Гісторыя й дойлідства Ружанаў




Ружаны


Руж`аны — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Ружанцы. Цэнтар пассавету Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2016 р. — 3006 чалавек[3]. Знаходзяцца за 45 км на паўночны ўсход ад Пружанаў, за 38 км ад чыгуначнай станцыі Івацэвічы (лінія Баранавічы — Берасьце); на скрыжаваньні аўтамабільных дарог Пружаны — Слонім і Ваўкавыск — Косава.

Ружаны — магдэбурскае мястэчка гістарычнай Слонімшчыны, колішняя рэзыдэнцыя магнацкага роду Сапегаў. Да нашага часу тут захаваліся палац Сапегаў, комплекс кляштару базылянаў з царквой Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, касьцёлы Найсьвяцейшай Тройцы і Сьвятога Казімера, сынагога і аўстэрыя, помнікі дойлідства XVI—XVIII стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся ратуша і кляштар кармэлітаў, помнікі дойлідства XVII—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя маскалёўскімі ўладамі.

Існуе некалькі вэрсіяў датычна паходжаньня тапоніму “Ружаны”. Паводле першай зь іх, якой прытрымліваецца большасьць гісторыкаў, мястэчка атрымала сваю назву ў гонар ружы — кветкі, якая асабліва шануецца хрысьціянамі. Згодна з другой вэрсіяй назва паселішча пайшла ад словаў “рог”, “раздарожжа”, што сьведчыла пра ягонае аддаленае разьмяшчэньне. Таксама існуе легенда, паводле якой назву мястэчку даў ягоны ўладар ў гонар сваіх улюбёных дачок — Ружы і Ганны[4].

Варыянты напісаньня назвы паселішча ў гістарычных крыніцах: Ражаная, Ражана, Ружана.

Першы пісьмовы ўпамін пра Ружаны (Ражаная) датуецца 1552 р., калі яны ўваходзілі ў склад Слонімскага павету Наваградзкага ваяводзтва і знаходзіліся ў валоданьні Тышкевічаў. Праз паселішча праходзіла Вітаўтава дарога, што злучала Воршу зь Люблінам. Пазьней гэтая дарога завецца “гасьцінцам вялікім”[5]. У 1598 р. канцлер Леў Сапега набыў Ружаны з суседнімі фальваркамі за 30 000 коп ад Барташа Брухнальскага, каб уладкаваць тут адну з галоўных рэзыдэнцыяў роду.

20 чэрвеня 1637 р. кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Ружанам Магдэбурскае права і герб: “у срэбным полі вянок чырвоных руж, у цэнтры — постаць Сьв. Казімера з крыжам і лілеяй у руках”[6]. Новыя ўласьнікі збудавалі свой замак на ўзгорку каля мястэчка. Ужо ў 1644 р. падканцлер Казімер Леў Сапега прымаў у ім караля і вялікага князя Ўладзіслава Вазу, у гонар чаго паставілі памятную шыльду. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667 рр.) у 1655 р. Віленская капітула, ратуючыся ад маскоўскіх захопнікаў, зьмясьціла ў палацы мошчы Сьвятога Казімера — нябеснага заступніка Вялікага Княства Літоўскага.

На 1687 р. у Ружанах было 427 будынкаў і 2 рынкі, дзейнічалі царква, касьцёл зь невялікім шпіталём, базылянскі манастыр, кляштары дамініканаў і кармэлітаў (1617 р., у 1850 р. разбураны), базылянская школа, працавалі кафляны і цагляны заводы. Мястэчка значна пацярпела за часамі вайны шляхты з Сапегамі ў 1698 роке.

За некалькі дзён да Пасхі ў 1657 р. у жыдоўскім квартале знайшлі труп хрысьціянскага дзіцяці. Як сьцьвярджала абвінавачаньне, хлопчык стаў “ахвярай прагі жыдоў да крыві”. Намагаючыся спыніць хваляваньні, Сапегі паабяцалі, што падазраваных аддадуць пад суд. Тым ня меней, самасуд усё ж адбыўся, паводле аднае вэрсіі, з-за невыкананьня Сапегам абяцаньня, а паводле другое — у час ягонай адсутнасьці ў мястэчку. У 1659 р. на сьвята Рош Га-Шана хрысьціянскія насельнікі атакавалі жыдоў у час малітвы ў сынагозе і запатрабавалі выдаць двух ганаровых сяброў суполкі: рэба Ізраэля, сына Шалома, і рэба Тобія, сына Ёсэфа, якіх на наступны дзень забілі. Іхная магіла знаходзіцца на ружанскіх могілках. Жыды-ўраджэнцы Ружанаў адзначаюць памяць забітых да гэтага часу запальваньнем зьнічак на другі дзень Рош Га-Шаны[7].

У Паўночную вайну (1700—1721 рр.) Ружаны зноў значна пацярпелі, у тым ліку і палац Сапегаў. У 1706 р. у мястэчку спыняўся кароль Швэцыі Карл XII.

За Аляксандрам Міхалам Сапегам Ружаны сталі асяродкам вялікасьвецкага жыцьця ў рэгіёне. Для замежных гасьцей, якія праяжджалі праз Ружаны ў Пецярбург і назад, ладзіліся шыкоўныя балі, салюты, фаервэркі. Дойлід Ян Самуэль Бэкер разбудаваў Ружанскі палац у позьнебарокавым стылі. У 1765—1791 рр. тут дзейнічаў адзін з найслыньнейшых тэатраў Літвы, таксама працавалі паперня, скураная і палатняная мануфактуры, карэтная фабрыка, вырабляліся дываны. 3 разы на рок ладзіліся кірмашы. У 1784 р. канцлер Аляксандар Міхал Сапега прымаў у палацы караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 р.) Ружаны апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам воласьці Слонімскага павету Слонімскай, з 1797 р. — Літоўскай, урэшце з 1801 р. — Гарадзенскай губэрняў. У 1812 францускія войскі разрабавалі і спустошылі мястэчка.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня ў 1831 р. маскалёўскія ўлады сканфіскавалі ў Сапегаў ружанскія ўладаньні (у тым ліку ўнікальную бібліятэку і архіў), а ў 1834 р. разьмясьцілі ў палацы ткацкае прадпрыемства. За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў 1863 р. каля мястэчка адбыўся бой з маскалёўскімі карнікамі.

У 1875 р. у Ружанах усчаўся пажар, які доўжыўся пяць гадзін і зьнішчыў у тым ліку жыдоўскую сынагогу XVI стагодзьдзя[8]. У XIX ст. у мястэчку працавалі 2 гарбарныя заводы, палатняная і 3 суконныя фабрыкі, 2 вадзяныя млыны; 2 царквы, касьцёл, школа. Паводле вынікаў перапісу 1897 р., тут было 769 дамоў, 5 дробных прадпрыемстваў, народная вучэльня. На 1910 р. у Ружанах дзейнічала Талмуд Тора, у 1914 р. было 26 прадпрыемстваў. У Першую сусьветную вайну ў жніўні 1914 р. пажар зьнішчыў галоўны корпус палаца.

25 сакавіка 1918 р. згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ружаны абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 р. у адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[9].

У студзені 1919 р. мястэчка на некалькі дзён занялі бальшавікі. 29 студзеня 1919 р. Ружаны з рук бальшавікоў адбіў Віленскі аддзел Польскага войска пад камандаю ротмістра Ўладыслава Дамброўскага[10]. 7 чэрвеня 1919 р. мястэчка ўвайшло ў склад Берасьцейскай акругі Грамадзянскай управы Ўсходніх земляў — часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі[11]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921 р.) Ружаны апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Косаўскага павету Палескага ваяводзтва.

У 1939 р. Ружаны ўвайшлі ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 р. атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і сталі цэнтрам раёну (з 1962 р. у Пружанскім раёне). На 1940 р. тут было 678 дамоў, працавалі электрастанцыя, 2 прадзільныя фабрыкі, 2 гарбарныя кустарныя прадпрыемствы, 6 лесазаводаў, 4 млыны, 4 цагельныя, 2 бэтонныя, 2 шкіпінарныя заводы, 2 фабрыкі калёснай мазі, кустарная вытворчасьць глінянага і драўлянага посуду. 2 школы, клюб, амбуляторыя, аптэка, кінатэатар, лазьня, пошта, тэлеграф.

У Другую сусьветную вайну з 23 чэрвеня 1941 р. да 13 ліпеня 1944 р. Ружаны знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй. Нацысты стварылі у мястэчку гета, насельнікаў якога потым забілі ў лягеры сьмерці Трэблінка. У 1944 р. пажар зьнішчыў будынкі тэатру і манэжу палацавага комплексу.


Дэмаграфія


• XIX стагодзьдзе: 1801 — 3,4 тыс. чал.; 1830 — 884 муж., зь іх шляхты 10, духоўнага стану 6, мяшчанаў-юдэяў 581, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 285, жабракоў 2[12]; 1888 — 2767 чал. (1398 муж. і 1369 жан.), у тым ліку 1895 юдэяў[13]; 1897 — 5016 чал.
• XX стагодзьдзе: 1914 — 6815 чал., зь іх 44% пісьменных; 1921 — 3622 чал.; 1940 — 4250 чал.; 1959 — 2875 чал.; 1999 — 3,7 тыс. чал.[14]
• XXI стагодзьдзе: 2003 — 3,4 тыс. чал.; 2005 — 3326 чал.; 2006 — 3,3 тыс. чал.; 2008 — 3,3 тыс. чал.; 2009 — 3153 чал.[15] (перапіс); 2015 — 3005 чал.[3]; 2016 — 3006 чал.[1]


Адукацыя


У Ружанах працуюць сярэдняя, музычная і дзіцяча-юнацкая спартовая школы, 2 дашкольныя ўстановы.


Мэдыцына


Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе местачковая лякарня.


Культура


Дзейнічаюць дом культуры, 2 бібліятэкі.


Вуліцы і пляцы:

 

• Сьпіс вуліцаў: Зялёная, Зарэчная, Кірава, Дудзінскага, Леніна, Набярэжная, Лугавая, Камсамольская, Сонечная, Калініна, Інтэрнацыянальная, Палявая, Чырвонаармейская, Чкалава, Савецкая, 1 Траўня, Я. Коласа, Горкага, Шпітальная, Пушкіна, Урбановіча, Піянэрская, Пружанская, Дзяржынскага, Садовая, К. Марача, Я. Купалы, Сьвярдлова, Някрасава, Косаўская.
• Сьпіс завулкаў: Кірава, Сонечны, Інтэрнацыянальны, 1-ы Леніна, Чырвонаармейскі, Горкага, Урбановіча, Піянэрскі, К. Марача.


Эканоміка


Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай і паліўнай прамысловасьці. Лідэры: мэблевая фабрыка, вытворча-харчовы завод, вытворча-гандлёвы камбінат.


Турыстычная інфармацыя


Ружаны — цэнтар турызму дзяржаўнага значэньня. Празь мястэчка праходзяць турыстычна-экскурсійныя маршруты “На радзіму Тадэвуша Касьцюшкі”, “Архіпэляг Сапегаў”, “Сядзібы, палацы, замкі”, “Старонкі каменнага летапісу” і інш.[17] Спыніцца можна ў гатэлі “Ружанскі” (вул. Леніна, 1).
Ружаны — традыцыйны цэнтар ганчарнага рамяства, гэтак званай “ружанскае керамікі”.


Выдатныя мясьціны


• Гістарычная забудова (фрагмэнты)
• Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (1615—1617 рр.)
• Касьцёл Сьвятога Казімера (1792 р.)
• Могілкі юдэйскія
• Палацавы комплекс Сапегаў (XVI—XVIII стагодзьдзі)
• Сынагога (XVIII ст.)
• Царква Сьвятых Пятра і Паўла і манастыр базылянаў (1762—1788 рр.)


Страчаная спадчына


• Кляштар кармэлітаў (1617 р.)
• Ратуша (XVIII ст.)


Асобы


• Ізраіль Тобія Айзэнштат — жыдоўскі пісьменьнік[18]
• Аарон Любашыцкі (1874—1942 рр.) — жыдоўскі пісьменьнік і паэт
• Іэхіэль Міхаэль Пінэс (1843—1913 рр.) — вядомы пісьменьнік і рэлігійна-сіянісцкі дзяяч
• Генры Русота (1869—1925 рр.) — дырыгент, кампазытар
• Леў Сапега (1557—1633 рр.) — канцлер Вялікага Княства Літоўскага
• Іцхак Шамір (Езярніцкі; нар. 1915) — прэм’ер-міністар Дзяржавы Ізраіль
• Зэліг Шэр (Шарашоўскі) — пісьменьнік, сіянісцкі дзяяч[19]


Крыніцы:


1). Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
2). Почтовые отделения по населенному пункту Ружаны (рас.) Пружанский район. Белпошта.
3). Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
4). Ананьеў Р. Ружаны: скарбы старыя і новыя // “Народная газета” № 139—140 (4263—4264), 23 чэрвеня 2006.
5). Первые владельцы местечка “Рожаная”(рас.) Всё о Ружанах
6). Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
7). Ruzhany According to the Jewish Encyclopedia // [1] / Edited by: M. Sokolowsky. — Tel Aviv: 1957. — С. 8—9.
8). Sokolovsky M. History of the City of Ruzhany // [2] / Edited by: Meir Sokolowsky. — Tel Aviv: 1957. — С. 7.
9). 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
10). Wyszczelski L. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. S. 52—53.
11). Dz. Urz. ZCZW z 1919 r. Nr 5, poz. 41.
12). Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 414.
13). Krzywicki J. Rozana // Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego i innych krajow slowianskich. Tom IX: Pozajscie — Ruksze. — Warszawa, 1888. S. 852.
14). Клімец М. Ружаны // ЭГБ. Т. 6. Кн. 1. — Менск, 2001. С. 129.
15). Перепись населения — 2009. Брестская область. (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
16). Ружанскі альбом
17). Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
18). Эйзенштадт, Израиль Товия (рас.) Еврейская энциклопедия Брокгауза и Ефрона. Викитека. Праверана 12 сакавіка 2012 г.
19). Well-known Emigres and Descendants of Ruzhany(анг.) JewishGen


Літаратура:


• Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць / Рэдкалегія: Г.П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Менск: БелЭн, 2007. — 608 с.: іл. ISBN 985-11-0303-0.
• Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
• Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: “Полымя”, 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
• Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8.
• Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego i innych krajow slowianskich. Tom IX: Pozajscie — Ruksze. — Warszawa, 1888.

 


Гісторыя Ружанаў


Ружаны — магдэбурскае мястэчка гістарычнай Слонімшчыны, колішняя рэзыдэнцыя магнацкага роду Сапегаў. Да нашага часу тут захаваліся руіны палацавага комплексу, вядзецца ягоная рэстаўрацыя.


XVI стагодзьдзе


Першы пісьмовы ўспамін пра Ружаны (Ражаная) датаваны 1552 рокам. Мясьціна ўваходзіла ў склад Слонімскага павету Наваградзкага ваяводзтва і знаходзілася ў валоданьні Тышкевічаў. Праз паселішча праходзіла так званая Вітаўтава дарога, што злучала Воршу зь Люблінам. Пазьней гэтая дарога завецца “гасьцінцам вялікім”[1].

З ускосных зьвестак вынікае, што ўжо ў XVI стагодзьдзі тут існавала вялікая жыдоўская грамада[2].

У 1598 канцлер Леў Сапега набыў Ружаны з суседнімі фальваркамі за 30 000 коп ад Барташа Брухнальскага, каб уладкаваць тут адну з галоўных рэзыдэнцыяў роду.


XVII стагодзьдзе


20 чэрвеня 1637 року кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Ружанам Магдэбурскае права і герб: “у срэбным полі вянок чырвоных руж, у цэнтры — постаць Сьв. Казімера з крыжам і лілеяй у руках”[3]. Новыя ўласьнікі збудавалі свой замак на ўзгорку каля мястэчка. Ужо ў 1644 року падканцлер Казімер Леў Сапега прымаў у ім караля і вялікага князя Ўладзіслава Вазу, у гонар чаго паставілі памятную шыльду. За часамі Трынаццацірочнае вайны (1654—1667 рр.) у 1655 роке Віленская капітула, ратуючыся ад маскоўскіх захопнікаў, зьмясьціла ў палацы мошчы Сьв. Казімера — нябеснага заступніка Вялікага Княства Літоўскага.

Станам на 1687 рок у Ружанах было 427 будынкаў і 2 рынкі; царква, касьцёл зь невялікім шпіталём, базыльянскі манастыр, кляштары дамініканцаў і кармэлітаў (1617 р., у 1850 р. разбураны), базыльянская школа, кафельны і цагляны заводы.

У вайну шляхты з Сапегамі ў 1698 роке мястэчка значна пацярпела.

 

Крывавая абмова


За некалькі дзён да Пасхі 1657 року ў жыдоўскім квартале быў знойдзены труп хрысьціянскага дзіцяці. Як сьцьвярджала абвінавачаньне, хлопчык стаў “ахвярай прагі жыдоў да крыві”.

Намагаючыся спыніць хваляваньні, Сапегі паабяцалі, што падазраваныя будуць аддадзеныя пад суд. Тым ня меней, самасуд усё ж адбыўся, паводле аднае вэрсіі, з-за невыкананьня Сапегам абяцаньня, а паводле другое — падчас ягонай адсутнасьці ў мястэчку. У 1659 на сьвята Рош Га-Шана хрысьціянскія насельнікі атакавалі жыдоў падчас малітвы ў сынагозе і запатрабавалі выдаць двух ганаровых чальцоў суполкі. Былі выбраныя рэб Ізраэль, сын Шалома, і рэб Тобія, сын Ёсэфа. На наступны дзень яны былі забітыя, іхняя магіла знаходзіцца на ружанскіх могілках. Жыды-ўраджэнцы Ружанаў адзначаюць іхнюю памяць да гэтага часу запальваньнем зьнічак на другі дзень Рош Га-Шаны[4].


XVIII стагодзьдзе


У Паўночную вайну 1700—1721 рр. мястэчка ізноў разбуранае, пацярпеў у тым ліку і палац Сапегаў. У 1706 року ў Ружанах спыняўся Карл XII.

За Аляксандрам Міхалам Сапегам мястэчка стала асяродкам вялікасьвецкага жыцьця для ўсіх вакольных земляў. Для замежных гасьцей, якія праяжджалі праз Ружаны ў Пецярбург і назад, ладзіліся шыкоўныя балі, салюты, фаервэркі. Архітэктар Ян Самуэль Бэкер разбудаваў Ружанскі палац у позьнебарокавым стылі. Цягам 1765—1791 рр. тут дзейнічаў адзін з найслыньнейшых тэатраў Літвы, таксама працавалі паперня, скураная і палатняная мануфактуры, карэтная фабрыка, вырабляліся дываны. 3 разы на год ладзіліся кірмашы. У 1784 роке канцлер Аляксандар Міхал Сапега прымаў у палацы караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 р.) Ружаны апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе зрабіліся цэнтрам воласьці Слонімскага павету Слонімскай, з 1797 року Літоўскай, урэшце з 1801 року — Гарадзенскай губэрняў.


XIX стагодзьдзе


У 1812 року францускія войскі разрабавалі і спустошылі мястэчка.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня ў 1831 року маскалёўскія ўлады канфіскавалі ў Сапегаў ружанскія ўладаньні (у тым ліку ўнікальную бібліятэку і архіў), а ў 1834 роке разьмясьцілі ў палацы ткацкае прадпрыемства.

За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў 1863 року каля Ружанаў адбыўся бой з маскалёўскімі карнікамі. У 1875 року ў мястэчку ўсчаўся пажар, які доўжыўся пяць гадзін і зьнішчыў у тым ліку жыдоўскую сынагогу XVI стагодзьдзя[2].

У XIX ст. у мястэчку працавалі 2 гарбарныя заводы, палатняная і 3 суконныя фабрыкі, 2 вадзяныя млыны; 2 праваслаўныя царквы, школа, касьцёл. Станам на 1897 рок тут было 769 дамоў, 5 дробных прадпрыемстваў, народная вучэльня.


XX стагодзьдзе


Станам на 1910 рок у Ружанах дзейнічала Талмуд Тора, у 1914 роке было 26 прадпрыемстваў.

У Першую сусьветную вайну ў жніўні 1914 року пажар зьнішчыў галоўны корпус палаца.

У студзені 1919 року мястэчка на некалькі дзён занялі бальшавікі. 29 студзеня 1919 року Ружаны з рук бальшавікоў адбіў Віленскі аддзел Польскага войска пад камандаю ротмістра Ўладыслава Дамброўскага[5]. 7 чэрвеня 1919 року мястэчка ўвайшло ў склад Берасьцейскай акругі Грамадзянскай управы Ўсходніх земляў — часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі[6]. У 1920—1921 рр. дзейнічаў лягер для інтэрнаваных №18, дзе знаходзіліся жаўнеры 3 Данскога казацкага палку і цывільныя асобы (850—900 чалавек). Пасьля пераводу інтэрнаваных у Остраў-Камарова лягер быў зачынены[7].

Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921 р.) Ружаны апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабіліся цэнтрам гміны Косаўскага павету Палескага ваяводзтва.

У 1939 роке Ружаны ўвайшлі ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 року атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і зрабіліся цэнтрам раёну (з 1962 року у Пружанскім раёне). У 1940 роке 678 дамоў, працавалі электрастанцыя, 2 прадзільныя фабрыкі, 2 гарбарныя кустарныя прадпрыемствы, 6 лесазаводаў, 4 млыны, 4 цагельныя, 2 бэтонныя, 2 шкіпінарныя заводы, 2 фабрыкі калёснай мазі, кустарная вытворчасьць глінянага і драўлянага посуду. 2 школы, клюб, амбуляторыя, аптэка, кінатэатар, лазьня, пошта, тэлеграф.
У Другую сусьветную вайну з 23 чэрвеня 1941 року да 13 ліпеня 1944 року мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Тут было створанае гета, насельнікі якога пасьля былі зьнішчаныя ў лягеры сьмерці Трэблінка. У 1944 роке пажар зьнішчыў будынкі тэатру і манэжу палацавага комплексу.


Крыніцы:


1). Первые владельцы местечка “Рожаная” (рас.) Всё о Ружанах
2). Sokolovsky M. History of the City of Ruzhany // [1] / Edited by: Meir Sokolowsky. — Tel Aviv: 1957. — С. 7.
3). Ружаны // Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
4). Ruzhany According to the Jewish Encyclopedia // Rozana: a Memorial Book to the Jewish Community (Ruzhany, Belarus) / Edited by: M. Sokolowsky. — Tel Aviv: 1957. — С. 8-9.
5). Lech Wyszczelski. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. ISBN 978-83-11-11934-5. — S. 52—53.
6). Dz. Urz. ZCZW z 1919 r. Nr 5, poz. 41.
7). История Ружан (XX в.). 1900—1938 гг. (рас.) Всё о Ружанах

 

Літаратура:


• Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8.• Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць / Рэдкалегія: Г.П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Менск: БелЭн, 2007. — 608 с.: іл. ISBN 985-11-0303-0.• Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: “Полымя”, 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.• Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.• Rozana // Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego i innych krajow slowianskich. Tom IX: Pozajscie — Ruksze. — Warszawa, 1888. S. 852—853.

 

Палац Сапегаў


Руж`анскі пал`ац — помнік дойлідства, найбуйнейшы палацавы комплекс Беларусі XVII—XVIII стст. Належаў Сапегам. На дадзены момант вядзецца рэканструкцыя палацу.

1598 Леў Сапега набыў маёнткі Ружаны і Ласасін ад Барташа Бруханскага. У пачатку XVII стагодзьдзя на месцы драўлянага замку ўзьведзены двухпавярховы мураваны палац з трыма вежамі, у якім ужо ў 1617 Леў Сапега прымаў караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV. У 1642 року Казімер Леў Сапега прымаў у ружанскай рэзыдэнцыі езуіцкага візытатара з Рыму Фабрыцыя Рамфуса[1].

Уладзіслаў IV гасьцяваў тутака яшчэ раз, у 1644 року, ужо ў Казімера Льва. Уласьнік палацу зрабіў усім гасьцям каштоўныя падарункі: каралю залаты падмісак і дарагія галяндзкія шпалеры, каралеве — пярсьцёнак і сабаліныя мяхі з Масковіі, канцлеру — срэбны кубак, камянецкаму біскупу — “два саракі сабалёў”, усім фрэйлінам — пярсьцёнкі з рубінамі, падкормію — шаблю з залатой аправай, ксяндзам — па 100 вугорскіх залатых[2]. У гонар гэтага візыту ў адной з заляў палацу была ўсталяваная чорная мармуровая дошка з надпісам па-лацінску “Vladislaus IV et Caecilia Regina guatuor dierum gratiosissimi hospites Rozanae praesentia et humanitate Regia hac aedes illustrarunt MDCXL IV Januarii X”. Пазьней у сувязі зь пераносам у 1655 року мошчаў Сьв. Казімера зь Віленскага катэдральнага сабору ў той самай залі была ўсталяваная другая дошка з надпісам “Divo Casimiro sacrum”.

Леў Казімер перабудаваў бацькаў палац, выклікаўшы дзеля гэтага італійскага дойліда Джаваньні Батысту Джысьленьні. Пры гэтым палац набыў барокавыя рысы. У Ружанах зьявілася капэля, якая налічвала 40 музыкаў з Італіі, Польшчы і мясцовых сялянаў. Самых таленавітых зь іх Казімер Леў адсылаў вучыцца ў Італію[2].

Палац моцна пацярпеў ад швэдаў, у 1700 року спалены войскамі канфэдэратаў пад кіраўніцтвам Міхала Сэрвацы Вішнявецкага. Адноўлены ў першыя дзесяцірочча XVIІI стагодзьдзя. У 1748—1750 рр. палац перабудаваны дойлідам Ёганам Зыгмунтам Дэйблем.

У 1784 року ў палацы вялікалітоўскі канцлер Аляксандар Міхал Сапега прымаў прыбылага на Гарадзенскі сойм караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 1784—1788 рр. адбываецца перабудова і стварэньне позьнебарочнага палацавага комплексу дойлідам Янам Самуэлем Бэкэрам. Аднак пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай і сьмерці Аляксандра Сапегі ягоны сын Францішак аддаў палац у арэнду пад суконную і ткацкую фабрыкі, а сваю рэзыдэнцыю перанёс у Дзярэчын. Зь цягам часу сюды былі перавезеныя ўсе назьбіраныя ў Ружанах калекцыі: сямейны архіў, частка бібліятэкі, мастацкія творы, гістарычная зброя, харугвы, штандары, посуд са срэбра і золата і інш.

21 сьнежня 1829 Яўстах Каятан Сапега канчаткова прадаў палац прадпрымальніку Ары Ляйбу Пінэсу[3]. Пасьля паразы паўстаньня 1830—1831 рокаў Яўстах Сапега эміграваў, а ружанскі і дзярэчынскі маёнткі канфіскаваныя. Неўзабаве ткацкая вытворчасьць Пінэсаў заняпала і ператварылася ў сьціплую прадзільню воўны. У 1834 року падчас наведаньня Ружанаў Леан Патоцкі застаў палац ужо цалкам закінутым. Ягоны агульны выгляд захаваўся хіба на малюнку Напалеона Орды. Аднак гэта адзін з найслабейшых малюнкаў мастака, поўны недакладнасьцяў і спрашчэньняў, і дае ўяўленьне пра палац толькі ў агульных рысах[4].

У 1914 року па недаглядзе фабрычных прачак у комплексе адбыўся пажар, частка сьценаў абрынуліся. Частковая рэстаўрацыя адбывалася ў 1930, у 1933 роках намаганьнямі міністра замежных справаў Польшчы Яўстаха Сапегі маёнтак вернуты роду.

У 1944 року комплекс ізноў пашкоджаны падчас баявых дзеяньняў, згарэў палац і тэатральная афіцына.

Пасьля вайны палац стаяў закінуты, паступова руйнуючыся. Частка цэглы была разабраная мясцовымі жыхарамі на гаспадарчыя мэты.

Першы палац, збудаваны Львом Сапегам, меў абарончы характар і ўяўляў сабою крыжападобнае збудаваньне з трыма нарожнымі абарончымі вежамі (дзьве чатырохгранныя і пяцігранная). У цэнтральнай частцы палацу знаходзіліся парадная заля і вэстыбюль з двухбаковай лесьвіцай, у бакавых частках — жылыя пакоі, кабінэт, бібліятэка. Пад будынкам у вялізных скляпеньнях захоўваліся арсэнал, архіў, харчаваньне. Анфілада памяшканьняў на першым паверсе пакрывалася скляпеністымі, на другім — бэлькавымі перакрыцьцямі.

Пасьля палац перабудаваў сын заснавальніка Казімер Леў, выклікаўшы дзеля гэтага італійскага дойліда Джаваньні Батысту Джысьленьні. Палац меў два паверхі, пакоі былі ўпрыгожаныя мармурам, штучнай ляпнінай і росьпісамі[2].

У 1784—1788 роках палацавы комплекс перабудаваны прыдворным дойлідам Сапегаў Янам Самуэлем Бэкэрам. Дзьве вежы былі разабраныя, а заходняя ўключаная ў агульны аб’ём новага будынку, які стаў сымэтрычным па кампазыцыі. Галоўны корпус набыў выгляд кампактнага двухпавярховага прастакутнага ў пляне будынку пад высокім мансардавым дахам. Галоўны фасад у трынаццаць вокнаў у цэнтральнай частцы вылучаўся ўзьнятым на другі паверх прысьценным порцікам зь дзьвюх пар калёнаў і пілястраў, завершаных высокім трыкутным франтонам, запоўненых скульптурным барэльефам. На тыльным фасадзе порціку адпавядала шырокая дзесяцікалённая тэраса, на якую выходзілі вокны-дзьверы бальнай залі. У стылявым пытаньні будынак знаходзіцца на памежжы барока і клясыцызму. Ва ўнутраным дэкоры адбіўся значны ўплыў стылю ракако.

У правым корпусе разьмяшчаўся тэатар і манеж. Тэатар меў глыбокую сцэну з 7 плянамі кулісаў і невялікімі гардэробнымі абапал. Двухярусная глядацкая заля з ложамі была ўпрыгожаная ажурнымі балюстрадамі і калёнамі карынцкага ордэру. Пры праектаваньні тэатру дойлід узяў за ўзор залю Тэатру Фарнэзэ ў Парме.

Заходні корпус быў прызначаны для карціннай галерэі. Па восі палаца была ўзьведзена брама ў выглядзе трыюмфальнай аркі, упрыгожанай разнастайнымі геральдычнымі картушамі з моранага дубу. Ян Самуэль Бэкэр спраектаваў і рэгулярны парк з каналамі, вадаёмамі, сады з аранжарэямі. За сваю працу дойлід атрымаў ад Сапегаў пажыцьцёвую пэнсію 2160, а пасьля 2520 злотых.

Улетку 2008 року распачатыя раскопкі і рэстаўрацыя. Ружанскі палац уключаны ў праграму “Замкі Беларусі” на 2012—2018 рр., прызначаную для аднаўленьня беларускае дойлідскае спадчыны. Паводле праграмы на палац шторок будзе выдзяляцца больш за мільярд рублёў.

За пяць рокаў адрэстаўраваныя заходні і ўсходні флігелі, плянуецца ўзнаўленьне паўднёвага корпусу палацу, дзе знаходзіліся тэатар і манэж[5]. Тут разьмесьцяцца гатэль і тэатар. Рэшта збудаваньняў будзе закансэрваваная[6].

Рэстаўратары імкнуцца выкарыстоўваць максымальна набліжаныя да аўтэнтычных матэрыялы (псэўдааўтэнтычная цагліна, дахоўка індывідуальнай вытворчасьці)[7].

На пачатку 2012 року на ўезнай браме пастаўленая скульптура Сьвятой Ганны, якая была зьнішчаная на мяжы XIX—XX стагодзьдзяў[8].

З 2012 року ў межах праграмы “Замкі Беларусі” ладзяцца дабраахвотніцкія летнікі па ўборцы тэрыторыі, азеляненьні, будаўнічых працах вакол аб’екту[9][10][11].

У адрэстаўраваным усходнім флігелі (адрас — вул. Урбановіча, 15а) адчынены музэй “Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў”, прысьвечаны гісторыі роду Сапегаў. Выстава прысьвечаная дзейнасьці роду Сапегаў, гісторыі мястэчка Ружаны, помнікам дойлідства сапегаўскага часу. Ладзяцца тэатралізаваныя гістарычныя рэканструкцыі[12]. З 2011 ладзіцца штогадовы фэст “Ружанская брама”[13]. За 2011 рок музэй прыняў каля 20 000 наведнікаў, якія прынесьлі 25 млрд рублёў даходу[14] ($4,46 млн[15]; у сярэднім па $223 з чалавека). Дырэктар музэю — Раман Жыткоўскі (з 04.2016).


Крыніцы і заўвагі:


1). Roman Aftanazy. Rozana // Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — Wroclaw: Zaklad Narodowy imienia Ossolinskich, 1992. — Т. 2. Wojewodztwa Brzesko-Litewskie, Nowogrodzkie. — С. 337. — ISBN 9788304037014
2). Борис Павловский. “Триединый Сапега” // Вечерний Брест. — 20 красавіка 2012. — №32 (1874).
3). Documentation of purchase by Ari Lieb Pines' purchase of the Ruzhany castle from Duke Sapieha in 1829(анг.) JewishGen KehilaLinks. JewishGen.
4). Roman Aftanazy. Rozana // Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — Wroclaw: Zaklad Narodowy imienia Ossolinskich, 1992. — Т. 2. Wojewodztwa Brzesko-Litewskie, Nowogrodzkie. — С. 340. — ISBN 9788304037014
5). Палац Сапегаў: руіны застануцца ва ўспамінах? // Раённыя будні. — 1 лютага 2012. — №9 (9455). — С. 5.
6). Алег Сідарэнка Мінулае працуе на будучыню // Раённыя будні. — 16 траўня 2012. — №37 (9483). — С. 3.
7). Ігар Карней. (23 красавіка 2012) Ружанскі палац як дакор аматарам “муляжоў” пад даўніну Культура. Радыё “Свабода”.
8). Марына Вакульская. Святая Ганна зноў будзе апякункай Ружан // Раённыя будні. — 11 мая 2012. — № 36 (9482). — С. 5.
9). БелАЮ міжнародныя валанцёрскія летнікі ў Беларусі Адукацыя — стыль жыцьця.
10). Валанцёрскі летнік “Спадчына Сапегаў” у Ружанах Новості. РГА “Беларуская асацыяцыя клюбаў ЮНЭСКА” (16 ліпеня 2012).
11). Кацярына Радзюк. (27 сакавіка 2014) Сапегі і Радзівілы чакаюць тваёй дапамогі Грамадзтва. “Зьвязда”.
12). Галоўная старонка. Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў.
13). Тамара Тиборовская. (9 чэрвеня 2013) На празднике “Ружанская брама” побывало около 10 тысяч человек(рас.) Tomin.by.
14). Сьвятлана Яскевіч. Незабытае старое // Мясцовае самакіраваньне. — 16 траўня 2012. — №10 (282). — С. 1.
15). Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2011 год (5605,84 за даляр) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2012 г.


Літаратура:


• Roman Aftanazy. Rozana // Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej(pl). — Wroclaw: Zaklad Narodowy imienia Ossolinskich, 1992. — Т. 2. Wojewodztwa Brzesko-Litewskie, Nowogrodzkie. — 470 с. — ISBN 9788304037014
• Габрусь Т.В., Кулагін А.М., Чантурыя Ю.У., Ткачоў М.А. Ружанскі палац // Страчаная спадчына. — Мн.: Беларусь, 2003. — 351 с. — ISBN 985-01-0415-5
• Т.В. Габрусь. Ружанскі палацавы комплекс // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
• Федорук А.Т. Ружаны // Старинные усадьбы Берестейщины. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 2004. — 576 с. — ISBN 985-11-0305-5

 


Касьцёл Найсьвяцейшае Тройцы


Касьц`ёл Найсьвяц`ейшай Тр`ойцы — каталіцкі храм у Ружанах Пінскае дыяцэзіі[1], збудаваны на пачатку XVII стагодзьдзя па фундацыі Льва Сапегі.

У 1596 року Леў Сапега разам з жонкай (Аляксандрай з Тышкевічаў) заснаваў у Ружанах драўляную сьвятыню ў гонар Сьвятой Тройцы. У 1615—1617 роках перабудаваны ў камяні, пасьля неаднаразова быў рэканструяваны і рамантаваны. У 1768 і 1787 роках да царквы былі дабудаваныя дзьве капліцы: Сьв. Крыжа і Сьв. Барбары. У 1780-я храм быў перабудаваны паводле праекту запрошанага з Саксоніі дойліда Яна Самуэля Бекера, набыўшы рысы “барочнага клясыцызму”. У 1850 і 1891 роках адбываліся рамонты. За савецкім часам набажэнствы ў касьцёле не перапыняліся.

Аднанэфавы храм з паўкруглай апсідай і 4-яруснай вежай пры ўваходзе. Ніжні ярус вежы — васьмярык на чацьверыку, астатнія васьмігранныя, танчэйшыя да верху, пакрытыя стромкім шатром. Ярусы аддзеленыя прафіляванымі карнізамі, дэкараваныя плоскімі нішамі і скразнымі арачнымі праёмамі.

Масіўныя сьцены нэфу знадворку ўмацаваныя контрфорсамі, па яго баках знаходзяцца капліцы. Нэф перакрыты цыліндрычнымі скляпеньнямі з распалубкамі, капліцы і сакрыстыі — крыжовымі скляпеньнямі, апсіда — конхавым з падпружнай аркай. Скляпеньне прэсьбітэрыя ўмацаванае падпружнымі аркамі.

Над уваходам у інтэр’еры разьмешчаныя хоры. У апсідзе галоўны алтар, у вырашэньні якога яскрава выяўленае прысьвячэньне Сьвятой Тройцы. Алтарная карціна, аформленая чатырохкалённым порцікам са штучнага мармуру, прадстаўляе Ўкрыжаваньне Хрыста, над ёю — Усёбачнае вока Бога-Айца, у консе апсіды — фрэскавая выява Сьвятога Духа ў выглядзе голуба. Раскрапаваны лучковы франтон упрыгожваюць скульптуры анёлаў і герб Сапегаў. Абапал калёнаў — драўляныя паліхромныя выявы апосталаў Пятра і Паўла.

Інтэр’ер храма багата ўпрыгожаны дойлідскаю плястыкаю, скульптураю й жывапісам. Скляпеньні ўпрыгожаныя сюжэтнымі і дэкаратыўнымі кампазыцыямі на эвангельскія тэмы. Прэсьбітэрый ад нэфа аддзяляюць каваныя краты, прывезеныя з колішняга касьцёлу ў Юдзінавічах. Акрамя зьвіваў, валютаў і кветак, іхная кампазыцыя зьмяшчае таксама манаграмы фундатара касьцёлу Льва Сапегі.


Крыніцы і заўвагі:

 

1). Ружаны — парафія Найсвяцейшай Тройцы Беларусь. Рыма-каталіцкі касьцёл у Беларусі. Праверана 15 красавіка 2012 г.


Літаратура:


• Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
• Zbigniew Hauser. Nowy ilustrowany przewodnik po zabytkach kultury na Bialorusi. — Warszawa: 2005. — ISBN 83-87654-25-6
• Michal Marczak. Przewodnik po Polesiu. — Brzesc nad Bugiem (reprint: Lublin): reprint: Fundacja Pomocy Szkolom Polskim na Wschodzie im. Tadeusza Goniewicza, 1935 (reprint: 2008).

 


Царква Сьвятых Пятра і Паўла


Царк`ва Сьвят`ых Пятр`а і П`аўла — праваслаўны храм у Ружанах, збудаваны ў гонар Сьвв. Пятра і Паўла, помнік дойлідства барока. Зьяўляецца адной з найстарэйшых цэркваў на Пружаншчыне[3].

Пад 1568 рокам у Ружанах згадваецца драўляная царква Сьвятых Пятра і Паўла. У 1675 на яе месцы ўзьведзены мураваны ўніяцкі храм, хоць дакладна час перадачы царквы ордэну базылянаў невядомы.

Падчас войнаў XVII—XVIII стагодзьдзяў храм зазнаў моцныя пашкоджаньні. Толькі ў 1762 року Хрысьціна Масальская з Сапегаў вылучыла сродкі на ягонае аднаўленьне. Дасьледніца гісторыі дойлідства Тамара Габрусь лічыць, што менавіта ў гэтым року і быў збудаваны мураваны храм, у той час як у 1675 роке паўстаў толькі кляштар[4]. У 1779 будаўніцтва завершанае, адбылося асьвячэньне.

У 1784—1788 роках прайшла яшчэ адна рэканструкцыя пад кіраўніцтвам сапегаўскага дойліда Яна Самуэля Бекера. Пасьля гэтага будынак набыў рысы барока, аднак першапачатковая пляніроўка захавалася.

20 лютага 1834 року базылянскі ордэн быў закрыты, а пасьля скасаваньня уніі ў 1839 роке храм перададзены праваслаўным. Землі і прыгонныя сяляне (56 душаў) адышлі на карысьць дзяржавы. Пачалося ўладкаваньне царквы паводле праваслаўнага ўзору, ёй былі прыпісаныя 33 дзесяціны зямлі з фальваркам Малочкі; ахвяраваныя князем Яўстахам Сапегам 345 рублёў прызначаліся дзеля адкрыцьця прыходзкае духоўнае вучэльні, яшчэ 3400 рублёў срэбрам — на рамонт самое царквы, капліцы і манастырскага дома. У 1840 роке мітрапаліт Літоўскі і Віленскі Язэп Сямашка асьвяціў прастол[5].

У вопісах царквы ХІХ ст. ёсьць зьвесткі пра каштоўнасьці, што захоўваліся ў храме, — 3 паціры старажытнай работы з золата і срэбра, 4 старажытныя Эвангельлі, багатая бібліятэка і архіў.

31 жніўня 1875 року царква была моцна пашкоджаная пажарам: засталіся толькі сьцены і частка даху са столяй над алтаром. Амаль усе абразы пасьпелі выратаваць, аднак астатняе было страчана. На аднаўленьне было выдзелена з казны 2000 руб. срэбрам, царкоўных 5315 руб. срэбрам і ахвяравана 2717 руб. срэбрам. Рамонт вёўся да 1878 року, пасьля чаго царква набыла сучасны выгляд. Увесь гэты час набажэнствы ладзіліся ва Ўваскрасенскай царкве на могілках.

З пачаткам Першае сусьветнае вайны царкоўнае начыньне было эвакуяванае ў Масковію разам са сьвятаром царквы Іларыёнам Дзядзевічам. Нягледзячы на гэта, царква працягнула дзейнасьць, хоць з прыходам немцаў была разбураная агароджа, зьнішчаная частка царкоўных кніг і архіў, а таксама спустошаныя дзьве царквы на могілках. Ля паўночнага боку царкоўнай агароджы былі пахаваныя кайзэраўскія жаўнеры, на магіле якіх быў пастаўлены гранітны камень. За савецкім часам протаярэй Іаан Наўродзкі падыме гэты камень і закладзе яго ў адбудаваную царкоўную агароджу, каб пазьбегнуць апаганьваньня магілаў нямецкіх жаўнераў савецкімі ўладамі, а разам з тым каб пазьбегнуць магчымае шкоды царкве зь іхняга боку[5].

За польскім часам могілкавую царкву занялі каталікі, а ў царкоўным доме і былым будынку кляштару разьмясьцілася школа. Ружанскі прыход увайшоў у склад Палескай япархіі, якую ўзначальваў архіяпіскап Аляксандар (Іназемцаў).

У часе нацысцкай акупацыі ў царкве дзейнічаў шпіталь-турма. За царскімі варотамі на алтары быў абсталяваны апэрацыйны пакой. Сьвятар Іаан Наўродзкі арганізаваў пастаяннае гарачае харчаваньне для палонных і параненых чырвонаармейцаў, аднак у 1942 року ён быў пераселены з царкоўнае хаты.

Па вайне Саветы занялі царкоўную хату пад турыстычную базу, а сьвятара Іаана шматразова выклікалі на допыты ў НКВД. Толькі пасьля ягонае сьмерці стала вядома, што за свае дзеяньні па ратаваньні параненых жаўнераў у 1941 роке ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонае Зоркі.

Улетку 1990 року распачаты рамонт храма, набажэнствы ў якім працягваліся зь невялікімі перапынкамі на працягу ўсяго існаваньня савецкага рэжыму. З 1992 дзейнічае нядзельная школа, ладзяцца пешыя пілігрымкі ў Жыровіцкі кляштар.

Аднанэфавы, аднавежавы храм з паўцыркульнай апсыдай. Пакрыты двухсхільным дахам, які пад апсыдай пераходзіць у конусападобны і завяршаецца галоўкай. Па абодва бакі ад месца злучэньня нэфа і апсыды — рызьніцы з трохсхільным дахам. Галоўны фасад уяўляе сабой своеасаблівы шчыт амаль квадратнай формы і аздоблены слаістымі пілястрамі, нішамі і філёнгамі.

Вежа-званіца чацьверыковая ў сячэньні. Раней на ёй разьмяшчаліся драўляныя скульптуры Пятра, Паўла і Майсея ў чалавечы рост. Зьнятыя ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя пасьля перадачы храму праваслаўным з прычыны таго, што паводле канонаў праваслаўнае царквы ўжываць у аздабленьні цэркваў скульптуру забаронена[3].

Інтэр’ер зальны зь люстранымі скляпеньнямі. На скляпеньнях залы і апсыды маецца фрэскавы росьпіс на тэму Перамяненьня, у конусе апсыды — кампазыцыя “Бог Саваоф” пачатку XX стагодзьдзя. На паўночнай і паўднёвай сьценах (ля іканастасу) — выявы апосталаў Пятра і Паўла ў мэдальёнах. Драўляныя выявы анёлаў былі зьнятыя ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя пасьля перадачы храму праваслаўным.


Настаяцелі:


• Протаярэй Гамаліцкі (1839 р. — канец 1840-х рр.)
• П. Крукоўскі (пачатак 1850-х рр.)
• Язэп Канчэўскі (сярэдзіна — 2-я палова 1850-х рр.)
• Пётар Рафаловіч (канец 1860-х рр. — 1870-я рр.)
• Протаярэй Іларыён Дзядзевіч (1873—1915 рр.)
• Протаярэй Іаан Сямашка (1920—1921 рр.)
• Протаярэй Фёдар Іванцэвіч (1923—1937 рр.)
• Протаярэй Іаан Наўродзкі (1 жніўня 1937 р. — 2 верасьня 1961 р.)
• Протаярэй Усевалад Аляхновіч (1961—1987 рр.)
• Ярэй Аляксей Івашкевіч (1987—1990 рр.)
• Ярэй Мікалай Саўчук (12 ліпеня 1990 р. — ?)
• Ярэй Аляксандар Сень (цяперашні час)


Крыніцы і заўвагі:


1). Святыни Брестской епархии(рас.) Русский православный календарь. Приход Свято-Петро-Павловского собора г. Минска (29 лістапада 2011).
2). Пружанское благочиние(рас.). Брест Православный. Праверана 25 сьнежня 2011 г.
3). Пракаповіч Н.С. Летапіс духоўнасьці: культавая архітэктура. Всё о Ружанах.
4). Царква Святых Пятра й Паўла і манастыр базыльянаў. Радзіма майго духу.
5). Святлана Казадой. (16 кастрычніка 2011) Гісторыя і дзень сённяшні Ружанскага Свята-Петра-Паўлаўскага сабора Часопіс “Праваслаўе”. Приход Свято-Петро-Павловского собора г. Минска.


Літаратура:


• Наталля Пракаповіч. Летапіс духоўнасці: праваслаўная архітэктура Пружаншчыны // Рэха Берасцейшчыны. — кастрычнік 2010. — №1 (4). — С. 4—5.

 


Кляштар базылянаў


Кляштар базылянаў у Ружанах пабудаваны ў 1784—1788 рр. (дойлід Ян Самуэль Бэкер) з паўднёвага боку царквы па фундацыі канцлера Вялікага Княства Літоўскага Аляксандра Сапегі.

Будынак прастакутны ў пляне, двухпавярховы, накрыты вальмавым дахам. Рытм галоўнага фасаду ствараецца прастакутнымі ваконнымі праёмамі, завершанымі трыкутнымі і паўкруглымі сандрыкамі (на першым паверсе), пілястрамі. Цэнтральная частка сімэтрычнага галоўнага фасаду вылучаная рызалітам, які быў завершаны трыкутным франтонам. Дваровы і бакавыя фасады бяз дойлідзкага дэкору. Пляніроўка першага паверху анфілядная, другога — калідорная, першы паверх перакрыты крыжовымі скляпеньнямі на падпружных арках, перакрыцьце другога — пляскатае.

Цяпер у кляштары разьмешчаная местачковая ўстанова. Комплекс — помнік рэспубліканскага значэньня.


Літаратура:


• Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.


Ружанская сынагога


Руж`анская сынаг`ога — былая сынагога ў Ружанах на вуліцы Якуба Коласа, 6. Помнік эклектычнага дойлідства.

Сынагога была збудаваная напрыканцы XVIII стагодзьдзя як копія слонімскай у маштабе 1:3.

У другой палове XIX стагодзьдзя побач з сынагогай была пабудаваная жыдоўская школа ў адзіным архітэктурным стылі.

Сынагога дзейнічала да 1940 року, пасьля чаго была зачыненая савецкімі ўладамі. Па Другой сусьветнай вайне ў будынку ешывы месьціліся пасьлядоўна склады, млын, кацельня, гараж мясцовага прадпрыемства[1]. Будынак самой сынагогі закінуты і паступова разбураецца.

Аднапавярховы будынак на высокім падмурку, па пэрымэтры дэкараваны пілястрамі і гзымсамі. Вокны завершаныя паўкруглымі абрамленьнямі.

Унутры часткова захаваліся насьценныя фрэскі і надпісы. Па цэнтры будынку ў неблагім стане біма — адна зь нямногіх, што захаваліся ў Беларусі.


Крыніцы і заўвагі:


1). Уладзімер Крукоўскі. Ружаны. Драўляная рука // “Наша Ніва”. — 2001. — № 44.


Літаратура:


• Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область // / Редкол.: С.В. Марцелев (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 424 с. — ISBN 5-85700-017-3

 


Капліца Сьвятога Казімера


Капл`іца Сьвят`ога Каз`імера (касьц`ёл Сьвятога Казімера) — каталіцкі храм у Ружанах Пінскае дыяцэзіі. Помнік дойлідства раньняга клясыцызму.

Пабудову капліцы зафундаваў уласьнік ружанскага маёнтку Аляксандар Сапега. Праект выканаў саксонскі дойлід Ян Самуэль Бэкер. Будаўніцтва зьвязваюць з мошчамі Сьвятога Казімера, якія ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя захоўваліся ў ружанскіх уладаньнях Сапегаў[1].

Першапачаткова капліца ўваходзіла ў склад комплексу базыльянскага кляштару.

Будынак мураваны прастакутны ў пляне, накрыты двухсхільным дахам. Па пэрымэтры будынку праходзіць прафіляваны карніз.

Прастакутныя высокія вокны. Уваходныя дзьверы і бакавыя нішы аздобленыя ліштвамі.

Сьцены ў інтэр’еры завершаныя карнізам. Алтар мураваны ў выглядзе портыку дарычнага ордэру.

Крыніцы і заўвагі:

1). Наталля Пракаповіч. Летапіс духоўнасці: культавая архітэктура Всё о Ружанах.


Літаратура:


• Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
• Zbigniew Hauser. Nowy ilustrowany przewodnik po zabytkach kultury na Bialorusi. — Warszawa: 2005. — ISBN 83-87654-25-6


__________

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

 


Гісторыя Ружанаў


Ружаны — мястэчка, разьмешчаны на рацэ Ружанка ў 140 км ад Берасьця, у 38 км ад чыгначнай станцыі Івацэвічы на скрыжываньні дарог Пружаны — Слонім, Ваўкавыск — Косава.

Першае пісьмовае ўпамінаньне аб Ружанах (Ражаны) датычыцца 1552 г. Мястэчка належало Тышкевічам, а з 1598 р. — Сапегам, многія зь якіх займалі адказныя пасады ў дзяржаўным апараце Вялікага княства Літоўскага. Адзін зь першых Івашка Сапега частаваў у Ружанах караля Жыгімонта 1 зь велізарнага крышталёвага келіха. Гэты келіх, які атрымаў назву “Іван”, больш за два стагоддзі зберагаўся ў Ружанах, а потым як і ўся маёмасьць Сапегаў быў канфіскаваны і вывезены ў Масковію. Ружаны ўваходзілі ў Слонімскі павет Вялікага княства Літоўскага. У 1637 р. Ружаны атрымалі магдэбургскае права й адпаведны герб. У XVII стагодзьдзі ў месте больш за 400 дамоў, плітачная мануфактура й цагельня, базыльянская школа, 2 кляштары, касьцёл, царква. У XVII—XIX стст. пабудаваны касьцёл Найсьвяцейшае Тройцы дамініканцаў, царква Сьвятых Пятра і Паўла й кляштар базыльянаў. У другой палове XVII ст. пачынаецца заняпад Ружан і паступова яны ператвараюцца ў адно з бяднейшых местаў. У 1698 р. канфедэраты і шляхта паўсталі супраць Сапегаў і знішчылі места, у часы Паўночнае вайны яно было разбуранае зноў. У XVIII стагодзьдзі створаны палацавы ансамбль, адкрыты прыгонны тэатр, працавалі папяровая фабрыка, суконная й палатняная мануфактуры, вырабляліся дываны, мастацкія паясы. Пасьля таго, як у канцы XVIII ст. Сапегі перанеслі сваю рэзідэнцыю ў Дзярэчын, яны размясцілі ў палацы суконную і палатняную мануфактуру. У 1815 р. на суконнае фабрыцы працавала 200 рабочых. 

Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай, калі Ружаны апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, магдэбургскае права было скасаванае. У 1831 р. за ўдзел Сапегаў у паўстаньні супраць маскалёўскіх захопнікаў Ружаны былі канфіскаваныя й перададзеныя ў казну. У 1863 роке каля Ружанаў адбыўся бой паўстанцаў з царскімі вайскамі. У 1915 роке Ружаны акупіраваныя нямецкімі вайскамі, а ў 1919—20 і 1921—39 рр. — знаходіліся ў складзе Польшчы. Пасьля далучэньня ў 1939 р. Заходняй Беларусі да БССР з'яўляліся цэнтрам раёну. З 23.06.41 р. па 13.07.44 р. акупіраваныя нямецкімі вайскамі.

У Ружанах працуюць сярэдняя й музычная школы, 2 дашкольных установы, Дом культуры, 2 бібліятэкі, 2 бальніцы. Зона адпачынку — водасховішча Паперня.

Захаваліся помнікі дойлідства: касьцёл Найсьвяцейшае Тройцы, царква Сьвятых Пятра і Паўла й кляштар базыльянаў, капліца Сьвятога Казіміра на могілках, паўзруйнаваныя палац Сапегаў і сынагога.

 


Палацавы комплекс у даўняй рэзыдэнцыі Сапегаў у Ружанах


Адным з буйнейшых палацавых комплексаў Беларусі XVII—XVIII стст. з'яўлялася магнацкая рэзідэнцыя ў Ружанах, рэшткі якой бачны на высокім узгорку ў паўднёва-ўсходняй частцы сучаснага мястэчка і быццам лунаюць над яго забудовай. Ружанамі валодалі Сапегі — багацейшыя на Рэчы Паспалітай магнаты. У 1598 р. Барташ Брухальскі прадаў канцлеру Льву Сапегу свой маёнтак Ружаны, а той у пачатку XVII ст. узвёў палац і ўжо ў 1617 р. ушаноўваў у ім каралевіча Ўладзіслава. У 1644 р. Уладзіслаў IV зноў гасцяваў у Ружанах, на гэты раз у Казіміра Льва Сапегі. У гонар гэтае падзеі ў сцяне адной з залаў была ўмуравана памятная пліта. У час Паўночнае вайны тут захоўваліся рэліквіі Святога Казіміра з Віленскага катэдральнага касцёла; з'явілася яшчэ адна мемарыяльная пліта.

Ружанскі палац пацярпеў ад шведаў, знішчаўся войскамі канфедэратаў у 1698 р., якія разбурылі гняздо Сапегаў, якія не прызналі ўлады ні караля Рэчы Паспалітай, ні маскалёўскіх цароў, ні мясцовае шляхты. Аднак багатыя ўладальнікі за некалькі дзесяціроччаў першай паловы XVIII ст. аднавілі палац. У 1784 р. канцлер Вялікага Княства Літоўскага Аляксандар Сапега прымаў у ім прыбыўшага на Гарадзенскі сойм караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага з той жа раскошай, што і продкі. Аднак у 1786 р. па іроніі лёсу манументальна-рэпрэзентацыйны палацавы ансамбль выкарыстоўваецца пад суконную фабрыку. Аляксандар Сапега пад уплывам факта падзелу Рэчы Паспалітай аддаў палац у арэнду габрэйскаму прадпрымальніку Пінасу. Але разгорнутая там ткацкая вытворчасць праз 30 рокаў занепадае і ператвараецца ў сціплую прадзільню воўны. Палацавы комплекс згарэў у 1914 р., часткова рэстаўраваны ў 1930 р. У 1944 р. разбураны падчас вайсковых дзеянняў. Захаваліся рэшткі асноўных будынкаў (галоўнага і ўсходняга карпусоў), аркады, уязная брама і флігелі па яе баках. І зараз фрагменты аграмаднага палацавага ансамбля выклікаюць незабыўнае ўражанне, горда і велічна ўздымаюючыся над паселішчам, якое распасціраецца каля падножжа палацавага дзядзінцу.

Першапачаткова палац меў абарончы характар — двухпавярховы крыжападобны ў плане мураваны аб'ём дапаўнялі тры чатырохгранныя вежы. У цэнтральнае частцы палацу знаходзіліся парадная зала і вестыбюль з двухбаковаю лесвіцаю, у бакавых частках — жылыя пакоі, кабінет, бібліятэка. Анфілада памяшканняў на першым паверсе пакрывалася скляпеністымі, а на друтім — бэлечнымі перакрыццямі. Пад будынкам у вялізных скляпеністых падвалах захоўваліся арсенал, архіў, харчаванне. У 1784—1788 рр. прыдворны доцлід Сапегаў Ян Самуэль Бекер перабудоўвае старажытны палац-замак. Адначасова дойлід узводзіць у нізіне перад палацам парафіяльны касцёл і кляштар базыльян, а таксама могілкавую капліцу і заезны двор. За сваю таленавітую творчасць Бекер атрымаў ад Сапегаў пажыццёвую пенсію ў 2160 злотых. Аб стылі дойлідства палаца ў мастацтвазнаўцаў існуюць розныя меркаванні. Вядомыя маскалёўскія гісторыкі мастацтва Лукомскія памылкова характарызуюць яго як ампірны, польскія даследнікі — як будынак “у французскім гусце”. Разам з тым, верагодна, што дойлідства палацу з'явілася натуральным і аб'ектыўным сімбіёзам адыходзячага барока і класіцызму, які тады нараджаўся. Больш таго, у элементах субдойлідства і ў дэкоры сустракаюцца элементы стылю ракако (картушы, ракайлі-завіткі, люкарны даху, руставаныя лапаткі, вазы і інш.). Дзве вежы старажытнага палацу былі разабраныя, а заходняя ўключаная ў агульны аб'ём новага будынка, які стаў сіметрычным па кампазіцыі. Галоўны корпус набыў выгляд кампактнага двухпавярховага простакутнага ў плане будынка пад высокім мансардавым “французскім” дахам. Галоўны фасад у трынаццаць вокнаў у цэнтральнай частцы вылучаўся ўзнятым на другі паверх прысценным порцікам з двух пар калон і пілястр, завершанных высокім трохкутным франтонам, запоўненых скульптурным барэльефам і ўвянчаным па кутах гратэскнай скульптурай. На тыльным фасадзе порціку адпавядала шырокая дзесяцікалонная тэраса, на якую выходзілі вокны-дзверы бальнай залы. Высокія, у барочна-ракайльным прафілявяным абрамленні вокны верхняга паверха сведчаць аб яго парадным прызначэнні.

Унутры будынак меў люстэркава-сіметрычнае размяшчэнне апартаментаў. Да памяшканняў “першага парадка” адносіліся квадратная бальная зала, вестыбюль і парадная двухбаковая лесвіца. Зала і вестыбюль асвятляліся двума ярусамі вокнаў. Месца размяшчэння парадных памяшканняў на другім паверсе абумовіла падзел фасадаў на цокальны, парадны і верхні паўпаверх, аб'яднаных агульным ордэрам. У палацы меліся археалагічны кабінет-музей і аграмадная бібліятэка са сваім уласным экслібрысам, выкананым мастаком Францішкам Бальцэвічам. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай гэта інтэлектуальнае багацце засталося ў суседнім палацы Сапегаў у Дзярэчыне (Зэльвенскі р-н Гарадзенскай вобл.). Пісьменнік Ю. Нямцэвіч у 1814 р. знайшоў у адным з пакояў палаца толькі вартыя жалю рэшткі бібліятэкі. Яна разам з архівам у 1832 р. была канфіскаваная маскалйўскім урадам і перавезеная да Горадні, а ў 1858 р. перададзеная ў Віленскую археалагічную камісію. Адзін з пакояў палацу выконваў ролю дамавой капліцы.

Адначасова з перабудовай цэнтральнага будынка фармуецца вялікі палацавы ансамбль з некалькіх, сіметрычна згрупаваных вакол параднага замкнутага двара карпусоў з уключэннем у яго рэгулярнага парка, сада, аранжарэі. Працяглыя, простакутныя ў плане двухпавярховыя бакавыя карпусы размяшчаліся перпендыкулярна да палаца і аб'ядноўваліся з ім паўцыркульнымі, шырока разгорнутымі аркадамі. Спараныя тасканскія калоны перакрывалі дубовыя бэлькі сегментнага малюнка, на якіх цягнуўся фрыз з дарычнымі трыгліфамі. Выкананыя з дуба кранштэйны таксама неслі завяршальны карніз. Ва ўпрыгожанні фасадаў палацавых будынкаў выкарыстоўваліся руставаныя пілястры, гірлянды, скульптура, разнастайнае пластыка-арнаментальнае абрамленне.

Усходні корпус, падзелены параднай лесвіцай на дзве роўныя часткі, складаўся з тэатра і манежа. Тэатр лічыўся адным з буйнейшых у Беларусі, у яго архітэктуры сумяшчаліся рысы італьянскай сцэны і новыя павевы французскіх дойлідаў XVIII ст. У 1784 р. кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі стаў гледачом балета “Літасцівасць Ціта”, пастаўленага балетмайстрам М. Прэнчынскім, і музычнай камедыі Маліне “Чарадзейнае дрэва”. Запраектаваная ў тэатры глыбокая сцэна з сямю планамі куліс дазваляла тройчы змяняць афармленне ў час спектакля. Да сцэны далучаліся невялікія гардэробы-артыстычныя. Падковападобная ў плане двух'ярусная зала змяшчала ў першым ярусе 14 ізаляваных ложаў, у другім — 15 з каралеўскай ложай у цэнтры. Дойлідскі дэкор залы меў рысы ранняга класіцызму: ажурныя балюстрады, калоны карынфскага ордэра. Тут магнаты ўчынялі святкаванні каралям Рэчы Паспалітай, ушаноўваючы іх з неапісальнай раскошай. І асноўным элементам гэтых святкаванняў з'яўлялася прыдворная тэатральная трупа Сапегаў, складзеная з выхаванцаў прыватнай школы прыгонных акцёраў. У рэпертуар тэатра ўваходзілі французскія і польскія сцэнічныя творы.

Заходні корпус прызначаўся для карціннай галерэі. Па восі палаца была ўзведзена ўязная брама ў выглядзе трохпралётнай трыумфальнай аркі з разнымі геральдычнымі картушамі з моранага дуба, антычнымі скульптурнымі барэльефамі, рустоўрай. Браму фланкіравалі два двухпавярховыя службовыя флігелі, фармуючы франтальна разгорнутую кампазіцыю параднага ўезда. Трыумфальная брама з'яўлялася вартым пачаткам рэпрэзентацыйнага палацавага комплексу. Уваходзячы ў арку, першапачаткова бачылася толькі цэнтральная, найбольш пластычная частка палаца з порцікам, а пасля прахода праз яе палацавы комплекс раскрываўся ва ўсёй сваёй прыгажосці. Двухпілонныя ўезды меліся і паміж флігелямі і бакавымі карпусамі палаца.

Ян Самуэдь Бекер праектуе і рэгулярны праменісты парк з каналамі, вадаёмамі, стрыжанымі шпалерамі. Парк спыняў паралельны палацу вадаём на рацэ Зяльвянцы. Перспектыва кожнай са стрыжаных ліпавых алей замыкалася павільёнам. Да пейзажнай зоны далучаўся звярынец у выглядзе прабітага прасекамі ляснога масіва. З прыстасаваннем палаца пад фабрыку да 1834 р. парк фактычна перастаў існаваць.

Пачыная з 2008 р. у даўнім палацавым комлексе Сапегаў у Ружанах вядуцца рэстаўрацыйныя працы. Напрыканцы 2010 р. былі адноўленыя цэнтральная ўязная брама і правы службовы флігель.


Літаратура:


А.М. Кулагін
Страчаная спадчына
Мінск, Беларусь, 2003

 


Касцёл Святой Тройцы


У 1596 р. Леў Сапега разам з жонкай Аляксандрай (з Тышкевічаў) фундаваў касцёл у гонар Святой Тройцы ў сваёй радавой рэзідэнцыі — мястэчку Ружаны. Троіцкі касцёл, спачатку драўляны, змураваны ў асноўным у 1615—1617 рр., але пазней яго неаднаразова рэканструявалі і рамантавалі. Святыня мае простую і выразную архітэктурную кампазіцыю, якая дынамічна нарастае ад больш нізкай за прамавугольны неф паўцыркульнай апсіды прэсбітэрыя да трох'яруснай васьмерыковай вежы над чацверыковым уваходным аб'ёмам. Такая кампазіцыйная будова характэрна, як вядома, і для рэнесансных касцёлаў “любельскай” групы. Даволі масіўныя сцены нефа дадаткова ўмацаваныя контрфорсамі, што ўспрымаюць распор цыліндрычнага з распалубкамі скляпення, без падпружных арак, як і ў віленскім Міхайлаўскім касцёле. Ёсць падставы лічыць, што аздоба скляпенняў у гэтых помніках была аналагічная — у выглядзе ляпнога ўзорыстага арнаменту з несапраўдных кесонаў. Аднак пры рэканструкцыі ў другой палове XVIII ст. ружанскага касцёла ляпная аздоба скляпенняў была замененая фрэскавым роспісам, які аптычна імітаваў рэальна неіснуючыя дойлідсскія элементы — тыя ж падпружныя аркі і аб'ёмныя “рэбры” распалубак. Паміж імі ўключаны паліхромныя сюжэтныя кампазіцыі, выкананыя ў стылістыцы позняга барока.

У 1768 р. да сярэдняй травеі трохчасткавага нефа з поўначы прыбудавана капліца Святога Крыжа, а ў 1787 р. (сіметрычна ёй) капліца Святой Барбары. Пры гэтым у інтэр'еры адзіночныя пілястры часоў ранняга барока, якія адпавядалі вонкавым контрфорсам, замянілі здвоенымі. Гэта надало ўваходам у капліцы больш урачысты, амаль трыумфальны характар, адпаведны іх алтарам, намаляваным “аптычна на муры”. Такім чынам, нягледзячы на розначасовасць прыбудоў, яны арганічна дапоўнілі і ўзбагацілі першапачатковую тэктоніку касцёла. Рэканструкцыяй святыні ў 1780-я рр. займаўся прыдворны дойлід Сапегаў Ян Самуэдь Бекер, які і надаў яе дойлідска-мастацкаму абліччу рысы “барочнага класіцызму” — стылявога кірунку, звязанага ў Рэчы Паспалітай з уплывам ідэй французскага асветніцтва.

У вырашэнні галоўнага алтара, які захаваў сваю аўтэнтыку з першай паловы XVII ст., яскрава выяўлена яго прысвячэнне Святой Тройцы. Алтарная карціна, аформленая чатырохкалонным порцікам з цёмнага мармуру і пазалочанымі карынфскімі капітэлямі, прадстаўляе Укрыжаванне Хрыста, над ёю — Усёбачнае вока Бога Айца (роспіс і стукавая лепка), а яшчэ вышэй, у консе апсіды — фрэскавая выява Святога Духа ў выглядзе белага голуба. У гэтую цэласную сакральную кампазіцыю зноў жа ўключаны герб Сапегаў. Вензель магнатаў прысутнічае і ў малюнку каванай перадалтарнай агароджы.

Неф касцёла перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. Скляпенне прэсбітэрыя ўмацавана падпружнымі аркамі. Капліцы і сакрысціі перакрыты крыжовымі скляпеннямі. Над уваходам у заходняй частцы размешчаны хоры на драўляных крыжападобных у сячэнні слупах з разнымі фігурнымі кранштэйнамі. Мастацкае афармленне храма вырашана ў стылі позняга барока і ракако. Інтэр'ер багата ўпрыгожаны дойлідскае пластыкай, скульптурай і жывапісам. Амбон, скляпенні і падпружныя аркі аздоблены ляпным стукавым арнаментам расліннага характару. Прастору прэсбітэрыя замыкае 4-калонны галоўны алтар з раскрапаваным лучковым франтонам, які ўпрыгожваюць скульптуры анёлаў, ляпны арнамент і герб Сапегаў. Абапал калон размешчаны драўляныя паліхромныя скульптуры святых Пятра і Паўла. Прэсбітэрый ад нефа аддзяляюць каваныя краты XVIII ст., кампазіцыя якой складаецца з акантавых звіваў, валют, кветак і манаграмы фундатара касцёла. Адпаведна вырашаны ўваходы з алтарнай часткі ў бакавыя памяшканні і капліцы. Стукавая і драўляная скульптура галоўнага алтара і бакавых капліц работы І. Прукнера (1789 р.), М. і К. Роўбваў, габеленавыя і шаўковыя арнаты, кандэлябры XVIII ст.

Знадворку ў нішы сцяны апсіды скульптура Святога Дамініка.


Літаратура:


Т.В. Габрусь
Мураваныя харалы
Мінск, "Ураджай", 2001


А.М. Кулагін
Каталіцкія храмы на Беларусі
Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 2000

 


Царква Святых Пятра й Паўла і манастыр базыльянаў


Петрапаўлаўская царква ў Ружанах вядома з 1568 р. У 1675 р. пры ёй заснаваны базыльянскі кляштар. Гэтая дата доўгі час фігуравала ў шматлікіх крыніцах як дата будаўніцтва мураванай уніяцкай Петрапаўлаўскай царквы, якая існуе і зараз. У рэчаіснасці мураваная царква была закладзена тут па фундацыі Хрысціны Масальскай з Сапегаў у 1762 р. Вядома таксама, што ў 1775 р. над скляпеннямі кафалікона былі пастаўлены кроквы даху, а ў 1779 р. (дата асвячэння) будаўніцтва завершана цалкам.

Прыдворны дойлід князя Аляксандра Сапегі Ян Самуэдь Бекер у 1780-я рэкантсруяваў ружанскі палац, надаў яму прынцыпова новае прасторава-ансамблевае вырашэнне ў пераходным ад барока да класіцызму стылі. Адначасова ў 1784—1788 рр. ён пабудаваў у мястэчку мураваны двухпавярховы жылы корпус кляштара базыльян і рэканструяваў Петрапаўлаўскую царкву, таксама надаў ёй рысы барочнага класіцызму. Захаваўся праект рэканструкцыі, уведзены ў навуковы ўжытак рэстаўратарам В. Калніным, які вызначае яе стыль як “станіславоўскі” (названы так у гонар апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага). Дойлідскія характарыстыкі існуючага помніка не цалкам адпавядаюць гэтаму праекту: адсутнічаюць парапет-балюстрада з групай алегарычных скульптур і складаная спічастая кампазіцыя завяршэння цэнтральна-восевай вежы (яе замяняе цыбулепадобная галоўка). Гэта адбылося, верагодна, у выніку няпоўнай рэалізацыі праекта ці перабудовы царквы пасля пажару ў 1895 р.

Архітэктоніка царквы мае шмат агульных рыс з жыровіцкімі святынямі. Галоўнае ж адрозненне — паўкруглая форма алтарнай часткі, якая завяршае неф кафалікона, і наяўнасць абапал яе невысокіх сіметрычных прастакутных сакрыстый. Галоўны фасад як шырма закрывае неф, выступаючы за яго межы. Цэнтральная частка фасада выступае наперад рызалітам, авальную форму якому надаюць слаістыя пілястры, размешчаныя па баках. Выступ рызаліта адпавядае шырыні высокай сплошчанай вежы, якая вянчае кампазіцыю фасада і на якую вядуць вітыя ўсходы, размешчаныя ў рызаліце. Ніжнюю частку фасада аддзяляе невысокі суцэльны атык з накладным трохкутным франтонам. Вышыня гэтай часткі, якая закрывае тарэц пакатага двухсхільнага даху, сведчыць пра тое, што канструкцыі скляпенняў і даху былі зменены падчас рэканструкцыі царквы Бекерам. Сапраўды, у інтэр'еры сцены храма аздоблены слаістымі пілястрамі, на якія, відавочна, абапіраліся падпружныя аркі цыліндрычных з распалубкамі скляпенняў, надаючы яму познебарочную стылістыку. Падчас рэканструкцыі іх замянілі на характэрнае для палацавага дойлідства класіцызму люстэркавае скляпенне (на падугах, з плоскім плафонам у цэнтры). На плафоне ў алтарнай частцы, аддзеленай фрагментамі мураванай уніяцкай перагародкі, размешчана жывапісная кампазіцыя “Бог Саваоф”, а на столі кафалікона — “Спаса-Праабражэнне”, выкананыя ў сухаватай акадэмічнай манеры, уласцівай класіцызму. Абапал апсіды медальёны з выявамі апосталаў Пятра і Паўла. Апсіда вылучана драўляным разным іканастасам. Абраз 1865 р. на дошцы з арыгінальным фонам “Маці Божая Адзігітрыя”, якому прыпісваецца захаванне храма ад пажару 5.5.1895 р., што амаль цалкам знішчыў мястэчка.


Літаратура:

Т.В. Габрусь
Мураваныя харалы
Мінск, "Ураджай", 2001
__________

radzima.org

 


Касцёл Найсвяцейшай Тройцы

 

У цэнтры мястэчка, на плошчы 17 Верасня. Пабудаваны ў 1615—17 рр. з цэглы па фундацыі канцлера Вялікага княства Літоўскага Л. Сапегі і яго жонкі Аляксандры (з Тышкевічаў) для манахаў-дамініканаў[1]. Касцёл абкружаны мураванаю агароджаю з брамай.

Першапачатковы драўляны храм тут закладзены ў 1595 р. Тышкевічамі і абсталяваны на сродкі Я. Язблавецкай. У 1768 р. прыбудавана капліца Святога Крыжа, у 1787 р. — капліца Cвятой Варвары і зроблены купал надапсідай (дойлід Я.С. Бэкер). Аднаўляўся пасля пажараў 1891 і 1895 рр. на сродкі навакольнае шляхты і субсідыі з Варшавы[2]. На 1935 р. налічвалася 1100 парафіян.

Помнік дойлідства ранняга барока. Рэканструкцыя 1850 р. надала дойлідству касцёла рысы класіцызму. Аднанефавы 1-вежавы будынак з паўцыркульнай апсідай прэсбітэрыя. Да прастакутнага ў плане нефа з бакоў сіметрычна прылягаюць невысокія капліцы, да апсіды — такія ж па вышыні сакрысціі. Пры ўваходзе размешчана 4-ярусная (3 васьмярыкі на чацверыку) вежа-званіца, накрытая высокім гранёным шатром. Ярусы падзеленыя прафіляванымі карнізамі, аздоблены плоскімі нішамі і скразнымі арачнымі праёмамі. Сцены бакавых фасадаў рытмічна падзелены контрфорсамі, паміж якімі прарэзаны аконныя праёмы з арачным завяршэннем і люнеты. Знадворку ў нішы сцяны апсіды скульптура Святога Дамініка.

Неф касцёла перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. Скляпенне і конха прэсбітэрыя ўмацаваны падпружнымі аркамі. Капліцы і сакрысціі перакрыты крыжовымі скляпеннямі. Над уваходам размешчаны хоры на драўляных крыжападобных у сячэнні слупах з разнымі фігурнымі кранштэйнамі. Мастацкае афармленне інтэр'ера храма вырашана ў стылі позняга барока і ракако. Памяшканні багата ўпрыгожаны дойлідскай пластыкаю, скульптурай і фрэскавым жывапісам, які імітуе дойлідскія кулісы. Амбон, скляпенні і падпружныя аркі аздоблены ляпным стукавым арнаментам фларальнага характару. Прастору прэсбітэрыя замыкае 4-калонны галоўны алтар з раскрапаваным лучковым франтонам, які ўпрыгожваюць скульптуры анёлаў, ляпны арнамент і герб Саіегаў. Абапал калон размешчаны драўляныя паліхромныя скульптуры святых апосталаў Пятра і Іаўла. Бакавыя алтары выкананы ў выглядзе класічных порцікаў са скульптурамі Ісуса і Марыі. Ірэсбітэрый ад нефа аддзяляе каваная рашотка XVIII ст., кампазіцыя якой складаецца з акантавых звіваў, валют, кветак і манаграмы фундатара кастёлу. Стукавая і драўляная скульптура галоўнага алтара і бакавых капліц работы скульптараў І. Прукнера (1789 р.), М. і К. Роўбаў. Алтарны абраз “Святы Казімір”, габеленавыя і шаўковыя арнаты, кандэлябры зыкананы ў XVIII ст. Над уваходамі ў сакрысціі, аформленымі класічнымі парталамі,учынены драўляныя іожы ў стылі ракако, на хорах устаноўлены арган XVIII ст. барочна-ракайльнай стылёвай трактоўкі.

 

Спасылкі:


1). Spis kosciotow і duchowieristwa djecezji Pinskiej w r.p. 1936. Pinsk, 1936. S. 118.
2). НГАБ y г. Гродна, ф. 1, воп. 18, спр. 747, арк. 28

 


Капліца Святога Казіміра


На паўночнай ускраіне мястэчка, на могілках каля шашы на Слонім. Пабудаванаў 1792 р. з цэглы паводле праекта дойліда І.Г. Бэкера і па фундацыі канцлера Вялікага княства Літоўскага А.М. Сапегі. Была прыпісана да базыльянскага кляштара.

Помнік дойлідства класіцызму. Вырашана кампактным прастакутным у плане аб'ёмам пад 2-схільным дахам, які выходзіць на франтальны фасад трохкутным франтонам 4-калоннага порціка дарычнага ордэра. Фасад пад ім расчлянёны прастакутнымі ўваходным праёмам і флакіруючымі яго нішамі ў прафіляваных ліштвах. Атынкаваныя бакавыя фасады расчлянёны высокім і прастакутнымі аконнымі праёмамі і пілястрамі ў прасценках, апяразаны прафіляваным карнізам на дэнтыкулах. У інтэр'еры ў канцы залы мураваны алтарў выглядзе дарычнага порціка.


Крыніца:


А.М. Кулагін
Каталіцкія храмы Беларусі
“Мінск Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, 2008

 


Ружаны


На высокім маляўнічым узгорку ў Ружанах (Пружанскі раён) добра выяўлены былы парадны двор велічнага ў мінулым палацава-паркавага ансамбля Сапегаў, выдатнага помніка палацавага дойлидства Беларусі XVII-XVIII стст. Яго атачаюць руіны палацу, паўцыркульных ў плане аркад, тэатральна-манежнага флігелю і уязной брамы ў выглядзе трыумфальнае аркі з двума бакавымі карпусамі. Рэзідэнцыя найбагацейшых магнатаў Рэчы Паспалітае стваралася некалькімі пакаленьнямі на працягу двух стагодзьдзяў, пачынаючы з 1598 року, калі Барташ Брухальскі прадаў канцлеру Вялікага княства Літоўскага Льву Сапегу свае маёнткі Ласасін і Ружаны з фальваркамі Бялавічы і Сідароўшчына. Палац, пабудаваны ў пачатку XVII ст. Л. Сапегам, з'яўляўся своеасабліваю фартэцыяю зь вежамі па кутах. У двух'ярусных скляпеньнях палацу захоўваўся баявы рыштунак, запасы харчаваньня, дзяржаўныя дакумэнты. Пры палацы меліся лінейныя пасадкі дрэў (Супрун, 1972 р.). Фармаваньне новага палацава-паркавога ансамблю праводзілася ў другой палове XVIII ст. Ранейшы палац эпохі барока перабудоўваецца прыдворнм дойлідам Сапегі Янам Самуэлям Бэкерам, які доўгі час жылі ў Ружанах. Крыла старога палацу звязваюцца аркадамі й крытымі галерэямі з сіметрычна размешчанымі бакавымі карпусамі. Ва ўсходнім корпусе размяшчаўся прыдворны тэатр з вялікаю заляю й крыты манеж для выязных коней, у заходнім — карцінная галерэя і бібліятэка. Сіметрычныя крыла паўднёвага корпусу злучыла манумэнтальная арка, увянчаная дэкаратыўным атыкам, завяршаецца фармаваньне вялізнага (плошча каля 1,5 га) параднага панадворку. Бекер праектуе таксама разбіўку палацавага парку (Хадыка, 1974 р.). У ружанскі перыяд творчасці Бэкера знайшлі поўны выраз ідэі французскага класіцызму. В. Калнін (1984 р.) называе гэты ансамбль “беларускім Версалем”. Рэканструкцыя змяніла дойлідства ансамбля ў духу класіцызму і разам з тым не дапусціла вялікага стылістычнага разрыву паміж старым будынкам і новым праектам (Кацер, 1956 р.). Унікальны парк з каналамі, вадаёмамі, шматлікімі шпалерамі фармаваўся з паўночнага боку палацавага ансамбля. На старых валах былі ўладкованыя каскадныя лесвічныя спускі. У аснову кампазіцыі пакладзены прынцып радыяльна-кальцавой планіроўкі алей (Кулагін, 1981 р.). Перспектыва кожнае фармаванае ліпавае алеі замыкалася паркавым павільёнам. У разыхходзячыхся нібы прамяні сонца алеях знайшоў выраз характэрны матыў мастацтва А. Ленотра. Прынятая планіроўка адпавядала агульнае объёмна-прасторавае кампазіцыі палацавага ансамбля з паўкруглай адкрытаю аркадаю, што фармавала прастору параднага панадварку і звязвала яго з паркам і навакольнымі перспектывамі. Акцэнтамі далёкіх перспектываў былі ружанскія храмы. Да парку прымыкаў звярынец у выглядзе ляснога масіву з загонамі і прасекамі для паляваньня. Ружанскі ансамбль адбудоўваўся з бляскам і раскошаю, характэрнаю для Сапегаў, ствараў уражаньне ўрачыстасьці і велічы. Трыумфальная арка была ўпрыгожаная скульптурамі і барэльефамі, што паказваюць антычных герояў. У палацы мелася вялікая бібліятэка з археалагічным кабінэтам, які зьмяшчаў пераплеценыя ў тамы па роках рукапісы перапіскі гетманаў, міністраў (... Матэрыялы, 1863 р.). Неўзабаве небывалы росквіт змяніўся заняпадам. Пасьля падзелу Рэчы Паспалітае княскі двор пераехаў у Дзярэчын (Зельвенскі раён), дзе палацава-паркавы ансамбль таксама будаваўся Бэкерам. А ў палацавых будынках Ружан размясьціліся ткацкая і суконная фабрыкі. На месцы парку ўздоўж цэнтральнага каналу паўсталі дробныя ткацкія вытворчасці і да 1834 р. ён перастаў існаваць.


А.Т. Федорук
Садово-парковое искусство Беларусии
Минск “Ураджай”, 1989
Пераклад “J.K.”

 


Могілкі габрэйскія


Завяршаючы невялікі трыптых пра Ружаны, я папрасіў расказаць пра ружанскі Галакост аднаго са старажылаў, майго сябра Аляксандра Пракапеню. У 1939 р. яму было 14 рокаў, ён добра ўсё памятае. Вось што ён расказаў.

— У Ружанах пры паляках было пяць тысяч жыхароў, і ажно чатыры тысячы зь іх — габрэі. Ружанцы-беларусы жылі на ўскраінах, на “канцах”, мелі зямлю, трымалі коні, каровы, гадавалі сьвіньні. А габрэі займаліся ў асноўным гандлем і жылі ў цэнтры, у камяніцах. Яны самі выраблялі тавары на продаж, шылі адзежу, абутак. Прывозілі тавар і з Польшчы. У цэнтры, дзе цяпер сквэр, былі гандлёвыя рады, больш за 60 лавак і лавачак. Як заможны габрэй, то і лаўка вялікая, у бяднейшых — як сёньняшнія шапікі. Яшчэ было некалькі гарбарняў, габрэі езьдзілі па вёсках, куплялі ў гаспадароў скуры, выраблялі. З інтэлігенцыі то былі дактары ў больніцы, рабіны, супрацоўнікі ў аптэках, настаўнікі іхныя. Пры сынагогах (а іх было каля дзесяці) працавалі габрэйскія школкі. Праўда, габрэйскія дзеці вучыліся і ў польскай школе, разам зь беларусамі і палякамі.

Жылі габрэі таксама ў Паўлаве, гэта кілямэтра з паўтара адсюль, і ў Канстанцінове. Некалі іх продкі купілі зямлю ў Сапегаў і пасяліліся калёніяй, каб жыць сялянскім жыцьцём. Але ня надта ў іх атрымлівалася, бо заўсёды наймалі мужыкоў араць і сеяць, нават я з мамаю хадзіў да іх у заробкі, бульбу выбіралі. У Паўлаве іх жыло чалавек 500. Вялікія сем’і... двароў са 100. А ў Канстанцінове меней — чалавек 200.

Кожны панядзелак у Ружанах быў кірмаш. У нядзелю ці на дзяржаўнае сьвята гандляваць забаранялася. Але ж на сьвяты народу ў Ружанах зьбіралася — пальца не ўваткнуць. Самы заробак для гандляра. Дык патаемна гандлявалі. Падыдзе чалавек да хаты гандляра, пастукае, той паглядзіць праз шчыліну ці ў акенца — усё ў парадку, можна ўваходзіць. Памятаю, купляў я новую шапку, злоты і дзевяноста грошаў каштавала. Памераў — вялікая, на вушы ўпала. Габрэй кажа: “Нічога, хлопец, пайшлі са мною”. Завёў ён мяне некуды, там машынка стаіць, тут жа распароў, ушыў: “Насі, на здароўе!”

Наагул, пры Польшчы жылося ім няблага, ніхто не прыцясьняў. Але гэта пры Пілсудзкім, бо ў таго жонка была габрэйка. А як стаў Рыдз-Сьміглы, то і ў газэтах пачалі іх выкрываць, і ў нас, у Ружанах, на прылаўках зьявіліся надпісы і нават улёткі: Nie kupuj u zyda!

Як немцы напалі на Польшчу, павалілі ў Ружаны бежанцы-габрэі зь Беластоку, з Варшавы, зь іншых гарадоў. У асноўным моладзь, чыесьці сваякі ці знаёмыя. Тысячы паўтары прыбыло. А праз тры дні ў Ружаны прыйшлі, як мы кажам, першыя саветы. Лаўкі іхныя пазачынялі. Але яны тавар па хатах пахавалі і ўсё роўна гандлявалі, падпольна, як сёньня кажуць, “па бартэры”, — абменьвалі тавар на харчаваньне. Моладзь габрэйская была за савецкую ўласьць. Абіралі мы дэлегата на Ўсебеларускі сход, калі далучаліся да БССР, то ўсю агітацыю яны праводзілі. Чалавек 20 моладзі езьдзілі па вёсках навакольных на роварах, раздавалі і расклейвалі ўлёткі і ўсё песьню сьпявалі: “Кіпучая, магучая, нікім не пабядзімая...” Ніхто іх асабліва не чапаў, быў нават судовы працэс над адным тутэйшым за слова “жыд”. Але чалавек выратаваўся, бо змог даказаць, што ён паляк, а ў польскай мове няма слова “габрэй”, толькі zyd. Працавалі яны пры першых саветах і ва ўстановах, і ў школе маскалёўскай, і на торфапрадпрыемстве. Але праз паўтара рока — ізноў вайна. Тут яны, вядома, трапілі ў пастку. Вайна пачалася раніцай, а пасьля абеду немцы былі ўжо ў Ружанах.

Немцы загадалі габрэям насіць на правым рукаве белую павязку з надпісам jude. Сынагогі разбурылі, каторыя драўляныя. Гета зрабілі ўвесну 42-га. Бяз дроту, без вартавых. Проста пазначылі, якія вуліцы, якія дамы ў гета. І ні кроку за межы. Хадзілі, праўда, рызыканты, усякае было. Ганялі іх на работы цяжкія, на дарогі, на траншэі, рамонты, будоўлі. У гета сагналі і габрэяў-каляністаў, з Паўлава і Канстанцінова. Цывільным начальнікам пры немцах быў войт Рапацкі, у 44-м уцёк разам зь імі. Былі яшчэ солтысы, на кожнай вуліцы — свой.

Як габрэі выжывалі, цяжка і ўявіць. Столькі народу на невялікай плошчы!.. Было ў іх даваеннае золата, былі нейкія тавары, каштоўнасьці, працавалі па-ранейшаму рамесьнікі. Я сам насіў у гета гадзіньнік рамантаваць да майстра — малады такі, харошы быў хлопец з Варшавы, то ён зь мяне шклянку фасолі ўзяў. Была камэнданцкая гадзіна: пасьля 21:00 на вуліцу носа не высоўвай, маглі застрэліць, а “гумаў” па срацы то напэўна заробіш. Немец, армскамісар, неяк на падпітку добрым ад каханкі вяртаўся ўначы. Вартавы на яго: Halt! А той — нуль увагі: начальнік жа. То вартавы яго і застрэліў.

Увосень 43-га немцы абкружылі Ружаны войскам, усюды кулямёты, пачалі габрэяў з гета выганяць і калёнаю, пешкі на Ваўкавыск, на станцыю. Старых, хворых, нямоглых пабілі адразу. Астатнія жыцьцё скончылі хто ў Трэблінцы, хто ў Асьвенцыме, хто яшчэ дзе. Да аднаго прыйшлі выганяць з хаты, а ён сядзіць у пограбе зь вінтоўкаю і патронаў паўсотні. Нават ня стрэліў ні разу, аддаў і вінтоўку, і патроны, і пайшоў пад аўтаматамі.

Пару дзясяткаў маладзейшых зьбеглі, хаваліся па лясах, па вёсках. Усіх знайшлі, вылавілі, пастралялі. Адзін забег да нас у Бярэзьніцу, а там гаспадар з сынам у гумне малоцяць. Ён і просіць схаваць, золата аддаў. Тыя паказваюць на салому — лезь, хавайся. Не пасьпеў, уварваліся немцы, вывелі за гумно і з аўтаматаў паклалі.

Выратаваліся з ружанскіх габрэяў чалавекі са тры-чатыры. Адзін, Савульскі Довыд, да вайны яшчэ заляцаўся да вясковай дзяўчыны. То яна яго неяк вывела з Ружанаў, а як усё сьціхла — пераправіла да партызанаў, у Гута-Міхалінскую пушчу. Там ён і прабыў да вызваленьня рэзьнікам у партызанаў. Прыгоняць тыя зь вёсак скаціну — ён яе рэжа, разьдзяляе на мяса. Пры кухні, адным словам. Пасьля вайны ажаніўся зь мясцоваю дзяўчынай, але ня з тою, што яго выратавала. Дажыў да старасьці і памёр сваёй сьмерцю. Яшчэ ў Ружаны вярнуўся Рома Сланімчык. Быў шафёрам у начальства, то зьехаў у першы ж дзень вайны. Ну і Вэйвэль Кузьнец, бо ў 39-м завэрбаваўся на шахты маскалёўскія. Пасьля вайны прыехаў з адным мэдалём і адным вокам. А гета і наагул увесь цэнтар Ружанаў немцы выпалілі пры адступленьні. Хадзіў немец і падпальваў дом за домам з ракетніцы. Адна кабета тутэйшая, не габрэйка, выбегла да яго з малаком, яйкамі, на калені ўпала, прасіла хату не паліць. Немец малака папіў, яйкі забраў і прайшоў хату, не запаліў.

Вось і ўся гісторыя Ружанскага габрэйства. Зараз няма ніводнага габрэя. Уся памяць пра былое — каменны будынак сынагогі ды старыя напаўразбураныя могілкі — пабітыя, урослыя ў зямлю, перакуленыя надмагільлі, хмызьнякі і пні, малады сасоньнік, ямы.


Уладзімер Ратней
“Наша Ніва”



Обновлен 01 ноя 2017. Создан 31 окт 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter