Асуджаны ў Беларусі баявік уцёк назад у “днр”

Ворага трэба ведаць у твар



Пры канцы верасня за ўдзел у баявых дзеяннях асудзілі беларуса, які ваяваў на баку “днр”. Гэта быў 29-рочны жыхар Паставаў Аляксей Яршоў. Ён быў пакінуў жонку і дзіця ды паехаў на вайну.

 

Доказаў наёмніцтва ў суда не было, таму Яршову прысудзілі да двух рокаў гэтак званай “хатняй хіміі”.

 

 

Але як выявілася, ён уцёк ад пакарання назад у “днр” — пра гэта “Нашай Ніве” паведаміў сам Яршоў.

 

— Збег я шэсць дзён таму. Чаму? Бо той кароткі час ў Беларусі быў цяжэйшы за год на вайне. У асноўным гэта сямейныя пытанні. А як збег? Ды элементарна — хто мяне ўпільнуе? Так, быў нейкі чалавек, які прыходзіў, правяраў мяне. Але не ўвесь жа час. Я хуценька праз Расею за два дні даехаў да “днр”, — расказаў Яршоў.

 

Мы пацікавіліся пра асаблівасці яго крымінальнай справы.

 

— Я не ведаю, чаму менавіта мяне асудзілі. Я ж не адзін такі ў Беларусі. Так, відаць, вырашылі “наверсе”. Каб паказаць мяне, так бы мовіць, з усіх бакоў, нехта ўзламаў мой гугл-дыск, дзе былі фота з Данбаса са зброяй, і потым гэтыя фота былі залітыя на маю фэйкавую старонку, створаную таксама невядомымі. Мне гэтыя фота толькі на раздрукоўках следчы паказваў, бо я асабліва ва “Укантакце” і не сяджу. Гэтыя ж фота і ў СМІ пайшлі. Значыць, прыцягвалі ўвагу да маёй асобы. Бо ёсць іншыя, якія ціха сядзяць і іх не чапаюць, — расказаў Яршоў і дадаў іншы момант, які яго ўразіў у час следства: — Ніякай спагады да сябе я не чакаў, бо мяне яшчэ раней папярэдзілі знаёмыя, што за мной прыйдуць. А, мяркуючы па тым, што я чуў на адрас абаронцаў “днр” падчас следства… Там усе падтрымліваюць Украіну! Людзі з вялікімі зоркамі нават.

 

Нейкая спрэчка была, я кажу: я кабель ад свайго дому працягну ў “днр” і буду бясплатна ім даваць святло, а яны кажуць: мы і за гэта цябе пасадзім.

 

Мы папрасілі Аляксея Яршова зрабіць фота ў позе, якую мы скажам, каб пераканацца ў сапраўднасці асобы, што гаварыла з намі па “Вайберы”.

 

 

Цяпер Яршоў знаходзіцца на перадавой, у будучыні плануе змяніць прафесію на цывільную. Вяртацца ў Беларусь ён не збіраецца:

 

— Вярнуся, толькі калі вайна пачнецца, і я спатрэблюся. Але ваяваць буду толькі за Беларусь, бо я ёй прысягу даваў. Але гэта ўсё гіпатэтычна — Расея на нас ніколі не нападзе, а сепаратызму таксама не можа быць — у нас нармальная краіна, нармальныя законы. Я супраць сепаратызму, — кажа Яршоў і нечакана дадае. — Мне здаецца, што хвалі папулярнасці на беларускае ў краіне — гэта добра. Я ж сам вырас у вёсцы, заўсёды гаварыў па-беларуску, а потым як пераехалі ў горад, мне забаранялі. Я казаў “дзякуй”, “дзень добры”, а на мяне глядзяць, як на дурачка малога! Крыўдна было. Я не кажу, што мы павінны адмаўляцца ад рускай мовы, але сваю ведаць мусім, і гаварыць, і вучыць.

 

Арцём Гарбацэвіч

 

“Наша Ніва”, 1 лістападу 2017 р.

 



Создан 01 ноя 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter