Гісторыя й дойлідства Марачоўшчыны

Марач`оўшчына (Мерач`оўшчына) — урочышча ў Беларусі, былы фальварак



Марачоўшчына

 

Знаходзіцца за 1,5 км на паўночны захад ад места Косава. Радзіма Тадэвуша Банавэнтуры Касьцюшкі, нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША. Да нашага часу тут захаваўся палац Пуслоўскіх, помнік дойлідства XIX ст. У адноўленай сядзібе Касьцюшкаў дзейнічае музэй.

 


Традыцыйная гістарычная назва ўрочышча — Марачоўшчына — адпавядае традыцыйнаму вымаўленьню мясцовых жыхароў. У аснове тапоніма ляжыць старабеларускі апелятыў “марочна”, які азначае — балота, дрыгва, балоцістая мясцовасьць[1]. Часам пры напісаньні назвы фальварку пад уплывам польскае мовы і польскае гістарыяграфіі замест уласна беларускай ужываецца спаланізаваная форма — Мерачоўшчына, што супярэчыць як сучаснай мясцовай моўнай традыцыі, так і самой этымалёгіі назвы[2].

Першы пісьмовы ўпамін пра Марачоўшчыну датуецца 23 кастрычніка 1529 рока, калі фальварак быў у валоданьні Храптовічаў. У 1577 року князі Сангушкі-Кобрынскія прадалі Косаў разам з Марачоўшчынай ваяводу берасьцейскаму Андрэю Ляшчынскаму[3].

У першае палове XVIII стагодзьдзя Марачоўшчына была ў валоданьні Сапегаў. У 1733 року яна перайшла да мечніка берасьцейскага Людвіка Касьцюшкі ў заставу[4]. Прынята лічыць, што тут у 1746 року нарадзіўся Тадэвуш Касьцюшка. Па сьмерці Людвіка фальварак перайшоў да ягонае жонкі Тэклі з Ратомскіх, якая прадала Марачоўшчыну ў 1764 року ўладальніку Косава Юрыю Флемінгу і пераехала ў Сяхновічы. З гэтага часу Марачоўшчына стала неад’емнай часткай косаўскага маёнтку.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 р.) Марачоўшчына апынулася ў складзе Расейскае імпэрыі, у Слонімскім павеце Гарадзенскае губэрні.

У 1821 року Косаўскі ключ набыў граф Войцех Пуслоўскі, маршалак шляхты Слонімскага павету, які распачаў аднаўленьне сядзібы Касьцюшкаў. Рэстаўрацыя завяршылася ў 1857 року[5].

25 сакавіка 1918 року згодна з Трэцяй Устаўной граматай Марачоўшчына абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 року ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[6]. Згодна з Рыскаю мірнаю дамоваю 1921 року Марачоўшчына апынулася ў складзе міжваеннае Польскае Рэспублікі, у гміне Косаве Косаўскага павету Палескага ваяводзтва.

У 1939 року Марачоўшчына ўвайшла ў БССР. За часамі Другае сусьветнае вайны згарэла сядзіба Касьцюшкаў (спаленая партызанамі). У 1999 року на месцы былога фальварку паставілі мэмарыяльны камень, а ў верасьні 2004 року ў адноўленым будынку разьмясьціўся сядзіба-музэй Касьцюшкі.


Славутасьці:


• Палац Пуслоўскіх (1838 р.)
• Сядзіба Касьцюшкаў (XVIII ст.; адноўленая ў 2004 р.)


Асобы:


• Тадэвуш Банавэнтура Касьцюшка (1746—1817 рр.) — вайсковы і грамадзкі дзяяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік паўстаньня 1794 року.


Крыніцы:


1). Зайка А. Радзіма Касцюшкі: Мерачоўшчына ці ўсё ж Марачоўшчына? // “Наша Ніва”, 15 кастрычніка 2017 р.
2). Зайка А. Марачоўшчына ці Мерачоўшчына? // Івацэвіцкі весьнік, 4 лістапада 2008 г.
3). Несцярчук Л. Мерачоўшчына. Mereczowszczyzna. Меречевщина // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны X—XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы). — Менск: “БелТА”, 2002. — С. 154. — ISBN 985-6302-37-4
4). Krzywicki J. Mereczowszczyzna // Slownik geograficzny... T. VI. — Warszawa, 1885. S. 259.
5). Несцярчук Л. Мерачоўшчына. Mereczowszczyzna. Меречевщина // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны X—XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы). — Мн.: “БелТА”, 2002. — С. 155. — ISBN 985-6302-37-4
6). 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.


Літаратура:


• Несцярчук Л. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны X—XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы). — Менск: “БелТА”, 2002. — С. 154. — ISBN 985-6302-37-4
• Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego i innych krajow slowianskich. Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885.

 


Палац Пуслоўскіх (“Косаўскі “замак”)


“Косаўскі “замак” — палац у нэагатычным стылі ў выглядзе абарончага замка, збудаваны ў фальварку Мерачоўшчына, непадалёк ад сядзібы, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касьцюшка.


Гісторыя:


• 1838 р. — завяршэньне будаўніцтва нэагатычнага палаца графа Вандаліна Пуслоўскага;
• 1863 р. — палац пераходзіць у валоданьне князёў Трубяцкіх і Ольдэнбурскіх;
• Значна пашкоджаны ў час Першай сусьветнай вайны. Пасьля яе прыстасаваны польскімі ўладамі пад старастат. У час Другой сусьветнай вайны спалены партызанамі;
• У сучасны момант вядзецца рэканструкцыя.

 


Аўтарам праекту палаца стаў варшаўскі дойлід Францішак Яшчальд. Над афармленьнем унутраных інтэр’ераў працавалі дойлід В. Марконі, дэкаратар Францішак Жмурка.

Косаўскі “замак” стаў адным зь першых збудаваньняў у рэтраспэктыўна-гістарычным стылі, якія паставілі крыж на панаваньні клясыцызму ў дойлідзтве. Пабудаваны ў стылі ангельскай нэаготыкі, ён, аднак, захоўвае характэрную для клясыцызму сымэтрыю з абсалютным дамінаваньнем цэнтральнага рызаліту. Звонку мае суровае “абарончае” афармленьне, за што атрымаў назву “замак”. На дойлідскае вырашэньне палацу паўплывала мэтанакіраванае будаўніцтва яго непадалёку родавай сядзібы Тадэвуша Касьцюшкі.

Унутраныя інтэр’еры былі ўпрыгожаныя фрэскавымі росьпісамі і стукавым дэкорам.


__________

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

 


Палац Пуслоўскіх


Буйнейшы прамысловец граф Вандалін Пуслоўскі сцвярджаў сябе не толькі ва ўдалым прадпрымальніцтве, але і ў рэпрэзентацыйнай пабудове ў 1838 р. палацавай рэзідэнцыі, якая больш паходзіла на велічны замак, у адным са сваіх шматлікіх уладанняў — Косаве. Аднак лёс палаца даволі цьмяны: пасля паўстання 1863 р. ён пераходзіць у рукі маскоўскай арыстакратыі — да князёў Трубяцкіх і Алдэнбургскіх; у час першай сусветнай вайны палац разбураецца, пасля чаго прыстасоўваецца пад староства Косаўскага павета; пасля Другой сусветнай вайны зламаны цяжкасцю выпрабаванняў ліхалецця і зараз існуе ў руінах. Але і рэшткі будынка, у якіх лунаюць цені далёкага мінулага і духі яго гаспадароў, яшчэ больш уражваюць сваёй таямнічасцю і загадкавасцю. “Замак” быў удала ўпісаны ў панарамны паркавы краявід. Але здаецца, што, узводзячы сваю рэзідэнцыю на плоскасным рэльефе мясцовасці, Пуслоўскі больш звязваў будаўніцтва з суседняй гістарычнай сядзібай Касцюшкаў пад назвай Марачоўшчына. Менавіта ў гэтай “садружнасці” будынкаў розных гістарычных эпох намаляваў палац мастак Н. Орда ў 1860-ыя рр. Гэта была спрыяльная магчымасць задаволіць не толькі натуральнае эстэтычнае пачуццё сродкамі дойлідства, але і далучыцца да сапраўднай гісторыі, а значыць, і надзяліць сваё збудаванне гістарычнай аўраю, водарам славутай мінуўшчыны.

 


Варшаўскі дойлід Францішак Яшчальд у дойлідстве манументальнага будынка спыняе “вялікі пост” палацава-сядзібнага класіцызму і “гурманствуе” гатычнай старажытнасцю. Шэраг даследнікаў падкрэсліваюць яго аналогію з замкам Гогенцолернаў у Камянцы-Зембавецкім (польская Сілезія) у Польшчы. У стылі сярэдневяковай готыкі інтэр'еры палаца апрацоўваюць дойлід В. Марконі і дэкаратар Францішак Жмурка.

Гісторык дойлідства У. Чантурыя ахарактарызаваў палац як твор дойлідства “ў духу гатычнай старыны”, і гэта відавочна. Аб'ёмна-прасторавая дойлідская кампазіцыя з пульсуючым сілуэтам яшчэ захоўвае строга класіцыстычную ўраўнаважаную сіметрыю, уласцівую адышоўшаму класіцызму — франтальна выцягнуты будынак складаецца з цэнтральнага двухпавярховага корпуса і злучаных з ім галерэямі, высунутых наперад бакавых павільёнаў. Цэнтральная ўзвышаная частка акцэнтавана ступеньчатым атыкам. Зубчасты парапет па перыметры будынка і вузкія шчыліны-байніцы на васьмігранных вежах, як вартаўнікі, ствараюць уражанне велічнай фартэцыі. Струны вуглавых вежаў узносяцца быццам азіяцкія мінарэты. Увядзенне зубчастых завершаў, шматгранных “вартаўнічых” вежаў, вокнаў стральчатага малюнку, аркатурных фрызаў, невялікіх контрфорсаў у прасценках з'явілася вяртаннем да архітэктурных форм замкавага гатычнага сярэднявечча. Арыгінальнае выкарыстанне насценных фіялаў, зубчастых перамычак вокнаў — гатычныя матывы ў стылёвай трактоўцы дойлідства. Гатычную інтэрпрэтацыю мела і ўязная брама. Інтэр'еры “замка” былі аформлены фрэскавым роспісам і стукавым дэкорам Ф. Жмуркам, насычаны творамі мастацтва. З высокіх вокан верхніх залаў і вежаў погляд прасціраецца на велічны, некалі ўзбагачаны паркам краявід і губляецца за далёкім гарызонтам.


Крыніца:


А.М. Кулагін

Страчаная спадчына
Мінск, Беларусь, 2003

 


Марачоўшчына ці Мерачоўшчына?


Назву ўрочышча, былога фальварка і сядзібы, дзе нарадзіўся вядомы ўсяму свету Тадэвуш Касцюшка, даследчыкі яго жыцця пішуць па-рознаму. Адны — Марачоўшчына, другія — Мерачоўшчына.

Польскі “Слоўнік геаграфічны” (Варшава, т.4, ст.259, 1885 р.) фіксуе найменне фальварка, дзе нарадзіўся Касцюшка, у форме Merecowsciznа і перакладаецца па-беларуску як Мерачоўшчына. Польскія біёграфы Тадэвуша Касцюшкі такія, як Т. Корзун, Ф. Канечны, Т. Раеўскі, З. Сулек, Б. Шындлер, Л. Ратайчык і інш аднадушна пагаджаюцца з гэтай назвай. Айчынныя даследчыкі жыцця і дзейнасці славутага земляка дружна паўтараюць за палякамі назву Мерачоўшчына. А вядомы знаўца біяграфіі Тадэвуша Касцюшкі гісторык Уладзімір Емельяновіч у кнізе “Нарадзіўся я літвінам…”, якую напісаў у сааўтарстве з Язэпам Юхо, фіксуючы назву месца народзін Касцюшкі як Марачоўшчына, ужо ў “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі” у артыкуле пра Касцюшку ўжывае тапонім Мерачоўшчына. Якая з гэтых двух форм напісання правільная? Давайце звернемся да гістарычных крыніц, якія на нашу думку, павіны праліць святло на спрэчнае пытанне.

Першае ўпамінанне фальварка датуецца 23 кастрычнікам 1597 року, калі быў складзены інвентар маёнтка Косава, запісаны ў актах Слонімскага земскага суда (Акты т. 14, стст. 608 — 620 ). Чытаем “Фольварок Косовский на Марачовщине, в котором будованья, то есть: светлочка з сенью, напротив комора, драницами побитая, дом добрый, клеточка на пивницы, пивничка старая, ворот двои лихих, сырница новая з ганком на столпьи, под нею холодник с прутья уроблен, драницами побит, гридня великая з сенью, напротив у ворот малая, соломою крыта…” і так далей пералічваецца падрабязна нерухомая маёмасць фальварка. У дакуменце назва фальварка падаецца і яшчэ ў іншых формах: “…пашни фольварку Марачовского, …огородники того фольварку Марачевского”. 

Адзначым, што ўжо ў XVI стагоддзі ў назве фальварка праяўляецца характэрная асаблівасць сучаснай беларускай мовы — поўнае аканне, што якраз і не ўласціва польскай мове. Вось чаму яны былі вымушаны пісаць Мере човшчызна. Яшчэ. І, на нашу думку, асабліва важна: польскія мовазнаўцы абсалютна ігнаравалі вусную форму бытавання гэтага тапоніма. Адтуль, з сівой даўніны і да сёння ўвесь ваколічны люд называе гэтае месца Марачоўшчынай. І толькі так. Гэтая назва і павінна быць замацавана ў гістарычнай навуцы.

Што датычыць лексічнага значэння тапанімічнай назвы Марачоўшчына, то ў аснове яголяжыць старабеларускі апелятыў “марочна”, які азначае — балота, дрыгва, балоцістая мясцовасць. Вось што піша пра гэты геаграфічны тэрмін у сваёй кнізе “Славянская геаграфічная тэрміналогія” Мікіта Талстой. “Тэрмін “марочна” прымяняецца ў адносінах да пінскіх вялікіх балот з беднай расліннасцю… на такім марочным балоце не косяць, а збіраюць журавіны. Марочнае балота павінны, відаць, этымалагізаваць як змрочнае, цёмнае балота”. 

І сапраўды. Кожны, хто знаёмы з мясцовам ландшафтам, пагодзіцца з такім тлумачэннем назвы. Глыбокая ўпадзіна, якая пачынаецца недзе каля вёскі Жамайдзякі, цягнецца праз само мястэчка Косава ажно да рэчкі Грыўда. Гэтую ўпадзіну разразае рэчка. Некалі яна называлася Рудаўка, што значыць рудая, цёмная. Даўней вада яе круціла ажно колы трох млыноў. Берагі яе былі дрыгвяністыя, гіблыя, марочныя. І да гэтага часу там працякае рака. Толькі цяпер яна мае іншую назву — Муцвіца, і на шляху яе плешчуцца рукатворныя азёры, якія звязаны з рэчкай Грыўдай прамой плыткай канавай…


Алесь Зайка


“ivacevichi.brest.by”, 4 лістапада 2008 р.

 

 

Перліны Марачоўшчыны


Палац “замак” у Марачоўшчыне Берасцейскай вобласці мае поўнае права лічыцца адным з самых цікавых і таямнічых ў Беларусі. Вакол яго гісторыі трымціць мноства легенд, пра якія так і хочацца распавядаць дзеткам пры вогнішчы. Калі верыць апавяданням старажылаў, замак пабудаваў у 1838 роке граф Вандалін Пуслоўскі ў падарунак сваёй каханай жонцы. Ёсць чуткі, што кожны са 132-х пакояў быў абсталяваны ў сваім непаўторным стылі. Былі “блакітны пакой”, “залаты пакой”, “срэбны пакой”, “шкляны пакой”. Адзін з іх меў крыштальную падлогу, у якой плавалі экзатычныя рыбкі. Кажуць таксама, што па калідорах палаца блукаў бяззубы леў і сачыў за тым, каб слугі нічога каштоўнага не скралі. Ёсць легенда, што граф так кахаў сваю графіню, што выконваў кожнае яе жаданне, у тым ліку і летам ствараў зіму… Кажуць, нібыта каля замка слугі насыпалі горы з солі, каб графіня магла слізгаць на санях.

 


Лічыцца, што месца пабудовы “замака” таксама было выбрана невыпадкова. Поруч з ім знаходзіцца ўрочышча Марачоўшчына з невялікай драўлянай сядзібай, дзе ў 1746-м роке нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка.

 


На жаль, лёс не збярог усю веліч і багацце палаца. Пасля студзеньскага паўстання 1863-га року ён перайшоў ва ўладанне маскалёўскае арысткратыі. Падчас Першае сусветнае вайны яго разрабавалі немцы. У 1929-м роке палад прыладавалі пад сельскагаспадарчую школу. Значныя знішчэнні прынесла і Другая сусветная вайна. Пасля яе палац перайшоў ва ўладу Дзяржлясфонда. У гэты перыяд адбылося моцнае ўмяшальніцтва ў ландшафт. Вырубаліся каштоўныя і рэдкія віды дрэў. Фальварк Касцюшкі — выпаханы. Азёры высушылі. Паломніцтва турыстаў прымусіла распачаць неабходную рэстаўрацыю. У 2004-м роке была адчынена адноўленая сядзіба Тадэвуша Касцюшкі. На дадзены момант у палацы таксама трывае рэстаўрацыя. Яе завяршэнне плануецца ў 2015-м роке.


Кася Бергель


“Беларускае Радыё Рацыя”, 2016 р.

 

 

Палац Пуслоўскіх у Марачоўшчыне


Палац Пуслоўскіх, які па-іншаму называюць “Косаўскiм замкам” — гэта выдатная па сваёй прыгажосці рэзідэнцыя. Рыцарская мара, мініяцюрны “замак” — яшчэ і пад такімі імёнамі вядомы гэты выдатны прыклад неагатычнай архітэктуры XIX стагоддзя, які дзівіць велічнасцю і моцай крэпасных сцен і дагэтуль.

Непадалёк ад Косава нарадзіўся выдатны ваенны і палітычны дзеяч Тадэвуш Касцюшка, чым вельмі ганарыліся ўладальнікі гэтых зямель Пуслоўскія. Яны за ўласныя сродкі адрэстаўравалі малую радзіму нацыянальнага героя Польшчы і ЗША, і тым самым ўшанавалі яго заслугі і памяць.

Закладка палацу на тэрыторыі Марачоўшчыны адбылася ў 1838 роке. Адначасова з ім быў разбіты парк у англійскім стылі. Дойлідам ансамбля выступіў паляк Францішак Ящольд, а першым гаспадаром і ініцыятарам будаўніцтва — ваявода Казімір Пуслоўскі. Дабудоўваўся палац ужо пры ўдзеле яго сына Казіміра Вандаліна, а інтэр'ерамі займаўся італьянскі дойлід Уладзіслаў Марконі.

Палац меў фасад даўжынёю ў сто дваццаць метраў, а ўнутры размяшчалася велізарная колькасць пакояў — іх было 132. Будынак вянчалі дванаццаць вежаў, колькасць якіх была вельмі сімвалічна: кожная з іх абазначала пэўны месяц року. Чатыры вежы пасярэдзіне былі вышэйшыя за астатнія: так па задумцы архітэктара вылучалася значнасць самых цёплых і ураджайных месяцаў — траўня, чэрвеня, ліпеня і жніўня. Акрамя таго, было пабудавана некалькі раскошных бальных пакояў, якія насілі імёны пэўнага колеру: да прыкладу, Чорная зала была прызначана для картачных гульняў, у Ружавай размяшчаўся музычны пакой, Белая — прымаў гасцей, калі Пуслоўскія арганізоўвалі прыёмы і балі.

Пра палац Пуслоўскіх існуе шмат цікавых легенд і паданняў. Навукоўцы да гэтага часу спрачаюцца, ці магчыма гэта, аднак цяпер нам вядома, што ў адным з залаў было абсталявана шкляное дно, праз якое можна было паглядзець на экзатычных рыбак. Не менш цікавая гісторыя пра тое, што Пуслоўскія трымалі ў сябе ручнога ільва, які па начах хадзіў па калідорах палацу, ахоўваючы яго ад зламыснікаў. Акрамя гэтага, існавала яшчэ адна незвычайная асаблівасць, якую празвалі “музычнай лесвіцай”. Пры будаўніцтве сцяны, якая размяшчалася побач з гэтай лесвіцай, выкарыстоўваліся полыя косткі жывёл. Сама ж лесвіца была спецыяльна зробленая вельмі вузкай, таму калі па ёй падымалася дама ў пышнай сукенцы, шоргат рэзанансна узмацняўся дзякуючы сцяне, тым самым ствараючы музычны эфект.

Палац патанаў у зеляніне унікальнага парку, у якім былі прадстаўлены больш за сто пяцьдзесят экзатычных відаў раслін і дрэў. Акрамя таго, непадалёк была арганізавана аранжарэя, дзе раслі самыя пераборлівыя асобнікі. Парк вёў да трох жывапісных вадаёмаў і дому Касцюшкі.

Лёс рэзідэнцыі складалася няпроста. Сын Вандаліна, Леон, прайграў радавы маёнтак у карты. Пасля гэтага дынастыя Пуслоўскіх ўжо ніколі не кіравалі гэтымі землямі. Палац мяняў гаспадароў і прыходзіў у заняпад.

Не пашкадавала помнік дойлідства і багатае войнамі і палітычнымі пераваротамі дваццатае стагоддзе. Падчас Першае сусветнае вайны раскошны палац быў разрабаваны. Адсюль зніклі бясцэнныя скарбы: калекцыя старажытных рукапісаў, карціны і фамільныя каштоўнасці. У час Другое сусветнае вайны яго падпалілі партызаны, і пажар гарэў тут на працягу цэлых дзесяці дзён. Гэта стала апошняй кропляй, былі сцёртыя з аблічча зямлі інтэр'еры, і засталіся толькі павольна руйнаваныя сцены...

Нягледзячы на гэта, і ў паўразбураным стане палац выглядае велічна і эфектна. У 2008 роке былі вылучаны вялікія сродкі на яго рэканструкцыю, якая павінна будзе завяршыцца праз дзесяць рокаў з моманту пачатку будаўнічых работ. І тады палац верне сабе былую веліч.


“VETLIVA”

 

 

Рэстаўрацыя палаца Пуслоўскіх У Марачоўшчыне


Ёсць надзея, што рэстаўрацыя у Марачоўшчыне не будзе такой саматужніцкай, як у Нясвіжы. Прынамсі, выкарыстоўваецца спецыяльнае цэгла, якую падразаюць кожную асобна — каб не адрознівалася ад старажытнай

Спачатку ўручную некалькі месяцаў з падвалаў палаца выносілі смецце, зямлю і друз. Падвалы расчысцілі, падлогу залілі бетонам, зрабілі замацавалі, і рэстаўратары ўзяліся за левае крыло палаца.

 

 


Гэтая частка палаца ўжо моцна адрозніваецца ад астатняга будынка — сцены без выбоінаў і надпісаў, новы тынк і роўныя зубцы на сценах.

Тут ужо замацаваныя сцены, зробленая сістэма крокваў, лесвічныя пралёты, хутка пакладуць дах.

Рыхтуюцца перакрыцці ў пераходнай галерэі да асноўнай часткі палаца.

 

Да 2011 року рэстаўратары плануюць умацаваць і атынкаваць сцены, зрабіць перакрыцці, пакласці дах і ўставіць вокны, правесці ацяпленне і камунікацыі. Пасля гэтага пачнецца аднаўленне інтэр’ераў, а заключнай фазай рэстаўрацыі стане аднаўленне паркавай зоны.

 

 


У палацы будуць музей, гатэль, бар, канферэнц-зала і яшчэ адна зала на 80 месцаў, гаспадарча-бытавыя памяшканні. Пад гатэль і бар прызначылі амаль гатовае левае крыло.

Калі верыць рэстаўрацыйным чарцяжам, новаўвядзенняў і саматужніцтва, якія дапушчаныя ў Міры і Нясвіжы, не будзе — усё выглядае вельмі прыстойна.

 

Аляксей Кульбіцкі (фота)

 

(с) “Еўрапейскае Радыё для Беларусі”, 30 ліпеня 2009 р.



Создан 27 окт 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter