Знойдзены доказ, што на гары Гедыміна ў Вільні пахаваны Зыгмунт Серакоўскі




Папярэднія дадзеныя сьведчаць, што ў Вільні знойдзеныя парэшткі кіраўніка антымаскалёўскага паўстаньня 1863 рока Зыгмунта Серакоўскага, паведаміла Міністэрства культуры Літвы.

 

Парэшткі знайшлі на пляцоўцы гары Гедыміна археолягі Літоўскага нацыянальнага музэю. “Паводле папярэдніх зьвестак, адны з выяўленых парэштак, магчыма, належаць кіраўніку паўстаньня 1863 року Серакоўскаму”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе міністэрства.

 

Як інфармуе міністэрства культуры Літвы, цяпер археолягі заканчваюць другі этап археалягічных дасьледаваньняў на гары Гедыміна. Быў дасьледаваны ўчастак плошчай 36 кв.м., зафіксаваныя гарызонты культурнага пласта да 1,1-2,7 мэтраў, бальшыня зь іх зьвязваецца зь Віленскай вайсковай крэпасью, якая існавала там у ХІХ стагодзьдзі. Знойдзеныя чатыры магілы зь сямю пахаванымі целамі, у трох магілах было пахавана па два целы.

 

Бальшыня целаў пахаваныя без належнай павагі, са зьвязанымі за сьпінай рукамі, аблітыя вапнай.

 

У адной падвойнай магіле знойдзеная куля, у іншых магілаў куляў ня выяўлена. Пры целах знойдзеныя дэталі адзеньня (спражкі рамянёў, гузікі, некалькі дробных фрагмэнтаў тканіны), асабістыя рэчы памерлых — мэдальёны рэлігійнага зьместу, крыжыкі.

 

Адзін зь мёртвых быў закапаны ў асобнай яме. Пры ім знойдзены мэдалік, а на правай руцэ — залаты пярсьцёнак з надпісам з унутранага боку: “Zygmunt Apolonija 11 Sierpnia / 30 Lipca 1862 r.”. Зыгмунт Серакоўскі быў жанаты з Апалёніяй Далеўскай (1841 — пасьля 1915), сястрою Тытуса Далеўскага, якую пасьля паўстаньня 1863—64 выслалі ў Ноўгарад. З 1867 жыла ў Варшаве. Аўтарка ўспамінаў пра паўстаньне.

 

Як паведамляе міністэрства культуры Літвы, папярэднія дадзеныя сьведчаць пра тое, што ўсе выяўленыя парэшткі належаць удзельнікам паўстаньня, усе яны былі пакараныя сьмерцю.

 

Папярэдняе дасьледаваньне парэштак правяла антраполяг Віленскага ўнівэрсытэту Юстына Казакайце. Увесь антрапалягічны матэрыял перададзены для далейшага дасьледаваньня на катэдру антрапалёгіі мэдычнага факультэту Віленскага ўнівэрсытэту. З увагі на абставіны пахаваньня целаў, можна абгрунтавана меркаваць, што ва ўсіх магілах пахаваныя мужчыны, якія загінулі гвалтоўнай сьмерцю.

 

Зыгмунт Серакоўскі быў адным з кіраўнікоў паўстаннья ў 1863—64 рр. У кароткім часе ён сабраў буйны атрад з 5 тысяч чалавек, але ў баі быў разьбіты ўрадавымі войскамі. Суд прысудзіў яму сьмяротнае пакараньне праз павешаньне. Серакоўскі быў пакараны ў 1863 роке ў Вільні на Лукіскім пляцы.

 

“Радыё Свабода”, 26 ліпеня 2017 р.

 



Создан 26 июл 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter