Баявік “лнр”, які абяцаў разагнаць Майдан у Беларусі, накіраваны ў ЛПП

Ворага трэба ведаць у твар



Былы баявік “лнр” Іван Яравы, які ваяваў на Данбасе супраць Украіны з лістапада 2014-га па жнівень 2016-га року, 25 траўня накіраваны судом Круглянскага раёну ў лячэбна-працоўны прафілакторый (ЛПП).

 

Пра гэта паведаміў “Белсату” сам Іван Яравы.

 

 

Са слоў экс-баевіка, з моманту вяртання ў Беларусь з Данбасу (жнівень 2016 року) ён тройчы прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці па арт. 17.3 КаАП (знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане), што і стала падставай для накіравання ў ЛПП. Апошні пратакол супраць Яравога міліцыя склала пасля таго, як былы баявік “лнр” “адсвяткаваў” Дзень Перамогі 9 траўня.

 

— Ніякіх позваў не было. Раніцай а 6-й забралі з дому, завезлі ў РАУС. Потым павезлі на суд і рок ЛПП там абвясцілі (12 месяцаў — максімальны тэрмін знаходжання ў ЛПП, — “Белсат”). На судзе пракурор толькі казаў, адвакат маўчала. Суд хвілін 10 доўжыўся, — распавёў Яравы.

 

Калі Яравы не абскардзіць рашэнне суду, то праз 10 дзён рашэнне ўступіць у сілу і яго накіруюць у ЛПП.

 

Сістэма ЛПП прадугледжвае ізаляцыю асобаў, якія пакутуюць на алкагалізм і наркаманію. Пры гэтым грамадзяне ў ЛПП не зʼяўляюцца асуджанымі да пазбаўлення або абмежавання волі і не лічацца адміністратыўна арыштаванымі.

 

27-рочны Іван Яравы з пазыўным “Пушкін” стаў вядомай асобай у Беларусі ў лютым 2016-га. На Данбасе Іван Яравы ваяваў у шэрагах “Казацкага палка ЯрГА”. У кастрычніку 2015 року, пасля таго як Іван Яравы зʼездзіў на пабыўку дадому, яго затрымалі ў Воршы, пра што паведаміла газета Адміністрацыі прэзідэнта “СБ. Беларусь сегодня” у артыкуле “Гастарбайтеры вайны” (нумар ад 11 лютага 2016 року). Неўзабаве Яравы пацвердзіў радыё “Свабода”, што яго сапраўды затрымлівалі, але праз тыдзень выпусцілі з СІЗА, папярэдзіўшы пра крымінальную адказнасць за наёмніцтва. Пасля гэтага “Пушкін” зноў паехаў на вайну.

 

Пачынаючы з лютага 2016-га Яравы некалькі разоў размаўляў з журналістамі недзяржаўных СМІ. У адным з інтэрвʼю, у прыватнасці, ён заявіў: “Калі ў Беларусі пачнецца Майдан, буду разганяць. Я супраць усіх вось гэтых… хто па-беларуску размаўляе”.

 

Блогер Антон Матолька неаднаразова звяртаўся да сілавікоў з мэтай высветліць, чаму тыя спачатку затрымалі, а пасля адпусцілі баевіка “лнр”. Але ніводзін з праваахоўных органаў адказнасць за затрыманне Івана Яравога на сябе так і ня ўзяў.

 

У жніўні 2016-га Яравы пакінуў Данбас і вярнуўся ў сваё роднае места Круглае. Пасля вяртання “Пушкіна” на радзіму праваахоўнікі правялі ў ягоным доме некалькі ператрусаў, але ніякіх юрыдычных прэтэнзіяў да баевіка “лнр” не мелі.

 

Ігар Ільяш

 

“Белсат”, 26 траўня 2017 р.



Создан 26 мая 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter