Гісторыя й дойлідства Косава




Косава


К`осава[2], К`осаў[2] — места ў Беларусі, каля ракі Грыўды. У складзе Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2017 рок — 1844 чалавекі[1]. Знаходзіцца за 15 км ад Івацэвічаў, за 13 км ад чыгуначнай станцыі “Косава-Палескае” (лінія Берасьце — Баранавічы). Аўтамабільныя дарогі на Ружаны, Івацэвічы, Няхачава.

Косаў — даўняе мястэчка гістарычнае Слонімшчыны (частка Наваградчыны). Да нашага часу тут захаваліся драўляная Юр’еўская царква і палац Пуслоўскіх, помнікі дойлідства XVIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся палац Сапегаў, помнік дойлідства XVIII ст. Суседняе ўрочышча Марачоўшчына — радзіма Тадэвуша Банавэнтуры Касьцюшкі, вайсковага і грамадзкага дзеяча Рэчы Паспалітай, нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША.

Тапонім “Косаў”, імаверна, мае зьвязкі з асновай “кас`ы” і вытворным прозьвішчам Косаў. Таксама магчыма, што пачатковае “к” мае пратэтычнае паходжаньне[3]. Паводле народнага паданьня, у XIII ст. у часе набегаў татараў каваль Каса рабіў зброю; мясцовыя жыхары абараняліся ад ворагаў, калі ішлі да каваля, казалі, што ідуць да Касога; месца, дзе ён жыў, паступова пачалі зваць Косавым. Згодна зь іншымі зьвесткамі, вакол Косава было шмат лугоў, якія ўвосень так гучна скашвалі, што стаяў моцны шум; адсюль і ўзьнікла назва.

Традыцыйная гістарычная назва паселішча — Косаў[4][5]. Форма Косава (маск. Коссово) пачала шырока ўжывацца ў выніку перайначваньня тапоніму на маскалёўскі манер[6].

Першыя паселішчы на тэрыторыі Косава ўзьніклі ў X—XI стагодзьдзях. Захавалася гарадзішча X—XII стагодзьдзяў, якое дасьледавалі Юры Кухарэнка, Пётар Лысенка, Леанід Побаль і Павал Рапапорт. Аднак першы пісьмовы ўпамін пра Косаў зьмяшчаецца прывілеі вялікага князя Аляксандра, які перадаў яго маршалку І. Храптовічу, і датуецца 1494 рокам[7].

Пазьней у розны час Косаў знаходзіўся ў валоданьні Флемінгаў і Чартарыйскіх. У 1510 роке вялікі князь Жыгімонт Стары выдаў прывілей на правядзеньне ў мястэчку таргоў і кірмашоў. У гэты час Косаў стаў цэнтрам павету, аднак згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформай 1565—1566 рокаў увайшоў у склад Слонімскага павету Наваградзкага ваяводзтва. 11 траўня 1569 року мястэчка перайшло да Льва Сангушкі-Кашырскага. На 1597 рок тут было 79 двароў і 2 вуліцы, дзейнічалі царква і касьцёл (з 1526 року), працавалі 27 корчмаў і шынок.

З 1611 року Косавам валодалі Сапегі. У 1626 роке паводле фундацыі Льва Сапегі тут збудавалі новы касьцёл. У 2-й палове XVIII ст. мястэчка перайшло да Пуслоўскіх, якія збудавалі ў ім суконную фабрыку, цагельню, гуту і бровар.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 рок) Косаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Слонімскім павеце Слонімскай, з 1797 року Літоўскай, з 1801 року ў Гарадзенскай губэрні. У 1825—1855 роках у мястэчку працавала суконная мануфактура. У 1838 роке граф Вандалін Пуслоўскі збудаваў тут палац. На 1845 рок у Косаве існавала фабрыка дываноў і іншыя прадпрыемствы, на якіх налічвалася каля 200 работнікаў. У 1850-я рокі працавала вінакурнае прадпрыемства. У 1861 роке мястэчка стала цэнтрам воласьці.

За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864 рр.) пад Косавым адбыўся бой паміж паўстанцамі і маскалёўскімі карнымі войскамі. У 1865 роке адкрылася народная вучэльня. У 1867 роке пачаў працаваць млын (у 1881 роке абсталяваны паравым рухавіком). У 1868 роке ў мястэчку збудавалі мураваную царкву Сьвятога Антонія, у 1878 роке — Траецкі касьцёл. Паводле вынікаў перапісу 1897 року — 431 будынкі, дзейнічалі 2 царквы, касьцёл і капліца, працавалі народная вучэльня, суконныя фабрыкі, гарбарня, пошта і 58 крамаў, штогод праводзілася па 8 кірмашоў. 15-16 кастрычніка 1900 року ў Косаве адбыліся хваляваньні навабранцаў (каля 900 чал.) у часе перастрэлкі з паліцыяй некалькіх чалавек застрэлілі. За часамі Першае сусьветнае вайны ў 1915 роке мястэчка занялі нямецкія войскі; да восені 1918 року непадалёк стаяў фронт. Ад чыгуначнай станцыі “Косаў-Палескі” немцы правялі вузкакалейныя чыгункі ў лясныя масівы Гуліна і Міхаліна Ружанскай пушчы. Палац пацярпеў ад рабаваньняў, загінулі сад і аранжарэя[8].

25 сакавіка 1918 року згодна з Трэцяй Устаўной граматай Косаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 року ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён ўвайшоў у склад Беларускай ССР[9]. Згодна з Рыскай мірнае дамоваю 1921 року Косаў апынуўся ў складзе міжваеннай Польскае Рэспублікі, дзе атрымаў статус места і стаў цэнтрам павету. За польскім часам тут працавалі міравы суд і паліцэйская камэндатура. З 1922 року дзейнічаў шпіталь на 930 ложкаў, у 1923 роке адкрыўся лесапільны завод “Тартак”. 3 лютага 1927 року ў Косаве адбылася дэманстрацыя працоўных, арганізаваная падпольным райкамам Камуністычнай партыі Заходняе Беларусі; паліцыя расстраляла дэманстрацыю, гэты дзень увайшоў у беларускую гісторыю пад назвай “Косаўскага расстрэлу”. У 1930-я рокі ў месьце дзейнічала электрастанцыя магутнасьцю 100 кВт.

У 1939 роке Косаў увайшоў у БССР, дзе ў 1940 роке стаў цэнтрам раёну (з 20 верасьня 1947 року ў складзе Івацэвіцкага раёну). У наш час Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы вядзе расьсьледаваньне справы забойства 25 палякаў 17-20 верасьня каля Косава. У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 12 ліпеня 1944 року места знаходзілася пад нямецкаю акупацыяю. У 1942 роке ў Косаве існавала гета; у часе партызанскай апэрацыі ўсіх жыдоў вызвалілі і схавалі ў лясох, але ў выніку нямецкае агітацыі, якая абяцала ім спакойнае жыцьцё ў гета, частка юдэяў вярнуліся зь лясоў, адразу ж усіх іх расстралялі. Да 17 верасьня 2013 року — цэнтар Косаўскага сельсавету[10].


Дэмаграфія


• XIX стагодзьдзе: 1830 рок — 578 муж., зь іх шляхты 7, духоўнага стану 2, мяшчанаў-юдэяў 408, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 150, жабракоў 2[11]; 1833 рок — 741 чал.; 1860 рок — 538 чал.; 1867 рок — 1276 чал.; 1878 рок — 2030 чал., у тым ліку 1279 юдэяў.[12]; 1897 рок — 4143 чал.
• XX стагодзьдзе: 1905 рок — 5067 чал.; 1921 рок — 2433 чал.; 1938 рок — 3708 чал.; 1959 рок — 2,6 тыс. чал.; 1991 рок — 2,8 тыс. чал.; 1997 рок — 2675 чал.[13]; 1998 рок — 2,7 тыс. чал.[14]
• XXI стагодзьдзе: 2002 рок — 2,5 тыс. чал.; 2006 рок — 2,4 тыс. чал.; 2008 рок — 2,3 тыс. чал.; 2009 рок — 2029 чал.[15] (перапіс); 2010 рок — 2 тыс. чал.[16]; 2015 рок — 1905 чал.[17]; 2016 рок — 1850 чал.[18]; 2017 рок — 1844 чал.[1]


Адукацыя


У Косаве працуюць сярэдняя і музычная школы, дашкольная ўстанова.


Мэдыцына


Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе меская лякарня.


Культура


Дзейнічаюць дом культуры, бібліятэка.


Эканоміка

 

• Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасьці, камбінат бытавога абслугоўваньня насельніцтва.
• ААТ “Косаўскае мэблевае вытворчае аб’яднаньне”.


Славутасьці:


• Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (1877(?) р., нэараманскі стыль); у драўляным касьцёле 1626 року, што стаяў на гэтым месцы, 12 лютага 1746 року быў ахрышчаны Тадэвуш Касьцюшка.
• Магіла ўдзельнікаў паўстаньня 1863—1864 рокаў (надмагільле пастаўленае ў 1928 роке)
• Могілкі старыя каталіцкія; капліца (1859 р.)
• Палац Пуслоўскіх (1838 р., нэаготыка); узьведзены паводле праекту дойліда Францішка Яшчолда, у будаваньні палаца дапамагаў дойлід У. Марконі. Фасад палаца складаў 120 мэтраў у шырыню. У міжваенны час тут разьмяшчалася сядзіба Косаўскага староства. У 1942 роке быў спалены савецкімі партызанамі і цалкам закінуты, а прылеглы парк — высечаны (цяпер на гэтым месцы хваёвы бор). Частка руінаў палаца добра захавалася і ўражвае нават сёньня. У 2009 роке Палац Пуслоўскіх у Косаве ўлучылі ў інвэстыцыйную праграму турыстычных цэнтраў Беларусі (разам зь Мірскім замкам, Палацава-замкавым комплексам у Нясьвіжы і Старым Замкам у Горадні)[19]
• Царква Сьвятога Юр’я (XVIII ст.; Сьвяты Пасад, цяпер у валоданьні Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату)
• Царква Сьвятога Антонія (1868 р.; мураўёўка)


Страчаная спадчына:


• Палац Сапегаў (XVIII ст.)


Асобы:


• Аўрам Ешаяў Карэліц (Хазон Іш) — адзін з найвядомейшых рабінаў XX стагодзьдзя
• Тадэвуш Касьцюшка (1746—1817 рр.) — вайсковы і грамадзкі дзяяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік паўстаньня 1794 року; нарадзіўся ўва ўрочышчы Марачоўшчыне, за паўкілямэтру ад Косава
• Мікалай Трында — кіраўнік Косаўскага раённага антыфашысцкага камітэту ў Другую сусьветную вайну


Крыніцы:


1). Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
2). Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І.А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В.П. Лемцюговай. — Мн.: “Тэхналогія”, 2010. — 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf) С. 148—149.
3). Жучкевич В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 178.
4). Іскурык В., Саўка З. (16.01.2011) Сапраўдныя назвы беларускіх гарадоў. “Белсат ТВ”.
5). Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
6). Вячорка В. Не страляйце пад Лёзна! Скланяйма беларускія геаграфічныя назвы, “Радыё Свабода”, 31 ліпеня 2015 г.
7). Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область, под ред. Марцелова С.В. — Минск: Белорусская Советская Энциклопедия, 1990. С. 208.
8). Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 3. Кн. 1. — Менск, 2006.
9). 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: “Наша Будучыня”, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
10). “Об изменениях в административно-территориальном устройстве Берёзовского, Ивацевичского, Малоритского, Пинского районов Брестской области”. Решение Брестского областного Совета депутатов от 17 сентября 2013 г. №305(рас.)
11). Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 414.
12). Sulistrowski F. Kossow // Slownik geograficzny... T. IV. — Warszawa, 1893. S. 473.
13). ЭГБ. Т. 4. — Менск, 1997. С. 241.
14). БЭ. Т. 8. — Менск, 1999. С. 427.
15). Перепись населения — 2009. Брестская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
16). Дзяржкартгеацэнтр
17). Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, посёлков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
18). Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
19). Алесь Пятровіч. Косаўскі палац будзе ўзноўлены // Радыё “Нямецкая хваля”, 7 жніўня 2008 г. Архіўная копія ад 7 жніўня 2008 г.


Літаратура:


• Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. — Менск: БелЭн., 1999. ISBN 985-11-0144-3.
• Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / пад навук. рэд. А. І. Лакоткі. — Менск: БелЭн, 2006. ISBN 985-11-0373-X.
• Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
• Чыгрын С. Слоўныя скарбы Косаўшчыны [1] // “Літаратура і мастацтва” №17, 2015.
• Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.
• Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego i innych krajow slowianskich. Tom IV: Kes — Kutno. — Warszawa, 1883.

 


Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы


Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы — рымска-каталіцкі касьцёл у месьце Косава (Івацэвіцкі раён, Берасьцейская вобласьць), адзін з найбольш яркіх узораў нэараманскага стылю.

Гісторыя касьцёлу бярэ свой пачатак з 1626 року, калі на месцы цяперашняга касьцёлу першапачаткова быў пабудаваны драўляны. Пазьней у 1877 року касьцёл быў перабудаваны і набыў сучасны выгляд.

У цяперашні час гэты касьцёл вядомы тым, што 12 лютага 1746 року ў ім быў хрышчаны Тадэвуш Касьцюшка.

 


Траецкі касцёл


Траецкі касцёл у Косава — рымска-каталіцкі касцёл у м. Косава Івацэвіцкага раёна, Берасцекай вобласці.

Помнік дойлідства ў неагатычным стылі[1][2]. Некаторыя крыніцы характарызуюць стыль храма як неараманскі[3]. Уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (код 113Г000309)[1].

Гісторыя касцёла бярэ свой пачатак з 1626 рока, калі на месцы цяперашняга касцёла першапачаткова быў пабудаваны драўляны. Пазней у 1877 роке касцёл быў перабудаваны і набыў сучасны выгляд. Фундатарам касцёла ў 1878 роке быў граф Вандалін Пуслоўскі[4].

У цяперашні час гэты касцёл вядомы тым, што 12 лютага 1746 рока ў ім быў хрышчоны Тадэвуш Касцюшка.

Храм аднанефны, мае прастакутны ў плане аб'ём. Неф завяршае пяцігранная апсіда з двума бакавымі сакрысціямі. Галоўны фасад адзначаны чатырохкантовай шатроваю вежаю-званіцай. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёныя ступеньчатымі контрфорсамі, спічастымі вокнамі з вітражамі.

Неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі і папружнымі аркамі, якія ўпрыгожаныя арнаментальным роспісам. Над уваходам хоры на дзвюх калонах. Мастацка-кампазіцыйным цэнтрам галоўнага алтара з'яўляецца абраз “Маці Божай Міласэрнасці”.


Зноскі:


1). Збор помнікаў гісторыі і культуры. Брестская область. Стар. 210—211
2). “Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік”. Мінск, “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, 1993 год. ISBN 5-85700-078-5.
3). А.М. Кулагiн. Каталiцкiя храмы Беларусi. — Мінск: 2008. ISBN 978-985-11-0395-5
4). Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя — Беларусь, 2011. — С. 343. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.

 


Косаўскі расстрэл


Пасьля дзяржаўнага перавароту, зьдзейсьненага Юзэфам Пілсудзкім у 1926 роке, палітычная дзейнасьць грамадзкіх рухаў і партыяў ускладнялася, а ўціск уладаў станавіўся больш жорсткім. Улады арыштоўвалі палітычных дзеячоў, закрывалі беларускія школы, гімназіі, сталі арыштоўваць актывістаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады. У 1927 роке санацыйны ўрад афіцыйна забараніў БСРГ.

3 лютага 1927 року ў Косаве праходзіла дэманстрацыя ў падтрымку БСРГ. На дэманстрацыю выйшла паўтары тысячы чалавек (галоўным чынам, сялян). Удзельнікі маніфэстацыі прайшлі па Косаве, правялі мітынг.

Калі пасьля мітынгу пратэстуючыя зноў рушылі празь мястэчка, камуністычныя дзеячы, якія былі ў калёне сярод дэманстрантаў, паднялі чырвоныя сьцягі. У адказ на гэта польская паліцыя адкрыла агонь.

У выніку расстрэлу загінула 6 чалавек: М. Еўтух, І. Ракевіч, П. Гаўрус, М. Таптала, І. Кучук, С. Верабей. Некалькі дзясяткаў чалавек было паранена.

Пахаваньне забітых вылілася ў маніфэстацыю пратэсту супраць самавольства паліцыі і польскае адміністрацыі. З косаўскіх падзеяў распачаліся жорсткія захады польскіх уладаў на землях Заходняе Беларусі.


__________

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

 


Гісторыя Косава


Ад ажыўленай чыгуначнай каляіны Менск — Берасьце — Заходняя Эўропа гэтае месца ўсяго за 15 кілямэтраў. Тым ня менш, патрапіць сюды без уласнага аўто ня надта лёгка, бо з райцэнтру Івацэвічы ў места Косава (Косаў) аўтобус ходзіць толькі зранку ды ўвечары. 

Перад уездам у места ў 1994 роке, калі сьвяткавалі 500-рочча Косава ўлады пакінулі помнік з чорнага мармуру, які, аднак, вельмі падобны на надмагільны. А вось каб умацаваць крыж на магіле паўстанцаў Кастуся Каліноўскага на старых могілках, чыноўнікі не парупіліся. Вялікі каменны крыж ад часу асеў і нахіліўся, а каб ня ўпаў зусім, месьцічы падперлі яго драўлянаю цырубалкай. Ніяк не пазначанае й месца, дзе Мураўёў-вешальнік распраўляўся зь беларускімі патрыётамі. Гэта сасоньнік на вялікім узгорку, што побач з Косавам. З часу паўстаньня тутэйшы люд не забыўся й назвы гэтай гары — “шыбельная”. 

Спакваля заўважаеш, што ўсё Косава разам з навакольлем дыхаюць старажытнай гісторыяй: мінуўшчына захавалася тут у даваенных, некалі дыхтоўных цагляных дамах, у векавых прысадах і вузкіх вулках. 

Але сапраўднай візытоўкай Косава ёсьць, безумоўна, урочышча Марачоўшчына, што за паўкілямэтра ад места. Тут у 1746 роке ў сядзібным маёнтку сям’і Касьцюшкаў нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Андрэем-Тадэвушам. Пазьней гэты беларускі шляхцюк стаў нацыянальным героем ЗША й Францыі ў змаганьні за свабоду й незалежнасьць гэтых краінаў, узначаліў магутнае антырасейскае паўстаньне на тэрыторыі Літвы, Польшчы й Беларусі. Цяпер у цэнтры Вашынгтону, насупраць Белага Дому, стаіць вялікі й прыгожы помнік Касьцюшку, а на радзіме ўлады пасьпяхова хавалі памяць пра гэтага выбітнага чалавека. Нават месьцічы выпадкова даведаліся пра свайго слыннага земляка. Як гэта было, узгадвае краязнаўца Вікторыя Савосьціна: 

— У касьцёле нашым, шукаючы дакумэнты, каб вярнуць ад уладаў дом ксяндза: у 1947 роке дом адабралі, а ксяндза выкінулі на вуліцу. Мы знайшлі гэтыя квітанцыі. І раптам Ірына Ганчарук падымае папку й кажа: паглядзіце — тут Касьцюшка напісаны. Мы шануем, мы дзякуем Богу, што ён даў нам такога чалавека, такога слаўнага чалавека, якога шануе ўвесь сьвет. 

Вікторыя Савосьціна мае цяпер больш за 70 рокаў і ёсьць патомнай жыхаркай Косава. Паважная спадарыня добра памятае, як у 1943 роке партызаны спалілі маёнтак Касьцюшкаў. На ягоным месцы, намаганьнямі мясцовых актывістаў цяпер усталяваны крыж. Невялічкую мэмарыяльную дошку пазьней пакінулі ўлады. Але пад маскалёўскім надпісам пра “польскага дзеяча” невядомыя наведнікі сыстэматычна выдрэпвалі альбо “маскоўскія халуі”, альбо “Жыве Беларусь”. І толькі ў 1996 роке палякі падаравалі Косаву прыгожы барэльеф Касьцюшкі з выявамі мэтрыкі аб хрышчэньні й годным беларускамоўным надпісам пра змагара за свабоду. 

Але мэмарыяльную дошку хутка скралі. Ходзяць чуткі, што гэта зрабілі самі ўлады і што гэтую рэліквію хаваюць у чыноўніцкіх кабінэтах. Ускосным пацьверджаньнем таму ёсьць і тое, што копію пліты з таннага мэтала ўлады ўсталёўваюць толькі падчас прыезду сюды замежных дыпляматаў, калі адзначаюцца ўгодкі нараджэньня Касьцюшкі. Гаворыць Вікторыя Савосьціна: 

— Тыя, хто гэта рабіў, іх можна параўнаць толькі з тымі людзьмі, якія расьпіналі Хрыста. Яны такую сьвятыню скралі! Але, што людзі шануюць — гэта відаць. Прыяжджаюць, фатаграфуюцца на гэтым месцы. Вельмі прыемна, як адзін чалавек прыехаў з Аўстраліі. Як гэты чалавек стаў на калені, узяў жменьку зямлі з таго месца, дзе стаяў домік, і сказаў, што гэтую зямельку павязу ў Аўстралію. Ён на другім краі сьвету памятае й дбае, а мы стаім і маўчым. Калі Касьцюшка ваяваў за незалежнасьць той жа Амэрыкі, то нэгры школы называюць імем Касьцюшкі, а мы, да сораму нашага, нават табліцы добрай ня можам пакінуць, бо баімся, што яе абрабуюць. Пра аднаўленьне шмат гадоў ідзе толькі гаворка, але ўсё стаіць на месцы. 

Другая слыннасьць месца — Косаўскі палац, збудаваны ў XVIII стагодзьдзі за справай беларускіх князёў Пуслоўскіх. Ён таксама спалены партызанамі пры канцы апошняе вайны. Але й па сёньня, напаўразбураны, ён уражвае магутнасьцю й веліччу. За часам незалежнай Беларусі існавала нямала спробаў аднавіць палац, але гэтаму заміналі й працягваюць перашкаджаць цяперашнія ўлады, якія аддаць будынак прадпрымальнікам шкадуць, але й самі нічога ня робяць. Распавядае мясцовая жыхарка Софія Бялевіч: 

— Гэтае месца сапраўды сьвятое для ўсіх тутэйшых людзей. Ён стаіць пасьля вайны больш за 50 гадоў бяз даху, а ўдарце, дык жа зьвініць сьцяна, як струна. Мой яшчэ дзед пакойнік расказваў, а яму ягоны дзед, што о-о-о-о, як будавалі палац, то зьбіралі яйкі ад сялянаў, каб зьмешваць раствор зь бялкамі, таму й сьцены гэткія моцныя... 

Было б несправядлівым не згадаць яшчэ адну косаўскую сьвятыню — Троіцкі касьцёл. У 1746 роке тут хрысьцілі згаданага Касьцюшку. У адрозьненьні ад іншых храмаў Беларусі, якія саветы ператваралі ў зернясховішчы й стайні, косаўскі касьцёл стаяў пустым. 22 рока месьцічы зьбіралі грошы й плацілі ўладам падатак — нібыта бажніца працавала. А дзесяць рокаў таму, ізноў жа на ўласныя складкі, месьцічы пачалі аднаўляць будынак. Высьветлілася, што тут у працоўным стане захаваўся ці не адзіны ў Беларуі мэханічны арган.


“Радыё Свабода”, 27 сакавіка 2003 р.

 

 

м. Косава, Івацэвіцкі раён Берасцейскае вобласці

 

Капліца на каталіцкіх могілках


На паўднёва-ўсходняй ускраіне места, на каталіцкіх могілках. Пабудаваная ў 1859 р. з бутавага каменю.

Помнік дойлідства рэтраспектыўна-гатычнага стылю. Вырашаная кампактным прастакутным у плане аб'ёмам пад пакатым 2-схільным дахам, адзначаным па кутах 8-граннымі слупамі-фіяламі з шатровымі пакрыццямі і крыжамі ў завяршэнні. На фоне паліхромнае бутавае муроўкі вылучаныя атынкаваныя ліштвы лучковага ўваходнага і арачных адзінкавых і строеных аконных праёмаў, прафіляваныя карнізы на дэнтыкулах. Унутры зала перакрытая крыжовымі скляпеннямі на падпружных арках.

 


Капліца


У паўднёва-ўсходняй частцы места. Пабудаваная ў 1-й палавіне ХХ ст. з цэглы.

Твор народнага дойлідства. Вырашаная 4-гранным вертыкальным аб'ёмам пад 2-схільным пакрыццём. Адкрытая на франтальнай грані арачным прасветам.

 


Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і Святога Крыжа


У цэнтры места. Пабудаваны ў 1878 р. з цэглы як парафіяльны на сродкі прыхаджан і прамыслоўца В. Пуслоўскага[1].

Першы драўляны касцёл фундаваны Е. Осікам у 1520 р.[2]. У касцёле 12.2.1746 р. быў хрышчоны кіраўнік паўстання 1794 р. Т. Касцюшка, які нарадзіўся ў суседнім фальварку Мерачоўшчына[2]. Існуючы касцёл узведзены на месцы храма, які згарэўу 1872 р. На храм зрабілі ахвяраванні навакольная шляхта Ф. Юндзіл, М.В. Астрамецкі, І.К. Юндзіл.

Помнік дойлідства неараманскага стылю. Аднанефавы прастакутны ў плане аб'ём і ніжэйшая 5-гранная апсіда з 2 сакрысціямі. Галоўны фасад адзначаны 4-граннай шатровай вежаю-званіцаю, крапаваны трайной стральчатаю аркатураю і прарэзаны акном-“ружаю” у прафіляванай стральчатае арцы. Уваход вылучаны стральчатым парталам і завершаны стромкім 2-схільным вімпергам. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёныя ступеньчатымі контрфорсамі, стральчатымі вокнамі з вітражамі.

Неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі і падпружнымі аркамі, якія аздобленыя арнаментальнай размалёўкаю. Надуваходам хоры на 2 калонках. Мастацка-кампазіцыйным цэнтрам галоўнага алтара з'яўляецца абраз “Маці Божая Міласэрная” (1640 р., у сярэбранай шаце). Абраз “Яўленне Маці Божай” (1877 р.), габеленавыя арнаты 1781 р. і 1852 р., далматык XVIII ст., драўляныя скульптуры анёла і Яна Хрысціцеля.


Спасылкі:


1). НГАБ у г. Гродна, ф. 1, воп. 7, спр. 1030, арк. 1—2.
2). Spis kosciotowi duchowienstwa djecezji Pinskiej w r.p. 1936. Pinsk, 1936. S. 115—116;


А.М. Кулагін
Каталіцкія храмы Беларусі
“Мінск Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, 2008



Обновлен 31 окт 2017. Создан 27 окт 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter