначнай спадчынай, піша сайт 6tv.by.

 

 


На гэты раз таемныя агенты сабралі на мітынг у мемарыяльным комплексе “Усакіна” дзяцей з магілеўскіх школ №22 і №8, а таксама выхаванцаў вайскова-праваслаўнага і вайскова-патрыятычнага клубаў “Перасвет” і “Сокал”, каб ушанаваць памяць спецатрада НКУС-НКДБ “Слаўны”. З імі прыехаў і кіраўнік вайсковага аддзела (і такі, выяўляецца, ёсць) Магілеўскай епархіі РПЦ Сяргей Лабада. На мерапрыемства з'ехаліся нават прадстаўнікі УКДБ усіх без выключэння абласцей Беларусі і курсанты менскага Інстытута нацыянальнай бяспекі.

“Слаўны” быў фактычна быў першым савецкім спецназам. Атрад з паўсотні чалавек быў створаны ў лютым 1942 рока на наўпроставае ўказанне начальніка 4-й управы НКУС Паўла Судаплатава. Цягам трох дзён былі сабраныя ўсе найлепшыя на той момант спартоўцы краіны — рэкардсмены свету, чэмпіёны СССР, майстры спорту, якія прайшлі спецпадрыхтоўку і былі закінутыя за лінію фронту. Дыслакацыя — чыгунка Бранск — Гомель. У траўні 1943 рока атрад пайшоў у рэйд па Беларусі і асеў пад Клічавам. Цікава, што ў некаторых крыніцах паказана, як апынуўшыся фактычна ў цэнтры партызанскага руху, “Слаўны” трымаўся асабняком ад мясцовага насельніцтва і партызан.

 


Камандзірам атрада ўвесь гэты час быў капітан Анатоль Шастакоў. Да красавіка 1944 рока ў складзе спецназа ўжо было 270 чалавек і фармаванне пачало выходзіць іх з Клічаўскіх лясоў. У адным з баёў камандзір загінуў, а на ягонае месца быў прызначаны нашчадак французскага рэвалюцыянера, які змагаўся яшчэ на барыкадах Парыжскай камуны Конрад Анры Мадзей — такія людзі таксама былі сярод партызан. Да моманту вызвалення Менска ад гітлераўцаў “Слаўны” злучыўся з перадавымі часткамі Чырвонае Арміі і праз месяц атрад расфармавалі.

За час баявых дзеянняў спецатрад страціў 80 чалавек забітымі, чвэрць з якіх (21 баец) спачывае на востраве Верамееўка сярод Клічаўскага балот. Менавіта іх памяць і наважылі ўшанаваць ветэраны і дзейныя супрацоўнікі КДБ. Праўда, пасля рэквіема, хвіліны маўчання і маршу па лясах да Верамееўкі з дзецьмі працавалі дзіўныя людзі ў камуфляжы з шаўронам “Мы рэдка брыемся і ніколі не здаёмся”.

 


Гэта, вядома, цікава, як мяркуе моладзь, але адцягвае ўвагу ад драмы найлепшых байцоў СССР. Відавочна пра трагедыі людзей цяперашнія шпіёны дзецям не распавядаюць. Але ад фактаў не сысці. У 1953 роке стваральнік атрада Павел Судаплатаў быў арыштаваны ўласнымі калегамі з КДБ і асуджаны на 15 рокаў пазбаўлення волі. Ён цалкам адбыў тэрмін і быў рэабілітаваны толькі ў 1992 роке.


“Хартыя'97”, 8 траўня 2017 р.

 

Магілёўскі Рэгіён



Обновлен 16 мая 2017. Создан 08 мая 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter