10 нечаканых фактаў пра Менск




Як можна перакласьці яго назву, колькі галасоў не хапіла для перайменаваньня сталіцы ў 1991-м, у чым Менск апярэджвае Лёндан і іншыя цікавосткі беларускай сталіцы.

 

1. “Менск” — ад Менкі, малой рачулкі?

 

Агульнапрынятая вэрсія паходжаньня назвы места — ад назвы ракі Менкі (па іншых крыніцах — Мені), прытоку Пцічы. Пры гэтым мала хто ведае, адкуль пайшла назва ракі. Гідронім для Беларусі рэдкі і мае індаэўрапейскі корань “мен” — ‘малы, слабы’. У сучаснай літоўскай мове ёсьць прыметнік menka, які можна перакласьці як “малая”, “дробная”, а старажытныя балты маглі назваць рэчку ‘слабая, неглыбокая’ (плынь).

 

2. Са старажытнага Менску паходзіла каралева Даніі

 

Гаворка пра Сафію Менскую (Валадараўну). 23 кастрычніка 1157 року менская князёўна ўзяла шлюб з дацкім каралём Вальдэмарам І. Усходнеславянскія крыніцы пра шлюб ня згадваюць, але паведамленьні пра гэта ёсьць адразу ў некалькіх заходнеэўрапейскіх летапісах.

 

Прыкладна ў той самы час у Менску пачалі будаваць хрысьціянскі храм, рэшткі якога знайшлі савецкія археолягі ў 1949 роке (цяпер ягоныя падмуркі закансэрваваныя каля Дому фізкультуры таварыства “Працоўныя рэзэрвы”). Ён моцна адрозьніваецца ад тых, якія будавалі ў Полацку і Горадні, і больш нагадвае заходнеэўрапейскія храмы таго пэрыяду.

 

​3. Назва “Юбілейная плошча” ўзьнікла яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі дзякуючы менскім каталікам

 

Здарылася гэта ў 1826 роке, калі мясцовыя каталікі на тагачасным ускрайку Менску паставілі знак у гонар 1500-рочча Нікейскага сабору (325 р.). А ваколіцы гэтага юбілейнага помніка пачалі называць Юбілейнай плошчай. Цяпер замест памятнага для хрысьціян знака стаіць сучасны кінатэатар “Беларусь”, навокал няма ніводнага старога будынка, але месца назву захавала, нягледзячы на дзесяціроча атэістычнае савецкае улады.

 

4. Менск ледзьве не перайменавалі ў 1991 роке (а таксама падчас нямецкай акупацыі)

 

У 1991 роке на хвалі дэмакратызацыі і вяртаньня да каранёў Менскі месцкі савет дэпутатаў накіраваў у Вярхоўны савет просьбу перайменаваць Мінск у Менск. Прапанову разгледзелі на паседжаньні парлямэнту, і да перайменаваньня не хапіла ўсяго 31 голасу — “за” прагаласавалі 142 дэпутаты, а трэба было 173.

 

Так Менск афіцыйна застаўся “Мінскам”. Назва гэтая, дарэчы, упершыню сустракаецца ў лацінскамоўных крыніцах XVI стагодзьдзя. Зь іх яна трапіла спачатку ў польскую мову, а адтуль — у маскалёўскую. “Менск” ненадоўга вярнуўся на пачатку 20-х, а апошні раз у афіцыйных дакумэнтах беларускую сталіцу так называлі 29 ліпеня 1939 року.

 

Яшчэ быў цікавы эпізод зь перайменаваньнем Менску падчас нямецкай акупацыі. Новая адміністрацыя мела пляны адбудаваць разбураную сталіцу за 15 кілямэтраў ад тагачаснага Менску і назваць яе на скандынаўскі манер — Асгард. Вільгельм Кубэ ўхваліў намер, але на тым усё і спынілася.

 

5. Менск стаіць значна вышэй за ўсе суседнія сталіцы

 

Яго самы высокі пункт знаходзіцца на вышыні 283 мэтраў (дом № 8 па вуліцы Ляшчынскага). Самы нізкі пункт беларускай сталіцы — у Чыжоўцы на вадасховішчы: 181,4 мэтра над узроўнем мора.

 

Пры гэтым Менск разьмешчаны вышэй за Маскву (на 80 мэтраў), Кіеў (на 90 мэтраў), Вільню (на 110 мэтраў) і Варшаву (на 117 мэтраў).

 

6. Менск — сярод эўрапейскіх лідэраў па росьце колькасьці жыхароў

 

Падчас вайны Маскоўскае дзяржавы з Рэччу Паспалітаю (1654–1667 рр.) Менск быў разбураны і моцна абязьлюдзеў. У будучай сталіцы Беларусі засталося толькі 300 цэлых будынкаў і прыкладна 2000 жыхароў — столькі ж, колькі было на час першай згадкі ў летапісе ў 1067 роке.

 

Да пачатку ХІХ стагодзьдзя ў месте жылі ўсяго 7000 чалавек. У Вільні, напрыклад, у той жа пэрыяд было каля 50 тысяч жыхароў. Пасьля Другой сусьветнай вайны ў месте засталося толькі 44 тысячы. У 2017 роке — прыкладна 2 мільёны, і колькасьць працягвае павялічвацца. Цяпер сталіца Беларусі ўваходзіць у дзясятку самых буйных сталіц кантынэнту. А па прыросьце насельніцтва яна на шостым месцы.

 

7. Цэнтральныя ўлады СССР доўга не хацелі даваць Менску званьне места-героя

 

Местам-героем Менск стаў толькі праз 29 рокаў пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны. Такім чынам у Крамлі адзначылі заслугі менскіх падпольшчыкаў. Агулам званьнем места-героя былі “ўзнагароджаныя” 12 местаў СССР. Першымі местамі-героямі сталі Ленінград, Сталінград, Севастопаль і Адэса (усе 8 траўня 1965 року), апошнім — Смаленск (6 траўня 1985 року). Згодна з палажэньнем аб званьні “Места-герой” у Менску павінны былі пабудаваць абэліск у гонар перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Але такі абэліск у тагачаснай сталіцы БССР ужо існаваў — на колішняй Круглай плошчы, якая цяпер мае назву плошча Перамогі.

 

8. Туманоў у Менску больш, чым у Лёндане

 

У Менску туманы здараюцца часьцей, чым у Лёндане. У сярэднім за рок у сталіцы Беларусі бывае 67 дзён з туманамі. У Лёндане, “туманны антураж” якога вядомы на ўвесь сьвет, іх у сярэднім усяго 45. Часьцей за ўсё туманы ў Менску здараюцца восеньню і зімой, самы туманны месяц року — лістапад.

 

9. Найбліжэйшае да Менску буйное места — Вільня

 

Гаворка ідзе пра месты з насельніцтвам больш за 200 тысяч чалавек, альбо абласныя цэнтры. Па блізкасьці да Менску зь Вільняю (183 км) можа паспрачацца толькі Магілёў (200 км). Іншыя абласныя цэнтры Беларусі яшчэ далей ад сталіцы. Пры гэтым мяжа паміж Менскам і Вільняю узьнікла толькі ў ХХ стагодзьдзі, раней яе ніколі не існавала.

 

Акрамя Менску і Вільні такой (і нават большай) блізкасьцю могуць пахваліцца толькі дзьве эўрапейскія сталіцы — Вена і Браціслава. Паміж імі ўсяго 80 кілямэтраў.

 

10. Дзень места ў Менску пачалі сьвяткаваць у 1772 роке, тады яго адзначалі 6 лютага

 

Нагоду для гэтай традыцыі падаў менскі ваявода Крыштаф Завіша, які ў 1700 роке быў у Рыме і прывёз адтуль частку мошчаў сьвятога Фэліцыяна. Іх адразу зьмясьцілі ў тагачасным езуіцкім касьцёле (сучасны Катэдральны, што на плошчы Свабоды), і сам касьцёл так і стаў называцца касьцёлам Сьвятога Фэліцыяна. Фэліцыянскай сталі называць і вуліцу, якая вяла ад касьцёла на поўдзень (сучасная Камсамольская). Сьвяты Фэліцыян фактычна стаў апекуном Менску, як сьвяты Крыштап — Вільні. А 6 лютага месцічы пачалі сьвяткаваць як Дзень места — у гэты дзень у будучай сталіцы Беларусі ладзіліся кірмашы, гуляньні і забавы. Пры гэтым постаць Фэліцыяна была прымальная як для каталікоў, так і для праваслаўных — яго кананізавалі яшчэ да расколу хрысьціянства.

 

“Радыё Свабода”, 8 верасьня 2017 р.



Создан 09 сен 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter