Антыўніяцкія крыжы Пад Баранавічамі




Пад Баранавічамі казакі ўсталявалі два антыўніяцкія крыжы

 

Паводле інфармацыі газэты “Наша Ніва”, якая спасылаецца на сайт kazak.by, у першай палове студзеня каля вёскі Колбавічы Баранавіцкага раёну актывісты арганізацыі “Казацкі Спас” паставілі два дубовыя крыжы.

 

На адным крыжы надпіс па-маскалёўску “Адрынутыя гвалтам (1596)”, на другім — “Узьяднаныя любоўю (1839)”. Гэтыя надпісы былі выбітыя на памятным мэдалі, які быў выпушчаны ў Расейскай імпэрыі з нагоды ліквідацыі ўніяцкай царквы.

 

Паводле інфармацыі “Нашай Нівы”, побач з Колбавічамі на ўзьбярэжжы Шчары пабудаваны турыстычны комплекс. Будавалі яго з удзелам маскалёўскага капіталу. Найперш на гэтым месцы была ўзьведзеная каплічка ў гонар Маці Божай “Жываносная крыніца”.

 

За каплічку адказвае настаяцель царквы Сьвятога Антонія ў вёсцы Падгорнай айцец Анатоль Пашкевіч, які і асьвяціў крыжы.

 

“Мяне папрасілі — я асьвяціў. Крыжы ж нашы, праваслаўныя. Людзі з гораду прасілі, яны зьвязаныя з маскоўскім казацтвам. Гэта знак таго, што ўніяты вярнуліся ў праваслаўе”, — цытуе “Наша Ніва”.

 

“Калі мы спыталі ў бацюшкі, ці ня лічыць ён, што крыжы могуць пакрыўдзіць уніяцкіх вернікаў, то сьвятар адказаў: «Дзякуй, што зьвярнулі ўвагу, я падумаю пра гэта”, — піша газэта.

 

Паводле слоў айца Анатоля Пашкевіча, баранавіцкія казакі аблюбавалі гэтае месца ў Колбавічах. “Яны туды часта прыяжджаюць, акунаюцца, ваду набіраюць, у грыбы ходзяць”.

 

“Радыё Свабода”, 31 студзеня 2018 р.

 

 

Антыўніяцкую шыльду прыбралі з крыжа пад Баранавічамі

 

На крыжах каля вёскі Колбавічы ужо няма надпісаў супраць уніятаў, якія былі зробленыя казакамі.

 

Як паведамлялася раней, у студзені казакі з арганізацыі “Казацкі Спас” паставілі два дубовыя крыжы — адзін каля вёскі, а другі каля капліцы ў лесе каля вёскі Колбавічы. На шыльдзе на крыжы меліся надпісы “Адрынутыя гвалтам (1596)” і “Узьяднаныя любоўю (1839)”.

 

Такія надпісы былі выбітыя на памятным мэдалі, які быў выпушчаны ў Расейскай імпэрыі з нагоды ліквідацыі ўніяцкай царквы.

 

Пасьля скандалу ў СМІ баранавіцкія чыноўнікі паведамілі, што адзін з крыжоў быў усталяваны самавольна ды паабяцалі, што антыўніяцкую шыльду здымуць.

 

3 лютага карэспандэнты пераканаліся, што гэтай шыльды каля каплічкі ў лесе пад Колбавічамі ўжо няма.

 

Сама каплічка знаходзіцца на тэрыторыі турыстычнага комплексу, які ўзводзіцца пры расейскім інвэставаньні. Каля каплічкі працякае ручай, дзе паломнікі могуць набіраць асьвечаную ваду.

 

“Радыё Свабода”, 3 лютага 2018 р.

 



Создан 04 фев 2018



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter