Як БНР змагалася за дзяржаўнасьць і тэрыторыю

Унікальныя архіўныя дакумэнты з подпісамі Лёсіка і Луцкевіча



Карэспандэнтка “Свабоды” знайшла ў кіеўскіх архівах унікальныя матэрыялы пра супрацоўніцтва амаль 100 рокаў таму паміж новаабвешчанымі БНР і УНР. Дакумэнты падпісаныя Язэпам Лёсікам і Антонам Луцкевічам.

 

За час свайго існаваньня Беларуская Народная Рэспубліка спрабавала наладзіць сваё функцыянаваньне як аб’екта міжнароднага права з усёю належнаю атрыбутыкаю. А патэнцыйна пасьпяховым шляхам да юрыдычнага прызнаньня ўлады БНР вызначылі Ўкраіну, якая таксама абвясьціла незалежнасьць ад Расейскай імпэрыі. У 1917 роке была створаная Ўкраінская Народная Рэспубліка пад старшынствам Міхайла Грушэўскага, якога цяпер ушаноўваюць як першага прэзыдэнта Ўкраіны. У красавіку 1918 року да ўлады прыходзіць гетман Паўло Скарападзкі і стварае Ўкраінскую дзяржаву, а яшчэ праз паўгода — у сьнежні 1918-га — у выніку антыгетманскага паўстаньня на тэрыторыі Ўкраіны зноў аднавілася УНР.

 

Нягледзячы на ўсе гэтыя катаклізмы, улады БНР прагнулі супрацоўнічаць з Украінаю, незалежнасьць якой на той момант ужо прызналі некалькі дзяржаў. Хоць частыя зьмены ўлады ва Ўкраіне перашкаджалі як пераемнасьці на перамовах, так і іх пэрыядычнасьці.

 

Беларуская дэлегацыя, якая пачала працаваць у Кіеве ў красавіку 1918 року, неаднаразова зьвярталася да ўрадаў УНР ды Ўкраінскае дзяржавы з просьбай прызнаць БНР. Але, атрымліваючы згоду на словах і запэўніваньні “ў братэрскіх пачуцьцях”, гэтае пытаньне ніводнага разу, як сьведчаць пратаколы ўрадавых пасяджэньняў, не абмяркоўвалася. Пры гэтым, карыстаючыся падтрымкаю нямецкага камандаваньня, украінскія ўлады накіроўвалі сваіх камісараў на этнічныя беларускія землі.

 

У Дзяржаўным архіве вышэйшых органаў улады і кіраваньня Ўкраіны зьберагаецца нота пратэсту, накіраваная Міністэрству замежных спраў Украінскай дзяржавы беларускай дэлегацыяй у пытаньнях замежных спраў. Дакумэнт датаваны 6 траўня 1918 року і датычыць устанаўленьня ўкраінскай улады на тэрыторыі Гомлю, а таксама Пінскага, Мазырскага, Рэчыцкага і Гомельскага паветаў:

 

“Насельніцтва азначаных паветаў, якое вызначана цягнецца да цэнтру Беларусі Менску, не ўяўляе свайго дзяржаўнага існаваньня ў складзе Ўкраіны”.

 

Прадстаўнікі беларускай дэлегацыі, спасылаючыся на адпаведную заяву саюзу землеўладальнікаў, патрабавалі ад Кіева “адклікаць украінскіх камісараў і замяніць іх камісарамі Беларускай Рады”.

 

“Дэлегацыя ў пытаньнях замежных спраў БНР выказвае глыбокае перакананьне, што пратэсты новым урадам будуць прынятыя да ўвагі і што просьбы насельніцтва беларускіх паветаў будуць задаволены”.

 

Яшчэ адной нагодай для звароту да ўкраінскага ўраду стала падпісаньне ў жніўні 1918 року між Масковіяю і Нямеччынаю дадатковага пагадненьня да Брэст-Літоўскага мірнага дагавору. Згодна зь ім, Нямеччына абавязвалася вывесьці свае войскі зь беларускае тэрыторыі на карысьць Масковіі, якая не прызнавала незалежных беларускіх уладаў.

 

Старшыня Рады БНР Язэп Лёсік у сваім лісьце да міністра замежных спраў Украінскае дзяржавы назваў гэта новым “ударам толькі што ўтворанай Беларускай дзяржаўнай арганізацыі, адрываючы ад яе паўночна-ўсходнюю акраіну — да ракі Бярэзіны. Тым часам люднасьць гэтае тэрыторыі, неразрыўна зьвязаная і гістарычна, і эканамічна, і нацыянальна, і культурна з рэштаю Беларусі”.

 

“Змучаны цягатамі вайны, зруйнаваўшай эканамічнае і культурнае жыцьцё краю, і разарваўшай яго на часьці, народ беларускі, узлажыўшы ўсе надзеі на магчымасьць свайго адраджэньня толькі на злучэньне усіх беларускіх зямель і адбудову сваёй утрачанай дзяржаўнасьці, бачыць у новым акце падзелу Беларусі пагрозу свайму нацыянальнаму існаваньню і перад усім цывілізаваным сьветам выстаўляе дамаганьне, каб усе беларускія землі, як ужо ачышчаныя і падлягаючыя ачышчэньню нямецкімі акупацыйнымі войскамі, так і занятыя суседнімі дзяржавамі, былі аддадзены незалежнай Беларускай дзяржаве”.

 

Не дачакаўшыся адказу і на гэты раз, Надзвычайная дэлегацыя БНР дзеля замежных перамоваў на чале з Антонам Луцкевічам 5 лістапада 1918 року зноў зьвярнулася да ўладаў Украіны з просьбаю тэрмінова афіцыйна прызнаць Беларускую Народную Рэспубліку.

 

“За гэты час Савецкая Расея акупавала новую паласу Беларускае зямлі зь местам Магілёвам, і ў найбліжэйшай будучыні будуць зруйнаваныя новыя абшары. Дэлегацыя заяўляе, што кожны далейшы дзень зацяжкі, ставячы Беларусь перад фактам акупацыі Савецкай Рэспублікай усё новых і новых абшараў Беларусі, абясцэньвае эвэнтуальную помач беларусам з боку Ўкраінскае дзяржавы, каторая можа аказацца спозьненай, і адклад разьвязкі Радай Міністраў пытаньня аб прызнаньні незалежнасьці Беларусі і аб помачы ёй можа вытварыць палажэньне, роўна грознае як для Беларусі, так і для Ўкраіны”.

 

Пад дакумэнтам стаіць арыгінальны подпіс кіраўніка дэлегацыі Антона Луцкевіча, 5 лістапада 1918 року

 

У гэтым лісьце беларуская дэлегацыя заявіла, што да прызнаньня БНР на афіцыйным узроўні далейшае знаходжаньне яе прадстаўнікоў у Кіеве немэтазгоднае, і дэлегацыя вярнулася ў Менск.

 

Алена Літвінава

 

“Радыё Свабода”, 9 кастрычніка 2017 р.



Обновлен 11 окт 2017. Создан 09 окт 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter