Гісторыя й дойлідства Слоніму




Слонім


Сл`онім — места ў Беларусі, на рацэ Шчары пры ўтоку ў яе ракі Ісы. Адміністрацыйны цэнтар Слонімскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2017 рок — 49 513 чалавек[1]. Знаходзіцца за 143 км на паўднёвы ўсход ад Горадні; чыгуначная станцыя на лініі Баранавічы — Ваўкавыск. Аўтамабільныя дарогі зьвязваюць места з Баранавічамі, Івацэвічамі, Ружанамі, Зэльвай, Зьдзецелам.

Слонім — даўняе магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну (частка Наваградчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Росквіт паселішча адбыўся ў XVIII ст. за часамі Міхала Казімера Агінскага, які заснаваў тут некалькі ўстановаў (капэлу, балетную і музычную школы, опэрны тэатар) і прамысловых прадпрыемстваў, а таксама збудаваў Агінскі канал. Высокі культурны статус Слоніма прычыніўся да таго, што сучасьнікі звалі яго “Палескімі Атэнамі”. Да нашага часу тут захаваліся меская ратуша, аўстэрыя Агінскіх, палац Пуслоўскіх у Альбэртыне, комплексы кляштараў бэрнардынак з касьцёлам Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і бэрнардынаў з касьцёлам Найсьвяцейшай Тройцы, касьцёл Сьвятога Андрэя, капліца Сьвятога Дамініка, кляштар бэнэдыктынак і сынагога, помнікі дойлідства XVII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся палац і тэатар Агінскіх, комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Міхала, помнікі дойлідства XVII—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя маскалёўскімі ўладамі, а таксама касьцёл Божага Цела пры кляштары канонікаў лятэранскіх, помнік дойлідства XVII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Тапонім “Слонім” хутчэй за ўсё паходзіць ад славянскага слова “заслона”[2] (бар’ер, фарпост[3]) — у значэньні засланіць, абараніць. Паводле археалягічных дасьледаваньняў, у ХІ ст. на месцы сучаснага Слоніма існавалі два ўмацаваныя гарадзішчы на абодвух берагах Шчары, якія, магчыма, і прычыніліся да ўзьнікненьня назвы. Відаць, у XII і XIII стагодзьдзях места выконвала важную вайсковую ролю: яно было аб’ектам спрэчак паміж ліцьвінамі і кіеўскімі князямі[4]. Менш імаверным выглядае паходжаньне тапоніму ад балцкага найменьня нізіны.

Напісаньне назвы места ў найбольш даўніх пісьмовых крыніцах: Услонім і Васлонім[5].

У ХІІ—ХІІІ стагодзьдзяў старажытны Слонім (рус. Вслонимъ) быў местам з высокаю матэрыяльнаю культураю, разьвітымі рамёствамі і гандлем. Ужо ў ХІІ ст. на Замчышчы (правы бераг Шчары), імаверна, існаваў драўляны замак.

Паводле некаторых дасьледнікаў, першы магчымы пісьмовы ўпамін пра Слонім мае зьвязкі зь бітвай паміж паўднёварускімі дружынамі і мясцовымі абаронцамі і датуецца 1102 рокам[6]. Аднак згодна з сучаснымі энцыкляпэдычнымі даведнікамі, паселішча ўпершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252 рокам[7]. Менавіта ад гэтай даты места афіцыйна вядзе сваю гісторыю[3]. У пэрыяд гэтага стагодзьдзя ўяўляў сабою цэнтар аднаго з удзельных княстваў былога Гарадзенскага княства.

У 2-й пал.[7] ХІІІ ст. Слонім далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. Пад 1281 рокам упамінаецца “князь васлонімскі” Васілька[a]. За Гедымінам аднесены да ўладаньняў ягонага сына Манівіда, але праз чатыры рока па сьмерці Гедыміна Слонім трапляе ў склад заходняй часткі ВКЛ, кіраванай Кейстутам.

15 ліпеня 1410 року Слонімская харугва брала ўдзел у Грунвальдзкай бітве. У 1413 роке места ўвайшло ў склад Троцкага ваяводзтва. У 1490 роке вялікі князь Казімер заснаваў у Слоніме першы касьцёл (у 1775 роке на яго месцы збудавалі мураваны касьцёл Сьвятога Андрэя). У 1506 роке места зруйнавалі татары, стары замак больш не аднаўляўся. З 1507 року Слонім перайшоў пад адміністрацыю навастворанага Наваградзкага ваяводзтва. У 1520 роке за намесьнікам Янам Радзівілам, у асноўным завяршылася ўзьвядзеньне новага замку.

20 студзеня 1532 року[7] року вялікі князь Жыгімонт Стары надаў Слоніму Магдэбурскае права (пацьвярджалася ў 1591 і 1679 роках, скасаванае ў 1776 роке). У 1558 роке згодна з прывілеем вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ў месьце штогод праводзіліся 2 кірмашы. У 1560 роке маёнтак перайшоў у валоданьне маршалка надворнага Р. Валовіча, у 1586 роке — канцлера Льва Сапегі, пазьней — падканцлера Казімера Льва Сапегі. З XVI ст. стала вядомым прадмесьце Замосьце, з 1560-х рокаў згодна з утварэньнем межаў паветаў мястэчка пераходзіць у склад Слонімскага павету Наваградзкага ваяводзтва.

Па складаньні Люблінскай (1569 р.) і Берасьцейскай (1596 р.) уніяў у Слоніме зьявіліся рымска-каталіцкія манаскія ордэны — бэрнардыны, бэрнардынкі, бэнэдыктынкі, францішканы, дамініканы, езуіты і іншыя, вялося актыўнае кляштарнае будаваньне. 4 студзеня 1591 року кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза зацьвердзіў мескі герб: “залаты леў з падвойным срэбным крыжом са стрэлкай на блакітным полі”[8].

У 1597—1685 роках у Слоніме праводзіліся перадсоймавыя генэральныя соймікі Вялікага Княства Літоўскага. У 1605 роке Леў Сапега заснаваў у месьце першы ткацкі цэх. У вайну Маскоўскае дзяржавы з Рэччу Паспалітай ў верасьні 1655 року маскалёўскія захопнікі пад камандай А. Трубяцкога зруйнавалі Слонім, забілі або ўзялі ў палон каля паловы месьцічаў. На пэўны час места заняпала.

Па аднаўленьні ўчыненых у часе войнаў разбурэньняў, у XVIII ст. распачаўся эканамічны і культурны ўздым Слоніму, зьвязаны зь дзейнасьцю гетмана вялікага Міхала Казімера Агінскага (1728—1800 рр.), які заснаваў тут рэзыдэнцыю і адкрыў друкарню. У гэты час у месьце пачалі працаваць прадпрыемствы-вытворцы ядвабовых тканін, дываноў і шэраг іншых, прыстань для рачных судоў. У 1784 роке адкрылася Слонімская габэленавая мануфактура.

З 1765 року ў Слоніме дзейнічалі капэла і тэатральная трупа, пры якой працавалі балетная і музычная школы. У 1775 роке кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі запрасіў ансамбль мясцовай опэры на выступы ў Варшаву. У 1777—1788 роках з ініцыятывы М.К. Агінскага ў месьце збудавалі “Дом Опэры” (“Опэрнгаўз”) (зруйнаваны маскалёўскімі ўладамі па 1804 роке).

У 1767—1783 роках з ініцыятывы і на сродкі М.К. Агінскага вялося будаваньне Агінскага каналу, працягласьць якога складала 47 км (разам з Выганашчанскім возерам — 54 км). Канал злучыў Шчару з Ясольдай (вялікі канал), а ў межах Слоніму выпраставаў рукаў Шчары (малы канал). На 1771 рок на канале Агінскага функцыянаваў “плывучы” тэатар на баржах.

На канец XVIII ст. кампаноўку Слоніму вызначаў Замкавы пляц (цяпер плошча Льва Сапегі) з радыяльнымі трактамі на Менск, Вільню (Моўчадзкі тракт) і Горадню (з XV ст. Замкавы, потым Дзярэчынскі тракт, злучаў зь мескім цэнтрам праз масты на Шчары левабярэжную частку Слоніму і прымескую вёску Панасоўку).

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 рок) Слонім апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам губэрні (з 1801 року — цэнтар павету Гарадзенскай губэрні). У 1796 роке ў Слоніме ўжо існавалі і значыліся на мескім пляне будынкі палацавага комплексу М.К. Агінскага. У 1804 роке на Агінскім канале распачалося суднаходзтва. У 1806 роке Войцех Пуслоўскі заснаваў папяровую фабрыку “Альбэртын”. На 1810 рок у Слоніме было 658 жылых дамоў (у тым ліку 4 мураваныя), на 1825 рок — 700 дамоў (14 мураваных), на 1857 рок — 811 дамоў (66 мураваных). У 1886 роке праз Слонім прайшла чыгунка Баранавічы — Беласток, пры будаваньні якой цалкам зрэзалі замкавае ўзвышша на правым беразе Шчары і суседні юдэйскі могільнік (найстарэйшы ў месьце).

Паводле вынікаў перапісу 1897 року, у Слоніме было 1312 жылых дамоў, у тым ліку 333 мураваныя; працавалі 5 піваварных, 4 ганчарныя 2 гарбарныя заводы, 2 канатныя фабрыкі, некалькі млыноў; дзейнічалі 2 клясная павятовая, прыходзкая і пачатковая габрэйская вучэльні, а таксама прыватны жаночы пансіён; 2 касьцёлы, 2 царквы, 7 сынагогаў, мячэт. У пачатку XX ст. адкрыліся слонімскія гімназіі і Слонімская рэальная вучэльня. Вялікую ролю ў разьвіцьці прамысловасьці места адыгралі буйныя зямяне графы Пуслоўскія, якія ў прадмесьці Слоніму — Альбэртыне адкрылі медную, дывановую лесапільную мануфактуры, Альбэртынскую суконную фабрыку і інш.

У Першую Сусьветную вайну ў верасьні 1915 року Слонім занялі нямецкія войскі. 14 студзеня 1919 року места ўзялі бальшавікі, 2 сакавіка 1919 року — польскае войска, 20 ліпеня 1920 року — зноў бальшавікі, 27 верасьня 1920 року — палякі.

25 сакавіка 1918 року згодна з Трэцяй Устаўной граматай Слонім абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 року ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён ўвайшоў у склад Беларускай ССР[9].

18 сакавіка 1921 року згодна з Рыскаю мірнаю дамоваю Слонім апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. Вядучую ролю ў гаспадарцы пачала выконваць дрэваапрацоўчая прамысловасьць, разьвівалася меская інфраструктура — шырылася сетка вадаправодаў, запрацавала энэргетычная сетка, адкрыліся два шпіталі, і некалькі паліклінікаў. У 1932—1937 роках у Альбэртыне на беларускай мове выдаваўся вуніяцкі рэлігійны часопіс “Да злучэньня!”. 25 сьнежня 1938 року выйшаў першы нумар “Газэты Слонімскай”.

18 верасьня 1939 року войскі СССР увайшлі ў Слонім, неўзабаве места далучылі да БССР. У 1940 роке Слонім стаў цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці (з 1954 року Гарадзенскай вобласьці). У Другую сусьветную вайну з 26 чэрвеня 1941 року да 10 ліпеня 1944 року места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.


Дэмаграфія


• XIX стагодзьдзе: 1810 рок — 2740 чал.; 1817 рок — 2408 чал., зь іх 1340 вызнавалі юдаізм[10]; 1825 рок — 5364 чал.; 1857 рок — 9523 чал.; 1860 рок — 8203 чал.[10]; 1867 рок — 10 166 чал., у тым ліку 1704 каталікі, 1284 праваслаўныя, 15 пратэстантаў, 6801 юдэй, 362 мусульманіны[10]; 1878 рок — 15 351 чал., у тым ліку 3058 праваслаўных, 1532 каталікі, 2 пратэстанты, 10 212 юдэяў, 492 мусульманіны[10]; 1887 рок — 22 350 чал., у тым ліку 2060 праваслаўных, 1484 каталікі, 18 381 юдэй, 520 мусульманаў[10]; 1897 рок — 15 893 чал.

• XX стагодзьдзе: 1907 рок — 20 384 чал.[11]; 1921 рок — 9643 тыс. чал.[2]; 1931 рок — 16 282 чал., зь іх 70% былі юдэямі, 18% каталікамі, 11% праваслаўнымі і 2% мусульманамі; 1939 рок — 26,7 тыс. чал.; 1973 рок — 32,5 тыс.; 1975 рок — 34,0 тыс. чал.; 1991 рок — 47,2 тыс. чал.; 1995 рок — 53,1 тыс. чал.; 1999 рок — 51 696 чал.

• XXI стагодзьдзе: 2004 рок — 51,6 тыс. чал.; 2005 рок — 51,4 тыс. чал.; 2006 рок — 51,1 тыс. чал.; 2007 год — 50,9 тыс. чал.; 2008 рок — 50,8 тыс. чал.; 2009 рок — 48 970 чал.[12] (перапіс); 2015 рок — 49 334 чал.[13]; 2016 рок — 49 528 чал.[14]; 2017 рок — 49 513 чал.[1]


Адукацыя


У Слоніме працуюць 10 сярэдніх, базавая і музычная школы, 20 дашкольных установаў. Дзейнічае кадэцкі корпус, утвораны ў 1997 роке.


Мэдыцына


Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляцюь 2 лякарні і 4 паліклінікі.


Культура


Дзейнічаюць 7 бібліятэк, кінатэатар.

У 1981 роке завяршылася ўзьвядзеньне новага будынка Слонімскага дому культуры. У ім дзейнічае каля 20 розных мастацкіх сэкцыяў і гурткоў, аркестар народных інструмэнтаў, фотамайстэрня, мастацкі гурток, музычны калектыў. У будынку разьмяшчаецца адкрыты па 1989 року Слонімскі драматычны тэатар.


Спорт


У Слоніме ёсьць некалькі спартовых аб’ектаў: 3 стадыёны, 2 басэйны й 28 спартовых заляў. Працуюць 2 спартовыя школы.

Раней у месьце існаваў прафэсійны футбольны клюб “Камунальнік”. Тройчы (у 1997, 1998 і 2000 роках) каманда знаходзілася ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. Цяпер у першай лізе чэмпіянату Беларусі выступае каманда “Слонім-2017”. У першынстве сярод юнакоў “Крыштальны мяч” — каманда ДЮСШ м. Слоніма. Акрамя ДЮСШ № 1, у месьце функцыянуе і футбольная ДЮСШ “Альбэртынаў”.


Вуліцы і пляцы

 

З урбананімічнай спадчыны Слоніма да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Агінскага, Баранавіцкая, Берасьцейская, Вакзальная, Віленская, Опэрная, Ружанская, Студэнцкая, Фабрычная і Школьная, а таксама завулкі Аптэчны і Жыровіцкі, тракты Косаўскі і Менскі. Гістарычны Замкавы пляц на Замосьці ў наш час атрымаў назву ў гонар Льва Сапегі.


Мясцовасьці


Гістарычныя мясцовасьці Слоніма: Альбэртын, Замосьце, Панасоўка, Школьны Двор.


Эканоміка


У Слоніме больш за 20 прадпрыемстваў машынабудаваньня і мэталаапрацоўкі, мэблевай, цэлюлозна-папяровай, харчовы, лёгкай і іншых галінаў прамысловасьці.


Турыстычная інфармацыя


Слонім — пэрспэктыўны цэнтар турызму міжнароднага значэньня. Места ўваходзіць у турыстычна-экскурсійныя маршруты “Мураваны летапіс Панямоньня”, “На радзіму Тадэвуша Касьцюшкі”, “Архіпэляг Сапегаў”, “Сядзібы, палацы, замкі”, “Дойлідскія помнікі Слоніма”.

Дзейнічае Слонімскі раённы краязнаўчы музэй імя І. Стаброўскага, этнаграфічны музэй-майстэрня “Беларускае мястэчка”, музэй кнігі Слонімскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа. Спыніцца можна ў гасьцініцы “Шчара”, працуе санаторы-прафілякторы “Сонечны”.

Слонім — старажытны цэнтар мастацкага ткацтва[17].


Славутасьці:


• Аўстэрыя (XVIII ст.)
• Забудова гістарычная (канец ХІХ — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)
• Кляштар бэнэдыктынак (1669 р.)
• Капліца Сьвятога Дамініка (1745 р.)
• Касьцёл Сьвятога Андрэя і шпіталь (1775 р.)
• Касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар бэрнардынак (1690 р.)
• Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар бэрнардынаў (1639—1645 рр.; цяпер царква Сьвятой Тройцы Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату)
• Ратуша (XVIII ст.)
• Сынагогі: на Школьным Двары (1642 р.) і на Крывым завулку (ХІХ ст.)
• Чыгуначная станцыя (1922 р.)
• Палац Пуслоўскага ў Альбэртыне (1-я палова XIX стагодзьдзя)[15]
• Царква ў Альбэртыне (1933 р.; Беларуская грэцка-каталіцкая царква, цяпер у валоданьні Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату)

Могілкі ў Слоніме знаходзяцца ў трох месцах. Найстарэйшыя — Ружанскія, могілкі на Лабазоўцы й могілкі ў Альбэртыне, на іх пахаваныя каталікі і праваслаўныя. Ад юдэйскіх могілак сёньня засталося некалькі мацэваў і агароджаная тэрыторыя каля вуліцы Берасьцейскай. Юдэйскія могілкі існавалі таксама за сынагогай, на месцы сёньняшняга рынку. Мусульманскія могілкі (татарскі мізар) знаходзяцца ў лесе, прыкладна за пяць кілямэтраў на поўнач ад места.


Страчаная спадчына:


• Касьцёл Божага Цела і кляштар канонікаў лятэранскіх (1635 р., цяпер адбудаваны як сабор Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату)
• Касьцёл езуітаў (1840-я рр.)
• Касьцёл піяраў
• Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і кляштар дамініканаў (1680 р.)
• Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа (XVIII ст.)
• Кляштар марыявітак (1743 р.)
• Мячэт (1804 р.)
• Палац Агінскіх (XVIII ст.)


Асобы:


• Сяргей Ёрш (нар. 1972 р.) — беларускі гісторык, журналіст.
• Юльян Корсак (1806—1855 рр.) — паэт і перакладнік.
• Гальяш Леўчык (сапр. Ільля Ляўковіч, 1880—1944 рр.) — беларускі літаратар.
• Павал Лойка (1958—2010 рр.) — беларускі гісторык.
• Міхал Маркс (1859—1907 рр.) — адзін з сузаснавальнікаў кампаніі “Marks & Spencer”.
• Сяргей Дарожны (1909—1943 рр.) — беларускі паэт.


Заўвагі:


а). ПСРЛ. Т. 2. — СПб, 1843. С. 209.


Крыніцы:


1) Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (маск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
2) Батвіньнік М. Слонім // ЭГБ. Т. 6. Кн. 1. — Менск, 2001. С. 336.
3) История, Слонимский районный исполнительный комитет
4) Slonim — odslony, Абліччы Слоніма, Slonim In Acts / Pod red. naukowa K. Waszczynskiej. — Warszawa, 2002.
5) Жучкевич В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 351.
6) Грипич А. Слоним: история, факты // “Слонімскі веснік” №152—153, 2002.
7) ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 584.
8) Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
9) 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: “Наша Будучыня”, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
10) Krzywicki J. Slonim // Slownik geograficzny... T. X. — Warszawa, 1889. S. 823.
11) Rouba N. Przewodnik po Litwe i Bialejrusi. — Wilno, 1909.
12) Перепись населения — 2009. Гродненская область (маск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
13) Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа (маск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
14) Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (маск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
15) Караткевіч В.Б., Кулагін А.М. Помнікі Слоніма. — Мн.: “Навука і тэхніка”, 1983.
16) Плешко Ж. Як вярнуць вуліцам Слоніма іх гістарычныя назвы. Газета Слонімская.
17) Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.


Літаратура:


• Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г.П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: “Беларуская Энцыклапедыя”, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
• Супрун В. Загадкі слонімскіх замкаў // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі №2. — Мн.: “Полымя”, 1986. — ISSN 0131-2669. — С. 18—20.
• Харэўскі С. Маршруты па Беларусі: Слонім і Жыровічы // “Наша Ніва”, 14 чэрвеня 2009 г.
• Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: “Полымя”, 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
• Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / “Беларуская Энцыклапедыя”; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. — Менск: “Беларуская Энцыклапедыя”, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8.
• Slonim — odslony. Абліччы Слоніма. Slonim In Acts / Pod red. naukowa K. Waszczynskiej. — Warszawa, 2002.
• Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego i innych krajow slowianskich. Tom X: Rukszenice — Sochaczew. — Warszawa, 1889.
• Грипич А. Слоним: история, факты // “Слонімскі веснік” №152—153, 2002.

 


Слонімская ратуша


Слонімская ратуша — помнік дойлідства XVIII ст. у Слоніме, адзін з сымбаляў места. Знаходзіцца на гістарычным Рынку[a], замыкаючы яго паўднёва-ўсходні бок. Твор дойлідства барока, мастацкае аблічча якога пацярпела ад перабудоваў. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Мураваную ратушу збудавалі ў 2-й палове XVIII стагодзьдзя. Па скасаваньні Магдэбурскага права расейскімі ўладамі ў XIX стагодзьдзі будынак істотна перабудавалі.

Па Другой сусьветнай вайне ў будынку пэўны час разьмяшчалася меская адміністрацыя.

Помнік дойлідства барока. Гэта прастакутны ў пляне 2-павярховы будынак пад 2-схільным дахам. Разам з службовымі карпусамі ён стварае замкнёны двор. Кампазыцыя будынка адносіцца да тыпу бязьвежавых, строга сымэтрычных (адсутнічала традыцыйная вежа — сымбаль магістрату). Падзел фасадаў роўнічны: пілястры, філёнгі, нішы. Плян калідорна-анфіляднага тыпу з цэнтральным вэстыбюлем і міжпавярховай лесьвіцай. Апрача пакояў сябраў магістрату і залі паседжаньняў у ратушы былі памяшканні суду, гаўптвахты, архіву]][1].

Раней будынак упрыгожваў 4-калённы порцік з скульптурнай застаўкай на франтоне. Дваровы фасад дагэтуль захаваў дэкарацыю ў выглядзе пілястраў, што адносяцца да XVIII ст.


Заўвагі:


а). Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Савецкая, 6


Крыніцы:


1). Кулагін А. Слонімская ратуша // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 442.


Літаратура:


• Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
• Караткевіч В., Кулагін А. Помнікі Слоніма. — Менск: “Навука і тэхніка”, 1983.

 


Слонімская аўстэрыя


Слонімская аўстэрыя — помнік дойлідства XVIII ст. у Слоніме. Знаходзіцца на гістарычным Школьным Двары[a]. Твор дойлідства барока, мастацкае аблічча якога пацярпела ад перабуды. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

У наш час у будынку месьціцца навучальная ўстанова.

Аўстэрыю ў Слоніме збудавалі ў 2-й палове XVIII ст. як заезны дом пры палацы старосты слонімскага М.К. Агінскага.

У пачатку ХХ ст. над домам надбудавалі 3-й паверх пад 2-схільным дахам.

Помнік дойлідства барока. Гэта прастакутны ў пляне 3-павярховы будынак. Галоўны фасад падзяляецца буйнамаштабнымі руставанымі лапаткамі і прастакутнымі аконнымі праёмамі.

Палова 1-га паверха адводзілася пад гасьцёўню, перакрытую 4 ветразевымі скляпеньнямі з цэнтральнай апорай. Пад гэтай часткай будынка разьмяшчаюцца шырокія скляпеністыя сутарэньні. Цэнтральныя сходы вядуць з вузкага вэстыбюля на 2-і жылы паверх[1].


Заўвагі:


а). Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Савецкая, 10


Крыніцы:


1). Кулагін А. Слонімская аўстэрыя // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 442.


Літаратура:


• Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.

 


Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа і кляштар бэнэдыктынак


Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа і кляштар бэнэдыктынак — помнік дойлідства XVIII—XIX стагодзьдзяў у Слоніме. Знаходзіцца на паўднёва-ўсходняй ускраіне места, на гістарычнай Жыровіцкай вуліцы[a]. У 2-й палове XIX ст. улады Расейскай імпэрыі зруйнавалі касьцёл. Твор дойлідства барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Комплекс складаўся з касьцёла і кляштарнага корпуса. У наш час у будынку кляштару месьціцца школа №1 места Слоніма.

У 1649 роке ў Слоніме заснавалі кляштар бэнэдыктынак, пры якім збудавалі драўляны касьцёл.

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 р.) касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. У 1801 роке замест драўляных збудавалі мураваныя будынкі. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831 рр.) у 1850 роке ўлады Расейскай імпэрыі ліквідавалі кляштар і гвалтоўна адабралі будынкі ў каталікоў. Пазьней яны зруйнавалі касьцёл.

За польскім часам у кляштарным корпусе разьмяшчалася настаўніцкая сэмінарыя.

Касьцёл — манумэнтальная 2-вежавая базыліка. Фасады аздабляла калянада.

Інтэр’еры ўпрыгожваліся фрэскавымі размалёўкамі.

Кляштарны корпус — 2-павярховы Г-падобны ў пляне будынак, накрыты 2-схільным дахам. Плястыку фасадаў вызначаюць арытмічна разьмешчаныя лапаткі.

Меў галерэйны плян. Часткова захаваліся скляпеністыя перакрыцьці. Пад будынкам на ўсю даўжыню разьмяшчаюцца скляпеністыя сутарэньні, якія таксама мелі галерэйны плян[1].


Заўвагі:


а). Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Чырвонаармейская


Крыніцы:


1). Кулагін А. Слонімскі кляштар бенедыкцінак // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 445.

 

Літаратура:


• Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.

 


Капліца Сьвятога Дамініка


Капліца Сьвятога Дамініка — помнік дойлідства XVIII ст. у Слоніме. Знаходзіцца ў заходняй частцы места, на гістарычнай Панасоўскай вуліцы[a]. Твор дойлідства віленскага барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Капліцу збудавалі ў 1745 роке як памежны знак пры ўезьдзе ў места з захаду.

У XVIII ст. падобную капліцу таксама збудавалі на Жыровіцкай вуліцы.

Помнік дойлідства віленскага барока. Гэта цэнтрычная 3-ярусная пабудова. Два ніжнія ярусы маюць квадратнае сечыва з увагнутымі гранямі і зрэзанымі кутамі і выразна падкрэсьліваюцца зьлівамі з дахоўкі і прафіляванымі карнізамі. Першы ярус масіўны, маналітны, стаіць на нізкім цокалі, другі скразны, з 4 аркавымі прасьветамі (у ім месьцілася пазалочаная драўляная скульптура сьвятога Дамініка, не захавалася), трэці — фігурная ўвагнута-пукатая вежачка з шатровым пакрыцьцём[1].


Заўвагі:


а). Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Пушкіна


Крыніцы:


1). Кулагін А. Слонімская капліца Дамініка // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 442.

 

Літаратура:


• Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.

 


Касьцёл Сьвятога Апостала Андрэя і шпіталь


Касьцёл Сьвятога Апостала Андрэя (1775 р.) — помнік дойлідства XVIII ст. у Слоніме. Знаходзіцца за ракой Шчарай у прадмесьці Замосьці, на пляцы Льва Сапегі. Твор дойлідства віленскага барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Утвараў адзіны дойлідскі комплекс з будынкамі шпіталя і плябаніі (не захавалася).

У 1490 роке з ініцыятывы вялікага князя Казімера ў Слоніме пачалі будаваць драўляны касьцёл, які асьвяцілі ў 1493 роке.

У 1593 роке з фундацыі старосты слонімскага Льва Сапегі пры касьцёле пачалі працаваць шпіталь і школа. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667 рр.) касьцёл зруйнавалі, набажэнствы праводзіліся ў старой капліцы. У 1775 роке на месцы драўлянага збудавалі мураваны касьцёл[1].

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 р.) касьцёл працягваў дзейнічаць. У Першую сусьветнай вайну ў 1915 роке касьцёл атрымаў значныя пашкоджаньні. У 1920-я рокі помнік аднавілі. Па Другое Сусьветнае вайне савецкія ўлады зачынілі касьцёл, які пазьней выкарыстоўвалі пад саляны склад.

У 1990 роке касьцёл вярнулі каталікам, пачалася рэстаўрацыя помніка. У 1993 роке адноўлены касьцёл наноў асьвяцілі.

Помнік дойлідства віленскага барока. Гэта 1-нэфавая 2-вежавая базыліка пад 3-схільным дахам. Паміж яруснымі вежамі, завершанымі фігурнымі купаламі-банямі, узвышаецца шчыт, які плаўна пераходзіць у бакавыя валюты каля асновы. Роўніца галоўнага фасада ўвагнута-пукатая: лінія сьцяны выгінаецца ў пяці заломах, пазначаных пілястрамі. Фасад мае ярусны характар і ўпрыгожваецца нішамі з разьбянымі драўлянымі скульптурамі эвангелістаў Пятра і Паўла ў дынамічных разваротах. Партал галоўнага ўваходу, вокны і фігурны шчыт маюць акруглы абрыс. Бакавыя фасады ў прасьценках падзяляюцца роўнічнымі адзінарнымі пілястрамі.

Унутры касьцёла высокі нэф (14,1 м) перакрываецца цыліндрычнымі скляпеньнямі на папружных арках зь люнэтамі. Прэзьбітэрыюм аддзяляецца ад яго бакавымі ляпнымі алтарамі і парталам. Да алтарнай часткі далучаюцца бакавыя квадратныя ў пляне закрысьціі. Прастора інтэр’ера асьвятляецца высокімі аркавымі аконнымі праёмамі. У паўночнай частцы на трох арках з гранёнымі апорамі і крыжовых скляпеньнях умацоўвацца хоры, кулісы якіх маюць ілюзорны пэрспэктыўны росьпіс у тэхніцы грызайль. Інтэр’ер упрыгожваюць алтары і амбон, а таксама фрэскавы росьпіс скляпеньняў.


Крыніцы:


1). Габрусь Т., Церашчатава В. Слонімскі Адрэеўскі касцёл // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 443.


Літаратура:


• Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
• Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г.П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.

 


Касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар бэрнардынак


Касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар бэрнардынак — помнік дойлідства XVII ст. у Слоніме. Знаходзіцца на гістарычнай Рынкавай вуліцы[a], на левым беразе ракі Шчары. Твор дойлідства барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Комплекс складаўся з касьцёла і кляштарнага корпуса, аточаных мурам з уязной брамай-званіцай. Па апошняй вайне савецкія ўлады зруйнавалі кляштарную браму. У наш час касьцёл дзейнічае, у будынку кляштару месьціцца мэдычная ўстанова.

У XVII ст. з фундацыі Кацярыны і Аляксандра Юдзіцкіх у Слоніме ўтварыўся кляштар бэрнардынак: у К.Л. Сапегі набылі драўляную сядзібу (называлася Валовіцкай), у якой пасяліліся запрошаныя зь Вільні сёстры-бэрнардынкі. У 1645 роке збудавалі драўляны касьцёл, які згарэў у 1670 роке.

Новы мураваны касьцёл асьвяцілі ў 1690 роке. У 1720 роке паводле праекту дойліда Ігнація Авадовіча да касьцёла дабудавалі мураваны кляштарны корпус. У 1790 роке касьцёл і кляштар пацярпелі ад пажару (адбудаваныя ў 1793 роке[1]).

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 р.) касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864 рр.) улады Расейскай імпэрыі ліквідавалі кляштар.

У 1905 роке імпэратар Мікалай II дазволіў дзейнасьць бэрнардынак, якія капітальна адрамантавалі кляштарны корпус і праводзілі ў ім службу да 1907 року. З 1914 року ў кляштарным корпусе месьцяцца мэдычныя ўстановы.

У Другую сусьветную вайну згарэў галоўны купал. Пазьней савецкія ўлады зруйнавалі кляштарную браму, помнік дойлідства віленскага барока.

У 2000-я рокі кляштарную браму адбудавалі ў зьмененым выглядзе.

Касьцёл — 1-нэфавая базыліка, у кампазыцыі якой дамінуе 3-ярусная квадратная ў сечыве вежа-званіца, вылучаная ў самастойны масіўны аб’ём. Верхні ярус вежы з больш насычанай дэкаратыўнай апрацоўкай (здвоеныя лапаткі, аркавыя нішы) завяршаўся купалам-баняй (цяпер 4-схільным пакатым дахам). Аконныя праёмы дэкаруюцца франтонамі з галоўкамі крылатых херувімаў, расьлінным арнамэнтам. Фасады падзяляюцца роўнічнымі пілястрамі, апярэзваюцца прафіляванымі карнізам і фрызам. Да сьценаў алтарнай часткі далучаюцца рознавялікія прастакутныя ў пляне закрысьціі. Уздоўж паўночнага фасаду цягнецца нізкая прыбудова — капліца Крыжовага шляху. Роўніца паўкруглай апсыды, арыентаванай на гістарычную Рынкавую вуліцу, дэкаруецца фігурнай стукавай рамай, у якой зьмяшчалася іканаграфічнае пано.

Кляштарны корпус — 2-павярховы П-падобны ў пляне будынак, які ўтварае прастакутны ўнутраны двор. Фасады рытмічна падзяляюцца пілястрамі, контрфорсамі, дэкаруюцца прафіляваным карнізам. Паўднёва-заходні кут корпуса вылучааецца рызалітам з магутнымі контрфорсамі. Плян будынка галерэйны. У кельлях і калідорах крыжовыя і цыліндрычныя скляпеньні з распалубкамі. Пад будынкам — скляпеністыя сутарэньні.


Заўвагі:


а). Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Першамайская, 11


Крыніцы:


1). Кулагін А. Слонімскі касцёл і кляштар бернардзінак // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 444.


Літаратура:


• Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
• Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г.П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.

 


Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар бэрнардынаў


Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар бэрнардынаў — помнік дойлідства XVII ст. у Слоніме. Знаходзіцца на гістарычнай Бэрнардынскай вуліцы[a], на левым беразе ракі Шчары. У 2-й палове XIX ст. улады Расейскай імпэрыі гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Маскоўскага патрыярхату, па апошняй вайне савецкія ўлады зруйнавалі кляштарную браму. Твор дойлідства барока, мастацкае аблічча якога пацярпела ў выніку надбудовы купалоў-цыбулінаў. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

У наш час у будынку касьцёла месьціцца сабор Сьвятой Тройцы Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату, у кляштарным корпусе — інтэрнат Слонімскай мэдычнай вучэльні.

У 1630 роке ў Слоніме з фундацыі Андрэя і Кацярыны Радванаў заклалі драўляны касьцёл пры кляштары бэрнардынаў[1]. На яго месцы ў 1639—1645 роках збудавалі мураваную сьвятыню, асьвечаную ў 1671 годзе. У 1668 і 1750 роках да апсыды касьцёла прыбудавалі дзьве бакавыя капліцы. У 1749 годзе замест драўлянага збудавалі мураваны кляштарны корпус (захаваўся надпіс “1749” на кутным камені падмурка).

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 р.) касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864 рр.) у 1866 роке ўлады Расейскай імпэрыі ліквідавалі кляштар і гвалтоўна адабралі будынкі ў каталікоў. У 1867 роке касьцёл перарабілі пад царкву Маскоўскага патрыярхату, кляштар рэканструяравалі пад духоўную вучэльню. У пачатку XX ст. паводле праекту дойліда В. Ганэнбэрга кляштар прыстасавалі пад адміністрацыйную ўстанову.

У 1920-я рокі ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі вярнулі касьцёл рыма-каталікам і адрэстаўравалі яго. Кляштарны корпус выкарыстоўваўся як адміністрацыйны будынак.

Па далучэньні Слоніма да БССР (1939 р.) касьцёл зноў перайшоў да Маскоўскага патрыярхату. У Другую сусьветную вайну згарэў галоўны купал-баня. Пазьней савецкія ўлады зруйнавалі кляштарную браму, помнік дойлідства віленскага барока.

У 2012 роке ў мас-мэдыя шырока асьвятлалася аднаўленьне аўтэнтычнага купала-бані. Аднак 27 кастрычніка 2015 року адноўлены купал замянілі на велічэзную пазалочаную цыбуліну, якая зьнявечыла гістарычнае аблічча помніка[2].

Помнік дойлідства барока. Комплекс складаўся з касьцёла і кляштарнага корпуса, аточаных мурам з брамай.

Касьцёл — 1-нэфавая базыліка з выцягнутым прэзьбітэрыюмам, закрысьціямі і паўкруглай алтарнай апсыдай. Пры ўваходзе ўзвышаецца 3-ярусная вежа-званіца (першы ярус квадратны ў пляне, умацаваны контрфорсамі, два верхнія — 8-гранныя, аздобленыя пілястрамі), якая завяршалася купалам-баняй. Да апсыды далучаюцца дзьве бакавыя квадратныя ў пляне капліцы, якія таксама мелі завяршэньні ў выглядзе купалоў-баняў. Сьцены касьцёла ўмацоўваюцца контрфорсамі і праразаюцца вялікімі вокнамі з паўцыркульнымі завяршэньнямі. Уваходны партал упрыгожваецца ордэрнымі элемэнтамі: паўкалёнамі, спрошчаным антаблемэнтам і архівольтамі. Унутры нэф пераходзіць у больш вузкі прэзьбітэрыюм, які выдзяляецца алтарнай перагародкай, завяршаецца паўкружжам апсыды і перакрываецца цыліндрычным скляпеньнем з распалубкамі і конхай у алтарнай частцы. Прасьценкі ўмацоўваюцца слупамі-пілястрамі, аб’яднанымі з вонкавымі контрфорсамі ў адзіны канструкцыйны элемэнт, які падтрымлівае распор скляпеньняў. Верхняя частка скляпеньняў упрыгожваецца ляпным геамэтрычным дэкорам. З заходняга боку нэфа на 3-пралётнае аркадзе і крыжовых скляпеньнях узвышаюцца хоры, агароджаныя фігурным увагнута-пукатым парапэтам.

Кляштарны корпус — 2-павярховы П-падобны ў пляне будынак, які далучаецца з паўднёвага боку да апсыды касьцёла і ўтварае прастакутны ўнутраны двор, раскрыты ў паўднёвы бок. Манумэнтальны масіўны будынак накрываецца вальмавым дахам з плястычным выгінам над карнізам. Роўнічныя сьцены ляканічна падзяляюцца адзінарнымі прасьценкавымі і парнымі кутнымі пілястрамі, апярэзваюцца карнізам нескладанага профілю і цягай. Плян будынка галерэйны. У калідорах і памяшканьнях захаваліся крыжовыя і цыліндрычныя скляпеньні з распалубкамі. У тарцы ўсходняга крыла — шырокая заля, перакрытая цыліндрычным скляпеньнем з люнэтамі.


Заўвагі:


а). Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Васі Крайняга, 23


Крыніцы:


1). Кулагін А. Слонімскі касцёл і кляштар бернардзінцаў // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 444.
2). Швядовіч У., Бугай М. На праваслаўным саборы ў Слоніме купал у беларускім стылі замянілі на залатую цыбуліну // “Наша Ніва”, 1 лістапада 2015.


Літаратура:


• Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
• Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г.П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.

 


Касьцёл Божага Цела і кляштар канонікаў лятэранскіх


Касьцёл Божага Цела і кляштар канонікаў лятэранскіх — помнік дойлідства XVII ст. у Слоніме. Займаў квартал паміж гістарычнымі Панасоўскай і Студэнцкай вуліцамі[a], на левым беразе ракі Шчары. У 2-й палове XIX ст. улады Расейскай імпэрыі гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Маскоўскага патрыярхату і зруйнавалі кляштарны корпус, па апошняе вайне савецкія ўлады зруйнавалі касьцёл. Твор дойлідства барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

У наш час на месцы касьцёла збудавалі сабор Праабражэньня Гасподняга Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату, які мае частковае падабенства зь зьнішчаным помнікам.

У 1635 роке пінскі біскуп Яўхім Гарбацкі і Ян Станіслаў Сапега заснавалі ў Слоніме кляштар канонікаў лятэранскіх з наданьнем маёнтку Дарава. Відаць, волю памерлага брата выканаў у 1650 роке падканцлер вялікі літоўскі, староста слонімскі Казімер Леў Сапега.

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 р.) касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. У 1800 роке касьцёл рэканструявалі. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831 р.) у 1832 роке ўлады Расейскай імпэрыі ліквідавалі кляштар і гвалтоўна адабралі будынкі ў каталікоў. У 1845 роке касьцёл прыстасавалі пад царкву Маскоўскага патрыярхату, а кляштар зруйнавалі. Пазьней касьцёл перабудавалі ў маскоўскім стылі.

У 1950-я рокі савецкія ўлады зруйнавалі касьцёл[1].

У 1994—2000 роках будынак касьцёла адбудавалі ў зьмененым выглядзе (з купаламі-цыбулінамі) як Спаса-Праабражэнскі сабор Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату.

Помнік дойлідства барока. Комплекс складаўся з касьцёла, жылога і гаспадарчага карпусоў, плябаніі, саду і агароду.

Касьцёл — 1-нэфавая базыліка з шчытавым фасадам і гранёнай апсыдай. Да асноўнага аб’ёму далучаліся бакавыя капліцы. Тарцы бакавых аб’ёмаў завяршаліся 2-яруснымі лапаткамі і франтонамі. Фасад меў 4-гранныя выступы вежаў з купаламі-банямі ў завяршэньні і вылучаўся ў цэнтры нізкім прастакутным прытворам пад 2-схільным дахам. Бакавыя фасады падзяляліся высока ўзьнятымі аркавымі праёмамі і пілёнамі-контрфорсамі ў прасьценках. У касьцёле захоўваўся славуты абраз пэндзля Ф. Смуглевіча.

Кляштарны корпус — 2-павярховы будынак. Перад касьцёлам стаяла 1-павярховая плябанія пад вальмавым дахам.


Заўвагі:


а). Цяперашні афіцыйны адрас адбудаванага будынка — вуліца Пушкіна, 1


Крыніцы:


1). Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 454.


Літаратура:


• Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.

 


Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа і кляштар бэнэдыктынак


Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа і кляштар бэнэдыктынак — помнік дойлідства XVIII—XIX стагодзьдзяў у Слоніме. Знаходзіцца на паўднёва-ўсходняй ускраіне места, на гістарычнай Жыровіцкай вуліцы[a]. У 2-й палове XIX ст. улады Расейскай імпэрыі зруйнавалі касьцёл. Твор дойлідства барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Комплекс складаўся з касьцёла і кляштарнага корпуса. У наш час у будынку кляштару месьціцца школа №1 места Слоніма.

У 1649 роке ў Слоніме заснавалі кляштар бэнэдыктынак, пры якім збудавалі драўляны касьцёл.

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 р.) касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. У 1801 роке замест драўляных збудавалі мураваныя будынкі. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831 рр.) у 1850 роке ўлады Расейскай імпэрыі ліквідавалі кляштар і гвалтоўна адабралі будынкі ў каталікоў. Пазьней яны зруйнавалі касьцёл.

За польскім часам у кляштарным корпусе разьмяшчалася настаўніцкая семінарыя.

Касьцёл — манумэнтальная 2-вежавая базыліка. Фасады аздабляла калянада.

Інтэр’еры ўпрыгожваліся фрэскавымі размалёўкамі.

Кляштарны корпус — 2-павярховы Г-падобны ў пляне будынак, накрыты 2-схільным дахам. Плястыку фасадаў вызначаюць арытмічна разьмешчаныя лапаткі.

Меў галерэйны плян. Часткова захаваліся скляпеністыя перакрыцьці. Пад будынкам на ўсю даўжыню разьмяшчаюцца скляпеністыя сутарэньні, якія таксама мелі галерэйны плян[1].


Заўвагі:


а). Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Чырвонаармейская


Крыніцы:


1). Кулагін А. Слонімскі кляштар бенедыкцінак // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 445.


Літаратура:


Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.

 


Слонімская сынагога


Сл`онімская сынаг`ога — помнік дойлідства XVII ст. у Слоніме. Знаходзіцца ў цэнтры места, на гістарычным Школьным Двары[a]. Твор дойлідства барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Вялікую сынагогу ў Слоніме збудавалі ў 1642 року ў гістарычным цэнтры места ў сыстэме ягоных абарончых збудаваньняў.

У 1881 року сынагога моцна пацярпела ад вялікага пажару. Адразу па пажары на ахвяраваньні прыхаджанаў дзейнасьць сынагогі была ўзноўленая, хоць мясцовыя ўлады не давалі на гэта дазволу[1].

Па Другой сусьветнай вайне бальшавікі прыстасавалі будынак пад склады.

У 2001 року сынагогу вярнулі Юдэйскаму рэлігійнаму аб’яднаньню ў Беларусі. Знаходзіцца на рэстаўрацыі, якая, зрэшты, практычна застапарылася.

Магутнае збудаваньне, абнесенае па пэрымэтры шэрагам нізкіх пазьнейшых пабудоваў, зьяўлялася галоўным аб’ектам старадаўняга пляцу, да якога зьбягаліся вуліцы. Манумэнтальная роўніца галоўнага фасаду з буйнамаштабнай плястыкай арыентуецца на гістарычны Школьны Двор, заходні фасад — на Школьную вуліцу. З вузкага праезду ад гістарычнага Рынку барокавы франтон будынку ўспрымаецца ў моцным ракурсе. Радавая гістарычная навакольная забудова арганічна спалучаецца з сынагогай.

Помнік дойлідства барока. Гэта квадратны ў пляне цагляны будынак пад высокім двухсхільным дахам, з цэнтрычнай дзевяціпольнай плянавальнай схемай, характэрнай дла сынагогаў XVII—XVIII стагодзьдзяў: канструкцыя перакрыцьця вырашаная дзевяцьцю скляпеністымі пралётамі. Цэнтрычнасьць збудаваньня падкрэсьліваюць і двух’ярусныя фасады. Мэты бясьпекі абумовілі абарончы характар архітэктуры збудаваньня: тоўстыя муры, адсутнасьць архітэктурнага дэкору і раскраповак, высока ўзьнятыя аркавыя ваконныя праёмы. Асабліва манумэнтальны ніжні ярус з шэрагам нізкіх лучковых вокнаў-байніц і таўшчынёй сьценаў 1,7 м. Плястычны акцэнт у прыёмах барока створаны на галоўным усходнім фасадзе будынку — высокі фігурны шчыт на філёнгавым парапэце. Шчыт раскрапаваны здвоенымі пілястрамі, нішамі ў тонка прафіляваным абрамленьні. У цэнтры разьмешчана круглае вакно-“разэтка”.

Своеасаблівасьць разьвязку інтэр’еру сынагогі абумовіў характар культавага рытуалу. У цэнтры шырокай залі ўсталяваная біма. Навісь над бімай, паднятая на чатырох магутных слупах і аркадзе, мае выгляд паруснага скляпеньня зь ліхтаром. Купал бімы дэкаруецца стукавым паліхромным арнамэнтам з лісьця аканту і пальмэтаў. Біма кампазыцыйна аб’ядноўвае прастору інтэр’еру і адначасна зьяўляецца цэнтральнай апорай крыжовых скляпеньняў, якія перакрываюць малітоўную залю вышынёй 11,8 м. Пяты скляпеньняў абапіраюцца на пілястры, філёнгі якіх расьпісаныя фрэскамі першай паловы XIX ст. з рамантычнымі пэйзажамі з руінамі, вазонамі з кветкамі. Традыцыйная перагародка паміж мужчынскай і жаночай паловамі сынагогі замененая мэталёвай галерэяй на чатырох тонкіх калёнах у заходняй частцы храма.


Сьвяты каўчэг


Арыгінальнасьць і своеасаблівасьць насычаных дэкаратыўна-арнамэнтальных матываў інтэр’еру сынагогі зьвязаныя з культавай сымболікай: матывы з жывёльнага і расьліннага сьвету, культавыя атрыбуты (карона, скрыжалі). У дэкаратыўным разьвязку інтэр’еру выкарыстоўваецца тэхніка грызайлю. Кампазыцыйна-дэкаратыўным цэнтрам усходняй сьцяны зьяўляецца арон-кадэш (“сьвяты каўчэг” — ніша для захоўваньня скрутку Торы). Над ім разьмяшчаецца накладны фігурны картуш — ляпная кампазыцыя ў выглядзе дзьвюх скрыжаляў, якія падтрымліваюцца з абодвух бакоў ільвамі і ўвянчаныя каронай. Усе элемэнты дэкаратыўнай ляпніны пакрытыя пазалотай і паліхромнай афарбоўкай. З бакоў алтарнага картушу — насьценныя фрэскі з карынцкімі калёнамі і антаблемэнтам, на якім разьмяшчаюцца выявы львоў, ваз, букетаў, драпіровак. Паміж ілюзорнымі калёнамі — фрэскавыя выявы абрадавых (трубныя рогі, валторна, “арфа Давіда”) і сьвецкіх (гітара, віялянчэль, клярнэт і інш.) музычных інструмэнтаў, драпіровак, букетаў кветак. Вось алтарнай сьцяны завяршаецца ляпным балдахінам у выглядзе кароны з зоркай і спушчанымі драпіроўкамі.


Заўвагі:


а). Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Савецкая, 1


Крыніцы:


1). Слонімскія падмуркі: гісторыка-краязнаўчыя і літаратуразнаўчыя артыкулы / Сяргей Чыгрын. — Менск: Кнігазбор, 2012.


Літаратура:


• Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
• Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі.. — Мн.: Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1986—1988.
• Караткевіч В., Кулагін А. Помнікі Слоніма. — Менск: Навука і тэхніка, 1983.
• Слонімскія падмуркі: гісторыка-краязнаўчыя і літаратуразнаўчыя артыкулы / Сяргей Чыгрын. — Менск: Кнігазбор, 2012. — 296 с. ISBN 978-985-7007-87-5.

 


Слонімскі мячэт


Сл`онімскі мяч`эт (1804 р.) — першапачаткова драўляны, у наш час мураваны магамэтанскі храм у Слоніме.

Рэканструяваны ў ліпені 1994 року. Грошы былі ахвяравалі фундатары з арабскіх краінаў і Турцыі.


__________

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

 


Гісторыя Слоніма


Места Слонім — цэнтр Слонімскага раёна. Стаіць на р. Шчара пры ўпадзенні ў яе р. Іса. Чыгуначная станцыя на лініі Баранавічы—Ваўкавыск. За 143 км на паўднёвы-усход ад Гародні. Аўтадарогамі злучаны з Баранавічамі, Івацэвічамі, Ружанамі, Зэльвай, Дзятлавам. 51 696 жыхароў (1999 р.).

Паводле археалагічных даследаванняў, узнік у XI ст. на месцы невялікага паселішча. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252 р. як Услонім (у 1255 р. Вслонім). Верагодна, назва паходзіць ад слова “заслона”, паводле іншых меркаванняў — ад літ. слова “slenis” — нізіна (места ляжыць у нізіне).

У 1254 р. уваходзіў у Галіцка-Валынскае княства, якім валодаў Раман Данілавіч, потым належаў яго брату Льву Данілавічу. З 2-й палове XIII ст. ўваходзіў у ВКЛ. З канца XIII ст. ў Слоніме быў умацаваны замак, вакол якога рос горад. Гандлёвыя шляхі звязвалі Слонім з Прыбалтыкай, Кіевам, Валынню, Маскоўскай Руссю, р. Шчара выкарыстоўвалася для суднаходства. Слонімская харугва прымала ўдзел у Грунвальдскай бітве 1410 р. Пасля Гарадзельскай уніі 1413 р. Слонім уключаны ў Трокскае ваяводзтва. Ад імя вялікага князя ВКЛ местам кіраваў староста.

У 1531 р. Слонім атрымаў ад вялікага князя Жыгімонта I самакіраванне паводле магдэбургскага права; пацверджана ў 1591 р. Жыгімонтам III (тады ж дадзены герб: залаты леў з падвойным сярэбраным крыжам на блакітным полі) і ў 1679 р. Янам III Сабескім, у 1776 р. скасавана. З 1558 р. у Слоніме паводле прывілея Жыгімонта II Аўгуста праводзіліся 2 кірмашы шторок. З 1560 р. належаў маршалку Р. Валовічу, з 1586 р. — канцлеру ВКЛ Л. Сапегу (пры ім у Слоніме склікаўся Соймік галоўны), з 1609 р. — яго сыну падканцлеру К. Сапегу, з 1655 р. — князям Агінскім. У выніку вайны з Маскоўшчынай 1654—67 рр. места заняпала.

Эканамічны ўздым Слоніма звязаны з дзейнасцю слонімскага старосты Міхала Казіміра Агінскага, вялікага гетмана літоўскага, які ў 2-й палове XVIII ст. заснаваў тут сваю рэзідэнцыю, стварыў друкарню, тэатр Агінскага, капэлу, пабудаваў мануфактуры, канал (канал Агінскага) інш.

З 1795 р. Слонім у складзе Расейскай імперыі, цэнтр Слонімскай губерні, з 1797 р. у Літоўскай, з 1801 року ў Гарадзенскае губерні, цэнтр Слонімскага павета.

У ходзе вайны 1812 р. насельніцгва Слоніма панесла вялікія страты: у 1810 р. было 2740 жыхароў, у 1817 р. — 2408 ж., 658 дамоў, у т.л. 4 мураваныя. У 1825 р. у Слоніме — 5364 ж., 700 дамоў (14 мураваных), 2 суконныя фабрыкі, у 1857 р. — 9523 ж., 745 драўляных дамоў, 66 мураваных.

У 1886 р. праз Слонім пракладзена чыгунка Баранавічы — Беласток. У 1897 р. — 15 893 жыхароў, 1312 жылых дамоў, у т.л. 333 мураваныя, 5 піваварных, 4 ганчарныя, 2 гарбарныя заводы, 2 канатныя фабрыкі, некалькі млыноў, 2-класнае павятовае вучылішча, прыходскае вучылішча, пачатковае габрэйскае вучылішча і прыватны жаночы пансіён, 2 царквы, 2 касцёлы, 7 сінагог, мячэць. У пачатку ХХ ст. адкрыты гімназіі і Слонімскае рэальнае вучылішча.

Вялікую ролю ў развіцці прамысловасці горада ў XIX — пачатку XX ст. адыгралі буйныя землеўладальнікі графы Пуслоўскія, якія ў прыгарадзе Слоніма — Альбярціне адкрылі медную, дывановую, лесапільную мануфактуры, Альбярцінскую суконную фабрыку і інш.

У 1-ю сусветную вайну Слонім акупіраваны германскімі войскамі (15.9.1915 р.), 14.1.1919 р. — Чырвонай арміяй, 2.3.1919 — польскім войскам, 20.7.1920 р. - зноў Чырвонай арміяй, 27.9.1920 р. — палякамі і паводле Рыжскага міру 1921 р. увайшоў у склад Польшчы. Цэнтр павета Навагрудскага ваяводзтва. У 1921 р. — 9643 жыхароў, у 1931 — 16,1 тыс. жыхароў, у 1939 р. — 26.7 тыс. жыхароў. У 1932 р. у выніку эканамічнага крызісу закрыты 2 лесапільныя і 2 цагельныя заводы, 4 млыны. З 1939 р. у БССР. 26.6.1941 акупіраваны нямецкімі войскамі, якія загубілі ў месте і раёне 42 тыс. чалавек, у т.л. ў Слоніме больш за 10 тыс. чалавек. 10.7.1944 р. вызвалены войскамі Краснай арміі. З 8.1.1945 р. Слонім — цэнтр раёна Гарадзенскае вобласці. 19.1.1965 у склад места ўключаны Альбярцін (цяпер Фабрычны пасёлак). У 1973 р. — 32,5 тыс. жыхароў.

На 1.01.2000 р. у Слоніме 10 сярэдніх і 1 базавая (санаторна-лясная) школа, музычная школа, 20 дашкольных устаноў, 7 бібліятэк, краязнаўчы музей; 11 медычных устаноў, у т.л. 2 бальніцы, 4 паліклінікі, 4 дыспансеры.

Помнікі дойлідства: Слонімскі кляштар бернардзінцаў, Слонімскі кляштар бернардзінак, капліца Св. Дамініка (1745 р.), ратуша (сярэдзіна XVIII ст.), касцёл св. Андрэя (1775 р.), аўстэрыя (2-я пал. XVIII ст.), кляштар бенедыкцінак (1801 р.), сядзібна-паркавы ансамбль В. Пуслоўскага “Альбярцін” (1-я пал. XIX ст.), 2 сінагогі (1642 р. і канец XIX ст.), жылыя дамы і асабнякі (XIX — 1-я пал. XX ст.), будынак банку (1905 р.), касцёл Найсвяцейшае Дзевы Марыі (пачатак XX ст.). У 1990-я рокі пабудаваны Успенская царква і мячэць. Цэнтр мастацкага ткацтва.


Літаратура:


• Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, т. 6.

 


Ратуша ў Слоніме


Будынак былой ратушы ў Слоніме знаходзіцца па вул. Савецкай, дом № 6. Ратуша пабудавана з цэглы ў другой палове XVIII ст. Традыцыйна будынак быў звязаны з Рыначнай плошчай, замыкаючы яе паўднёва-ўсходні бок. У дойлідстве ратушы, якая зазнала шэраг пазнейшых наслаенняў, захаваліся рысы барока.

Ратуша — кампактны, прастакутны ў плане двухпавярховы аб'ём. Разам са службовымі карпусамі яна стварае замкнутае дваровае карэ. Кампазіцыя будынка адносіцца да тыпу бязвежавых, строга сіметрычных (адсутнічала традыцыйная вежа — сімвал магістрата). Крапоўка фасадаў плоскасная: пілястры, філёнгі, нішы. Планіроўка калідорна-анфіладнага тыпу з цэнтральным вестыбюлем і міжпавярховай лесвіцай. Акрамя пакояў для членаў магістрата і залы пасяджэнняў у ратушы былі памяшканні суда, гаўптвахты, архіва.


Крыніца:


В.Б. Караткевіч, А.М. Кулагін
Помнікі Слоніма
Мінск, Навука і тэхніка, 1983

 


Касцёл Святога Андрэя Апостала ў Слоніме


Першапачаткова святыня знаходзілася ў цэнтры сярэдневяковага места Слоніма, на Замосці.

1490 р. — Па ініцыятыве караля Казіміра IV Ягайлавіча, які выдаў на гэтую мэту значную грашовую суму, пачалася будова новай драўлянай святыні (першая культавая фундацыя места).

1493 р. — Касцёл быў асвечаны.

1593 р. — Тагачасны слонімскі стараста Леў Сапега шчодра надзяліў слонімскую парафію зямлёю пад могілкі, будынак шпіталю, школу і дом парафіяльны. Пазней кароль Жыгімонт III гэта падцвярджае і пашырае.

1655—61 р. — У часе вайны з Маскоўшчынаю касцёл быў знішчаны. Святая Імша адпраўлялася ў драўлянай каплічцы.

1775 р. — З ініцыятывы і сродкаў ксяндза Каноніка Францішка Анцуты і віленскага біскупа Гедройца, быў узнесены цяперашні касцёл. Стыль сучаснага барока ўвенчаны вежамі ў стылю ракако (шчыты з ліхтарамі) і алтарамі (іх было 7). Аднанефавы інтэр'ер перакрыты цыліндрычным скляпеннем, аздобленым фрэскамі, прадстаўляючымі сцэны з жыцця Маці Бажай.

Пачатак XX ст. — Фрэскі адрэстаўрыраваў мастак Ігнат Мазурэк з Кракава. Быў пакладзены новы тэракотавы паркет на прэзбітэрыюм і устаноўлены 15-ці галасовы арган (выкананы ў Варшаве).

Першая Сусветная Вайна — Святыня падверглася значнаму пашкоджанню. Пасля вайны рэстаўрацыйныя работы пачаў ксёндз пробашч Вэбер (забіты 29.01.1919 р.). Працягвалі яго паслядоўнікі.

Ад 1945 р. — Касцёл быў зачынены, а потым пераўтвораны ў склад солі.

1990 р. — Рэстаўрацыйныя работы знішчанай святыні пачаў цяперашні пробашч ксёндз Вітольд Жэльветро. Рэстаўрыраваны паводле праекта дойліда В. Атас, мастакамі М. Залатуха і У. Ракіцкім (фрэскавы жывапіс).

11.09.1993 р. — Адноўленая святыня была рэкансэкраваня нунцыям апостольскім у Беларусі Архібіскупам Монтальвэ, мітрапалітам Менска-Магілёўскім Архібіскупам К. Свёнткам і Бп. Гарадзенскім А. Кашкевічам.

Шануецца абраз Маці Божай Жыровіцкай.

Помнік дойлідства ракако. Кампактны 1-нефавы прамавугольны ў плане аб'ём з бакавымі нізкімі крыламі трансепта накрыты 2-схільным чарапічным дахам з вальмай над алтарнай часткай. Плоскасць галоўнага фасада ўвагнута-пукатыя, раскрапавана пілястрамі. Бакавыя 2-ярусныя вежы-званіцы пастаўлены пад вуглом да плоскасці фасада і завершаны ліхтарамі на фігурных галоўках. Тэктанічная структура фасада мае ярка выяўлены ярусны характар, што дасягаецца гарызантальнымі і вертыкальнымі чляненнямі, узмоцненай крапоўкай контурных ліній. Верхні ярус вылучаны крапаваным шмат'ярусным антаблементам, над якім узвышаецца высокі фігурны шчыт з бакавымі валютамі. Бакавыя часткі галоўнага фасада дэкарыраваны арачнымі нішамі-конхамі з драўлянымі скульптурамі святых Пятра і Паўла, трактаваных па-барочнаму ў дынамічных ракурсах і разваротах, плоская сцяна апсіды — скульптурай “Укрыжаванне”. Бакавыя фасады ў прасценках высокіх арачных аконных праёмаў члянёны высокімі адзінарнымі пілястрамі. Уражанне вертыкальнага руху, пульсацыі дойлідскіх плоскасцей дасягаецца шматлікімі крапоўкамі, выцягнутымі прапорцыямі, насычаным драбленнем антаблементаў і карнізаў, дэкаратыўнай пластыкай субдойлідства.

Інтэр'ер асветленыя высокімі арачнымі вокнамі. Неф (вышыня 14,1 м) перакрыты цыліндрычным скляпеннем на падпружных арках і распалубках. Да алтарнай часткі прымыкаюць бакавыя квадратныя ў плане сакрысціі. У паўночнай частцы храма на 3-пралётнай аркадзе з бочкападобнымі слупамі і крыжовых скляпеннях — хоры. Іх тыльная сцяна пакрыта ілюзорна-перспектыўным фрэскавым роспісам у тэхніцы грызайль. Бакавыя сцены (таўшчыня 1,84 м) крапаваныя пілястрамі з капітэлямі ў выглядзе пальмет і маляванымі панэлямі з ракайльнымі картушамі наверсе. Плоскасці сцен паміж пілястрамі таксама аформленыя прастакутнымі панэлямі з ракайльным абрамленнем. Каларыстычная гама інтэр'ера — светла-блакітны, белы і ружовы колеры, пазалота. Галоўны пластыка-дэкаратыўны акцэнт інтэр'ера — цэнтральны стукавы алтар у выглядзе порціка са здвоенымі карынфскімі калонамі, якія нясуць 3-кутны раскрапаваны франтон. Уздоўж схілаў франтона 2 стукавыя скульптуры анёлаў, у завяршэнні — сфера з крыжам. У алтары скульптура “Укрыжаванне” і абраз “Маці Божая Жыровіцкая”.

Бакавыя алтары пабудаваны на ўзор галоўнага, завершаныя фігурнымі шчытамі на валютах, раскрапаваныя карнізамі, пучкамі пілястраў. Алтары вырашаныя ў тэхніцы стука, сродкамі якой імітуецца чырвона-карычневы і светла-жоўты мармур. На бакавых сценах прэсбітэря 2 прастакутныя фрэскавыя пано (3х2 м) на біблейскія сюжэты. Мастацкія кампазіцыі выкананыя ў тэхніцы аль-фрэска на вохрыста-карычневым грунце з падмалёўкай. Смелая падача фігур у складаных ракурсах, аб'ёмнае вырашэнне іх у прасторы, цёплыя тоны, мяккая лепка твараў і мадэліроўка складак адзення надаюць карцінам маляўнічасць. Евангельскі сюжэт набліжаны да свецкай трактоўкі, характэрнай для сакральнага жывапісу ракако. Унутранае ўбранне касцёла дапаўняюць дэкаратыўны роспіс сцен і дойлідская ляпніна. Падоўжныя сцены аздобленыя роспісам у спалучэнні з ілюзорна-прасторавымі дойлідскім формамі: пілястры з пышным арнаментальным убраннем, магутная каланада на заходняй сцяне, карніз і фрыз, мноства арнаментальных уставак, медальёнаў, картушаў, ракавін, разетак і інш., якія размешчаныя на плоскасцях пілястраў і паміж імі, на аконных адхілах і ў прасценках паміж вокнамі, а таксама ўпрыгожваюць алтары. Дэкаратыўны роспіс выкананы на ружовым фоне блакітна-белым і шэрым колерамі. На ўсходняй сцяне алтара быў размешчаны амбон у форме чаўна пад ветразем. Пад алтаром знаходзіцца крыпта.

Пры касцёле стаяла плябанія, вырашаная па тыпу старай шляхецкай сядзібы — 1-павярховы прастакутны ў плане мураваны будынак з мансардай пасярод высокага даха з заломам. Цэнтральны ўваходны рызаліт завяршаўся ампірным атыкам з люкарнай па цэнтры. Не захавалася.


Літаратура:


А.М. Кулагін
Каталіцкія храмы на Беларусі
Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 2000

 


Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і кляштар бэрнардынак


Слонімскі жаночы кляштар бернардзінак фундаваны Кацярынай Канстанцыяй Юдзіцкай-Салатыцкай, Аляксандрам Юдзіцкім; спачатку ў Казіміра Лявона Сапегі была набыта драўляная сядзіба (называлася Валовіцкай), у якой пасяліліся запрошаныя з Вільні сёстры-бернардзінкі. Першапачатковы драўляны касцёл быў куплены ў бернардзінцаў, якія да гэтага часу пабудавалі для сябе мураваны. У 1645 р. манахіні пабудавалі драўляны касцёл, які згарэў у 1670 р. Новы мураваны касцёл асвячоны ў 1690 р. біскупам Бжастоўскім. У 1790 р. касцёл і кляштар зноў пашкоджаны пажарам, адбудаваны ў 1793 р. дойлідам Ігнаціем Абадовічам. У 1905 р. імператар Мікалай II дазволіў дзейнасць бернардзінак, якія капітальна адрамантавалі слонімскі прыстанак і праводзілі ў ім службу да 1907 р. Кляштарны комплекс быў абнесены суцэльнай мураванай агароджай з уязной барочнай брамай-званіцай (не захавалася), уключае касцёл і прыбудаваны да яго з паўднёва-заходняга боку жылы корпус, які ўтварае ўнутраны двор-карэ. З 1914 р. ў жылым корпусе размяшчаюцца медыцынскія ўстановы. 

Касцёл — помнік дойлідства барока, ракако і класіцызму. 1-нефавая базіліка, у кампазіцыі якой дамінуе 3-ярусная квадратная ў сячэнні вежа званіца, вылучаная ў самастойны масіўны аб'ём. Верхні ярус вежы з больш насычанай дэкаратыўнай апрацоўкай (здвоеныя лапаткі, арачныя нішы) завершаны 4-схільным пакатым дахам. Аконныя праёмы дэкарыраваныя франтонамі з галоўкамі крылатых херувімаў, раслінным арнаментам. Фасады крапаваныя плоскімі пілястрамі, апяразаны прафіляванымі карнізам і фрызам. Да сцен алтарнай часткі прымыкаюць рознавялікія прастакутныя ў плане сакрысціі. Уздоўж паўночнага фасада цягнецца нізкая прыбудова — капліца Крыжовага шляху. У час рамонту ў 1930-я рр. пад капітэлямі насценных пілястраў выяўленыя ракайльныя картушы з надпісамі, якія прысвечаныя пакутам Хрыста на шляху да Галгофы. Плоскасць паўкруглай апсіды, што арыентаваная на плошчу, дэкарыравана фігурнай стукавай рамай, у якой было змешчанае іканаграфічнае пано. 

Унутры зала перакрытая цыліндрычным скляпеннем з люнетамі, пераходзіць у больш вузкую паўкруглую апсіду. Сцены члянёныя масіўнымі пілонамі, капітэлі якіх дэкарыраваны стылізаваным раслінным арнаментам. Начынне інтэр'ера (5 стукавых алтароў, амбон, спавядальня) выкананае ў 1751—64 рр. дэкаратарам Іаганам Гедэлем і яго памочнікам Антоніем паводле малюнкаў І.К. Глаўбіца. У вырашэнні алтароў сінтэзуюцца дэкаратыўная скульптура, жывапіс і прыкладное мастацтва. Галоўны алтар “Бязгрэшнае зачацце” 2-ярусны, у выглядзе здвоеных карынфскіх калон, выкананых у тэхніцы ружовага стука; на раскрапаваным антаблеменце размешчаяыя скульптуры анёлаў. У цэнтры знаходзіцца абраз “Маці Божая з дзіцем”, абапал — скульптуры евангелістаў. Другі ярус дэкарыраваны пілястрамі і валютамі, скульптурамі анёлаў; у цэнтры абраз “Святая Тройца”. Вянчае алтар ляпны картуш “Глорыя”. Па баках алтара размешчаныя сядзячыя фігуры святых з атрыбутамі, анёлаў, вазы. Меншыя па маштабе 4 бакавыя алтары (“Укрыжавання Хрыста”, “Св. Францыска”, “Св. Юзэфа”, “Абраза Найсвяцейшай Дзевы Марыі”) нібы умураваныя ў прасценкі і маюць аналагічную з галоўным алтаром кампазіцыю. Арнаментальная лепка (ракавіны, ракайлі, вазы, маскі жывёл), гіпсавая скульптура выкананы ў стылі ракако. Амбон вырашаны ў выглядзе фігурнай кафедры з балдахінам, аздобленым ракайлямі, вазамі, пуцці, атрыбутамі евангелістаў, драпіроўкамі, спавядальня пад балдахінам — у стылі ракако. Пры ўваходзе на 3-пралётнай аркадзе — хоры з арганам. Каштоўным творам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва барока XVII ст. з'яўлялася печ у адной з сакрысцій, абліцаваная зялёнай паліванай кафляй з раслінным арнаментным малюнкам (у 1970 р. знішчаная). 

Жылы корпус прыбудаваны да касцёла ў 1720(?) р. пад кіраўніцтвам дойліда І. Авадовіча. Утварае ўнутраны прастакутны ў плане двор. Фасады рытмічна члянёныя пілястрамі, контрфорсамі, дэкарыраваны прафіляваным карнізам. Паўднёва-заходні кут корпуса вылучаны рызалітам рэфектажа з магутнымі контрфорсамі. Планіроўка галерэйная. У келлях і калідорах крыжовыя і цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі. Пад будынкам — скляпеністыя сутарэнні.


Літаратура:


А.М. Кулагін
Каталіцкія храмы на Беларусі
Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 2000

 


Траецкая царква ў Слоніме — былы касцёл бернардынаў

 

Будаўніцтва касцёла бернардынаў у Слоніме датуецца даволі дакладна: місія бернардынаў запрошана сюды ў 1630 р. Янам Жарноўскім, а ў 1639—1645 рр. на сродкі каралеўскага сакратара Андрэя Радвана змураваны кляштарны комплекс з касцёлам Св. Тройцы, які быў асвячоны біскупам М. Слупскім толькі ў 1671 р., пасля Андрусаўскага замірэння. Пасля паўстання 1863 р. скасаваны (1864 р.) і паводле загада гарадзенскага губернатара І.М. Скварцова перададзены Слонімскаму праваслаўнаму духавенству. Касцёл рэканструяваны пад царкву (асвячона ў 1867 р.) гарадзенскім губернскім інжынерам Нябольсіным. На 1889 р. налічвалася 1807 прыхаджан. У 1921 р. вернуты католікам, зараз праваслаўная царква. Прастольнае свята — дзень Святой Тройцы.

Царква — помнік дойлідста барока і ракако. 1-нефавая бяскупальная базіліка з выцягнутым прэсбітэрыем. Кампактная развітая па падоўжнай восі прасторавая кампазіцыя выразна падкрэсленая 3-яруснай вежай-званіцай на галоўным фасадзе, сцены якой упрыгожаныя прафіляванымі карнізамі, плоскімі капітэлямі. Шырыня алтарнай апсіды нязначна адрозніваецца ад шырыні нефа, у выніку чаго яны накрытыя агульным высокім дахам з адзіным вільчыкам, што надае збудаванню “базілікавую” падоўжнасць, нагадвае арганічнае зліццё цэнтральнага нефа базілікі з прэсбітэрыем у папярэдніх трохнефавых помніках. Гэты кампазіцыйны прыём, тыповы для сакральнага дойлідства беларускага барока, не характэрны для культавых збудаванняў Польшчы таго ж часу. Кампазіцыю збудавання ўскладняюць квадратныя ў плане фамільныя капліцы, накрытыя шлемападобнымі купаламі з ліхтарамі, і магутныя контрфорсы. Паўночная капліца прыбудаваная ў 1668 р. і з'яўлялася пахавальняй графаў Шлізняў, аб чым сведчыць мармуровая пліта пры ўваходзе. Паўднёвая капліца прыбудавана ў 1750 р. і з'яўлялася пахавальняй князёў Палубінскіх. Плоскасныя фасады пазбаўлены дойлідскага дэкору, і толькі ракайльны картуш над бакавым уваходным парталам сведчыць аб рэканструкцыі будынка ў сярэдзіне XVIII ст.

Уваходная частка храма вырашана ў выглядзе магутнай вежы, якая сваёй будовай нагадвае готыка-рэнесансныя ўзоры: ніжні чацвярык вышэй за неф і завершаны двума васьміграннымі ярусамі аднолькавага сячэння з шатровым пакрыццём. Канструкцыйная важкасць вежы прымусіла зрабіць тарцовую сцяну нефа больш масіўнай за астатнія. У месцы прылягання вежы і нефа ўкампанаваны вітыя ўсходы.

Інтэр'ер адпавядае характару вонкавага дойлідства. Неф перакрыты цыліндрычньш скляпеннем з распалубкамі і конхай у алтарнай частцы. Прасценкі ўмацаваныя пілястрамі, аб'яднанымі з вонкавымі контрфорсамі ў адзіны канструкцыйны элемент, які ўспрымае распор скляпення. Бакавыя капліцы адкрытыя ў неф накладнымі стукавымі барочна-ракайльнымі парталамі, перакрыты сферычнымі купаламі на ветразях са светлавымі ліхтарамі, маюць ляпныя ракайльныя алтары. З заходняга боку нефа на 3-пралётнай аркадзе і крыжовых скляпеннях узвышаюцца хоры, агароджаныя фігурным увагнута-пукатым парапетам. Пад апсідаю крыпта, у якую пры скасаванні касцёла былі перанесеныя пахаванні з капліц. Дэкаратыўная кампазіцыя інтэр'ера пабудаваная на паступовым маштабным і пластычным нарастанні групы бакавых алтароў да цэнтральнага. Пяць стукавых ракайльных алтароў, упрыгожаных ляпным дэкорам на матывы акантавага лісця, картушамі, медальёнамі і стукавай скульптурай, выкананай у стылі позняга барока з матывамі ракако. Галоўны алтар 2-ярусны, раскрапаваны спаранымі пілястрамі і 6 размаляванымі пад мармур калонамі карынфскага ордэра, якія нясуць багата дэкарыраваны ляпнінай антаблемент, па баках якога размешчаныя скульптуры анёлаў. Па цэнтры 1-га яруса алтара абраз “Тройца новазапаветная”, абкружаны стафажам з галовак херувімаў і анёлаў (XVIII ст.). Другі ярус алтара яшчэ больш насычаны крапоўкамі пілястрамі з пазалочанай арнаментальнай ляпнінай; у цэнтры кампазіцыя “Усёбачнае вока” ў абрамленні выяў херувімаў і анёлаў. Размешчаныя ў апсідзе 2 бакавыя алтары кампазіцыйна паўтараюць галоўны, дэкарыраваны калонамі, пілястрамі, ракайлямі. Навешаны на правую сцяну нефа амвон страціў першапачатковую ракайльную трактоўку.

Жылы корпус кляштара пабудаваны з цэглы ў 1749 р., аб чым сведчыць надпіс на кутным камяні падмурка. Рэканструяваны ў 1870 р. дойлідам Ціхвінскім пад духоўнае вучылішча. У 1920—30-я рр. выкарыстоўваўся пад адміністрацыйную ўстанову. Цяпер у будынку знаходзіцца інтэрнат медвучылішча.

Помнік дойлідства барока. 2-павярховы П-падобны ў плане корпус далучаны з паўднёвага боку да апсіды храма і абмяжоўвае прастакутны курданёр. Манументальны масіўны будынак накрыты валшавым дахам з пластычным выгінам над карнізам. Плоскасныя сцены лаканічна крапаваныя адзінарнымі прасценачнымі і парнымі кутнымі пілястрамі, апяразаныя карнізам нескладанага профілю і цягай. Планіроўка галерэйная з 1-баковым размяшчэннем келляў. У калідорах і памяшканнях абодвух паверхаў будынка захаваліся крыжовыя і цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі. У тарцы ўсходняга крыла — шырокая зала-трапезная, перакрытая цыліндрычным скляпеннем з люнетамі. Пад усім будынкам скляпеністыя сутарэнні, адкрытыя на цокалі лучковымі акенцамі.

Раней уваход у кляштарны комплекс быў адзначаны прыгожаю брамаю у стылі віленскага барока.


Літаратура:

Т.В. Габрусь
Мураваныя харалы
Мінск, "Ураджай", 2001

А.М. Кулагін
Праваслаўныя храмы на Беларусі
Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 2001

 


Кляштар бенедзіктынак у Слоніме


Кляштар бенедзіктынак у Слоніме размяшчаўся на паўднёва-ўсходняй ускраіне места. Уваходзіў у кальцо кляштараў — абарончых фарпостаў на подступах да места. Заснаванне кляштара адносіцца да 1669 р., першапачатковыя драўляныя пабудовы ў 1801 р. былі замененыя на мураваныя. Знаходіцца на сучаснай вуліцы Чырвонаармейскай.

Ансамбль кляштара бенедзіктынак складаўся з Крыжаўзвіжанскага касцёла (не захаваўся) і кляштарнага корпуса, якія прымыкалі адзін да аднаго. Касцёл уяўляў сабою манументальпае двухвежавае збудаванне ў стылі класіцызму. Яго фасады былі ўпрыгожаныя каланадай, а інтэр'еры — сюжэтнымі фрэскавымі роспісамі.

Захаваўся жылы корпус кляштара — Г-падобны ў плане, аднапавярховы будынак галерэйнага тыпу планіроўкі. Галоўнае крыло пакрытае двухсхільным дахам і выцягнута з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход уздоўж вуліцы Чырвонаармейскай. Пластыку будынку надаюць арытмічна размешчаныя лапаткі.

Дойлідска-дэкаратыўнае афармленне інтэр'ера захавала суровую прастату. Часткова захаваліся фрагменты скляпеністых перакрыццяў, якія сведчаць аб іх складаным канструкцыйным рашэнні: акрамя цыліндра з распалубкамі захавалася скляпеністае перакрыцце аднаго з пакояў, вырашанае двума паралельнымі цыліндрамі з цэнтральнай падпружнай аркай і распалубкамі. Па ўсёй даўжыні будынка — сутарэнні галерэйнай планіроўкі. Кладоўкі ў іх перакрытыя крыжовым скляпеннем, шырокі калідор — цыліндрычным з распалубкамі.

Цяпер у былым кляштары бенедзіктынак размешчаная сярэдняя школа №1 места Слоніма. У 2000-я да цэнтральнага аб'ёму з правага боку прыбудаванае крыло.


Крыніца:

В.Б. Караткевіч, А. М. Кулагін
Помнікі Слоніма
Мінск, Навука і тэхніка, 1983

 


Капліца Святога Дамініка ў Слоніме


Капліца Святога Дамініка ў Слоніме збудаваная з цэглы ў 1745 р. у стылі позняга барока. Размешчаная на перакрыжаванні сучасных вуліц Пушкіна і Міцкевіча. У XVIII ст. пры ўездзе ў места стаялі дзве капліцы, якія з'яўляліся чымсьці накшталт пагранічнага знака. Захавалася толькі капліца Святога Дамініка.

Капліца ўяўляе сабой цэнтрычную вежападобную пабудову, якая завершаная фігурным шлемам. Капліца мае квадратнае сячэнне з увагнутымі гранямі і зрэзанымі кутамі. Маналітны ніжні ярус і навылётны верхні размежаваныя прафіляваным карнізам. Ярусы капліцы выразна падкрэсленыя чарапічнымі схіламі і пластычнымі карнізамі з выкружкамі. Пад навіссю другога яруса стаяла скульптура Святога Дамініка (страчаная ў савецкі час, адноўлена ў 1990-я рокі).


Крыніца:

В.Б. Караткевіч, А.М. Кулагін
Помнікі Слоніма
Мінск, Навука і тэхніка, 1983

 


Асабняк у Слоніме


Асабняк па сучаснай вуліцы Камсамольскай, дом №25 (вуліца вядома з XVII ст. пад назвай Замкавая) у Слоніме. Будынак пабудаваны ў першай палове XIX ст. з цэглы (вядомы пад назвай “Ніжні замак”).

Невялікі прастакутны ўчастак месцкога асабняка спланаваны па сядзібнай схеме: аднапавярховы дом з цэнтральным чатырохкалонным порцікам вынесены ў глыбіню ўчастка. Парадны курданер фланкіраваны двума прастакутнымі ў плане флігелямі (дамы №27 і №29), якія вырашаныя нейтральна, без ярка выяўленай дойлідскае дэталізацыі.

Будынак асабняка устаноўлены на высокі цокальны паверх (выкарыстоўваўся пад службы) з крыжовымі скляпеннямі перакрыццяў, накрыты вальмавым дахам. Цэнтральны ўваход выдзелены мансардавым порцікам, які мае ампірную трактоўку: здвоеныя канелюраваныя калоны. Дэкор экстэр'ера абмежаваны кутнымі руставанымі лапаткамі і прафіляванымі карнізамі з сухарыкамі. Фасады расчлянёны рэгулярным рытмам прастакутных аконных праёмаў. Уцалелыя часткі капітальных сцен сведчаць аб былой калідорнай планіроўцы дома.

Асабняк з'яўляецна помнікам жылога грамадзянскага дойлідства і ілюструе панаваўшы ў дойлідстве Беларусі першай паловы XIX ст. мастацкі метад позняга класіцызму.


Крыніца:

В.Б. Караткевіч, А.М. Кулагін
Помнікі Слоніма
Мінск, Навука і тэхніка, 1983

 


Вялікая сынагога ў Слоніме


Вялікая сынагога ў Слоніме ўзведзеная ў 1642 р. у гістарычным цэнтры места ў сістэме яго абарончых збудаванняў. Сучасны адрас — вул. Савецкая, 1. Гэта магутнае збудаванне ў стылі барока, абгароджанае з усіх бакоў больш познімі прыбудовамі, з'яўлялася галоўным аб'ектам старадаўняй плошчы, да якой сыходзіліся вуліцы. Манументальная плоскасць галоўнага фасада сінагогі з буйнамаштабнай пластыкай арыентавана на вуліцу Савецкую, заходні фасад — на Школьную. З вузкага праезду ад плошчы Леніна барочны франтон будынка ўспрымаецца ў моцным ракурсе. Радавая гістарычная навакольная забудова арганічна звязаная з сынагогаю.

Слонімская сынагога — квадратны ў плане цагляны будынак пад высокім двухсхільным дахам, узведзены па ўстаноўленай у XVII—XVIII стст. для сынагог цэнтрычнай дзевяціпольнай планіровачнай схеме: канструкцыя перакрыцця вырашаная дзевяццю скляпеністымі пралётамі. Асноўны аб'ём па перыметру абнесены радам нізкіх пазнейшых пабудоў. Цэнтрычнасць збудавання падкрэсленая і двух'яруснымі фасадамі. Мэты бяспекі абумовілі абарончы характар дойлідства збудавання: тоўстыя сцены, адсутнасць дойлідскага дэкору і раскраповак, высока ўзнятыя арачныя аконныя праёмы. Асабліва манументальны ніжні ярус (таўшчыня сцен 1,7 м) з радам нізкіх лучковых вокнаў-байніц. Пластычны акцэнт у прыёмах барока створаны на галоўным усходнім фасадзе будынка — высокі фігурны шчыт на філёнгавым парапеце. Шчыт раскрапаваны здвоенымі пілястрамі, нішамі ў тонка прафіляваным абрамленні. У цэнтры размешчанае круглае акно-“разэтка”.

Своеасаблівасць вырашэння інтэр'ера слонімскай сынагогі абумоўленая характарам культавага рытуалу. У цэнтры шырокай залы ўсталявана біма. Навісь над бімай, паднятая на чатырох магутных слупах і аркадзе, уяўляе сабой паруснае скляпенне з ліхтаром. Купал бімы дэкарыраваны стукавым паліхромным арнаментам з лісцяў аканта і пальмет. Біма кампазіцыйна аб'ядноўвае прастору інтэр'ера і адначасова з'яўляецца цэнтральнай апорай крыжовых скляпенняў, якія перакрываюць малітоўную залу (вышыня 11,8 м). Пяты скляпенняў абапіраюцца на пілястры, філёнгі якіх распісаныя фрэскамі з рамантычнымі пейзажамі з руінамі, вазонамі з кветкамі (першая палова XIX ст.). Традыцыйная перагародка паміж мужчынскай і жаночаю палавінамі сынагогі замененая металічнай галерэяй на чатырох тонкіх калонах у заходняй частцы храма.

Арыгінальнасць і своеасаблівасць насычаных дэкаратыўна-арнаментальных матываў інтэр'ера сінагогі звязаныя з культавай сімволікай: матывы з жывёльнага і расліннага свету, культавыя атрыбуты (карона, скрыжалі). У дэкаратыўным вырашэнні інтэр'ера выкарыстаная тэхніка грызайлю. Кампазіцыйна-дэкаратыўным цэнтрам усходняй сцяны з'яўляецца арон-кадэш (“свяшчэнны каўчэг” — ніша для захоўвання скрутку торы). Над ім размешчаны накладны фігурны картуш — ляпная кампазіцыя ў выглядзе дзвюх скрыжалей, якія падтрымліваюцца з абодвух бакоў ільвамі і ўвенчаны каронай. Усе элементы дэкаратыўнай ляпніны пакрытыя пазалотаю і паліхромнаю афарбоўкаю. Па баках алтарнага картуша — насценныя фрэскі з карынфскімі калонамі і антаблементам, на якім размешчаныя выявы львоў, ваз, букетаў, драпіровак. Паміж ілюзорнымі калонамі — фрэскавыя выявы абрадавых (трубныя рогі, валторна, “арфа Давіда”) і свецкіх (гітара, віяланчэль, кларнет і інш.) музычных інструментаў, драпіровак, букетаў кветак. Вось алтарнай сцяны завяршаецца ляпным балдахінам у выглядзе кароны з зоркай і спушчанымі драпіроўкамі.


Крыніца:

В.Б. Караткевіч, А. М. Кулагін
Помнікі Слоніма
Мінск, Навука і тэхніка, 1983

 


Сынагога ў Слоніме


Сінагога ў Слоніме на сучаснай вуліцы Камуністычная пабудаваная ў 1914 р. Буйным маштабам і дойлідска-дэкаратыўнай апрацоўкай будынак выдзяляецца ў нізкапавярховай забудове. Дойлідскі акцэнт зроблены на галоўным вулічным фасадзе, які завяршаецца трохкутным франтонам. Галоўны ўваход у выглядзе вялікай цыркульнай аркі размешчаны ў лоджыі, фланкіраванай двума двух'яруснымі рызалітамі, у якіх знаходзяцца ўваходы на гэлерэю цэнтральнай малітоўнай залы.

Бакавыя атынкаваныя фасады сіметрычна-восевай кампазіцыі расчлянёныя радам лучковых аконных праёмаў. Блізкая ў плане да квадрата асноўная малітоўная зала асветленая радам высокіх арачных вокнаў. У дэкоры сінагогі выкарыстаныя элементы дойлідства позняга класіцызму: ліштвы праёмаў з замковым каменем, руст, лапаткі. Планіроўка будынка была змененая пры рэканструкцыі пад спартовую залу медыцынскага вучылішча.


Крыніца:

В.Б. Караткевіч, А.М. Кулагін
Помнікі Слоніма
Мінск, Навука і тэхніка, 1983

 


Чыгуначны вакзал у Слониме


Вакзальная вуліца ў Слоніме ўзнікла пасля пабудовы ў 1886 р. чыгункі Баранавічы — Слонім — Беласток — Варшава. Слонімскі вакзал пабудаваны ў 1922 р. з цэглы ў стылі мадэрн.

Прастакутны ў плане аднапавярховы будынак мае высокі мансардавы дах складанага пластычнага малюнка. Прасторавае развіццё кампазіцыі дасягаецца трохступеньчатым павелічэннем аб'ёмаў, якое нарастае к цэнтру: ад адносна нізкіх бакавых крылаў праз цэнтральны корпус да мансардавага паверха. Спалучэнне вальмавых дахаў аб'ёмаў будынка надае яго завяршальнай частцы складаны ярусны сілуэт. Дамінуючы элемент кампазіцыі — цэнтральны рызаліт з двух'ярусным шчытом, устаноўленым на нізкі парапет. Плаўныя крывалінейныя абрысы шчыта, завяршэнне яго кутоў акратэрыямі ў выглядзе шароў вылучаюць гэты элемент на фоне геаметрычна правільных чляненняў фасадаў.

Пластычнасць экстэр'еру вакзала надаюць рустоўка, рытм прастакутных і арачных аконных праёмаў, барочныя рэмінісцэнцыі ў форме “разарванага” франтона, фігурны шчыт са стылізаванымі валютамі. Цэнтральны ўваход у вынасным тамбуры галоўнага фасада завяршаецца буйным “разарваным” франтонам. Планіроўка вакзала змешаная — калідорна-анфіладная. Вакзал у Слоніме — буйное для свайго часу збудаванне гэтага тыпу.

Адначасова з чыгуначным вакзалам побач пабудавана воданапорная вежа. Трох'яруснае васьміграннае ў сячэнні збудаванне мае пластычныя дойлідскія формы. Першы ярус — гэта магутнае аснаванне з кутнымі контрфорсамі і маналітнымі плоскасцямі сцен. Звужаны да верху стройны другі ярус выкарыстаны як апора для трэцяга — верхняга аб'ёму, у якім размяшчаўся рэзервуар з вадою. Яго гранёная “чаша” завершаная пластычным шатровым дахам з “заломам” і слухавымі вокнамі. Узведзеная ў стылі мадэрн воданапорная вежа разам з вакзалам складае адзіны дойлідскі ансамбль.


Крыніца:

В.Б. Караткевіч, А.М. Кулагін
Помнікі Слоніма
Мінск, Навука і тэхніка, 1983

__________

radzima.org



Создан 01 ноя 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter