Гісторыя й дойлідства Краснага Берау




Красны Бераг (Гомельская вобласьць)


Кр`асны Б`ераг[1] — вёска ў Жлобінскім раёне Гомельскай вобласьці, за 5 км на поўдзень ад шашы М5, за 20 км на паўночны захад ад Жлобіна. Красны Бераг уваходзіць у склад і зьяўляецца цэнтрам Краснабярэскага сельсавету.

У 1317 роке ў летапісе ўпершыню ўпамінаецца вёска Красны Бераг. Потым больш за два стагодзьдзі маўчаньне і ў 1528 роке мясцовы памешчык Аляксей Зяньковіч прадае свае драўляныя будовы іншаму ўладару. Вось з гэтых пісьмовых крыніц дакладна вядомая вёска Красны Бераг, якая ў той час уваходзіла ў Рэчыцкі павет Менскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. Пасьля Аляксея Зяньковіча да пачатку ХХ стагодзьдзя ўладарамі Краснага Берагу былі Солтаны, Варанецкія, Фаміны, Грыневічы, Багародзкія, Гатоўскія, Паклеўскія-Козел.

У 1654 роке на долю жыхароў Краснага Берагу выпалі жорсткія выпрабаваньні. Навакольныя вёскі, у тым ліку і Красны Бераг, амаль зусім зьніклі.

Да восені 1708 року Карл XII вымушаны быў павярнуць на поўдзень у кірунку Ўкраіны і Красны Бераг апынуўся на шляху войскаў швецкага караля.

1 верасьня 1812 року ў мястэчку Kazimirov, у 12 вёрстах паўднёвей Krasnoiberegh адбыўся бой паміж маскалёўскім атрадам і польскай брыгадай. Маскалёўскі атрад панёс у гэтым баі значныя страты і адступіў. Пасьля гэтага батальёны Баранава, рух якіх стрымліваў вялікі абоз, занялі Krasnoiberegh і St:Pobolov і накіраваліся да Бабруйску.

У сярэдзіне кастрычніка 1862 року сяляне з маёнтка Красны Бераг сталі выкупляць зямлю ў памешчыка Грыневіча, а пасьля паўстаньня, у 1866 роке, у нашчадкаў яго Красны Бераг купіў ваенны інжынэр, палкоўнік Бабруйскай фартэцыі Аляксандр Іванавіч Багародзкі. Ён валодаў гэтым маёнткам у 759 дзесяцін зямлі па купчай крэпасьці з 1866 року.

16 (28) лістапада 1873 року першы цягнік прайшоў праз станцыю Красны Бераг з Бабруйска да Гомеля. Ваенны інжынэр, генэрал-маёр Гатоўскі Міхаіл Сямёнавіч у 1877 роке купіў маёнтак у свайго калегі палкоўніка А.І. Багародзкага. У 1889 роке ўжо генэрал-лейтэнант Міхаіл Сямёнавіч і яго жонка дваранка Марыя-Юзэфа Гатоўская валодалі маёнткам Красны Бераг ў Сьцяпской воласьці ў 847 дзесяцін зямлі. У гэты час па праекце маскалёўскага дойліда Віктара Шротэра, які скончыў Санкт-Пецярбурскую акадэмію мастацтваў, затым бэрлінскую Акадэмію мастацтваў быў пабудаваны палац (1893 р.). Адначасова з узьвядзеньнем палаца побач зь ім быў разьбіты ангельскі парк пэйзажна-рэгулярнага тыпу па праекце знакамітага варшаўскага садавода Францішака Шаніёра, які садова-паркаваму мастацтву вучыўся ў Францыі, а ў Варшаве быў адказны за сад і парк каралеўскага палаца.

Пасьля сьмерці Міхаіла Сямёнавіча Гатоўскага ў 1900 роке спадчынны маёнтак Красны Бераг Бабруйскага павету быў перапісаны на імя дваран Гатоўскіх і сядзіба Красны Бераг перайшла да мужа Марыі Гатоўскай, Вікенція Альфонсавіча Паклеўскага-Козел. У 1905 роке рэвалюцыйная сытуацыя ў Масковіі адгукнулася ў Красным Беразе спробай мясцовых сялянаў абрабаваць панскі маёнтак, але казакі, якія апэратыўна прыбылі з Бабруйскай крэпасьці, спробы гэтыя спынілі.


Пасьля рэвалюцыі 1917 року маёнтак у Красным Беразе быў нацыяналізаваны. У жніўні 1920 року Народны камісарыят земляробства Рэспублікі Беларусь пастанавіў зрабіць на базе панскага маёнтка Красны Бераг Бабруйскага павету ніжэйшае сельгасвучылішча І ступені, у якое пераехалі вучні з Азарыцкай і Бабруйскай сельскагаспадарчых школ. У вёсцы Красны Бераг у 1930 роке быў утвораны саўгас “Красны Бераг”, у вёсцы Краснабярэская Слабодка і станцыя Красны Бераг — калгас “Чырвоны камунар”. Напрыканцы 20-х рокаў ХІХ стагодзьдзя ў Красным Беразе пачаліся вялікія будоўлі:

на вуліцы Каапэратыўнай у канцы 20-х рокаў пачала працаваць павідлаварка, якая ў 30-х роках была перайменавана ў варэньневарачны завод;
на беразе Добасны ў верасьні 1931 року пачаў працаваць крухмальны завод, да якога быў пракладзены чыгуначны пуць. Першапачаткова тут працаваў 41 чалавек;
у лесе, у ліпені 1936 року, у канцы вуліцы Каапэратыўная, разьмясьцілася база захоўваньня гаручага. Да яе ад станцыі быў пракладзены чыгуначны пуць;
у 1936 роке паміж крухмальным заводам і чыгункай быў пабудаваны новы будынак 7-рочнае школы.

З 14 жніўня 1937 року вёска зьяўляецца цэнтрам Краснабярэскага сельсавету Жлобінскага раёну і 15.01.1938 рока ўвайшла ў склад Гомельскай вобласьці.

Вёска Красны Бераг была занята фашыстамі 5 ліпеня 1941 року і вызвалена 25 чэрвеня 1944 року. За тры гады акупацыі ў невялікай вёсачцы фашысты стварылі ў раёне чыгуначнага вакзала адзін з найбуйнейшых перасыльных пунктаў Гомельскай вобласьці, а таксама велізарны шпіталь для лячэньня салдат і афіцэраў. У 1943 роке ў вёсцы Красны Бераг ствараецца адзін зь пяці дзіцячых донарскіх канцлягераў для дзяцей — поўных донараў. Празь перасыльны пункт в Красны Бераг прайшло больш за 15 тысячаў чалавек, зь іх 12 тысячаў — гэта дзеці да 15 рокаў. Падлічыць, колькі дакладна загінула людзей у раёне перасыльнага пункта ў Красным Беразе, да гэтага часу не ўдалося, але па прыблізных дадзеных гэта каля 5,3 тысячы чалавек, зь іх 4,5 тысячы — дзеці да 15 рокаў.

У 1960—1970–х роках у вёсцы была вайсковая часьць №55461, крухмала-патачны завод (крухмальных заводаў у Беларусі шмат, а крухмала-патачны адзіны), варэньневарачны завод, цэх першаснай перапрацоўкі малака, хлебапякарня, 2 саўгасы: “Краснабярэскі” і “Саўгас-тэхнікум”, лясьніцтва, магутная электрападстанцыя, чыгуначная станцыя, 4 харчовыя магазіны, 2 магазіны гаспадарчых вырабаў, 2 прамтаварныя магазіны, абутковы, кніжны, 3 сталоўкі, 2 невялікія буфэты. У сацыяльную структуру вёскі ўваходзілі сельскагаспадарчы тэхнікум, сярэдняя і музычная школы, бібліятэка, 3 дзіцячыя ясьлі-садкі, Дом культуры, два аддзяленьні сувязі, аптэка, 4 кінатэатры. Раз у месяц прыязджалі вагон-лаўка і вагон-клюб.

Да 1962 року ў склад Краснабярэскага сельсавету ўваходзілі пасёлак вучгасу “Красны Бераг”, пасёлак чыгуначнай станцыі “Красны Бераг” — Прыстань, пасёлак Новы Александроў, хутары Прырэчча, Расьсьвет, Цёсы, Кадзішча.

15 кастрычніка 2009 року вёска Красны Бераг зарэгістравана як аграгарадок.


Транспарт


Станцыя на чыгуначнай лініі Менск — Гомель. Транспартныя сувязі па прасёлкавай, а затым аўтамабільнай дарозе Бабруйск — Гомель. Пляніроўка складаецца з двух падзеленых чыгункай частак: паўночнай (доўгая крывалінейная і паралельная да яе прамалінейная вуліцы блізкай да мерыдыянальнай арыентацыі) і паўднёвай (забудова ў шыротным кірунку з абодвух бакоў чыгункі). Жылыя і гаспадарчыя будынкі пераважна драўляныя, сядзібнага тыпу. Побач са старой забудовай у 1987 роке будаўнікі з гораду Маладэчна пабудавалі вуліцу з цагляных дамоў (25 будынкаў катэджнага тыпу) і ў 1993 роке жлобінскія будаўнікі ўзьвялі другую такую ж вуліцу, дзе разьмясьціліся преселенцы з забруджаных радыяцыяй у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС месцаў. Адна з новых вуліцаў атрымала імя Паганянская ад назвы вёскі Пагоннае Хойніцкага раёну, частка жыхароў якой перасяліліся ў Красны Бераг.


Насельніцтва:


2010 рок — 2280 чалавек
1999 рок — 2550 чалавек


Помнікі дойлідства:


Палацава-паркавы комплекс Козелаў-Паклеўскіх (адчынены пасьля рэстаўрацыі ў 2015 роке)
Мэмарыял беларускім дзецям — ахвярам фашызму (адчынены ў 2007 роке)


Ураджэнцы:


Гаўрыльчык Уладзімір Пятровіч, Дзяржаўны саветнік юстыцыі ІІІ класа, Ганаровы работнік пракуратуры СССР, Пракурор Гомельскай вобласці (1984—2000 рр.).
Гаўрыльчык Яўген Нічыпаравіч (1928—2001 рр.), "Заслужаны майстар прафтэхадукацыі БССР" (1985 р.).
Гаварушка Пётр Іванавіч (1923—1997 рр.), прафэсар Ленінградзкай (Санкт-Пецярбурскай) Дзяржаўнай кансэрваторыі (Акадэміі) ім. Н.А. Рымскага-Корсакава. Заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР (1978 р.). Сапраўдны член Пятроўскай Акадэміі навук і мастацтваў (1997 р.). Аўтар падручнікаў "Асновы гульні на баяне" (1963 р.), "Школа гульні на баяне" (1965 р.).
Галавач Любоў Марцінаўна, урач, “Ганаровы грамадзянін м. Светлагорск”, Рэспубліка Беларусь.
Грахоўскі Іван Аляксандравіч (1885—193? рр.), бацька вядомага беларускага паэта і пісьменьніка Грахоўскага Сяргея Іванавіча (1913-2002 рр.). У 1936 роке арыштаваны і пакараны за “сувязь з нацыяналістамі”.
Кавалёў Анатоль Іванавіч, намеснік міністра эканомікі РБ (1997—2002 рр.).
Казлоўская Юлія Апанасаўна (1909—1963 р.), маці беларускага і маскалёўскага пісьменніка, празаіка, паэта, літаратурнага крытыка, перакладчыка Ласкова Івана Антонавіча.
Мінакова Людміла Мікалаеўна, дацэнт ГДУ, кандыдат філалагічных навук.
Памяцінскі Павел Кандрацьевіч (06.11.1903—17.07.1952 рр.), прадзед зоркі сусветнага жаночага тэніса Шарапавай Марыі.
Раманенка Леанід Дзмітрыевіч (14.08.1928—15.04.1987 рр.), выпускнік і выкладчык Краснабярэжскага сельскагаспадарчага  тэхнікума, Заслужаны настаўнік БССР.
Рудкоўскі Раман Раманавіч, горны інжынэр-геафізык, кандыдат геоляга-мінералягічных навук (1991 р.).
Ткачоў Павел Мікітавіч (1926—2013 рр.), паэт, краязнаўца, празаік.
Хорт Пётр Васільевіч, выпускнік Краснабярэжскай школы (1971 р.) і Краснабярэжскага саўгас-тэхнікума (1975 р.), генеральны дырэктар рэспубліканскага навукова-вытворчага аб’яднання “Лён Беларусі”, дырэктар  інавацыйных праектаў.
Шкляр Юрый Львовіч, дацэнт Менскага Дзяржаўнага Лінгвістычнага Ўнівэрсытэту (нямецкая мова), кандыдат філалягічных навук (1987 р.).


Крыніцы:


1). Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н.А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В.П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4.

__________

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

 

 

Гісторыя Краснага Берага


Красны, ці Чырвоны Бераг — вёска і чыгуначная станцыя (на лініі Бабруйск — Жлобін), цэнтр Чырвонабярэжскага с/с, 21 км на ПнЗ ад Жлобіна, 104 км ад Гомеля, на р. Добасна (прыток р. Дняпро). Транспартныя сувязі па прасёлачнай, а затым аўтадарозе Бабруйск — Гомель. 797 гаспадарак, 2359 жыхароў (2004 р.). 

Па пісьмовых крыніцах вядома з XVI ст. як сяло ў Рэчыцкім павеце Менскага ваяводства ВКЛ. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793 р.) у складзе Расейскай імперыі. У пачатку ХІХ ст. ў валоданні М. Хатоўскага, затым В.А. Козел-Паклеўскага. У 1844 р. гаспадар маёнтка палкоўнік Багародскі меў 759 дзесяцін зямлі. У 1845 р. ў вёсцы 18, у гаспадарчым двары — 23 жыхары, у Сцяпоўскай волосці Бабруйскага павета Менскай губерні. Дзейнічаў вадзяны млын. У 1870 р. 200 жыхароў. Са здачай у эксплуатацыю чыгункі Бабруйск — Гомель у лістападзе 1873 р. за 1 вярсту ад вёскі пачала працаваць чыгуначная станцыя. Апрача земляробства, вяскоўцы займаліся рознымі промысламі, найбольш шырокае распаўсюджанне сярод якіх атрымаў выраб бытавых рэчаў з дрэва (іх узоры экспанаваліся нават у Магілеўскім губернскім музеі). Паводле перапісу 1897 р. 362 жыхары, хлебазапасны магазін, заезны дом. 

У 1890—93 рр. на паўночнай ускраіне, на беразе ракі Дабосна, сфармаваўся комплекс сядзібы Козел-Паклеўскага, які ўключае дом (пабудаваны па праекце дойліда Я. Шрэтэра, у ім зараз размешчаны Чырвонабярэжскі аграрны каледж), гаспадарчыя пабудовы і парк (каля 10 га, 153 пароды дрэў і 44 пароды кустоўя, занесены ў лік помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння). У 1901 р. адкрыта школа, якая размясцілася ў будынку былой карчмы, а ў 1912 р. на чыгуначнай станцыі адкрыта царкоўна-прыходская школа. З 1914 р. дзейнічала паштова-тэлеграфнае аддзяленне. У сакавіку 1918 р. ўваходзіць у склад абвешчанай БНР. У 1920 р. адкрыта сельска-гаспадарчае вучылішча, а ў 1922 р. на яго базе створаны сельска-гаспадарчы тэхнікум (з 2002 р. — аграрны каледж). У 1925 р. 88 двароў у вёсцы і 13 — на чыгуначнай станцыі. Дзейнічалі саўгас “Чырвоны Бераг”, крухмальны завод (41 рабочы), арцель па здабычы торфу, нафтавы і ветраны млыны, кузня, мяцёлачная арцель і павідлаварка. З 14.8.1937 р. цэнтр Чырвонабярэжскага с/с Жлобінскага раёна, з 20.2.1938 р. Гомельскай вобласці. У Другую сусветную вайну дзейнічалі 2 падпольныя групы, якія затым далучыліся да партызанскага атрада. У будынку сельгастэхнікума акупанты стварылі свой гарнізон, які партызаны ў 1943 р. разграмілі. Са створанага гітлераўцамі ў Чырвоным Беразе дзіцячага перасыльнага лагера было вывезена ў Германію 1990 дзяцей і падлеткаў ва ўзросце ад 8 да 14 рокаў. У вайну загінулі 110 вяскоўцаў, памяць аб якіх ушаноўвае стэла з імёнамі загінуўшых, пастаўленая ў 1967 р. на тэрыторыі тэхнікума. 

Паводле перапісу 1959 р. ў вёсцы 580, на чыгуначнай станцыі 145, у пасёлку вучэбнай гаспадаркі 529 жыхароў. У 1962 р. да вёскі далучаны пасёлак вучгаса “Чырвоны Бераг”, у 1974 р. — в. Прыстань, да якой у 1966 р. быў далучаны пасёлак крухмальна-патачнага завода, пасёлак чыгуначнай станцыі “Чырвоны Бераг”. У Чырвоным Двару крухмальна-патачны завод, сярэдняя і музычная школы, Дом культуры, бібліятэка, дзіцячыя яслі-сад, бальніца, 2 аддзяленні сувязі, магазін. Планіровачна складаецца з дзвюх падзеленых дарогай частак: паўночная (працяглая крывалінейная і паралельная да яе прамалінейная вуліцы блізкай да мерыдыянальнай арыентацыі) і паўднёвая (забудова ў шыротным накірунку абапал чыгункі). Жылыя і гаспадарчыя будынкі пераважна драўляныя, сядзібнага тыпу. Побач са старой забудовай у 1987 р. будаўнікі м. Маладэчна ўзвялі вуліцу з мураваных дамоў (25 будынкаў катэджнага тыпу) і ў 1993 р. жлобінскія будаўнікі ўзвялі другую такую ж вуліцу, дзе размясціліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй месц. Адна з новых вуліц называецца Паганянская ад вёскі Пагонная Хойніцкага раёна, частка жыхароў якой тут пасялілася. 

У склад Чырвонабярэжскага с/с уваходзілі да 1962 р. пасёлак вучгаса “Чырвоны Бераг”, пасёлак чыг. станцыі “Чырвоны Бераг”, хутар Прырэчча, хутары Рассвет, Цёсы, да 1974 р. в. Прыстань, да 1966 р. хутар Кадзішча (не існуюць).


Крыніца:

Гарады і вёскі Беларусі. Гомельская вобласць
Мінск, “Беларуская Энцыклапедыя”, 2004

 


Сядзіба-паркавы комплекс Козел-Паклеўскіх


Сядзіба размешчана над р. Дабосня, на ўскрайку вёскі Чырвоны Бераг. У першай палове ХІХ ст. была ўласнасцю рода Багародзкіх, у якіх яе выкупіў у 1891 р. генерал-інжынер М. Гатоўскі (1820—1900 рр.). Як пасаг сядзіба дасталася яго дачцэ Марыі, якая была замужам за В. Козел-Паклеўскім (меў велізарныя ўладанні на Урале), сынам знатнага прадпрымальніка і грамадскага дзеяча Альфонса Козел-Паклеўскага. На замову ўладальнікаў маёнтка дойлід Яўген Шрэтэр у 1890—1893 рр. узводзіць тут палац у модным стылі мадэрн.

Аграмадны будынак прывабны і ўражлівы не толькі незвычайнай прасторавай кампаноўкай, але і вынаходніцкімі адносінамі да архітэктурнага дэкору. Кампазіцыю будынка характарызуе разнастайнасць аб'ёмных элементаў, ускладненасць і шматпланавасць іх кампаноўкі, маляўнічасць сілуэта, багацце каляровай і святлоценявой мадэліроўкі, пластычнасць і выразнасць пераважна гатычных дойлідскіх формаў. Палац неаднародны па аб'ёмнай пабудове і нерэгулярнай планавай арганізацыі. Вырашаны двухпавярховым аб'ёмам з дзвума вежамі, рызалітамі, аркадным уваходным ганкам, а таксама прыбудаваным аднапавярховым крылом. Цікава адзначыць ідэнтычнае вырашэнне галоўнага ўвахода ў будынак у выглядзе тэрасы на масіўных слупах з сядзібамі Свіслач і Тарнова на Гарадзеншчыне.

Масіўнасць будынка падкрэслівае буйны руст і каменна-блочная муроўка, а яго пластычнасць — ломаны "французскі" дах. Пры дэкараванні яго дойлід ужывае акрамя гатычных элементаў запазычанні з эпохі Рэнесанса. Маляўнічасць будынку надае натуральны колер цаглянай муроўкі, на фоне якой вылучаюцца светлыя, выкладзеныя з пясчаніку элементы дэкору — вежы, ліштвы вокнаў, прафіляваныя карнізы.

Як і большасць мадэрністаў Я. Шрэтэр не здолеў цалкам адмовіцца ў гэтай пабудове ад выкарыстання элементаў гістарычных стыляў: у прыватнасці готыкі, выкарыстоўваючы стральчатыя праёмы, контрфорсы і хімеры на вадасцёках. Але эклектычная разнастайнасць стыляў эпохі выявілася ў мастацкай трактоўцы інтэр'ераў калідорна злучаных пакояў палаца (універсальная анфілада адыходзіць у мінулае), яго раманскай, гатычнай, рэнесансавай, кітайскай, ракайльнай і арабскай залах. Апошняя была абсталявана арыгінальнай экзатычнай мэбляй, інкруставанай перламутрам і слановай косцю з Дамаска, а таксама персідскімі дыванамі. Бальная зала была вырашана ў стылі Людовіка XVI. Будуар меў насценныя люстры ў разных рамах, мастацкае афармленне салонаў выканана А. Бароўскім.

Акрамя стылёвай мэблі палацавыя інтэр'еры значна ўзбагачалі вырабы з бронзы (фірма Лапенскіх), венецыянскі крышталь, англійскі фаянс, французская парцэляна і найбагацейшая галерэя партрэтаў, сярод якой карціны С. Бакаловіча, Г. Семірадскага, копіі Караваджа, Айвазоўскага, Кандраценкі, Лампі.

У час будаўніцтва палаца паркабудаўніком Ф. Шанёрам быў высаджаны новы парк у англійскім пейзажным стылі, за ім — пладовы сад і фазанавая ферма. У парку былі адкрытыя газоны, сажалкі. Гатычную стылявую аўру сядзібнаму комплексу стварала ўязная брама, магутны гаспадарчы комплекс з броварам, стайнямі, свіранамі, які быў вынесены за межы рэпрэзентатыўнай часткі сядзібы. У стылі французскага рэнесансу вырашаны і двухпавярховы флігель сядзібы.

Пасля рэвалюцыі 1917 р. палац разрабавалі, пазней тут зрабілі дзіцячы дом, што зберагло яго ад канчатковага разбурэння сялянска-пралетарскімі масамі. Па Другой сусветнай вайне арганізавалі сельска-гаспадарчую вучэльню. У 2008 р. пачалася рэстаўрацыя сядзібнага дома.


Крыніца:

А.М. Кулагін
Эклектыка
Мінск, Ураджай, 2001

 


Красны Бераг


Палацава-паркавы ансамбль у мястэчку Красны Бераг унікальны для Беларусі, тым што вельмі добра захаваўся.

Па словах дасведчаных людзей рэстаўрацыя самаго палаца вядзецца з розумам і без характэрнага для нашага часу аўрала.

 

На невялікай па памерах тэрыторыі можна заўважыць разнастайнасць дойлідскіх стыляў і на некаторы час адпачыць ад безаблічных пабудоў савецкага і постсавецкага перыяду.

Для гэтага дастаткова набыць квіток на цягнік рэгіянальных ліній ад станцыі Бабруйск (Бярэзіна) да станцыі Красны Бераг. Затым ўздоўж возера рухацца на поўнач.

Што датычыцца назвы населенага пункта "Красны Бераг", то гэта назва была яшчэ да зараджэння ідэй марксізму-ленінізму. Сінонімам слова "Красны" з'яўляецца слова "Прыгожы". Бальшавікі ж зрабілі просты пераклад Красны=Чырвоны, так і паўстала назва "Чырвоны Бераг".

Маёнткі ў мястэчку Красны Бераг існавалі з пачатку ХІХ стагоддзя. У 1815 роке адным з першых уладальнікаў маёнтка, стаў беларускі памешчык Грыневіч. Род Грыневічаў прымаў актыўны ўдзел у паўстанні 1863 рока. Пасля падаўлення якого маёнтак Грыневічаў у Красным Беразе перайшой палкоўніку маскалёўскае арміі Багародскаму, які ў 1877 роке (па некаторых звестках у 1867 роке) прадаў гэты маёнтак (965 дзесяцін зямлі) за 6200 рублёў генерал-лейтэнанту нжынерыі Міхаілу Сямёнавічу Гатоўскаму.

Палац будаваўся з 1890 па 1893 рок, аб чым сведчыць дата, выбітая на флюгеры эркернай вежы галоўнага фасада будынка.

 


Для будаўніцтва палаца быў запрошаны вядомы дойлід Віктар Аляксандравіч Шротэр (ням. Alexander Gottlieb Schroter (1839—1901рр.), маскаль нямецкага паходжання з Санкт-Пецярбурга. Спачатку ён скончыў Санкт-Пецярбургскую акадэмію мастацтваў, затым навучаўся ў Берлінскай акадэміі мастацтваў. Шмат падарожнічаў, вывучаў дойлідства Германіі, Бельгіі, Францыі, Швейцарыі, Італіі, Аўстрыі. На момант пабудовы палаца Шротэр быў ужо даволі вядомым і папулярным дойлідам.

Яго стыль, так званы цагляны, распаўсюджаны ў рацыянальнай дойлідстве Масковіі апошняй трэці ХІХ ст. Просты і практычны сродак аздаблення фасадаў прыйшоў на змену недаўгавечнай тынкоўцы. Пры ўзвядзенні будынка муроўка пакідалася неатынкаванай альбо абліцоўвалася якаснай цэглай, а выкарыстанне паліхромнай цэглы і прыроднага каменя ўзбагачала мастацкія якасці дойлідства.

Шротар першым ў Расейскай імперый стаў абліцоўваць фасады без тынкоўкі — абпаленай ў моцным агні цэглай і натуральным каменем.

Дойлідства Сядзібнага дома канца ХІХ стагоддзя спалучае дойлідскія прыёмы дзесяці розных стыляў: ракако, маньерызм, ампір, французскі класіцызм. Тут былі гатычныя, рэнесансныя, раманскія залы і нават памяшканні ў арабскім стылі. Як кажуць знаўцы дойлідства, вонкава ён аддалена нагадвае некаторыя замкі і палацы Баварыі.

У 1898 роке Гатоўскі дорыць маёнтак сваёй дачце Марыі ў якасці пасагу да вяселля. Яе муж Вікенцій Альфонсавіч Козел-Паклеўскі стаў новым ўладальнікам маёнтка.

Род Козел-Паклеўскіх дасткова вядомы ў Вялікім княстве Літоўскім. Па адной з версій (на мой погляд больш падобнай на праўду). У 1415 роке заснавальнік роду Козел выконваў пры вялікім князі Вітаўце дыпламатычныя даручэнні. То бок быў паслом Вялікага князя ў м. Вісліца (Польшча) У далейшым яго нашчадкі займалі самыя высокія дзяржаўныя пасады. Так у 1504 роке ўзгадваюцца браты Ян і Мікалай Козлы, ложнічыя караля польскага і Вялікага князя Літоўскага Аляксандра.

 

Англійскі парк у Красным беразе

Англійскі парк у Красным беразе


Па іншай версіі (на мой погляд меньш падобнай на праўду) пачынальнікам Козел-Паклеўскіх з'яўляўся нейкі маскалёўскі дваранін Пётр Казлоў, які разам з Андрэем Курбским, падчас Лівонскай вайны перайшоў на бок Рэчы Паспалітай і атрымаў за гэта ад караля Жыгімонта-Аўгуста маёнтак Паклева.

Як бы там не было гэтыя выхадцы з беларускага Прыдняпроўя валодалі ўласнасцю ў многіх паветах Вялікага княства. Напачатку ХVІІ стагоддзя ад назвы аднаго з маёнткаў — Паклева — у Ашмянскім павеце яны сталі звацца Казёл-Паклеўскімі.

Адна з галін Козел-Паклеўскіх асела ў Быкаўшчыне (Лепельскі раён), другая - у Сэрвічах, што на Вілейшчыне.

Пазделы Рэчы Паспалітай абедзве сямейныя галіны Козел-Паклеўскіх успрынялі па рознаму. Прадстаўнікі Вілейскай галіны сталі актыўнымі ўдзельнікамі паўстання 1830—1831, 1863—1864 рокаў.

У студзені 1863 рока пачалося паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, якое падтрымала амаль уся шляхта Вялейшчыны. Вялейскі аддзел паўстання ўзначаліў нашчадак старажытнага шляхецкага рода, Вінцэнт Козел-Паклеўскі з Сэрвачы. Ягоны брат, Ян, быў бліжэйшым паплечнікам Кастуся Каліноўскага.

 

Татэм Козел-Паклеўскіх

Татэм Козел-Паклеўскіх


Нягледзячы на тое, што сваякі стаялі па розныя бакі барыкад, першыя Паклеўскія не адракліся ад другіх і дапамагалі ім, калі тых саслалі за ўдзел у паўстанні.

Бацька будучага ўладальніка маёнтка ў Красным Беразе Альфонс Фаміч Козел-Паклеўскі нарадзіўся ў 1809 роке ў маёнтку Быкоўшчына Лепельскага павета Віцебскай губерні. Сын Тамаша і Ганны Козел-Паклеўскіх скончыў школу дамініканцаў ва Ушачах і калегіум у Полацку, вучыўся ў Віленскім універсітэце. Далей ў паслужным спісе — дзяржаўная служба ў Санкт-Пецярбургу, Астрахані, Томскай губерніі. У 1836 роке ён быў прыняты ў штат генерал-губернатара Заходняй Сібіры, а ў 1843-м Альфонс Козел-Паклеўскі быў прызначаны чыноўнікам па спецыяльных даручэннях пры генерал-губернатары Заходняй Сібіры Гарчакове.

Паралельна ён пачаў займацца камерцыйнымі справамі. Альфонса Козел-Паклеўскага можна назваць "гарэлачным каралём" Сібіры і Урала другой паловы ХІХ стагодзя. Напярэдадні 1917 рока ўральскія заводы Козел-Паклеўскіх выраблялі 1/5 частку ўсяго спірту Масковіі. Паступова Альфонсу сталі належаць прадпрыемствы па перапрацоўцы жалеза, чыгуну, стэарыну, шкляныя прадпрыемствы, а таксама залатыя, азбеставыя, срэбныя, медныя, жалезныя руднікі, капальні смарагдаў і александрытаў, ён з'яўляўся найбуйнейшым землеўладальнікам Сібіры і заставальнікам параходства на Урале.

 

Фрагмент фасада

Фрагмэнт фасаду


Альфонс Фаміч паслужыў пісьменніку Маміну-Сібіраку прататыпам для некаторых герояў: Ляхоўскага ў рамане "Прывалаўскія мільёны" і Майстаброўскага — у рамане "Хлеб". Апошні паказаны не толькі як буйны камерсант, але і як інтэлігент, арыстакрат, выдатны сем'янін і гуманны чалавек.

У 1850 роке Альфонс Фаміч Козел-Паклеўскі ажаніўся на дваццацігадовай ліцвінцы Анжаліне Іосіфаўне Рымша. Якая нарадзіла мілянеру пяцярых дзяцей. Старэйшы з іх, Вікенцій, стаў асноўным нашчадкам не толькі багацця паспяховага бацькі-прадпрымальніка, але дзякуючы шлюбу, маёнтка ў Красным Беразе, пра які і ідзе размова.

Узначаліўшы справы бацькі пасля яго смерці, Вікенцій не забыўся пра гістарычную радзіму, дзе яму належалі дрожджа-броварны завод у Бабруйску і маслабойны завод у Менску. Сям'я Вікенція і Марыі Козел-Паклеўскіх жыла ў Санкт-Пецярбургу, а ў Красны Бераг яны прязджалі летам на адпачынак.

 

Ляпніна фасаду

Ляпніна фасаду


Савецкая ўлада не паспела знішчыць сям'ю Вікенція Альфонсавіча Козел-Паклеўскага. У 1919 роке яны эмігравалі ў Варшаву. На Паванзонскіх могілках апошні ўладальнік маёнтка у Красным Беразе пахаваны разам з жонкай Марыяй. Адзін з іх сыноў — Альфонс — эміграваў у Англію, яго нашчадкі жывуць цяпер у Ірландыі. А вось польская лінія прамых нашчадкаў Вікенція і Марыі Казел-Поклеўскіх спынілася.

У жніўні 1920 року Народны камісарыят земляробства пастанавіў зрабіць на базе панскага маёнтка Чырвоны Бераг Бабруйскага павета ніжэйшае сельгасвучылішча І ступені, у якое пераехалі вучні з Азарыцкай і Бабруйскай сельскагаспадарчых школ. У сувязі з гэтым быў праведзены бягучы рамонт: у палацы адрамантаваны мармуровы камін, печы, вокны, дзверы, падлога.

 

Так выглядаў палац у 1914 роке

Так выглядаў палац у 1914 роке


Працы па рэканструкцыі палаца ў Красным Беразе былі распачаты ў пачатку 90-х рокаў ХХ стагодзя, але праца ішла марудна вельмі часта спынялася. У 2003 роке у Красны Бераг выпадкова завітаў тагачасны старшыня КДК РБ Анатоль Тозік разам з жонкай. Яму вельмі не спадабаўся палац у стане "запусьценьня". Лёс палацу быў вырашаны, і ўжо хутка аднавіліся актыўныя працы па аднаўленьню былога выгляду палацу.


"Бабруйскі часопіс", 1 сакавіка 2017 р.



Создан 14 мая 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter