У 1991 роке беларускія афіцэры стварылі сваё Згуртаванне

Памятай сваю гісторыю



20 жніўня 1991 рока ў Беларусі было не так спакойна, як сёлета. Пакуль у Маскве генералы і функцыянеры КПСС дзялілі ўладу, у Менску ішлі пратэсты. Менавіта тады ў краіне паўстала ўнікальная структура, заснавальнікаў якой сёння цяжка сабе ўявіць разам: адныя ў глыбокай эміграцыі, іншыя — пры высокіх пасадах, а некаторыя — дагэтуль ладзяць вулічныя пратэсты. 26 рокаў таму дзясяткі афіцэраў пад кіраўніцтвам падпалкоўніка Міколы Статкевіча аб’ядналіся ў Згуртаванне беларускіх вайскоўцаў.

 

Устаноўчы сход БЗВ, 12 кастрычніка 1991 рока. Фота з сайта 90s.by

 

Напрыканцы перабудовы беларусы-афіцэры, якія, акрамя БССР, служылі ў розных канцах Саюза, пачалі ствараць свае нацыянальныя суполкі. У студзені 1991 рока лейтэнант Віктар Нагнібеда, які служыў у Маскве, склаў зварот да беларускіх вайскоўцаў, які надрукавала газета “Свабода”. Да яго выехаў падпалкоўнік Мікола Статкевіч з Менскага інжынернага вучылішча. Яны пачалі ўсталёўваць сувязі паміж раз’яднанымі суполкамі будучай арганізацыі па краіне.

 

Нараджэнне і ўзлёт Згуртавання

 

Падчас маскоўскага путчу ГКЧП у Менску 20 жніўня адбываўся мітынг супраць спробы перавароту. Там Статкевіч аб’явіў аб напярэдадні прынятым рашэнні стварыць Беларускае згуртаванне вайскоўцаў.

 

Мікола Статкевіч. Фота: Уладзімір Кармілкін, з сайта: vytoki.net

 

Менш чым праз два месяцы, 12 кастрычніка, арганізацыя правяла свой устаноўчы сход, на які прыехалі 119 дэлегатаў з усёй БССР. Міколу Статкевіча абралі старшынёй. Акрамя яго, на ўстаноўчым сходзе выступіў лідар БНФ Зянон Пазняк, а таксама Віктар Шэйман, у будучым — бліжэйшы паплечнік прэзідэнта.

 

— На гэты з’езд зайшоў і дэпутат Вярхоўнага савета Аляксандр Лука-ка, але не выступаў, — распавёў Статкевіч.

 

Адразу пасля паражэння ГКЧП у Маскве касцяк сяброў БЗВ распрацаваў “нешта кшталту законапраекта аб утварэнні беларускага войска”, кажа Статкевіч.

 

— Мы хацелі, каб як мага хутчэй беларуская ваенная акруга была падпарадкавана Беларусі і яе не выкарысталі ў гэты перыяд. Мы працавалі на прадухіленне грамадзянскай вайны.

 

Вайскоўцы перадалі распрацоўкі ў парламенцкую фракцыю БНФ, каб яны аформілі гэта ў сапраўдны законапраект. Тыя, у сваю чаргу, перадалі справу камісіі Вярхоўнага савета па абароне. Яе ўзначальваў будучы кіраўнік парламента Мечыслаў Грыб, а адным з дэпутатаў быў маёр Віктар Шэйман.

 

 

— Камісія стварыла групу па вайсковай рэформе, куды я ўвайшоў, — узгадвае Статкевіч. — Там мы і пазнаёміліся з Шэйманам.

 

Пасля гэтага ён уступіў у БЗВ і стаў адным з намеснікаў кіраўніка арганізацыі, адказным за парламенцкую працу.

 

— Вялікая колькасць намеснікаў сябе не апраўдала, там было шмат неразбярыхі, і потым мы ўжо на наступным з’ездзе — у 93-м ці 94-м — паменшылі колькасць намеснікаў, і Віктар Шэйман ужо ў іх лік не трапіў.

 

Праз рок існавання БЗВ правяло адну з сваіх самых запамінальных акцый — прысягу на вернасць Беларусі. Акцыю зладзілі 8 верасня 1992 рока — тады ў краіне ў першы раз адзначалі Дзень беларускай вайсковай славы, гадавіну перамогі войска ВКЛ над Маскоўскім княствам пад Воршаю ў 1514 роке. Прысягі прайшлі ў некалькіх гарадах і ў Менску.

 

 

У сталіцы прысягу прынялі 15 афіцэраў-актывістаў БЗВ. Па дадзеных 90s.by, 12 з іх былі звольнены з войска на працягу рока: Уладзімір Барадач, Уладзімір Савянок, Міхась Варанец, Курбан Гельдыеў і г. д.

 

Другі злева — палкоўнік Уладзімір Барадач (сёння ў эміграцыі). Фота: 90s.by

 

Побач з афіцэрамі былі палітыкі — кіраўніцтва БНФ, пісьменнік Васіль Быкаў. Ужо ў снежні 1992 рока ўлады прывялі да ўсеагульнай прысягі вайскоўцаў, міліцыянтаў і супрацоўнікаў спецслужб па ўсёй краіне. Тая прысяга таксама прайшла пад бел-чырвона-белым сцягам і гербам “Пагоня”.

 

 

Рэпрэсіі ўзмацніліся пасля наступнай дзёрзкай акцыі БЗВ — Марша свабоды у гонар 75-й гадавіны БНР у сакавіку 1993 рока. Больш за тысячу мужчын маршам пад барабанны бой прайшлі па сённяшнім праспекце Незалежнасці (тады — праспекце Скарыны). З імі былі тысячы простых грамадзян-удзельнікаў шэсця.

 

— Тады Кебіч збіраўся ўводзіць адзіную валюту з Масковіяй. Шэсце іх вельмі напалохала, яны адмовіліся ад сваіх планаў, — кажа Статкевіч. — Але чамусьці, як мне перадалі іншыя дэпутаты, гэтае шэсце вельмі не спадабалася апазіцыі БНФ. Яны прагаласавалі разам з групай Кебіча за ўнясенне паправак у закон аб статусе ваеннаслужачых.

 

У новай рэдакцыі закона вайскоўцам забаранялася займацца не палітычнай, але шырэй — грамадска-палітычнай дзейнасцю.

 

 

Арыгінал прысягі. Першы подпіс — Статкевіча, 15-ы — Шэймана. Фота: 90s.by

 

 

— Па сутнасці, усе кадравыя вайскоўцы, якія былі ў БЗВ, апынуліся перад выбарам — альбо войска, альбо БЗВ. Мы сабраліся і самі прынялі рашэнне вывесці ўсіх кадравых вайскоўцаў з БЗВ. Тады ўключыўся лічыльнік і на маё звальненне з Ваеннай акадэміі, дзе я быў дактарантам. Я быў звольнены за месяц да абароны дысертацыі за “дыскрэдытацыю высокага звання афіцэра”, а менавіта за тое, што падпісаў зварот супраць пункта дамовы аб АДКБ пра адсылку нашых вайскоўцаў за мяжу.

 

Разышліся па палітыцы

 

Палітычныя шляхі Шэймана і Статкевіча, кажа другі, пачалі разыходзіцца пасля выбараў прэзідэнта 1994 рока. БЗВ тады ўключылася ў кампанію па назіранні. Статкевіч да пэўнага моманту падтрымліваў Станіслава Шушкевіча, Шэйман —Лука-ку.

 

— Пачалася падрыхтоўка да рэферэндуму па мове (аб афіцыйным двухмоўі ў 1995 роке. — TUT.BY), я мусіў заняць жорсткую, крытычную пазіцыю ў адносінах да новага прэзідэнта і яго каманды. Нават кантакты пасля прызначэння гэтага ганебнага рэферэндума зрабіліся немагчымымі.

 

Але Статкевіч кажа, што прыблізна з паўгода пасля абрання Лука-кі асабіста камунікаваў с Шэйманам.

 

— Я спадзяваўся, што новы прэзідэнт пачне разбудову нацыянальных сілавых структур. А ў нас тады шмат хто з сябраў БЗВ знаходзіўся пад пераследам. Па сутнасці, у стадыі звальнення. Я прапанаваў яму [Шэйману] як сакратару Савета бяспекі кампраміс: калегі па БЗВ не будуць займацца палітыкай, але трэба спыніць гэтыя працэсы і пакінуць тых, хто хоча служыць, служыць. Мы абодва гэтыя абяцанні выканалі і ад людзей адчапіліся. А мы перасталі працаваць унутры Узброеных сілаў.

 

Потым у двух афіцэраў была яшчэ адна сустрэча, адразу пасля прыняцця рашэння пра рэферэндум. Мікола Статкевіч завочна просіць Віктара Шэймана дараваць, што распавядае пра прыватную гутарку публічна.

 

— Але гэтыя словы шмат што тлумачаць не ў паводзінах Шэймана, а ў паводзінах Лукашэнкі. Ён [Шэйман] сказаў так: “Што б мы не рабілі тут у Беларусі, прыхільнікі Пазняка і іншых кандыдатаў, так званыя дэмакратычныя сілы, заўсёды будуць супраць нас. Мы губляем падтрымку таго электарату, які найперш за нас галасаваў, але не здабываем новы электарат. Лепей мы ўжо пойдзем у той бок, да свайго электарату, але каб мець падтрымку”. Так яны па сутнасці і зрабілі.

 

БЗВ сыходзіць у гісторыю

 

Пасля таго як з БЗВ вывелі кадравых вайскоўцаў, яно складалася з афіцэраў запасу. Але арганізацыя стварыла моладзевае крыло — Дружыны рэгіянальнай аховы і бяспекі (“Драбы”).

 

— Дарэчы, падчас прэзідэнцкай кампаніі 1994 рока мы выкарыстоўвалі іх для псіхалагічнага ціску на магчымых фальсіфікатараў. Хлопцы зрабілі нейкія вучэнні, фатаздымкі ў газетах, і мы накіроўвалі лісты-папярэджанні ў асабліва ненадзейныя камісіі, — з усмешкай у голасе ўзгадвае Статкевіч. — Больш-менш выбары прайшлі без фальсіфікацый.

 

Яшчэ адным дасягненнем БЗВ палітык лічыць публікацыю ў беларускіх газетах зборніку тэкстаў па беларускай вайсковай гісторыі “Забытая слава”. “Агульны наклад быў прыблізна 1 млн 600 тысяч асобнікаў (па іншых дадзеных — 1,2 млн. —TUT.BY). Пасля гэтага забароненых тэм у беларускай гісторыі не засталося”, — кажа Статкевіч.

 

Ускладанне вянка на Вайсковых могілках 8 траўня 1993 рока. Фота: 90s.by

 

— Раптам мы сутыкнуліся з дзіўнай канкурэнцыяй. БНФ замест таго, каб як палітыкай займацца, даруйце, каўбасой, карупцыяй, заробкамі і працоўнымі месцамі, палез таксама ў гэтую нішу. Гэтая падмена дзейнасці прывяла да таго, што патрыятычная апазіцыя прайграла ўсё.

 

У 1995 роке БЗВ пайшло на выбары ў Вярхоўны Савет, вылучыўшы 25 кандыдатаў. Шасцёра выйшлі ў другі тур, але па выніках другога ніхто не быў абраны.

 

Потым Статкевіч канчаткова сышоў у палітыку і ўзначаліў Беларускую сацыял-дэмакратычную грамаду. Ён кажа, што БЗВ дасягнула сваіх мэтаў — незалежнасці краіны, з’яўлення нацыянальнага войска, папулярызацыі беларускай вайсковай гісторыі.

 

— Мы не хацелі пакідаць пытанне на самацёк. Бывае, новыя людзі прыходзяць, бяруць заслужаны брэнд і альбо нічога не робяць, альбо робяць абсалютна ганебныя рэчы. А ў нас была слаўная кароткая гісторыя, і мы хацелі захаваць яе некранутай. Таму мы абралі старшынёй БЗВ так бы мовіць “местоблюстителя” Алеся Станкевіча, маёра запаса.

 

Юрыдычна БЗВ захоўвалася яшчэ некаторы час, але без актыўнай дзейнасці. Пасля перарэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў у 2000 роке БЗВ было ліквідавана.

 

— У маім грамадскім жыцці гэта вельмі светлы перыяд, там не было мараў пра пасады, пра ўладу. Там сабраліся рамантыкі, ідэалісты, паспяховыя афіцэры. І мы зрабілі сваю справу.

 

Нейкі час працягвала дзейнічаць моладзевая структура, якая з’явілася як нашчадак “Драбаў”, — “Белы легіён”. Але, Статкевіч кажа, што яна існавала асобна ад БЗВ.

 

Найбольш набліжанай да БЗВ спробай недзяржаўнага аб’яднання вайскоўцаў быў “Саюз афіцэраў” экс-міністра МУС Юрыя Захаранкі ў 1999 годзе. Але праект не перажыў таямнічага знікнення (а як лічыць шмат хто — скрадання) генерала ў тым жа 1999 роке.

 

Статкевіч тлумачыць, што сам больш не спрабаваў займацца аб’яднаннем вайскоўцаў запасу, таму што гэтыя людзі звычайна эмацыйна выгараюць пасля службы і не маюць асаблівага ўплыву на былых саслужыўцаў.

 

— Акрамя таго, калі пераходзіць да нейкіх сілавых варыянтаў ужо ў татальна кантралюемай дзяржаве — гэта проста дасць нагоду, законнае абгрунтаванне да рэпрэсій. Прайграе ў нашай унутранай сітуацыі той, хто першым прыбегне да брутальнай сілы. Тым больш, што быў вельмі доўгі перыяд, калі законна абраны тады прэзідэнт быў сапраўды непараўнальна самым папулярным палітыкам. І паправіць гэта нейкімі сілавымі метадамі — гэта спадзяванні слабых людзей. “Мы тут усё прафукалі, а вы давайце бярыцеся і заганіце гэты дурны народ куды нам трэба сілай” — так не атрымаецца. Грамадства павінна само зрабіць гэтую ўнутраную працу. Паспрабаваў нешта зрабіць Захаранка, але яму гэта вельмі дорага абышлося.

 

Экс-міністр абароны: БЗВ ішло супраць інтарэсаў дзяржавы

 

Каб пачуць альтэрнатыўную пазіцію ў дачыненні дзейнасці БЗВ, TUT.BY паспрабаваў звязацца з Віктарам Шэйманам, які зараз служыць кіраўніком Упраўлення справамі прэзідэнта. Але ягоны намеснік Андрэй Худык адказаў, што Віктар Уладзіміравіч мае “напружаны графік працы” і таму не можа даць інтэрв’ю.

 

Тады мы патэлефанавалі Паўлу Казлоўскаму, міністру абароны (1992-1994 рр.) ва ўрадзе Вячаслава Кебіча. Павел Паўлавіч кажа, што цалкам спакойна ставіўся да БЗВ.

 

— Там состояло всего несколько человек, они не представляли интересы массы военнослужащих, которые были в то время. А потом был принят закон, чтобы в армии не было никаких политических организаций, ни комсомола, ни партий. По этому закону я по одному пригласил всех, кто был в “Беларускім згуртаванні вайскоўцаў”.

 

Казлоўскі кажа, што даў чальцам БЗВ просты выбар: звальняцца са службы ці публічна заяўляць пра выхад з іх аб’яднання. Тых, хто адмовіўся зрабіць апошняе, звольнілі.

 

— Статкевич тоже отказался. Я говорю: тогда мы тебя просто уволим. Его уволили из армии. Он подавал в суд, суд тоже признал, что министерство обороны поступило правильно.

 

На пытанне, чаму дзейнасць БЗВ у міністэрстве палічылі палітычнай, Павел Казлоўскі адказвае:

 

— Они на это претендовали, по крайней мере. Претендовали на политическую силу, что поднимут за собой людей, поведут какую-то свою политику. Они в основном играли под Позняка, под БНФ. Крылом они были, не крылом — я уже там не знаю тонкостей их отношений. И когда Позняк заявлял, что построит железобетонную стену между Россией и Беларусью, я объяснял им, что это глупость. И Позняк, и Статкевич заявляли, что только белорусы должны командовать, выдвигаться на должности очередные. Я им заявил: в белорусской армии будут служить профессионалы, но не те, кто русский, татарин или белорус, — профессионалы.

 

 

Пры гэтым Казлоўскі адзначае, што з цягам часу працэнт беларусаў у арміі стаў нашмат большым, чым колькасць людзей іншага паходжання.

 

— Но этот процесс шёл эволюционно, не революционно, на чём стояли Позняк и Статкевич со своей небольшой группой. Я считаю, что мы сделали всё правильно. Всё было решено демократично.

 

Па меркаванні былога міністра, улады не дазволілі распаліць міжнацыянальную варожасць у арміі, а БЗВ ішло супраць інтарэсаў беларускае дзяржавы.

 

Арцём Шрайбман

 

“tut.by”, 20 жнiўня 2017 р.



Обновлен 19 окт 2017. Создан 20 авг 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter