Мадэрновае дойлідста занядбанага краю “на Крэсах”




Дойлідства Беларусі ХХ стагодзьдзя цікавая тым, што на працягу двух перадваенных дзесяціроччаў наша краіна знаходзілася пад уплывам двух, як раней пісалі, ідэалягічна чужых дойлідскіх школ: савецкай і польскай. Па выніках Рыскай дамовы 1921 року Беларусь была падзелена — заходняя частка адышла ў склад Польшчы, на ўсходняй была ўсталявана савецкая ўлада. У БССР 1920-х рокаў спачатку разьвіваўся агульнасавецкі дойлідскі стыль канструктывізм, які зь сярэдзіны 1930-х у адміністрацыйным парадку быў заменены на сацрэалізм. На заходняй частцы Беларусі зьмены дойлідскае парадыгмы адбываліся натуральным чынам, але і там таксама можна абазначыць некалькі характэрных этапаў. У 1920-я ў новаадроджанай Польшчы панаваў рамантычны нацыянальны мадэрнізм, які абапіраўся на гістарычнае і народнае дойлідства паўднёвых рэгіёнаў краіны. З пачатку 1930-х у польскае дойлідства прыйшлі агульнаэўрапейскія павевы дойлідства функцыяналізму, а напрыканцы дзесяцірочча Польшча, як і яе суседзі — Нямеччына і СССР — узялася за манумэнталізм, які спалучаў рысы нэаклясыцызму і імпэрскі размах.

 

Нягледзячы на разбурэньні вайны і наступствы пасьляваеннага аднаўленьня беларускіх местаў, значная частка пабудоў 1920-30-х рокаў захавалася да нашага часу. І калі даваенныя будынкі ўсходняй часткі Беларусі заўжды былі пад пільнай увагай гісторыкаў і мастацтвазнаўцаў, то дасьледаваньне дойлідства захаду краіны доўгі час амаль не вялося. У савецкія часы тэма “заходняга” дойлідства з ідэалягічных прычын разглядалася аднабока і павярхоўна. Напрыканцы ХХ стагодзьдзя з-за пэўнай інэрцыйнасьці вывучэньне дойлідскае спадчыны Другой Рэчы Паспалітай усё яшчэ знаходзілася ў зародкавым стане. З польскага боку да нядаўняга часу тэма міжваеннага дойлідства “былых усходніх ваяводзтваў” таксама разглядалася вельмі слаба: праз ідэалёгію і аддаленасьць для польскіх дасьледчыкаў беларускіх крыніц. У ХХІ стагодзьдзі сытуацыя паступова стала зьмяняцца да лепшага, як у Беларусі, так і ў Польшчы. У нашай краіне можна назваць, прынамсі, двух гісторыкаў-мастацтвазнаўцаў, якія шчыльна займаюцца вывучэньнем міжваеннага дойлідства, гэта Ала Шамрук і Яўген Марозаў. Шамрук у 2007 роке выдала кнігу — “Архітэктура Беларусі ХХ-пачатку ХХI ст.”, у якой, бадай, упершыню ў беларускае навуковай практыцы былі разгледжаны асаблівасьці міжваеннага дойлідства заходніх абласьцей краіны. Яўген Марозаў у тым жа 2007 роке абараніў кандыдацкую на тэму: “Стылі і накірункі ў беларускай архітэктуры 1920–1930-х гг.”, дзе параўнаў польскія і савецкія дойлідскія школы, разгледзеў іх асаблівасьці і адзначыў пэўнае падабенства мастацкіх падыходаў. Гэтыя працы заклалі падмурак для далейшага вывучэньня дойлідскае спадчыны міжваеннага пэрыяду ў Беларусі. Паступова цікавасьць да міжваенных пабудоў захапіла і беларускіх краязнаўцаў, напрыклад, у інтэрнэце быў створаны блог, удзельнікі якога зьбіраюць фотаздымкі і інфармацыю пра міжваеннае дойлідства захаду Беларусі, Украіны і Віленскага павету: http://kresy-arch.livejournal.com/.

 

Сярод польскіх дасьледчыкаў варта адзначыць працы дацэнта Акадэміі выяўленчых мастацтваў у Гданьску Міхала Пшчулкоўскага (польск. Michał Pszczółkowski, старонка на ФБ https://www.facebook.com/mipszcz). Ён — аўтар вялікай колькасьці артыкулаў прысьвечаных міжваеннага польскага дойлідства, у тым ліку і будынкам, якія ўзводзіліся на тэрыторыі захаду Беларусі. У 2016 роке выйшла кніга Пшчулкоўскага “Kresy nowoczesne. Architektura na ziemiach wschodnich II Rzeczypospolitej 1921–1939” (“Сучасныя Крэсы. Архітэктура на ўсходніх землях Другой Рэчы Паспалітай 1921–1939”) у якой падрабязна разглядаюцца 70 дойлідскіх аб’ектаў абазначанага пэрыяду, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі, Украіне і Літве, а таксама зроблены аналіз дойлідскіх стыляў і плыняў, што панавалі ў Другой Рэчы Паспалітай у той час.

 

Варта адзначыць, што спрэчны для беларусаў, ўкраінцаў і літоўцаў тэрмін “Крэсы”, які абазначае ўсходнія ўскраіны даўняй Рэчы Паспалітай, у сучаснай польскай гістарыяграфіі мае афіцыйны статус. Тэрмін быў уведзены ў гістарычную літаратуру яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя і найчасьцей ужываўся ў гады Другой Рэчы Паспалітай у дачыненьні да ўсходніх ваяводзтваў краіны. Пшчулкоўскі ў сваёй кнізе піша, што ў сёньняшнім польскім грамадзтве склаўся збольшага ідэалізаваны вобраз міжваеннай Польшчы і “Крэсаў”, як натуральнай часткі “польскага сьвету”. Папулярныя публікацыі на тэму міжваеннай гісторыі Польшчы стараюцца не закранаць цёмных старонак жыцьця Другой Рэчы Паспалітай. Але, як адзначае гісторык: “міжваенныя Крэсы — гэта ня толькі львоўскі дыялект польскай мовы, “балак“, і смаргонскія абаранкі, але і татальная палянізацыя, пагромы габрэяў і Бяроза-Картуская”.

 

Ва ўступнай частцы кнігі “Kresy nowoczesne” Пшчулкоўскі робіць агляд эканамічнага, палітычнага і нацыянальнага стану “ўсходніх ваяводзтваў” у міжваенны пэрыяд: “Крэсы” прадстаўляюцца ў ім як вялікія тэрыторыі з слаба разьвітай інфраструктурай, да таго ж разбуранай Першай сусьветнай і савецка-польскай войнамі, амаль цалкам аграрнай эканомікай і зь пераважна беларускім, украінскім і габрэйскім насельніцтвам, над якім цэнтралізавана ажыцьцяўлялася палітыка палянізацыі. Інструмэнтам гэтай палітыкі, паводле меркаваньня аўтара, зьяўлялася таксама дойлідства. Нацыянальны мадэрнізм, які панаваў у польскім дойлідстве 1920-х рокаў, меў на мэце паказаць трываласьць польскай улады на новых землях праз зварот да гістарычных элемэнтаў і стылістыкі польскай народнага дойлідства, а таксама даказаць перасяленцам з цэнтральных рэгіёнаў Польшчы, якія ехалі на ўсход у якасьці службоўцаў і вайскоўцаў, што яны будуць жыць не ў глушы, а ў краі, дзе польская дойлідская думка разьвіваецца гэтак жа спрытна як і на захадзе краіны. Яскравым прыкладам такога падыходу Пшчулкоўскі лічыць пабудову ўрадавых кварталаў у Наваградку, Берасьці, Нясьвіжы і інш. Жылыя дамы для польскіх асаднікаў мелі выгляд спрошчаных шляхецкіх сядзіб і павінны былі давесьці перасяленцам, што яны не выгнаньнікі, а гаспадары на гэтых землях.

 

Зрэшты, як адзначае гісторык, ужо напрыканцы 1920-х рокаў польскія дойліды пачалі адыходзіць ад нацыянальных матываў і пераймаць агульнаэўрапейскія плыні авангарднага дойлідства. Пачатак 1930-х характарызуецца пераходам да дойлідства функцыяналізму, які стылістычна быў роднасны савецкаму канструктывізму. Яскравым прыкладам гэтай плыні зьяўляецца дом афіцэраў у Горадні, у кнізе Пшчулкоўскага яму прысьвечана асобны разьдзел. Манумэнталізм і нэаклясыцызм быў уласьцівы адміністрацыйным будынкам Польшчы, якія ўзводзіліся на “ўсходніх землях” — гэты стыль павінен быў таксама служыць прыкладам трываласьці польскіх уладаў на “Крэсах”. У якасьці ўзору такога дойлідстыв аўтар прыводзіць будынак адміністрацыі Палескага ваяводзтва ў Берасьці. Пабудаваны ў 1935–38 роках гмах шмат у чым падобны на аналягічныя адміністрацыйныя будынкі Нямеччыны ці Савецкага Саюзу, якія ўзводзіліся ў той жа час. Міхал Пшчулкоўскі адзначае, што будаўніцтва ва ўсходніх ваяводзтвах вялося ў нашмат меншых аб’ёмах, чым у цэнтральнай Польшчы, і маштабных пабудоваў было вельмі мала, тым ня менш, па тых аб’ектах, што захаваліся ў Беларусі, Украіне і Літве, можна назіраць усе стылі і характэрныя этапы ў разьвіцьці міжваеннага польскага дойлідства.

 

Кніга Пшчулкоўскага — прыклад аб’ектыўнай ацэнкі стану беларускіх земляў у часы Другой Рэчы Паспалітай, а таксама грунтоўнага падыходу да вывучэньня асобных захаваных дойлідскіх аб’ектаў міжваеннага пэрыяду. З 70 апісаных у кнізе аб’ектаў 22 знаходзяцца ў Беларусі: у цэнтры ўвагі аўтара забудова Берасьця і Наваградку — былых ваяводзкіх цэнтраў, а таксама пабудовы Горадні, Браславу, Баранавічаў, Пінску і Ліды. Інфармацыя пра гэтыя будынкі будзе цікавай ня толькі беларускім дасьледчыкам дойлідства, але і шырокаму колу чытачоў, а таксама можа стаць асновай для распрацоўкі турыстычных маршрутаў па Беларусі. Дарэчы, Міхал Пшчулкоўскі 7–8 верасьня будзе ўдзельнічаць у міжнароднай канфэрэнцыі ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дзе выступіць з дакладам на тэму турыстычнага патэнцыялу дойлідскае спадчыны Другой Рэчы Паспалітай ў Беларусі.

 

Уладзімір Садоўскі

Фота: Уладзімір Садоўскі

“Радыё Свабода”, 31 жніўня 2017 р.



Создан 02 сен 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter