5 нечаканых фактаў пра жыццё Менска ў 1917 роке




Перыяд між лютым і кастрычнікам 1917 рока можна назваць часам нечуванай, невядомай раней свабоды для народаў Расейскай імперыі. Ішла сусветная вайна, Беларусь была рассечаная фронтам, але, дзякуючы свабодзе, якую прынесла Лютаўская рэвалюцыя, сто рокаў таму запусціліся працэсы, якія змянілі і карту Эўропы, і ментальнасці цэлых народаў.

 

10 чэрвеня, падчас круглага стала Гільдыі гісторыкаў, доктар гістарычных навук Аляксандр Гужалоўскі расказаў пра станаўленне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі ў той час.

 

У беларускіх саветах амаль не было бальшавікоў

 

Менш чым праз два месяцы Менск можа адзначаць стагоддзе самых першых цалкам дэмакратычных выбараў улады.

 

Гаворка пра 30 ліпеня 1917, калі прайшлі выбары ў Менскую месцкую думу. У іх узялі ўдзел 105 тысяч менчукоў і 24 тысячы вайскоўцаў, якія на той час знаходзіліся ў прыфрантавым Менску. У думу трапілі прадстаўнікі грамадскіх і нацыянальных сілаў, якія мелі вагу. У тым ліку беларускія дзеячы Аркадзь Смоліч і Уладзімір Самойла. Узначалілі Думу прадстаўнікі самых значных на той час палітычных сілаў — бундавец Ванштэйн і эсэр Кашлікаў.

 

Габрэйскі Бунд і сацыялісты-рэвалюцыянеры мелі большасць і ў саветах Беларусі.

 

Насуперак стэрэатыпам, навязаным у часы СССР, бальшавікоў у саветах у той час амаль не было. Прыйшоўшы да ўлады, бальшавікі сілай разганялі старыя саветы і, абапіраючыся на штыкі, праводзілі перавыбары.

 

Чатырохмоўе

 

У Думе была і жанчына — Аўгіння Гурвіч, знаная дзяячка сацыялістычнага руху, перакладчыца “Капітала” Маркса на маскалёўскую мову. Яна абіралася па спісах Бунда і ўзялася ў Думе за адукацыйную дзейнасць. Пры яе ўдзеле ўвосень 1917 рока (яшчэ да бальшавіцкага перавароту) Менская месцкая дума ўвяла тое самае чатырохмоўе, якое ў БССР набыло дзяржаўны статус і праіснавала аж да 1938. Дзяржаўнымі лічыліся беларуская, ідыш, польская і маскалёўская мовы.

 

У 1917 у Менску выходзіла 18 газет аж на пяці мовах — чатырох згаданых і адна па-украінску — “Вісті украінського оргкомітету”.

 

Начальнікам міліцыі быў беглы катаржнік

 

Выпадак цэнзуры ў СМІ быў зафіксаваны толькі адзін: менскі губернскі камісар (кіраўнік выканаўчай улады, аналаг губернатара) закрыў газету “Звязда”. А калі яна перайменавалася ў “Молат” і зноў пачала выходзіць — закрыў і “Молат”.

 

Прычынай было тое, што ў “Звяздзе” бальшавікі наўпрост заклікалі салдатаў да дэзерцірства.

 

Стваралася дзіўная сітуацыя: ідзе вайна, а за 50 кіламетраў ад фронту выходзіць газета з такімі публікацыямі. Прычым у Менску газета амаль не распаўсюджвалася, наклады масава закідаліся ў акопы салдатам.

 

Пасля забароны быў скандал.

 

Начальнік менскай міліцыі, бальшавік Міхаіл Фрунзе, на знак пратэсту пакінуў сваю пасаду. Ён, дарэчы, знаходзячыся на пасадзе начальніка міліцыі, займаўся фандрэйзінгам “Звязды” — можна ўявіць сабе ступень свабоды 1917-га.

 

 

Міхаіл Фрунзе з жонкай. Фота зроблена ў Менску ў 1917 р.

 

Каб даць яшчэ некалькі штрыхоў да партрэту асобы і часу, трэба адзначыць, што Фрунзе на той час быў у бягах з катаргі, куды ён трапіў за спробу забойства паліцэйскага.

 

Свабода друку скончылася адразу пасля бальшавіцкага перавароту 25 кастрычніка 1917. Загадам №1 Менскі савет забараніў выданне і дастаўку ў Менск усіх небальшавіцкіх газет.

 

“Начны дазор” міжрэвалюцыйных часоў

 

Міліцыя, дарэчы, у міжрэвалюцыйны перыяд была падпарадкаваная не выканаўчай уладзе, а заканадаўчай — не губернскаму камісару, а месцкае думе. Такім чынам, міліцыя была не карным органам, а абаронцам правоў людзей. Але рады яна не давала: блізкасць фронту і беднасць давялі да таго, што пад канец лета злачыннасць у Менску набыла маштабы сапраўднага крымінальнага тэрору.

 

У адказ менчукі стваралі таварыствы самааховы ад злачынных элементаў. У іх ядналіся звычайна жыхары некалькіх суседніх вуліц.

 

Уявіце сабе такую рэмбрантаўскую карціну: 200 узброеных сякерамі, доўбнямі і вінтоўкамі мужчын патрулююць свой раён у прыцемку.

 

Радзівіл заснаваў беларускую вучэльню

 

У 1917-м, ва ўмовах нечуванай раней грамадзянскай свабоды, людзі масава гуртаваліся ў грамадскія арганізацыі. Ні дазволу, ні рэгістрацыі, ні заяўкі для стварэння трэба не было — не тое, што цяпер. Патрабавалася толькі фіксацыя ў акруговым судзе. І да чэрвеня 1917-га ў Віцебску было 240 грамадскіх арганізацый рознага кшталту, у Магілёве — 17 агульнагубернскіх, нават у Лёзне было жаночае пажарнае таварыства.

 

Паўставалі, у тым ліку, дзясяткі адукацыйных арганізацый — і настаўніцкіх, і вучнёўскіх, у Менску, Віцебску, Горках ствараліся гімназіі, школы розных профіляў і “народныя ўніверсітэты” — беларускія, габрэйскія, польскія, маскалёўскія.

 

Малы факцік пра беларускае школьніцтва дае тэлеграма на імя кіраўніка Беларускага нацыянальнага камітэта Рамана Скірмунта, апублікаваная ў газеце “Минский листок” у сакавіку 1918 рока:

 

“Шчыра вітаю беларускі камітэт, жадаючы плённай працы на карысць нашага роднага краю. Спадзяюся быць карысным. У памяць свабоды ствараю ў Століне рамесніцка-агранамічную школу, якая будзе перададзена беларускаму асветніцтву”. І подпіс: Станіслаў Радзівіл.

 

Гэта быў адзін з найбагацейшых абшарнікаў Беларусі, уладальнік Давыд-Гарадоцкай ардынацыі, пазней — ад'ютант Пілсудскага. Загінуў Станіслаў Радзівіл у 1920-м, у баі з чырвонымі ва Украіне.

 

На жаль, адзначае А. Гужалоўскі, грамадскія свабоды не маглі выправіць гаспадарчую сітуацыю, і да канца верасня краіна апынулася ў стане гуманітарнай катастрофы. У местах не было ежы, перад надыходам зімы не было паліва. І, як бывала не раз, значная частка грамадства страціла давер да “дэмакратыі”. З'явіўся запыт на “цвёрдую руку”, якая навядзе парадак. Такую руку і прапанавалі грамадству бальшавікі. Чым гэта ўрэшце скончылася — мы ведаем.

 

Запісаў СМ

“Наша Ніва”, 10 чэрвеня 2017 р.

 



Создан 11 июн 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter