Гісторыя й дойлідства Гнезна




Гнезна


Гн`езна[1] (Hniezna) — вёска ў Беларусі, на рацэ Росі. Цэнтар сельсавету Ваўкавыскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва 523 чал. (2007 р.). Знаходзіцца за 7 км ад Ваўкавыску.

Гнезна — даўняе мястэчка гістарычнай Ваўкавышчыны (частка Наваградчыны). Да нашага часу тут захаваўся гатычны касьцёл Сьвятога Міхала, помнік дойлідства XVI ст. Сярод мясцовых славутасьцяў таксама вылучаецца сядзібна-паркавы комплекс Тарасовічаў у стылі клясыцызму, помнік дойлідства XIX ст.

Упершыню Гнезна (пад назвай Гняздо) упамінаецца ў XV ст. як дзяржаўны маёнтак, які перайшоў у карыстаньне Манівідаў. У 1449 роке вялікі князь Казімер перадаў "дворац Гняздо" Мікалаю Вашчылавічу. Пазьней маёнтак стаў прыватнай уласнасьцю Шэмятовічаў (Шэметаў). У 1524 роке яны пачалі тут будаваньне мураванага касьцёла Сьвятога Міхала Арханёла ў стылі позьняй готыкі.

У 1555 роке Гнезна набыў Геранім Хадкевіч, які ажаніўся з Ганнай Шамятовіч. Па сьмерці Г. Хадкевіча, у 1561 роке ягоная дачка Альжбета і яе муж Шчасны Галаўчынскі ў 1574 роке перадалі частку маёнтку — фальварак Гнезна — Я. Алендзкаму. Астатнюю частку ў 1597 роке атрымаў Марцін Акунь, у нашчадкаў якога ў 1629 роке маётак набыў гарадзенскі падсудак Яўстах Кердэй і валодаў ім да 1712 року. Па сьмерці М. Кердэя (відаць, бязьдзетнага) маёнтак адышоў да ягоных пляменьнікаў Ромераў, якія ў 1730 роке выкупілі ў Алендзкіх фальварак і такім чынам зьядналі гнезнаўскія ўладаньні.

У XVII—XVIII стагодзьдзях Гнезна мела статус мястэчка, ядром якога стала тэрыторыя вакол касьцёла. У 1787 роке да бакавага ўваходу касьцёла прыбудавалі рызьніцу.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 р.) Гнезна апынулася ў складзе Расейскае імпэрыі, у Ваўкавыскім павеце Гарадзенскай губэрні[2].

У 1-й палове XIX ст. мястэчка перайшло ў валоданьне Тарасовічаў.

25 сакавіка 1918 року згодна з Трэцяю Устаўною граматаю Гнезна абвяшчалася часткаю Беларускае Народнае Рэспублікі. 1 студзеня 1919 року ў адпаведнасьці з пастановаю І зьезду КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускае ССР[3]. Згодна з Рыскаю мірнаю дамоваю (1921 р.) Гнезна апынулася ў складзе міжваеннае Польскае Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Ваўкавыскага павету Беластоцкага ваяводзтва.

У 1939 роке Гнезна ўвайшло ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 року стала цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі. У 2000-я рокі Гнезна атрымала афіцыйны статус аграмястэчка.


Дэмаграфія:


• XXI стагодзьдзе: 1 студзеня 2007 року — 523 чал.


Выдатныя мясьціны:


• Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла (1524—1527 рр.)
• Сядзібна-паркавы комплекс Тарасовічаў (XIX ст.)


Крыніцы:


1). Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І.А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В.П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9. (pdf)
2). Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego i innych krajow slowianskich. Tom II: Derenek — Gzack. — Warszawa, 1881. S. 629.
3). 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.


Літаратура:


• Пярвышын У. Рэдкая знаходка // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — Менск: Полымя, 1987. — № 2. — С. 31—32.
• Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego i innych krajow slowianskich. Tom II: Derenek — Gzack. — Warszawa, 1881.

 


Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла


Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла — помнік дойлідства XVI ст. у Гнезьне. Знаходзіцца ў цэнтры гістарычнага мястэчка. Твор дойлідства готыкі. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь.

У 1524 роке Ян Шамятовіч і ягоная жонка Альжбета фундавалі ў Гнезна мураваны касьцёл. У 1555 роке Геранім Хадкевіч пераабсталяваў касьцёл пад кальвінскі збор. У 1643 роке сьвятыню вярнулі каталікам. У 1678 роке праводзіўся рамонт касьцёла[1].

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721 рр.) касьцёл атрымаў пашкоджаньні. У 1728 роке яго зноў адрамантавалі. У 1787 роке да паўднёвага фасаду прыбудавалі закрысьцію.

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 р.) касьцёл працягваў дзейнічаць. У 1812 роке над будынкам згарэў дах, які неўзабаве адрамантавалі.

У 1839 роке драўляныя элемэнты касьцёла зноў пацярпелі ад пажару. У 1844 роке сьвятыню адбудавалі на сродкі зямяніна Г. Тарасовіча і адкрылі наноў. У 1890 роке праводзіўся чарговы рамонт будынка, у час якога паставілі мураваны галоўны алтар, зноў прыбудавалі закрысьцію, паклалі тэракотавую падлогу.

За часамі міжваеннай Польскай Рэспублікі ў 1924 роке ўтварыўся камітэт з рэстаўрацыі помніка[2]. У 1930—1932 роках праводзілася рэстаўрацыя касьцёла паводле праекту Т. Плюцынскага.

Савецкія ўлады зачынілі сьвятыню і перадалі яе ў 1968 роке мяcцоваму калгасу ў якасьці складу[3]. Праз пэўны час помнік давялі да занядбанага стану.

У 1989 годзе касьцёл вярнулі каталікам і адрэстаўравалі.

Помнік дойлідства позьняе готыкі. Гэта 1-нэфавая 1-вежавая базыліка, накрытая 2-схільным чарапічным дахам з вальмамі над алтаром. Прастакутны асноўны аб’ём пераходзіць у трохгранную апсыду — характэрны ўплыў новага стылю ў дойлідстве — рэнэсансу. Тарэц даху на галоўным фасадзе закрываецца прыступкавым атыкам. 2-ярусная вежа (васьмярык на чацьверыку) накрываецца высокім шатром з прагібам. Ніжні ярус вежы роўны вышыні нэфа, прастакутны ў плане. На бакавых фасадах паміж гранёнымі кантрафорсамі разьмяшчаюцца высокія гатычныя стральчатыя вокны. Бакавыя сьцены і апсыда ўмацоўваюцца гранёнымі контрфорсамі, завершанымі прыступкавымі кансолямі. Такія ж кансолі завяршаюць архітэктурныя элемэнты, якія аздабляюць верхні ярус вежы. Уваход мае выгляд аркавага парталу, абапал якога две роўныя стральчатыя аркі. Такія ж тры аркі над парталам. Верхняя частка прытвора і сьцены асноўнага аб’ёма праразаюцца двума радамі невялікіх квадратных аб’ёмаў — прадухаў.

Унутраная прастора нэфу перакрываецца бэлькамі з роўнай стольлю. У заходняй частцы над уваходам разьмяшчаюцца хоры на дзьвюх круглых калёнках. У тоўшчы паўночнай сьцяны вітыя ўсходы, якія вядуць на хоры. У касьцёле захоўваліся абразы і скульптура XVII—XVIII стагодзьдзяў.

Тэрыторыю касьцёла атачае мур з брамай. На тэрыторыі захаваліся надмагільлі XIX — першай паловы XX стагодзьдзяў.


Крыніцы:


1). Ярашэвіч А. Гнезнаўскі касцёл Міхаіла Архангела // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 149.
2). Кушнярэвіч А. Гнезнаўскі Міхайлаўскі касцёл // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 541.
3). Ярашэвіч А. Гнезнаўскі касцёл Міхаіла Архангела // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 150.


Літаратура:


• Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
• Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г.П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
• Пярвышын У., Кушнярэвіч А., Баркун Л. Гнезнаўскі касцёл // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. №2. 1989.

__________

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

 


Гнезна


Гнезна — буйная вёска Ваўкавыскага раёна, Гарадзенскае вобласьці. Асноўна. славутасmцю вёскі з'яўляецца касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла, які быў пабудаваны ў самым пачатку ХVI стагодзьдзя. Пачатак будаўніцтва храму датуецца 1524 рокам. Узводзіўся ён на месцы невялікага старадаўняга драўлянага касьцёлу. А, па некаторых зьвестках, на гэтым жа месцы, яшчэ да прыходу хрысьціянства ў гэтыя землі, размяшчалася паганскае капішча, пра што сьведчаць ахвярныя камяні, знойдзеныя на тэрыторыі каля касьцёлу падчас адной з рэстаўрацыяў ў ХIХ стагодзьдзі.

Храм увабраў у сябе рысы позняе готыкі з элементамі рэнэсансу, якія ужо праяўляліся ў тыя часы. У плане дойлідства, вельмі незвычайна для Беларусі выглядае васьмігранная вежа, якая ўпрыгожвае галоўны фасад будынку. Вельмі цікаваю ды характэрнаю (дзеля сяреднявечных храмаў) асаблівасьцю касьцёлу, што адразу кідаецца ў вочы турыстам, з'яўляецца памер цэнтральных ўваходных дзвярэй. Яны настолькі нізкія, што чалавеку трэба нават прыгінацца, каб патрапіць унутр.

Апішам таксама гісторыю храму. Пасьля пабудовы касьцёлу ў пачатку ХVI стагодзьдзя, наступнаю важнаю падзеяю ў яго лёсе стала тое, што ў 1555 роке ён стаў кальвінскім зборам. У такім статусе ён прабыў амаль сто рокаў, і ў 1643 роке быў вернуты каталікам. Такім чынам, рэфармацыя не абмінула гэты храм бокам. Таксама ў ходзе сваёй доўгае гісторыі храм шматкроць гарэў ды быў пашкоджаны ў розных войнах. Аднак, яго заўсёды аднаўлялі. Часам аднаўленьне адбывалася хутка, у некаторых іншых выпадках расьцягвалася на некалькі дзесяціроччаў.

Храм у вёсцы Гнезна таксама актыўна выкарыстоўвалі мясцовыя жыхары як прытулак і фартэцыю падчас баявых дзеяньняў у ваколіцах вёскі, якія здараліся тут у ходзе шматлікіх войнаў. Сапраўды, храм выкананы вельмі манументальна ды грунтоўна. І хоць сам касьцёл выкарыстоўваўся менавіта як прытулак для мірных жыхароў, і ў саміх баях удзелу не прымаў, тым не менш па ім у некаторых выпадках таксама вёўся прыцэльны гарматны агонь, пра што сьведчыць гарматнае ядро, якое захрасла ў цагляным муры касьцёлу, і захавалася да нашых дзён.

Сутарэньні касьцёлу доўгі час выкарыстоўваліся для пахаваньня ўладальнікаў Гнезна ды іншых знакамітых асоб. З часам гэты нэкропаль перастаў пашырацца, і ў пачатку ХХ стагодзьдзя яго замуравалі. Тады ж, у 1930-1932 роках, у перыяд знаходжаньня вёскі ў складзе міжваеннае Польскай Рэспублікі была праведзеная глабальная рэстаўрацыя будынку. Пасьля Другое сусьветнае вайны ў 1968 роке касьцёл быў зачынены і перададзены мясцоваму сельскагаспадарчаму прадпрыемству пад сховішча. Тым не менш, будынак па большае частцы пуставаў, павольна руйнаваўся ды старэў.

У 1989 роке храм вернуты каталіцкае царкве, яго паўторнае асьвячэньне адбылося ў 1990 роке пасьля прывядзеньня будынку ў належны стан. Пасьля гэтага была распачатая паўнавартасная рэстаўрацыя ды аднаўленьне касьцёлу. Гэтыя працы працягваліся дастаткова доўга, але на сёньняшні дзень у асноўным завершаныя. Такім чынам, у наш час касьцёл знаходзіцца ў выдатным стане, а яго дзверы адчыненыя для наведвальнікаў і вернікаў. Акрамя таго, нягледзячы на шматлікія аднаўленчыя працы, якія праводзіліся ў розны час, касьцёл у агульных рысах захаваў сваё першапачатковае аблічча.

Касьцёл у вёсцы Гнезна з'яўляецца вельмі паважным помнікам дойлідства ХVI стагодзьдзя. У Беларусі, на жаль, не вельмі шмат помнікаў дойлідства ХVI або больш ранніх стагодзьдзяў, таму гэты касцёл з'яўляецца унікальным аб'ектам беларускае гістарычнае спадчыны. Яго будзе вельмі цікава наведаць усім турыстам і падарожнікам, ён ўваходзіць у лік галоўных славутасьцяў і культурна-гістарычных каштоўнасьцяў не толькі Гарадзенскае вобласьці, але і ўсяе краіны.

Ёсць у Гнезна й іншая славутасьць, а менавіта — сядзіба 2-ое паловы ХIХ стагодзьдзя, што выдатна захавалася. Як гэта часта бывае ў Беларусі, сядзіба размешчаная на беразе невялікага вадаёму. Сядзібны комплекс уключае невялікі палац, што з'яўляецца цэнтральным будынкам ўсяго комплексу, фрагмэнты парку з прыгожымі алеямі, цэлы комплекс іншых пабудоў, якія раскінуліся амаль па ўсёй вёсцы. Некаторыя з гэтых будынкаў раней былі жылымі, адміністрацыйнымі або нават гандлёвымі, і г.д., ды адносіліся да сядзібы, мелі рознае гаспадарчае прызначэньне, у прыватнасці захавалася стайня.

Большасьць будынкаў, а таксама парк захаваліся да нашага часу ў добрым стане. Большасць з іх нават былі адноўленыя ды адрэстаўраваныя ў нядаўні час. У палацы сёньня размяшчаюцца мясцовыя органы выканаўчае улады. Іншыя будынкі сядзібнага комплексу сёння выкарыстоўваюцца пад гаспадарчыя ці адміністрацыйныя патрэбы мясцовымі прадпрыемствамі. Сядзібны комплекс таксама можа быць вельмі цікавы турыстам і падарожнікам, і з'яўляецца каштоўным помнікам дойлідства ХIХ стагодзьдзя ды славутасьцю.

Такім чынам, у Гнезна сфармавалася вельмі прыемная турыстычная атмасфера, тут маецца адна з цэнтральных славутасцяў ўсяго рэгіёну, якая выдатна дапаўняецца іншымі невялікімі славутасmцямі вёскі.

__________

VEDAJ.BY — Архітэктура і культура Беларусі

 


Гнезна. Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла


Помнік дойлідства позняе готыкі з элементамі рэнесансу. Пабудаваны каля 1524 року у в. Гнезна (Ваўкавыскі р-н) уладальнікамі Шамятовічамі. З 2-й паловы XVI стагодзьдзя да 1643 року быў заняты пратэстантамі. Рамантаваўся ў 1678 р., 1728 р. і 1844 р., рэстаўрыраваны ў 1931—32 рр. паводле праекту дойліда Тадэвуша Плюцынскага. Мураваны аднанефавы аднавежавы храм з трохграннаю алтарнаю апсідаю накрыты двухсхільным чарапічным дахам з вальмамі над алтаром. Тарэц даху на галоўным фасадзе закрыты ступеньчатым атыкам. Двухя'русная вежа (васьмярык на чацьверыку) накрытая высокім шатром з прагібам. Ніжні ярус вежы роўны па вышыні нефу, прастакутны ў плане. У 1787 роке з паўднёвага боку да нефу была прыбудаваная рызніца, пазьнейшая — у 1876 роке. Бакавыя сцены й апсіда ўмацаваныя гранёнымі контрфорсамі, завершанымі ступеньчатымі кансолямі. Такія ж кансолі завяршаюць своеасаблівыя дойлідскія элементы, якія аздабляюць верхні ярус вежы. Уваход аформлены арачным парталам, абапал якога дзьве плоскія стральчатыя аркі. Такія ж тры аркі над парталам. Верхняя частка прытвору й муры асноўнага аб’ёму прарэзаныя двума радамі невялікіх квадратных аб’ёмаў — прадухаў. У дэкаратыўным аздабленьні спалучаюцда формы позняе готыкі (плоскія нішы ў выглядзе кілепадобных і вісячых арак, стральчатыя аркі парталаў і аконных праёмаў) і элементы рэнесансу (прафіляваныя карнізы, паўцыркульныя завяршэньні праёмаў верхняга ярусу вежы). Унутры перакрыцьце нефу бэлечнае з плоскаю стольлю. У заходняе частцы над уваходам размешчаныя хоры на дзвюх круглых калёнках. У тоўшчы паўночнага муру лесьвіца, якая вядзе на хоры. У касьцёле былі абразы й скульптура XVII—XVIII стагодзьдзяў. Тэрыторыя касьцёлу апяразаная мураваным парканам з брамаю. На тэрыторыі захаваліся надмагільлі XIX — 1-йе палове XX стагодзьдзя.

У 1968 р. касьцёл перададзены мясцоваму саўгасу пад сховішча, з 1989 р. дзейнічае як касьцёл. Помнік рэспубліканскага значэньня.


А.А. Ярашэвіч

__________


Архітэктура Беларусі
Энцыклапедычны даведнік
Мінск
“Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”
1993

 


Гнезнаўскі Міхайлаўскі касьцёл


Гнезнаўскі Міхайлаўскі касьцёл, помнік гатычнага дойлідства з элементамі рэнесансу. Узьведзены каля 1524 року уладальнікамі маёнтка Гнезна Я. і Э. Шамятовічамі. У 2-й палове XVI — 1-й палове XVII стагодзьдзя належаў пратэстантам, якія пераабсталявалі яго пад кальвінскі збор. У час Поўночнае вайны 1700—21 рр. пашкоджаны. У 1787 роке да яго паўднёвага фасаду прыбудавалі сакрыстыю. У 1812 роке згарэў дах касьцёлу. Праз некаторы час храм адрамантаваны, узведзеная мураваная агароджа. У 1839 пацярпеўад пажару. Адрамантаваны на сродкі мясцовага памешчыка Г. Тарасевіча. Тады надбудавалі вежу-званіцу, разбурылі сакрыстыю. Касьцёл накрылі пляскатаю дахоўкаю, зрабілі цагляную падлогу. У 1890-х роках у касьцёле яшчэ раз правялі рамонт. Паставілі мураваны галоўны алтар, зноў прыбудавалі сакрыстыю, паклалі тэракотавую падлогу. У 1924 роке створаны камітэт па рэстаўрацыі касьцёлу. У 1931—32 роках адноўлены паводле праекту дойліда Т. Плюцынскага, пабудаваны апошні ярус вежы. Касьцёл Міхала Арханёла — мураваны 1-нефавы, 1-вежавы храм з 3-граннаю алтарнаю сцяною. З Пд да бакавога ўваходу прымыкае сакрыстыя. У заходняе частцы над уваходам размешчаны хоры на 2 мураваных слупах. Злева ад уваходу ў тоўшчы сьцяны знаходзяцца нешырокія ўсходы на хоры і ў вежу. Асноўны аб'ём да нядаўняга часу перакрыты плоскай драўлянаю стольлю на бэльках. Сьцены касьцёлу ўзведзеныя ў тэхніцы гатычнае муроўкі. Умацаваны шматпрыступкавымі контрфорсамі, завершанымі ступеньчатымі кансолямі. З Пд і У прарэзаны вокнамі спічастае формы. Фасады асноўнага аб'ёму і вежы аздобленыя нішамі розных памераў і формы. Першы ярус вежы прарэзаны з трох бакоў дзвярнымі праёмамі паўцыркульнае формы, якія акцэнтаваныя парталамі з прафіляванае цэглы. Першыя 2 ярусы вежы перакрытыя цыліндрычнымі скляпеньнямі, а астатнія 4 драўлянымі насьціламі.


Літаратура:


• Кушнярэвіч A.М. Міхайлаўскі касцёл ў Гнезне // Мастацтва Беларусі. 1987. № 4.
• Пярвішын У., Кушнярэвіч А., Баркун Л. Гнезнаўскі касцёл // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1989. №2.


Аляксандр Кушнярэвіч

 


Гнезненская мітраполія


Гнезненская мітраполія, адм.-тэр. адзінка рымска-каталіцкае царквы. Створаная ў 1000 роке рымскім папам Сільвестрам II у Польшчы па просьбе польскага кн. Баляслава Храбрага. Цэнтр — м. Гнезна. Гнезненскі мітрапаліт адначасова ўзначальваў Гнезненскую епархію і быў прымосам Польшчы. Першапачаткова ахоплівала Гнезненскую, Калобжагскую, Кракаўскую і Вроцлаўскую епархіі, пасьля таксама Пазнанскую і Плоцкую (абедзьве з 1076 р.), Влацлаўскую, Любуцкую, Лчэцінскую і Волінскую (усе прыблізна з 1123—24 рр.), Хэлмінскую (з 1243 р.). Пазьней склад мітраполіі мяняўся. З 1409 року да Г.м. належала Віленская епархія, што пацьвердзіў у 1435 роке Базельскі сабор, з 1427 року — Жамойцкая, з 1621 року — Інфлянцкая, з 1636 року — Імаленская епархіі. Луцкая епархія, якая і пач. XIV ст. належала да Львоўскае Мтраполіі, на мяжы XVI—XVII ст. перайшла ў падпарадкаванне гнезненскіх мітрапалітаў. Першапачаткова належалі да Г.м. епархіі Львова (1350 р.), Перамышля (1357 р.) і Холма (1359 р.), з 1375 яны ў складзе Г.м. (Львоўская з 1390 р.).


Валерый Пазднякоў

 

Вялікае Княства Літоўскае
Энцыклапедыя ў двух тамах
Мінск
“Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”
2005

 


в. Гнезна,
Ваўкавыскі раён Гарадзенскае вобласьці
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла


У цэнтры вёскі. Пабудаваны ў 1524 (1527 ?) роке з цэглы ўладальнікамі маёнтка Янам Шамятовічам і яго жонкай Альжбетай на месцы драўлянага храму[1].

На ўтрыманне касьцёлу ў фундушы быў замацаваны маёнтак, з якога давалася “шторок з двух двароў дзесяціны ўсялякага збожжа на вечныя часы”. У 1555 р. пратэстант Геранім Хадкевіч пераабсталяваў касьцёл у кальвінскі збор, якім ён быў да 1643 року. У часы Контррэфармацыі пасьля судовае справы храм вернуты католікам. У 1718 роке рамантаваўся арандатарам маёнтку Я. Трапінскім і старостам касьцёла С. Гарбоўскім. Паўночная вайна пачатку ХVIII стагодзьдзя і вайна 1812 року пакінулі на ім меткі — на галоўным фасадзе ўмураванае ядро, ёсць і сляды гарматнага абстрэлу. Касьцёл пацярпеў ад пажару 1838 року (згарэла ўсё драўлянае абсталяваньне). У 1844 роке намаганьнямі ўладальніка маёнтку Г. Тарасевіча храм адбудаваны. Адлюстраваны на малюнку Н. Орды 1877 г., які адзначае выціснутую на цагліне дату “1121”[2]. На пачатку ХХ стагодзьдзя касьцёл зведаў шэраг перабудоў. У 1901—02 роках падлога выкладзеная тэракотавымі пліткамі, замураваны ўваход у крыпту[3]. У 1924 роке быў створаны камітэт па рэстаўрацыі касьцёлу. Працы расцягнуліся на 8 рокаў: у 1925 роке капітальна адрамантаваная мураваная агароджа (узведзеная ў пачатку ХIХ стагодзьдзя), у 1926 роке адноўленыя 2 брамы — з боку галоўнага фасаду й ад плябаніі. На працягу наступных 3 рокаў устаноўленыя новыя кроквы, перакладзеная дахоўка, пабеленыя сцены, пафарбаваная столь, дабудаваны верхні ярус вежы. У 1930—32 рр. рэстаўрыраваныя паводле праекту дойліда Т. Плюцынскага з прыўнясеньнем рыс неагатычнага стылю. У 1989 р. перададзены вернікам. На цвінтары захавалася некалькі скляпоў-пахавальняў мясцовае знаці — Тарасевічаў, Ельскіх, Калупаяў.

Храм — дойлідскі рарытэт беларускае позьняе готыкі з элементамі рэнесансу. Прастакутны прысадзісты асноўны аб'ём пераходзіць у 3-гранную апсіду і накрыты агульным чарапічным дахам. Шатровая вежа-званіца, прыбудаваная пазьнее на фасадзе, сугучная традыцыйнаму васьмерыку на чацьверыку праваслаўных храмаў, але ўвасабляе вертыкальны гатычны рух. Тарэц даху на галоўным фасадзе закрыты ступеньчатым атыкам. Сьцены ўмацаваныя контрфорсамі, завершанымі ступеньчатымі кансолямі. Такія ж кансолі завяршаюць дойлідскія элементы на верхнім ярусе вежы. Галоўны фасад аздоблены плоскімі нішамі ды аркамі рознага абрысу. Уваход аформлены арачным парталам, абапал якога плоскія стральчатыя аркі. Верхняя частка прытвору й сьцен асноўнага аб'ёму прарэзаныя 2 радамі невялікіх квадратных праёмаў-прадухаў. Вежа завершаная тонкапрафіляваным карнізным поясам. У яе аснове — 3 паўцыркульныя аконныя праёмы з плоскімі кілепадобнымі аркамі. На бакавых фасадах паміж гранёнымі контрфорсамі размешчаныя высокія стральчатыя аконныя праёмы, фланкіраваныя 2 плоскімі прастакутнымі нішамі. У 1787 роке з паўднёвага боку да нефу была прыбудаваная сакрысьція, у 1876 роке — яшчэ адна. У дэкаратыўным аздабленьні спалучаюцца формы позняе готыкі (плоскія нішы ў выглядзе кілепадобных і вісячых арак, стральчатыя аркі парталаўі аконных праёмаў) і элементаў рэнесансу (прафіляваныя карнізы, паўцыркульныя завяршэнні праёмаў вежы).

У інвентары 1679 року адзначана, што ўнутры храм быў перакрыты плоскаю драўлянаю столлю на 12 слупах. Інтэр'ер упрыгожвалі 4 алтары: Сьв. Міхала, Сьв. Яўстафія, Унебаўзяцця Найсьвяцейшае Панны Марыі, Сьв. Ганны. Галоўны алтар выкананы ў 1890-я рокі ў стылі неаготыкі, гранёнымі контрфорсамі расчлянёны на 3 часткі і завершаны фрызам з круглымі люкарнамі. Па цэнтры ў стральчатае арцы размешчаны абраз “Мадонна з дзіцем” — копія “Сіксцінскае Мадонны” Рафаэля, выкананая мастаком В. Ясінскім. Бакавыя аркі запоўненыя скульптурамі сьвятых. Драўляныя хоры з арганам у 1901—02 рр. замененыя цаглянымі, узнесенымі на 2 “прыгожыя візантыйскія калёны з аркамі”, над дзвярамі ў сакрысцію навесілі амбон. Пад храмам скляпеністая крыпта, у якой хавалі спачатку кальвіністаў, потым каталікаў ды вядомых шляхціцаў. Склеп меў 2 уваходы — у цэнтры залы і за алтаром.

Капліца. У бутавае агароджы касцёлу. Пабудавана ў пачатку ХIХ стагодзьдзя з цэглы. Помнік дойлідства гістарызму. Вырашаная кампактным прастакутным у плане павільёнам пад 2-схільным дахам. Франтальны фасад прарэзаны шырокім арачным перспектыўным прасветам на тонкіх калонках (візантыйская рэмінісцэнцыя), бакавыя фасады ўмацаваныя адзінкавымі пілонамі-контрфорсамі (рудыменты рэтраготыкі). Унутры алтарная сцяна прарэзаная крыжовым акенцам; на бакавых сценах 2 мемарыяльныя гербавыя дошкі (“Фердынанд Калупайла. Жыў 47 рок. Памёру траўні 1878 р. Юлія Талочка з Калупайлаў. Жыла 57 рокаў. Памерла 12 красавіка 1897 р.”, “Марыя з Калупайлаў Маньчынская. Жыла 50 рокаў. Памерла 12 ліпеня 1907 р.”). Каля ўвахода пастаўленая скульптура жанчыны ў жалобе.

Капліца. У кутку бутавае агароджы касьцёлу. Пабудаваная ў пачатку ХХ стагодзьдзя з цэглы. Помнік дойлідства неакласіцызму. Вырашаная кампактным прастакутным у плане аб'ёмам пад 2-схільным дахам з крыжом над трохкутным франтонам фасаду. Плоскасныя сцены прарэзаныя вертыкальна выцянутымі прастакутнымі ўваходным і 2 бакавымі аконнымі праёмамі.

Капліца. На тэрыторыі касьцёлу. Пастаўленая ў канцы ХIХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў з цэглы на прастакутныае пляцоўцы, акаймаванае парапетам з вапнавых квадраў і металічнаю агароджаю на слупах. Помнік мэмарыяльнага дойлідства неакласіцызму. Вырашаная масіўным 4-гранным абеліскам на прастакутным у сячэнні п'едэстале, крапаванымі кутнымі мармуровымі лапаткамі. У завяршэнні металічны крыж на шарападобнае “дзяржаве” (чыгуннае ліццё). На пляцоўцы надмагільныя пліты (лабрадарыті пясчанік) 1898, 1903, 1911 і 1912 рр.


Зноскі:


1). Пярвышын У.М. Помнікі Гнезна. Гісторыка-архітэктурны нарыс. Мн., 1991. С. 5; Кушнярэвіч А.М. Культавае дойлідства Беларусі XIII—XVI стст. Мн., 1993.
2). Katalog rysunkow architektonicznych ze zbiorow Muzeum narodowego w Krakowie. Warszawa, 1975.
3). НГАБ y г. Гродна, ф. 1, воп. 18, спр. 747, арк. 32.

__________

Каталіцкія храмы Беларусі
A.M. Кулагін
Мінск
“Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”
2008

 


Гнезна

 

Гнезна. Адзін з самых цікавых помнікаў беларускага дойлідства. Рарытэт беларускае позьняе готыкі й рэнэсансу. Касьцёл — збудаваньне з адною вежаю, з усходу заканчваецца трохграннаю алтарнаю часткаю. У ХV—ХVI стагодзьдзях аналягічны тып касьцёла быў распаўсюджаны на тэрыторыі Польшчы (Мазовія).


Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла ў Гнезна — адзін з помнікаў нашага дойлідства ХV—ХVI стагодзьдзяў, дзе шырака ўжыта для аздабленьня фасадаў фасонная цэгла (хвалістая, скос, валік). Вядома, што такую цэглу часта выкарыстоўвалі ў дойлідстве польскага Памор'я, у лівонскім грамадзянскім ды культаввм дойлідстве.


Дзьвярны праём паўднёвага фасаду вядзе з касьцёлу ў закрыстыю. Яго акцэнтуе акно круглае формы, якое ў адпаведнасьці з законамі раманскага й гатычнага дойлідства знаходзіцца над галоўным уваходам у храм. У выніку натурных дасьледаваньняў у гэтым дзьвярным праёме выяўлены аформлены фасоннаю цэглаю першапачатковы партал, па дойлідскае плястыцы багацейшы за вежавыя парталы й пакуль што невядомы ў іншых помніках беларускага дойлідства. Дэкор парталу паўднёвага фасаду касьцёлу аналягічны афармленьню дзьвярнога праёма ратушы ў Коўне.


У другой палове ХVI стагодзьдзя храм быў ператвораны ў кальвінскі збор, а ў 1643 роке зноў стаў каталіцкім храмам.


Ля касьцёлу помнік у гонар Тарасовічаў, якія пасьля вялікага пажару на свае сродкі аднавілі касьцёл.

__________

Фотаэнцыкляпэдыя “Нашы Касьцёлы”

 


Гнезна: маленькая радзіма


У кожнага з нас ёсць свой родны куток — свая маленькая радзіма. Мая радзіма — гэта вёска Гнезна.


Раскінулася мая прыгожая вёска за некалькі кілямэтраў ад места Ваўкавыска Гарадзенскае вобласьці. Гісторыя яе ўзнікненьня яшчэ добра не вывучаная. Але само паходжаньне назвы звязваюць з палажэньнем аднаго з найстаражытнейшых родавых калектываў — “гнязда”, ад якога й пачалося засяленьне аколіц. Старыя людзі расказваюць шмат легенд аб паходжаньні назвы вёскі. Напрыклад, тое, што першыя жыхары жылі, як птушкі, ў гнёздах.


Вёска прыгожая ў розную часіну року. Але найпрыгажэйшая яна летам. Прыемна ісці полем у яркі сонечны дзень. Звонка заліваюцца жаўрукі, трыскочуць у траве конікі, жужжаць чмялі, клякочуць дзесьці здалёк буслы. На душы становіцца светла, прыемна ад такога прыроднага ансамблю.
Сярод луга ўецца невялікая рэчка Нетупа, вада звонка пераліваецца па каменьчыках. Пры берагах разаслаліся цэлыя зараснікі жоўтых гарлачыкаў. У вадзе яны непаўторна цудоўныя, дзівішься разнастайнасьці зямных і водных расьлін. За ракою, праз чыгунку, расьце велічны лес. Калі надыходзіць вечар, лес пакрываецца ружовымі фарбамі. Узнікае ўражаньне казкі.


Яшчэ вёска спалучае ў сабе гісторыю мінулага ды сучаснасць, якая праяўляецца ў асаблівасьцях дойлідскага стылю будынкаў, якія нясуць гістарычную ды мастацкую каштоўнасьць. У ліку іх — касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла, пабудаваны ў стылі позняе готыкі. Лёс храму цесна зьвязаны з узьнікненьнем і жыцьцём вёскі.


Калі дакладна быў пабудаваны касьцёл, сказаць вельмі цяжка. Але на адное з цаглін фасаду храму й зараз добра відаць выбітыя лічбы “1121”, якія, магчыма, з’яўляюцца пазначэньнем рока пабудовы. Што ж датычыцца іншых сведчаньняў, то, як паведамляе “Геаграфічны слоўнік Польскага каралеўства”, у другое палове ХIХ стагодзьдзя за галоўным алтаром храму ляжаў камень з паглыбленьнем, які, магчыма, ужываўся язычнікамі для ахвярапрынашэньняў. У той час хрысціянскія храмы даволі часта будаваліся на месцы язычніцкіх сьвятыняў. Магло так быць і ў вёсцы Гнезна. Каменны касьцёл быў пабудаваны на месцы драўлянага ў 1524 року на ахвяраваньні гаспадара маёнтку Шамятовіча.


Адна з былых жыхарак Гнезна, якая цяпер жыве ў Польшчы, у адным з польскіх часопісаў у артыкуле “Успаміны аб Гнезна” расказала гісторыю заснаваньня касьцёлу.


Аднойчы пасьля цяжкае, крывавае бітвы багаты й знатны шляхціч разам са сваім параненым сынам вяртаўся дадому. Рана сына была цяжкае, і ў дарозе ён памёр. Пахаваў свайго сына шляхціч на тым месцы, дзе цяпер стаіць касьцёл. Пазьней вельмі часта наведваў ён магілу свайго сына. І ў рэшце выбудаваў на гэтым месцы драўляны касьцёл, які з часам быў зменены мураваным.


Вельмі багатая гісторыя касьцёлу, якога не абышла бокам ні адна вайна.


Гісторыя нашае вёскі — гэта ўся мясцовасць, тут усё дыхае гісторыяй. У Гнезна быў і панскі маёнтак Тарасовічаў, які спачатку насіў назвы “дворац Гняздо”, “Гнезная”. Цяпер у галоўным будынку ранейшага маёнтку знаходзіцца сельсавет, дом культуры, сельская бібліятэка, а таксама філія школы музычнае творчасьці.


На ўскрайку лесу стаіць сухі дуб, якому каля 300 рокаў. У свой час на ім з’явіўся абраз, а некалькі рокаў таму мясцовыя жыхары паставілі каля яго крыж і сталі называць гэта месца Сьвятым дубам.


Сёньня Гнезна — гэта аграмястэчка. Ёсьць прыгожая двухпавярховая сярэдняя школа. Непадалёку ад касьцёлу знаходзіцца амбулаторыя.


Ну хіба ж можна не ганарыцца такою вёскаю?


У глыбіні сэрца кожны з нас адчувае шчырую любоў да сваёй краіны. Але мне здаецца, што кожнаму з нас бліжэй і даражэй менавіта нашая маленькая радзіма — хата нашых бацькоў, бабуль, дзядуль, куды хочацца вяртацца зноў і зноў, куды б ні закінула жыцьцё.

 


Гражына Станіслаўчык

“Ваўкавыскі раёны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі”

 

 

Апрацавана:


“Jurkau kutoczak • Юркаў куточак • Yury's Corntr”
2017



Создан 20 дек 2017



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter